У Магілёве ствараюць дворык у гонар чарговага расійскага горада

Яраслаўскі дворык па вуліцы Ленінскай 34 плануюць адкрыць бліжэйшым часам у Магілёве.

Па гэтым адрасе ўжо з’явілася арка і працягваецца дабраўпарадкаванне тэрыторыі. “Галоўнай адметнасцю стане скаладром ў выглядзе мядзведзя – сімвала горада Яраслаўля”, – паведамляе тэлеграм-канал “Магілёў – мой горад”.

Такім чынам Яраслаўскі дворык стане чарговым месцам у тапаніміцы Магілёва, названым у гонар яшчэ аднаго расійскага горада. Сцвярджаецца, што гэта робіцца ў рамках міжрэгіянальнага, нават не міжнароднага, супрацоўніцтва. Гэта будзе ўжо чацвёртая падобная лакацыя ў Магілёве.

Зараз у цэнтры горада на не вельмі вялікай адлегласці адзін ад аднаго ужо існуюць Маскоўскі дворык (вул. Ленінская), Тульскі дворык (вул. Будзёнага) і Хабараўскі дворык (вул. Піянерская).

Скрыншот ТГ “Магілёў – мой горад”.

Затрыманы жыхар Магілёўшчыны – прыхільнік ідэалогіі “рускага міру”

Сілавікі з Мінскай вобласці затрымалі 26-гадовага жыхара Магілёўшчыны за “рэабілітацыю нацызма”.

Паволе паведамлення блізкага да сілавікоў тэлеграм-канала “Шосты рэгіён”, затрымлівалі маладога чалавека супрацоўнікі ГУБАЗіК з 10-га ўпраўлення па Мінскай вобласці з дапамогай спецназаўцаў з атраду “Рысь”.

Як сцвярджаецца, затрыманы з’яўляецца актыўным прадстаўніком неафашысцкага руху, прытрымліваецца праварадыкальных нацыяналістычных ідэй і поглядаў.

 “З траўня 2022 года ён вырабляў і публікаваў відэа, фотавыявы, а таксама аўдыёзапісы, накіраваныя на апраўданне ідэалогіі нацызму, прызнання яе правільнай, якая мае патрэбу ў падтрымцы і перайманні, а таксама на гераізацыю нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, праслаўленні ўчыненых імі злачынстваў”, – гаворыцца ў паведамленні.

Усе матэрыялы малады чалавек, нібыта, размяшчаў у створаных ім каналах і групах у месенджарах, а таксама ў сацыяльных сетках. Затрыманы з’яўляўся іх адміністратарам і атрымліваў прыбытак ад сваёй дзейнасці. Толькі на песнях экстрэмісцкага характару ён зарабіў больш за тры тысячы долараў.

На адным з прадстаўленых у паведамленні фотаздымку, нягледзячы на заблюрванне, бачна, што чалавек ў балаклаве трымае ў руцэ расійскі імперскі чорна-жоўта-белы сцяг з надпісам “Слава Русі!”. А з відэа там жа бачна, што ён быў дастаўлены ў будынак Упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці.

У адносінах да затрыманага ўзбуджана крымінальная справа паводле артыкула аб рэабілітацыі нацызма, а сам ён знаходзіцца ў ІЧУ.

Фотаздымак: ТГ “Шосты рэгіён”

Ксёндз з Бялынічаў раздаў сваю маёмасць парафіянам

Пробашч рыма-каталіцкай парафіі ў Бялынічах ксёндз Юзаф Сярпейка, з’язджаючы з арэндаванай кватэры, раздаў свае рэчы людзям.

Прычына пераезду аказалася даволі простай. У Бялынічах у каталіцкай парафіі няма ўласнай плябаніі, таму святару даводзіцца жыць у здымным жыллі. Нядаўна гаспадыня кватэры паведаміла, што знайшла пакупнікоў на жыллё, і ксяндзу прыйшлося шукаць новае месца.

Замест таго каб перавозіць мэблю і бытавую тэхніку, святар вырашыў развітацца амаль з усім, што меў. «Усё раздаў. Пакінуў толькі тое, што неабходна святару і што дазволена мець, а таксама кнігі. Усё астатняе пайшло людзям», – расказаў ксёндз Юзаф.

