Дзень у гісторыі. 5 лютага. Святы заступнік Інтэрнету. Нарадзіліся мастак Леанід Шчамялёў, артыст Расціслаў Янкоўскі. Дзень памяці паэта Масея Сяднёва

Агата. Каровіна свята. Апякунства над свойскай жывёлай.

У гэты дзень свяцілі соль, хлеб, ваду, студні. Казалі: «Хлеб святой Агаты ня пусціць бяды да хаты», «Соль святой Агаты бароніць ад агню хаты».

У Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Агата ў каталікоў – 5, у праваслаўных 18 лютага (Святая Агафія).

251 год. Памерла ў вязніцы Святая Агата.

Хрысціянская святая мучаніца з сіцылійскай Катаніі. У маладосці прыняла хрысціянства і захоўвала цноту. Аднак у яе закахаўся нехта Квінтыліян, які пачаў судовы пераслед святой. Агата вытрымала зневажэнне публічным домам, вязніцай і катаваннямі, у тым ліку разарванне і адразанне грудзей. Яе падтрымлівалі малітвы і бачанні Святога Пятра.

Пад час чарговага катавання пачаліся вывяржэнне вулкана Этна і землятрус. Насельнікі Катаніі запатрабавалі спыніць здзекі. Святая Агата вярнулася ў вязніцу, дзе і памерла з малітвай на вуснах.

З пачатку IV стагоддзя Агата шануецца ўсімі хрысьціянамі і лічыцца заступніцай жанчын, якія церпяць ад сэксуальных дамаганняў, ахоўвае ад пажараў, апякунка ад хваробаў свойскай жывёлы.

1637 год. Памёр Іосіф Руцкі.

Беларускі пісьменнік, уніяцкі мітрапаліт Iосіф IV (1613), філосаф, педагог, тэолаг.

Выхадзец з кальвінісцкай шляхецкай сям’і герба «Букраба».

Пад уплывам І. Кунцэвіча перайшоў ва ўніацтва. Значна ўмацаваў пазіцыі Уніяцкай Царквы ў ВКЛ, пастарскія кадры з адукацыяй еўрапейскага ўзроўню. Дамогся ў заснаваных ім духоўных школах навучання на пяці мовах, у тым ліку на беларускай, і тых правоў, якія мелі езуіцкія калегіумы.

У 1613-1637 быў мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Русі. Разам з І. Кунцэвічам з’яўляецца заснавальнікамі сённяшняга Базыльянскага Ордэна.

Пісаў на старабеларускай і старапольскай мовах. Пакінуў багатую эпісталярную спадчыну. Схіляўся на бок дактрыны аб прыярытэтнасці свецкіх уладаў у краіне.

Пісьменнік-палеміст, паслядоўна адстойваў ідэю паяднання ўсіх «вернікаў адзінага народа» на грунце грамадзянскасці. Абураючыся фактамі міжканфесійнай канфрантацыі, ён заклікаў да паразумення, супольнага і мірнага вырашэння спрэчных пытанняў.

1904 год. Нарадзіўся Віктар Кардовіч.

Польскі педагог, грамадскі дзеяч, гісторык.

Працаваў настаўнікам у сярэдніх школах у Заходняй Беларусі, быў дзеячом Саюза вясковай моладзі ў Навагрудку і Саюза вясковай вучнёўскай моладзі ў Вільні.

Аўтар прац па гісторыі асветніцкай і педагагічнай думкі, грамадска-палітычнага руху ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, кнігі «Канстанцін Каліноўскі: Польская рэвалюцыйная дэмакратыя ў студзеньскім паўстанні ў Літве і Беларусі».

Памёр 5 чэрвеня 1982 года.

1916 год. Нарадзілася Валянціна Пашкевіч (Жукоўская).

Беларускі педагог, грамадская і культурная дзеячка. Сястра Раісы Жук-Грышкевіч.

Скончыла гімназію ў Пружанах, Віленскі ўніверсітэт, актывістка Беларускага студэнцкага саюза.

З 1949 года жыла ў Таронта, дзе ўзяла шлюб з грамадскім дзеячом М. Пашкевічам. Прымала актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці, кіравала беларускай суботняй школкай пры царкве Св. Еўфрасінні Полацкай, супрацоўнічала з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў ЗША.

Аўтар падручнікаў “Першая чытанка пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў”, “Беларуская мова” і ангельска-беларускага слоўніка (30 000 слоў) – першага ў Беларусі на аснове амерыканскага варыянту ангельскай мовы.

Памерла 25 сакавіка 2004 года.

1923 год. Нарадзіўся Леанід Шчамялёў.

Беларускі жывапісец, народны мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР.

Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Яго творы вылучаюцца свабоднай пластычнай манерай выканання з выкарыстаннем гучнага колеру і святлоценявых дынамічных эфектаў, адсутнасцю дэталізацыі, экспрэсіўнасцю.

Шмат яго прац прысвечана гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Сярод карцін, прысвечаных гістарычным асобам, дзеячам культуры і мастацтва: «Кастусь Каліноўскі», «Рэпін у Здраўнёве», «Леся Украінка».

Не апошняе месца ў яго творчасці займаюць выразныя і маляўніча-пластычныя краявіды: «Вязынка», «Лошыца», «Вясна на Дзвіне», «Зіма ў Ракаве», «Зіма ў Пінску» і іншыя. Аўтар шматлікіх нацюрмортаў.

Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, мастацкага цэнтра «Жыльбел», фондах Саюза мастакоў Беларусі, Міністэрства культуры Расіі, Траццякоўскай галерэі і іншых.

Памёр 14 студзеня 2021 года.

1930 год. Нарадзіўся Расціслаў Янкоўскі.

Беларускі акцёр. Народны артыст Беларусі і СССР. Брат акцёраў Алега і Мікалая Янкоўскіх. Член Міжнароднай акадэміі тэатра. Ганаровы грамадзяні Мінска.

З 1957 года служыў у Нацыянальным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, у 1995-2010 год – старшыня мінскага  Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

У якасці дэпутата Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990) выступіў у падтрымку замацавання статусу беларускай мовы як дзяржаўнай.

Яго мастацтва адметна актыўнасцю творчага пошуку, вострым драматызмам, сцэнічным тэмпераментам, яркасцю характарыстыкі вобразаў.

Сыграў больш за 160 вядучых роляў у класічным, сучасным і замежным тэатральным рэпертуары, больш за 60 роляў у кіно, у тым ліку, “Служылі два таварышы”, “Я, Францыск Скарына…”, “Корцік”, “Атланты і карыятыды”, “Дзяржаўная граніца. Чырвоны пясок”, “Стацкі саветнік”, “У чэрвені 41-га”.

Памёр 26 чэрвеня 2016 года ў Мінску.

Алег і Расціслаў Янкоўскія

1964 год. Нарадзіўся Уладзімір Ляхоўскі.

Беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук.

Даследаваў праблемы гісторыі культуры і адукацыі, развіцця беларускага нацыянальнага руху, БНР, гісторыю беларускай даваеннай эміграцыі, сацыяльна-палітычныя і гуманітарныя наступствы Першай сусветнай вайны для Беларусі, геапалітычныя і геаэканамічныя аспекты глабальнай і рэгіянальнай інтэграцыі.

Адзін з укладальнікаў зборнікаў «Слуцкі збройны чын 1920…», «Национальная академия наук Беларуси», суаўтар манаграфіі «Гісторыя Пінска: да 915-й гадавіны…».

Выдаў манаграфіі «Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1915—1918 гг.» і «Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый…».

Памёр 6 верасня 2021 года.

2001 год. Ватыкан прызначыў святога заступніка Інтэрнету.

Разглядаліся кандыдатуры святой Рыты Каскійскай, айца Пія, апостала Піліпа, архангела Гаўрыіла, але зацвердзілі Святога Ісідара Севільскага. Раней яго лічылі настаўнікам вучняў і студэнтаў. Дзень гэтага святога – 4 красавіка.

Святы Ісідар жыў у раннесярэднявечнай Іспаніі і быў адным з першых энцыклапедыстаў. З-пад яго пяра выйшла 20-томная праца «Этымалогія», якая стала першай у свеце энцыклапедыяй. У сваёй працы біскуп упершыню прымяніў сістэму крыжаваных спасылак, якая ў некаторым сэнсе – прабацька гіпертэксту.

Карыстачам інтэрнэту, якія вызнаюць каталіцызм, святы Ісідар напэўна бліжэй, чым рунэтчыкам. Так, на сайце Сatholic Online, напрыклад, апублікаваная “Малітва перад выхадам у інтэрнэт”, у якой згадваецца святы.

2001 год. У ЗША памёр ураджэнец в. Мокрае Касцюковіцкага раёна Масей Сяднёў.

Беларускі паэт, празаік. Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Свабода».

Скончыў Мсціслаўскім педтэхнікум, вучыўся ў Мінскім педінстытуце, але яго не скончыў з прычыны арышту 21 кастрычніка 1936 года за дэклямацыю верша Якуба Коласа падчас абмеркавання праекту сталінскай канстытуцыі.

Cасланы на Калыму. У чэрвені 1941 года прывезены ў Мінск на перагляд справы, з набліжэннем нямецкай арміі быў адпушчаны канвоем каля Чэрвеня.

Выкладаў у беларускай гімназіі ў Міхэльсдорфе, у Індыянскім і Норвіскім універсітэтах ЗША, працаваў у Мюнхене галоўным рэдактарам радыёстанцыі «Свабода» (1950-1968).

Аўтар вершаў, перакладаў Гётэ, Рыльке, Гёльдэрліна, раманаў, зборнікаў вершаў, успамінаў, кнігі «Ахвяры бальшавізма».

У 1990-х гадах наведваў Беларусь, у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выдаў кнігі : «Патушаныя зоры» (1992) і «Масеева кніга» (1994).

2003 год. Памёр Нічыпар Пашкевіч.

Беларускі крытык і літаратуразнавец, журналіст. Кандыдат філалагічных навук. Заслужаны работнік культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа за кнігу крытычных артыкулаў «На шырокіх шляхах жыцця».

У гады вайны партызан, камісар партызанскага атрада.

Працаваў у розных СМІ, часопісах, намеснікам дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы акадэміі навук, рэктарам Мінскага інстытута культуры, галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм».

Аўтар навуковых, літаратуразнаўчых артыкулаў, публіцыстыкі, кніг.

2020 год. Памёр Барыс Луцэнка.

Беларускі тэатральны рэжысёр. Народны артыст Беларусі.

Працаваў у Беларускім тэатры імя Янкі Купалы, галоўным рэжысёрам Тэатра-студыі кінаакцёра, Дзяржаўнага рускага тэатра імя М. Горкага, яго мастацкім кіраўніком.

Паставіў шматлікія спектаклі, у тым ліку рок-оперу А. Еранькова «Анджэла і іншыя» па творах А. Пушкіна, спектаклі «Перад захадам сонца» Г. Гауптмана, «Паведамленне Марыі» П. Кладэля, па творах беларускіх і еўрапейскіх аўтараў.

