Дзень у гісторыі. 26 студзеня. Перамога на Уле. Расстрэл уніятаў. Самы вялікі ў свеце алмаз. Выжыць пры падзенні з 10 кіламетраў. Беларуская мова стала дзяржаўнай. Памерлі Алесь Адамовіч, Уладзімір Мулявін.

  Міжнародны дзень мытніка (International Customs Day, з 1983). 

Прафесійнае свята ўсіх працаўнікоў мытных службаў планеты. Устаноўлена да 30-годдзя Сусветнай мытнай арганізацыі (World Customs Organization). На сённяшні дзень Сусветная мытная арганізацыя аб’ядноўвае 182 дзяржавы-члены, якія кантралююць 98% усяго міжнароднага гандлю.

Беларусь уступіла ў Сусветную мытную арганізацыю ў 1993 годзе.

У Вялікім Княстве Літоўскім мытня месцілася ў каморы. Мыта (цло) збіралі з купцоў за правоз тавараў праз мяжу і па землях ВКЛ.

1564 год. Войскі ВКЛ у ходзе Лівонскай вайны разбілі маскоўскую армію на рацэ Ула.

Вялікалітоўская кавалерыя ў 10 000 шабель на чале з вялікім гетманам Мікалаем Радзівілам Рудым, Р. Сангушкам і Р. Хадкевічам  перамагла 24-тысячную маскоўскую армію П. Шуйскага на рацэ Уле на Іванскіх палях пад Чашнікамі. 

Імклівая франтальная атака, спалучаная з нападам з тылу, павярнула маскоўцаў наўцёкі, якіх гналі «5 міляў» і значную частку ўзялі ў палон. 

Мясцовыя сяляне не толькі прыносілі важныя звесткі пра рух маскоўскага войска, але і ўдзельнічалі ў бітве. Ваяводу Шуйскага забіў сякерай адзін з мясцовых сялян. 

Гэтая перамога, разам з наступнай перамогай на Дуброўне пад Оршай у тым жа годзе, сарвала планы вялікага маскоўскага паходу 1564 года.

1617 год. Мінскі кашталян Пётр Тышкевіч пацвердзіў права мусульман на мячэць пабудаваную ў Татарскай слабадзе. 

Слабада ўзнікла ў сувязі з пасяленнем тут у пачатку XVI стагоддзя ўзятых у палон крымскіх татараў, якія ўдзельнічалі ў набегах на беларускія землі і былі разбітыя пад Клецкам у 1506 годзе, хаця існуе меркаванне, што масавае пасяленне палонных татараў у Мінску ўзнікла значна раней, яшчэ ў часы вялікага князя Вітаўта. 

Першая драўляная мячэць з’явілася ў Мінску ў 1599 годзе, на яе месцы на пачатку 1900-х гадоў быў узведзены мураваны будынак, разбураны ў 1962 годзе для будаўніцтва гасцініцы «Юбілейная». Каля мячэці знаходзіўся мізар, які таксама быў знішчаны ў 1960-я. 

На тэрыторыі краіны было больш за 10 мячэцей, зараз засталіся ў Іўе, Мінску, Смілавічах, Навагрудку, Слоніме. 

Мінская мячэць, 1918.

1690 год. Памёр Марцыян Аляксандр Агінскі. 

Дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Адзін з уплывовых магнатаў. Чашнік, стольнік, крайчы і канцлер вялікі літоўскі, ваявода троцкі.

Граф «на Дуброўне», меў ва ўласнасці многія землі, у тым ліку Рагачоўскае староства.

Удзельнік Паўночнай вайны (1655-1660), вайны з Маскоўскай дзяржавай (1654-1667). На чале ўласнага палка браў удзел у Хоцінскай бітве (1673). Удзельнік падпісання «Вечнага міру» (1686) з Масковіяй.

Сябар праваслаўнага Віленскага Святадухаўскага і Магілёўскага Богаяўленскага брацтваў.

1784 год. Бенджамін Франклін выказаў шкадаванне аб тым, што арол стаў сімвалам ЗША, заяўляючы, што ён упадабаў бы індычку. 

Пасля абвяшчэння незалежнасці першых штатаў ЗША ў 1776 годзе перад амерыканцамі стаў выбар – каго лічыць нацыянальным сімвалам. Эмблемай свабоднай Амерыкі вырашана было зрабіць толькі тую птушку, якая насяляе толькі ЗША.

Такіх выявілася дзве – белагаловы арлан і дзікая індычка. Спрэчкі працягваліся цэлых 6 гадоў. Бенджамін Франклін быў катэгарычна супраць арлана, лічыў яго ганебным, баязлівым і злосным: “Гэта птушка нізкай маралі, як тыя людзі, хто жыве жорсткасцю і рабаваннем. Індычка ж, хоць дурная і самазадаволеная, але ўсё ж лепшы выбар.”

1874 год. Пры абароне сваёй царквы ад ператварэння яе ў праваслаўную загінула 13 беларускіх сялян-уніятаў з в. Пратулін на Падляшшы. 

500 уніятаў вёскі, узброеныя каламі, занялі абарону вакол царквы, каб не пусціць туды праваслаўнае духавенства. Супраць вернікаў 2 роты царскіх салдатаў ужылі зброю: 9 чалавек забіта, з 14 цяжка параненых 4 памерлі. Аналагічныя сутыкненні уніятаў з войскамі адбыліся ў вёсках Дралёва (загінула 5 чалавек) і Палубічы.

У 1875 у Парыжы ў іх гонар быў выбіты медаль з надпісам «Братам-русінам, замардаваным маскоўскім царызмам, за вернасць царкве і Польшчы. 1874» з імёнамі 18 уніятаў, забітых у Пратуліне і Дралёве. 

6 кастрычніка 1996 года 13 падляшскіх мучанікаў урачыста беатыфікаваны ў Рыме.

1905 год. У Паўднёвай Афрыцы знойдзены самы вялікі ў гісторыі чалавецтва алмаз “Кулінан” – 3106 каратаў, 621,2 грам. 

Выпадкова вынайдзены кіраўніком рудніка “Прэм’ер” Ф. Уэлсам пры вячэрнім абыходзе, калі ён заўважыў яркі бляск і зіхаценне, якія зыходзілі з кропкі на сценцы кар’ера. 

Сваю назву атрымаў у гонар уладальніка рудніка Т. Кулінана. Камень дзівіў усіх не толькі сваімі вагой і  памерам 10 x 6,5 x 5 сантыметраў – з’яўляўся абломкам буйнейшага крышталя, – але і дзіўнай чысцінёй, поўнай адсутнасцю мінеральных уключэнняў, бурбалак і расколін. 

Кошт дыямента быў такі высокі, што на працягу шэрагу гадоў на яго не знаходзілася пакупніка. Ён два гады быў выстаўлены на ўсеагульны агляд у банку ў Ёханэсбургу. 

Камень быў набыты за 150 000 фунтаў стэрлінгаў і падораны англійскаму каралю да дня яго нараджэння 9 лістапада 1907 года. 

Сучасныя эксперты-гемалогі лічаць, што пакупнікам унікальны камень дастаўся практычна дарма: па цэнах таго часу яго кошт складаўся не менш за 8 мільёнаў фунтаў, а цяперашні эквівалентны кошт – 94 тоны золата. 

У 1908 годзе “Кулінан” вырашана было разбіць на часткі і аграніць. Для гэтага яго адправілі ў Амстэрдам да знакамітых ювеліраў братам Асскор. Алмаз быў расколаты на 9 буйных частак і каля 100 дробных. 

Агранка камянёў была завершана ў 1912 годзе. Было атрымана 105 дыяментаў агульнай вагой 1063,65 карата, 34,25% ад масы зыходнага каменя. 9 самых буйных і знакамітых дыяментаў складаюць гонар англійскай кароны.

1947 год. Нарадзілася Святлана Акружная. 

Беларуская актрыса. Народная артыстка Беларусі.

Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1969 года працуе ў Беларускім нацыянальным драматычным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа.

Сыграла больш за 30 роляў у тэатры, а таксама ў кіно, у тым ліку, у фільмах “Плач перапёлкі”, “Зацюканы апостал” і іншых. Пра яе асаблівы талент напісана больш 450 нарысаў і артыкулаў у кнігах, часопісах, газетах і біяграфічных даведніках, зняты дакументальны фільм «Святлана» (рэжысёр А. Трафіменка).

1961 год. Нарадзіўся Уэйн Грэцкі

Знакаміты канадскі хакеіст. Унук выхадца з Гродзеншчыны Цярэнція Грэцкі. 

Адзін з самых вядомых спартсменаў XX стагоддзя. У Нацыянальнай хакейнай лізе, дзе Грэцкі атрымаў мянушку «Вялікі», ён усталяваў 61 рэкорд і неаднаразова заваёўваў індывідуальныя прызы Лігі, уключаючы 9 прызоў самаму каштоўнаму гульцу і 10 — лепшаму бамбардзіру сезону. 

Быў у ліку 5 спартсменаў, якія запалілі агонь Алімпіяды-2010 у Ванкуверы. 

Увайшоў у сімвалічную зборную стагоддзя «Centennial All-Star Team» Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай.

1972  год. Югаслаўка Вясна Вулавіч засталася жывой пасля падзення з самалёта з вышыні 10160 метраў. Рэкорд Кнігі Гінэса. 

Самалёт югаслаўскай кампаніі JAT, на якім яна была сцюардэсай, пралятаючы над нямецкай вёскай Хінтэрхермсдорф, узарваўся ў паветры, а яго абломкі ўпалі ў раёне чэхаславацкай вёскі Србска-Камяніцы. 

Вуловіч аказалася адзінай выжылай у гэтым рэйсе, паколькі знаходзілася ў хвасце самалёта і была прышпілена рамянямі бяспекі. 

Яна была некалькі сутак у коме, правяла некалькі месяцаў у шпіталях: пералом чэрапа, зламаныя абедзве нагі і тры пазванкі, з-за чаго некаторы час была паралізаваная ніжэй пояса. 

Пасля трагедыі, ужо не змагла быць сцюардэсай і працавала ў кампаніі JAT на адміністрацыйнай пасадзе.

1990 год. Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон «Аб мовах». Абвяшчэнне беларускай мовы дзяржаўнай. 

Закон аб мовах павінен быў спыніць татальную русіфікацыю Беларусі. Беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай у Беларусі, расійская мова — «мовай міжнацыянальных зносін».

Але на Рэферэндум 1995 года, разам з іншымі пытаннямі, першым было вынесена: «Ці згодныя вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай?». 

Улетку 1998 года у Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» былі ўнесены змены і дапаўненні. У адпаведнасці з імі была выключаная ўзнёслая прэамбула Закона і ўстаноўлены ў якасці дзяржаўных моваў беларуская і руская мовы. 

З прыняццем новай рэдакцыі Закона аб мовах ад 13 ліпеня 1998 года было спынена прыярытэтнае развіццё беларускай мовы, як і адменена дзяржаўная праграма яе развіцця.

Некаторыя сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што 1/3 беларусаў заяўлялі пра свабоднае валоданне беларускай мовай, але толькі каля 6 % беларусаў гавораць, што ўвесь час карыстаюцца беларускай мовай, амаль 74 % увесь час карыстаюцца рускай, а 21 % не карыстаюцца беларускай мовай наогул.

У афіцыйнай сферы выкарыстанне беларускай мовы вельмі абмежаванае. Справаводства ў Беларусі амаль цалкам рускамоўнае.

Назвы населеных пунктаў на дарожных паказальніках падаюцца, у асноўным, на беларускай мове, хоць часам сустракаюцца і рускамоўныя шыльды.

Удзельная вага вучняў школ з беларускай мовай навучання каля 10% і яна мае тэндэнцыю да скарачэння.

8 лістапада 2021 года Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.

1994 год. Памёр Алесь Адамовіч. 

Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч.

Крытык, навуковец, кінасцэнарыст, публіцыст. Доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР, Саюза журналістаў СССР і Саюза кінематаграфістаў. 

Дырэктар Усесаюзнага НДІ кінематаграфіі, сустаршыня Міжнароднага фонду «Дапамога ахвярам Чарнобыля». Народны дэпутат СССР. Удзельнік працы Сойму БНФ. 

Найбольш вядомы па творах, якія экранізаваны – «Вайна пад стрэхамі», «Сыны сыходзяць у бой» (аўтар і выканаўца песень У. Высоцкі), «Хатынская аповесць», «Я з вогненнай вёскі», «Карнікі» (ляглі ў аснову сцэнару кінафільма «Ідзі і глядзі»).

Суаўтар «Блакаднай кнігі», аўтар серыі артыкулаў пра творчасць Максіма Гарэцкага, кніг публіцыстыкі.

У п. Глушы Бабруйскага раёна, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка, ёсць вуліца яго імя, у 2018 адкрыты арт-аб’ект — «Прыпынак Адамовіча», у 2019 – адкрыты бюст.

2003 год. Памёр Уладзімір Мулявін. 

Беларускі і рускі артыст, спявак, кампазітар, народны артыст БССР і СССР, Заслужаны дзеяч культуры Польшчы, заснавальнік і мастацкі кіраўнік ансамбля «Песняры».

Працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у ансамблі Беларускай ваеннай акругі. Стварыў ВІА «Лявоны» (1968), які ў 1970 годзе змяніў назву на «Песняры».

У 1976 годзе гастраляваў з «Песнярамі» у ЗША разам з амерыканскай кантры-групай «Нью Крысці Мінстрэлс».

У яго творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучалася з глыбокім веданнем народнай песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак беларускіх народных песень, якія вызначылі стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку беларускай народнай песеннасці і эстраднай музыкі.

Узнагароджаны медалём і  ордэнам Францыска Скарыны.

14 мая 2002 года трапіў у аўтакатастрофу, 26 студзеня 2003 года памёр у Маскве ў шпіталі імя Бурдэнкі.

Дзень у гісторыі. 25 студзеня. Таццянін дзень. Вакол Зямлі за 72 дні. Нарадзіліся: Уладзімір Высоцкі, паэты Адам Гурыновіч, Сяргей Украінка, Нобелеўскі лаўрэат Ілля Прыгожын.

Таццяна і Павал (народны каляндар.). Таццяна (праваслаўны каляндар). 

Свята студэнтаў у Расіі і некаторых постсавецкіх краінах.

Царква шануе святую пакутніцу, дачку рымскага консула Таццяну, якая падверглася жорсткім пераследам за веру Хрыстову пры імператары Аляксандры ў ІІІ стагоддзі.

На Таццяну прагляне сонейка – да ранняга прылёту птушак.

Снег на Таццяну – лета дажджлівае: “Калі снегапад – улетку дождж часціць”.

Мароз і сонца – да добрага лета.

25 студзеня ў Расіі і некаторых постсавецкіх краінах адзначаецца Дзень студэнта. Гэта звязваецца з тым, што на дзень святой Таццяны, 12 (23) студзеня 1755 года ўказам імператрыцы Лізаветы Пятроўны быў заснаваны Маскоўскі ўніверсітэт. 