Паводле яго, новыя гаспадары знайшліся практычна для кожнай рэчы. Парафіяне атрымалі вопратку, посуд, шкло, халадзільнік, шафы, ложкі, сталы, крэслы, пральную і посудамыйную машыны, дробную бытавую тэхніку, а таксама гаспадарчыя сродкі. «Хто чаго меў патрэбу, тое і атрымаў», – кажа святар.

Сам ксёндз ставіцца да гэтай сітуацыі як да важнага жыццёвага досведу. Ён прызнаецца, што пераезд стаў значна прасцейшым, калі высветлілася, што большасць рэчаў больш не трэба перавозіць. «Добра не мець нічога, апрача дзвюх вопратак. Вельмі зручна пры пераездзе», – жартуе святар.

Пасля выезду з Бялынічаў ён адправіўся ў суседняе Беразіно, дзе таксама служыць пробашчам. З-за недахопу каталіцкіх святароў на Магілёўшчыне ксёндз Юзаф ужо даўно апякуецца адразу дзвюма парафіямі.

Там яго чакала яшчэ адна сустрэча, якая прымусіла задумацца. Святар наведаў найстарэйшую парафіянку, каб павіншаваць яе з 95-годдзем, і расказаў пра сваю гісторыю з пераездам. Адказ жанчыны ён запомніў надоўга.

«Добра, што рана зразумелі, што памрэце. Па жыцці мучацца не прыйдзецца, цягаючы ўсё за сабою», – сказала юбілярка. Гэтыя словы, прызнаецца святар, сталі для яго своеасаблівым працягам урока, які ён атрымаў праз вымушаны пераезд.

Фотаздымак: Інстаграм berezinskaya_panorama

Ад мядзведзяў да львоў: ці зможа Магілёў паўтарыць поспех Беластока?

У Магілёве плануюць запусціць новы гарадскі праект «МагіЛёвы». Яго ідэя простая і зразумелая: на вуліцах горада павінны з’явіцца мініяцюрныя бронзавыя львы розных прафесій.

Першы персанаж ужо выбраны – леў-ліцейшчык. У далейшым аўтар праекта, скульптар Андрэй Вараб’ёў, прапануе стварыць льва-лекара, льва-настаўніка, льва-школьніка і іншых герояў, звязаных з жыццём горада.

На першы погляд гэта можа падацца проста мілай гарадской забавай. Але насамрэч у такіх праектаў ёсць сур’ёзны турыстычны сэнс. Яны ствараюць маршрут, прымушаюць людзей гуляць па горадзе, шукаць новыя фігуркі, фатаграфавацца і вяртацца зноў. Менавіта так невялікія скульптуры ператвараюцца ў пазнавальны гарадскі брэнд.

Вельмі блізкі прыклад ужо ёсць у польскім Беластоку. Там праект Białystok WidziMisie ператварыў мініяцюрных мядзведзяў у адну з папулярных славутасцяў горада. Фігуркі стаяць у розных месцах Беластока, кожная мае свой характар і звязана з канкрэтнай гарадской тэмай.

Асабліва важна, што ініцыятарам гэтай ідэі стаў этнічны беларус, журналіст і грамадскі актывіст Лукаш Леанюк.

Леанюк прапанаваў праект праз грамадзянскі бюджэт, а скульптар Даміян Куцаба стварыў самі фігуркі. У выніку горад атрымаў не проста серыю малых форм, а паўнавартасны турыстычны маршрут.

Леанюк вядомы не толькі дзякуючы мядзведзям. Ён шмат гадоў звязаны з беларускай культурнай супольнасцю Падляшша, працаваў на “Радыё Рацыя” і займаўся тэмай беларускай спадчыны Беластока.

На афіцыйным турыстычным партале горада размешчаны маршрут «Беларускія сляды ў Беластоку», аўтарам тэкстаў якога пазначаны Лукаш Леанюк.

Таму гісторыя WidziMisiów цікавая яшчэ і тым, што гарадскі турыстычны праект аказаўся звязаны з беларускім культурным следам у Польшчы.

У гэтым кантэксце магілёўскія «МагіЛёвы» выглядаюць не выпадковай ідэяй, а спробай выкарыстаць ужо правераную мадэль. Розніца толькі ў сімвале. У Беластоку гэта мядзведзі, а ў Магілёве – львы.