Ставіў спектаклі ў тэатрах Берліна, Вільнюса, Жэневы.
Зняў кінастужку «Раскіданае гняздо», ажыццявіў пастаноўку фільмаў-спектакляў «Зацюканы апостал» і «Вяртанне ў Хатынь».

Займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, быў у аргкамітэце Грамадзянскай (Аб’яднанай грамадзянскай) партыі.

Дзень у гісторыі. 4 лютага. Нарадзіліся Мікалай Радзівіл Чорны, Тадэвуш Касцюшка, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Лявон Баразна. Дзень памяці У. Ігнатоўскага, А. Куляшова

Сусветны дзень барацьбы супраць раку (World Cancer Day, з 2000 года).
Устаноўлены Міжнародным саюзам па змаганні з анкалагічнымі захворваннямі (UICC).

Галоўная мэта – павышэнне дасведчанасці жыхароў планеты пра рак як адно з самых цяжкіх захворванняў сучаснасці, прыцягненне ўвагі грамадскасці да яго папярэджання, выяўлення і лячэння.

Анкалогія выходзіць у Беларусі на першыя пазіцыі ў структуры прычынаў смяротнасці. І ў гэтым «вінаватыя» кардыёлагі. Іх поспехі ў барацьбе са смяротнасцю ад сардэчна-сасудзiстых захворванняў прывялі да павелічэння працягласці жыцця і істотнага старэння насельніцтва. А рак – гэта перш за ўсё доля людзей сталага ўзросту. Адпаведна, сталых больш, захваральнасць вышэйшая.

У 2019 было выяўлена 54 000 новых выпадкаў злаякасных новаўтварэнняў (у 2018 годзе – 53 000). Гэтая лічба штогод павялічваецца на 1 000 выпадкаў. Выключэннем сталі 2020-2021 гады, што звязана з пандэміяй COVID-19.

У Беларусі дзейнічае 14 цэнтраў дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў.

1515 год. Нарадзіўся Мікалай Радзівіл Чорны.

Вялікалітоўскі дзяржаўны, палітычны, культурны і рэлігійны дзеяч, князь Свяшчэннай Рымскай імперыі, магнат. Мянушку «Чорны» атрымаў з-за колеру сваёй барады, чым адрозніваўся ад свайго стрыечнага брата Мікалая Радзівіла Рудога (адпаведна, з рудой барадой).

Удзельнік вайны з Масковіяй 1534-1537 гадоў. Узначальваў Раду ВКЛ і соймы, канцлер ВКЛ, ваявода Віленскі.

Выступаў за суверэннасць ВКЛ у саюзе з Польшчай, спрыяў уключэнню Лівонскага ордэна ў склад ВКЛ, узначальваў правядзенне аграрнай рэформы – валочнай памеры.

Першым з магнатаў прыняў Рэфармацыю, прапагандаваў кальвінізм у ВКЛ, апекваў друкарні ў Нясвіжы і пры Берасцейскім зборы – у апошняй выйшла «Радзівілаўская Біблія».

Памёр 29 мая 1565 года.

1746 год. Нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка.

Ваенны і грамадскі дзеяч, лідар нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай. Удзельнік вайны за незалежнасць ЗША, брыгадны генерал. Ганаровы грамадзянін Францыі.

Адзін з першых афіцэраў-іншаземцаў, які атрымаў з рук Дж. Вашынгтана ордэн Цынцынаці.

Сябе называў літвінам.

Памёр 15 кастрычніка 1817 года. У 1818 годзе яго цела было перавезена ў Кракаў, у 1819 змешчана ў склеп Сабора Святых Станіслава і Вацлава, пантэоне польскіх каралёў і нацыянальных герояў. Унутраныя органы былі асобна пахаваныя на могілках каля швейцарскага Золатурна, а сэрца ў 1927 годзе было перавезена ў капліцу варшаўскага Каралеўскага палаца.

Памяць пра яго захоўваецца ў легендах, паданнях і песнях беларусаў.

У гонар героя названы самая высокая гара ў Аўстраліі, востраў на Алясцы, акруга штата Індыяна, горад у ЗША, тысячы вуліц, плошчаў іншыя аб’ектаў у шматлікіх гарадах Польшчы, ЗША, Беларусі, Швейцарыі, Францыі.

У Мерачоўшчыне дзейнічае сядзіба-музей.

12-13 кастрычніка 1943 года прыняла першы бой пад Леніна Горацкага раёна 1-я пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі.

У пачатку 1990-х гадоў Вярхоўны Савет Беларусі разглядаў магчымасць заснавання ордэна імя Тадэвуша Касцюшкі.

1808 год. У фальварку Панюшкавічы (зараз – Бабруйскі раён) нарадзіўся Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.

Беларускі паэт і драматург, тэатральны крытык. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатра, першы класік новай беларускай літаратуры.

Пляменік і выхаванец магілёўскага біскупа Станіслава Богуш-Сестранцэвіча.

Падчас паўстання 1863–1864 гадоў арыштоўваўся за распаўсюджванні «шкодных для ўрада» ідэй, да самай смерці быў пад наглядам паліцыі. Яго дачка Каміла за сувязь з паўстанцамі была выслана ў Сібір.

Шмат падарожнічаў па Беларусі, Літве, Польшчы, Украіне. Сябраваў з кампазітарам С. Манюшкам. Валодаў некалькімі мовамі, выдатна ведаў беларускую вусна-паэтычную творчасць.

Пісаў па-беларуску і па-польску. Выступаў як драматург і акцёр.

Аўтар оперных лібрэта, драмы «Сялянка» («Ідылія»), у якіх сяляне гавораць па-беларуску, паэтычных твораў, аповесцей, камедый «Пінская шляхта» і «Залёты».

Распрацоўваў новыя жанравыя формы – вершаванае апавяданне і аповесць, баладу.

Арганізатар тэатральнай трупы – першага беларускага тэатра (1840-1852), які выступаў у фальварку Люцынка, у Мінску, Бабруйску, Глуску і іншых месцах, пакуль не быў забаронены ўладамі (паказваліся спектаклі нелегальна да 1856 года).

Імя класіка носяць вуліца ў Мінску, Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ў Бабруйску, тэатральная прэмія, Міжнародны фестываль нацыянальнай драматургіі.

У Мінску ў 2016 годзе адкрыты помнік кампазітару С. Манюшку і В. Дуніну-Марцінкевічу.

1856 год. Навуковай грамадскасці ўпершыню прадставілі неандэртальца.

Парэшткі былі знойдзены ў даліне Неандэрталь у Нямеччыне. Ён жыў каля 150 000 гадоў назад. Меў аб’ём мозгу, блізкі да сучаснага чалавека, але таксама меў спусцісты лоб і надброўныя дугі, нізкую чарапную каробку. У неандэртальцаў упершыню былі знойдзены рытуальныя пахаванні трупаў. І менавіта неандэртальцы пачалі першымі класці памерлым кветкі, ежу, цацкі. Яны зайгралі першую на Зямлі мелодыю на флейце пра што сведчыць знаходка музычнага інструмента з сцегнавой косткі пячорнага мядзведзя з чатырма прасвідраванымі адтулінамі.

Доўгі час лічылася, што неандэртальцы папярэднічалі з’яўленню чалавека сучаснага тыпу, краманьёнцамі. Але высветлілася, што генетычнае разыходжанне паміж сучаснымі людзьмі і неандэртальцамі складае 500 000 гадоў. Некаторы час жылі адначасова з краманьёнцамі.

1878 год. Нарадзіўся Дарафей Бохан.

Беларускі і рускі журналіст, паэт, празаік, перакладчык, крытык.

Удзельнік палітычнай дэманстрацыі ў Пецярбургу, публікацый антыўрадавых матэрыялаў, за што быў у 1907 годзе асуджаны Віленскай судовай палатай на 8 месяцаў турмы і звольнены з войска – штабс-капітан артылерыі.

У 1919-1920 гадах працаваў у Наркамасветы БССР. З 1920 года жыў у Вільні, актыўны ўдзельнік літаратурнага жыцця.

Супрацоўнічаў з дзясяткам беларускіх газет, выступаў з рэгулярнымі аглядамі польскага друку і літаратуры.

Аўтар кніг «Мінскія паданні і легенды», «Адам Міцкевіч. Біяграфічны нарыс», «Дванаццатая кніга (Пра паэзію Ігара Севяраніна)», аповесцей, паэм, зборнікаў паэтычных твораў, артыкулаў пра беларускую, рускую, польскую літаратуру, фельетонаў.

Перакладаў на рускую мову польскую, чэшскую, літоўскую паэзію. Аўтар перакладу «Слова пра паход Ігараў» на сучасную рускую мову. З беларускай мовы перакладаў творы Янкі Купалы, Н. Арсенневай.

У 1939 годзе арыштаваны НКУС і сасланы ў Сібір, дзе ўступіў у польскую армію Андэрса.

Памёр у 1942 годзе ў Тэгеране.

1887 год. Нарадзіўся Фабіян Шантыр.

Беларускі пісьменнік, публіцыст, паэт, перакладчык, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Грамадзянскі муж Зоські Верас, з ёю меў агульнага сына Антона.

Удзельнік рэвалюцыйнага і нацыянальнага руху. У Першую Сусветную вайну служыў наглядчыкам палявога шпіталя ў Бабруйску.

Член Беларускага нацыянальнага камітэта, Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый і партый.

Супрацоўнік Слуцкага ваенкамату, загадчык Смаленскага аддзялення Белнацкама, камісар па нацыянальных справах Часовага ўрада БССР, супрацоўнік Мінскага губернскага ваеннага камісарыята і Асобай харчовай камісіі Заходняга фронту.
Падаў у адстаўку ў знак пратэсту супраць тэрытарыяльнага падзелу БССР. Арыштаваны 29 мая 1920 года і расстраляны.

Друкаваўся ў газетах «Наша ніве», «Дзянніца», удзельнічаў у выданні газеты «Савецкая Беларусь». Аўтар празаічных абразкоў-імпрэсій, апавяданняў, вершаў, публіцыстычных артыкулаў, перакладаў.

1929 год. Нарадзіўся Лявон Баразна.

Беларускі мастак дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, даследчык культуры, актывіст захавання гісторыка-культурнай спадчыны.

У Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце разам Зянонам Пазняком стварыў суполку «Аматары беларускага мастацтва», выступаў у абарону вуліцы Няміга. Ладзіў экскурсіі па старым Мінску, этнаграфічныя экспедыцыі.

Блізкі сябар Ул. Караткевіча.

15 жніўня 1972 года ўвечары Баразна ішоў у сваю майстэрню каля кінатэатра “Перамога” і заступіўся за жанчыну, да якой прычапіліся два хуліганы. Пачалася штурханіна, Баразну ўдарылі нажом у сэрца. Дзяўчына раптоўна знікла. Забойцу і ягонага брата знайшлі, прысудзілі 5 і 8 год турмы. Яны аказаліся сынамі палкоўніка КДБ М. Золатава – начальніка аховы Дома ўрада. Неўзабаве пасля суду іх амніставалі.