Чаму гэтае свята адзначаюць таксама і ў Беларусі? Справа не толькі ва ўплыве расійскай культуры, справа таксама ў тым, што ў 1923 годзе “архаічная і бессэнсоўная Таццяна” была заменена савецкімі ўладамі ў дырэктыўным парадку Днём пралетарскага студэнцтва.

Афіцыйным і міжнародным Днём студэнта з’яўляецца 17 лістапада.

1804 год. Нарадзіўся Антон Адынец. 

Паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце, член таварыства філарэтаў, якому прысвяціў «Песню філарэтаў». Сябра А. Міцкевіча, Т. Зана, І. Дамейкі, І. Ходзькі, І. Лялевеля, Я. Чачота.

Аўтар вершаў, кнігі паэзіі «Poezje». У 1829-1830 гадах разам з А. Міцкевічам вандраваў па Германіі, Швейцарыі і Італіі, асобна – па Францыі і Велікабрытаніі, сустракаўся з В. Гюго.

Жыў у Дрэздэне, дзе перакладаў В. Скота, Дж. Байрана, у Вільні рэдагаваў альманах «Melitele», газету «Kurier Wileński».

Уваходзіў у кола энтузіястаў, разам з А. Кіркорам, М.  Маліноўскім, І. Ходзькам, У.Сыракомляй, якія выступалі за культурнае адраджэнне Літвы, аднаўленне Віленскага ўніверсітэта.

У 1858 годзе апынуўся ў цэнтры скандала: напісаў верш у гонар Аляксандра II, у якім называў цара спадчыннікам Ягелонаў, што выклікала абурэнне віленскай грамадскасці.

З 1866 года жыў у Варшаве, публікаваў мемуары, уласныя лісты да сяброў з цыклу «Лісты з падарожжа», дзе распавядаў пра еўрапейскае падарожжа з Міцкевічам. Гэта публікацыя была ўспрынята з небывалым энтузіязмам.

У 1884 годзе разам з І. Дамейкам наведваў Беларусь, сустракаўся ў Крошыне з Паўлюком Багрымам.

Памёр 15 студзеня  1885 года ў Варшаве.

1869 год. Нарадзіўся Адам Гурыновіч. 

Беларускі паэт

Актыўны ўдзельнік рэвалюцыйнага руху Пецярбурга.

Як беларускі дзеяч і паэт сфарміраваўся пад уплывам народніцкага «Гомана» і творчасці Ф. Багушэвіча, традыцыі паўстання 1863 года, ідэй К. Каліноўскага.

Паэт-рэвалюцыянер, пясняр народнай нядолі, які заклікаў да рашучай барацьбы з панамі і самаўладствам, першым з беларускіх літаратараў звярнуўся да рабочай тэмы.

Адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай паэзіі.

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, І. Крылова, М. Някрасава, А. Талстога, А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі, І. Франко і іншых.

Імем паэта названа вуліца ў Мядзелі. У в. Золькі пастаўлены мемарыяльны знак.

У 1893 годзе быў арыштаваны ў Вільні, утрымліваўся ў Віленскай цытадэлі, Петрапаўлаўскай крэпасці. 

Пасля вызвалення памёр 4 лютага 1894 года.

1890 год. Завяршылася коласветнае падарожжа журналісткі Нэлі Блай, якая паспаборнічала з героем Жуля Верна. 

Яна аб’ехала вакол Зямлі за 72 дні 6 гадзін 10 хвілін 11 секунд па маршруце: Нью-Ёрк – Лондан – Парыж – Брындызі – Суэц – Цэйлон – Сінгапур – Ганконг – Ёкагама – Сан-Францыска – Нью-Ёрк.

Рэпарцёр адправілася ў шлях 14 лістапада 1889 года, калі раман Жуля Верна “Вакол свету за 80 дзён” чыталі ўжо 17 гадоў.

Адной лістападаўскай раніцай 1889 года Жуль Верн атрымаў тэлеграму, падпісаную “Блай”.

У ёй паведамлялася, што парыжскім цягніком у Ам’ен прыбудзе амерыканскі кругасветны падарожнік, які вырашыў пабіць рэкорд Філеаса Фога і ахвяраваў сваім каштоўным часам, каб зрабіць крук і наведаць вялікага летуценніка і фантаста.

Пісьменнік паспяшаўся на вакзал. Ён чакаў сустрэць прапаленага шукальніка прыгод, а з вагона сышла маладая дзяўчына.

Спансаваў ваяж выдавец Джозэф Пулітцэр. Усе газеты свету стракацелі загалоўкамі: “Ці здзейсніцца мара Жуля Верна?”, “Ці паб’е Нэлі Блай рэкорд Філеаса Фога?”

За час падарожжа журналісткі раман Жуля Верна “Вакол святла ў 80 дзён” быў перавыдадзены 10 разоў.

Па прыбыцці ў Нью-Ёрк Блай салютавалі дзесяццю артылерыйскімі залпамі.

1903 год. Нарадзілася Любоў Мазалеўская.  

Беларуская актрыса, рэжысёр, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве, працавала ў тэатрах імя Якуба Коласа, Янкі Купалы,  выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Арганізатар, галоўны рэжысёр (1956-1961, 1963-1964) Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.

Сярод яе тэатральных пастановак: «Папараць-кветка» і «На хвалях Серабранкі» І. Козела, «Горад майстроў» Т. Габэ, «Даходнае месца» А. Астроўскага, «Пакуль вы маладыя» І. Мележа, «Закон Лікурга» паводле Т. Драйзера і шматлікія іншыя.

Знялася ў шэрагу карцін беларускай кінастудыі.

Памерла 18 ліпеня 1964 года. 

1911 год. Памёр ураджэнец Магілёва Вацлаў Федаровіч. 

Беларускі краязнавец, калекцыянер, юрыст. Член-карэспандэнт Кракаўскай Акадэміі навук.

Скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працаваў адвакатам у Саратаве, Балашове, Царыцыне, Ерэване. 3 1884 года жыў і працаваў у Віцебску. Намеснік старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.

Удзельнічаў у археалагічных раскопках, калекцыяніраваў зброю, археалагічныя, нумізматычныя, сфрагістычныя, этнаграфічныя матэрыялы.

Сабраў вялікі збор (больш за 1 000 тамоў) кніг па гісторыі Беларусі і Літвы.

Стварыў прыватны музей, у якім былі сабраны прадметы даўніны, знойдзеныя ім на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Віленскай губерняў. Пасля рэвалюцыі музей нацыяналізаваны і на яго аснове з 1923 у Віцебску дзейнічаў Музей мясцовых страражытнасцей (больш за 7000 прадметаў). 

Цяпер у фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея захоўваюцца толькі троху больш за 200 прадметаў са збору В. Федаровіча.

Публікваў артыкулы па гісторыі ў «Витебских губернских ведомостях». Складальнік і ініцыятар выдання літаратурна-краязнаўчага зборніка «З ваколіц Дзвіны» (1912).

1917 год. Нарадзіўся Ілля Прыгожын (Рувімовіч). 

Бельгійскі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі (адзін з 22 Нобелеўскіх лаўрэатаў – беларусаў і выхадцаў з Беларусі). Доктар археалогіі, кампазітар. Віцэ-прэзідэнт Бельгійскай акадэміі навук. Замежны член АН СССР, Беларусі, Украіны, Румыніі, ГДР, ЗША.

Нарадзіўся ў сям’і ўраджэнца Магілёва. На эміграцыі з 1921 года.

Скончыў Брусельскі вольны ўніверсітэт. Прафесар фізічнай хіміі.

Большая частка яго работ прысвечана нераўнаважнай тэрмадынаміцы і статыстычнай механіцы незваротных працэсаў.

У галіне статыстычнай механікі правёў глыбокія даследаванні ўраўнення Ліўвіля для ансамбля на аснове фармальнай аналогіі яго рашэнняў з рашэннямі ўраўнення Шрэдынгера.

Даказаў адну з асноўных тэарэм лінейнай тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў – аб мінімуме вытворчасці энтрапіі ў адкрытай сістэме. Для нелінейнай вобласці ў суаўтарстве з Гленсдорфам сфармуляваў агульны крытэр эвалюцыі Гленсдорфа – Прыгожына. Увёў  тэрмін «пераадкрыццё часу».

1938 год. У Празе памёр  Тамаш Грыб. 

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.

У Пецярбургу ўваходзіў у беларускі навукова-літаратурны гурток Б. Эпімах-Шыпілы.

Дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябра Рады БНР, міністр земляробства і міністр ўнутраных спраў БНР. Член Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады, лідар Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Арыштоўваўся ДПУ, польскімі ўладамі за беларускую незалежніцкую дзейнасць.

Дзеяч беларускага руху ў Празе, стваральнік Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны.

Аўтар прац па гісторыі, нацыянальна-палітычнаму жыццю Беларусі.

Перакладаў публіцыстыку з рускай і чэшскай моў. Складаў бібліяграфію беларусазнаўства.

1938 год. Нарадзіўся Уладзімір Высоцкі. 

Бард, паэт і акцёр. 

Аўтар больш за 700 песень і вершаў. Сыграў 20 роляў у тэатры і 30 у кіно. 

Род Высоцкіх паходзіць з в. Сялец, што на Пружаншыне, прозвішча можа быць звязана з назвай г. Высокае Камянецкага раёна. Ягоны дзед, таксама Уладзімір Сямёнавіч, ураджэнец Брэста.

Высоцкі добра ведаў пра свае беларускія карані і часта бываў у Беларусі. 

У жніўні 1969 г. пры здымках фільма «Сыны ідуць у бой» ён з М. Уладзі жыў у в. Літоўка каля Навагрудка (у 2012 г. тут усталяваны помнік Высоцкаму).

Памёр 25 ліпеня 1980 года.

Магілёвец Міхась Булавацкі зрабіў пераклады вершаў Высоцкага на беларускую мову.

помнік у Навагрудку 

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Лакотка

Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, этнограф, мастак. Заслужаны дзеяч навукі. Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар. Акадэмік акадэміі навук Беларусі.

Стварыў новую навуковую канцэпцыю гістарычнага феномена беларускай архітэктуры як своеасаблівага сінтэзу ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый дойлідства, раскрыў ролю ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый у эвалюцыі беларускіх гарадоў, ахарактарызаваў гістарычныя працэсы зменлівасці тыпаў паселішчаў.

Вылучыў і сістэматызаваў агульныя і рэгіянальныя асаблівасці вясковага жылля беларусаў, прааналізаваў яго этнічныя рысы, распрацаваў тыпалагічную класіфікацыю ўсіх кампанентаў вясковага жылога комплексу, даследаваў уплыў ландшафтных умоў на фарміраванне жылога асяроддзя, узаемасувязь вясковага і традыцыйнага гарадскога жылля.

Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны Генеральны план Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, праекты многіх сядзіб. Ініцыятар стварэння музеяў у г. п. Глуша Бабруйскага раёна і в. Моталь Іванаўскага раёна.

1961 год. У в. Ніканавічы Быхаўскага раёна нарадзіўся Сяргей Украінка. 

Беларускі паэт.

Скончыў філалагічны факультэт БДУ, дзе быў актыўным членам літаб’яднання “Узлёт” на чале з прафесарам А. Лойкам. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, дырэктарам школы на Быхаўшчыне, выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры МДУ імя  А. Куляшова.

Аўтар вершаў у зборніках “Вусны”, “Квадра”, “Дняпроўскія хвалі” і іншых, часопісе “Полымя”, перыёдыцы, прозы, крытыкі ў “Крыніцы”, “ЛіМ”, “Роднае слова”. Аўтар паэтычных кніг “Маё Купела”, “9 гранаў”.

Лірычны герой яго вершаў – асоба, паяднаная з Бацькаўшчынай, яе гісторыяй і сучаснасцю.

Аўтар вершаў, якія прысвечаны М. Багдановічу, М. Гарэцкаму.

Дзень у гісторыі. 20 студзеня. Нарадзіліся першы рэктар Магілёўскага педінстытута Яўген Бычкоў, акадэмік Браніслаў Тарашкевіч, артыст Рыгор Шырма. Ад голада памёр Еўдакім Раманаў

1801 год. Нарадзіўся Канут Русецкі. 

Беларуска-польска-літоўскі мастак. 

Прыхільнік францускай школы жывапісу. 

Займаўся аднаўленнем Віленскага кафедральнага сабора, кансервацыяй карцін у капліцы Святога Казіміра, маляваў для многіх касцёлаў абразы. Зрабіў замалёўкі пейзажаў Белавежскай пушчы, ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны. 

330 яго твораў захоўваецца ў Літоўскім мастацкім музеі і экспануецца ў Вільнюскай мастацкай галерэі, але значная частка твораў знікла. 

На знакамітай карціне, якая экспануецца ў мінскім доме-музеі Ваньковічаў, “Літоўка з вербамі” мастак адлюстраваў дзяўчыну ў беларускім нацыянальным строі з «пальмамі віленскімі» на фоне віленскага касцёла св. Міхала. 

Памёр 21 жніўня 1860 года.

1887 год. У Новым Быхаве нарадзіўся Яўген Бычкоў. 

Беларускі педагог, выкладчык геаграфіі і гісторыі, другі дырэктар Магілёўскага настаўніцкага інстытута і першы рэктар Магілёўскага педінстытута. 

У 1921 годзе ўзначаліў барацьбу педкалектыву і студэнтаў за захаванне інстытута ў Магілёве за што быў арыштаваны, але адпушчаны, узначальваў інстытут да яго закрыцця ў 1923 годзе. 

Працаваў ў Магілёўскім педтэхнікуме, аддзеле кадраў Магілёўскай фабрыкі штучнага валакна, на рабфаку адноўленага ў 1930 годзе педінстытута. 

Арыштаваны ДПУ 3 верасня, расстраляны 4 лістапада 1937 года.

Фота: Партрэт Я. Бычкова магілёўскага мастака Зм. Пухоўскага (1966-2022)

1891 год. Нарадзіўся Фабіян Ярэміч. 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), сябра прэзідыума Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Рады БНР (1918).

Быў дэпутатам сейма Польшчы (1922-1935), старшынёй  Беларускага пасольскага клуба, лідарам Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Выдаваў газету «Сялянская ніва» (1925-1930).

Удзельнік ІІ Усебеларускага кангрэса (1944). 

У 1945 годзе рэпрэсаваны і зняволены да 1956 года савецкімі ўладамі ў канцлагеры. Памёр 29 чэрвеня 1958 года.

1892 год. Нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч. 

Беларускі мовазнавец, палітычны дзеяч, пісьменнік, перакладчык. Акадэмік АН Беларусі. 

Аўтар першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы.

Адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. Працаваў у Пецярбургскім універсітэце, Мінскім настаўніцкім інстытуце, дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, у Беларускім пасольскім клубе.

Аўтар праекта аўтаноміі Беларусі. За грамадска-палітычную дзейнасць у Заходняй Беларусі пазнаў пераслед польскіх уладаў.

У верасні 1933 года быў абмяняны на вязня Салавецкага лагера, беларускага драматурга Ф. Аляхновіча. 

У СССР працаваў загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве. 