Для Магілёва такі выбар натуральны: леў даўно замацаваўся ў гарадской культуры, а бронзавыя львы Андрэя Вараб’ёва на мосце праз Дняпро ўжо сталі папулярнымі арт-аб’ектамі і фотазонай.

Каб праект сапраўды запрацаваў, адной фігуркі будзе мала. Патрэбная сістэма: зразумелыя лакацыі, гісторыя кожнага персанажа, карта маршруту і рэгулярнае з’яўленне новых львоў. Менавіта гэта адрознівае паўнавартасны гарадскі маршрут ад разавай скульптуры каля ўстановы.

У праекта «МагіЛёвы» ёсць некалькі моцных бакоў:

  • леў ужо з’яўляецца пазнавальным сімвалам Магілёва;
  • міні-скульптуры могуць стаць асобным турыстычным маршрутам;
  • кожная фігурка здольная расказваць пра канкрэтную прафесію або месца;
  • праект можна развіваць паступова, дадаючы новых персанажаў;
  • прыклад Беластока паказвае, што такая ідэя здольная працаваць гадамі.

Галоўнае пытанне цяпер у тым, наколькі паслядоўна Магілёў зможа развіваць гэтую ідэю. Калі «МагіЛёвы» абмяжуюцца адной фігуркай, праект хутка застанецца лакальнай навіной. Але калі львы пачнуць з’яўляцца ў розных частках горада і атрымаюць уласныя гісторыі, у Магілёва можа з’явіцца новы турыстычны маршрут – такі ж пазнавальны, якім для Беластока сталі WidziMisie.

Хто купіць яшчэ 24 тысячы тон паперы ў шклоўскага «Спартака»?

У Шклове паведамілі пра новы этап пашырэння папяровай фабрыкі «Спартак»: прадпрыемства будуе другую чаргу вытворчасці санітарна-гігіенічнай паперы са 100-працэнтнай цэлюлозы.

«Спартак» – паспяховае прадпрыемства

Афіцыйная карціна выглядае ўпэўнена: кошт праекта – больш за 80 мільёнаў рублёў, новая машына павінна даць 24 тысячы тон паперы ў год, першую прадукцыю чакаюць да канца 2027 года, а на прадпрыемстве абяцаюць больш за 40 новых працоўных месцаў. Але за гэтым аптымістычным наборам лічбаў застаецца галоўнае пытанне – хто менавіта купіць такі дадатковы аб’ём прадукцыі і на якіх умовах?

Фабрыка «Спартак» – не пусты корпус і не праект з нуля. Гэта старое прамысловае прадпрыемства Шклова, гісторыя якога пачынаецца з 1898 года.

Яно перажыло некалькі мадэрнізацый, даўно выпускае паперу, кардон, гафрапрадукцыю і санітарна-гігіенічныя вырабы. Менавіта таму новы праект нельга аўтаматычна запісваць у разрад бессэнсоўных будоўляў. У прадпрыемства ёсць вытворчасць, вопыт, кадры і рынак, з якім яно ўжо працуе.

На карысць «Спартака» сведчаць і свежыя вытворчыя паказчыкі.

БелТА пісала, што ў першай палове 2025 года фабрыка выпусціла прадукцыі на 66,4 мільёна рублёў, трэць адправіла за мяжу, а экспарт склаў 7,3 мільёна долараў. Знешнегандлёвае сальда было станоўчым – плюс 2,1 мільёна долараў. Гэта не падобна да прадпрыемства, якое існуе толькі дзеля справаздач.

Ёсць і яшчэ адзін паказчык: мадэрнізацыя на фабрыцы ішла не толькі за кошт дзяржаўных уліванняў. У публікацыі на сайце прадпрыемства гаворыцца, што ў 2024 годзе «Спартак» інвеставаў 11,1 мільёна рублёў уласнага прыбытку ў новыя лініі па вытворчасці гафраскрыняў. Значыць, грошы на развіццё ў фабрыкі былі. Аднак гэта не здымае пытанняў да новага праекта, бо цяпер гаворка ідзе ўжо не пра 11 мільёнаў, а пра суму больш за 80 мільёнаў рублёў.

