Частка расійскіх ваенных здаюцца ці пераходзяць на бок вагнераўцаў, Пуцін абвясціў мяцежнікаў здраднікамі

Паводле непацверджанай інфармацыі, якую перадае Reuters спасылаючыся на неназваную крыніцу ў расійскай арміі, байцы “Вагнера” ўзялі пад кантроль ваенныя аб’екты ў горадзе Варонеж, які знаходзіцца прыкладна ў 500 кіламетрах на поўдзень ад Масквы.” Агенцтва Reuters папярэджвае, што яно не змагло незалежна пацвердзіць гэтыя дадзеныя.

Звязаны з ПВК “Вагнер” Тэлеграм-канал перадае, што ў Варонежскай вобласці 180 расейскіх вайскоўцаў і сілавікоў адмовіліся перашкаджаць дзеянням вагнераўцаў і склалі зброю. На загалоўным фота – памежны пераход Бугаёўка ў Варонежскай вобласці. У СМІ таксама паяўляліся паведамленні пра пераход на бок ПВК “Вагнер” некаторых вайсковых падраздзяленняў расійскай арміі.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін выступіў з экстранным зваротам, у якім заявіў пра загад вайсковаму камандаванню аб нейтралізацыі лідараў мецяжа. Дзеянні арганізатараў мецяжа ён назваў здрадніцкімі і “ударам у спіну”. Цікава, што ў пяціхвілінным звароце не былі названы канкрэтныя прозвішчы, гэтаксама як не прагучала прамой падтрымкі ў адрас міністра абароны РФ Шайгу і начальніга Генеральнага штаба  Герасімава.

Фота з адкрытых крыніц

Прыгожын і ПВК “Вагнер” захапілі Растоў і штаб ваеннай акругі – што вядома на гэты момант

Імклівае развіццё падзей вакол мецяжа Яўгена Прыгожына і ПВК “Вагнер” супраць расійскага Міністэрства абароны пачалося ўвечары 23 чэрвеня. Прадстаўнікі ПВК і сам уласнік кампаніі Прыгожын заявілі, што Міністэрства абароны РФ нанеслі ўдар па аднаму з лагераў вагнераўцаў, пасля чаго Прыгожын паведаміў пра пачатак руху на Растоў.

Генеральны пракурор Расійскай Федэрацыі заявіў пра завядзенне крымінальнай справы супраць Яўгена Прыгожына “у сувязі са спробай арганізацыі ўзброенага мецяжу”. Раніцай 24 чэрвеня калона вайсковай тэхнікі ПВК “Вагнер” увайшла ў Растоў і ўзяла пад свой кантроль Штаб Паўднёвай Ваеннай Акругі, аддзел паліцыі, будынкі МУС, ФCБ і адміністрацыю Растова.

У штабе Паўднёвай Ваеннай Акругі Прыгожын сустрэўся з намеснікам міністра абароны РФ генерал-палкоўнікам Юнус-Бекам Еўкуравым і намеснікам начальнікам Генштаба РФ Уладзімірам Аляксеевым. Падчас гэтай сустрэчы ён заявіў, што “Вагнер” збіў ужо тры верталёты расійскай арміі, што спрабавалі нанесці ўдары па калоне вагнераўцаў. Таксама ён паведаміў, што ПВК “Вагнер” будуць знаходзіцца ў Растове і блакаваць горад, пакуль да іх не прыйдзе начальнік Генштаба РФ Герасімаў. Калі ён адмовіцца размаўляць з вагнераўцамі, Прыгожын прыгразіў, што ПВК «пойдзе на Маскву».

Характэрна, што намеснік міністра абароны РФ генерал-палкоўнік Еўкура і намеснік начальніка Генштаба РФ Уладзімір Аляксееў падчас сустрэчы з Прыгожыным былі без зброі (на загалоўным фота), тады як заснавальнік ПВК – з аўтаматам. 

На бягучы момант вядома, што расійскія сілавікі ў Санкт-Пецярбургу прыйшлі з вобшукамі ў “Вагнер цэнтр” – галоўны штаб прыватнай ваеннай кампаніі. Паведамляецца таксама, што калона бронетэхнікі рушыць у бок Масквы, але пакуль не вядома, каму яна належыць. У 9:00 чакаецца экстранны зварот прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна да грамадзян Расіі.