Даследчык грамат XII стагоддзя, гістарычнай граматыкі беларускай мовы. Аўтар першай «Беларускай граматыкі для школ» – галоўнага падручнікама па беларускай мове ў часы беларусізацыі 1920-х гадоў.

Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча.

6 траўня 1937 года арыштаваны, 5 студзеня 1938 «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу.  Даследчык Л. Маракоў мяркуе, што Тарашкевіч загінуў у часе катаванняў  29 лістапада 1938 года.

Імем вучонага названы вуліцы ў Маладзечне, Радашковічах, Мінску, ліцэй у польскім Бельску Падляскім. У Вільнюсе ўсталявана памятная дошка.

1892 год. Нарадзіўся Рыгор Шырма

Беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, фалькларыст, грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец. Народны артыст БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы.

Аарганізатар беларускіх хораў у Пружанах, Вільні, Беластоку. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939-1970). 

Сабраў больш за 2 000 беларускіх народных песень. 

Выдаў першыя зборнікі Міхася Васілька, Максіма Танка, Сяргея Крыўца. Прапагандаваў творчасць сваіх вучняў-гімназістаў Алеся Салагуба і Валянціна Таўлая.

Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у Лукішскай турме, у 1942 г. быў арыштаваны НКУС, сядзеў на Лубянцы. Вызвалены паводле хадайніцтва Якуба Коласа і П. Панамарэнкі і высланы ў Казахстан.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом» (1964). 

Па ўспамінах З. Пазняка, у сярэдзіне 1970-х, Шырма пагадзіўся падпісаць зварот да Л. Брэжнева ў абарону ад зруйнавання старога Мінска і руйнаванне спынілася.

Памёр 23 сакавіка 1978 года.

1913 год. Нарадзілася Ларыса Алексютовіч

Беларуская танцоўшчыца, балетмайстар. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Працавала ў балетнай групе Беларускага драмтэатра (Купалаўскага), у аб’яднанні музычных эстрадных і цыркавых работнікаў, у Ансамблі беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі. 

У 1950-1973 гадах працавала балетмайстрам ансамбля танца БДУ, выкладчыкам Беларускага харэаграфічнага вучылішча. 

Ставіла шэраг сцэнічных танцаў на традыцыйнай аснове («Ручнікі», «Вязанка», «Кола» і інш.). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні», кнігі пра бацьку «Балетмайстар Канстанцін Алексютовіч. Жыццё і творчы шлях».

Памерла ў 2003 годзе.

1919 год. Адкрыты Беларускі абласны музей у Мінску. 

З 2009 года – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Размешчаны ў гістарычным будынку былога банка па вуліцы К. Маркса, 12. 

У яго фондах захоўваецца самая вялікая музейная калекцыя ў Беларусі — гэта каля 400 000 адзінак захоўвання. 

У структуру музея ўваходзяць 5 філіялаў: Музей гісторыі беларускага кіно, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Дом-музей І з’езда РСДРП, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музей прыроды і экалогіі Беларусі.

1922 год. У Стаўрапалі з голаду памёр Еўдакім Раманаў. 

Беларускі фалькларыст, этнограф, археолаг, прафесар, настаўнік, “чалавек-універсітэт”. 

Аўтар дадаткаў да слоўніка І. Насовіча, 15-ці томнага «Беларускага зборніка» – энцыклапедыі побыту, творчасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. 

Пад яго рэдакцыяй выйшлі 3 выпускі «Магілёўскай даўніны», выпуск «Крыніц для гісторыі Магілёўскага краю» і іншыя працы. Склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, сабраў звесткі пра 1000 гарадзішчаў Беларусі. 

Сузаснавальнік Віцебскага, Магілёўскага, Віленскага этнаграфічных музеяў.

Імя вучонага носяць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, бібліятэка і вуліца ў Гомелі, праводзяцца навуковыя раманаўскія чытанні. Усталяваны мемарыяльныя шыльды ў яго гонар у Магілёве на будынку абласнога краязнаўчага музе, у Гомелі на будынку бібліятэкі-філіяла №3.

1949 год. Памёр Юзаф Пузына. 

Польскі і беларускі гісторык, пісьменнік, паэт. Доктар філасофіі. Працаваў у міністэрстве замежных спраў Польшчы, рэдактарам міністэрскага часопіса “Messager Polonais”, членам рэдакцыі “Miesięcznik heraldyczny”, кіраўніком аддзела культуры магістрата Чанстаховы.

Аўтар лірычных і сатырычных вершаў, патрыятычных паэм, гімнаў, паэтычных драм, аповесцей. Вывучаў праблемы паходжання княжацкіх родаў ВКЛ, іх палітычную ролю ў жыцці дзяржавы. Аўтар вялікай працы “Вялікае княства Літоўскае да Міндоўга”, мемуараў пра пісьменніцу М. Радзевіч.

1960 год. У БССР ліквідавана Маладзечанская вобласць

Заснавана 4 снежня 1939 года як Вілейская, 20 верасня 1944 года пераўтворана ў Маладзечанскую. 20 раёнаў вобласці перададзены ў тры іншыя вобласці. 

У Мінскую вобласць уключаны Вілейскі, Валожынскі, Івянецкі, Крывіцкі, Маладзечанскі, Мядзельскі, Радашковіцкі. У Віцебскую – Браслаўскі, Відзаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Мёрскі, Пліскі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі. У Гродзенскую – Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі, Юрацішскі. 

У краіне засталося 7 сучасных рэгіёнаў: Мінск і 6 абласцей – Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская.

1961 год. Нарадзіўся Сяргей Тарасаў. 

Беларускі археолаг, гісторык, пісьменнік. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, узначальваў аддзел археалогіі сярэдневяковага перыяду. Спецыяліст у пытаннях узнікнення і развіцця беларускіх гарадоў IX – XVIII стагоддзяў, прыняцця і распаўсюджання хрысціянства на Беларусі, спалучэння і ўзаемаадносін хрысціянства і паганства, узнікнення і развіцця культавага дойлідства XI – XIII стагоддзяў, пісьменнасці і эпіграфікі.

Даследаваў археалагічныя помнікі старажытнага Полацка, Мінска.

Суаўтар навуковай канцэпцыі музея гісторыі Мінска. Аўтар больш чым 50 навуковых прац, падручніка «Мая Радзіма – Беларусь» для 4-га класа школ, аўтар кніг для дзяцей і падлеткаў, суаўтар мастацкіх зборнікаў. 

У 1987 – 1999 гадах быў аўтарам і вядучым шэрага праграм Беларускага тэлебачання: «Крок», «Вецер вандраванняў», «Скарбы беларускай гісторыі», «Кола гадзіны», «Беларуская хата».

Аўтар сцэнарыяў мастацкіх і дакументальных фільмаў: «Иди и смотри», «Пастка для зубра. Вітаўт», «Пастка для зубра. Ягайла», «Да вас, сучаснікі мае», «Званы Сафіі», «Слава Оршы», «Буквар», «Замкі Беларусі», «Беларусь на крыжы вякоў» і іншых.

1970 год. Устаноўлена званне Ганаровы грамадзянін Магілёва. 

Рашэнне прынята Пятай сесіяй Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў.  Прысвойваецца за выбітны ўклад у развіццё і росквіт горада Магілёва. 

Першым Ганаровым грамадзянінам стала ў 1970 годзе Заслужаны настаўнік Лізавета Казлоўская, апошнім – у 2022 годзе – дырэктар ААТ «Мажэліт» Вікенці  Ермалёнак. 

Усяго 31 ганаровы грамадзянін: удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – 12, прадстаўнікі адукацыі, культуры, спорта – 10, дзяржаўныя дзеячы – 4, прамыслоўцы і Героі Сацыялістычнай працы – 5.  

Новая Інструкцыя аб парядку прысваення звання “Ганаровы грамадзянін горада Магілёва” прынята рашэннем гарсавета 21 красавіка 2022 года.

2005 год. Зацверджаны гербы шэрагу гарадоў Віцебскай вобласці. 

Зацверджаны гербы Бешанковічаў, Браслава, Глыбокага, Гарадка, Докшыцаў, Лёзна, Мёраў, Полацка, Паставаў, Расонаў, Сянна, Талачына, Чашнікаў, Шаркаўшчыны, Шуміліна.

Герб Полацка

Дзень у гісторыі. 17 студзеня. Адкрыўся Беларускі музычны тэатр. Нарадзіліся кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, мастак Антон Бархаткоў, празаік Андрэй Федарэнка. Памёр Чэслаў Немен

Марк (праваслаўны каляндар). 

Дзень памяці аднаго з чацвярых евангелістаў, аўтара Евангелля ад Марка. 

Марк-евангеліст уключаецца ў лік апосталаў ад сямідзесяці і атаясамліваецца з Маркам-Янам, вучнем апостала Пятра.

Яму прыпісваецца роля заснавальніка александрыйскай царквы, якая пазней стала адным з найважнейшых біскупскіх пасадаў. 

Мошчы Марка былі ў 829 годзе вывезены з Александрыі ў Венецыю, дзе для іх быў пабудаваны Сабор Святога Марка. Святы Марк –  апякун Венецыі. Сімвалам святога Марка з’яўляецца крылаты леў.

Сабор 70-ці апосталаў

Перад апошняй пропаведдзю ў Галілеі Гасподзь абраў 70 апосталаў, каб яны па двое пайшлі ў галілейскія гарады і падрыхтавалі іх да прыходу Хрыста. Місія 70-ці, у адрозненне ад служэння 12-ці апосталаў, была часовай. 70 апосталаў – гэта апосталы («веснікі») у самым агульным сэнсе.

1377 год. Рэзідэнцыяй Папы Рымскага становіцца Ватыкан. 

Папа Рыгор XI разам з 13 кардыналамі ўрачыста ўехаў у Вечны горад. З 1309 па 1377 год цэнтрам Рымскай каталіцкай царквы быў Латэранскі палац у французскім Авіньёне. Французскія каралі ўплывалі на прадстаяцеляў. Гэты перыяд называюць “авіньёнскім паланеннем пап”.

У антычнасці тэрыторыя Ватыкана была не заселена, бо ў Старажытным Рыме гэтае месца лічылася святым. У 326 годзе, пасля прыходу хрысціянства, над магілай святога Пятра была ўзведзена базіліка Канстанціна і з таго часу гэтае месца стала засяляцца.

Папская дзяржава, якая ўтварылася ў сярэдзіне VIII стагоддзя, ахапіла большую частку Апенінскага паўвострава, але ў 1870 годзе была ліквідавана Італьянскім каралеўствам.

Ватыкан зараз – самы маленькі горад-дзяржава плошчай усяго 44 га. У сучасным выглядзе існуе з 11 лютага 1929 года на падставе заключаных урадам Беніта Мусаліні Латэранскіх пагадненняў. “Дзяржава ў дзяржаве” знаходзіцца ў Рыме на пагорку Монтэ-Ватыкана, мае свой сцяг, гімн, урад, Акадэмію навук, манету, паштовую сувязь, уласную газету і радыёстанцыю, войска, грамадзян – каля 1 000 святароў.

Над будынкамі Ватыкана працавалі вялікія архітэктары, скульптары, мастакі. Напрыклад, у будаўніцтве Сабора Святога Пятра, які можа змясціць 10 000 чалавек, удзельнічаў Мікеланджэла.

1732 год. Нарадзіўся Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Аўгуст IV. 

Апошні кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі (1764-1795).

Вакол сябе згуртаваў магнатаў і шляхту, якія прагнулі адраджэння дзяржавы. 

Праводзіў эканамічныя рэформы: адчыняліся мануфактуры, будаваліся каналы, наладжваліся кірмашы, падтрымліваўся гандаль. 

Вальны сойм прыняў рашэнне аб ураўнаванні правоў дысідэнтаў. Нязгодная каталіцкая шляхта стварыла Барскую канфедэрацыю і пачала рокаш. Паўстанне канфедэратаў было падаўлена ў 1771 годзе расійскімі войскамі. 

Пасля першага падзелу краіны ў 1772 годзе рэформы працягваліся – была прынята Канстытуцыя,  створана Адукацыйная камісія.

24 сакавіка 1794 года пачалося патрыятычнае паўстанне пад кіраўніцівам Т. Касцюшкі, у выніку падаўлення якога ў 1795 года адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай, якая з гэтага часу спыніла існаванне. 

Станіслаў Аўгуст выракся стальца. Памёр у 1798 годзе ў Санкт-Пецярбургу, дзе і быў пахаваны.

У 1938 годзе быў перанесены на радзіму ў пахавальню воўчынскага касцёла Святога Станіслава, у 1994 – у варшаўскі кафедральны касцёл.

1773 год. Джэймс Кук перасёк Паўднёвы палярны круг.

Да брытанскіх караблёў “Рэзалюшн” і “Эдвенчур” гэтага не рабіла ніводнае судна. Кук меў мэту знайсці Вялікі Паўднёвы кантынент. З ім было нямала навукоўцаў, якія пасля ўнеслі вялікі ўклад у вывучэнне і даследаванне паўднёвых шырот.

Кук праплыў праз Паўднёвы палярны круг, але з-за льдоў яму прыйшлося вярнуцца назад. Ён нанёс на карту шэраг невядомых астравоў на поўдні Ціхага акіяна, такіх як Новая Каледонія, Сандвічавы астравы, Паўднёвая Георгія і Норфалк. Назіранні і падрабязныя справаздачы вялікага даследніка сталі асновай для шматлікіх экспедыцый.

1904 год. Нарадзіўся Аляксандр Якімовіч. 

Беларускі дзіцячы пісьменнік. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Працаваў у рэдакцыях часопісаў «Беларускі піянер», «Іскры Ільіча», «Бярозка», Дзяржаўным выдавецтве,  быў сябрам літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Аўтар вершаў, кніг вершаў. Пісаў пераважна для дзяцей: аўтар 25 кніг, зборнікаў апавяданняў, аповесцей, казак.

У яго апрацоўцы выйшла шмат беларускіх казак як асобнымі выданнямі, так і зборнікамі. 

Суаўтар «Чытанкі» для 2-га класа, аўтар падручніка для 2-га класа «Роднае слова», кніг для чытання «Слухай – запамінай: Азбука ў вершах і малюнках», «Звяры нашых лясоў».

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы рускіх, украінскіх, еўрапейскіх аўтараў.

Памёр 15 студзеня 1979 года.

1917 год. У в. Шчаглоўка Касцюковіцкага раёна нарадзіўся Антон Бархаткоў. 

Беларускі савецкі мастак-жывапісец. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні першай выстаўкі беларускага мастацтва ў Маскве, прысвечанай 25-годдзю ўтварэння БССР, у арганізацыі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР.

Вучань і прадаўжальнік традыцый В. Бялыніцкага-Бірулі. Сыны А. Бархаткова – Вітольд (у гонар  Бялыніцкага-Бірулі) і Ігар – таксама сталі прафесійнымі мастакамі-рэалістамі.