А як з рынкам збыту?

Самае слабое месца афіцыйнага аповеду – рынак збыту. У рэпартажы сцвярджаецца, што «пакупнікі чакаюць першых паставак» і што партфель заказаў распісаны наперад. Але канкрэтныя пакупнікі не названы. Не раскрыты краіны паставак, не названы кампаніі, не пазначаны тэрміны кантрактаў і аб’ёмы будучых закупак. Для праекта такога маштабу гэта важней за прыгожыя словы пра запатрабаванасць.

Гэта асабліва прыкметна на фоне ранейшых публікацый. У 2023 годзе БелТА паведамляла, што за дзевяць месяцаў фабрыка экспартавала прадукцыі на 15,7 мільёна долараў, а ўдзельная вага экспарту ў адгружанай прадукцыі складала 50,3 працэнта. Тады ж прадпрыемства адкрыта гаварыла пра замежныя напрамкі і пра экалагічны праект па зборы ўпакоўкі Tetra Pak. Раней геаграфія выглядала больш прадметна.

Яшчэ раней раённае выданне пісала, што 38 працэнтаў экспартнай прадукцыі фабрыкі пастаўляецца ў Расійскую Федэрацыю, прычым пастаўкі ідуць у 22 рэгіёны. Гэтая інфармацыя важная для разумення цяперашняй сітуацыі: калі пасля 2022 года заходнія напрамкі сталі больш складанымі, нагрузка на расійскі рынак магла вырасці. Але тады ўзнікае новае пытанне – ці здольны ён паглынуць яшчэ 24 тысячы тон паперы ў год без ціску на цану і рэнтабельнасць?

Фармальна логіка праекта зразумелая. Санітарна-гігіенічная папера патрэбная заўсёды, а цэлюлозная аснова дазваляе вырабляць больш мяккую, белую і даражэйшую прадукцыю. Сыравіну абяцаюць беларускую – са Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната. Для раёна гэта працоўныя месцы, падаткі і загрузка будаўнічых арганізацый. Але эканоміка праекта вымяраецца не тым, колькі грошай асвоена на будоўлі, а тым, колькі прадпрыемства заробіць пасля запуску.

Каб ацаніць рэальны поспех, патрэбныя не лозунгі, а некалькі паказчыкаў:

  • колькі фактычна склаў прыбытак фабрыкі ў 2024 і 2025 гадах;
  • якая частка новага выпуску ўжо закрыта цвёрдымі кантрактамі;
  • на якія рынкі пойдуць дадатковыя 24 тысячы тон паперы;
  • які тэрмін акупнасці праекта коштам больш за 80 мільёнаў рублёў;
  • як зменіцца даўгавая нагрузка прадпрыемства пасля запуску другой чаргі.

Пакуль гэтых даных у адкрытых публікацыях няма. Ёсць даныя пра выпуск, экспарт, мадэрнізацыю і занятасць, але няма ключавога адказу – наколькі рэнтабельным будзе рэзкае пашырэнне вытворчасці. Гэта прынцыповая розніца. Можна пабудаваць сучасны цэх, паставіць новую машыну і стварыць працоўныя месцы, але калі гатовая прадукцыя будзе прадавацца з нізкай маржой, эканамічны эфект апынецца значна больш сціплым за афіцыйныя чаканні.

Усё дзеля лукашэнкаўскага «Адзін раён – адзін праект»?

У гісторыі «Спартака» ўжо былі буйныя ўкладанні ў мадэрнізацыю. Напрыклад, у 2021 годзе БелТА паведамляла пра рэканструкцыю ўчастка перапрацоўкі макулатуры, дзе значная частка сродкаў паступіла праз Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў. Тады задача была зразумелай – пашырыць перапрацоўку нізкасортнай макулатуры і знізіць залежнасць ад сыравіны. Цяперашні праект выглядае больш амбіцыйна: фабрыка фактычна дадае буйны новы аб’ём цэлюлознай санітарна-гігіенічнай паперы.