Спакою Баразне не далі і пасля смерці. Яго пахаванню замінала міліцыя.

1934 год. Нарадзіўся Арсень Ліс.

Беларускі пісьменнік, літаратуразнавец, фалькларыст. Доктар філалагічных навук.

Настаўнічаў, працаваў рэдактарам Дзяржвыдавецтва БССР, у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.

Даследаваў фальклор, літаратуру, краязнаўства, гісторыю і перыядычны друк Заходняй Беларусі, жыццё і дзейнасць беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, гісторыю культуры.

Адзін з укладальнікаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў шматтомнага акадэмічнага збору «Беларуская народная творчасць», актыўны аўтар універсальнай і галіновых беларускіх энцыклапедый, аўтар і суаўтар падручнікаў для ВНУ.

Аўтар шматлікіх манаграфій, у тым ліку «Браніслаў Тарашкевіч», «Мікола Шчакаціхін: Хараство непазнанай зямлі», «Пётра Сергіевіч», «Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча», кнігі «Цяжкая дарога свабоды», нарысаў пра творчасць мастакоў, навукоўцаў. ,

Аўтар і сааўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў пра Р. Шырму, М. Гарэцкага, Б. Тарашкевіча, А. Смоліча, А. Уласава, М. Доўнар-Запольскага.
Занесены ў беларускую Кнігу гонару «Рупліўцы твае, Беларусь».

Памёр 28 мая 2018 года.

1931 год. Застрэліўся Усевалад Ігнатоўскі.

Беларускі грамадскі дзеяч, гісторык. Першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук (1928-1931). Акадэмік Беларускай і Усеўкраінскай акадэмій навук.

Займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю. Працаваў Членам Часовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ССРБ, наркамам земляробства, асветы, членам Прэзідыума ЦВК БССР (1920-1930), прафесарам БДУ, старшынёй Інбелкульта, першым прэзідэнтам Акадэміі навук і дырэктарам Інстытута гісторыі.

Актыўны распрацоўшчык палітыкі беларусізацыі, барацьбіт за ўзбуйненне БССР. Увёў новую перыядызацыю гісторыі Беларусі.

У 1930 годзе патрапіў пад рэпрэсіі, зняты з паста Прэзідэнта Акадэміі навук.

Выклікаўся на допыты ў ДПУ. Пасля аднаго з іх скончыў жыццё самагубствам. Паводле другой версіі быў застрэлены супрацоўнікамі ДПУ ў сваім доме.

Яго імя носіць Камянецкая цэнтральная раённая бібліятэка, на будынку якой устаноўлена мемарыяльная дошка.

1938 год. Памёр Алесь Гурло.

Беларускі паэт, празаік, перакладчык, лінгвіст.

У Першую сусветную вайну служыў на Балтыйскім флоце, быў цяжка паранены. Удзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, Грамадзянскай вайны.

Працаваў у Наркамаце асветы БССР, газеце «Савецкая Беларусь», у тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта, у Інстытуце мовы акадэміі навук.

Браў удзел у стварэнні тэрміналагічных слоўнікаў; падрыхтаваў і выдаў слоўнік «Тэхнічная тэрміналогія», рыхтаваў слоўнік краўцоўскай мовы Капыля і краёвы слоўнік Капыльшчыны.

Аўтар вершаў, драм, 5 зборнікаў паэзіі, перакладаў на беларускую мову твораў рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.
Арыштаваны ДПУ у 1930 годзе, у 1931 годзе высланы ў Самару на 5 гадоў.

1950 год. Памёр ураджэнец Беларусі Ян Булгак.

Фотамастак, краязнавец і этнограф.

Віленскі майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, «бацька польскай фатаграфіі», адзін з піянераў польскай мастацкай фатаграфіі.

Яго творчасць лічыцца часткай супольнай культурнай спадчыны Беларусі, Літвы і Польшчы.

1978 год. Памёр ураджэнец в. Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Аркадзь Куляшоў.

Беларускі пісьменнік. Народны паэт Беларусі. Заслужаны работнік культуры Украіны.

Першы яго верш быў надрукаваны ў клімавіцкай раённай газеце ў 12-гадовым узросце. У 14 гадоў напісаў верш «Алеся», які пазней стаў песняй на музыку І. Лучанка ў рэпертуары «Песняроў».

Вучыўся ў Мсціслаўскі педтэхнікуме, Беларускім педінстытуце.

Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», на Беларускім радыё, у Саюзе пісьменнікаў, у армейскай газеце «Знамя Советов», служыў у Беларускім штабе партызанскага руху (1943-1945).

Пасля вайны працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», на кінастудыі «Беларусьфільм».

Аўтар вершаў, многіх дзясяткаў кніг паэзіі, зборнікаў, паэм, балад, Збораў твораў у 2-х, 4-х, 5-ці тамах.

Сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце», «Першыя выпрабаванні» (па трылогіі Якуба Коласа «На ростанях») і «Запомнім гэты дзень».

Перакладчык твораў Г. Лангфела, Г. Эрыксана, А. Пушкіна, С. Ясеніна, Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага і шматлікіх іншых.

Лаўрэат Дзвух Дзяржаўнай прэміі СССР за паэмы «Сцяг брыгады», «Новае рэчышча», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы за пераклады вершаў і паэм М. Лермантава, «Энеіды» І. Катлярэўскага і «Спева аб Гаяваце» Г. Лангфела, прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.

Імя паэта носяць вуліцы ў Мінску і ў Магілёве, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Працуе Літаратурны музей А. Куляшова, устаноўлена Літаратурная прэмія імя А.Куляшова.

Цёмнаскурыя паліцэйскія забілі да смерці афраамерыканца: у ЗША новыя акцыі пратэсту

У Мемфісе, штат Тэнэсі, супрацоўнікі паліцыі забілі 29-гадовага цемнаскурага Тайры Нікалса. Пяцёра афіцэраў паліцыі ўжо абвінавачаны ў забойстве і затрыманы. Расавага складніка не выяўлена, бо ўсе паліцэйскія таксама афраамерыканцы. 

Як паведаміла выданне The Guardian, супрацоўнікі праваахоўных органаў спрабавалі  спыніць мужчыну за “неасцярожнае кіраванне аўтамабілем”, хаця пазней кіраўнік дэпартаменту паліцыі Мемфіса заявіў, што парушэння з яго боку не было. Нікалс адмовіўся падпарадкавацца патрабаванню паліцэйскіх, што прывяло да пераследу і яго наступнага затрымання.

На кадрах, якія апублікавала паліцыя Мемфіса, бачна, што афіцэры білі Тайра палкамі, кулакамі і нагамі, у тым ліку па галаве і твары. Лежачы на ​​асфальце, Нікалс клікаў сваю маці. Адзін з афіцэраў двойчы ўдарыў мужчыну па галаве, калі на яго ўжо былі надзеты кайданы, і ён не ўяўляў ніякай пагрозы. Ніхто з афіцэраў не паспрабаваў дапамагчы затрыманаму.

Па дадзеных газеты, Нікалас быў дастаўлены ў бальніцу толькі праз поўгадзіны пасля збіцця. Праз тры дні ён памёр праз “вялікае кровазліццё, выкліканае моцным збіццём”.

Справа забойства Тайра Нікалса набыла грамадскі рэзананс таму, што кадры з месца затрымання былі апублікаваны самім кіраўніцтвам штата. Пяцёра афіцэраў, якія ўдзельнічалі ў збіцці, былі звольнены з паліцыі. Іх абвінавацілі ў забойстве і іншых звязаных з гэтым інцыдэнтам злачынствах, у тым ліку ў перавышэнні паўнамоцтваў і злоўжыванні ўладай.

Пасля публікацыі відэаматэрыялаў пра збіццё тысячы амерыканцаў выйшлі на акцыі пратэсту супраць гвалту паліцыі. Мітынгі плануюцца ў Мемфісе і як мінімум сямі буйных гарадах ЗША, у тым ліку ў Вашынгтоне і Нью-Ёрку.

Розніца паміж гэтай справай і падобнымі выпадкамі смерці афраамерыканцаў пры затрыманні паліцыяй, заключаецца ў тым, што ўсе пяць супрацоўнікаў паліцыі, як і сам Нікалс, з’яўляюцца афраамерыканцамі. Хоць спіс абвінавачванняў, выстаўленых супраць іх, не мае расавага кампанента, адвакаты сям’і Нікалса настойваюць на тым, што праблема заключаецца ў культуры паводзін паліцыі Мемфіса, якая, на іх думку, прасякнутая расізмам у адносінах да афраамерыканцаў.

Нагадаем, што ў чэрвені 2021 года ў ЗША скончыўся судовы працэс па справе аб забойстве з боку паліцыі цёмнага амерыканца Джорджа Флойда. Былому паліцэйскаму супрацоўніку Дэрэку Шовіну было прысуджана 22 гады пазбаўлення волі. Суддзя заявіў, што падсудны “праявіў асаблівую жорсткасць адносна Флойда і злоўжываў сваёй уладай”. 

Для лепшага кантролю за паліцыяй і каб перадухіліць падобныя трагедыі на кожным амерыканскім паліцэйскім замацавана нагрудная відэакамера, якая дазваляе дакладна прасачыць дзеянні служкаў парадку. Як бачна, і гэтая мера не гарантуе выпадкаў празмернай жорсткасці з боку паліцэйскіх. 

Фота з адкрытых крыніц. 

Палёты беларускіх і расійскіх самалётаў у Турцыю пад пагрозай

Вашынгтон патрабуе ад Анкары не запраўляць і не абслугоўваць расійскія і беларускія самалёты амерыканскай вытворчасці. Адпачынак беларускіх турыстаў пад новай пагрозай спынення. 

Турцыя застаецца адной з нешматлікіх краін на еўрапейскім кантыненце, дзе расійскія і беларускія авіякампаніі працягваюць лётаць. Але газета Wall Street Journal са спасылкай на свае крыніцы піша, што ЗША запатрабавалі ад Турцыі прытрымлівацца амерыканскіх санкцый, якія накладзены ў лютым 2020 года супраць расійскіх і беларускіх авіяперавозчыкаў. Ад туркаў патрабуюць спыніць пастаўкі запасных частак і паліва тым самалётам, якія выраблены ў ЗША.

Міністэрства гандлю ЗША афіцыйна пацвердзіла, што нядаўна папярэдзіла замежныя кампаніі авіагаліны пра неабходнасць выканання патрабаванняў амерыканскага экспартнага кантролю адносна расійскіх, беларускіх і іранскіх самалётаў.

Без тэхнічнага абслугоўвання самалётаў амерыканскай вытворчасці, найперш “Боінгаў”, наладжваць рэгулярныя палёты ў Турцыю вельмі праблематычна. 

Фота з адкрытых крыніц

Прыватная ваенная кампанія “Вагнер” прызнана транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй

Злучаныя Штаты Амерыкі прызналі ПВК “Вагнер” злачыннай арганізацыяй і прынялі санкцыі супраць звязаных з ёй кампаній за дзеянні вагнераўцаў у Лівіі, Сірыі, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, Малі, а цяпер і Ўкраіне. 

