Дзень у гісторыі. 29 студзеня. Дзень беларускай навукі і дзень без інтэрнэту. Арышт Кастуся Каліноўскага. Нарадзіліся дзеяч БНР Антон Луцкевіч, футбаліст Сяргей Бароўскі

Дзень мабілізацыі супраць ядзернай пагрозы (Day of mobilization against the nuclear threat, з 1985 года). 

Адзначаецца з моманту прыняцця Дэлійскай дэкларацыі аб прынцыпах свабоды ад ядзернай зброі і негвалтоўнага міру. Дэкларацыя змяшчае заклік да спынення гонкі ядзернага ўзбраення, скарачэння і паступовай ліквідацыі ядзерных арсеналаў і ліквідацыі пагрозы ядзернай вайны.

Заснавальнікі даты сцвярджаюць, што магчымасці ратавання ад уздзеяння ядзернага выбуху вельмі абмежаваныя. У выніку буйнамаштабнай ядзернай вайны адбудзецца глабальная кліматычная катастрофа.

Хоць ядзерная зброя выкарыстоўвалася ў ваенных дзеяннях усяго двойчы, у 1945 годзе, усе наступныя дзесяцігоддзі міжнародная дыпламатыя і ваенная стратэгія дзяржаў знаходзіліся пад моцным уплывам планаў вядзення магчымай ядзернай вайны, якія распрацоўваліся. 

Трынітраталуолавы эквівалент бомбы, скінутай на Хірасіму, складаў 13 кт. Выбуховая моц савецкай стратэгічнай ракеты SS-18, у 1540 разоў больш.

Занепакоенасць выклікае агрэсія Расіі, якая мае значны ядзерны арсенал, супраць Украіны.

Міжнародны Дзень Без інтэрнэту (International Internet-Free Day), апошняя нядзеля студзеня. 

Сваю гісторыю гэтае свята вядзе з пачатку 2000-х гадоў, а ініцыятарам яго ўстановы, па адных дадзеных, з’яўляецца “Брытанскі Інстытут сацыяльных вынаходстваў”, а па іншых – брытанскі некамерцыйны анлайн-праект “DoBe.org”.

Галоўная мэта дадзенага свята – цалкам адцягнуць людзей ад кампутараў і глабальнай сеткі хаця б на адзін дзень, каб пражыць гэты дзень выключна ў “рэальным” свеце, мець зносіны з іншымі людзьмі выключна “ўжывую” або прысвяціць яго свайму ўлюбёнаму хобі, вядома ж, не звязанаму з інтэрнэтам.

Дзень беларускай навукі (з 1993 года). 

Апошняя нядзеля студзеня. Вядучым даследчым і навуковым цэнтрам краіны з’яўляецца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, заснаваная ў 1928 годзе. У Нацыянальнай акадэміі працуе больш за 18 тысяч даследчыкаў, тэхнікаў, дапаможнага і абслуговага персаналу, сярод якіх нямала дактароў і кандыдатаў навук.

Адзін з найважнейшых паказчыкаў навуковай дзейнасці – навукаёмістасць ВУП – у апошнія гады складае каля 1%. Гэта вышэй, чым у большасці краін СНД, але значна ніжэй, чым у развітых краінах. У краінах супастаўных з Беларуссю па памеры і насельніцтве – Фінляндыі і Швецыі – навукаёмістасць ВУП роўная 3%.

1720 год. Нарадзіўся Францішак Багамолец. 

Польскі і беларускі драматург, публіцыст, выдавец. Выкладчык у Віленскім, Варшаўскім езуіцкіх калегіумах. Вылучаўся шматбаковай дасведчанасцю. 

Заснаваў і рэдагаваў у Варшаве часопісы «Wiadomości Uprzywilejowane Warszawskie», «Kurier Warszawski».

Аўтар вершаў, больш за 20 камедый для школьнага тэатра, у якіх з пазіцый памяркоўнага асветніцтва крытыкаваў норавы Рэчы Паспалітай, заганы шляхты. Складаў вершы.

Апублікаваў хронікі М. Бельскага, М. Стрыйкоўскага, М. Кромера, А. Гваньіні, лісты Я. Каханоўскага, П. Каханоўскага, С. Любамірскага, М. Сарбеўскага.

Выступаў супраць засілля ў літаратуры лацінскай мовы, але дапускаў запазычанні з блізкароднасных моў, у тым ліку з беларускай. Збіраў беларускія прыказкі і прымаўкі, якімі хацеў дапоўніць зборнік С. Рысінскага.

Меў непасрэднае дачыненне да першай польскай оперы – «Ашчасліўленая беднасць», напісанай паводле яго лібрэта кампазітарам М. Каміньскім і пастаўленай 11 ліпеня 1778 ў Нацыянальным тэатры ў Варшаве.

Памёр 24 красавіка 1784 года.

1864 год. У Вільні арыштаваны Вінцэнт-Канстанцін Каліноўскі. 

Палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.

Царскім уладам ён быў выдадзены камісарам Магілёўскай губерні Вітаўтам Парфяновічам.

Публічна павешаны 22 сакавіка 1864 года на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні.

Таемна пахаваны на Гедзімінавай (Замкавай) гары ў Вільні, побач з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання, забітымі на загад расійскай акупацыйнай улады. Усе магілы былі зраўняныя з зямлёй.

Урачыстае перапахаванне К. Каліноўскага і іншых паўстанцаў адбылося 22 лістапада 2019 года на могілках Росы ў Вільні.

Адзін з першых беларускіх мастацкіх фільмаў быў «Кастусь Каліноўскі» (1928). У 1943 годзе ў гонар героя была названая савецкая партызанская брыгада, якая дзейнічала каля Гродна і Беластока.

У гонар деяча названыя вуліцы ў Мінску, Гродна, Магілёве, Пінску і іншых гарадах Беларусі, гімназія № 1 у г. Свіслач. Адзіны беларускі помнік усталяваны ў Свіслачы. Бюст усталяваны ў Нью-Ёрку.

Указ прэзідэнта Беларусі ад 15 студзеня 1996 года № 26 зацвердзіў Ордэн Кастуся Каліноўскага. Узнагарода не выкарыстоўваецца, але не выходзіла і адпаведнай пастановы аб яе скасаванні.

У 2022 годзе на Украіне створаны беларускі полк імя Каліноўскага.

1878 год. Нарадзіўся Уладзімір Самойла. Беларускі публіцыст, літаратурны крытык, філосаф.

Удзельнік беларускага літаратурна-грамадскага руху, адзін з заснавальнікаў кніжнага таварыства «Мінчук» (1906). Супрацоўнічаў у мінскіх і віленскіх перыядычных выданнях «Минский курьер», «Наша ніва».

Хатні настаўнік Івана Луцэвіча, адыграў значную ролю ў творчым станаўленні Янкі Купалы, адзін з першых высока ацаніў яго здольнасці і літаратурную творчасць.

Аўтар артыкулаў, эсэ прысвечаных творчасці расійскіх і замежных пісьменнікаў.

З 1918 года жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам у гімназіі і публіцыстам у газетах «Віленская мова», «Віленскія навіны», быў адным з вядучых публіцыстаў заходнебеларускага друку вызваленчага кірунку, рэцэнзентам на выданні Інбелкульта і Акадэміі Навук, працаваў бібліятэкарам Беларускага музея імя І. Луцкевіча.

Арыштаваны НКУС у кастрычніку 1939 года. Вязень беластоцкай турмы. 

Расстраляны, верагодна, у 1941 годзе.

1884 год. Нарадзіўся Антон Луцкевіч. 

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратурны крытык, гісторык, мовазнаўца, выдавец. 

Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, сябра рэдакцый газет “Наша доля” і “Наша ніва”, адзін з выдаўцоў газеты “Гоман”. Старшыня Віленскай беларускай рады, сябра Рады БНР.

Ініцыятар абвяшчэння і аўтар праекта Трэцяй Устаўной граматы, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаная незалежнай дзяржавай. З кастрычніка 1918 года старшыня Народнага сакратарыята БНР, з лістапада – старшыня Рады Народных Міністраў (прэм’ер-міністр) і міністр замежных спраў.

Грамадска-палітычны дзеяч у Заходняй Беларусі. 

Арыштаваны НКУС 30 верасня 1939 года ў Вільні. Перавезены ў мінскую турму, 14 чэрвеня 1941 года прыгавораны да 8 гадоў лагераў. Памёр 23 сакавіка 1942 года ў лагеры ў Аткарску Свярдлоўскай вобласці.

1904 год. У Магілёўскім Іосіфаўскім кафедральным саборы праасвяшчэнным Максімам быў прачытаны народу Найвышэйшы маніфест аб вайне з Японіяй і здзейснены малебен аб дараванні перамогі расійскім войскам. 

У маі 1910 года тут 3 дні знаходзіліся мошчы Святой Еўфрасінні Полацкай, якія накіроўваліся з Кіева ў Полацк. Праз 25 гадоў, 29 студзеня 1929 года гарадскія улады вырашылі сабор зачыніць. У 1932 годзе, у будынку адкрыўся музей гісторыі рэлігіі і атэізму. У 1937 годзе было прынята рашэнне аб зносе сабора і будаўніцтве гасцініцы “Дняпро” для новай беларускай сталіцы ў Магілёве.

Сабор Святога Іосіфа – першы ўзор класіцызму ў культавым дойлідстве на тэрыторыі Беларусі, праваслаўны сабор на Саборнай плошчы ў Магілёве. Першы камень у падмурак будучага сабора, ля пляцоўкі з драўлянай царквой Уваскрэсення Хрыстова, быў закладзены 29 мая 1780 г. Кацярынай ІІ і аўстрыйскім імператарам Іосіфам II.

Храм быў пабудаваны ў 1798 годзе па праекце М. Львова і ўпрыгожаны карцінамі і іконамі Ул. Баравікоўскага.

У кастрычніку 2011 года намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ігар Шардыка заявіў, што Іосіфаўскі сабор у ліку першых стаіць у чарзе на аднаўленне разбураных архітэктурных помнікаў Магілёва. Прайшло 11 гадоў, але ніякіх выразных крокаў па аднаўленні святыні не зроблена.

1924 год. Нарадзіўся Арцём Баханькоў. 

Беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар.

Працаваў ў Інстытуце мовазнаўства акадэміі навук, загадчыкам кафедры беларускай мовы пры Прэзідыуме НАН Беларусі.

Даследаваў лексіку, дыялекталогію, гісторыю беларускай мовы, лексіку мовы Ф. Скарыны. Аўтар і суаўтар шматлікіх даследаванняў, сярод якіх «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы», «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы», «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», «Беларуска-рускі слоўнік».

Памёр 12 жніўня 2001 года.

1956 год. Нарадзіўся Сяргей Бароўскі. 

Беларускі футбаліст і трэнер.

У 1972-1987 гадах – гулец, у 1984-1985 – капітан  мінскага «Дынама». У чэмпіянаце СССР правёў 400 матчаў, з іх 270 у вышэйшай лізе. Чэмпіён СССР (1982).

У 1981-1985 гадах выступаў за зборную СССР, у 1982 годзе ўдзельнічаў у чэмпіянаце свету ў Іспаніі.

У 1989 годзе пачаў трэнерскую кар’еру: нацыянальная зборная, у розных клубах Латвіі, Малдовы, Літвы, Украіны, Беларусі (“Металург”, “Дынама” Мінск, “Шахцёр”, БАТЭ).

Пад яго кіраўніцтвам зборная атрымала адну з найвядомейшых перамог – у 1995 годзе над зборнай Нідэрландаў (1:0) і адно з найцяжэйшых паражэнняў – у 2000 годзе ад Андоры (0:2).

У 2014 годзе прывёў салігорскі «Шахцёра» да перамогі ў Кубку Беларусі 2013/2014, вывеў яго ў раўнд плэй-оф Лігі Еўропы, на 3 месца чэмпіяната Беларусі.

З 2019 года трэнер каманды «Іслач».

Дзень у гісторыі. 22 студзеня. Пачатак Лівонскай вайны і паўстання 1863-1864 гадоў. Знойдзены Ангкор Ват. Нарадзіўся 300-тысячны магілёвец

Сусветны дзень снега (World Snow Day, з 2012 года) – міжнароднае свята, дзень зімовых відаў спорту. Адзначаецца штогод у перадапошнюю нядзелю студзеня.

Ініцыятарам і заснавальнікам правядзення свята з’яўляецца Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту (FIS). Па задуме арганізатараў, Сусветны дзень снега павінен служыць папулярызацыі зімовых відаў спорту і актыўнага, здаровага ладу жыцця. Праходзіць пад дэвізам – «Нацешыцца, азнаёміцца і выпрабаваць!»

Першымі Дзень святкавалі ЗША, Канада, Аўстралія, Швейцарыя, Фінляндыя, Германія, Вялікабрытанія, Нарвегія, Польшча, Турцыя, Казахстан, Украіна і іншыя. Зараз Сусветны дзень снега адзначаюць у 50 краінах.

1558 год. Маскоўскае княства распачала Лівонскую, Інфлянцкую вайну (1558—1583). 

Вайна вялася Маскоўскай дзяржавай супраць Лівонскага ордэна і падтрымаўшых яго Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Швецыі за кантроль над Лівоніяй.

На сярэдзіну XVI стагоддзя Лівонскі ордэн быў значна аслаблены феадальнымі міжусобіцамі і імкнуўся знайсці саюзнікаў супраць ваеннай пагрозы Маскоўскай дзяржавы. Масковія, у сваю чаргу, імкнулася атрымаць большы выхад да Балтыйскага мора, чым у яе быў (існаваў горад і порт Івангарад). У 1557 годзе быў заключаны ваенны саюз Лівонскага ордэна і ВКЛ супраць Маскоўскай дзяржавы. У студзені 1558 года маскоўскія войскі пачалі вайну з мэтай авалодання лівонскіх гарадоў і замкаў Нарвы, Дэрпта, Нейгаўза, Рэвеля, Рыгі.

Асада маскоўскімі войскамі Нарвы, 1558

1624 год. Віцебск пазбаўлены Магдэбургскага права, якое было нададзена ў 1597 годзе. 

Гэта стала рэакцыяй караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III на заклікі Рымскага папы Урбан VIII разабрацца з зачыншчыкамі Віцебскага паўстання 12 лістапада 1623 года, падчас якога быў забіты ўніяцкі архіепіскап Іасафат Кунцэвіч, збіты іншыя святары, разрабавана маёмасць, знішчаны архіў епархіі. 

Магдебургскае права было адноўлена  ў 1644 годзе.

Старажытны герб Віцебска, 1597

1796 год. Беларускія гарады Бабруйск, Давыд-Гарадок, Докшыцы і Паставы атрымалі гербы ад расійскіх уладаў.  

На фота: Імперскі герб Бабруйска. Ён адрозніваецца ад сучаснага адсутнасцю арла ў верхняй частцы.

 

1800 год. У Магілёве нарадзіўся Аляксандр Фольбарт. 

Доктар медыцыны. Спецыяліст у галіне медыцыны, прыродазнаўчых навук. 

Член Пецярбургскай акадэміі навук, мінералагічнага таварыства, Маскоўскага і Рыжскага таварыстваў даследчыкаў прыроды, Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі, Рускага геаграфічнага таварыства. Вучыўся медыцыне ў Германіі, Францыі, Англіі. 

Працаваў урачом у Пецярбургу.