Аўтар шырокавядомых карцін «Партрэт В. Бялыніцкага-Бірулі», «Ганачак», «Першая песенька», «Вясна на Нёмане», «Любімыя дубы Якуба Коласа. Мікалаеўшчына» і шматлікіх іншых. Удзельнік выставак у СССР, Бельгіі,  Італіі, Нідэрландах.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, музеях Магілёва, Гродна, Гомеля, Бялынічаў, Касцюковічаў, Траццякоўскай галерэі ў Маскве і іншых.

Памёр 24 сакавіка 2001 года ў Мінску.

1921 год. Памёр Аляксандр Астрамовіч.  

Беларускі каталіцкі святар, паэт Андрэй Зязюля.

Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу, далучыўся да беларускай нацыянальнай ідэі. Служыў ксяндзом у розных мястэчках. Выступаў за беларусізацыю касцёла.

Адзін з арганізатараў і ўдзельнік з’езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску (1917), сябра Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці.

Аўтар вершаў для газет «Наша ніва», «Biełarus», «Krynica», «Вольная Беларусь», «Świetač», «Белорусская рада», «Беларускае жыццё», зборніка паэзіі, паэм, вершаванага апавядання. 

Творчасць паэта прасякнута хрысціянскім светапоглядам, у ёй дамінуе патрыятычная тэма, ідэя адраджэння Беларусі, вера ў яе лепшую будучыню.

Аўтар беларускага рэлігійнага гімна «Божа, што калісь народы…».

Збіраў народныя песні, якія разам з запісамі А. Грыневіча склалі зборнік «Беларускія песні з нотамі» (1912).

1926 год. Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі распачаўся ў Менску. 

Працаваў 17—18 студзеня. 

Удзельнічала каля 60 дэлегатаў і гасцей. Было заслухана 12 дакладаў і паведамленняў, у тым ліку А. Ляўданскага «Некаторыя дадзеныя аб гарадзішчах Смаленскай губерні», Дз. Даўгялы «Літоўская метрыка і яе каштоўнасць для вывучэння мінуўшчыны Беларусі», М. Доўнар-Запольскага «Старыя беларускія архівы за межамі БССР», М. Мялешкі «Архіўныя справы ў БССР да сучаснага моманту», А. Спіцына «Аб сучасным стане беларускай археалогіі».

З’езд канстатаваў незадавальняючы стан старажытных помнікаў Беларусі, якія не ахоўваюцца, самавольна раскопваюцца, раскрадаюцца. Было вырашана падрыхтаваць спецыяльны законапраект аб старажытных помніках гісторыі і мастацтва. 

З’езд звярнуў увагу Інбелкульта на неабходнасць звярнуцца да ўрада рэспублікі, каб вярнуць на Беларусь бібліятэкі Храптовіча і Полацкай уніяцкай семінарыі, вывезеныя ў Кіеў, бібліятэку М. Каладзеева па беларусазнаўству і гісторыі вайны 1812, якая знаходзілася ў Маскоўскім гістарычным музеі.

Фота: А. Ляўданскі

1939 год. Пачаўся Трэці Усесаюзны перапіс насельніцтва СССР. 

Праводзіўся з 17 па 23 студзеня замест Перапісу 1937 года, вынікі якога былі прызнаны “дэфектнымі”. Колькасць насельніцтва СССР склала 170,6 мільёнаў  чалавек, у Беларусі – 8 891,2 тысяч чалавек, у тым ліку ў Магілёўскай вобласці – 1 400 тысяч. Насельніцтва па гарадах (тысяч чалавек): 

Мінск – 238,7, Віцебск – 167,4, Гомель – 139,3, Полацк – 29,6,

Асіповічы – 13,7,

Бялынічы – 3,0,

Бабруйск – 84,1,

Быхаў –  11,9,

Глуск – 5,1,

Горкі – 12,5,

Дрыбін –  1,2,

Касцюковічы –  6,1,

Кіраўск – 2,0,

Клімавічы –  9,6,

Клічаў – 3,0,

Краснаполле – 3,6,

Круглае – 1,7,

Крычаў – 16,0,

Магілёў – 99,4,

Мсціслаў – 10,5,

Прапойск– 4,7,

Хоцімск – 4,0,

Чавусы – 7,2,

Чэрыкаў – 6,4,

Шклоў – 8,1.

Вясной 1939 года Магілёў стаў «стотысячнікам». Паводле планаў переноса сталіцы з Мінска ў Магілёў, планавалася, што горад да 1950 года дасягне насельніцтва 250 тысяч чалавек, а па прагнозах на 1970 год – 500 тысяч.

1964 год. Нарадзіўся Андрэй Федарэнка. 

Беларускі пісьменнік, празаік.

Працаваў рабочым, у газетах «7 дней», «Літаратура і мастацтва», на кінастудыі «Беларусьфільм», часопісах «Полымя», «Маладосць», «Дзеяслоў». Аўтар аповесцей, аповесці-фантасмагорыі, п’ес, раманаў, публіцыстычных артыкулаў і іншых прац, 12 кніг.

Яго творчасці ўласцівы псіхалагічны аналіз, гуманістычны погляд на чалавека, драматызм, элементы фантастыкі, мастацкай умоўнасці, эмацыянальнасць, спавядальнасць.

Перакладчык з беларускай мовы на рускую. Асобныя яго творы былі перакладзены на рускую, англійскую і іншыя мовы.

1971 год. Адкрыўся Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. 

Адзін з двух беларускіх музычных тэатраў разам з Дзяржаўным тэатрам оперы і балета Беларусі.

Адкрыўся спектаклем “Пяе «Жаўранак»” кампазітара Ю. Семянякі. У тэатры пастаўлена больш 100 спектакляў.

Будынак тэатра быў пабудаваны ў ліпені 1981 года.

2004 год. Памёр ураджэнец в. Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна Чэслаў Немен (Выдрыцкі). 

Польскі музыка.

Вучыўся ў музыкальным педвучылішчы ў Гродна. У 1962 годзе  стаў удзельнікам культавага ансамбля «Niebiesko-Czarni». Псеўданім Немен – у гонар ракі Нёман.

Шырокае прызнанне прыйшло ў 1964 годзе, калі Марлен Дытрых запісала нямецкую версію яго песні «Czy mnie jeszcze pamiętasz?»

У Парыжы  выступаў разам з такімі знакамітасцямі як “Spencer Davis Group”, “Kinks” і “Pretty Things”. 

З 1967 года пачаў уласную кар’еру, сабраўшы групу «Akwarele» з якой у Сопаце зрабіў сенсацыю з песняй “Dziwny est ten swiat”. З «Акварэлямі» запісаў тры альбомы, правёў серыю тураў і прыняў удзел у шэрагу фестываляў. 

Са сваёй чарговай камандай “Niemen” шмат гастраляваў па Еўропе, СССР, стаў удзельнікам цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх Гульняў у Мюнхене. Запісаў 22 альбомы.

Пахаваны на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве. Калі пачалося пахаванне, з ініцыятывы Радыётройкі, на ўсіх радыёстанцыях Польшчы загучала найбольш вядомая песня з яго рэпертуару «Дзіўны гэты свет».

У Гродна ўсталявана мемарыяльная дошка, у Старых Васілішках працуе дом-музей Немена,  у Польшчы чаканіліся манеты з яго выявай (круглая, квадратная) ў 2 злоты, праводзіцца штогадовы Нацыянальны фестываль маладых талентаў “Немен нон-стоп” у Слупску. 

Адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Ч. Немена ў Гродна, 2019 г.

2018 год. Памёр Уладзімір Улашчык. 

Беларускі вучоны-медык, фізіятэрапеўт. Міністр аховы здароўя (1986-1990), дырэктар Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі. Акадэмік, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Аўтар больш за 150 вынаходак і аўтарскіх сведчанняў, двух навуковых адкрыццяў. Ім і з яго ўдзелам распрацаваны і ўкаранёны ў вытворчасць каля 50 фізіятэрапеўтычных апаратаў.

Апублікаваў больш за 800 навуковых прац, у тым ліку 50 манаграфій, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў. Унёс значны ўклад у развіццё айчыннай фізіятэрапіі і курорталогіі.

Падрыхтаваў больш за 70 дактароў і кандыдатаў навук.

Дзень у гісторыі. 16 студзеня. Сусветны дзень “The Beatles”. Расія адабрала землі БССР. Нарадзіліся генерал Рамуальд Траўгут, кампазітар Уладзімір Алоўнікаў. Памёр скульптар Уладзімір Жбанаў

Сусветны дзень “The Beatles” (World Beatles Day). 

Устаноўлены па рашэнні ЮНЭСКА.

Менавіта ў гэты дзень у 1957 годзе ў Ліверпулі адкрыўся ў былым бомбасховішчы клуб “The Cavern” (“Пячора”), дзе дэбютаваў музычны калектыў. Самі “бітлы” бяруць адлік гісторыі калектыву з 1956 года, калі Джон Ленан стварыў гурт “Quarrymen”.

9 лютага 1961 года музыкі выйшлі на сцэну клуба пад назвай “The Beatles” (beetle “жук” з намёкам на beat “біт-музыка”). З 19 жніўня 1962 года да самага распаду ансамбля ў 1970 годзе быў нязменны склад: Джон Ленан (рытм гітара, фартэпіяна, вакал), Пол Макартні (бас-гітара, фартэпіяна, вакал), Джордж Харысан (сола-гітара, вакал), Рынга Стар (бубнач, вакал).

Дыскаграфія “The Beatles” уключае ў сябе 13 студыйных альбомаў і 211 песень, якія былі запісаны і выдадзены ў 1963-1970 гадах. На рахунку групы 10 прэстыжных узнагарод “Грэмі” і ў кожнага ўдзельніка па ордэну Брытанскай імперыі.

Пасля распаду групы кожны з музыкаў працягнуў сваю сольную кар’еру. 50 гадоў таму агульны аб’ём продажаў альбомаў “цудоўнай чацвёркі” па ўсім свеце перавысіў мільярд экзэмпляраў.

Джон Ленан у 1980 годзе быў застрэлены музычным фанатам каля ўласнага дома, Джордж Харысан памёр у 2001 годзе ад раку. Пол Макартні і Рынга Стар працягваюць займацца музычнай творчасцю.

“The Beatles” займае першае месца ў спісе найвялікшых выканаўцаў усіх часоў па версіі часопіса “Rolling Stone”.

1593 год. Жыгімонт Ваза склікаў паспалітае рушэнне для здушэння казацкага паўстання. 

Паспалітае рушэнне – усеагульная мабілізацыя, агульная выправа ў Вялікім Княстве Літоўскім. Памер вайсковай павіннасці вызначала велічыня зямельнага надзелу. Ухвалу аб скліканні рушэння мог прыняць толькі Вальны сойм.

Вялікі князь Ягайла ў сваёй грамаце ад 20 лютага 1387 году засведчыў беспасрэдную повязь тагачаснай назвы паспалітага рушэння з дзяржаўным гербам Пагоня. Тлумачэнні пра рушэнне паспалітае змешчана і ў тэксце Літоўскага статуту.

1708 год. Нарадзіўся Юзаф Станіслаў Сапега. 

Рымска-каталіцкі дзеяч ВКЛ, біскуп.

Хроснік караля Станіслава Ляшчынскага.

Святар з 1732 года. У 1746 годзе выступіў супраць прымусовага адабрання маёмасці праваслаўнай царквы – як рэакцыі на пераследы каталіцтва на захопленай Расіяй Смаленшчыне.

Пасля вялікага пажару ў Вільні ў 1748 годзе стварыў новы план горада, які мусіў перадухіляць падобныя катастрофы ў будучыні.

Валодаў вялікай уласнай бібліятэкай, перапісваў кнігі, даследаваў і ўпарадкоўваў архівы Сапегаў. Фундаваў тэлескоп для Віленскай Акадэміі.

Памёр 4 снежня 1754 года. Пахаваны ў Віленскай кафедры.

1826 год. Нарадзіўся Рамуальд Траўгут. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, генерал.

Служыў у рускай арміі, выйшаў у адстаўку падпалкоўнікам. 

Далучыўся да паўстання, у красавіку 1863 году ўзначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад. З кастрычніка 1863 года стаў кіраўніком Нацыянальнага ўраду ў Варшаве, фактычна дыктатарам паўстання. 

Арыштаваны 30 сакавіка, паводле прыгавору ваеннага суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі 5 жніўня 1864 года.

У г. Свіслачы яму пастаўлены помнік.

1829 год. Нарадзіўся Уладзімір Спасовіч. 

Грамадcкі дзеяч, публіцыст, крытык, гуманіст.

Доктар права, прафесар Пецярбургскага ўніверсітэце. Аўтар «Падручніка крымінальнага права».

Лічыў, што пакаранне не павінна быць помстай і застрашваннем, a выкарыстоўваецца дзяржавай з папераджальнай і выхаваўчай мэтамі. Выступаў супраць цялесных пакаранняў, смяротнай кары.

Патрабаваў заканадаўчага замацавання і ўвядзення ў практыку судаводства прынцыпаў незалежнасці суда ад адміністрацыі, заснавання інстытутаў адвакатуры i пракурорскага нагляду, роўнасці ўсіх перад законам, выбарнасці суддзяў – усё тое, што зараз так актуальна для Белаарусі.

Пасля пераходу ў адвакатуру стаў яе «каралём», «першым адвакатам Пецярбурга». Часцей за ўсё выступаў абаронцам па палітычных справах.

Аўтар прац па міжнародным, крымінальным і крымінальнапрацэсуальным праве, гісторыі, мастацтвазнаўстве (суаўтар «Агляду гісторыі славянскіх літаратур»), крытычных артыкулаў, прысвечаных творчасці еўрапейскіх пісьменнікаў. 

Яго працы ў 10 тамах былі выдадзены ў 1882-1902 гадах. 

Спасовіч паслужыў правобразам адваката Міці Карамазава ў рамане Ф. Дастаеўскага «Браты Карамазавы». 

Ілля Рэпін напісаў яго партрэт.

Памёр 26 кастрычніка 1906 года ў Варшаве.

1893 год. Памёр Іван Берман. 

Беларускі этнограф і краязнавец, праваслаўны святар. Член Рускага геаграфічнага таварыства.

Служыў святаром у Валожыне, Антопалі, Вільні, выкладчыкам валожынскага прыходскага вучылішча, Марыінскага вышэйшага жаночага вучылішча, Віленскай 2-й гімназіі.

Вывучаў беларускія народныя абрады, прыкметы, вераванні, забабоны; збіраў матэрыялы пра народны каляндар і метэаралогію беларусаў.

Ад заснавання «Віленскага календара» загадваў у выданні царкоўна-рэлігійным раздзелам.

Пахаваны на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні.

1916 год. Нямецкі фельдмаршал Гіндэнбург сваім загадам надаў беларускай мове статус афіцыйнай. 

Беларуская мова займела раўназначныя правы з іншымі краёвымі мовамі на акупаванай нямецкай арміяй тэрыторыі беларускіх губерняў.

1919 год. Маскоўскія бальшавікі адабралі са складу БССР усходнія землі. 

На 16 дзень пасля абвяшчэння ў Смаленску БССР (ССРБ) ЦК РКП(б) без папярэдняга абмеркавання з беларускім урадам адлучыла з складу Савецкай Беларусі Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні. 

