Дзмітрый Круты

На адкрыцці свінарніка ў Клімавічах Дзмітрый Круты крытыкаваў кітайскія тэхналогіі

Адкрываючы свінаранік каля вёскі Барысавічы ў Клімавіцкім раёне, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты растлумачыў, чым беларускі падыход лепшы за кітайскі.

У сусветнай практыцы, сказаў ён, працуюць комплексы на мільён галоў: сабекошт мінімальны, але прапарцыйна растуць біяэкалагічныя рызыкі. Таму ў нас пагалоўе размяркоўваюць па розных пляцоўках, і такое рашэнне ён лічыць больш рацыянальным.

Комплекс на мільён галоў, пра які ідзе гаворка, знаходзіцца ў кітайскім Эчжоу – гэта 26-павярховы будынак прыкладна на 1,2 мільёна свіней за год, коштам чатыры мільярды юаняў. Праблему, пра якую ў Клімавічах яшчэ толькі разважаюць, там вырашылі першай:

  • гной паступае ў рэзервуары высокатэмпературнай анаэробнай ферментацыі, выпарэнне лятучых газаў зніжана больш як на дзевяноста працэнтаў;
  • з яго атрымліваюць да 120 тысяч кубічных метраў біягазу за суткі;
  • біягаз пасля ачысткі ад серы выкарыстоўваюць для вытворчасці электраэнергіі, ацяплення будынка і гарачага водазабеспячэння.

Цяпер наш варыянт. Галоўны заатэхнік філіяла «Клімагра» Мікалай Хомчанка апісаў аўтаматыку свінараніка так: выдаленне гною, паенне, кармленне, мікраклімат – усё адным націскам кнопкі. 

Выдаленне гною ёсць. Куды яго выдаляюць, колькі сцёкаў даюць 51 тысяча галоў за год, на якія палі вывозяць гной і што пры гэтым адбываецца з грунтовымі водамі – невядома.

А тут яшчэ і месца такое, што пра экалогію варта было б гаварыць у першую чаргу – адно экалагічнае бедства гэтая зямля ўжо нясе сорак гадоў.

Кітайцы пабудавалі комплекс на мільён галоў і разам з ім завод, які перапрацоўвае гной у энергію для самога комплексу. У Клімавічах пабудавалі свінранік на 51 тысячу галоў і ўсталявалі кнопку, якая кудысьці выдаляе гной.

Хто ў гэтай пары разумнейшы, відавочна. Лукашэнка, які ўжо трэцім указам «падымае» паўднёвы ўсход Магілёўшчыны, відавочна не Сі Цзіньпін, а дробны эканамічны няўдачнік. Кандыдат эканамічных навук Надзея Каткавец, якая нібыта прысутнічала на адкрыцці свінараніка, чамусьці ні разу не трапіла на фота – не Альберт Эйнштэйн, а проста пенсіянерка з амбіцыямі.

Ды і сам Дзмітрый Круты ніяк не цягне на ролю крытыка кітайскіх тэхналогій – з асабістых дасягненняў хіба што ўменне ківаць галавой у адказ на трызненне дзеда.

Фота «Магілёўскія ведамасці».

← Усе навіны Магілёва