З 30-гадовага ўзросту пачаў займацца мінералогіяй, склаў багатую калекцыю мінералаў і адкрыў ванадзіевакіслую медзь, якой прысвоілі назву “фальбарыт”. Сур’ёзна займаўся і палеанталогіяй.

Памёр 5 сакавіка 1876 года.

Панарама Магілёва на гравюры XIX стагоддзя. Від з боку Дубравенкі
Панарама Магілёва на гравюры XIX стагоддзя. Від з боку Дубравенкі

1863 год. Распачалося паўстанне 1863-1864 гадоў супраць расійскіх уладаў. 

Паўстанне нацыянальна-рэвалюцыйных сіл на частцы земляў былой Рэчы Паспалітай – сучасныя Польшча, Беларусь, Літва, Латвія і частка Ўкраіны – супраць расійскага панавання і за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. 

Пачалося абвяшчэннем Маніфесту Часовага нацыянальнага ўрада. Гістарыяграфічная навука дае розныя ацэнкі паўстанню ў цэлым, асабліва ў плане нацыянальнай матывацыі кіраўнікоў і сацыяльнай базы ўдзельнікаў: ад «польскай шляхецка-клерыкальнай смуты» да «беларускага нацыянальна-вызваленчага» або «сялянска-рэвалюцыйнага руху».

1869 год. Нечаканае адкрыццё ў камбаджыйскіх джунглях комплекса Ангкор Ват. 

Заблукаўшы ў камбаджыйскіх джунглях каля возера Тонлесап, французскі падарожнік Анры Муо раптам убачыў перад сабой гіганцкі храмавы комплекс з галерэямі, вежамі, павільёнамі і варотамі, багата ўпрыгожанымі разьбой па камені.

Так быў “выняты з небыцця” Ангкор Ват (“Пагада сталіцы”), жамчужына майстэрства старажытных кхмераў, найбуйнейшае ў свеце культавае збудаванне. Узведзены ў сярэдзіне XII стагоддзя і прысвечаны богу Вішну. 

Займае плошчу ў 200 квадратных кіламетраў, насельніцтва дасягала паўмільёна жыхароў. 

У 1992 годзе разам з іншымі збудаваннямі горада Ангкор узяты пад эгіду ЮНЕСКА. 

Сёння з’яўляецца адной з галоўных турыстычных славутасцяў Камбоджы. 

1906 год. Нарадзіўся Андрэй Александровіч

Беларускі паэт, пісьменнік, перакладчык, публіцыст, літаратурны крытык.

У гады Першай сусветнай вайны быў удзельнікам хору У. Тэраўскага, наведваў «Беларускую хатку».

Кіраваў распрацоўкай нарматыўнага руска-беларускага слоўніка, Інстытутам мовы, з’яўляўся член-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР.

Адзін з арганізатараў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Рэдактар часопіса «Малады араты», працаваў у рэдакцыях розных рэгіянальных і мінскіх выданняў.

Аўтар паэтычных зборнікаў, паэм, кніг для дзяцей.

Падчас рэпрэсій 1929-1931 гадоў выступіў супраць «нацдэмаў», але сам патрапіў пад рэпрэсіі: арыштаваны НКУС у ліпені 1938 года, асуджаны на 15 гадоў лагераў, паўторна арыштаваны ў лютым 1949 года і сасланы ў Краснаярскі край.

Памёр 6 студзеня 1963 года.

1935 год. У в. Целяшы Слаўгарадскага раёна нарадзіўся Віктар Ракаў. 

Беларускі паэт. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага педінстытута. Настаўнічаў на Магілёўшчыне, працаваў на Магілёўскім радыё, у шклоўскай раённай газеце «Ударны фронт», рэдакцыях «Звязды», «Полымя».

Аўтар вершаў, паэтычных зборнікаў, нарысаў, крытычных артыкулаў, рэцэнзій.

1980 год. У Магілёве нарадзіўся 300-тысячны гараджанін. Яму сёння 43 гады. Горад “падрос” у параўнанні з перапісам насельніцтва 1979 года адразу амаль на 10 тысяч чалавек. Хацелася б ведаць як жа склаўся лёс 43-гадовага “300-тысячнага магілёўца”.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

2012 год. Памёр Яўген Шатохін. 

Беларускі мастак, педагог, грамадскі дзеяч. Ганаровы грамадзянін французскага горада Альбер. Уваходзіў у мастацкую суполку «Пагоня», член сейма БНФ «Адраджэнне».

Заснавальнік і дырэктар (1988-1997) дзіцячай школы выяўленчага мастацтва ў г. Пінску. Звольнены па палітычных матывах,

Аўтра шматлікіх акварэляў, малюнкаў, афортаў, літаграфій, у тым ліку «Сцяжынкі Язэпа Драздовіча», «Неба і зямля Фердынанда Рушчыца», «Маўклівыя сведкі. Прысьвячаецца 80 угодкам Слуцкага Збройнага Чыну», «Парыжскія масты», «Землякі Васіля Быкава», «Цішыня ў Бычках», «Прыпяцкія сюжеты. Прысвячаецца У. Караткевічу», «Па слядах Напалеона Орды».

Узнагароджаны 6 медалямі і прызамі Францыі, медаль Беларускага Саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве»,

Яго працы захоўваюцца ў музеях Мінска, Пінска, Брэста, Полацка, Нью-Ёрка, Кіева, Берліна, французскіх Санары-сюр-Мэр, Пероне, у Фондзе Міністэрства культуры Расіі, у прыватных зборах многіх еўрапейскіх краін, Паўднёвай Афрыкі, Егіпту, ЗША, Расіі.

Дзень у гісторыі. 21 студзеня. Дзень абдымкаў і Швейцарскай гвардыі. Нарадзіўся гісторык Адам Кіркор. Пакараны Емяльян Пугачоў, памёрлі археолаг Ісак Сербаў і Уладзімір Ленін

Міжнародны дзень абдымкаў (International Hug Day, з 1986 года). 

З абдымкаў пачынаецца жыццё чалавека – бо першае, што робіць маці пасля з’яўлення свайго дзіцяці на свет – абдымае яго і прыкладвае да грудзей. Абдымкі суправаджаюць нас на працягу ўсяго жыццёвага шляху – абдымаюцца закаханыя, муж і жонка, сябры, сваякі. Абдымаюцца, вітаючы адно аднаго, выказваючы свае пачуцці. Абдымкі – сімвал блізкасці і кахання.

Ёсць версія, што ў 1970-я гады нейкі юнак Хуан прыляцеў у Сіднэй. Маладога чалавека ніхто не сустрэў, і гэты факт засмуціў яго. Яму было самотна і сумна. Страціўшы надзею, ён зрабіў плакат “Абдымкі бясплатна” і стаў каля аэрапорта. Аўстралійцы са здзіўленнем спачатку глядзелі на юнака. Але жанчына, якая падышла да яго, сказала, што яна засталася зусім адна і мае патрэбу ў абдымках… 

Пра гэтую падзею даведаліся і студэнты, якія выступілі заснавальнікамі новага свята. Так у Аўстраліі зарадзіўся рух абдымкаў. А з 1986 года свята стала адзначацца і ў Амерыцы, потым традыцыя абдымкаў разышлася па свеце.

Увогуле, Дзень абдымкаў адзначаецца 4 разы на год: 21 студзеня, 15 і 22 ліпеня, 4 снежня, але ж дата 21 студзеня – найболей папулярная.

На думку навукоўцаў, штодзённыя абдымкі ад 3 да 7 разоў умацоўваюць імунную сістэму і псіхіку, а больш за 8 разоў – дазваляюць чалавеку здабыць поўнае шчасце.

Дзень інжынерных войск Беларусі. 

Чамусьці свята звязваецца з ўтварэннем рускай «Школы пушкарскага прыказа», якую 21 студзеня 1701 года заснаваў Пётр І. 

Армія Вялікага Княства Літоўскага і да гэтай даты мела свае інжынерныя войскі і аддзелы. Менавіта пабудова пантоннага маста з вінных бочак дапамагла Канстанціну Астрожскаму пераправіцца цераз Днепр і разграміць маскоўцаў у славутай бітве пад Воршай.

Сёння дыплом беларускага воіна-інжынера можна атрымаць у Ваеннай акадэміі і на ваенна-тэхнічным факультэце БНТУ. Інжынерных частак ва Ўзброеных Сілах краіны досыць багата: 7-ы Торуньскі інжынерны полк у Барысаве, 557-ы полк Заходняга камандавання, 2-я інжынерная брыгада ў Мінску, 189 інжынерны полк у Гродна, 188 інжынерна-сапёрны батальён у Магілёве.

1506 год. Утворана войска Ватыкана – Швейцарская гвардыя. Найстарэйшае войска на планеце. 

Утворана па распараджэнні рымскага папы Юлія II. Папа запрасіў на службу палкоўніка П’ера дэ Эрнштайна, які прывёў з сабой полк у паўтары сотні вялізных, светлавалосых, барадатых салдат. 

Служба ў гвардыі працягваецца ад двух гадоў. Акрамя прыгожай знешнасці і фізічных даных, суіскальнік павінен мець вышэйшую адукацыю, рост не меней за 174 см, узрост не старэйшы за 25 гадоў, быць чыстакроўным швейцарцам і быць каталіком. 

Гвардыя складаецца з 117 гвардзейцаў: 97 алебардыстаў і 7 сяржантаў. Камандуе войскам капітан папскіх гвардзейцаў са сваімі 4 афіцэрамі – дзейнымі афіцэрамі швейцарскай арміі.

Форма швейцарскіх гвардзейцаў вельмі каларытная – шлемы ўпрыгожаны ружовымі плюмажамі, а на камзолах чаргуюцца жоўтыя і сінія палосы. Распрацоўка дызайну формы належыць Мікеланджэла і Рафаэлю.

1775 год. У Маскве пакараны смерцю праз чвартаванне Емяльян Пугачоў. 

Данскі казак, кіраўнік сялянскага паўстання 1773-1775 гадоў. 

Удзельнік Сямігадовай 1756-1763 і руска-турэцкай 1768-1774 гадоў войнаў. На пачатку 1772 года быў ва ўцёках у старавераў у Ветцы на Гомельшчыне, ёсць непацверджаныя даныя аб знаходжанні і на тэрыторыі Хоцімшчыны.

У верасні 1773 года абвясціў сябе імператарам Пятром III. Выступаў з утапічнай ідэяй «справядлівага» казацка-сялянскага царства. Паказаў вялікія арганізатарскія і ваенныя здольнасці. Пасля паражэння ад урадавых войск схоплены 19 верасня 1774 года.

1818 год. У Мсціслаўскім павеце нарадзіўся Адам Кіркор. 

Беларускі гісторык, этнограф, археолаг, публіцыст, выдавец.

Вучыўся у Магілёўскай, Віленскай гімназіях.

Выдаваў альманахі «Radegast», «Pamiętnik umysłowy», «Teka Wileńska», «Na dziś» i «Teka Krakowska», газеты «Kurier Wileński», пецярбургскую «Новое время» (1868-1871), рэдагаваў “Памятные книжки Виленской губернии”, навуковыя і мастацкія кнігі ва ўласнай віленскай друкарні. 

Праводзіў археалагічныя раскопкі ў Беларусі і Літве, даследаваў каля 1 000 курганоў. Аўтар 3 тома «Маляўнічая Расія» («Літоўскае Палессе» і «Беларускае Палессе», 1882).

Член Віленскай археалагічнай камісіі, кіраўнік Віленскага музея старажытнасцяў, член-карэспандэнт Імператарскага археалагічнага таварыства, член Рускага геаграфічнага таварыства.

У 1863 годзе прыцягваўся да следства ў сувязі з удзелам у паўстанні яго жонкі А. Маеўскай, на варшаўскай кватэры якой хаваўся кіраўнік паўстанцкага ўрада Р. Траўгут.

Памёр 23 лістапада 1886 года.

1886 год. Нарадзіўся Аляксей Туранкоў

Беларускі кампазітар. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Вязень ГУЛАГу. 

У 1941-1944 гадах супрацоўнік Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Мінску і выдавецтва К. Езавітава ў Рызе. 

Адзін з пачынальнікаў жанраў масавай песні, хору, раманса ў беларускай музыцы. Аўтар некалькіх опер, у тым ліку  «Кветка шчасця» (лібрэта В. Барысевіч, П. Броўкі і П. Глебкі), музыкі да многіх драматычных спектакляў («Пінская шляхта» і іншых) і кінафільмаў. Аўтар апрацоўкі беларускіх народных песень.

Памёр 27 верасня 1958 года.

1923 год. Нарадзіўся Аркадзь Астрамецкі. 

Беларускі цымбаліст, народны артыст. 

Кіраваў групай цымбалістаў Беларускага дзяржаўнага народнага аркестра (Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча), быў яго канцэртмайстрам, салістам Беларускай дзяржаўнай філармоніі, выкладчыкам музычнай школы пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. 

Яго рэпертуар складалі творы беларускіх аўтараў, пералажэнні інструментальных п’ес кампазітараў-класікаў. 

Манера выканання А. Астрамецкага вылучалася артыстызмам, яркай выразнасцю, вобразнасцю, рамантычнай узнёсласцю, шырокай палітрай фарбаў. У 1979 годзе ў зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся першы ў гісторыі цымбалаў сольны канцэрт у двух аддзяленнях у выкананні А. Астрамецкага. 

Творчасць артыста была шырока вядома па-за межамі СССР: ён гастраляваў у больш чым 20 краінах свету.

1924 год. Памёр Уладзімір Ульянаў (Ленін)

Расійскі камуністычны тэарэтык, арганізатар і кіраўнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі, першы кіраўнік Савецкай дзяржавы. 

Нягледзячы на тое, што Ленін ніяк не звязаны з Беларуссю, што беларускія дзеці амаль нічога не ведаюць пра яго, і па сёння назвы Ленінская, Леніна, Уллянаўская, Ільіч, Ільічоўка пануюць у тапаніміцы гарадоў і вёсак краіны, яго імя прысутнічае ў назвах буйных прадпрыемстваў і навучальных устаноў, у назвах гарадскіх раёнаў Мінска, Бабруйска, Брэста, Гродна, Магілёва, практычна ва ўсіх больш ці менш буйных пасяленнях стаяць помнікі ў яго гонар – іх 240 на Беларусі. 

Цікава, што самы першы помнік Леніну, драўляны, яшчэ пры жыцці “правадыра”, у 1922 годзе быў устаноўлены ў сённяшнім райцэнтры – у Краснополлі. 

А пад Іванава Брэсцкай вобласці захавалася лесанасаджэнне ў выглядзе слова ЛЕНІН – са 150 000 дрэў.

1928 год. У в. Антонаўка Чавускага раёна нарадзіўся Іван Аношкін

Беларускі пісьменнік

Скончыў гістарычны факультэт Магілеўскага педінстытута. Працаваў ў газетах Бранскай, Брэсцкай абласцей, у чэрыкаўскай раёнцы «Сацыялістычная перамога», у абласной «Магілёўская праўда».

Аўтар 3 зборнікаў апавяданняў і гумарэсак, 5 аповесцей і апавяданняў, кніг для дзяцей «Навічок», «Алёнчын сакрэт», «Антонаў ясень». 

Памёр 3 лютага 2013 года ў Магілёве.

1938 год. Памёр у ГУЛАГу Янка Туміловіч. 

Беларускі паэт.