31 студзеня 1919 году ўрад Савецкай Расіі прызнаў незалежнасць ССРБ без яе усходніх тэрыторый.

1919 год. У Бабруйску нарадзіўся Уладзімір Алоўнікаў. 

Беларускі кампазітар. Заслужаны дзеяч мастацтваў, Народны артыст. 

Прафесар, рэктар Беларускай кансерваторыі. Бацька кампазітара Ігара Алоўнікава.

Аўтар кантаты і араторыі, сімфанічных паэм, харавой і камерна-інструментальнай музыкі, песень, балад, рамансаў, музыкі да кінафільмаў «Міколка-паравоз», «Девочка ищет отца», «Улица младшего сына», «Баллада о матери» і іншых.

Асаблівае месца ў яго творчасці займалі песні, якія прынеслі кампазітару шырокую вядомасць. Пачатковы матыў адной з іх – «Радзіма, мая дарагая» – стаў пазыўнымі Беларускага радыё.

Памёр 31 ліпеня 1996 года.

1940 год. Нарадзіўся Іван Лагвіновіч. 

Беларускі паэт.

Першы верш напісаў у 3-м класе. Калі працаваў шахцёрам на Данбасе, пісаў вершы на беларускай і рускай мовах, у Беларусі толькі па-беларуску. Аўтар 6 кніг паэзіі.

Некаторыя яго вершы ўвайшлі ў зборнік выбранай беларускай паэзіі «Агледзіны», у альманахі паэзіі брэсцкіх і баранавіцкіх аўтараў, у калектыўны зборнік «Верш на Свабоду», у анталогію выбранай беларускай паэзіі ХХ стагоддзя «Краса і сіла».

Лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. Калесніка за кнігу паэзіі «Палыновыя кветкі».

Памёр 29 сакавіка 2011 года.

2012 год. Памёр Уладзімір Жбанаў. 

Беларускі скульптар.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Служыў у Афганістане. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы.

Аўтар шматлікіх гарадскіх скульптур у Мінску (“Дзяўчына на лаўцы”, шырока вядомыя “Курыльшчык”, “Дзяўчынка з парасонам”, “Фатограф”, “Экіпаж”, “Дойлід”), Магілёве – “Дама з сабачкам”, “Астролаг (Зорнік)” – Бабруйску, Лідзе, Віцебску, Гомеле, Светлагорску, Глыбокім, Маладзечне, Дзюсельдорфе, украінскім Паўлаградзе («Паручнік Ржэўскі») і іншыя.

Дзень у гісторыі. 14 студзеня. Нарадзіліся дзеячы незалежнасці Адам Чартарыйскі, Алесь Лагвінец, літаратары Канстанцыя Буйло, Мікола Аўрамчык, Вера Вярба, сцэнарыст Андрэй Курэйчык

Стары Новы год. Гэты феномен з`явіўся ў Савецкай Расіі ў выніку каляндарнай рэформы 1918 года. 

24 студзеня 1918 года СНК РСФСР прыняў дэкрэт аб увядзенні грыгарыянскага календара. Пасля 31 студзеня ў 1918 годзе, замест 1 лютага адразу ж наступіла 14 лютага. Ранейшая дата 1 студзеня па юліянскім календары ссунулася на 14 студзеня. Так узнікла новае неафіцыйнае свята, якое атрымала назву “стары Новы год”.

Традыцыя сустракаць стары Новы год захавалася і ў Беларусі, ва Украіне, у Сербіі (Сербскі Новы год, Малыя Каляды), Чарнагорыі (“правільны Новы год”), Македоніі, Грэцыі (Дзень Святога Васіля), Румыніі, у нямецкамоўных кантонах Швейцарыі (“стары дзень Святога Сільвестра”).

Цікава, што новы год у гэтыя дні сустракаюць берберы Алжыра, Марока, Туніса і іншых краін Паўночнай Афрыкі, якія жывуць па ўласным календары. Свята ў бербераў носіць назву Yennayer, вядомае таксама як “мараканскі Новы год”, але афіцыйным яно не з’яўляецца.

 1770 год. Нарадзіўся Адам Ежы Чартарыйскі. 

Польскі і расійскі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік. Намагаўся аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года.

Удзельнічаў у абарончай вайне супраць Расіі (1792). Служыў ад’ютантам и дарадцам Аляксандра I, расійскім міністрам замежных спраў (1804-1806), куратарам Віленскай навучальнай акругі (1803-1824).

Аўтар плана аднаўлення Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. 

Падчас паўстання 1830-1831 гадоў узначаліў Сенат і кансерватыўны Нацыянальны ўрад у Варшаве.

З 1831 года ў эміграцыі ў Англіі, Францыі развіваў праграму аднаўлення незалежнай Рэчы Паспалітай пры падтрымцы заходнееўрапейскіх дзяржаў. Развіваў ідэі славянскага федэралізму без Расіі.

Мецэнат літаратуры і навукі. Аўтар палітычных і публіцыстычных твораў, успамінаў, навуковых даследаванняў, вершаў. 

Памёр 15 ліпеня 1861 года.

1893 год. Нарадзілася Канстанцыя Буйло (Калечыц)

Беларуская паэтэса, Заслужаны дзеяч культуры. 

Яе дэбютны зборнік вершаў “Курганная кветка” (1914) рэдагаваў Янка Купала, афармляў Язэп Драздовіч. 

Аўтар шэрагу п’ес, зборнікаў вершаў, кніг для дзяцей. Многія вершы паэтэсы пакладзены на музыку, песня “Люблю” стала народнай. 

Максім Гарэцкі ў сваёй “Гісторыі беларускай літаратуры” лічыў яе “найбольш выдатнай пасля Цёткі жаноцкай сілай у нашай поэзіі”. 

Памерла 4 чэрвеня 1986 года.

1894 год. Нарадзіўся Пятро Юргялевіч. 

Беларускі мовазнавец.

Працаваў сакратаром Мсціслаўскага райкама партыі, рэдактарам Калінінскай акруговай газеты «Наш працаўнік» (Клімавічы), у Дзяржвыдавецтве, навуковым сакратаром Інстытуту мовазнаўства акадэміі навук, дацэнтам Менскага вышэйшага педінстытута. 

Даследаваў унармаванне беларускай літаратурнай мовы, гісторыю беларускай мовы і гаворак.

У лістападзе 1935 года арыштаваны. Вязень ГУЛАГу.

Працаваў дацэнтам у Гомельскім педінстытуце (1940-1941), дацэнтам і загадчыкам кафедры ў Магілёўскім (1944-1968) педінстытуце.

Аўтар і суаўтар «Вайсковага расейска-беларускага слоўніка» (1933), «Нарысу сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарамі», «Беларуская граматыка: марфалогія» (1958).

Памёр у 1973 годзе ў Магілёве.

1916 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Чарняўскі. 

Беларускі каталіцкі святар Перакладчык Бібліі і Катэхізіса на беларускую мову.

Член ордэна марыянаў.

Ксёндзам служыў у Крэве, Вільні, Вішневе Валожынскага раёна. У 1968 годзе Папам Рымскім прызначаны дарадчыкам пры Кангрэгацыі абрадаў.

Дабіўся папскага блаславення на правядзенне богаслужэнняў па-беларуску. Доўгія гады ён быў адзіным святаром на Беларусі, хто вёў службу на роднай мове.

Памёр 22 снежня 2001 года. Пахаваны ў Вішневе. У 2016 годзе ў Вішневе адкрыўся музей святара.

1920 год. У в. Плёсы (зараз – Бабруйскі раён) нарадзіўся Мікола Аўрамчык. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны пры акружэнні ў 1942 года трапіў у палон, вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты. У красавіку 1945 года вызвалены англічанамі.

Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса, працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісах «Полымя», «Маладосць».

На літаратурную дзейнасць маладога паэта з Бабруйшчыны блаславілі Якуб Колас і Янка Купала.

Аўтар вершаў, больш за 10 кніг паэзіі, зборнікаў вершаў для дзяцей, выбраных твораў, кнігі «Знаёмыя постаці», прысвечанай беларускім дзеячам.

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Дж. Байрана, А. Міцкевіча, Л. Украінкі, І. Франко, М. Джаліля і іншых.

Друкаваўся ў перыядычных выданнях, у тым ліку часопісе «Дзеяслоў».

Разам з Н. Гілевічам суаўтар паэмы “Сказ пра Лысую гару”, у якой з’едлiва апiсвалiся норавы беларускіх лiтаратараў, занятых не творчасцю, а дзялёжкай зямельных участкаў.

Памёр 8 мая 2017 года ў Мінску

1939 год. Нарадзіўся Васіль  Шаранговіч. 

Народны мастак Беларусі, творца ў галіне кніжнай і станкавай графікі. 

Працаваў у выдавецтве «Беларусь», рэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў, дырэктарам Музея сучаснага выяўленчага мастацтва.

Яго працы ў кніжнай графіцы адметныя тонкім разуменнем структуры і ладу літаратурнага твора, паглыбленай пранікнёнасцю ў псіхалогію персанажа, вострым пачуццём гармоніі элементаў афармлення кнігі: «Віленскія камунары» М. Гарэцкага, «3 майго летапісу» і «Новая зямля» Якуба Коласа, «Дзесяць дзён, якія скаланулі свет» Дж. Рыда, «Збор твораў» М. Багдановіча, «Зямля навагрудская, краю мой родны…» і «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, «Старыя беларускія хронікі» У. Караткевіча і шматлікія іншыя.

Аўтар гравюр «Памяці вогненых вёсак» (1979-1985), станковых работ: «Смерць Гражыны» (паводле А. Міцкевіча), «Партрэт Ф. Скарыны», «А хто там ідзе», сэрыі «Край нарачанскі», «Блакада. 1943 год» і іншых.

Памёр 31 снежня 2021 годзе праз два дні пасля смерці жонкі.

1942 год. Нарадзілася Вера Вярба (Гертруда Сакалова). 

Беларуская паэтэса, якая атрымала вядомасць ў 20-гадовым узросце, перакладчыца.

Адна з яркіх прадстаўніц плеяды жанчын-паэтэс, якія сваёй творчасцю аздобілі і ўзбагацілі беларускую літаратуру другой паловы ХХ стагоддзя.

Працавала ва ўпраўленні кніжнага гандлю Дзяржкамітэта па друку, у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Работніца і сялянка», «Беларусь».

Аўтар шматлікіх кніг, зборнікаў паэзіі. Яе творчасць высока ацэньвалі М. Аўрамчык, В. Бечык, А. Куляшоў, В. Рагойша, А. Лойка, захапляла Г. Бураўкіна, іншых літаратараў.

Адзін з вершаў – «Ручнікі» – з першага зборніка быў пакладзены на музыку М. Пятрэнкам, стаў шлягерам «Песняроў».

Пра значнасць яе паэзіі ў культурнай прасторы сведчаць пераклады яе твораў на шматлікія мовы свету.

Памерла 15 ліпеня 2012 года.

На фота: Іван Пташнікаў, Вера Вярба і Іван Чыгрынаў.1962 г.

1944 год. Нямецка-фашыскія карнікі спалілі разам з жыхарамі вёску Ала Шацілкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. 

Вёска не адноўлена пасля вайны, яе тэрыторыя уваходзіць у склад сучаснага Светлагорскага раёна. Стаяла на р. Ала. 

Загублена 1758 жыхароў (100 мужчын, 508 жанчын, 200 старых, 950 дзяцей). Па колькасці ахвяр на 2-м месцы ў Беларусі пасля в. Боркі Кіраўскага раёна. Уратавацца ўдалося толькі 8 жыхарам. 

У 2020 годзе пабудаваны мемарыял на месцы вёскі.

1947 год. Памёр Вацлаў Міхневіч. 

Літоўскі і беларускі архітэктар, прадстаўнік неаготыкі.

Працаваў гарадскім архітэктарам Вільні, заснаваў праектна-будаўнічае бюро Architekt“, быў галоўным інжынерам у міністэрстве шляхоў зносін Літвы.

Аўтар праектаў каля 30 будынкаў у Вільнюсе і каля 30 касцёлаў па ўсёй Літве і ў Беларусі, у тым ліку ў Відзах і ў Дзярэчыне. Найважнейшыя праекты: крыты рынак, Польскі тэатр на Пагулянцы, Зямельны банк. Суаўтар праекта мячэці ў Каўнасе.

На фота: Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Відзах, 59 м. Спрачаецца аб чэмпіёнстве па вышыні з Геранёнскім касцёлам.

1962 год. Пачалася эксплуатацыя нафтаправода «Дружба». 

Па ім транспартуецца нафта з Волга-Уральскай нафтагазаноснай правінцыі ў краіны Усходняй Еўропы. 

Маршрут нафтаправода праходзіць ад расійскага Альмецьеўска да Мазыра, затым разгалiноўваецца: паўночны ўчастак – па Беларусі, Польшчы, Германіі, Латвіі і Літвы і паўднёвы – па тэрыторыі Украіны, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі.

У сістэму ўваходзіць 8900 км трубаправодаў (па Беларусі – 2910 км).

Па нафтаправодзе ў Еўропу да ўвядзення санкцый экспартавалася да  67 мільёнаў тон нафты.

1972 год. Нарадзіўся Алесь Лагвінец. 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, палітолаг, перакладчык.

Скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ, Польскую дыпламатычную акадэмію. 

Працаваў у Еўрапейскім гуманітарным унівэрсітэце, каледжы Саўт-Ўэстэрн (Канзас, ЗША), перакладчыкам у Эўрапарламенце, дарадцай старшыні Руху «За Свабоду» А. Мілінкевіча, намеснікам старшыні Руху.

Член Назіральнай рады Цэнтра беларускіх даследаванняў.  Сурэдактар кнігі «Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты», перакладчык кнігі «Бунт у імя свабоды: забыты беларускі ген?» (сумесна з В. Мазуркевіч).

Лаўрэат «Прэміі Еўропы» нямецкага фонда імя Г. Шварцкопфа «Маладая Еўропа», прэміі імя Льва Сапегі.

Жыве ў Варшаве.

1980 год. Нарадзіўся Андрэй Курэйчык.  

Беларускі і расійскі сцэнарыст, акцёр.

Працаваў памочнікам старшыні Беларускага Саюзу тэатральных дзеячоў, аглядальнікам “Белгазеты”, галоўным рэдактарам АНТ, на кінастудыях у Галівудзе.

Аўтар шматлікіх сцэнароў для беларускіх тэатраў на беларускай і рускай мовах, каля 30 сцэнараў для кіно. Друкаваў свае п’есы ў «Arche», «Полымя», «Нёман», «Першацвет», аўтар 2 кніг.

Movie Research прызнала яго самым паспяховым сцэнарыстам расійскага кіно 2006-2008 гадоў. 

Абладальнік 12 міжнародных прэмій, апошняя – у 2022 годзе – фінская KOURA за  радыё-спектакль пра беларускіх палітвязняў «Галасы новай Беларусі».