Таму галоўнае пытанне да шклоўскага праекта гучыць не так, як у афіцыйных рэпартажах. Не «ці пабудуюць новы цэх?» – будоўля, мяркуючы па публікацыях, сапраўды ідзе. І не «ці патрэбная туалетная папера?» – вядома, патрэбная. Галоўнае пытанне іншае: ці ёсць у фабрыкі пацверджаны рынак, які дазволіць прадаць дадатковы выпуск з прыбыткам, а не проста адсправаздачыцца пра ўвод чарговага аб’екта па ініцыятыве «Адзін раён – адзін праект»?

Пакуль адказ на яго застаецца за кадрам. «Спартак» выглядае значна мацней за паўжывых рэгіянальных прадпрыемстваў: ён працуе, экспартуе, мадэрнізуецца і мае ўласную вытворчую гісторыю. Але менавіта таму да праекта на 80 мільёнаў рублёў варта прад’яўляць больш строгія пытанні.

Фота раённай газеты.

Праўнучка маршала Георгія Жукава прыязджала ў Магілёў

Праўнучка Георгія Канстанцінавіча Жукава Варвара Ярохіна сустрэлася ў Магілёве з моладдзю і ветэранамі. Сустрэча прайшла ў Музеі Славы Магілёўшчыны і была прысвечана захаванню гістарычнай памяці.

Варвара Ярохіна расказала пра свайго знакамітага продка як пра чалавека прынцыповага, справядлівага і адданага краіне.

Аднак фігура самога Жукава застаецца адной з самых неадназначных у гісторыі Другой сусветнай вайны. З аднаго боку, менавіта яго лічаць адным з галоўных творцаў перамогі СССР над нацысцкай Германіяй. Пад яго камандаваннем Чырвоная Армія абараняла Маскву, атрымала перамогу пад Курскам, штурмавала Берлін і прымала капітуляцыю Германіі.

З іншага боку, крытыкі Жукава ўказваюць на велізарныя страты савецкіх войскаў у шэрагу аперацый і абвінавачваюць маршала ў грэблівым стаўленні да чалавечых жыццяў.

Многія гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, наколькі апраўданымі былі яго метады вядзення вайны і якую ролю ў поспехах савецкай арміі адыгралі не толькі яго рашэнні, але і дзеянні іншых савецкіх палкаводцаў.

Таму памяць пра Георгія Канстанцінавіча і сёння выклікае розныя ацэнкі. Для адных ён застаецца выбітным маршалам Перамогі, для іншых – сімвалам жорсткай і ахвярнай ваеннай стратэгіі. Але незалежна ад стаўлення да яго асобы ўплыў Жукава на ход вайны і гісторыю XX стагоддзя застаецца бясспрэчным.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

Магілёвец хацеў легалізаваць падробленыя расійскія правы

У супрацоўнікаў магілёўскай дзяржаўтаінспекцыі ўзніклі сумневы ў сапраўднасці дакумента, які 29-гадовы магілёвец прад’явіў у МРЭА ДАІ.

Гэта было вадзіцельскае пасведчанне Расійскай Федэрацыі катэгорый А і В, якое заяўнік хацеў абмяняць на беларускія правы.

Пасведчанне канфіскавалі і накіравалі ў Магілёўскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Паводле вынікаў судовай экспертызы было ўстаноўлена, што бланк вадзіцельскага пасведчання выраблены спосабам струменевага друку, а элементы абароны на ім імітаваныя.

Мужчына прызнаўся, што раней пражываў у Расіі, дзе набыў у невядомай асобы падробленае вадзіцельскае пасведчанне на сваё імя і карыстаўся ім пры кіраванні аўтамабілем.

Узбуджана крымінальная справа.

Фота ведамаснага сайта Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Дзень у гісторыі. 5 чэрвеня. Дзень Еўфрасінні Полацкай. Нарадзіліся мастакі Ю. Пэн, В. Занковіч, вучоны В. Еўмянькоў

Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя (World Environment Day, з 1972 года).

Канчатковая мэта Дня –  прыцягнуць насельніцтва свету да вырашэння экалагічных праблем, даць зразумець, якія праблемы існуюць і якія ёсць шляхі іх вырашэння.

У  Беларусі асабліваахоўваемыя прыродныя тэрыторыі займаюць 9% агульнай плошчы краіны. У краіне 4 Нацыянальныя паркі, 1 біясферны запаведнік, больш за 230 заказнікаў, каля 850 помнікаў прыроды.