Скончыў БДУ. Працаваў выкладчыкам гісторыі, у рэдакцыях часопісаў. Член літаб’яднання «Маладняк», адзін з заснавальнікаў «Пралетарска-сялянскай беларускай літаратурнай суполкі» («Пробліск»).

Аўтар вершаў – узораў пралеткультаўскага рамантызму. 

Аўтар паэмы «Ульянаў–Ленін». З 1930 года яго публікацыі зніклі са старонак перыядычнага друку.

Арыштаваны ў 1936 годзе, прыгавораны да 7 гадоў лагераў. Памёр у лагеры пад Уладзівастокам.

1943 год. Памёр ураджэнец в. Кульшыцы (зараз – Слаўгарадскі раён) Ісак Сербаў. 

Беларускі этнограф, фалькларыст, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай археалогіі, краязнавец, фатограф, Правадзейны член геаграфічнага таварыства і Інстытута беларускай культуры.

У Кульшыцах існавала традыцыя даваць беларускім немаўлятам біблейскія імёны. 

Настаўнічаў у шматлікіх месцах, уключаючы Вільню, Мінск, Хоцімск.

У 1910-1913 гадах арганізаваў этнаграфічную экспедыцыю геаграфічнага таварыства па вывучэнню творчасці і матэрыяльнай культуры беларусаў. Узначальваў работы па збору і ахове помнікаў, кафедру этнаграфіі БДУ. 

Сабраў багатыя калекцыі народнага аддзення, мастацтва, на падставе якіх быў выдадзены альбом “Беларускае народнае мастацтва” (1951).

Першым ў краіне сабраў вялізную фотатэку з фіксаваннем тыпаў адзення на Палессі, жытла, гаспадарчых пабудоў, рамесных вырабаў.

1978 год. Памёр Алесь Салавей (Альфрэд Радзюк, Альберт Кадняк). 

Беларускі паэт.

У Дзяржынскай школе вучыўся разам з вядомым у будучым гісторыкам М. Ермаловічам.

Працаваў у рэдакцыі лагойскай раённай газеты «Чырвоная Лагойшчына», падчас вайны – у рэдакцыі мінскай «Беларускай газеты», рыжскай «Новы шлях».

У 1944 годзе выехаў на Захад. У Празе сустракаўся з Ларысай Геніюш. Удзельнічаў у выданні газеты «Зь беларускага жыцьця» і часопіса «Пагоня», вёў вялікую перапіску з беларусамі ў Нямеччыне.

У 1949 годзе пераехаў у Аўстралію. Член Згуртавання беларусаў у Вікторыі, Беларускага цэнтральнага камітэта ў Вікторыі, беларускай секцыі радыё 3ZZ у Мельбурне.

Аўтар вершаў, кнігі паэзіі «Мае песні», вершаў-мініяцюр, паэм, зборнікаў паэзіі.

Дзень у гісторыі. 16 студзеня. Сусветны дзень “The Beatles”. Расія адабрала землі БССР. Нарадзіліся генерал Рамуальд Траўгут, кампазітар Уладзімір Алоўнікаў. Памёр скульптар Уладзімір Жбанаў

Сусветны дзень “The Beatles” (World Beatles Day). 

Устаноўлены па рашэнні ЮНЭСКА.

Менавіта ў гэты дзень у 1957 годзе ў Ліверпулі адкрыўся ў былым бомбасховішчы клуб “The Cavern” (“Пячора”), дзе дэбютаваў музычны калектыў. Самі “бітлы” бяруць адлік гісторыі калектыву з 1956 года, калі Джон Ленан стварыў гурт “Quarrymen”.

9 лютага 1961 года музыкі выйшлі на сцэну клуба пад назвай “The Beatles” (beetle “жук” з намёкам на beat “біт-музыка”). З 19 жніўня 1962 года да самага распаду ансамбля ў 1970 годзе быў нязменны склад: Джон Ленан (рытм гітара, фартэпіяна, вакал), Пол Макартні (бас-гітара, фартэпіяна, вакал), Джордж Харысан (сола-гітара, вакал), Рынга Стар (бубнач, вакал).

Дыскаграфія “The Beatles” уключае ў сябе 13 студыйных альбомаў і 211 песень, якія былі запісаны і выдадзены ў 1963-1970 гадах. На рахунку групы 10 прэстыжных узнагарод “Грэмі” і ў кожнага ўдзельніка па ордэну Брытанскай імперыі.

Пасля распаду групы кожны з музыкаў працягнуў сваю сольную кар’еру. 50 гадоў таму агульны аб’ём продажаў альбомаў “цудоўнай чацвёркі” па ўсім свеце перавысіў мільярд экзэмпляраў.

Джон Ленан у 1980 годзе быў застрэлены музычным фанатам каля ўласнага дома, Джордж Харысан памёр у 2001 годзе ад раку. Пол Макартні і Рынга Стар працягваюць займацца музычнай творчасцю.

“The Beatles” займае першае месца ў спісе найвялікшых выканаўцаў усіх часоў па версіі часопіса “Rolling Stone”.

1593 год. Жыгімонт Ваза склікаў паспалітае рушэнне для здушэння казацкага паўстання. 

Паспалітае рушэнне – усеагульная мабілізацыя, агульная выправа ў Вялікім Княстве Літоўскім. Памер вайсковай павіннасці вызначала велічыня зямельнага надзелу. Ухвалу аб скліканні рушэння мог прыняць толькі Вальны сойм.

Вялікі князь Ягайла ў сваёй грамаце ад 20 лютага 1387 году засведчыў беспасрэдную повязь тагачаснай назвы паспалітага рушэння з дзяржаўным гербам Пагоня. Тлумачэнні пра рушэнне паспалітае змешчана і ў тэксце Літоўскага статуту.

1708 год. Нарадзіўся Юзаф Станіслаў Сапега. 

Рымска-каталіцкі дзеяч ВКЛ, біскуп.

Хроснік караля Станіслава Ляшчынскага.

Святар з 1732 года. У 1746 годзе выступіў супраць прымусовага адабрання маёмасці праваслаўнай царквы – як рэакцыі на пераследы каталіцтва на захопленай Расіяй Смаленшчыне.

Пасля вялікага пажару ў Вільні ў 1748 годзе стварыў новы план горада, які мусіў перадухіляць падобныя катастрофы ў будучыні.

Валодаў вялікай уласнай бібліятэкай, перапісваў кнігі, даследаваў і ўпарадкоўваў архівы Сапегаў. Фундаваў тэлескоп для Віленскай Акадэміі.

Памёр 4 снежня 1754 года. Пахаваны ў Віленскай кафедры.

1826 год. Нарадзіўся Рамуальд Траўгут. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, генерал.

Служыў у рускай арміі, выйшаў у адстаўку падпалкоўнікам. 

Далучыўся да паўстання, у красавіку 1863 году ўзначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад. З кастрычніка 1863 года стаў кіраўніком Нацыянальнага ўраду ў Варшаве, фактычна дыктатарам паўстання. 

Арыштаваны 30 сакавіка, паводле прыгавору ваеннага суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі 5 жніўня 1864 года.

У г. Свіслачы яму пастаўлены помнік.

1829 год. Нарадзіўся Уладзімір Спасовіч. 

Грамадcкі дзеяч, публіцыст, крытык, гуманіст.

Доктар права, прафесар Пецярбургскага ўніверсітэце. Аўтар «Падручніка крымінальнага права».

Лічыў, што пакаранне не павінна быць помстай і застрашваннем, a выкарыстоўваецца дзяржавай з папераджальнай і выхаваўчай мэтамі. Выступаў супраць цялесных пакаранняў, смяротнай кары.

Патрабаваў заканадаўчага замацавання і ўвядзення ў практыку судаводства прынцыпаў незалежнасці суда ад адміністрацыі, заснавання інстытутаў адвакатуры i пракурорскага нагляду, роўнасці ўсіх перад законам, выбарнасці суддзяў – усё тое, што зараз так актуальна для Белаарусі.

Пасля пераходу ў адвакатуру стаў яе «каралём», «першым адвакатам Пецярбурга». Часцей за ўсё выступаў абаронцам па палітычных справах.

Аўтар прац па міжнародным, крымінальным і крымінальнапрацэсуальным праве, гісторыі, мастацтвазнаўстве (суаўтар «Агляду гісторыі славянскіх літаратур»), крытычных артыкулаў, прысвечаных творчасці еўрапейскіх пісьменнікаў. 

Яго працы ў 10 тамах былі выдадзены ў 1882-1902 гадах. 

Спасовіч паслужыў правобразам адваката Міці Карамазава ў рамане Ф. Дастаеўскага «Браты Карамазавы». 

Ілля Рэпін напісаў яго партрэт.

Памёр 26 кастрычніка 1906 года ў Варшаве.

1893 год. Памёр Іван Берман. 

Беларускі этнограф і краязнавец, праваслаўны святар. Член Рускага геаграфічнага таварыства.

Служыў святаром у Валожыне, Антопалі, Вільні, выкладчыкам валожынскага прыходскага вучылішча, Марыінскага вышэйшага жаночага вучылішча, Віленскай 2-й гімназіі.

Вывучаў беларускія народныя абрады, прыкметы, вераванні, забабоны; збіраў матэрыялы пра народны каляндар і метэаралогію беларусаў.

Ад заснавання «Віленскага календара» загадваў у выданні царкоўна-рэлігійным раздзелам.

Пахаваны на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні.

1916 год. Нямецкі фельдмаршал Гіндэнбург сваім загадам надаў беларускай мове статус афіцыйнай. 

Беларуская мова займела раўназначныя правы з іншымі краёвымі мовамі на акупаванай нямецкай арміяй тэрыторыі беларускіх губерняў.

1919 год. Маскоўскія бальшавікі адабралі са складу БССР усходнія землі. 

На 16 дзень пасля абвяшчэння ў Смаленску БССР (ССРБ) ЦК РКП(б) без папярэдняга абмеркавання з беларускім урадам адлучыла з складу Савецкай Беларусі Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні. 

31 студзеня 1919 году ўрад Савецкай Расіі прызнаў незалежнасць ССРБ без яе усходніх тэрыторый.

1919 год. У Бабруйску нарадзіўся Уладзімір Алоўнікаў. 

Беларускі кампазітар. Заслужаны дзеяч мастацтваў, Народны артыст. 

Прафесар, рэктар Беларускай кансерваторыі. Бацька кампазітара Ігара Алоўнікава.

Аўтар кантаты і араторыі, сімфанічных паэм, харавой і камерна-інструментальнай музыкі, песень, балад, рамансаў, музыкі да кінафільмаў «Міколка-паравоз», «Девочка ищет отца», «Улица младшего сына», «Баллада о матери» і іншых.

Асаблівае месца ў яго творчасці займалі песні, якія прынеслі кампазітару шырокую вядомасць. Пачатковы матыў адной з іх – «Радзіма, мая дарагая» – стаў пазыўнымі Беларускага радыё.

Памёр 31 ліпеня 1996 года.

1940 год. Нарадзіўся Іван Лагвіновіч. 

Беларускі паэт.

Першы верш напісаў у 3-м класе. Калі працаваў шахцёрам на Данбасе, пісаў вершы на беларускай і рускай мовах, у Беларусі толькі па-беларуску. Аўтар 6 кніг паэзіі.

Некаторыя яго вершы ўвайшлі ў зборнік выбранай беларускай паэзіі «Агледзіны», у альманахі паэзіі брэсцкіх і баранавіцкіх аўтараў, у калектыўны зборнік «Верш на Свабоду», у анталогію выбранай беларускай паэзіі ХХ стагоддзя «Краса і сіла».

Лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. Калесніка за кнігу паэзіі «Палыновыя кветкі».

Памёр 29 сакавіка 2011 года.

2012 год. Памёр Уладзімір Жбанаў. 

Беларускі скульптар.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Служыў у Афганістане. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы.

Аўтар шматлікіх гарадскіх скульптур у Мінску (“Дзяўчына на лаўцы”, шырока вядомыя “Курыльшчык”, “Дзяўчынка з парасонам”, “Фатограф”, “Экіпаж”, “Дойлід”), Магілёве – “Дама з сабачкам”, “Астролаг (Зорнік)” – Бабруйску, Лідзе, Віцебску, Гомеле, Светлагорску, Глыбокім, Маладзечне, Дзюсельдорфе, украінскім Паўлаградзе («Паручнік Ржэўскі») і іншыя.

Дзень у гісторыі. 14 студзеня. Нарадзіліся дзеячы незалежнасці Адам Чартарыйскі, Алесь Лагвінец, літаратары Канстанцыя Буйло, Мікола Аўрамчык, Вера Вярба, сцэнарыст Андрэй Курэйчык

Стары Новы год. Гэты феномен з`явіўся ў Савецкай Расіі ў выніку каляндарнай рэформы 1918 года. 

24 студзеня 1918 года СНК РСФСР прыняў дэкрэт аб увядзенні грыгарыянскага календара. Пасля 31 студзеня ў 1918 годзе, замест 1 лютага адразу ж наступіла 14 лютага. Ранейшая дата 1 студзеня па юліянскім календары ссунулася на 14 студзеня. Так узнікла новае неафіцыйнае свята, якое атрымала назву “стары Новы год”.

Традыцыя сустракаць стары Новы год захавалася і ў Беларусі, ва Украіне, у Сербіі (Сербскі Новы год, Малыя Каляды), Чарнагорыі (“правільны Новы год”), Македоніі, Грэцыі (Дзень Святога Васіля), Румыніі, у нямецкамоўных кантонах Швейцарыі (“стары дзень Святога Сільвестра”).

Цікава, што новы год у гэтыя дні сустракаюць берберы Алжыра, Марока, Туніса і іншых краін Паўночнай Афрыкі, якія жывуць па ўласным календары. Свята ў бербераў носіць назву Yennayer, вядомае таксама як “мараканскі Новы год”, але афіцыйным яно не з’яўляецца.

 1770 год. Нарадзіўся Адам Ежы Чартарыйскі. 

Польскі і расійскі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік. Намагаўся аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года.

Удзельнічаў у абарончай вайне супраць Расіі (1792). Служыў ад’ютантам и дарадцам Аляксандра I, расійскім міністрам замежных спраў (1804-1806), куратарам Віленскай навучальнай акругі (1803-1824).

Аўтар плана аднаўлення Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. 

Падчас паўстання 1830-1831 гадоў узначаліў Сенат і кансерватыўны Нацыянальны ўрад у Варшаве.

З 1831 года ў эміграцыі ў Англіі, Францыі развіваў праграму аднаўлення незалежнай Рэчы Паспалітай пры падтрымцы заходнееўрапейскіх дзяржаў. Развіваў ідэі славянскага федэралізму без Расіі.

Мецэнат літаратуры і навукі. Аўтар палітычных і публіцыстычных твораў, успамінаў, навуковых даследаванняў, вершаў. 

Памёр 15 ліпеня 1861 года.

1893 год. Нарадзілася Канстанцыя Буйло (Калечыц)

Беларуская паэтэса, Заслужаны дзеяч культуры. 

Яе дэбютны зборнік вершаў “Курганная кветка” (1914) рэдагаваў Янка Купала, афармляў Язэп Драздовіч. 

Аўтар шэрагу п’ес, зборнікаў вершаў, кніг для дзяцей. Многія вершы паэтэсы пакладзены на музыку, песня “Люблю” стала народнай. 