17 жніўня 2020 года ўвайшоў у Асноўны склад Каардынацыйнай рады для забеспячэння трансферу ўлады ў Беларусі.

Увосень 2021 года ў сувязі з пераследам за палітычную дзейнасць, эмігрыраваў у Фінляндыю.

2021 год. Памёр Леанід Шчамялёў. 

Народны мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР.

Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка, у Беларускім політэхнічным інстытуце, працаваў Першым сакратаром Праўлення Саюза мастакоў, старшынёй Праўлення Мастацкага фонду.

Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Яго творы вылучаюцца свабоднай пластычнай манерай выканання з выкарыстаннем гучнага колеру і святлоценявых дынамічных эфектаў, адсутнасцю дэталізацыі, экспрэсіўнасцю.

Шмат яго прац прысвечана гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у тым ліку «Палявы трыбунал», «Генерал Даватар», «Першы дзень міру».

Сярод карцін, прысвечаных гістарычным асобам, дзеячам культуры і мастацтва: «Кастусь Каліноўскі», «Рэпін у Здраўнёве», «Леся Украінка».

Псіхалагічная глыбіня, шчырасць характарыстык уласцівы дзясяткам яго твораў пра сучаснікаў.

Не апошняе месца ў яго творчасці займаюць выразныя і маляўніча-пластычныя краявіды: «Вязынка», «Лошыца», «Вясна на Дзвіне», «Зіма ў Ракаве», «Зіма ў Пінску» і іншыя. Аўтар шматлікіх нацюрмортаў.

Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, мастацкага цэнтра «Жыльбел», фондах Саюза мастакоў Беларусі  і Міністэрства культуры Расіі, Траццякоўскай галерэі, абласных краязнаўчых музеях Беларусі і іншых.

Дзень у гісторыі. 8 студзеня. Дзень Бабіных каш. Адкрыты чыгуначны рух праз Магілёў. Мінск стаў сталіцай. Levi Strauss зачыніла апошнюю фабрыку ў ЗША.

Зімовы пакроўчык. Сабор Прасвятой Багародзіцы. Маладзёны (Бабіны). Частаванне бабы-пупарэзніцы. Дзень Бабіных каш.

Народная традыцыя надзяляе павітуху (павівальная бабка, прыёмніца, пупарэзка, пупавязніца) – дваістым статусам: яна пасланніца Божай Маці або намесніца Яе павітухі (Ісуса Хрыста прымала бабуля Саламаніда). Саламея-павітуха – заступніца прафесіі.

“У кожнай бабкі свае схваткі”, “Пачакай, не нарадзі, а за бабкай схадзі”, “Бабка прыйдзе, усякай справе падсобіць”, “Бог з літасцю, а бабка з рукамі”.

Бабуля-павітуха на вёсцы ўсім радня далёкая. Бабка дапамагала парадзісе, бабка дбала аб лёгкіх радзімах.

Сем’і з дзецьмі прыходзілі да бабак-павітух, частавалі іх самым смачным з таго, што спецыяльна да гэтага дня нарыхтавалі, і самі частаваліся знакамітымі “бабчынамі кашамі”. Гатовую кашу ўпрыгожвалі макам, ягадамі, арэхамі, палоўкамі яек, запякалі ў ёй курыцу ці пеўніка ў залежнасці ад таго, нарадзілася ў сям’і дзяўчынка ці хлопчык.

Па традыцыі адзін з гаршкоў з кашай разбівалі “на шчасце”, а затым ужо пачыналі частаваць кожнага, хто прыйшоў “на агеньчык”, ды не абы як, а абавязкова “з закавыкай”. Напрыклад, таго, хто стаў нядаўна бацькам, кармілі кашай “з пацехай”, у якой быў намяшаны хрэн, перац, гарчыца або пакладзена солі звыш усякай меры. Лічылася, што такім чынам ён хоць у нейкай ступені падзеліць са сваёй жонкай пакуты, выпрабаваныя ёю пры родах. Маладую маці адорвалі грэцкімі арэхамі, каб прыбывала малако. А дзетак частавалі кашамі салодкімі, разлічваючы на іх прыхільнасць да нованароджанага.

А яшчэ па бабчыных кашах на лёс варажылі. Калі падчас падрыхтоўкі яна вылазіць з чыгуна ў бок печы – разлічвалі на шчаслівы год, у адваротным выпадку рыхтаваліся да непрыемнасцяў. Але каб пазбегнуць непрыемнасцей ад “нешчаслівай” кашы, то яе разам з чыгуном тапілі ў палонцы.

1903 год. Адкрыты рух цягнікоў на ўсёй Віцебска-Жлобінскай чыгунцы праз Магілёў. 

З гэтай нагоды магілёўскага губернатара і жыхароў горада павіншавалі ў сваіх тэлеграмах імператар Мікалай II, міністр шляхоў зносін князь М. Хілкоў і міністр фінансаў С. Вітэ. Гэтага моманту Магілёў чакаў каля 30 год.

1911 год. Нарадзіўся Уладзімір Дудзіцкі. 

Беларускі паэт, дзеяч беларускай эміграцыі.

Быў выключаны з «воўчым білетам» з Мінскага педтэхнікума як «нацдэм». Працаваў у газеце «Савецкая Беларусь», выдавецтве акадэміі навук.

Арыштаваны ДПУ ў лютым 1933 года, асуджаны, пакаранне адбываў у Сібіры, Казахстане, Узбекістане.

Падчас нямецкай акупацыі працаваў загадчыкам аддзела культуры Мінскай гарадской управы, кіраўніком Барысаўскага акруговага аддзела Беларускай Народнай Самапомачы, увайшоў у склад Беларускай Цэнтральнай Рады. Летам 1944 года эміграваў. Жыў у Германіі, Аўстрыі, Венесуэле, дзе заснаваў Беларускі камітэт, у ЗША, Аргенціне.

У 1950-1960-х гадах працаваў галоўным рэдактарам беларускай рэдакцыі радыё «Вызваленне» ў Мюнхене. У ЗША выкладаў рускую мову ва ўніверсітэце Блумінгтана.

Аўтар зборнікаў паэзіі, паэм, прозы, перакладаў, публіцыстыкі, успамінаў. Валодаў іспанскай, англійскай, нямецкай мовамі.

1919 год. Мінск абвешчаны сталіцай ССРБ. 

Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь была абвешчана 1 студзеня 1919 года ў Смаленску. Існавала з 1 студзеня да 27 лютага 1919 года пад кантролем расійскага бальшавіцкага ўрада ў складзе Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губерняў, большай часткі Смаленскай, часткі Віленскай (без Вільні), Ковенскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў – амаль 300 тысяч кв. км.

16 студзеня 1919 года ў склад РСФСР без папярэдняга абмеркавання з урадам ССРБ увайшлі Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні. 27 лютага 1919 года ў Вільні было аформлена стварэнне Літоўска-Беларускай ССР у складзе Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў. ССРБ перастала існаваць.

1924 год. Нарадзіўся Алесь Савіцкі. 

Беларускі пісьменнік. Ганаровы грамадзянін г. Полацка.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Працаваў у рэдакцыі полацкай газеты «Сцяг камунізму», выдавецтве «Ураджай», у Літаратурным музеі Якуба Коласа, аддзеле культуры ЦК КПБ.

Аўтар мастацкіх і дакументальных кніг, аповесцяў для дзяцей. Шэраг твораў перакладзены на рускую, украінскую, узбекскую, грузінскую, славацкую мовы.

Памёр 5 кастрычніка 2015 года.

1936 год. Нарадзіўся Генадзь Каханоўскі

Беларускі гісторык, археолаг, краязнавец, фалькларыст, літаратуразнавец. Доктар гістарычных навук.

Удзельнік археалагічных раскопак у Крыме, Беларусі, працаваў дырэктарам Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне, у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук, у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны. Ініцыятар стварэння і першы старшыня Беларускага краязнаўчага таварыства.

Даследаваў гісторыю археалогіі, музейнай справы, краязнаўства, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Сярод яго шматлікіх цікавых знаходак – уборы ксяндза А. Станкевіча, скарбы манет, археалагічная калекцыі керамічнага посуду, фрагменты кафлі, тканіны, дакументы, лісты беларускіх дзячаў, фотаматэрыялы, музычныя інструменты.

Памёр 15 студзеня 1994 года.

1954 год. Адбылася адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа БССР. 

Ліквідаваны вобласці – Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская (з цэнтрам у Мазыры), Пінская і Полацкая. Засталося 7 абласцей: Віцебская, Магілёўская, Мінская, Гомельская, Брэсцкая, Гродзенская, Маладзечанская (замест Вілейскай). Тэрыторыя былой Бабруйскай вобласці адыйшла ў склад Гомельскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей.

1959 год. Генерал Шарль дэ Голь (1890-1970) стаў прэзідэнтам Францыі, першым прэзідэнтам Пятай Рэспублікі (1959-1969). 

Будучы капітанам францускай арміі падчас Першай сусветнай вайны з ліпеня па верасень 1916 года пасля ранення знаходзіўся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных у беларускім Шчучыне. Яму там паставілі помнік (2021 год), які так і не адкрылі дагэтуль.

Як прэзідэнт меў незвычайна шырокія паўнамоцтвы – мог у выпадку надзвычайнай сітуацыі распусціць парламент і прызначыць новыя выбары, асабіста курыраваў пытанні абароны, знешняй палітыкі і найважнейшыя ўнутраныя міністэрствы.

За 80 гадоў жыцця здолеў стаць найвялікшым героем Францыі пасля Жаны д’Арк. Двойчы ўзначальваў краіну, абодва разы прымаючы кіраўніцтва на піку нацыянальнай катастрофы і пакідаючы дзяржаву ў стане эканамічнага ўздыму і роста міжнароднага прэстыжу. 

Аўтар больш за дзясятак кніг – мемуараў і тэарэтычных прац-бэстсэлераў па ваенным мастацтве. Загадкавы, містычны, выратавальнік Францыі, аб’яднальнік французскага народа, вызваліцель Алжыра і іншых калоній імперыі. Цікава, што тэкст расійскай канстытуцыі 1993 года, шмат у чым супадае з канстытуцыяй дэ Голя.

1967 год. У Мюнхене памерла Барбара Вержбаловіч (Вербіч, Ганчарэнка). 

Беларуская оперная і канцэртная спявачка (мецца-сапрана).

У 1939-1941 гадах салістка Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, стварыла вобразы ў нацыянальных спектаклях «Міхась Падгорны» Я. Цікоцкага (Матка), «Кветка шчасця» А. Туранкова (Ведзьма), а таксама ў класічных операх.

Падчас акупацыі працавала ў Мінскім гарадскім тэатры, у 1943 годзе выканала партыю Свацці ў оперы «Лясное возера» М. Шчаглова-Куліковіча.

3 чэрвеня 1944 года на эміграцыі ў Германіі, працавала ў тэатральнай групе «Жыве Беларусь» (пазней – Беларускі тэатр эстрады).  З 1954 года – сакратар, дыктар беларускай рэдакцыі радыё «Свабода». Запісала некалькі грампласцінак.

У 1950-1954 гадах жыла ў ЗША: канцэртная спявачка, адна з актывістак і кіраўнікоў беларускага жаночага руху.

магіла Барбары Вержбаловіч (Вербіч) 

1980 год. Памёр Канстанцін Кіслы. 

Беларускі музыкант, кампазітар, дырыжор царкоўных і свецкіх хораў.

Падчас Першай сусветнай вайны жыў з сям’ёй у Марыупалі, працаваў  кіраўніком хору ў настаўніцкай семінарыі, на канцэртах выконваліся беларускія песні.

У 1921 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. У Беластоку арганізаваў школьны царкоўны хор, вёў свецкі хор Таварыства беларускай школы, шырока ўводзіў у рэпертуар беларускія песні і арганізоўваў публічныя канцэрты.

У 1939 годзе арыштаваны НКУС, сядзеў у турме, з якой уцёк у 1941 годзе. Падчас вайны супрацоўнічаў з Беларускім камітэтам у Беластоку, аднавіў свой  хор, які ў 1942 годзе быў перайменаваны ў Ансамбль беларускай песні і танца, шырока прапагандаваў музычна-песенную спадчыну беларускага народа на сваіх канцэртах. 

З 1944 года ў эміграцыі ў Германіі, Бельгіі, ЗША. Пасля смерці Міколы Равенскага ў 1953 годзе стаў дырыжорам студэнцкага Ансамбля беларускай песні і танца ў бельгійскім г. Лёвене. З ансамблем выступаў у краінах Заходняй Еўропы.

У ЗША рэарганізаваў кліўлендскі хор беларускай моладзі ў жаночы ансамбль «Васількі». Адкрыў у Кліўлендзе ўласную інструментальна-музычную студыю.

Увосень 1976 года пераехаў жыць у Беласток.

1997 год. Памерла Аляксандра Саковіч (Іна Рытар). 

Беларуская пісьменніца, мемуарыст, дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША.

Выкладала ў БДУ, Навагрудскай настаўніцкай семінарыі, Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу.

Аўтар апавяданняў, аповесцей, успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, Я. Лёсіка, П. Бузука, М. Грамыку, У. Ігнатоўскага і іншых. У працах “Лістападаўцы”, “Да гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту”, “Археалагічная экспедыцыя ў 1928 г.”, “Менск у 1930-1931 гадох” паўстае карціна жыцця на Беларусі міжваеннага часу.

Упершыню ў беларускай прозе шырока паказала лёс жанчыны, сямейнае, мацярынскае шчасце якой было разбурана бязлітаснымі катаклізмамі часу.

Памерла 8 студзеня 1997 года.

2004 год. Levi Strauss & C° зачыніла апошнюю фабрыку на тэрыторыі ЗША. 

Зачынілася пашывачная фабрыка сусветна вядомай амерыканскай кампанія па вытворчасці джынсаў у Сан-Антоніа, штат Тэхас. На гэтым завяршылася больш чым 150-гадовая эпоха, на працягу якой на лэйбле найпапулярных у моладзевым асяроддзі штаноў красаваўся ганарлівы надпіс “Made in USA”. Кампанія, што ўзнікла ў Сан-Францыска ў 1853 годзе, толькі з 1981 па 1990 год з прычыны дарагой працоўнай сілы закрыла ў сябе на радзіме 58 прадпрыемстваў. Цяпер кампанія мае тры “джынсавыя штаб-кватэры”: у Сан-Францыска, Брусэлі і Сінгапуры, а асноўную частку прадукцыі пад маркай Levi Strauss вырабляюць па ліцэнзіі іншыя кампаніі.

Дзень у гісторыі. 3 студзеня. Пачатак будаўніцтва Бруклінскага моста. Нарадзіліся архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, палітык Уладзімір Канаплёў

1738 год. Нарадзіўся Казімір Нарбут. 

Мысліцель, асветнік і філосаф эпохі Асветніцтва, член ордэна піяраў. Прафесар філасофіі.

Вучыўся ў піярскіх навучальных установах ВКЛ, у Рыме. Працаваў прафесарам і прэфектам піярскіх калегіумаў, прэфектам піярскай друкарні, пробашчам у розных гарадах.

