Прыгожын заявіў, што павесіў расійскі сцяг на будынак адміністрацыі Бахмута, але яго ўжо не існуе

Заснавальнік ПВК “Вагнер”, расійскі мільярдэр Яўген Прыгожын позна вечарам 2 красавіка выклаў відэа ў сваім Тэлеграм-канале, у якім заявіў, што ставіць расійскі сцяг на будынку гарадской адміністрацыі горада Бахмута. 

“Юрыдычна Бахмут узяты” – заявіў Прыгожын і прысвяціў гэта блогеру Уладлену Татарскаму, што загінуў учора падчас выбуху ў кавярні Прыгожына.

Аналітыкі аднаго з украінскіх рэсурсаў, што адсочвае сітуацыю на фронце, зрабілі выснову, што будынка гарадской адміністрацыі ў Бахмуце ўжо проста не існуе – ён цалкам разбураны.

Гэта ўскосна пацвярджаецца тым фактам, што ніводнага фотаздымка расійскага сцяга над будынкам адміністрацыі потым не было апублікавана, а сам Яўген Прыгожын сфатаграфаваўся з тым самым сцягам у іншай лакацыі.