Максім Гарэцкі ў сваёй “Гісторыі беларускай літаратуры” лічыў яе “найбольш выдатнай пасля Цёткі жаноцкай сілай у нашай поэзіі”. 

Памерла 4 чэрвеня 1986 года.

1894 год. Нарадзіўся Пятро Юргялевіч. 

Беларускі мовазнавец.

Працаваў сакратаром Мсціслаўскага райкама партыі, рэдактарам Калінінскай акруговай газеты «Наш працаўнік» (Клімавічы), у Дзяржвыдавецтве, навуковым сакратаром Інстытуту мовазнаўства акадэміі навук, дацэнтам Менскага вышэйшага педінстытута. 

Даследаваў унармаванне беларускай літаратурнай мовы, гісторыю беларускай мовы і гаворак.

У лістападзе 1935 года арыштаваны. Вязень ГУЛАГу.

Працаваў дацэнтам у Гомельскім педінстытуце (1940-1941), дацэнтам і загадчыкам кафедры ў Магілёўскім (1944-1968) педінстытуце.

Аўтар і суаўтар «Вайсковага расейска-беларускага слоўніка» (1933), «Нарысу сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарамі», «Беларуская граматыка: марфалогія» (1958).

Памёр у 1973 годзе ў Магілёве.

1916 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Чарняўскі. 

Беларускі каталіцкі святар Перакладчык Бібліі і Катэхізіса на беларускую мову.

Член ордэна марыянаў.

Ксёндзам служыў у Крэве, Вільні, Вішневе Валожынскага раёна. У 1968 годзе Папам Рымскім прызначаны дарадчыкам пры Кангрэгацыі абрадаў.

Дабіўся папскага блаславення на правядзенне богаслужэнняў па-беларуску. Доўгія гады ён быў адзіным святаром на Беларусі, хто вёў службу на роднай мове.

Памёр 22 снежня 2001 года. Пахаваны ў Вішневе. У 2016 годзе ў Вішневе адкрыўся музей святара.

1920 год. У в. Плёсы (зараз – Бабруйскі раён) нарадзіўся Мікола Аўрамчык. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны пры акружэнні ў 1942 года трапіў у палон, вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты. У красавіку 1945 года вызвалены англічанамі.

Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса, працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісах «Полымя», «Маладосць».

На літаратурную дзейнасць маладога паэта з Бабруйшчыны блаславілі Якуб Колас і Янка Купала.

Аўтар вершаў, больш за 10 кніг паэзіі, зборнікаў вершаў для дзяцей, выбраных твораў, кнігі «Знаёмыя постаці», прысвечанай беларускім дзеячам.

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Дж. Байрана, А. Міцкевіча, Л. Украінкі, І. Франко, М. Джаліля і іншых.

Друкаваўся ў перыядычных выданнях, у тым ліку часопісе «Дзеяслоў».

Разам з Н. Гілевічам суаўтар паэмы “Сказ пра Лысую гару”, у якой з’едлiва апiсвалiся норавы беларускіх лiтаратараў, занятых не творчасцю, а дзялёжкай зямельных участкаў.

Памёр 8 мая 2017 года ў Мінску

1939 год. Нарадзіўся Васіль  Шаранговіч. 

Народны мастак Беларусі, творца ў галіне кніжнай і станкавай графікі. 

Працаваў у выдавецтве «Беларусь», рэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў, дырэктарам Музея сучаснага выяўленчага мастацтва.

Яго працы ў кніжнай графіцы адметныя тонкім разуменнем структуры і ладу літаратурнага твора, паглыбленай пранікнёнасцю ў псіхалогію персанажа, вострым пачуццём гармоніі элементаў афармлення кнігі: «Віленскія камунары» М. Гарэцкага, «3 майго летапісу» і «Новая зямля» Якуба Коласа, «Дзесяць дзён, якія скаланулі свет» Дж. Рыда, «Збор твораў» М. Багдановіча, «Зямля навагрудская, краю мой родны…» і «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, «Старыя беларускія хронікі» У. Караткевіча і шматлікія іншыя.

Аўтар гравюр «Памяці вогненых вёсак» (1979-1985), станковых работ: «Смерць Гражыны» (паводле А. Міцкевіча), «Партрэт Ф. Скарыны», «А хто там ідзе», сэрыі «Край нарачанскі», «Блакада. 1943 год» і іншых.

Памёр 31 снежня 2021 годзе праз два дні пасля смерці жонкі.

1942 год. Нарадзілася Вера Вярба (Гертруда Сакалова). 

Беларуская паэтэса, якая атрымала вядомасць ў 20-гадовым узросце, перакладчыца.

Адна з яркіх прадстаўніц плеяды жанчын-паэтэс, якія сваёй творчасцю аздобілі і ўзбагацілі беларускую літаратуру другой паловы ХХ стагоддзя.

Працавала ва ўпраўленні кніжнага гандлю Дзяржкамітэта па друку, у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Работніца і сялянка», «Беларусь».

Аўтар шматлікіх кніг, зборнікаў паэзіі. Яе творчасць высока ацэньвалі М. Аўрамчык, В. Бечык, А. Куляшоў, В. Рагойша, А. Лойка, захапляла Г. Бураўкіна, іншых літаратараў.

Адзін з вершаў – «Ручнікі» – з першага зборніка быў пакладзены на музыку М. Пятрэнкам, стаў шлягерам «Песняроў».

Пра значнасць яе паэзіі ў культурнай прасторы сведчаць пераклады яе твораў на шматлікія мовы свету.

Памерла 15 ліпеня 2012 года.

На фота: Іван Пташнікаў, Вера Вярба і Іван Чыгрынаў.1962 г.

1944 год. Нямецка-фашыскія карнікі спалілі разам з жыхарамі вёску Ала Шацілкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. 

Вёска не адноўлена пасля вайны, яе тэрыторыя уваходзіць у склад сучаснага Светлагорскага раёна. Стаяла на р. Ала. 

Загублена 1758 жыхароў (100 мужчын, 508 жанчын, 200 старых, 950 дзяцей). Па колькасці ахвяр на 2-м месцы ў Беларусі пасля в. Боркі Кіраўскага раёна. Уратавацца ўдалося толькі 8 жыхарам. 

У 2020 годзе пабудаваны мемарыял на месцы вёскі.

1947 год. Памёр Вацлаў Міхневіч. 

Літоўскі і беларускі архітэктар, прадстаўнік неаготыкі.

Працаваў гарадскім архітэктарам Вільні, заснаваў праектна-будаўнічае бюро Architekt“, быў галоўным інжынерам у міністэрстве шляхоў зносін Літвы.

Аўтар праектаў каля 30 будынкаў у Вільнюсе і каля 30 касцёлаў па ўсёй Літве і ў Беларусі, у тым ліку ў Відзах і ў Дзярэчыне. Найважнейшыя праекты: крыты рынак, Польскі тэатр на Пагулянцы, Зямельны банк. Суаўтар праекта мячэці ў Каўнасе.

На фота: Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Відзах, 59 м. Спрачаецца аб чэмпіёнстве па вышыні з Геранёнскім касцёлам.

1962 год. Пачалася эксплуатацыя нафтаправода «Дружба». 

Па ім транспартуецца нафта з Волга-Уральскай нафтагазаноснай правінцыі ў краіны Усходняй Еўропы. 

Маршрут нафтаправода праходзіць ад расійскага Альмецьеўска да Мазыра, затым разгалiноўваецца: паўночны ўчастак – па Беларусі, Польшчы, Германіі, Латвіі і Літвы і паўднёвы – па тэрыторыі Украіны, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі.

У сістэму ўваходзіць 8900 км трубаправодаў (па Беларусі – 2910 км).

Па нафтаправодзе ў Еўропу да ўвядзення санкцый экспартавалася да  67 мільёнаў тон нафты.

1972 год. Нарадзіўся Алесь Лагвінец. 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, палітолаг, перакладчык.

Скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ, Польскую дыпламатычную акадэмію. 

Працаваў у Еўрапейскім гуманітарным унівэрсітэце, каледжы Саўт-Ўэстэрн (Канзас, ЗША), перакладчыкам у Эўрапарламенце, дарадцай старшыні Руху «За Свабоду» А. Мілінкевіча, намеснікам старшыні Руху.

Член Назіральнай рады Цэнтра беларускіх даследаванняў.  Сурэдактар кнігі «Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты», перакладчык кнігі «Бунт у імя свабоды: забыты беларускі ген?» (сумесна з В. Мазуркевіч).

Лаўрэат «Прэміі Еўропы» нямецкага фонда імя Г. Шварцкопфа «Маладая Еўропа», прэміі імя Льва Сапегі.

Жыве ў Варшаве.

1980 год. Нарадзіўся Андрэй Курэйчык.  

Беларускі і расійскі сцэнарыст, акцёр.

Працаваў памочнікам старшыні Беларускага Саюзу тэатральных дзеячоў, аглядальнікам “Белгазеты”, галоўным рэдактарам АНТ, на кінастудыях у Галівудзе.

Аўтар шматлікіх сцэнароў для беларускіх тэатраў на беларускай і рускай мовах, каля 30 сцэнараў для кіно. Друкаваў свае п’есы ў «Arche», «Полымя», «Нёман», «Першацвет», аўтар 2 кніг.

Movie Research прызнала яго самым паспяховым сцэнарыстам расійскага кіно 2006-2008 гадоў. 

Абладальнік 12 міжнародных прэмій, апошняя – у 2022 годзе – фінская KOURA за  радыё-спектакль пра беларускіх палітвязняў «Галасы новай Беларусі».

17 жніўня 2020 года ўвайшоў у Асноўны склад Каардынацыйнай рады для забеспячэння трансферу ўлады ў Беларусі.

Увосень 2021 года ў сувязі з пераследам за палітычную дзейнасць, эмігрыраваў у Фінляндыю.

2021 год. Памёр Леанід Шчамялёў. 

Народны мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР.

Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка, у Беларускім політэхнічным інстытуце, працаваў Першым сакратаром Праўлення Саюза мастакоў, старшынёй Праўлення Мастацкага фонду.

Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Яго творы вылучаюцца свабоднай пластычнай манерай выканання з выкарыстаннем гучнага колеру і святлоценявых дынамічных эфектаў, адсутнасцю дэталізацыі, экспрэсіўнасцю.

Шмат яго прац прысвечана гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у тым ліку «Палявы трыбунал», «Генерал Даватар», «Першы дзень міру».

Сярод карцін, прысвечаных гістарычным асобам, дзеячам культуры і мастацтва: «Кастусь Каліноўскі», «Рэпін у Здраўнёве», «Леся Украінка».

Псіхалагічная глыбіня, шчырасць характарыстык уласцівы дзясяткам яго твораў пра сучаснікаў.

Не апошняе месца ў яго творчасці займаюць выразныя і маляўніча-пластычныя краявіды: «Вязынка», «Лошыца», «Вясна на Дзвіне», «Зіма ў Ракаве», «Зіма ў Пінску» і іншыя. Аўтар шматлікіх нацюрмортаў.

Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, мастацкага цэнтра «Жыльбел», фондах Саюза мастакоў Беларусі  і Міністэрства культуры Расіі, Траццякоўскай галерэі, абласных краязнаўчых музеях Беларусі і іншых.

Дзень у гісторыі. 13 студзеня. Апошні бой гладыятараў. Забіты Міхоэлс. Спроба захопу вільнюскага тэлецэнтра. Нарадзіліся мастак Хаім Суцін, гісторык Генадзь Сагановіч, гімнаст Віталь Шчэрба

Шчодрык-Васілле, Малання, Васільеў вечар, Васільева каляда (13-14 студзеня). Сустрэча Новага года па юліянскім календары. Пачатак Шчодрага тыдня. 

Шчодрая (другая, мясная, нішчымная, скаромная, багатая, тоўстая) куцця – абрадавая пераднавагодняя вячэра. На ўсе тры куцці (апошняя 18 студзеня) прыкмячалі, якое надвор’е вечарам: калі неба яснае і шмат зорак, то будзе ўраджай на грыбы. 

Свята – кульмінацыя зімовых святак у гонар сонцавароту, галоўнай часткай якой, як і ў час калядаванняў, быў абход двароў, гаспадарак, хат са шчадроўкамі.

У адрознені ад калядак, якія спяваліся пад вокнамі, шчадроўкі – прадстаўленні з казой, конікам, буслам, жоравам, мядзведзем, смерцю – ладзіліся з дазволу гаспадароў у хаце.

14 студзеня зранку дзеці ладзілі Засяванне – “засявалі хаты” – магічна ўплывалі на будучы ўраджай. Яны прыходзілі да сваіх родных з зернем у прыполіку і з прыгаворам “Сею, сею, засяваю, з новым годам віншую, добрага ўраджаю жадаю!” рассыпалі зерне па хаце.

На Васільеў вечар дзяўчыны варажылі аб лёсе, замужжы. Яшчэ да наступу світанка, варылі абрадавую кашу. Калі каша паспявала, чыгун вымалі з печы і аглядалі. Калі ён трэснуў, то гэта прадвесціла бяду. Тое ж самае было звязана і з няпоўным чыгуном. Чырвоная каша, поўная – прадвесціла шчасце ўсёй хаце і шчасце для дачкі. Каша дробная, белая – суцэльная бязладзіца. У Васільеў вечар хадзілі па хатах для збірання пірагоў і свіных ножак. Пастукаўшыся ў вакно заможнай сям’і, шчадроўшчыкі спявалі: “Кішку ды ножкі ў верхняе акенца”.

404 год. Адбыліся апошнія баі гладыятараў у Рыме. 

Назва гладыятар паходзіць ад назвы маленькага двусечнага мяча з шырокім і вострым лязом (лац. Gladius – “меч”). Больш за шэсць з паловай стагоддзяў (з сярэдзіны III стагоддзя да н.э.) бітвы спецыяльна навучаных рабоў і ваенапалонных на залітай крывёй арэне цырка прыводзілі натоўп і патрыцыяў у апантанае захапленне.

Забарону на гэтую крывавую забаўку наклала хрысціянская царква ў згодзе з уладай. У забароне гульняў не апошнюю ролю адыграў такі трагічны выпадак. Падчас фінальнай стадыі паядынку на арэне Калізея, калі пераможца сутычкі рыхтаваўся нанесці апошні ўдар пераможанаму суперніку, на арэну выбег манах, каб спыніць расправу. Натоўп, які прагнуў крыві, закідаў камянямі высакароднага хрысціяніна Альмахуса (Святы Тэлемах). Уражаны здарэннем імператар Флавій Ганорый Аўгуст забараніў баі гладыятараў у Рыме.

Карціна "Пальцы долу" мастака Жан-Ляона Жэрома, 1872. год
Карціна “Пальцы долу” мастака Жан-Ляона Жэрома, 1872. год

1593 год. Памёр Сымон Будны

Вялікалітоўскі гуманіст, асветнік, пісьменнік, грамадскі і рэлігійны дзеяч. Актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху, адзін з заснавальнікаў навуковай крытыкі Бібліі. Прыхільнік кальвінізму, антытрынітарызму.

Адзін з заснавальнікаў кальвінісцкай друкарні ў Нясвіжы, выдавец Катэхізісу, Бібліі Новага Запавету ў перакладзе на беларускую і польскую мовы.

Дамагаўся крытычнага стаўлення да тэкстаў Святога Пісання.  Аўтар публіцыстычных твораў.