У праваслаўных і грэка-каталікоў Дзень ушанавання апякункі Беларусі – святой Еўфрасінні Полацкай (1104-1173).

Полацкая князёўна і ігумення, першая ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе паломніца. У сваё паломніцтва ў 1167 (1173?) годзе ішла па Дняпру, праходзіла месца, дзе зараз стаіць Магілёў.

У 1187 годзе яе мошчы былі перанесены з Ерусаліму ў Кіева-Пячорскую лаўру. У 1910 годзе пры вяртанні машчэй з Кіева ў Полацк, рака з парэшткамі святой стаяла тры дні ў Іосіфаўскім саборы Магілёва.

Перанос машчэй Еўфрасінні Полацкай ў Полацк. 1910 год.

1854 год. Нарадзіўся Юдаль Пэн (1854-1937).

Беларускі, рускі, яўрэйскі мастак-жывапісец, педагог, дзеяч “яўрэйскага рэнесансу” ў беларускім мастацтве пачатку XX ст.

Уладальнік першай у Расіі прыватнай Школы малявання і жывапісу (1897-1918). Вучнямі Пэна былі сусветна вядомыя мастакі, у тым ліку Восіп Цадкін,  Леў Лейтман, Марк Шагал, Саламон Юдовін. Разам з Шагалам стварыў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча.

У ноч з 28 лютага на 1 сакавіка 1937 года мастак быў забіты ў сваёй віцебскай хаце. Паводле некаторых версій, да забойства мог быць датычны НКУС.

У гонар мастака ў Віцебску ўсталявана мемарыяльная дошка.

1863 год. Расійскімі карнікамі расстраляны ў Вільні Раймунд Зямацкі (1810-1863).

Ксёндз расстраляны толькі за тое, што зачытаў у Ваверскім касцёле (цяпер Лідскі раён) маніфест паўстання.

Яго старэйшы брат Юзэф загінуў у час паўстання 1830-1831 гадоў.

Па вызвольным паўстанні, у час якога атрымаў цяжкія раненні, паступіў у Віленскую семінарыю. Служыў вікарыем у касцёле Святога Рафала ў Вільні, пробашчам у Ваверцы.

У ноч з 4 на 5 лютага 1863 года атрымаў копію Маніфэста Літоўскага паўстанцкага ўраду з загадам зачытаць яго ў нядзелю перад парафіянамі. Падтрымаў паўстанне і зачытаў Маніфест, за што быў схоплены рускімі карінікамі, змешчаны ў віленскую турму.

Смяротны вырак атрымаў ад расійскага суда разам са святарамі С. Ішорам і А. Фалькоўскім, якія таксама зачытвалі Маніфест.

Пасля расстрэла таемна пахаваны на Трохкрыжовай гары.

Расстрэл ксяндза Р. Зямацкага.

1870 год. Нарадзіўся Зыгмунт Лазінскі  (1870-1932).

Беларускі каталіцкі рэлігійны дзеяч, біскуп мінскі (1918-1925) і пінскі (1925-1932).

Святар з 1895 года. Быў пробашчам кафедральнага сабора ў Мінску,  прафесарам Магілёўскай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, кіраўніком адноўленай Мінскай архідыяцэзіі (1917-1920), першым біскупам навастворанай Пінскай дыяцэзіі (1925-1932).

У 1909-1911 гадах суправаджаў магілёўскага біскупа Яна Цепляка ў наведванні парафій Расійскай імперыі.

Спрыяў усталяванню беларускай мовы ў касцёле. Арганізатар беларускай каталіцкай семінарыі ў Мінску (пазней пераведзена ў Навагрудак, затым – у Пінск).

У 1920 годзе арыштаваны камуністычнымі ўладамі, 11 месяцаў правёў у маскоўскай «Бутырцы», пасля быў вымушаны з’ехаць у Заходнюю Беларусь.

1937 год. Нарадзіўся Валянцін Занковіч.

Беларускі архітэктар і скульптар, лаўрэат прэмій Ленінскай і ЛКСМБ. Стрыечны брат грамадскага дзеяча беларускай дыяспары ў ЗША Анатоля Занковіча.

Скончыў Беларускі політэхнічны, Беларускі тэатральна-мастацкі інстытуты. Працаваў у праектным інстытуце «Мінскпраект».

