Блогер і вайсковец з ЛДНР быў падарваны ў Санкт-Пецярбургу на "творчым вечары"

Блогер і вайсковец з ЛДНР быў падарваны ў Санкт-Пецярбургу на “творчым вечары”

Жыхар Данецкай вобласці Украіны Максім Фамін, вядомы таксама як Уладлен Татарскі – прарасійскі блогер, апалчэнец і “ваенкор” – загінуў падчас выбуху ў кавярні ПВК “Вагнер” у Санкт-Пецярбургу, паведамляе Інтэрфакс. 

Увечары 2 красавіка ў Пецярбургу ў кафэ “Street Food Bar №1” у Васілеўвостраўскім раёне адбыўся выбух. У выніку загінуў адзін чалавек, яшчэ 15 атрымалі раненні. У экстраных службах горада заявілі, што ў кафэ адбыўся «хлапок без пажару». Там адзначылі, што, паводле папярэдніх звестак, у памяшканні мог падарвацца газавы балон.

Кафэ належыць заснавальніку ПВК “Вагнер” Яўгену Прыгожыну. У выходныя ў гэтай кавярні звычайна збіраецца дыскусійны клуб «Кіберфронт Z». 2 красавіка там праходзіў творчы вечар «ваенкора» Уладлена Татарскага (сапраўднае імя – Максім Фамін). У афішы мерапрыемства гаварылася, што блогер раскажа “як весці рэпартажы з гарачых кропак, знаходзячыся пад градам куль, а таксама растлумачыць, што такое быць ваенкарам”. 

МУС заявіла, што загінуўшым падчас выбуху апынуўся сам Татарскі. СМІ паведамляюць, што ў кавярні ўзарваўся бюст, які прынесла ў падарунак Татарскаму наведвальніца.

Уладлен Татарскі – блогер і адзін з самых вядомых «ваенкораў», ураджэнец Макееўкі Данецкай вобласці. У яго больш за 560 тысяч падпісчыкаў у тэлеграме. Ён ваяваў на баку самаабвешчанай ДНР у складзе батальёна “Усход”, а затым у падраздзяленнях ЛНР. Да гэтага адбываў турэмны тэрмін па абвінавачванні ва ўзброеным рабаванні. З’яўляецца аўтарам кніг “Бег”, “Вайна” і “Медытацыя” – характарызуе яго meduza.io.