BBC паведаміла, што Міністэрства фінансаў ЗША афіцыйна абвясціла прыватную расійскую кампанію “Вагнер” на чале з расійскім бізнесмэнам Яўгенам Прыгожыным транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй і ўвяло санкцыі супраць шэрагу кампаній і асоб, звязаных з ёй. У санкцыйным спісе шэсць асобаў і 12 кампаній. 

У прэс-рэлізе міністэрства гаворыцца, што ПВК “Вагнер” на сталай аснове займаецца злачыннай дзейнасцю – “уключаючы масавыя расстрэлы, згвалтаванні, выкраданне і фізічны гвалт у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы і Малі”.

Прадстаўнік Савета нацыянальнай бяспекі ў Белым доме Джон Кірбі заявіў што, “[ПВК “Вагнер”] здзяйсняе жорсткія злачынствы і парушае правы чалавека ва Украіне і іншых рэгіёнах. Мы нястомна будзем працаваць над ідэнтыфікацыяй, уздзеяннем і пераследам тых, хто дапамагае “Вагнер”.

Новы статус ПВК “Вагнер” дазволіць ураду ЗША прымяніць больш шырокія санкцыі супраць груп, якая ваююць ва Украіне, а таксама ў Сірыі, Лівіі і Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы.

Стварэнне прыватных ваенных кампаній для ўдзелу ва ўзброеных канфліктах не прадугледжана расійскім заканадаўствам. Так, артыкул 208 Крымінальнага кодэкса Расійскай Федэрацыі “Арганізацыя незаконнага ўзброенага фарміравання альбо ўдзелу ў ім прадугледжвае 10 – 20 гадоў пазбаўлення волі за стварэнне ўзброенага фарміравання, якое не прадугледжана федэральным законам”.

Нягледзячы на адсутнасць заканадаўчай базы, у цяперашні час толькі ва Ўкраіне ваююць каля 50 тысяч наймітаў Вагнера, з якіх каля 80% байцоў узяты з турмаў. Крымінальная па складзе кампанія цяпер афіцыйна прызнана крымінальнай і злачыннай. 

Фота з адкрытых крыніц. 

Дзень у гісторыі. 27 студзеня. Дзень памяці ахвяр Халакоста. Перамога над татарамі на Альшаніцы. Першая пастаноўка “Паўлінкі”. Абрушэнне даху школы ў Краснаполлі

Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста (International Holocaust Remembrance Day, з 2005 года)

Устаноўлены Генеральнай Асамблеі ААН і прымеркаваны да гадавіны вызвалення канцлагера  Асвенцым у 1945 годзе. 

Прысвечаны трагедыі Халакоста, якая адбылася падчас Другой сусветнай вайны і якая прывяла да гібелі 6 мільёнаў яўрэяў ад рук нацысцкага рэжыму.

Біблейскае слова «Халакост» азначае «усеспаленне» або «ахвяра ўсеспалення». Пад гэтым тэрмінам разумеюць масавае знішчэнне розных сацыяльных і этнічных груп падчас існавання нацысцкай Германіі, жахлівую спробу нацыстаў цалкам вынішчыць габрэйскі народ.

Габрэі Магілёва, 1941 год.

1527 год. Перамога войска ВКЛ на чале з Канстанцінам Астрожскім над войскам крымскіх татараў у бітве на рацэ Альшаніцы. 

На прытоку Дняпра Альшаніцы, паміж Каневам і Кіевам, 7 000 коннікаў вялікага гетмана К. Астрожскага, палявога гетмана Я. Радзівіла, князёў Юрыя Сямёнавіча Слуцкага, Андрэя Неміровіча, Івана і Аляксандра Вішнявецкіх і іншыя дагналі войска татар у 24 000 чалавек на чале з царэвічам Малаем, разбілі іх і вызвалілі 80 000 палонных, вярнулі нарабаваную маёмасць. 

Малай узяты ў палон, а потым забіты. 

Пасля гэтага Крымскае ханства спыніла значныя набегі на землі ВКЛ.

1880 год. Амерыканскі вынаходнік  Томас Эдысан запатэнтаваў электрычную лямпачку. 

Эдысан неяк заявіў: «Мы зробім электрычнасць гэтакай таннай, што толькі багатыя будуць паліць свечкі». 

Ягоная з Дж. П. Морганам кампанія Edison Electric Light да канца 1883 года выпускала 3/4 лямпаў напальвання ў ЗША. Каб заваяваць рынак, Эдысан усталяваў продажную цану лямпачкі 40 цэнтаў пры яе сабекошце 110 цэнтаў. 

Чатыры гады Эдысан павялічваў выпуск лямпачак, зніжаючы іх сабекошт, аднак трываў страты. Калі сабекошт лямпы зваліўся да 22 цэнтаў, а іх выпуск вырас да 1 мільёна штук, ён за адзін год пакрыў усе выдаткі. 

У 1892 годзе кампанія Эдысана з’ядналася з іншымі кампаніямі ў General Electric.

Эдысан атрымаў у ЗША 1093 патэнты і каля 3 тысяч у іншых краінах. Удасканаліў тэлеграф, тэлефон, кінаапаратуру, пабудаваў першыя электравозы, вынайшаў фанограф, прапанаваў выкарыстоўваць у пачатку тэлефоннай гутаркі слова «алё».

1904 год. Нарадзіўся Іван Чымбург. 

Беларускі філосаф, кандыдат філасофскіх навук. Рэктар БДУ.

Скончыў Слуцкую беларускую гтімназію, Саратаўскі ўніверсітэт. Працаваў выкладчыкам у Варонежы, БДУ.

Пасля дэмабілізацыі ў 1944 годзе працаваў загадчыкам кафедры марксізму-ленінізму БДУ, дырэктарам Інстытута гісторыі партыі ЦК КП(б)Б, рэктарам БДУ (1949-1952).

Пры яго рэктарстве была зачынена кафедра гісторыі БССР, адбылося аб’яднанне біялагічнага і хімічнага факультэтаў, некаторых кафедр, пераўтварэнне геаграфічнага факультэта ў геолага-геаграфічны, былі ўтвораны кафедры філасофіі і логікі (яе і ўзначаліў), эксперыментальнай фізікі, глебазнаўства, наладжана праца аспірантуры, навуковых экспедыцый, студэнцкміх навуковых таварыстваў.

У 1952-1970 гадах працаваў у Інстытуце філісофіі і права АН БССР, у Беларускім політэхнічным інстытуце, Мінскім педінстытуце.

Памёр у 1978 годзе.

1913 год. Адбылася першая пастаноўка знакамітай камедыі Янкі Купалы «Паўлінка». 

Была пастаўлена рэжысёрам  А.  Бурбісам у віленскім рабочым клубе «Сокал» сіламі Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў прысутнасці Купалы. 

Выканаўцай ролі Паўлінкі стала Соф’я Маркевіч (Маркевічанка).

На спектакль 1 лютага станоўча адгукнулася газета «Наша ніва».

1935 год. Нарадзіўся Зіновій Бабій. 

Беларускі оперны спявак, акцёр. Народны артыст. Пры жыцці яго называлі «Беларускі Арфей» або «Наш Каруза».

Вучыўся ў Кіеўскай і Беларускай кансерваторыях, працаваў у оперных тэатрах Кіева, Львова, у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі.

Характару голасу і артыстычнай індывідуальнасці спевака ў найбольшай ступені адпавядалі партыі драматычнага плана.

Талент і майстэрскае валоданне голасам дазволілі артысту ствараць непаўторныя вобразы на сцэне, у тым ліку, у класічных операх – Фаўст («Фаўст» Ш. Гуно), Хазэ («Кармэн» Ж. Бізэ), Каніо («Паяцы» Р. Леанкавала), у творах рускіх кампазітараў – Герман («Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С. Танеева), у операх нацыянальнага рэпертуару – Сяргей («Алеся» Я. Цікоцкага).

Меў вялікі канцэртны рэпертуар, які ўключаў 18 сольных праграм з твораў розных эпох і стыляў.

Гастраляваў у Балгарыі, Венгрыі, ГДР, Польшчы, Францыі, Канадзе.

Памёр 27 ліпеня 1984 года ў Мінску. 

1938 год. Расстраляны НКУС Уладзімір Беняшэвіч. 

Гісторык царквы, візантыст, акадэмік Берлінскай, Мюнхенскай і Страсбургскай акадэмій навук.

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, слухаў лекцыі ў Лейпцыгскім, Берлінскім, Гайдэльбергскім універсітэтах. 

Працаваў прафесарам Пецярбургскага / Ленінградскага ўніверсітэта, галоўным бібліятэкарам аддзела рукапісаў Публічнай бібліятэкі, рэдактарам перыёдыкаў “Памятники древнерусского канонического права”, “Обзор трудов по славяноведению, 1908-1913”.

Склаў бібліяграфію па гісторыі, этнаграфіі, мовазнаўстве, літаратуры Беларусі. 

Арыштоўваўся ДПУ ў 1929, 1931 гадах, асуджаны да лагераў. 

Дзякуючы хадайніцтву А. Эйнштэйна, Ф. Нансена і У. Бонч-Бруевіча вызвалены ў 1933 годзе.

27 лістапада 1937 года зноў арыштаваны. Расстраляны разам з двума сынамі і братам.

1955 год. У Магілёве нарадзіўся Аляксандр Саковіч. 

Беларускі пратэстанцкі святар, пастар заснаванай ім поўнаевангельскай царквы «Слова веры».

З 1970-х гадоў у Мінску займаўся падпольным распаўсюджаннем хрысціянскай літаратуры. 

Кіраваў Рэлігійным аб’яднаннем супольнасцяў хрысціян поўнага Эвангелля ў Рэспубліцы Беларусь (РАСХПЭ), ініцыяваў адкрыццё Біблейскага каледжа РАСХПЭ.

З’ехаў на лячэнне ў Дзюсельдорф, дзе і памёр 19 сакавіка 2015 года.

1973 год. Нарадзіўся Валянцін Бялькевіч. 

Беларускі футбаліст. 

У 1991-1996 выступаў за «Дынама (Мінск)». У 1995 быў прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі.

У 1996 перайшоў у «Дынама (Кіеў)». Менавіта ён арганізоўваў ільвіную долю імклівых і паражальных контратак, якія сталі фірмовым стылем «Дынама» канца 1990-х. У 2001 прызнаны найлепшым гульцом украінскага чэмпіянату.

Да кастрычніка 2005 года уваходзіў у нацыянальную зборную Беларусі, за якую згуляў 56 матчаў, забіў 10 галоў, быў адным з лідараў у кваліфікацыі да чэмпіянату свету ФІФА 2002 года.

У 2008 годзе атрымаў украінскае грамадзянства.