Вядомы па працах: мемарыяльныя комплексы “Кацюша” ў Оршы,  Хатынь (Ленінская прэмія), “Брэсцкая крэпасць-герой», “Беларусь партызанская” у Мінску і іншых. У Магілёве знаходзіцца яго праца “Ручнікі” на фантане каля Палаца культуры вобласці.

1942 год. Нарадзіўся Вячаслаў  Рагойша.

Беларускі філолаг, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

Член вучонай рады Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны, старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы, арганізатар міжнароднай навуковой канферэнцыі “Ракаўскія чытанні” (з 1996).

Першым дасканала даследваў рукапісы Янкі Купалы, даследчык паэтыкі Максіма Танка.

Аўтар звыш 800 навуковых публікацый і даследаванняў па гiсторыi i тэорыi беларускай лiтаратуры, беларуска-славянскiх лiтаратурных узаемасувязяў, па вершазнаўстве, праблемах тэорыi i практыкi мастацкага перакладу, паэтыцы лiтаратурнага твора, з якiх амаль 300 – асноўныя навуковыя працы, у тым лiку 16 манаграфiй.

1948 год. Заснавана Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (БАПЦ).

Гэта адбылося на з’ездзе дзеячоў царквы ў Заходняй Германіі.

Мае прыходы ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Беларусі. Богаслужэнні вядуцца на беларускай мове.

БАПЦ займаецца і культурна-асветніцкай, выдавецкай, грамадскай, дабрачыннай дзейнасцю, дапамагае беларусам захаваць сваю нацыянальную духоўную спадчыну.

У традыцыі БАПЦ выводзіць сваё паходжанне ад Наваградскай мітраполіі, створанай у 1330 годзе Канстанцінопальскім патрыярхам па просьбе вялікага князя Гедзіміна.

Кафедральны Сабор Святога Кірылы Тураўскага, Нью-Ёрк

1951 год. Нарадзіўся Уладзімір Шанцаў.

Магілёўскі грамадска-палітычны дзеяч, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут, Усесаюзны завочны фінансава-эканамічны інстытут.

Працаваў на Магілёўскім «Хімвалакно», у дзяржаўнай падатковай інспекцыі,  дырэктарам ТАА “Катэм”, філіяла ААТ «Белэканінвест», прадстаўніцтва ЗАСТ «Кентаўр», у Магілёўскім гарвыканкаме,  індывідуальным прадпрымальнікам. Выбіраўся дэпутатам Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў.

1965 год. Заснавана Беларуска-амерыканскае аб’яднанне ў Нью-Ёрку.

Займаецца культурна-асветнай дзейнасцю сярод беларускіх эмігрантаў у ЗША.

Сярод найбольш актыўных членаў, акрамя старшыні Кастуся Мерляка, былі Васіль Шчэцька, Пётр Мільяновіч, Васіль Захаркевіч, Васіль Юрцэвіч, Ян Казлякоўскі, Пётр Зыбайла і  іншыя.

1977 год. У Магілёве нарадзіўся Віталь Еўмянькоў (1977-2022).

Беларускі літаратуразнаўца, пісьменнік, журналіст.

Скончыў МДУ імя А. Куляшова, у якім працаваў з 1999 да 2021 года. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Абараніў дысертацыю па тэме «Адам Міцкевіч і духоўна-эстэтычныя пошукі ў літаратуры Беларусі XIX ст.».

Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры, асабліва часу Рэчы Паспалітай.

Выкладаў журналістыку. Рэдагаваў сайт City.mogilev.by і гарадскі партал Mycity.by (2009-2012).

Напісаў мастацкія апавяданні, аповесць «Пялёсткі белай ружы», гістарычныя паэмы «Хоцімская вайна», «Філаматы». Друкаваўся ў магілёўскім гадавіку «Брама» і часопісе «Маладосць». Перакладаў з польскай мовы.

Вясной 2021 звольнены з універсітэта па палітычных матывах разам з іншымі прафесарамі.

Памёр на сваё ўлюбенае свята 25 снежня 2022 года.

2012 год. У Смалявіцкім раёне створаны Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень».