Адмаўляў догмат бессмяротнасці душы, Троіцу, прапаведаваў ідэю самаўладства, верацярпімасць, магчымасць маральнага ўдасканалення чалавека па-за Царквой. Заклікаў развіваць уласную культуру і ўласныя традыцыі. У сваіх палітычных поглядах прытрымліваўся ідэі справядлівасці для ўсіх слаёў грамадства.

Памёр з клятвай, што не ведае ніякага Бога і ніякага Хрыста.

У гонар дзеяча пастаўлены помнікі ў Нясвіжы і ў Мінску.

1719 год. Пётр I загадаў паручніку Івану Яўрэінаву і геадэзісту Фёдару Лужыну высветліць, ці мяжуе Азія з Амерыкай. 

Пасланцы праехалі праз Урал, Сібір, морам прайшлі з Ахоцка да Камчаткі,потым уздоўж Курыльскай грады, нанеслі на карту землі, на якіх пабывалі, сабралі з мясцовага насельніцтва ясак і прывялі яго ў рускае падданства. 

У маі 1722 года выхадзец з мсціслаўскай шляхты Іван Яўрэінаў у Казані перадаў Пятру I карту Камчаткі і Курыльскіх астравоў, але галоўная мэта дасягнута не была. Завершыць пачатае было даручана Вітусу Берынгу.

У гонар мсціслаўца названы праліў паміж астравамі Маканрушы і Анекатан Курыльскай грады. 

1841 год. Нарадзіўся Ігнат Здановіч. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, публіцыст.

Скончыў Пецярбургскі, Берлінскі ўніверсітэты. Кандыдат матэматыкі. Збіраў успаміны і звесткі пра філаматаў і філарэтаў, выдаў у Парыжы брашуру «Успамін пра філаматаў і філарэтаў».

У 1863 годзе вярнуўся ў Вільню, быў прызначаны паўстанцкім начальнікам Вільні. Арыштаваны царскімі ўладамі 26 верасня 1863 года. Публічна павешаны 2 студзеня 1864 года на Лукішскай плошчы ў Вільні. 

1893 год. У Смілавічах нарадзіўся  Хаім Суцін. 

Французскі мастак-экспрэсіяніст, адзін з найбольш славутых майстроў нацюрморту.

Карыстаўся інтэнсіўнай, часта падкрэслена пачварнай каляровай палітрай. Партрэты пекараў, слуг, прыбіральшчыкаў – бязлітасныя псіхалагічныя характарыстыкі. Нацюрморты, як правіла, прадстаўляюць мяса, бітую птушку, дзічыну, рыбу на розных стадыях разлажэння.

Яго творы прадстаўлены ў найбуйнейшых дзяржаўных музейных і прыватных сходах розных краін свету. Дзве карціны  “Ева” (1928) і “Вялікія лугі ў Шартры, каля віядука” (1934) знаходзяцца ў карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк» і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

На радзіме, у Смілавічах, у 2008 годзе пры садзейнічанні ЮНЕСКА створана музейная экспазіцыя «Прастора Хаіма Суціна».

Памёр 9 жніўня 1943 года. Пахаваны на могілках Манпарнас у Парыжы.

Хаім Суцін. Дзіцёнак з цацкай

1932 год. Нарадзіўся Віктар Лебедзеў. 

Акцёр тэатра і кіно. Народны артыст.

Пасля сканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, працаваў у Беларускім тэатры юнага гледача.

Яго творчасць была адметная спалучэннем псіхалагічнага аналізу з выразным знешнім малюнкам. Ролі будаваў на эмацыянальных кантрастах, тонка адчуваў жанравыя асаблівасці твора.

Іграў у пастаноўках па творах Я. Купалы, В. Вольскага, І. Мележа, З. Бядулі, А. Астроўскага, М. Горкага, М. Гогаля, У. Шэкспіра і іншых. Здымаўся ў кіно і на тэлебачанні, у тым ліку ў кінафільмах “Апошняе лета дзяцінства”, “Чорны замак Альшанскі”, “Высакародны разбойнік Уладзімір Дуброўскі”.

Памёр 2 снежня 2001 года.

У яго гонар у Мінску, на доме па праспекце Незалежнасці, 42 устаноўлена мемарыяльная дошка.

1935 год. Памёр Мікалай Бліадуха. 

Беларускі геолаг, акадэмік Акадэміі навук БССР, прафесар. Арганізатар геалагічнай службы БССР, складальнік першай геалагічнай карты Беларусі, адзін з заснавальнікаў сістэмнага вывучэння карысных выкапняў у Беларусі.

Узначальваў горны аддзел Упраўлення Савета народнай гаспадаркі БССР,  выкладаў у БДУ, загадваў кафедрай геалогіі, арганізаваў і ўзначаліў  Інстытут геалогіі АН БССР.

Узначальваў экспедыцыі па даследаванні Аршанскай, Магілёўскай і Калінінскай акруг. Вывучаў мелавыя адкладанні і фасфарыты на паўднёвым усходзе краіны.

З яго непасрэдным удзелам былі адкрыты новыя радовішчы мергеляў, крэйды, фасфарытаў, даламітаў, шкляных пяскоў, торфу, сапрапеляў, будаўнічых матэрыялаў, мінеральных вод.

Вынікі даследаванняў з’явіліся падставай для будаўніцтва Крычаўскага цэментавага завода.

Падараваў БДУ уласную вялікую калекцыю горных парод і мінералаў, якая стала пачаткам Музея землязнаўства геаграфічнага факультэта БДУ.

Быў рэпрэсаваны ў 1930-я гады.

1940 год. Скончыўся 810-дзённы дрэйф парахода «Сядоў» у Арктыцы. 

Адным з 15 удзельнікаў экспедыцыі быў ураджэнец в. Цішоўка Магілёўскага раёна Восіп Нядзвецкі, які разам з астатнімі членамі экіпажа атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.

Восіп Нядзвецкі (1908-1959) – другі герой-магілёвец пасля Ота Шмідта. Яго імя носіць бухта на востраве Тыртава (архіпелаг Нордэншэльда). Але на карце Магілёва яго імя мы не знойдзем.

У 1944-1945 гадах быў  начальнікам тэхнічнага забеспячэння 1-й арміі Войска Польскага, у 1945-1946  – начальнікам тэхнічных майстэрняў Гданьскага ваеннага порта.

З 1946 года працаваў на палярных станцыях. Трагічна загінуў пры тушэнні пажара 26 снежня 1959 года на станцыі на мысе Арктычны. Пахаваны ў Маскве, на Ваганькаўскіх могілках.

1948 год. У Мінску супрацоўнікамі дзяржбяспекі быў забіты Саламон Міхоэлс (Воўсі). 

Акцёр, рэжысёр, яўрэйскі грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Народны артыст СССР, лаўрэат Сталінскай прэміі. Адзін з арганізатараў і кіраўнік Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра ў Маскве, старшыня Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта (1942-1948).

У 1923 годзе пастановай ЦВК БССР Маскоўскаму яўрэйскаму тэатру  было нададзена званне секцыі Беларускага акадэмічнага тэатра.

Здымаўся ў фільме беларускай кінастудыі «Вяртанне Нейтана Бекера», быў кансультантам фільма «Шукальнікі шчасця», здымаўся ў фільмах расійскіх кінастудый, у тым ліку, «Цырк» (роля гледача ў цырку, які спявае калыханку на ідышы).

У яго гонар адкрыты маскоўскі Міжнародны культурны цэнтр імя Міхоэлса, названыя плошча ў Тэль-Авіве і вуліца ў Даўгаўпілсе, яму прысвечаны фільмы, песні, у тым ліку А. Галіча, раман братоў Вайнераў «Пятля і камень у зялёной траве».

У 1998 года была прынята пастанова Савета міністраў Беларусі аб усталяванні мемарыяльнай дошкі С. Міхоэлсу на будынку рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага ў Мінску. Але пастанова не выканана.

1961 год. Нарадзіўся Генадзь Сагановіч. 

Беларускі гісторык, археолаг. Доктар габілітаваны.

Працаваў у Інстытуце гісторыі акадэміі навук Беларусі (1984-2005), пакуль не быў звольнены «за парушэнне працоўнай дысцыпліны». Пасля працаваў Еўрапейскім Гуманітарным універсітэце.

Праводзіў раскопкі шэрагу прыватнаўласніцкіх замкаў, у тым ліку Глускага, даследаваў кавальства Беларусі эпохі феадалізму, вывучае ваенна-палітычную гісторыю ВКЛ, гістарычныя сувязі з немцамі ў сярэднявеччы.

Складальнік і адзін з аўтараў зборніка «Імя тваё Белая Русь», аўтар, суаўтар кніг па гісторыі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, у тым ліку «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» (разам з У. Арловым).

Заснавальнік і галоўны рэдактар часопіса «Беларускі гістарычны агляд».

Узнагароджаны медалямі Францішка Багушэвіча Беларускага ПЕН-цэнтра, 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

1972 год. Нарадзіўся Віталь Шчэрба. 

Беларускі спартсмен, гімнаст. Заслужаны майстар спорту СССР, Беларусі. Шасціразовы алімпійскі чэмпіён, 14-разовы чэмпіён свету, 10-разовы чэмпіён Еўропы. Пераможца Гульняў добрай волі (1990, ЗША), чэмпіён Унівэрсіядаў (1993, 1995). Адзін з найлепшых гімнастаў усіх часоў.

У 1992 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт узнагародзіў яго прызам «Джэсі Оўэнса» як найлепшага спартсмен года.

Ад 1996 года жыве ў ЗША, мае ўласную гімнастычную школу, трэнер зборнай ЗША па спартыўнай гімнастыцы.

1991 год. Спроба савецкіх войск захапіць тэлецэнтр у Вільнюсе.

Праз 10 месяцаў пасля заявы Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР аб аднаўленні незалежнасці Літоўскай Рэспублікі, 9 студзеня 1991 года а 16:00 ля будынка Вярхоўнага Савета Літвы сабраўся шматтысячны натоўп пераважна рускамоўнага насельніцтва з лозунгамі: «Далоў парламент! Няхай жыве СоюзССР!».

Рускамоўных грамадзян падтрымаў М. Гарбачоў, які 10 студзеня запатрабаваў аднавіць у Літве Канстытуцыю СССР. У Вільнюс прыбыў спецназ КДБ «Альфа», былі перакінуты з Каўнаса часткі 7-й дэсантнай, з Пскова – 76 дэсантнай дывізій, прыведзена ў баявую гатоўнасць 107-я мотастралковая дывізія. 

У ноч з 10 на 11 студзеня вайскоўцы занялі Дом друку, цягам 11 студзеня былі занятыя рэтрансляцыйны тэлевізійны вузел, грамадскія будынкі. 

Кіраўніцтва Літвы заклікала насельніцтва выйсці на вуліцы і прыняць удзел у ахове будынкаў Вярхоўнага Савета, радыёцэнтра, тэлевежы, а Міністэрства замежных спраў накіравала ў Маскву ноту пратэсту ў сувязі з “акупацыйнымі дзеяннямі савецкіх ваеннаслужачых”. 

У ноч з 12 на 13 студзеня дэсантнікі і група “Альфа” накіраваліся да парламента і на штурм тэлевізійнай вежы. Пры штурме апошняй загінула 14 чалавек, 843 былі параненыя (паводле апошніх даных). 

У гонар гэтых студзеньскіх падзеяў у Літве ўсталявана свята Дзень абаронцаў свабоды – 13 студзеня.

Абаронцы тэлецэнтра ў Вільнюсе. Крыніца delfi.lt

Дзень у гісторыі. 11 студзеня. Міжнародны дзень “дзякуй”. Ягайла атрымаў у жонкі каралеву Ядвігу. Забарона газета «Наша доля». Нарадзіўся мастак Аляксандр Ісачоў

Міжнародны дзень “дзякуй”. 

Свята ініцыявана з падачы міжнародных міратворчых супольнасцяў. Словы ўдзячнасці, якія сказаны з добрымі намерамі, валодаюць магутнай энергетыкай і здольныя матэрыялізавацца ў добрае самаадчуванне, здымаюць дэпрэсіўнае пачуццё і прымушаюць зноў і зноў здзяйсняць добрыя ўчынкі.

Слова “дзякуй” сугучнае ў літоўскай, заходнеславянскіх, украінскай, беларускай, германскіх (ангельскае “thank”, нямецкае “danke”) мовах і звязана са словам з санскрыту “daihya” – “тое, што знаходзіцца ў целе”, “душа”. 

Дзякаваць – аддаваць частку душы: “дзякаваць ад усёй душы”, “вельмi дзякаваць”. 

Слова “дзякаваць” у помніках нашай мовы сустракаецца з XV стагоддзя. 

Псіхолагі лічаць, што словы падзякі – гэта “вусныя пагладжванні”, якія здольныя супакоіць і сагрэць сваёй цеплынёй. Галоўнае, каб словы падзякі вымаўляліся ад чыстага сэрца. 

Невыпадкова здаўна ў народзе існавала вельмі мудрае павер’е – не вымаўляй словы падзякі ў стане раздражнення, у такім выпадку, магічныя словы не дасягнуць мэты і не прынясуць радасці ні вам, ні таму, каму кажаце. Цікава, што і карані таксама сыходзяць значна глыбей простай падзякі.

1386 год. Прадстаўнікі Польшчы ў Ваўкавыску перадалі вялікаму князю Ягайлу акт аб перавыбранні яго каралём польскім і аддачы яму ў жонкі малалетняй польскай каралевы Ядвігі.

Ядвіга (1374-1399) – дачка караля венгерскага і польскага Людовіка Венгерскага і Лізаветы Босніяцкай. На каралеўскі сталец абрана пасля смерці бацькі — у 1384 годзе.

У 1385 годзе заключыла Крэўскую унію. Пасля заключэння шлюбу з Ягайлам, той падарыў Ядвізе ў якасці вясельнага падарунка Магілёў.

Памерла падчас родаў. Доўгі час неафіцыйна ўшаноўвалася ў Польшчы як святая. Беатыфікавана Каталіцкім Касцёлам ў 1986, кананізавана ў 1997 годзе. Дзень успаміну 17 ліпеня.

1395 (1397) год. Памёр Скіргайла Альгердавіч. 

Князь полацкі, троцкі і, магчыма, кіеўскі. 

Удзельнік паходаў супраць крыжакоў (1374-1375). 

Пасля выгнання Андрэя Альгердавіча, княжыў у Полацку (1377-1381). У час перагавораў з Кейстутам захапіў яго ў палон і адвёз у Крэўскі замак, дзе той быў забіты. Стаў князем Троцкім і другой уплывовай асобай у дзяржаве. 

У час заключэння Крэўскай уніі (1385) забяспечыў сабе права застацца праваслаўным. У Мсціслаўскай бітве (1386) перамог смаленскага князя Святаслава Іванавіча і падпарадкаваў Смаленскае княства, на наступны год авалодаў Полацкам і захапіў свайго брата Андрэя Альгердавіча. 

Валодаў Троцкім, Полацкім княствамі, Менскам, Свіслаччу, Бабруйскам, Прапошаскам і іншымі гарадамі, захапіў Віцебск, авалодаў Кіевам. Атручаны ў Кіеве. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

1864 год. У Вільні расстраляны Цітус Далеўскі. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.

Вучыўся ў Віленскай гімназіі, дзе сябраваў з Ф. Багушэвічам. 

Удзельнічаў у рэвалюцыйным студэнцкім руху ў Маскве і Пецярбургу. 