Аўтар падручніка «Логіка, або Навука разважання і меркавання пра прадметы навукі», курса «Эклектычная філасофія». Пераклаў з французскай мовы на польскую кнігу «Ваенная навука прускага караля для яго генералаў». У прадмове да яе выказаў сваё захапленне грамадскімі мерапрыемствамі, што ажыццяўляліся ў тагачаснай Беларусі, у прыватнасці будаўніцтвам Пінскага канала. 

Як член Адукацыйнай камісіі, займаўся рэформай школьнага навучання ў Беларусі і Літве, лічыў свецкую этыку адной з асноўных адукацыйных дысцыплін. Член «Таварыства па складанні элементарных кніг», напісаў 2 раздзелы для школы «Статута парафіяльных школ» і настаўленне «Аб інспектаванні школ».

Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя, за развіццё навукі.

Памёр 17 сакавіка 1807 года.

 

1834 год. У в. Асінаўка Магілёўскай губерні (цяпер – Віцебскі раён) нарадзіўся Зміцер Сямёнаў. 

Першы беларускі, другі рускі метадыст,  папулярызатар геаграфічнай адукацыі, пісьменнік.

Настаўнічаў у Віцебску, Пецярбургу. Адзін з ініцыятараў адкрыцця ў Расіі настаўніцкіх семінарый. Першая такая семінарыя адкрыта ў Маладзечне ў 1864 годзе. 

Дырэктар Кубанскай, Закаўказскай (г. Горы) настаўніцкіх семінарый. 

Стаў другім, пасля К. Ушынскага метадыстам геаграфіі, рускай мовы. 

Першым у Расіі стаў друкаваць у педагагічных часопісах паурочныя распрацоўкі па прадметах. 

Распрацаваў шэраг першых наглядных дапаможнікаў для гімназій. Аўтар геаграфічнай хрэстаматыі «Айчыназнаўства» (6 тамоў), метадычнага дапаможніка для настаўнікаў “Каментары да нагляднага навучання па карцінках”, больш за 300 артыкулаў педагагічнага, біяграфічнага, крытычнага і гістарычнага зместу. 

Распрацоўшчык краязнаўчага (радзімазнаўчага) прынцыпу выкладання геаграфіі. Яго ідэі закладзены ва ўведзеным у 1996 годзе вучэбным прадмеце для беларускай пачатковай школы “Мая Радзіма – Беларусь”. 

Памёр 21 сакавіка 1902 года.

1855 год. Памёр Антон Марціноўскі. 

Беларускі выдавец і публіцыст, апякун здольнай моладзі. Адзін з арганізатараў Віленскага друкарскага таварыства, літаратурна-грамадскага аб’яднання шрубаўцаў, рэдактар «Вулічныя навіны», «Dziennik Wileński», уладальнік друкарні, у якой друкаваліся «Статут ВКЛ» (1819), літаратурныя творы. 

Сакратар Камісіі Часовага ўрада ВКЛ (1812). Марціноўскі стаў узорам новага тыпу патрыёта Беларусі: будучы палякам, любіць Беларусь, а будучы беларусам, любіць Польшчу.

1870 год. У Нью-Ёрку пачалося будаўніцтва Бруклінскага моста праз праліў Іст-Рывер. 

Да будаўніцтва прыцягнулі 2 000 транспартных сродкаў і 150 000 гараджан. Мост будаваўся 13 гадоў, злучае Манхэтэн і Бруклін, яго даўжыня  1 825 метраў (цэнтральны пралёт – 486 метраў) пры шырыні 26 метраў, максімальная вышыня над Іст-Рывер – 41 метр. 

Палатно маста ўтрымліваецца чатырма тросамі дыяметрам каля паўметра, прычым кожны з іх складаецца з 5434 сталёвых жыл. Гэтыя апорныя тросы абапіраюцца на дзве пабудаваныя ў гатычным стылі вежы, якія ўзвышаюцца над вадой на 84 метры.

Бруклінскі мост – папулярнае месца адпачынку і веласіпедных прагулак для жыхароў Нью-Ёрка, адзін з сімвалаў горада.

1888 год. Дзень нараджэння саломінкі для кактэйляў. 

Першую штучную саломінку для кактэйлю вынайшаў амерыканскі прадпрымальнік Марвін Стоўн, уладальнік фабрыкі па вытворчасці папяровых цыгарэтных мунштукоў. 

Ён вынайшаў яе падчас дэпрэсіі, калі папіваў кактэйль праз жытнюю саломінку. Некаторыя валокны жытняй саломінскі расшчапіліся і падчас чарговага ўцягвання вадкасці загразлі ў Марвіна на зубах. І гэта моцна яго раздражняла. 

Тады ён узяў палоску паперы і намазаў яе край па ўсёй даўжыні клеем, наматаў спіраллю на аловак, а затым зняў атрыманую трубачку. Але звычайная папера хутка намакала і пераставала трымаць форму. Тады ён стаў выкарыстоўваць устойлівую паперу з манільскай пянькі, а дыяметр абраў такім, каб праз трубачку не праскоквала цытрынавая костачка.

Яшчэ ў старажытныя часы сярод арыстакратаў Егіпта і Месапатаміі лічылася модным піць праз залатую або срэбную трубачку.

У 1906 годзе была вынайдзена аўтаматычная машына для вырабу папяровых саломінак. У 1939 годзе амерыканец Джозэф Фрыдман заснаваў карпарацыю “Flexible Straw Corporation” і стаў выпускаць гафраваную саломінку, якая магла згінацца над шклянкай. Фрыдман знайшоў рынак збыту не толькі ў рэстаранах, але і ў шпіталях: ляжачых пацыентаў было зручна паіць з іх дапамогай.

У ІІ палове XX стагоддзя балтыморац Ота Дайфенбах вынайшаў пластыкавую саломінку для піцця.

1900 год. Нарадзіўся Аляксандр Адамовіч

Партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР. Намеснік наркама земляробства БССР. Працаваў на дзяржаўных і партыйных пасадах па ўсёй краіне, у тым ліку ў Бабруйску, Клімавічах. Загадваў аддзелам друку ЦК КП(б)Б, быў намеснікам рэдактара газеты «Беларуская вёска».

Арыштаваны НКУС 19 ліпеня 1930 года. Пакаранне адбываў у Салавецкім, Беламорска-Балтыйскім лагерах. Расстраляны 15 верасня 1937 года каля станцыі Сягежа ў Карэліі.

1905 год. Нарадзіўся Уладзімір Хадыка. 

Беларускі паэт, перакладчык.

Настаўнічаў, служыў у Чырвонай Арміі, працаваў сакратаром Дудзіцкага сельсавета. Быў сябрам літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Аўтар вершаў, паэтычных зборнікаў, лірычных цыклаў.

Пераклаў на беларускую мову аповесць К. Гарбунова «Ледалом», кнігу выбраных твораў У. Бахмецьева «Людзі і рэчы», шэраг твораў М. Горкага, якія ўвайшлі ў 5 і 6-ы тамы Збору твораў М. Горкага на беларускай мове, раман М. Шолахава «Ціхі Дон» і іншыя. На яго верш «Расцём і дужэем» А. Туранкоў напісаў песню.

У лістападзе 1936 года арыштаваны НКУС, у 1937 асуджаны на 10 год пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у лагерах Сібіры. 

Загінуў 12 мая 1940 года на будоўлі чыгункі каля Улан-Удэ.

1944 год. Нарадзіўся Міхаіл Раманюк. 

Беларускі мастацтвазнавец, мастак, этнограф. Кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар. Даследчык народнага мастацтва, матэрыяльнай культуры Беларусі, зрабіў мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне беларускага народнага адзення ХІХ— пачатку ХХ стагоддзяў. 

Аўтар альбомаў, кніг, серыі паштовых марак па народнаму адзенню, сцэнічных касцюмаў для розных мастацкіх калектываў, альбома «Беларускія народныя крыжы».

Кансультант «Беларусьфільма».

Памёр 4 верасня 1997 года.

Марка з малюнкам Раманюка

1946 год. Нарадзіўся Тадэвуш Кандрусевіч. 

Каталіцкі архібіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі (да 3 студзеня 2021 года). Доктар тэалогіі. Член Мальтыйскага ордэна.

Служыў у Літве, Расіі і Беларусі. 

Адлічаны з Гродзенскага педінстытута за наведванне касцёла і ўдзел у набажэнствах. Скончыў Ленінградскі політэхнічны інстытут, каўнаскую Духоўную семінарыю. Працаваў інжынерам на Вільнюскім заводзе шліфавальных станкоў. Вынайшаў «Прамысловы ўзор спецыяльнага высакахуткаснага шліфавальнага станка для Волжскага аўтамабільнага завода».

Служыў у Вільні, Друскеніках, біскупам Мінскай дыяцэзіі (1989-1991), у Расіі (1991-2007), архібіскупам-мітрапалітам Мінска-Магілёўскім (2007-2021), заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў і прычыніўся да выдання «Парадку Імшы» і «Катэхізіса» на беларускай мове, заснаваў маскоўскі Каледж каталіцкай тэалогіі імя святога Тамаша Аквінскага з 3 філіяламі, «Радыё Марыя» і Вышэйшую духоўную семінарыю «Марыя — Каралева Апосталаў» у Санкт-Пецярбургу,

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам спыніць насілле і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзян. Заявіў аб наяўных падставах меркаваць, што прэзідэнцкія выбары 2020 года ў Беларусі праходзілі несумленна.

31 жніўня 2020 года, пасля вяртання з паездкі ў Польшчу, беларускія памежнікі адмовілі мітрапаліту ва ўездзе ў краіну. МУС Беларусі прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным.

24 снежня 2020 года вярнуўся ў Беларусь і 3 студзеня 2021 года завяршыў пастырскую дзейнасць.

1947 год. Нарадзіўся Васіль Гігевіч. 

Беларускі пісьменнік.

Настаўнічаў у Харкаўскай вобласці, арганізатар ашмянскай раённай газеты «Красное знамя», працаваў на Барысаўскім шклозаводзе, на кінастудыі «Беларусьфільм», у часопісе «Маладосць».

Аўтар апавяданняў, 10 зборнікаў прозы, раманаў.

Выкарыстоўваючы своеасаблівыя мастацкія формы, даследуе сучасныя праблемы існавання цывілізацыі ў Сусвеце: паводзіны звычайнага чалавека, які па няволі апынуўся ў чужым грамадстве; магчымасці найноўшых тэхналогій стварыць штучны розум, каб устанавіць дыктат над людзьмі; рэакцыя зямлян на незвычайныя бытавыя праявы, якія выкліканы кантактамі з іншапланецянамі.

1954 год. У в. Акулінцы Магілёўскага раёна нарадзіўся Уладзімір Канаплёў. 

Беларускі палітык, спартыўны функцыянер. Выхаванец геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута.

Працаваў настаўнікам, намеснікам дырэктара школы ў Шклове, у Шклоўскім РАУС, памочнікам дэпутата Вярхоўнага Савета А. Лукашэнкі, галоўным памочнікам прэзідэнта. 

Дэпутат Вярхоўнага Савета XIII склікання, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, узначальваў дэпутацкую фракцыю “Згода”, быў намеснікам Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу I і II склікання, старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь III склікання. 

Прэзідэнт Федэрацыі гандбола. Падтрымаў стварэнне рэгіянальнага часопіса “Магілёўскі мерыдыян”, выданне манаграфіі П. Лярскага “Прырода Магілёўскай вобласці”, праект мемарыялізацыі навуковай спадчыны вучоных-географаў Магілёўскага педінстытута.

2005 года. Указам прэзідэнта зацверджаны гербы Бабруйска, Дрыбіна, Слаўгарада, Чавус, Асіповічаў, Клічава, Касцюковічаў, Краснополля.

2008 год. Памерла Вольга Ладыгіна. 

Беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар.

Працавала архітэктарам, галоўным архітэктарам Белдзяржпраекта, у Белдзяржпраекце, Дзяржбудзе, старшынёй праўлення Саюза архітэктараў БССР (1961-1965).

Аўтар шматлікіх праектаў па ўсёй Беларусі, а таксама моста праз р. Дняпро (1955) і Палаца культуры вобласці (1976) у Магілёве.

2018 год. Памерла Людміла Яфімава. 

Народная артыстка Беларусі, харавы дырыжор.

Прадстаўнік Ленінградскай школы харавога дырыжыравання.

Працавала ў Мінскім музычным вучылішчы імя Міхаіла Глінкі, дзе заснавала канцэртны хор. З 1987 года мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы. 

Выканаўчай манеры Яфімавай былі ўласцівы глыбокае пранікненне ў змест твору, апора на класічны вакал.

Узнагароджана ордэнам Францыска Скарыны, ордэнам Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай Беларускай праваслаўнай царквы.

Дзень у гісторыі. 1 студзеня. Заснаванне ССРБ. Увядзенне еўра. Нарадзіліся Яўхім Карскі, пакутнік Мечыслаў Багаткевіч, выдавец Ігар Гермянчук

Новы год паводле Грыгарыянскага календара.

У большасці сучасных краін свету сёння 1 студзеня 2023 года.  Еўрапейскі звычай адзначаць Новы год менавіта 1 студзеня бярэ пачатак ад Юлія Цэзара, з 46 года да нашай эры. І першы месяц года Януарый (наш студзень) прысвечаны той частцы двухаблічнага бога Януса, якая павернута ў будучыню.

Але на Еўразійскім кантыненце першымі святкаваць Новы год 1 студзеня сталі ў Месапатаміі яшчэ ў ІІІ тысячагоддзі да нашай эры.

1 студзеня як свята Новага года на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага прапісалася ў 1364 годзе. Ва ўсходняй частцы Беларусі з 1493 па 1700 год пачынаўся паводле візантыйскай царкоўнай традыцыі 1 верасня. https://natatnik.by/novyi-god-by/

У Расіі, да якой былі далучаны беларускія землі ў ХVІІІ стагоддзі, Новы год адзначаюць 1 студзеня з 1700 года. Пачынаючы з 1919 года навагодняе свята ў Савецкай Расіі сталі адзначаць у адпаведнасці з грыгарыянскім календаром. З 1930 па 1947 год 1 студзеня ў СССР быў звычайным працоўным днём. 23 снежня 1947 года ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 1 студзеня стала святочным і выходным днём.

Нагадаем, што і 2 студзеня 2023 года – дзень святочны.

Сусветны дзень міру (World Day of Peace, з 1967 года) або Дзень сусветных малітваў аб міры.  

Існуе яшчэ Міжнародны дзень міру 21 верасня.

Міжнароднае свята, падчас якога вернікі заклікаюць Бога спыніць ўсе войны і дараваць людзям мір на Зямлі.

Дзень спачатку быў усталяваны для каталікоў Рымскім Папай Паўлам VI 8 снежня 1967 года ў гонар  Урачыстасці Святой Багародзіцы Марыі, пазней пашырыў межы і стаў сусветным. 