Займае плошчу ў 113 квадратных кіламетраў. «Жамчужына Эканамічнага пояса Шаўковага Шляху», «Смарагд эканамічнага росту Беларусі», «Беларускі Ганконг». Канцэпцыя парка – стварэнне новага экагорада, у якім спалучаецца вытворчая, жылая, адміністратыўная інфраструктура з экалагічнай накіраванасцю.

У 2022 годзе ў парку зарэгістраваны 85 рэзідэнтаў з КНР, Аўстрыі, Германіі, ЗША, Расіі, Ізраіля, Літвы, Швейцарыі, Беларусі.

У Глуску суд разгледзеў справу непаўналетняга пра абразы ў інтэрнэце

Абразы ў інтэрнэце могуць абярнуцца рэальнымі наступствамі нават для непаўналетніх. Гэта пацвярджае гісторыя, разгледжаная судом Глускага раёна.

Падставай для разбору сталі абразлівыя паведамленні ў Telegram-чаце ў адрас непаўналетняй дзяўчынкі і яе сям’і. Праверка паказала, што адным з удзельнікаў перапіскі быў 13-гадовы падлетак, які заклікаў іншых карыстальнікаў адпраўляць дзяўчынцы абразы.

З-за ўзросту падлетка прыцягнуць яго да адміністрацыйнай адказнасці не змаглі. Аднак гэта не вызваліла сям’ю ад наступстваў. Бацькі хлопца былі прыцягнуты да адказнасці за неналежнае выхаванне сына.

Пасля гэтага маці дзяўчынкі звярнулася ў суд, запатрабаваўшы кампенсацыю маральнай шкоды. Паколькі аўтар паведамленняў не дасягнуў 14 гадоў, патрабаванні былі прад’яўлены яго законнаму прадстаўніку.

Урэшце бакі заключылі міравое пагадненне. Маці падлетка абавязалася выплаціць па 500 рублёў кампенсацыі пазоўніцы і яе дачцэ, а таксама пакрыць судовыя выдаткі ў памеры 1710 рублёў.

У гэтай гісторыі ўсё сумленна, усё паводле закона, суд на вышыні. А вось які суд будзе судзіць цалкам дарослых беларускіх прапагандыстаў, якія з экранаў дзяржаўнага тэлебачання не толькі абражаюць людзей, але і ўжываюць ненарматыўную лексіку?

Фота ілюстрацыйнага характару.

У Быхаве двое наркакур’ераў асуджаны на 15 гадоў

У Быхаве два чалавекі сталі перад судом за дастаўку з Расіі наркотыкаў і раскладванне іх па тайніках для наркаспажыўцоў.

Абодва мужчыны далучыліся да арганізаванай злачыннай групы дзеля хуткага заробку. Яны працавалі на інтэрнэт-краму, якая займалася продажам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў на тэрыторыі Расіі і Беларусі. 

Як высветліла следства і суд, іх задачай была дастаўка асабліва небяспечных рэчываў праз дзяржаўную мяжу. Атрымаўшы чарговую партыю псіхатропаў у Расіі, кур’еры перавозілі яе ў Беларусь, пасля чаго раскладвалі наркотыкі ў загадзя падрыхтаваныя тайнікі. Каардынаты закладак перадаваліся пакупнікам пасля аплаты тавару. Такім чынам абвінавачаныя ўдзельнічалі ў наладжанай схеме незаконнага абароту наркотыкаў.

Адна з паездак стала для кур’ераў апошняй. Падчас уезду ў Беларусь іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Праваахоўнікі выявілі і канфіскавалі з тайнікоў больш за 300 грамаў мефедрону. Паводле экспертнай ацэнкі, гэта асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва.

На судзе абодва абвінавачаныя прызналі сваю віну. Патлумачылі, што пайшлі на злачынства дзеля заробку і не задумваліся пра магчымыя наступствы сваіх дзеянняў. Аднак суд палічыў прадстаўленыя доказы дастатковымі для прызнання іх вінаватымі ў незаконным абароце псіхатропных рэчываў у складзе арганізаванай групы.

Суд Быхаўскага раёна вынес кожнаму пакаранне ў выглядзе 15 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, яны павінны выплаціць штраф у памеры 500 базавых велічынь кожны.

Фотаздымак: pravo.by