«Мозг» каманды, прыроджаны плэймейкер, «дырыжор» гульні, які здольны адной вострай перадачай вырашыць лёс матчу. Вельмі тэхнічны і элегантны футбаліст, ад гульні якога заўзятары атрымлівалі велічэзнае эстэтычнае задавальненне. Майстар звышдакладных перадач, футбаліст, які «гуляе» галавой і цудоўна «бачыць» поле.

Адрозніваўся джэнтэльменскімі паводзінамі на полі. Абіраўся капітанам і віцэ-капітанам каманды.

Памёр 1 жніўня 2014 года ў Кіеве.

2004 год. У выніку абрушвання даху ў школе ў Краснаполле загінула 4 чалавекі. 

Трагедыя адбылася а 10:28 раніцы ў спартыўнай зале СШ №1 у  Краснаполлі: абрынулася сцяна, а за ёй і столь. Падчас трагедыі ў зале знаходзілася каля 40 чалавек. Загінуў настаўнік П. Любашэнка і трое вучняў.

Дах мог накрыць 250 чалавек.

Трохпавярховая школа была адкрыта ў 2002 годзе. Будаўніцтва было пачата ў 1988 годзе, але закансервавана на 11 гадоў з-за недахопу грошай.

На думку спецыялістаў, трагедыя можа быць вынікам памылкі праекціроўшчыкаў ці тых, хто праводзіў паўторную экспертызу будынка пасля кансервацыі.

Разбор даху школы ў Краснаполлі, 2004 год.

2003 год. Памерла Ніна Абрамчык (Ляўковіч). 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, пісьменніца, паэтка, фалькларыстка.

Была членам Беларускага студэнцкага саюза ў Вільні, настаўнічала на Пружаншчыне.

З 1941 года жыла ў Берліне, дзе пабралася шлюбам з Міколам Абрамчыкам, будучым Прэзідэнтам Рады БНР, потым у Парыжы. 

Працавала ў газеце «Раніца» і Беларускім камітэце самапомачы, старшынёй Аб’яднання беларускіх жанчын у Францыі, у парыжскім Музеі чалавека. Удзельнічала ў міжнародным кангрэсе «Мацярынскае жыццё», арганізаваным у 1947 годзе Жаночым грамадзянскім і сацыяльным хаўрусам.

У Германіі выдала «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Ад родных ніў» Л. Геніюш, апрацавала і выдала ў 1942-1943 гадах кнігі «Беларусь у песнях», «Гісторыя Беларусі ў картах», «Калядныя песні», «Пад гоман вясёлы»

Аўтар вершаў, апавяданняў, даследаванняў па фалькларыстыцы і этналогіі, па гісторыі і значэнні колераў у беларускай культуры «Couleurs de Biélorussie (Belarus)» (Колеры Беларусі).

Пахавана ў Парыжы на могілках Пэр-Ляшэз каля свайго мужа.

Газпрамбанк адключаюць ад доларавых плацяжоў 27 студзеня

Апошні з буйных расійскіх дзяржаўных банкаў страціў доступ да карэспандэнцкіх рахункаў ЗША, без якіх аперацыі ў доларах немагчымыя.

Газпрамбанк – трэці ў Расіі банк па велічыні актываў спыняе пераводы ў доларах з 27 студзеня, паведаміла ў аўторак прэс-служба банка. Фактычна ЗША адключылі апошні буйны расійскі дзяржаўны банк ад долараў.

Пасля пачатку ўварвання ва Ўкраіну Банк Расіі на чале з Эльвірай Набіўлінай быў ліквідаваны як суб’ект сусветнай фінансавай сістэмы, яго рахункі былі арыштаваныя. З лета і іншыя расійскія банкі масава атрымлівалі лісты ад амерыканскіх контрагентаў пра закрыццё іх доларавых рахункаў. У выніку да канца жніўня ў Расіі практычна не засталося банкаў, якія мелі доступ да асноўнай разліковай валюты свету.

Газпрамбанк з лета заставаўся адзіным з вялікіх дзяржаўных расійскіх банкаў, які захоўваў доступ да міжнароднай сістэмы плацежнай сістэмы Swift. Фактычна ён стаў новым цэнтральным банкам Расіі. За гэты час банк назапасіў залішнюю валюту ад нафты і газу на сваіх рахунках.

Але цяпер санкцыі паўплывалі і на Газпрамбанк. Гэта можа паставіць пад пагрозу мільярды долараў ад сыравіны, якія расійскія кампаніі атрымалі ў 2022 годзе.
Адключэнне яго прывядзе да фактычнага прыпынення гандлю ў доларах у Расіі.

Цяпер банк просіць кліентаў не карыстацца сваімі паслугамі для пераводу долараў, а таксама запэўнівае, што і людзі, і юрыдычныя асобы захаваюць “бесперапынны доступ да сваіх грошай”. Банк будзе працягваць пераводы ў іншых валютах, сцвярджае яго прэс-служба.

Больш падрабязна даведацца пра сітуацыю ў Газпрамбанку можна ў публікацыі Frank Media і на канале РБК.

Дачка Газпрамбанка – Белгазпрамбанк пакуль аперацыі з доларамі здзяйсняе.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 26 студзеня. Перамога на Уле. Расстрэл уніятаў. Самы вялікі ў свеце алмаз. Выжыць пры падзенні з 10 кіламетраў. Беларуская мова стала дзяржаўнай. Памерлі Алесь Адамовіч, Уладзімір Мулявін.

  Міжнародны дзень мытніка (International Customs Day, з 1983). 

Прафесійнае свята ўсіх працаўнікоў мытных службаў планеты. Устаноўлена да 30-годдзя Сусветнай мытнай арганізацыі (World Customs Organization). На сённяшні дзень Сусветная мытная арганізацыя аб’ядноўвае 182 дзяржавы-члены, якія кантралююць 98% усяго міжнароднага гандлю.

Беларусь уступіла ў Сусветную мытную арганізацыю ў 1993 годзе.

У Вялікім Княстве Літоўскім мытня месцілася ў каморы. Мыта (цло) збіралі з купцоў за правоз тавараў праз мяжу і па землях ВКЛ.

1564 год. Войскі ВКЛ у ходзе Лівонскай вайны разбілі маскоўскую армію на рацэ Ула.

Вялікалітоўская кавалерыя ў 10 000 шабель на чале з вялікім гетманам Мікалаем Радзівілам Рудым, Р. Сангушкам і Р. Хадкевічам  перамагла 24-тысячную маскоўскую армію П. Шуйскага на рацэ Уле на Іванскіх палях пад Чашнікамі. 

Імклівая франтальная атака, спалучаная з нападам з тылу, павярнула маскоўцаў наўцёкі, якіх гналі «5 міляў» і значную частку ўзялі ў палон. 

Мясцовыя сяляне не толькі прыносілі важныя звесткі пра рух маскоўскага войска, але і ўдзельнічалі ў бітве. Ваяводу Шуйскага забіў сякерай адзін з мясцовых сялян. 

Гэтая перамога, разам з наступнай перамогай на Дуброўне пад Оршай у тым жа годзе, сарвала планы вялікага маскоўскага паходу 1564 года.

1617 год. Мінскі кашталян Пётр Тышкевіч пацвердзіў права мусульман на мячэць пабудаваную ў Татарскай слабадзе. 

Слабада ўзнікла ў сувязі з пасяленнем тут у пачатку XVI стагоддзя ўзятых у палон крымскіх татараў, якія ўдзельнічалі ў набегах на беларускія землі і былі разбітыя пад Клецкам у 1506 годзе, хаця існуе меркаванне, што масавае пасяленне палонных татараў у Мінску ўзнікла значна раней, яшчэ ў часы вялікага князя Вітаўта. 

Першая драўляная мячэць з’явілася ў Мінску ў 1599 годзе, на яе месцы на пачатку 1900-х гадоў быў узведзены мураваны будынак, разбураны ў 1962 годзе для будаўніцтва гасцініцы «Юбілейная». Каля мячэці знаходзіўся мізар, які таксама быў знішчаны ў 1960-я. 

На тэрыторыі краіны было больш за 10 мячэцей, зараз засталіся ў Іўе, Мінску, Смілавічах, Навагрудку, Слоніме. 

Мінская мячэць, 1918.

1690 год. Памёр Марцыян Аляксандр Агінскі. 

Дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Адзін з уплывовых магнатаў. Чашнік, стольнік, крайчы і канцлер вялікі літоўскі, ваявода троцкі.

Граф «на Дуброўне», меў ва ўласнасці многія землі, у тым ліку Рагачоўскае староства.

Удзельнік Паўночнай вайны (1655-1660), вайны з Маскоўскай дзяржавай (1654-1667). На чале ўласнага палка браў удзел у Хоцінскай бітве (1673). Удзельнік падпісання «Вечнага міру» (1686) з Масковіяй.

Сябар праваслаўнага Віленскага Святадухаўскага і Магілёўскага Богаяўленскага брацтваў.

1784 год. Бенджамін Франклін выказаў шкадаванне аб тым, што арол стаў сімвалам ЗША, заяўляючы, што ён упадабаў бы індычку. 

Пасля абвяшчэння незалежнасці першых штатаў ЗША ў 1776 годзе перад амерыканцамі стаў выбар – каго лічыць нацыянальным сімвалам. Эмблемай свабоднай Амерыкі вырашана было зрабіць толькі тую птушку, якая насяляе толькі ЗША.

Такіх выявілася дзве – белагаловы арлан і дзікая індычка. Спрэчкі працягваліся цэлых 6 гадоў. Бенджамін Франклін быў катэгарычна супраць арлана, лічыў яго ганебным, баязлівым і злосным: “Гэта птушка нізкай маралі, як тыя людзі, хто жыве жорсткасцю і рабаваннем. Індычка ж, хоць дурная і самазадаволеная, але ўсё ж лепшы выбар.”

1874 год. Пры абароне сваёй царквы ад ператварэння яе ў праваслаўную загінула 13 беларускіх сялян-уніятаў з в. Пратулін на Падляшшы. 

500 уніятаў вёскі, узброеныя каламі, занялі абарону вакол царквы, каб не пусціць туды праваслаўнае духавенства. Супраць вернікаў 2 роты царскіх салдатаў ужылі зброю: 9 чалавек забіта, з 14 цяжка параненых 4 памерлі. Аналагічныя сутыкненні уніятаў з войскамі адбыліся ў вёсках Дралёва (загінула 5 чалавек) і Палубічы.

У 1875 у Парыжы ў іх гонар быў выбіты медаль з надпісам «Братам-русінам, замардаваным маскоўскім царызмам, за вернасць царкве і Польшчы. 1874» з імёнамі 18 уніятаў, забітых у Пратуліне і Дралёве. 

6 кастрычніка 1996 года 13 падляшскіх мучанікаў урачыста беатыфікаваны ў Рыме.

1905 год. У Паўднёвай Афрыцы знойдзены самы вялікі ў гісторыі чалавецтва алмаз “Кулінан” – 3106 каратаў, 621,2 грам. 

Выпадкова вынайдзены кіраўніком рудніка “Прэм’ер” Ф. Уэлсам пры вячэрнім абыходзе, калі ён заўважыў яркі бляск і зіхаценне, якія зыходзілі з кропкі на сценцы кар’ера. 