Паплечнік К. Каліноўскага. Паўстанцкі начальнік Вільні. Арыштаваны ў снежні 1863 года. 

Пакараны смерцю на Лукішскай плошчы.

1867 год. У в. Карытнае (зараз Асіповіцкі раён) нарадзіўся Сцяпан Рункевіч.

Беларускі гісторык царквы, архівіст, дзеяч Рускай Праваслаўнай Царквы, грамадскі дзеяч.

Выхаванец і выкладчык Пецярбургскай духоўнай акадэміі, сакратар Сіноду. 

Выдаў 5 выпускаў «Матэрыялаў для гісторыі Мінскай епархіі», «Кароткі гістарычны нарыс стагоддзя Мінскай епархіі…», «Гісторыю Мінскай архіепіскапіі (1793-1832)».

Даследчык гісторыі ўніяцкай царквы і Мінскай епархіі праваслаўнай царквы, гісторыі Рэчы Паспалітай напярэдадні яе падзелу.

Памёр 12 сакавіка 1924 года.

1907 год. Пастановаю Віленскай судовай палаты забаронена газета «Наша доля». 

Рэдактар-выдавец І. Туркенес засуджаны на 1 год крэпасці. 

Поўная назва газеты «Наша Доля. Першая белоруская газэта для вёсковаго і местоваго рабочаго народу. Выходзіць раз у тыдзень рускімі і польскімі літэрамі» – штотыднёвая легальная газета рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, першая легальная газета на беларускай мове. 

Выдавалася ў Вільні з 1(14) верасня да 1(14) снежня 1906 года. Разам выйшла 6 нумароў, з іх 4 былі канфіскаваны. Палова тыражу друкавалася кірыліцай, палова – лацінкай. Разавы тыраж 1-га нумару склаў 10 000 асобнікаў.

У склад рэдакцыі ўваходзілі браты Луцкевічы, А. Пашкевіч (Цётка) і іншыя. 

Газета мела рубрыкі: “Дзеянні ўрада”, “Палітычны агляд”, “Жыццё вёскі”, “Жыццё горада”, “Найноўшыя творы беларускай літаратуры”, “Што чуваць на Белай Русі”, “Новыя кнігі”, “З мінулага Беларус” і іншыя.

1908 год. Нарадзіўся Віктар Заўрыеў. 

Беларускі географ, падарожнік, педагог, прафесар, доктар геаграфічных навук, стваральнік і загадчык кафедры фізічнай геаграфіі замежных краін БДУ. 

Вывучаў Урал, Сібір, Каўказ, Іран, В’етнам, Беларусь. 

Даследчык праблем Палесся, дынамікі палескіх азёр. З  яго імем звязана станаўленне лабараторыі возеразнаўства, кафедраў агульнага землязнаўства, геадэзіі і картаграфіі. Чытаў лекцыі ў розных універсітэтах СССР, Сафійскім, Белградскім, Кракаўскім. 

Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш за 20 кандыдацкіх дысертацый. 

Памёр 14 сакавіка 1976 года.

1937 год. Нарадзіўся Віктар Кухта. 

Беларускі біяхімік. Доктар медыцынскіх навук. Прафесар. Заслужаны дзеяч навукі.

Працаваў прафесарам, загадчыкам кафедры біялагічнай хіміі Беларускага медуніверсітэта.

Аўтар і суаўтар манаграфій, падручнікаў для студэнтаў-медыкаў, 215 навуковых прац. Падрыхтаваў 3 дактароў і 18 кандыдатаў навук.

1947 год. Нарадзіўся Валянцін Яцухна. 

Беларускі географ, ландшафтны эколаг, глебазнавец. 

Працаваў у інстытуце “Белгіпразем”, факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ дацэнтам, загадчыкам лабараторыі экалогіі ландшафтаў. 

Спецыяліст у галіне рацыянальнага выкарыстання, экалагічнай ацэнкі і тэрытарыяльнай арганізацыі аграландшафтаў, прыкладных геаграфічных даследаванняў, планавання землекарыстання, экасістэмных паслуг.

Аўтар больш за 550 навуковых прац. Навуковы эксперт Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем / дэградацыяй зямель.

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Ісачоў. 

Беларускі жывапісец, графік.

Прымаў удзел у двух выстаўках ленінградскіх мастакоў авангардных кірункаў (1974, 1975). 

З 1975 года працаваў у класічнай манеры пісьма. Асноўнымі сюжэтамі яго карцін былі міфалагічныя і біблейскія сюжэты. У стылявым кірунку мастак пачаў арыентавацца на традыцыі еўрапейскага акадэмічнага жывапісу сярэдзіны XIX – пачатку XX стагоддзяў. Пісаў іконы для Рэчыцкай царквы, выканаў роспіс сцен храма ў г. Мазыры.

У лістападзе 1987 года ў Рэчыцы адбылася персанальная выстаўка мастака, якую паглядзела каля 20 000 чалавек. Праз тры дні пасля заканчэння выстаўкі мастак памёр ад сардэчнага прыступу.

Аўтар каля 500 карцін, большасць з якіх былі вывезены за мяжу ў Швецыю, Германію, Францыю, Ізраіль і ЗША.

Памёр 5 снежня 1987 года.

1983 год. Памёр Ціхан Кісялёў. 

Беларускі дзяржаўны і партыйны дзеяч. Герой Сацыялістычнай Працы.

Працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, у партыйных органах, першым сакратаром Брэсцкага абкама, старшынёй Савета Міністраў БССР (1959-1978),  намеснікам Старшыні Савета Міністраў СССР (1978-1980), пасля смерці П. Машэрава стаў першым сакратаром ЦК КПБ.

Пад час яго дзейнасці ажыццяўляліся працэсы аднаўлення пасляваеннай эканомікі, будаўніцтва сучасных гігантаў прамысловасці.

Яго імём названы вуліцы ў Мінску, Гомелі. У Мінску ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

2001 год. Памерла Аляксандра Данілава. 

Заслужаны архітэктар БССР.

Жыла і працавала ў Віцебску. Сярод асноўных работ у Віцебску: забудова вуліцы Кірава, плошчы Перамогі, цэнтральных і паўднёвых раёнаў, плошчы Тысячагоддзя Віцебска. 

Прымала ўдзел у забудове жылых мікрараёнаў у Наваполацку, Оршы. Адзін з аўтараў генпланаў Полацка, Наваполацка, Віцебска, Оршы.

 

Дзень у гісторыі. 2 студзеня. Разрабаванне Кіева. Першы фотаздымак Месяца. Нарадзіліся пісьменнік-фантаст Айзэк Азімаў, вядомыя географы Пятро Лярскі, Іван Пірожнік, палітык Сямён Домаш

1203 год. “Взят бысть Кыев Рюриком и Олговичи и всею Половецьскою землею. И створися велико зло в Русстеи земли, якого же зла не было от крещенья над Кыевом…” – сцвярджае Лаўрэнцеўскі летапіс. 

За кіеўскі сталец вялі барацьбу Рурык Расціславіч са смаленскай дынастыі і Раман Мсціславіч Валынскі. Кіяўляне падтрымлівалі Рамана, у адказ Рурык заклікаў на дапамогу чарнігаўцаў і полаўцаў і падверг Кіеў разрабаванню з масавым вывадам насельніцтва ў рабства, пасля чаго горад страціў ранейшае значэнне.

Разрабаванне Кіева падарвала аўтарытэт і моц Кіева і характарызавала заняпад Паўднёвай Русі яшчэ да Батыева нашэсця. Падчас разрабавання полаўцамі Кіева-Пячэрскай лаўры загінуў Ілля Пячэрскі, магчымы прататып быліннага Іллі Мурамца.

1839 год. Зроблены першы фотаздымак Месяца Луі Дагерам.

Дзякуючы прыліўным сілам Месяц заўсёды звернуты да паверхні Зямлі адным бокам. Па меры таго, як Месяц на працягу месяца абарочваецца вакол Зямлі, адбываецца знаёмы ўсім цыкл змены фаз. З Зямлі бачная толькі частка асветленага боку Месяца, якая на працягу перыяду звароту Месяца бесперапынна мяняецца з-за змены адноснай канфігурацыі Зямлі, Месяца і Сонца.

Луі Дагер прадставіў шырокай грамадскасці працэс атрымання дагератыпу толькі ў жніўні 1839 года.

1864 год. Пакараны смерцю Ігнат Здановіч. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве, публіцыст.

Скончыў Пецярбургскі, Берлінскі ўніверсітэты. Кандытат матэматыкі.

Збіраў успаміны і звесткі пра філаматаў і філарэтаў, у Парыжы выдаў брашуру «Успамін пра філаматаў і філарэтаў».

У лютым 1863 года далучыўся да паўстанцкай арганізацыі, са жніўня – паўстанцкі начальнік Вільні.

Арыштаваны царскімі ўладамі 26 верасня 1863 года.

Публічна павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні.

1918 год. У в. Рымінка Чавускага раёна нарадзіўся Пятро Лярскі

Знакаміты беларускі географ, краязнавец, педагог. Кандыдат геаграфічных навук. Выдатнік народнай асветы БССР і СССР. Ганаровы член Беларускага геаграфічнага таварыства. Чалавек года Магілёўскай вобласці (2006).

Усё свае жыццё прысвяціў служэнню Магілёўскаму педінстытуту, які скончыў.

Аўтар і суаўтар больш за 160 навуковых публікацый і 17 кніг, у тым ліку 3 падручнікаў для ВНУ, 5 школьных падручнікаў па прыродазнаўстве, шэрагу метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў.

Выдаў падручнікі “Дапаможнік па краязнаўству” для геаграфічных спецыяльнасцей, “Геаграфія”, “Землязнаўства і краязнаўства” (у суаўтарстве) для студэнтаў педагагічных факультэтаў вну СССР. З 1970 па 1996 год школьны курс прыродазнаўства вывучаўся па падручніках П. Лярскага.

Папулярызатар геаграфічных ведаў, краязнаўства. Найбольш папулярная яго кніга “Прырода Магілёўскай вобласці” (на рускай і беларускай мовах).

Памёр 25 кастрычніка 2013 года.

У яго гонар устаноўлена шыльда ў Магілёве на будынку корпуса МДУ па вул. Першамайская, 44 (скульптар А.Вараб’ёў), яго імя прысвоена СШ №21 г. Магілёва.

1920 год. У в. Пятровічы Клімавіцкага павета (зараз – Смаленская вобласць) нарадзіўся Айзэк Азімаў. 

Амерыканскі пісьменнік-фантаст, папулярызатар навукі, доктар біяхіміі.

Бацькі – яўрэйскія млынары Хана-Рахіл Берман і Іуда Азімаў разам  сынам у 1923 годзе праз Магілёў імігравалі ў ЗША.

Аўтар каля 500 кніг, галоўным чынам мастацкіх, першым чынам у жанры навуковай фантастыкі, але таксама і ў іншых жанрах: фэнтэзі, дэтэктыў, гумар, і навукова-папулярных у самых розных абласцях – ад астраномі і генетыкі да гісторыі і літаратуразнаўства. 

Аўтар тэрмінаў рабатэхніка, робатыка, пазітронны, псіхагісторыя.

Азімаў разам з А. Кларкам і Р. Хайнлайнам адносіцца да «Вялікай тройкі» пісьменнікаў-фантастаў.

Памёр 6 красавіка 1992 года.

1925 год. Нарадзіўся Яўген Дзямідчык. 

Беларускі вучоны ў галіне анкалогіі і хірургіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Заслужаны ўрач.

Працаваў галоўным хірургам Мінскага гарздраўаддзела, загадчыкам кафедры анкалогіі, прафесарам медінстытута, кіраўніком Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пухлін шчытападобнай залозы Міністэрства аховы здароўя, даследчай групы Інстытута фізіялогіі акадэміі навук.

Даказаў, што вялікі рост захворвання дзяцей на рак шчытападобнай залозы ў Беларусі абумоўлены дзеяннем падвышанай радыяцыі ў выніку аварыі на ЧАЭС.

Прапанаваў метад камбінаванага лячэння хворых неаперабельным тырэоідным ракам і вызначыў эфектыўнасць радыаёдатэрапіі пры лёгачных метастазах рака шчытападобнай залозы ў дзяцей і падлеткаў, якія атрымалі апраменьванне падчас Чарнобыльскай катастрофы. 

Памёр 1 красавіка 2010 года.

1943 год. Нарадзіўся Пётр Нікіценка. 

Беларускі эканаміст. Доктар эканамічных навук, прафесар, Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук.

Працаваў прарэктарам БДУ, першым намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, прафесарам Інстытута павышэння кваліфікацыі пры БДУ, загадчыкам кафедры Акадэміі кіравання, дырэктарам Інстытута эканомікі НАН Беларусі.

Аўтар навуковых прац у галіне нацыянальнай бяспекі, дзяржаўнага кіравання і будаўніцтва, навукова-тэхнічнага, інавацыйнага развіцця, павышэння эфектыўнасці назапашвання капіталу, фондаў і інтэнсіфікацыі грамадскай вытворчасці, методыкі ўстойлівага развіцця ў рэгіянальна-галіновым аспекце.

Аўтар больш за 500 навуковых прац, у тым ліку 33 манаграфій.

1950 год. Нарадзіўся Сямён Домаш

Беларускі апазіцыйны палітык.

Скончыў Бабруйскі аўтатранспартны тэхнікум, Вышэйшую партшколу, Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі.

Працаваў дырэктарам аўтабазы, аўтакамбіната г. Гродна, у Гродзенскім гаркаме КПБ, старшынёй выканкама і гарадскога Савета дэпутатаў г. Ліды, г. Гродна, Гродзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў.

Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў. Падчас лістападаўскага рэферэндуму 1996 года выступіў супраць палітыкі А. Лукашэнкі, падпісаў заяву аб імпічменце прэзідэнту. 

Пасля паражэння апазіцыі вярнуўся ў Гродна: быў віцэ-прэзідэнтам Беларускай праваабарончай канвенцыі, у Кардынацыйнай радзе дэмакратычных сіл прадстаўляў Гродзенскую вобласць, з’яўляўся старшынёй Кардынацыйнага Камітэта «Гродзенская Ініцыятыва». З ініцыятывы Дораша і пры яго актыўным удзеле ў маі 2000 г. створана Кардынацыйная Рада «Рэгіянальная Беларусь». Падпісант Хартыі’97.

Удзельнік сустрэчы прэзідэнта ЗША Біла Клінтана з кіраўніцтвам Вярхоўнага Савета Беларусі.

У 2001 годзе вылучаўся кандыдатам у Прэзідэнты Беларусі, але зняў сваю кандыдатуру на карысць Ул. Ганчарыка.

Памёр за рулём аўтамабіля 9 лютага 2019 года.

1946 год. Памёр ад катаванняў у Бутырскай турме Фабіян Абрантовіч

Беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, каталіцкі святар, прыхільнік беларусізацыі касцёла.

Рэктар Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі. 

Адзін з ідэолагаў і заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя, тэарэтык і практык беларускага ўніяцтва.

1950 год. Памёр Юзаф Ядкоўскі. 

Беларускі краязнавец, заснавальнік гісторыка-археалагічнага музея ў Гродне.

У 1910-1914 гадах падарожнічаў па Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях, рабіў раскопкі, у тым ліку ў Міры.

Стварыў  музей у Гродне (зараз гісторыка-археалагічны музей) і ўзначальваў яго ў 1922-1936 гадах.

