Пад Асіповічы прыбылі ўжо тры калоны “вагнераўцаў”, фуры трапілі на спутнікавыя здымкі

Беларускія СМІ паведамляюць, што назіралася ўжо тры калоны з дзясяткаў аўтамабіляў, аўтобусаў і фур ПВК “Вагнер”, што прыбылі ў ваенную частку ў пасёлку Цэль пад Асіповічамі.  

Спутнікавыя здымкі лагера пад Асіповічамі апублікавала выданне The New York Times. Па меркаванні выдання, гэтыя здымкі пацвярджаюць перамяшчэнне “вагнераўцаў” у дадзены лагер. Так, на першым фотаздымку, зробленым 14 ліпеня, ніякай актыўнасці не заўважана. На другім здымку, зробленым 16 ліпеня, можна пабачыць некалькі фур. Фуры ўваходзілі ў склад калон, якімі “вагнераўцы” рухаліся па Беларусі ў бок Асіповічаў апошнімі днямі.

Фота: Maxar

У Беларусі заўважылі вялікую калону “вагнераўцаў”, яны рухаюцца пад Асіповічы

Сёння раніцай стала вядома, што вялікая калона ПВК “Вагнер” з 60 аўтамашын у суправаджэнні аўтамабіляў беларускага ДАІ перасяклі расійска-беларускую мяжу і рушылі праз Рагачоў і Бабруйск у бок Асіповіч. Мяркуецца, што канечнай кропкай маршрута стане лагер у пасёлку Цэль Асіповіцкага раёна. У калоне заўважаны пікапы, фуры, “буханкі” і мінімум тры аўтобусы для перавозкі людзей.

Учора Міністэрства абароны Беларусі паведаміла пра тое, байцы “Вагнера” ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы вайскоўцаў падраздзяленняў тэрытарыяльных войскаў у ходзе заняткаў пад Асіповічамі. Назіральнікамі называлася лічба ў 200 чалавек “вагнераўцаў”, што ўжо знаходзіліся на той момант у Беларусі. Таксаама Мінабароны выступіла з заявай, што распрацаваная дарожная карта супрацоўніцтва ведамства з ПВК “Вагнер” па перадачы баявога вопыту.

Фота з адкрытых крыніц

Частка расійскіх ваенных здаюцца ці пераходзяць на бок вагнераўцаў, Пуцін абвясціў мяцежнікаў здраднікамі

Паводле непацверджанай інфармацыі, якую перадае Reuters спасылаючыся на неназваную крыніцу ў расійскай арміі, байцы “Вагнера” ўзялі пад кантроль ваенныя аб’екты ў горадзе Варонеж, які знаходзіцца прыкладна ў 500 кіламетрах на поўдзень ад Масквы.” Агенцтва Reuters папярэджвае, што яно не змагло незалежна пацвердзіць гэтыя дадзеныя.

Звязаны з ПВК “Вагнер” Тэлеграм-канал перадае, што ў Варонежскай вобласці 180 расейскіх вайскоўцаў і сілавікоў адмовіліся перашкаджаць дзеянням вагнераўцаў і склалі зброю. На загалоўным фота – памежны пераход Бугаёўка ў Варонежскай вобласці. У СМІ таксама паяўляліся паведамленні пра пераход на бок ПВК “Вагнер” некаторых вайсковых падраздзяленняў расійскай арміі.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін выступіў з экстранным зваротам, у якім заявіў пра загад вайсковаму камандаванню аб нейтралізацыі лідараў мецяжа. Дзеянні арганізатараў мецяжа ён назваў здрадніцкімі і “ударам у спіну”. Цікава, што ў пяціхвілінным звароце не былі названы канкрэтныя прозвішчы, гэтаксама як не прагучала прамой падтрымкі ў адрас міністра абароны РФ Шайгу і начальніга Генеральнага штаба  Герасімава.

Фота з адкрытых крыніц

Прыгожын заявіў, што павесіў расійскі сцяг на будынак адміністрацыі Бахмута, але яго ўжо не існуе

Заснавальнік ПВК “Вагнер”, расійскі мільярдэр Яўген Прыгожын позна вечарам 2 красавіка выклаў відэа ў сваім Тэлеграм-канале, у якім заявіў, што ставіць расійскі сцяг на будынку гарадской адміністрацыі горада Бахмута. 

“Юрыдычна Бахмут узяты” – заявіў Прыгожын і прысвяціў гэта блогеру Уладлену Татарскаму, што загінуў учора падчас выбуху ў кавярні Прыгожына.

Аналітыкі аднаго з украінскіх рэсурсаў, што адсочвае сітуацыю на фронце, зрабілі выснову, што будынка гарадской адміністрацыі ў Бахмуце ўжо проста не існуе – ён цалкам разбураны.

Гэта ўскосна пацвярджаецца тым фактам, што ніводнага фотаздымка расійскага сцяга над будынкам адміністрацыі потым не было апублікавана, а сам Яўген Прыгожын сфатаграфаваўся з тым самым сцягам у іншай лакацыі.

Прыватная ваенная кампанія “Вагнер” прызнана транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй

Злучаныя Штаты Амерыкі прызналі ПВК “Вагнер” злачыннай арганізацыяй і прынялі санкцыі супраць звязаных з ёй кампаній за дзеянні вагнераўцаў у Лівіі, Сірыі, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, Малі, а цяпер і Ўкраіне. 

BBC паведаміла, што Міністэрства фінансаў ЗША афіцыйна абвясціла прыватную расійскую кампанію “Вагнер” на чале з расійскім бізнесмэнам Яўгенам Прыгожыным транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй і ўвяло санкцыі супраць шэрагу кампаній і асоб, звязаных з ёй. У санкцыйным спісе шэсць асобаў і 12 кампаній. 

У прэс-рэлізе міністэрства гаворыцца, што ПВК “Вагнер” на сталай аснове займаецца злачыннай дзейнасцю – “уключаючы масавыя расстрэлы, згвалтаванні, выкраданне і фізічны гвалт у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы і Малі”.

Прадстаўнік Савета нацыянальнай бяспекі ў Белым доме Джон Кірбі заявіў што, “[ПВК “Вагнер”] здзяйсняе жорсткія злачынствы і парушае правы чалавека ва Украіне і іншых рэгіёнах. Мы нястомна будзем працаваць над ідэнтыфікацыяй, уздзеяннем і пераследам тых, хто дапамагае “Вагнер”.

Новы статус ПВК “Вагнер” дазволіць ураду ЗША прымяніць больш шырокія санкцыі супраць груп, якая ваююць ва Украіне, а таксама ў Сірыі, Лівіі і Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы.

Стварэнне прыватных ваенных кампаній для ўдзелу ва ўзброеных канфліктах не прадугледжана расійскім заканадаўствам. Так, артыкул 208 Крымінальнага кодэкса Расійскай Федэрацыі “Арганізацыя незаконнага ўзброенага фарміравання альбо ўдзелу ў ім прадугледжвае 10 – 20 гадоў пазбаўлення волі за стварэнне ўзброенага фарміравання, якое не прадугледжана федэральным законам”.

Нягледзячы на адсутнасць заканадаўчай базы, у цяперашні час толькі ва Ўкраіне ваююць каля 50 тысяч наймітаў Вагнера, з якіх каля 80% байцоў узяты з турмаў. Крымінальная па складзе кампанія цяпер афіцыйна прызнана крымінальнай і злачыннай. 

Фота з адкрытых крыніц.