Сваю назву атрымаў у гонар уладальніка рудніка Т. Кулінана. Камень дзівіў усіх не толькі сваімі вагой і  памерам 10 x 6,5 x 5 сантыметраў – з’яўляўся абломкам буйнейшага крышталя, – але і дзіўнай чысцінёй, поўнай адсутнасцю мінеральных уключэнняў, бурбалак і расколін. 

Кошт дыямента быў такі высокі, што на працягу шэрагу гадоў на яго не знаходзілася пакупніка. Ён два гады быў выстаўлены на ўсеагульны агляд у банку ў Ёханэсбургу. 

Камень быў набыты за 150 000 фунтаў стэрлінгаў і падораны англійскаму каралю да дня яго нараджэння 9 лістапада 1907 года. 

Сучасныя эксперты-гемалогі лічаць, што пакупнікам унікальны камень дастаўся практычна дарма: па цэнах таго часу яго кошт складаўся не менш за 8 мільёнаў фунтаў, а цяперашні эквівалентны кошт – 94 тоны золата. 

У 1908 годзе “Кулінан” вырашана было разбіць на часткі і аграніць. Для гэтага яго адправілі ў Амстэрдам да знакамітых ювеліраў братам Асскор. Алмаз быў расколаты на 9 буйных частак і каля 100 дробных. 

Агранка камянёў была завершана ў 1912 годзе. Было атрымана 105 дыяментаў агульнай вагой 1063,65 карата, 34,25% ад масы зыходнага каменя. 9 самых буйных і знакамітых дыяментаў складаюць гонар англійскай кароны.

1947 год. Нарадзілася Святлана Акружная. 

Беларуская актрыса. Народная артыстка Беларусі.

Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1969 года працуе ў Беларускім нацыянальным драматычным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа.

Сыграла больш за 30 роляў у тэатры, а таксама ў кіно, у тым ліку, у фільмах “Плач перапёлкі”, “Зацюканы апостал” і іншых. Пра яе асаблівы талент напісана больш 450 нарысаў і артыкулаў у кнігах, часопісах, газетах і біяграфічных даведніках, зняты дакументальны фільм «Святлана» (рэжысёр А. Трафіменка).

1961 год. Нарадзіўся Уэйн Грэцкі

Знакаміты канадскі хакеіст. Унук выхадца з Гродзеншчыны Цярэнція Грэцкі. 

Адзін з самых вядомых спартсменаў XX стагоддзя. У Нацыянальнай хакейнай лізе, дзе Грэцкі атрымаў мянушку «Вялікі», ён усталяваў 61 рэкорд і неаднаразова заваёўваў індывідуальныя прызы Лігі, уключаючы 9 прызоў самаму каштоўнаму гульцу і 10 — лепшаму бамбардзіру сезону. 

Быў у ліку 5 спартсменаў, якія запалілі агонь Алімпіяды-2010 у Ванкуверы. 

Увайшоў у сімвалічную зборную стагоддзя «Centennial All-Star Team» Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай.

1972  год. Югаслаўка Вясна Вулавіч засталася жывой пасля падзення з самалёта з вышыні 10160 метраў. Рэкорд Кнігі Гінэса. 

Самалёт югаслаўскай кампаніі JAT, на якім яна была сцюардэсай, пралятаючы над нямецкай вёскай Хінтэрхермсдорф, узарваўся ў паветры, а яго абломкі ўпалі ў раёне чэхаславацкай вёскі Србска-Камяніцы. 

Вуловіч аказалася адзінай выжылай у гэтым рэйсе, паколькі знаходзілася ў хвасце самалёта і была прышпілена рамянямі бяспекі. 

Яна была некалькі сутак у коме, правяла некалькі месяцаў у шпіталях: пералом чэрапа, зламаныя абедзве нагі і тры пазванкі, з-за чаго некаторы час была паралізаваная ніжэй пояса. 

Пасля трагедыі, ужо не змагла быць сцюардэсай і працавала ў кампаніі JAT на адміністрацыйнай пасадзе.

1990 год. Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон «Аб мовах». Абвяшчэнне беларускай мовы дзяржаўнай. 

Закон аб мовах павінен быў спыніць татальную русіфікацыю Беларусі. Беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай у Беларусі, расійская мова — «мовай міжнацыянальных зносін».

Але на Рэферэндум 1995 года, разам з іншымі пытаннямі, першым было вынесена: «Ці згодныя вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай?». 

Улетку 1998 года у Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» былі ўнесены змены і дапаўненні. У адпаведнасці з імі была выключаная ўзнёслая прэамбула Закона і ўстаноўлены ў якасці дзяржаўных моваў беларуская і руская мовы. 

З прыняццем новай рэдакцыі Закона аб мовах ад 13 ліпеня 1998 года было спынена прыярытэтнае развіццё беларускай мовы, як і адменена дзяржаўная праграма яе развіцця.

Некаторыя сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што 1/3 беларусаў заяўлялі пра свабоднае валоданне беларускай мовай, але толькі каля 6 % беларусаў гавораць, што ўвесь час карыстаюцца беларускай мовай, амаль 74 % увесь час карыстаюцца рускай, а 21 % не карыстаюцца беларускай мовай наогул.

У афіцыйнай сферы выкарыстанне беларускай мовы вельмі абмежаванае. Справаводства ў Беларусі амаль цалкам рускамоўнае.

Назвы населеных пунктаў на дарожных паказальніках падаюцца, у асноўным, на беларускай мове, хоць часам сустракаюцца і рускамоўныя шыльды.

Удзельная вага вучняў школ з беларускай мовай навучання каля 10% і яна мае тэндэнцыю да скарачэння.

8 лістапада 2021 года Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.

1994 год. Памёр Алесь Адамовіч. 

Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч.

Крытык, навуковец, кінасцэнарыст, публіцыст. Доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР, Саюза журналістаў СССР і Саюза кінематаграфістаў. 

Дырэктар Усесаюзнага НДІ кінематаграфіі, сустаршыня Міжнароднага фонду «Дапамога ахвярам Чарнобыля». Народны дэпутат СССР. Удзельнік працы Сойму БНФ. 

Найбольш вядомы па творах, якія экранізаваны – «Вайна пад стрэхамі», «Сыны сыходзяць у бой» (аўтар і выканаўца песень У. Высоцкі), «Хатынская аповесць», «Я з вогненнай вёскі», «Карнікі» (ляглі ў аснову сцэнару кінафільма «Ідзі і глядзі»).

Суаўтар «Блакаднай кнігі», аўтар серыі артыкулаў пра творчасць Максіма Гарэцкага, кніг публіцыстыкі.

У п. Глушы Бабруйскага раёна, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка, ёсць вуліца яго імя, у 2018 адкрыты арт-аб’ект — «Прыпынак Адамовіча», у 2019 – адкрыты бюст.

2003 год. Памёр Уладзімір Мулявін. 

Беларускі і рускі артыст, спявак, кампазітар, народны артыст БССР і СССР, Заслужаны дзеяч культуры Польшчы, заснавальнік і мастацкі кіраўнік ансамбля «Песняры».

Працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у ансамблі Беларускай ваеннай акругі. Стварыў ВІА «Лявоны» (1968), які ў 1970 годзе змяніў назву на «Песняры».

У 1976 годзе гастраляваў з «Песнярамі» у ЗША разам з амерыканскай кантры-групай «Нью Крысці Мінстрэлс».

У яго творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучалася з глыбокім веданнем народнай песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак беларускіх народных песень, якія вызначылі стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку беларускай народнай песеннасці і эстраднай музыкі.

Узнагароджаны медалём і  ордэнам Францыска Скарыны.

14 мая 2002 года трапіў у аўтакатастрофу, 26 студзеня 2003 года памёр у Маскве ў шпіталі імя Бурдэнкі.

Дзень у гісторыі. 25 студзеня. Таццянін дзень. Вакол Зямлі за 72 дні. Нарадзіліся: Уладзімір Высоцкі, паэты Адам Гурыновіч, Сяргей Украінка, Нобелеўскі лаўрэат Ілля Прыгожын.

Таццяна і Павал (народны каляндар.). Таццяна (праваслаўны каляндар). 

Свята студэнтаў у Расіі і некаторых постсавецкіх краінах.

Царква шануе святую пакутніцу, дачку рымскага консула Таццяну, якая падверглася жорсткім пераследам за веру Хрыстову пры імператары Аляксандры ў ІІІ стагоддзі.

На Таццяну прагляне сонейка – да ранняга прылёту птушак.

Снег на Таццяну – лета дажджлівае: “Калі снегапад – улетку дождж часціць”.

Мароз і сонца – да добрага лета.

25 студзеня ў Расіі і некаторых постсавецкіх краінах адзначаецца Дзень студэнта. Гэта звязваецца з тым, што на дзень святой Таццяны, 12 (23) студзеня 1755 года ўказам імператрыцы Лізаветы Пятроўны быў заснаваны Маскоўскі ўніверсітэт. 

Чаму гэтае свята адзначаюць таксама і ў Беларусі? Справа не толькі ва ўплыве расійскай культуры, справа таксама ў тым, што ў 1923 годзе “архаічная і бессэнсоўная Таццяна” была заменена савецкімі ўладамі ў дырэктыўным парадку Днём пралетарскага студэнцтва.

Афіцыйным і міжнародным Днём студэнта з’яўляецца 17 лістапада.

1804 год. Нарадзіўся Антон Адынец. 

Паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце, член таварыства філарэтаў, якому прысвяціў «Песню філарэтаў». Сябра А. Міцкевіча, Т. Зана, І. Дамейкі, І. Ходзькі, І. Лялевеля, Я. Чачота.

Аўтар вершаў, кнігі паэзіі «Poezje». У 1829-1830 гадах разам з А. Міцкевічам вандраваў па Германіі, Швейцарыі і Італіі, асобна – па Францыі і Велікабрытаніі, сустракаўся з В. Гюго.

Жыў у Дрэздэне, дзе перакладаў В. Скота, Дж. Байрана, у Вільні рэдагаваў альманах «Melitele», газету «Kurier Wileński».

Уваходзіў у кола энтузіястаў, разам з А. Кіркорам, М.  Маліноўскім, І. Ходзькам, У.Сыракомляй, якія выступалі за культурнае адраджэнне Літвы, аднаўленне Віленскага ўніверсітэта.

У 1858 годзе апынуўся ў цэнтры скандала: напісаў верш у гонар Аляксандра II, у якім называў цара спадчыннікам Ягелонаў, што выклікала абурэнне віленскай грамадскасці.

З 1866 года жыў у Варшаве, публікаваў мемуары, уласныя лісты да сяброў з цыклу «Лісты з падарожжа», дзе распавядаў пра еўрапейскае падарожжа з Міцкевічам. Гэта публікацыя была ўспрынята з небывалым энтузіязмам.

У 1884 годзе разам з І. Дамейкам наведваў Беларусь, сустракаўся ў Крошыне з Паўлюком Багрымам.