Вёў раскопкі ў Ваўкавыску (1925), даследаваў княжацкі храм, Верхнюю і Ніжнюю цэрквы на тэрыторыі Старога замка ў Гродне.

Аўтар прац «Гродна», «Гарадзішча Ваўкавыска»), «Раннесярэдневяковае Гродна ў святле археалагічных раскопак у Гродзенскім Старым каралеўскім замку ў 1932 і 1933 гг.», «Абарончы храм на Каложы ў Гродне».

Засталася нявыдадзенай яго шматтомная праца «Польскія рэліквіі ў Расіі».

Памёр 2 студзеня 1950 года

 

1952 год. У п. Міжрэчча Клічаўскага раёна нарадзіўся Іван Пірожнік. 

Беларускі географ, прафесар, доктар габілітаваны, доктар геаграфічных навук.

Працаваў дэканам геаграфічнага факультэта, загадчыкам кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін БДУ.

Даследчык пытанняў сацыяльна-эканамічнай, рэкрэацыйнай геаграфіі, тэрытарыяльнай арганізацыі турысцкага абслугоўвання.

Працаваў прафесарам Люблянскага, Сілезскага, Кракаўскага ўніверсітэтаў, Акадэміі Паморскай (Польшча).

1986 год. Памёр Уладзімір Тарасевіч

Каталіцкі святар-бенедыкцінец, беларускі царкоўны дзеяч, біскуп, апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў на Захадзе. Доктар багаслоўя.

Напярэдадні Другой сусветнай вайны пераехаў у ЗША.

У 1958-1986 гадах узначальваў беларускую ўніяцкую парафію Хрыста Спаса ў Чыкага. Архімандрыт. Епіскап каталіцкай царквы ўсходняга абраду, адначасова Папам Рымскім прызначаны на пасаду апостальскага візітатара для беларусаў-католікаў заходняга і ўсходняга абрадаў на эміграцыі.

Адзін з заснавальнікаў уніяцкага англа-рускамоўнага часопіса «Церковный голос», выдаваў бюлетэні «Праўда», «Да злучэння».

Памёр 2 снежня 1986 года. Пахаваны на могілках бенедыкцінскага кляштара Св. Пракопа ў Лайле, штат Ілінойс.

1989 год. Памёр ураджэнец Брэста Ілля Мазурук

Савецкі палярны лётчык, Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр авіяцыі. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (1937-1950).

Удзельнічаў у ваенных аперацыях супраць басмачоў у Сярэдняй Азіі, служыў на Далёкім Усходзе, удзельнік будаўніцтва Камсамольска-на-Амуры, начальнік Упраўлення палярнай авіяцыі Галоўпаўночмарпуці, удзельнічаў у высадцы першай дрэйфуючай навуковай станцыі “Паўночны полюс-1”. 

Удзельнік савецка-фінскай, Вялікай Айчыннай войн. Быў камандзірам 1-й перагоначнай авіяцыйнай дывізіі Авіяцыі далёкага дзеяння, кіраваў перагоначнай трасай з Аляскі ў СССР для паставак па ленд-лізе амерыканскіх самалётаў.

Пасля вайны працаваў намеснікам начальніка Навукова-выпрабавальнага інстытута, начальнікам лётнай інспекцыі – намеснікам начальніка Упраўлення палярнай авіяцыі Галоўпаўночмарпуці, удзельнікам паветранай высокашыротнай экспедыцыі «Поўнач-5».

У сакавіку 1957 года разам з лётчыкам А. Паляковым упершыню ажыццявіў пасадку самалёта Ан-2 на вяршыню айсберга ў Антарктыдзе.

Памёр 2 студзеня 1989 года і пахаваны на Траекураўскіх могілках Масквы.

2019 год. Памёр Юры Туронак. 

Беларускі дзеяч і гісторык. Працаваў і жыў у Польшчы. Доктар гісторыі (тэма «Беларусь пад нямецкай акупацыяй»).

Браў актыўны ўдзел у беларускім руху ў Польшчы. Адзін з арганізатараў і старшыня праўлення Варшаўскага аддзела Беларускага грамадска-культурнага таварыства, старшыня Навуковага гуртка таварыства.

Аўтар кніг «Беларускае школьніцтва на Беласточчыне», «Беларуская кніга ў Другой Рэчы Паспалітай», «Беларуская кніга пад нямецкім кантролем», «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі», зборніка «Мадэрная гісторыя Беларусі».

Пасмяротна ўзнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады БНР.

Дзень у гісторыі. 28 снежня. Ураган абрынуў мост, землятрус у Месіне. Нарадзіліся Даніла Васілеўскі, Юрый Якавенка. Сусветны рэкорд па знаходжанні ў ліфце.

Міжнародны дзень кіно (International Cinema Day). 

У гэты дзень у 1895 годзе ў Парыжы ў падвале “Гранд-кафэ” на бульвары Капуцынак прайшоў першы платны паказ кінафільма для першых 35 гледачоў.

Дэманстрацыя фільмаў у Беларусі пачалася ў канцы XIX стагоддзі. У пачатку XX стагоддзя дзейнічала ўжо 56 прыватных кінатэатраў. Першы кінатэатр у Мінску адкрыў у 1900 годзе прадпрымальнік Рыхард Штрэмер у доме Ракаўшчыка на Захар’еўскай вуліцы. У 1908 годзе Рыхард сам пачаў здымаць хранікальна-дакументальныя фільмы. Кінааператары мінскага кінатэатра «Гігант» знялі ў1910-1912 гадах свае фільмы, у тым ліку пра палёты  авіятара Утачкіна над Камароўскім полем у Мінску, «Крушэнне цягніка на станцыі Руднікі».

Першае знаёмства жыхароў Магілёва з дзіўным светам кіно адбылося 10 жніўня 1903 года. Першы стацыянарны “сінематограф” атрымаў у Магілёве пастаянную прапіску ў 1909 годзе – кінатэатр «Чары» (пасля рэканструкцыі 1930-1932 гадоў –  “Чырвоная Зорка”).

1879 год.  Ураган, які пранёсся над усходняй Шатландыяй, абрынуў  цэнтральную частку чыгуначнага маста праз заліў Ферт-оф-Тэй Паўночнага мора.

У ваду ўпаў пасажырскі цягнік Эдынбург – Дандзі, лакаматыў і ўсе шэсць вагонаў. Ніхто з 75 пасажыраў не выжыў.

Па мясцовай легендзе, Карл Маркс, які жыў у той час у Дандзі, павінен быў ехаць на гэтым цягніку, але з-за хваробы перадумаў.

Самы працяглы ў свой час – 3,2 км – Тэйскі чыгуначны мост прастаяў толькі 19 месяцаў. Спраектаваў яго знакаміты інжынер Томас Бауч, які і атрымаў за сваю працу тытул лорда. 

Судовае разбіральніцтва завяршылася суровым вердыктам: “Мост быў дрэнна задуманы, дрэнна пабудаваны і дрэнна абслугоўваўся”.

мост пасля абрушэння

1896 год. Памёр ураджэнец в. Галоўчын (цяпер – Бялыніцкі раён) Лявонцій Галынец. 

Беларускі ўрач. Доктар медыцыны

Першы прыват-дацэнт медыцынскай статыстыкі і геаграфіі кафедры гігіены Імператарскай медыка-хірургічнай акадэмі.

Працаваў ваенным урачом у Магілёве. Даследаваў санітарны стан, натуральны рух (нараджальнасць, смяротнасць, прырост) насельніцтва ў Магілёве. 

Усебакова вывучыў умовы жыцця, асаблівасці фізічнага развіцця асобных сацыяльных груп насельніцтва Магілёва ў залежнасці ад эканамічных, кліматычных і гігіенічных умоў, прыйшоў да высновы аб нізкім адукацыйным узроўні жыхароў.

1908 год. У Вільні заснавана беларускае кнігавыдавецкае таварыства «Наша Хата». 

Заснавальнікамі сталі В. Бонч-Асмалоўскі, Б. Даніловіч, Я. Манькоўскі, А. Уласаў, У. Цэтэрман.

Выпусціла ананімную беларускую паэму «Тарас на Парнасе», «Дзед Завала», Ядвігіна Ш., «Дзядзька голад» С. Віткевіча, «Дым» М. Канапніцкай, «Архіп і Лявонка» М. Горкага, падручнік «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я. Коласа, а таксама навукова-папулярныя кнігі.

У 1911 годзе спыніла дзейнасць у сувязі з эканамічнымі цяжкасцямі.

Марыя Канапніцкая

1908 год. Горад Месіна на востраве Сіцылія стаў ахвярай найстрашэннага прыроднага катаклізму. 

Падземныя штуршкі, сіла якіх дасягала 7,5 балаў па шкале Рыхтэра, забралі жыцці больш як 75 000 чалавек, а выкліканая такім магутным землятрусам хваля цунамі вышынёй 10 метраў змыла і затапіла ўсё, што засталося. Пад разваліны патрапілі больш за 160 000 жыхароў.

Характэрна, што гэты землятрус не належаў да ліку наймацнейшых. Трагедыя Месіны была ў тым, што падземны штуршок адбыўся непасрэдна пад горадам.

1918 год. У в. Багданаўка Хоцiмскага раёна нарадзілася Ніна Ерашова. 

Географ, краязнавец. Кандыдат геаграфічных навук, дацэнт.

Выхаванка геаграфiчнага факультэта Магiлёўскага педiнстытута.

Першы даследчык гісторыі Першай Рускай Палярнай экспедыцыі 1900–1903 гадоў пад кiраўнiцтвам Э. В. Толя.

У 1946–1975 гадах працавала ў Магілёўскім педінстытуце. Вучоны сакратар Магiлёўскага аддзела геаграфічнага таварыства (1963-1975).

Аўтар больш за 50 навуковых прац, у тым ліку дапаможнікаў “Карысныя выкапнi Беларусi”, “Определитель минералов и горных пород”.

Даследчыца глебаў поймы Дняпра ў межах Магілёўскай вобласці, прыроды Краснапольскага, Слаўгарадскага, Хоцiмскага, Чэрыкаўскага раёнаў.

Памерла ў 1993 годзе.

1920 год. Скончыліся баявыя дзеянні Слуцкага паўстання (збройнага чыну) супраць савецкай улады.

Узброенную барацьбу вялі Слуцкі і Грозаўскі палкі 1-й Слуцкай брыгады стральцоў войск Беларускай Народнай Рэспублікі

Першыя баявыя сутычкі адбыліся 26-27 лістапада 1920 года.

Польскія ўлады не падтрымалі паўстанцаў, далі дазвол на ўваход савецкіх 8-й і 17-й стралковых дывізій 16 арміі не толькі ў нейтральную зону, але і ўглыб польскай тэрыторыі.

У гонар паўстанцаў пасталены помнік «Змагарам за волю Беларусі» (1948) ў нямецкім Мітэнвальдзе, у 1990-х гадоў па ініцыятыве БНФ у весках Грозава, Семежава Капыльскага і Чырвоная Слабада Салігорскага раёна былі ўсталяваны памятныя крыжы, памятны знак усталявалі ў прыватным музеі А. Белага ў Старых Дарогах (2007).

У 2017 годзе Слуцкі райвыканкам адмовіў ва ўстаноўцы помніка слуцкім паўстанцам у Слуцку.

1927 год. У Вільні пачаўся I з’езд Таварыства беларускай школы (ТБШ) – культурна-асветнай арганізацыі ў Заходняй Беларусі (1921–1936).

ТБШ імкнулася распаўсюджваць і дапамагаць асвеце сярод беларусаў, пашыраць беларускія школы і беларускую асвету наогул. Перад з’ездам дзейнічала 12 акруговых упраў ТБШ – у Баранавічах, Беластоку, Вілейцы, Гродне, Глыбокім, Косаве, Лідзе, Міры, Навагрудку, Свіслачы, Слоніме і Вільні

I з’езд ТБШ (28-29 снежня 1927, Вільня) пастанавіў дамагацца адкрыцця дзяржаўных беларускіх пачатковых школ, беларускіх гімназій і настаўніцкіх курсаў, семінарыі, стварэння пры Віленскім і Палескім школьных апякунскіх беларускіх аддзелаў, заснавання кафедры беларусазнаўства ў Віленскім універсітэце імя С. Баторыя.

У Рэспубліцы Беларусь ТБШ адноўлена ў 1996 годзе, ліквідавана 17 верасня 2021 года Вярхоўным судом на пазоў Міністэрства юстыцыі.

1965 год. Нарадзіўся Юрый Якавенка

Беларускі мастак-графік. Ганаровы грамадзянін г. Гродна.

Мае больш за 25 міжнародных і айчынных узнагарод за ўдзел у біенале эстампа і кніжнай графікі. Удзельнік больш за 60 персанальных выстаў у многіх краінах Еўропы.

10-ы беларускім мастак – ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў.

Зняў мультыплікацыйны фільм «Месяц». Працуе ў тэхніцы традыцыйнага афорта.

Аўтар ілюстрацый да паэмы Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» і серыі гравюр «alfabeto», якая прысвечана творчаму даследаванню літары.  Кніга «Песня пра зубра» з яго гравюрамі была паднесена ў якасці падарунка Папе Рымскаму Бенедыкту XVI і каралеве Вялікабрытаніі Лізавеце II.

Аздобіў гравюрамі выданне «Песня песняў Саламона».

1971 год. Памёр Дамінік Аніська

Беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, публіцыст

Ваяваў у 1-ю сусветную вайну ў складзе расійскай арміі, служыў у польскай арміі.

Браў удзел у беларускім рэлігійным і грамадскім руху, быў аўтарам віленскай газеты «Беларус», беларускага каталіцкага часопіса «Хрысціянская думка». Аўтар брашур: «Да беларускага народу», «Усё у міласці».

Адзін з відных беларускіх рэлігійных публіцыстаў 1-й паловы ХХ стагоддзя.

У 1939 годзе патрапіў у савецкі палон. У 1942 годзе ўступіў у армію генерала Андэрса, разам з ёю выйшаў у Іран, а адтуль у Палестыну. 

З 1949 жыў у Вялікабрытаніі. Супрацоўнічаў з рэлігійным часопісам «Божым шляхам».

Пахаваны на лонданскіх могілках Святога Панкрата.

1984 год. Памёр Мікола Лобан

Беларускі празаік і мовазнавец. Заслужаны работнік культуры. Кандыдат філалагічных навук.

Працаваў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя».

Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці. У 1986 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 3-х тамах.

Адзін са складальнікаў «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М. Суднікам, 1948,  6-е выд., 1990), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), кіраваў падрыхтоўкай «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5-ці тамах (1977-1984).

1963 год. Памёр Даніла Васілеўскі. 

Беларускі краязнавец, гісторык, літаратуразнавец, педагог.

Актыўны прыхільнік беларусізацыі. Арганізатар Віцебскага губернскага бюро краязнаўства, намеснік старшыні Аршанскага акруговага таварыства краязнаўства, заснавальнік зборніка «Аршаншчына» (1926). Член Аршанскай філіі “Маладняка”

З 1930 года пачаў выкладаць у Магілёўскім педінстытуце, першы дэкан геаграфічнага факультэта. Удзельнік раскопак верхнепалеалітычнай стаянкі Бердыж.

Арыштаваны 9 снежня 1936 года прама на рабочым месцы пры студэнтах і выкладчыках. Высланы на Поўнач.

Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры XIX стагоддзя, беларускага кнігадрукавання, развіцця мясцовай прэсы, краязнаўчыя, гістарычныя, этнаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя праблемы.

Пахаваны ў Феадосіі, Крым.

1972 год. Уведзены ў дзеянне высакагорны каток “Медэа” (“Медэу”). 

Размешчаны ў горнай даліне Мэдэу непадалёк ад Алматы, Казахстан.

Найбуйнейшы ў свеце высакагорны комплекс для зімовых відаў спорту з самым вялікім пляцам штучнага лядовага поля – 10 500 м². 

Высакагор’е і чыстая горная вада для залівання лёду садзейнічаюць дасягненню высокіх вынікаў у канькабежным спорце. Тут устаноўлена звыш 200 сусветных рэкордаў на ўсіх дыстанцыях сярод мужчын і жанчын. 

Алмацінскі каток –  празнаная “фабрыка рэкордаў”.

1987 год. 76-гадовая кіпрыётка Ківелі Папаіаанау захрасае ў ліфце крамы, дзе прабудзе да 2 студзеня.  

Гэта сусветны рэкорд працягласці знаходжання ў ліфтах. Сустрэла ў ліфце яна і Новы год. Ліфт падвіс паміж паверхамі. Харчавалася сеньёра 6 сутак тымі прадуктамі, што набыла. А вось, як спраўляла патрэбу, не паведамляецца. Яе вызвалілі работнікі крамы, калі вярнуліся з навагодніх вакацый.

Дзень у гісторыі. 27 снежня. Асвяшчэнне Сафійскага сабора ў Канстанцінопалі. Нарадзіўся паўстанец, дзед і прадзед грэчаскіх прэм’ер-міністраў Зыгмунт Мінейка. Дзень памяці Мялеція Сматрыцкага

Дзень памяці пакутнікаў Фірса, Леўкія і Калініка (праваслаўны каляндар). 

У народзе верылі, што 27 снежня розная нечысць гуляе па зямлі. Лічылася, што яна не чапае добрых гаспадароў, таму ў хаце чысценька прыбіралі і мыліся самі.

Калі ў гэты дзень пераменлівае надвор’е, будзе адліга. Цёплы дзень прадвяшчае гарачае лета. Калі крумкачы збіраюцца ў чароды і громка крычаць, варта чакаць маразоў. 

537 год. У Канстанцінопалі асвечаны Сабор Святой Сафіі.

Галоўны храмі Візантыйскай імперыі і ўсёй Усходняй хрысціянскай царквы, самы высокі ў хрысціянскім свеце на працягу 1000 гадоў. Імператар Візантыі Юстыніян I Вялікі, па загадзе якога архітэктары з Малой Азіі Анфімій Тралскі і Ісідар Мілецкі ўзвялі гэты сабор, сам заклаў першы камень у яго падмурак і строга кантраляваў будаўніцтва. Пры асвячэнні храма Юстыніян, абышоўшы яго вакол, усклікнуў: “Слава Богу, які прызнаў мяне годным здзяйснення такога цуду. Я перамог цябе, о, Саламон!”.

Вышыня Сафійскага сабора – 55,6 метраў, дыяметр купала – 31 метр. У 1453 годзе султан Мехмед II, які заваяваў Канстанцінопаль, загадаў ператварыць сабор у мячэць, стварыўшы пры гэтым асабіста першую малітву на славу Алаха. Да сабора прыбудавалі чатыры мінарэты, і сабор ператварыўся ў Вялікую мячэць Айя-Сафія, аднак большасць фрэсак і мазаік засталіся цэлымі. У 1935 годзе паводле дэкрэта Атацюрка Ая Сафія стала музеем. Помнік Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА (2020). З 2020 года зноўў мячэць. Усе мячэці ў свеце пабудаваны на ўзор Айя-Сафіі. 

1633 год. Памёр Мялецій (Максім) Сматрыцкі.

Беларускі пісьменнік і рэлігійны дзеяч, праваслаўны архіепіскап Полацкі, Віцебскі і Мсціслаўскі (1620-1628). Вучыўся у Астрожскай, Віленскай, Лейпцыгскай, Вітэнбергскай акадэміях.

Адзін з набольш вядомых прыхільнікаў абнаўлення праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай, рэформы ўніяцкай царквы.

Спачатку быў зацятым абаронцай праваслаўя, членам Віленскага праваслаўнага брацтва, рэктарам кіеўскай брацкай школы, але пасля паломніцтва ў Іерусалім і Канстанцінопаль, прыняў Унію. Папа Урбан VIII у 1631 годзе прызначыў яго архібіскупам. Мялецій лічыў, што кароль і духоўныя ўлады павінны схіліць шляхту да ліквідацыі праваслаўных цэркваў і манастыроў у сваіх уладаннях.

Аўтар палемічных твораў на рэлігійную тэматыку, найбольш аўтарытэтнага падручніка па славянскім мовазнаўстве “Граматыка славенска, правільней сінтагма» (Еўе, 1618—1619) – узор для сербскай, харвацкай, румынскай і балгарскай граматык, неаднаразова перавыдавалася да XIX стагоддзя.

«Граматыка» Сматрыцкага. Выданне 1721 года. Масква

1827 год. Памёр Ян Голанд. 

Беларускі кампазітар нямецкага паходжання, кіраўнік нясвіжскай капэлы, выкладчык музыкі ў Віленскім універсітэце.

Вядомы гамбургскі кампазітар, аўтар опер, сімфоній, кантат, музычных п’ес.

На пачатку 1780-х гадоў стаў дырыжорам нясвіжскай капэлы, ставіў у оперна-балетным тэатры Нясвіжа класічныя творы замежных і мясцовых аўтараў.

17 верасня 1784 года ў Нясвіжы адбылася прэм’ера оперы Я. Голанда «Агатка, або Прыезд пана» – адной з першых опер, што створаны і пастаўлены ў Беларусі ў XVIII стагоддзі, больш за 40 гадоў ішла на сцэнах тэатраў Рэчы Паспалітай.

У Нясвіжы ім напісаны опера «Чужое багацце нікому не служыць» і балет «Арфей і Эўрыдыка» («Арфей у пекле»).

Пасля 20-гадовай працы ў Нясвіжы, 23 гады выкладаў музыку ў Віленскім універсітэце, кіраваў універсітэцкім хорам і аркестрам, напісаў падручнік «Акадэмічны трактат аб сапраўдным мастацтве музыкі».

На сёння творы Голанда адноўлены на беларускай мове.

1906 год. Нарадзілася Аляксандра Саковіч (Іна Рытар). 

Беларуская пісьменніца, мемуарыст, дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША.

Выкладала ў БДУ, Навагрудскай настаўніцкай семінарыі, Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу.

Уваходзіла ў кіраўніцтва Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку.

Аўтар апавяданняў, аповесцей, успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, Я. Лёсіка, П. Бузука, М. Грамыку, У. Ігнатоўскага і іншых. У працах “Лістападаўцы”, “Да гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту”, “Археалагічная экспедыцыя ў 1928 г.”, “Менск у 1930-1931 гадох” паўстае карціна жыцця на Беларусі міжваеннага часу.

Упершыню ў беларускай прозе шырока паказала лёс жанчыны, сямейнае, мацярынскае шчасце якой было разбурана бязлітаснымі катаклізмамі часу.

Памерла 8 студзеня 1997 года.

1923 год. Нарадзіўся Анатоль Вялюгін

Беларускі паэт, празаік, кінасцэнарыст, перакладчык. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, Дзяржаўнай прэміі БССР.

Працаваў у газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя».

Аўтар больш 20 зборнікаў вершаў.

Па яго сцэнарыях пастаўлены два мастацкіх, 40 дакументальных фільмаў, у тым ліку «Бацька Нёман», «Генерал Пушча», «Белая вежа», «Я – крэпасць, вяду бой», «Магілёў – дні і ночы мужнасці».

Перакладчык на беларускую мову твораў М.Лермантава,  Ю. Тувіма, Э. Межэлайціса і іншых, паасобных вершаў У. Маякоўскага, А. Міцкевіча, У. Бранеўскага, М. Ціханава, Л. Украінкі і іншых. Склаў зборнікі «Мы іх не забудзем», «Крывёю сэрца».

Памёр 24 кастрычніка 1994 года. 

1931 год. Нарадзіўся Юрый Карачун. 

Беларускі мастак-графік, мастацтвазнаўца. Заслужаны дзеяч мастацтваў. Дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі (1977-1997).

Асноўныя працы: малюнкі «Сосны», «Крым. Місхор», «Гурзуф»; акварэлі «Першы снег», «Прага».

З’яўляўся аўтарам-складальнікам альбомаў «Янка Купала ў творчасці мастакоў» і «Якуб Колас у творчасці мастакоў», аўтарам кнігі пра народнага мастака БССР Яўгена Зайцава.

Яго працы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім музеі народнай архітэктуры і побыту, Літаратурным музеі Якуба Коласа.

Памёр 11 чэрвеня 1997 года.

1925 год. Памёр Зыгмунт Мінейка. 

Кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў у Ашмянскім павеце. Ганаровы грамадзянін Грэцыі.

Лектар генуэзскай ваеннай школы. Паўстанцкі ваенны начальнік Ашмянскага павета, камандзір атрада. Быў палонены і прыгавораны рускімі карнікамі да расстрэлу. Адбываў катаргу ў Сібіры, з якой збег.

Скончыў акадэмію генштаба ў Парыжы, жыў у Асманскай імперыі і 20 гадоў будаваў чыгункі, масты, каналы ў Балгарыі, Фракіі  Фесаліі і Эпіры. Удзельнік вайны Грэцыі з Турцыяй за Крыт (1891). Папулярызатар Алімпійскіх гульняў у Афінах. Аўтар успамінаў.

Яго зяць – Георгіяс Папандрэу-старэйшы (1888-1968) быў прэм’ер-міністрам Грэцыі, унук – Андрэас Папандрэу (1919-1996), быў прэм’ерам Грэцыі (1981-1989, 1993-1996), праўнук – Георгіяс Папандрэу-малодшы, быў прэм’ер-міністрам Грэцыі ў 2009-2011 гадах.

У гонар Мінейкі названыя сярэдняя школа пры пасольстве Польшчы ў Афінах, вуліца ў Ашмянах.

1932 год. Увядзенне пашпартнай сістэмы

Падпісана пастанова ЦВК і Саўнаркама “Аб устанаўленні адзінай пашпартнай сістэмы па Саюзе ССР і абавязковай прапіскі пашпартоў”. Усе грамадзяне СССР ад 16 гадоў, якія пастаянна пражывалі ў гарадах, рабочых пасёлках, якія працавалі на транспарце, у саўгасах, абавязаны былі мець пашпарты. Сельскае насельніцтва краіны пашпартамі не забяспечвалася, за выключэннем тых, хто пражываў у 10 кіламетровай памежнай зоне.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года пашпарты ўнутры краіны былі адменены, пашпартная сістэма ліквідавана. Усім грамадзянам было дадзена права свабоднага перамяшчэння па ўсёй тэрыторыі краіны. Дэкрэт ад 20 ліпеня 1923 года “Аб пасведчанні асобы” забараняў патрабаваць ад грамадзян абавязковае прад’яўленне пашпартоў і іншых відаў на жыхарства, якія абмяжоўваюць іх права перамяшчацца.

У канцы 1920-х – пачатку 1930-х гадоў дзяржава канчаткова вярнула сабе кантрольныя функцыі, у тым ліку і кантроль за перамяшчэннем насельніцтва. Пашпарты не выдаваліся вайскоўцам, інвалідам і жыхарам сельскай мясцовасці.

1938 год. Указам Прэзідыума Вярхоўнай Рады СССР уведзена званне Героя Сацыялістычнай Працы. 

Першым Героем Сацыялістычнай Працы стаў Іосіф Сталін. Усяго званне прысвоена 20 613 дзеячам, у тым ліку 201 – двойчы і 15 – тройчы. БССР была на 7 месцы па ўзнагародам – 549. Сярод трохразовых Герояў Сацыялістычнай Працы – ураджэнец Мінска акадэмік Я.  Зяльдовіч, сярод двойчы Герояу – палітычны дзеяч А. Грамыка, авіканструктар П. Сухі, сярод 11 Героеў Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы – П. Машэраў, К. Арлоўскі. Героямі Сацыялістычнай працы былі пісьменнікі  К. Крапіва, І. Шамякін, В. Быкаў,  П. Броўка, аграрнікі У. Бядуля, У. Ралько і іншыя.

 

1956 год. Нарадзіўся Аляксандр Рогалеў

Беларускі мовазнавец, краязнавец, даследчык гісторыі тапаніміі Гомельшчыны. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Аўтар звыш 2000 навуковых, навукова-папулярных і краязнаўчых публікацый, у тым ліку шэрагу кніг.

Вывучае паходжанне геаграфічных назваў Беларусі, гісторыю беларускай мовы і этнаса, праводзіць краязнаўчыя даследаванні Гомеля і Гомельшчыны, а разам з тым займаецца «эзатэрычнай лінгвістыкай».

1964 год. Памёр Мікалай Чуркін. 

Беларускі кампазітар і фалькларыст. Адзін з заснавальнікаў беларускай прафесійнай музыкі. Народны артыст.

Настаўнічаў, выкладаў музыку і маляванне, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі ў Баку, Коўне, Вільні,  Мсціславе, Магілёве, Мінску.

Сабраў больш за 3 000 мелодый песень і танцаў розных народаў.

53 беларускія мелодыі ў яго запісе і апрацоўцы змешчаны ў «Беларускім зборніку» Е. Раманава (1910); склаў зборнікі «Беларускія народныя песні і танцы» і «Беларускія народныя песні».

Сярод твораў – оперы паводле твораў Янкі Купалы, творы для дзяцей, музычныя камедыі, сімфаньеты, сімфанічныя сюіты, сюіты і уверцюра «Памяці Янкі Купалы» для аркестра беларускіх народных інструментаў, 11 струнных квартэтаў, хары, рамансы; музыка для драматычных спектакляў; апрацоўкі народных песень і танцаў, песні для дзяцей на словы беларускіх паэтаў.

На доме па вуліцы Кісялёва, 3 у Мінску ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

1979 год. Памёр Іван Ралько. Беларускі літаратуразнавец, крытык, паэт.

Настаўнічаў, працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Аўтар вершаў, зборніка паэзіі, крытычных даследаванняў. Даследаваў праблемы сучаснай паэзіі, гісторыі і тэорыі беларускага вершаскладання. Асобнымі выданнямі выйшлі працы «Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі» – першае ў беларускім літаратуразнаўстве гісторыка-тэарэтычнае даследаванне праблем беларускага верша, «Вершаскладанне: Даследаванне і матэрыялы», «Верш і мова: Праблема тэорыі і гісторыі беларускага верша».

Перакладчык з украінскай і польскай моў.

1998 год. Памёр Навум Кіслік. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Выкладаў у Дрысе, працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя».

Аўтар вершаў, кніг паэзіі, перакладаў, выбранай паэзіі.

Пераклаў на рускую мову раман І. Мележа «Людзі на балоце», творы А. Карпюка, У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», зборнікаў паэзіі Я. Купалы, творы Я. Коласа, М. Багдановіча, П. Броўкі, Р. Барадуліна і іншых.

У 1982 годзе выдаў кнігу перакладаў беларускай паэзіі «Спелый бор».