Памёр 15 студзеня  1885 года ў Варшаве.

1869 год. Нарадзіўся Адам Гурыновіч. 

Беларускі паэт

Актыўны ўдзельнік рэвалюцыйнага руху Пецярбурга.

Як беларускі дзеяч і паэт сфарміраваўся пад уплывам народніцкага «Гомана» і творчасці Ф. Багушэвіча, традыцыі паўстання 1863 года, ідэй К. Каліноўскага.

Паэт-рэвалюцыянер, пясняр народнай нядолі, які заклікаў да рашучай барацьбы з панамі і самаўладствам, першым з беларускіх літаратараў звярнуўся да рабочай тэмы.

Адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай паэзіі.

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, І. Крылова, М. Някрасава, А. Талстога, А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі, І. Франко і іншых.

Імем паэта названа вуліца ў Мядзелі. У в. Золькі пастаўлены мемарыяльны знак.

У 1893 годзе быў арыштаваны ў Вільні, утрымліваўся ў Віленскай цытадэлі, Петрапаўлаўскай крэпасці. 

Пасля вызвалення памёр 4 лютага 1894 года.

1890 год. Завяршылася коласветнае падарожжа журналісткі Нэлі Блай, якая паспаборнічала з героем Жуля Верна. 

Яна аб’ехала вакол Зямлі за 72 дні 6 гадзін 10 хвілін 11 секунд па маршруце: Нью-Ёрк – Лондан – Парыж – Брындызі – Суэц – Цэйлон – Сінгапур – Ганконг – Ёкагама – Сан-Францыска – Нью-Ёрк.

Рэпарцёр адправілася ў шлях 14 лістапада 1889 года, калі раман Жуля Верна “Вакол свету за 80 дзён” чыталі ўжо 17 гадоў.

Адной лістападаўскай раніцай 1889 года Жуль Верн атрымаў тэлеграму, падпісаную “Блай”.

У ёй паведамлялася, што парыжскім цягніком у Ам’ен прыбудзе амерыканскі кругасветны падарожнік, які вырашыў пабіць рэкорд Філеаса Фога і ахвяраваў сваім каштоўным часам, каб зрабіць крук і наведаць вялікага летуценніка і фантаста.

Пісьменнік паспяшаўся на вакзал. Ён чакаў сустрэць прапаленага шукальніка прыгод, а з вагона сышла маладая дзяўчына.

Спансаваў ваяж выдавец Джозэф Пулітцэр. Усе газеты свету стракацелі загалоўкамі: “Ці здзейсніцца мара Жуля Верна?”, “Ці паб’е Нэлі Блай рэкорд Філеаса Фога?”

За час падарожжа журналісткі раман Жуля Верна “Вакол святла ў 80 дзён” быў перавыдадзены 10 разоў.

Па прыбыцці ў Нью-Ёрк Блай салютавалі дзесяццю артылерыйскімі залпамі.

1903 год. Нарадзілася Любоў Мазалеўская.  

Беларуская актрыса, рэжысёр, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве, працавала ў тэатрах імя Якуба Коласа, Янкі Купалы,  выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Арганізатар, галоўны рэжысёр (1956-1961, 1963-1964) Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.

Сярод яе тэатральных пастановак: «Папараць-кветка» і «На хвалях Серабранкі» І. Козела, «Горад майстроў» Т. Габэ, «Даходнае месца» А. Астроўскага, «Пакуль вы маладыя» І. Мележа, «Закон Лікурга» паводле Т. Драйзера і шматлікія іншыя.

Знялася ў шэрагу карцін беларускай кінастудыі.

Памерла 18 ліпеня 1964 года. 

1911 год. Памёр ураджэнец Магілёва Вацлаў Федаровіч. 

Беларускі краязнавец, калекцыянер, юрыст. Член-карэспандэнт Кракаўскай Акадэміі навук.

Скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працаваў адвакатам у Саратаве, Балашове, Царыцыне, Ерэване. 3 1884 года жыў і працаваў у Віцебску. Намеснік старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.

Удзельнічаў у археалагічных раскопках, калекцыяніраваў зброю, археалагічныя, нумізматычныя, сфрагістычныя, этнаграфічныя матэрыялы.

Сабраў вялікі збор (больш за 1 000 тамоў) кніг па гісторыі Беларусі і Літвы.

Стварыў прыватны музей, у якім былі сабраны прадметы даўніны, знойдзеныя ім на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Віленскай губерняў. Пасля рэвалюцыі музей нацыяналізаваны і на яго аснове з 1923 у Віцебску дзейнічаў Музей мясцовых страражытнасцей (больш за 7000 прадметаў). 

Цяпер у фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея захоўваюцца толькі троху больш за 200 прадметаў са збору В. Федаровіча.

Публікваў артыкулы па гісторыі ў «Витебских губернских ведомостях». Складальнік і ініцыятар выдання літаратурна-краязнаўчага зборніка «З ваколіц Дзвіны» (1912).

1917 год. Нарадзіўся Ілля Прыгожын (Рувімовіч). 

Бельгійскі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі (адзін з 22 Нобелеўскіх лаўрэатаў – беларусаў і выхадцаў з Беларусі). Доктар археалогіі, кампазітар. Віцэ-прэзідэнт Бельгійскай акадэміі навук. Замежны член АН СССР, Беларусі, Украіны, Румыніі, ГДР, ЗША.

Нарадзіўся ў сям’і ўраджэнца Магілёва. На эміграцыі з 1921 года.

Скончыў Брусельскі вольны ўніверсітэт. Прафесар фізічнай хіміі.

Большая частка яго работ прысвечана нераўнаважнай тэрмадынаміцы і статыстычнай механіцы незваротных працэсаў.

У галіне статыстычнай механікі правёў глыбокія даследаванні ўраўнення Ліўвіля для ансамбля на аснове фармальнай аналогіі яго рашэнняў з рашэннямі ўраўнення Шрэдынгера.

Даказаў адну з асноўных тэарэм лінейнай тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў – аб мінімуме вытворчасці энтрапіі ў адкрытай сістэме. Для нелінейнай вобласці ў суаўтарстве з Гленсдорфам сфармуляваў агульны крытэр эвалюцыі Гленсдорфа – Прыгожына. Увёў  тэрмін «пераадкрыццё часу».

1938 год. У Празе памёр  Тамаш Грыб. 

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.

У Пецярбургу ўваходзіў у беларускі навукова-літаратурны гурток Б. Эпімах-Шыпілы.

Дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябра Рады БНР, міністр земляробства і міністр ўнутраных спраў БНР. Член Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады, лідар Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Арыштоўваўся ДПУ, польскімі ўладамі за беларускую незалежніцкую дзейнасць.

Дзеяч беларускага руху ў Празе, стваральнік Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны.

Аўтар прац па гісторыі, нацыянальна-палітычнаму жыццю Беларусі.

Перакладаў публіцыстыку з рускай і чэшскай моў. Складаў бібліяграфію беларусазнаўства.

1938 год. Нарадзіўся Уладзімір Высоцкі. 

Бард, паэт і акцёр. 

Аўтар больш за 700 песень і вершаў. Сыграў 20 роляў у тэатры і 30 у кіно. 

Род Высоцкіх паходзіць з в. Сялец, што на Пружаншыне, прозвішча можа быць звязана з назвай г. Высокае Камянецкага раёна. Ягоны дзед, таксама Уладзімір Сямёнавіч, ураджэнец Брэста.

Высоцкі добра ведаў пра свае беларускія карані і часта бываў у Беларусі. 

У жніўні 1969 г. пры здымках фільма «Сыны ідуць у бой» ён з М. Уладзі жыў у в. Літоўка каля Навагрудка (у 2012 г. тут усталяваны помнік Высоцкаму).

Памёр 25 ліпеня 1980 года.

Магілёвец Міхась Булавацкі зрабіў пераклады вершаў Высоцкага на беларускую мову.

помнік у Навагрудку 

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Лакотка

Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, этнограф, мастак. Заслужаны дзеяч навукі. Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар. Акадэмік акадэміі навук Беларусі.

Стварыў новую навуковую канцэпцыю гістарычнага феномена беларускай архітэктуры як своеасаблівага сінтэзу ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый дойлідства, раскрыў ролю ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый у эвалюцыі беларускіх гарадоў, ахарактарызаваў гістарычныя працэсы зменлівасці тыпаў паселішчаў.

Вылучыў і сістэматызаваў агульныя і рэгіянальныя асаблівасці вясковага жылля беларусаў, прааналізаваў яго этнічныя рысы, распрацаваў тыпалагічную класіфікацыю ўсіх кампанентаў вясковага жылога комплексу, даследаваў уплыў ландшафтных умоў на фарміраванне жылога асяроддзя, узаемасувязь вясковага і традыцыйнага гарадскога жылля.

Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны Генеральны план Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, праекты многіх сядзіб. Ініцыятар стварэння музеяў у г. п. Глуша Бабруйскага раёна і в. Моталь Іванаўскага раёна.

1961 год. У в. Ніканавічы Быхаўскага раёна нарадзіўся Сяргей Украінка. 

Беларускі паэт.

Скончыў філалагічны факультэт БДУ, дзе быў актыўным членам літаб’яднання “Узлёт” на чале з прафесарам А. Лойкам. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, дырэктарам школы на Быхаўшчыне, выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры МДУ імя  А. Куляшова.

Аўтар вершаў у зборніках “Вусны”, “Квадра”, “Дняпроўскія хвалі” і іншых, часопісе “Полымя”, перыёдыцы, прозы, крытыкі ў “Крыніцы”, “ЛіМ”, “Роднае слова”. Аўтар паэтычных кніг “Маё Купела”, “9 гранаў”.

Лірычны герой яго вершаў – асоба, паяднаная з Бацькаўшчынай, яе гісторыяй і сучаснасцю.

Аўтар вершаў, якія прысвечаны М. Багдановічу, М. Гарэцкаму.

Дзень у гісторыі. 23 студзеня. Самы разбуральны землятрус. Памерлі герой Чылі Ігнат Дамейка і «імператар рэпартажу» Рышард Капусцінскі. Расстраляны Вацлаў Ластоўскі

Дзень почырку, Дзень ручнога ліста (Handwriting Day)

Заснаваны па ініцыятыве Асацыяцыі вытворцаў пішучых прылад з мэтай нагадаць усім нам аб унікальнасці ручнога ліста, аб непаўторнасці почырку кожнага чалавека і зірнуць на стварэнне рукапіснага тэксту, як на спосаб самавыяўлення. 

Дата гэтага свята абрана не выпадкова – у гэты дзень нарадзіўся адзін з вядомых амерыканскіх дзяржаўных дзеячаў, Джон Хэнкок, які першым паставіў свой подпіс пад Дэкларацыяй Незалежнасці ЗША (1774 год). Подпіс Хэнкока быў буйным і размашыстым, што і дадало аўтарытэту яе аўтару.

Мастацтва ручнога ліста актыўна развівалася на працягу многіх тысяч гадоў. Аб сувязі почырку з духоўным светам і характарам чалавека выказваліся і Арыстоцель, і вялікія італьянцы эпохі Адраджэння. А ў 1875 годзе французскі абат Жан Іпаліт Мішанер ужыў тэрмін “графалогія”, які пазначае вобласць ведаў аб почырку і метадах яго даследавання ў сувязі з псіхічным станам асобы. Графалогія лічыцца адной з найважнейшых навук, здольнай толькі па ручным пісьме вызначыць індывідуальныя здольнасці чалавека.

Па почырку можна пазнаць характар асобы, яе моцныя і слабыя бакі, у якім настроі чалавек пісаў, яго стаўленне да навакольных і нават аптыміст ці песіміст аўтар.

1556 год. У кітайскай правінцыі Шаньсі адбыўся самы разбуральны землятрус з усіх сусветных сейсмічных катастроф

Яго цэнтр знаходзіўся ў горадзе Сіань, які размешчаны на берагах вялікай ракі Хуанхэ. 

Па сведчанні відавочцаў, цэлыя гарады апускаліся ў грунт за лічаныя секунды, колькасць ахвяр гэтай трагедыі налічвала больш за 830 000 чалавек. Па колькасці загінулых – гэта трэцяя катастрофа за ўсю пісьмовую гісторыю чалавецтва, а з землятрусаў – наймацнейшы ў гісторыі па колькасці ахвяр і адзін з наймацнейшых па магнітудзе (8,4)

На карце чырвоным колерам адзначана правінцыя Шэньсі, охравым –  закранутыя землятрусам раёны.

1793 год. У Санкт-Пецярбургу падпісана пагадненне паміж Расіяй і Прусіяй аб ІІ падзеле Рэчы Паспалітай. 

Кацярына II і Фрыдрых Вільгельм II падпісалі трактат пра падзел, паводле якога да Прусіі адышлі землі, населеныя этнічнымі палякамі: Данцыг, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія і Мазовія, за выняткам Мазавецкага ваяводства. Расія атрымала літоўскія землі да лініі Дзвінск (сёння Даўгаўпілс) – Пінск – Збруч, усходнюю частку Палесся, украінскія вобласці Падолле і Валынь.

У гэтым падзеле не брала ўдзелу Аўстрыйская імперыя, занятая вайной з рэвалюцыйнай Францыяй.

1783 год. Нарадзіўся Стэндаль (Анры-Мары Бейль). 

Французскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў французскага рэалістычнага раману, аўтар знакамітага рамана «Чырвонае і чорнае». Аўтар слова «турыст». 

Удзельнік пахода Напалеона на Расію ў 1812 годзе. Праз Оршу, Смаленск дайшоў да Маквы. 

Падчас панавання французскіх войскаў на беларускай тэрыторыі, служыў ваенным інтэндантам у Оршы.

1849 год. У ЗША упершыню ўручаны дыплом урача жанчыне Элізабет Блэквел. 

А вось першай жанчынай на Беларусі і ў Расіі з дыпломам доктара медыцыны ў 1867 годзе стала ураджэнка Чавус Варвара Руднева-Кашаварава (па нараджэнню – Нафанова).

1889 год. Памёр ураджэнец Беларусі Ігнат Дамейка. 

Беларускі, польскі і чылійскі навуковец, геолаг. Нацыянальны герой Чылі.

У 14-гадовым узросце стаў адным з самых юных студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. Член таварыства філаматаў разам з Я. Чачотам, А. Міцкевічам. 

Удзельнік Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гадоў, быў ад’ютантам 25 пяхотнага палка. 

Пасля сканчэння Горнай школы ў Парыжы атрымаў запрашэнне на працу ў Чылі. Працаваў прафесарам горнай школы (зараз універсітэт яго імя) у Кікімба (1838-1846), прафесарам, загадчыкам кафедры хіміі, рэктарам (1867-1883) універсітэта Сант’яга. Чылійскі “Гранд дэ адукатар”, фактычны заснавальнік прародазнаўчых даследаванняў, сучаснай адукуацыі, увёў метрычную сістэму, арганізаваў метэаралагічную службу.

Склаў з каментарамі геаграфічную, геалагічную і эканамічную карту былых земляў Рэчы Паспалітай.

У 1884 годзе наведаў сяброў і калег у Кракаве, Варшаве, Вільні, на радзіме ў Мядзведцы, у Міры і Навагрудку.

Памёр 23 студзеня 1889 года. Дзень пахавання быў абвешчаны днём нацыянальнай жалобы Чылі.

Імем вучонага названы малая планета, мінерал, шматлікія расліны, выкапнёвыя жывёлы, роды дыназаўраў, птэразаўраў, рыб, падвід лісіц, названы горад, універсітэт і вуліцы ў Сант’яга-дэ-Чылі і яшчэ ў 9 гарадах Чылі, у Вільнюсе, Навагрудку. Таксама – горны хрыбет у Андах, бібліятэка ў Буэнас-Айрэсе, шэраг навучальных і навуковых устаноў у Чылі. Ёсць музей і стаіць абеліск у в. Крупава Лідскага раёна. У Мядзведкаўскай школе адкрыты музей, а ў вёсцы Мядзведка ўстаноўлены бюст і памятны камень, помнік усталяваны і ў Сант’яга.

1901 год. Нарадзіўся Станіслаў Калеснік. 

Беларускі, савецкі географ, доктар геаграфічных навук, акадэмік АН СССР, прафесар, палярнік, заснавальнік савецкай гляцыялогіі, Прэзідэнт Геаграфічнага таварыства СССР (1964-1977).

У аўтабіяграфіі месца нараджэння – г. Віцебск.

Скончыў геаграфічны факультэт ЛДУ.

Удзельнік і кіраўнік шматлікіх геамарфалагічных даследаванняў горных раёнаў, ледавікоў, арктычных экспедыцый.

У Ленінградскім універсітэце прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара і загадчыка кафедры, дэкана геаграфічнага факультэта, прарэктара.

Працаваў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднага геаграфічнага саюза, з’яўляўся Ганаровым членам Польскага, Сербскага, Харвацкага, Амерыканскага геаграфічных таварыстваў; Ганаровым доктарам Кракаўскага і Фінскага (Турку) універсітэтаў.

Рэдактар Энцыклапедычнага слоўніка геаграфічных назваў.

Памёр 13 верасня 1977 года.

Яго імем названы: пік у Забайкальскім Алатау, два пікі на Паміры, ледавікі – на Каўказе, Палярным Урале.

1916 год. Самае рэзкае у свеце  пахаладанне на працягу сутак: падзенне на 56 градусаў

Адбылося ў амерыканскім штаце Мантана: тэмпература знізілася з  з +6,7 да -48,8°С.

1938 год. Расстраляны Вацлаў Ластоўскі. 

Беларускі пісьменнік, грамадскі і палітычны дзеяч, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф, акадэмік.

Рэдактар, выдавец  беларускіх газет, часопісаў, кніг, падручнікаў.

Кіраўнік Кабінета міністраў Народнай рады БНР.  

Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце, сакратаром Інбелкульта, у Камісіі жывой беларускай мовы, Камісіі па ахове помнікаў старасветчыны, арганізатарам этнаграфічных экспедыцый, у час адной з якіх быў знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.

Ставіў нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя, лічыў нацыянальную праблему найважнейшай у гісторыі. Адмаўляў канцэпцыю адзінства гістарычных лёсаў Расіі і Беларусі.

Аўтар «Кароткай гісторыі Беларусі» (1910) – першай кнігі, у якой была спроба абгрунтаваць беларускі характар Вялікага княства Літоўскага, «Падручнага расійска-крыўскага слоўніка» (1924), фантастычнай аповесці «Лабірынты», сцэнічнага эпізода з жыцця Ф. Скарыны («Адзінокі»). Таксама – апрацовак гістарычных легенд, апавяданняў, артыкулаў пра знакамітых беларускіх дзеячаў, па гісторыі Беларусі, перакладаў з рускай, англійскай, польскай, дацкай і іншых моў.

21 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ. Утрымліваўся ў турмах Масквы і Мінска, знаходзіўся ў ссылцы. Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937, 23 студзеня 1938 прыгавораны да расстрэлу і ў гэты ж дзень расстраляны. 

1960 год. У склад Магілёўскай вобласці ўключаны Глускі раён. 

Гэта адзіны палескі раён у складзе вобласці і адзіны са здабычай нафты, у басейне р. Прыпяць. Самы цёплы, з самым працяглым вегетатыўным перыядам, адзіны раён, дзе пануе ветравая эрозія глебаў.  

У 1938-1944 гадах уваходзіў у склад  Палескай, у 1944-1954 – Бабруйскай, у 1954-1960 – Мінскай вобласці. Зараз у раёне каля 12 000 жыхароў.

1981 год. Памерла Вера Маслоўская. 

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, паэтэса.

Арганізатар беларускай школьнай працы ў Заходняй Беларусі, настаўнічала на Міншчыне, была школьным інструктарам Барысаўскага, Дзісенскага паветаў. Сузаснавальніца і старшыня Цэнтральнага саюза беларусак (1920).

У 1920-1921 гадах стварала падпольныя паўстанцкія арганізацыі на Беласточчыне і Гродзеншчыне. Удзельніца І Усебеларускай канферэнцыі (Прага). Арыштавана ў 1923 годзе, цэнтральная фігура «Працэсу 45-ці», прыгаворана да 6 гадоў турмы.

Пры прыходзе Саветаў, займалася школьнай справай на радзіме, у Агароднічках, якую працягвала і пры нямецкай акупацыі. У 1946 годзе ў Сілезіі арганізавала дзіцячы сад, у 1951-1958 гадах працавала ў Супраслі загадчыцай гарадской бібліятэкі, у Лізе жанчын, у беластоцкай Павятовай радзе. Аўтар вершаў.

Вера Маслоўская сярод членаў фракцыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў на І Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе, 1921.

2007 год. Памёр ураджэнец Пінска  Рышард Капусцінскі. 

Польскі сусветна вядомы рэпарцёр, журналіст, пісьменнік, паэт, фатограф, «імператар рэпартажу».

Дэбютаваў як паэт у 17 гадоў. У 24 гады атрымаў Залаты Крыж Заслугі за газетны рэпартаж. Працаваў у выданнях “Polityka”, “Kultura”, Польскім прэс-агенцтве (PAP) як замежны карэспандэнт у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і Азіі.

Удзельнік руху «Салідарнасць».

Па яго кнізе «Імператар» пра ўпадак рэжыму ў Эфіопіі, у  1987 годзе лонданскі Royal Court Theatre паставіў сцэнічную адаптацыю.

Ганаровы доктар Слянскага, Уроцлаўскага, Ягелонскага, Гданьскага ўніверсітэтаў. Лаўрэат каля 40 прэмій і узнагарод.

Двойчы намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

Памёр 23 студзеня 2007  года.

У Пінску на доме, дзе жыў Капусцінскі, ўсталявана мемарыяльная дошка.