«Прасі, і ты атрымаеш мір» – галоўны лозунг, пад якім праходзіць «сусветны дзень міру». У першы дзень кожнага новага году пантыфік звяртаецца ў сваёй перадсвяточнай прамове да вернікаў, звяртаючы іх увагу на неабходнасць кожнаму ўнесці свой унёсак у справу міру.

Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі (каталіцкі каляндар)

Эфескі сабор у 431 годзе абвясціў, што Дзеву Марыю належыць называць Багародзіцай. У гэты дзень Касцёл заахвочвае, каб кожны з нас выкарыстаў магчымасць даверыць сябе і сваіх блізкіх апецы Маці Божай у першы дзень Новага года. 

Свята ў некаторых мясцовасцях на Захадзе адзначалася 1 студзеня ўжо ў VI стагоддзi, «кaлі мiнулa вoсем дзён, кaб aбрэзaць Дзiця, дaлі Яму iмя Езус, якoе былo нaзвaнa aнёлaм перад Яго зaчaццем ва ўлонні».

 

1467 год. Нарадзіўся Жыгімонт Стары. 

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1506 – 1548). Пяты сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы. 

Мянушку «Стары» атрымаў за тое, што яшчэ пры сваім жыцці дамогся каранавання ў пераемнікі свайго дзесяцігадовага сына Жыгімонта.

Імнуўся ўмацаваць дзяржаву. Пры ім быў уведзены Статут Вялікага Княства Літоўскага (1529), распаўсюдзілася Рэфармацыя,  што садзейнічала далейшаму ўздыму гуманізму і адукацыі.

Вёў абарончыя войны супраць Маскоўскай дзяржавы. Пры ім да Польшчы была далучана Мазовія.

Вядомы як мецэнат. Падтрымаў першадрукара Францыска Скарыну.

1861 год. Нарадзіўся Яўхім Карскі. 

Філолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф. Акадэмік Пецярбургскай і Чэшскай акадэмій навук,  член Інбелкульта.

У 1893 годзе ў Кіеўскім універсітэце абараніў дысертацыю – першую ў гісторыі  па беларускім мовазнаўстве «Да гісторыі гукаў і форм беларускай гаворкі». Працаваў прафесарам Варшаўскага (загадчык кафедрай, дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта, рэктар, 1905-1910), Растоўскага (1915-1916, былы Варшаўскі) універсітэтаў, Мінскага педінстытута.

Удзельнік беларускага нацыянальнага руху, ганаровы старшыня Першага ўсебеларускага з’езда, старшыня арганізацыйнай камісіі па адкрыцці БДУ. Падараваў сваю бібліятэку БДУ.

Аўтар  больш за як 1000 прац, у тым ліку даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, дыялекталогіі, фальклоры, этнаграфіі, гісторыі беларускай літаратуры. Выдаваў старажытныя помнікі гісторыі і літаратуры. Аўтар сямітомнай працы «Беларусы» – энцыклапедыі беларусазнаўства. 

Прарадзімай славян  лічыў Палессе, даказваў, што беларусы – аўтахтоны на сваіх землях, даў этнаграфічную карту Беларусі пачатку ХХ стагоддзя

На радзіме вучонага, на будынку сярэдняй школы ў в. Лоша працуе з 1964 года мемарыяльны музей, яго імя носіць Гродзенская абласная бібліятэка.

Памёр 29 красавіка 1931 года.

1904 год. Нарадзіўся  Мечыслаў Багаткевіч

Каталіцкі рэлігійны дзеяч, блажэнны Рымска-Каталіцкай Царквы, святар, пакутнік.

Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю (Пінск), Варшаўскі універсітэт. З 1933 года – святар і педагог у Драгічыне, Лунінцы, Дрысе, капелан Згуртавання Харцэрства Польскага. 

Пра яго пісалі: “Там, дзе з’яўляўся ксёндз Багаткевіч, было шмат моладзі, весялосці і радасці, ён проста любіў нас. Ён ніколі не быў адзін, побач з ім заўсёды былі яго вучні”.

Быў харызматычным прапаведнікам. Тыя, хто слухаў яго казанні, расчульваліся да глыбіні душы, задумваліся над сваім жыццём. Святар заўсёды аддаваў бедным тое, што атрымліваў ад іншых падчас каляды.

Актыўная і энэргічная праца святара ў Дрысе не спадабалася немцам. Тым больш ён у сваіх пропаведзях рэзка асуджаў Гітлера.

У студзені 1942 года яго арыштавалі і зняволілі ў браслаўскай турме, а на світанні 4 сакавіка 1942 года расстралялі ў лесе Барок каля Беразвечча (у межах г. Глыбокае).

Беатыфікаваны 13 чэрвеня 1999 года ў Варшаве Папай Янам Паўлам ІІ. Ягоны культ пашыраны на Беласточчыне, у Пінскай дыяцэзіі.

1919 год. У Смаленску абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь. 

Існавала з 1 студзеня да 27 лютага 1919 года пад кантролем расійскага бальшавіцкага ўрада. БССР дазволілі ўтварыцца, бо, па-першае, да гэтага 25 сакавіка 1918 года была абвешчана БНР, па-другое, яна разглядалася менавіта як буферная краіна, якой расійскія ўлады ў выпадку геапалітычных канфліктаў змогуць ахвяраваць.

30 – 31 снежня 1918 года 6-я Паўночна-Заходняя канферэнцыя РКП(б) у Смаленску прыняла рэзалюцыю пра абвяшчэнне самастойнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. 

У склад ССРБ увайшлі Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губерні, большая частка Смаленскай, часткі Віленскай (без Вільні), Ковенскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў – амаль 300 тысяч кв. км. 

Быў сфарміраваны Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі на чале з З. Жылуновічам, маніфестам якога 1 студзеня 1919 года Беларусь абвешчана Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай.

8 студзеня 1919 года ўрад ССРБ пераехаў са Смаленска ў Мінск.

16 студзеня 1919 года ЦК РКП(б) без папярэдняга абмеркавання з урадам ССРБ беларускія Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні ўключыў у склад Расіі.

31 студзеня 1919 года ССРБ выйшла са складу РСФСР – урад Расіі прыняў пастанову «Аб прызнанні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі». Пры гэтым усходнебеларускія землі засталіся ў складзе РСФСР.

27 лютага 1919 года на аб’яднаным паседжанні ЦВК Літоўскай ССР і ЦВК БССР у Вільні было аформлена стварэнне Літоўска-Беларускай Савецкай  Сацыялітычнай Рэспублікі (Літбел) у складзе Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў. ССРБ перастала існаваць.

Карта Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі ў абвешчаных межах 

1929 год. У дзясятую гадавіну ўтварэння БССР адбылося адкрыццё Акадэміі Навук БССР. 

Беларуская акадэмія навук (1929-1936), АН БССР (1936-1991), Акадэмія навук Беларусі (1992-1997), Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАНБ, з 1997) – вышэйшая дзяржаўная навуковая ўстанова ў краіне. 

НАНБ створана на базе Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт, 1922-1928). Першым прэзідэнтам Акадэміі стаў гісторык, прафесар У. Ігнатоўскі. 

На дзень адкрыцця штат акадэміі складаў толькі 128 чалавек, з іх 87 навуковых супрацоўнікаў.

Зараз у НАНБ звыш 9 000 работнікаў, сярод якіх больш за 450 дактароў навук і 1700 кандыдатаў навук, 91 акадэмік, 2 ганаровыя члены, 13 замежных членаў і 122 члены-карэспандэнты.

Акадэмія мае 7 галіновых аддзяленняў: фізікі, матэматыкі і інфарматыкі; фізіка-тэхнічных навук; хіміі і навук аб Зямлі; біялагічных навук; медыцынскіх навук; гуманітарных навук і мастацтваў; аграрных навук.

1937 год. Нарадзіўся Станіслаў Багданкевіч. 

Беларускі банкір, палітычны дзеяч. Доктар эканамічных навук, прафесар, акадэмік і віцэ-прэзідэнт міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі.

Працаваў у сістэме Дзяржбанка СССР у Беларусі (1956-1981), Кіраўніком ад Беларусі ў Міжнародным валютным фондзе і Еўрапейскім банку рэканструкцыі і развіцця (1991-1995), стажыраваўся ў цэнтрабанках Францыі і Вялікабрытаніі. Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Беларусі (1991-1995), старшыня, ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Актыўна выступаў супраць аб’яднання грашовых сістэм Расіі і Беларусі.

З’яўляецца адным з самых актыўных і аўтарытэтных крытыкаў эканамічнай палітыкі беларускага ўраду.

1938 год. Нарадзілася Данута Бічэль-Загнетава

Беларуская паэтэса. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы.

Выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Гродна, загадвала Домам-музеям Максіма Багдановіча ў Гродна. Член Беларускага ПЭН-цэнтра. 

Вядомая грамадская дзеячка, каардынатар дзейнасці рэгіянальных суполак БНФ у Гродзенскай вобласці. Уваходзіла ў групу падтрымкі кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР М. Ткачова.

Аўтар 21 зборніка паэзіі, шматлікіх паэм, 8 кніг вершаў для дзяцей, кнігі нарысаў, мемуараў і эсэ, двух кніг прозы.

Данута Бичель-Загнетова - биография, творчество, отзывы, лучшие книги.

1945 год. Нарадзілася Вольга Іпатава

Беларуская пісьменніца. Ганаровы акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

Настаўнічала, працавала ў кнігагандлі, у Гродзенскім гаркаме камсамола, на рэгіянальным і цэнтральным тэлебачанні, у газетах «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», «Культура», часопісе «Спадчына», намеснікам старшыні, старшынёй Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Аўтар 4 зборнікаў вершаў, 6 зборнікаў аповесцей і апавяданняў, 2 кніг для дзяцей, тэлеп’есы «Давыд Гарадзенскі» (пастаўлена ў 1988), кнігі «Паміж Масквой і Варшавай», трылогіі «Альгердава дзіда» («Залатая жрыца Ашвінаў», «Вяшчун Гедыміна», «Альгердава дзіда») і іншых.

Яе творы перакладзены на еўрапейскія, азіяцкія мовы.

Перакладае на беларускую мову творы рускіх, літоўскіх, украінскіх, узбекскіх, армянскіх пісьменнікаў, займаецца грамадскай дзейнасцю.

Мае розныя ўзнагароды, у тым ліку медалі Францыска Скарыны і 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Лаурэат прэміі імя Барыса Кіта, «Залаты апостраф», прэміі імя Міколы Ганька (Канада).

1958 год. Нарадзіўся Рыгор Сітніца

Беларускі мастак, паэт. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Быў старшынёй Беларускага саюза мастакоў.

Творчасці ўласцівы спалучэнне супрэматычных і канструктывісцкіх прынцыпаў у пабудове кампазіцыі, гіперрэалістычная трактоўка формы, сімвалічнасць мастацкай мовы. 

Стылістычная манера мастака надае канкрэтным аб’ектам ягоных твораў грунтоўную сутнасць сімвалаў, знакаў і выводзіць іх на памежжа, дзе форма, не губляючы сваёй рэалістычнасці, спалучае рысы абстрактнага вобразу.

Таксама творчасці характэрна пільная ўвага да беларускіх нацыянальных каштоўнасцей: гісторыі, этнаграфіі, фальклору, як неад’емных частак агульнаеўрапейскага культурнага кантэксту.

Творы мастака знаходзяцца ў фондах шматлікіх музеяў Беларусі, у тым ліку Нацыянальны мастацкім, Магілёўскім абласным мастацкім імя П. Масленікава, у замежных калекцыях Польшчы, Германіі, Грэцыі.

Паэт, публіцыст. Лаўрэат літаратурных прэмій «Полымя» і «Залаты апостраф». Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

1961 год. Нарадзіўся Ігар Гермянчук

Беларускі журналіст, выдавец, грамадскі дзеяч. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання, рэдактар газеты «Свабода», заснавальнік часопісу «Кур’ер».

Адзін з актыўных удзельнікаў незалежніцкага руху 1980-х гадоў.

У 1990 годзе стаў адным з самых маладых дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР. 11 красавіка 1995 года разам з іншымі дэпутатамі ад Апазіцыі БНФ абвясціў галадоўку пратэсту супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму.

У якасці галоўнага рэдактара газеты «Свабода», зрабіў яе найбуйнейшым і самым папулярным апазіцыйным выданнем краіны. За крытычныя публікацыі пракуратура чатыры разы заводзіла на Герменчука крымінальныя справы. Пасля забароны газеты ў 1997 годзе, у студзені 1998 года адрадзіў яе пад назвай «Навіны».

Заснавальнік і рэдактар часопісу «Кур’ер».

Памёр 29 красавіка 2002 года.

1990 год. Створаны Слонімскі драматычны тэатр. 

Першым дырэктарам і рэжысёрам у адной асобе стаў заслужаны дзеяч культуры Беларусі Мікалай Варвашэвіч (1934-2001). Калектыў тэатра ажыццявіў каля 100 пастановак для дарослых і юных гледачоў. У рэпертуары тэатра пераважаюць спектаклі камедыйнага жанру, пастаўленыя ў традыцыях беларускага народнага тэатра: пастаноўкі па творах Я. Купалы, Л. Радзевіча, У. Галубка, А. Макаёнка. Ставяцца п’есы сучасных беларускіх драматургаў: У. Сауліча, А. Федарэнкі, У. Бутрамеева, С. Кавалёва, А. Якімовіча, А. Дударава.

Значнае месца ў рэпертуары тэатра займаюць п’есы класічнай і сучаснай рускай і замежнай драматургіі аўтараў А. Астроўскага, К. Гальдоні, А. Камю,  К. Манье і іншых.

Тэатр шмат ставіць спектакляў на рускай і беларускай мовах для юных гледачоў і гастралюе з імі па Беларусі.

На сённяшні дзень у рэпертуары тэатра значацца 18 спектакляў для дзяцей і 15 пастановак для дарослых.

1999 год. Пачалося абарачэнне еўра – агульнаеўрапейскай валюты. 

У 11 з 15 краін ЕС уведзена Адзіная еўрапейская валюта еўра. 

У сувязі з гэтым банкі Аўстрыі і Францыі ўсім дзецям, якія нарадзіліся 1 студзеня  паклалі на рахунак па 100 еўра. Асабліва пашанцавала аўстрыйцу Лявону Дзананавічу, які з’явіўся на свет у Інсбруку роўна апоўначы – яму залічылі на рахунак 5000 еўра.

Пасля гэтага, зона еўра пашыралася: 2001 год – Грэцыя, 2007  – Славенія, 2008 – Кіпр, Мальта, 2009 – Славакія, 2011 – Эстонія, 2014 Латвія, 2015 – Літва, 2023 – Харватыя. Харватыя сёння стала 20-й краінай зоны еўра. Насельніцтва зоны еўра 345 мільёнаў чалавек.

Акрамя краін з еўразоны, еўра карыстаюцца Ватыкан, Манака, Сан-Марына, Андора, французскія заморскія дэпартаменты Сен-Пьер і Мікелон, Маёта, а таксама Косава, Чарнагорыя, Акраціры і Дэкелія (базы Брытаніі на Кіпры).

Краіны-члены ЕС, якія не выкарыстоўваюць еўра, але разглядаюць магчымасць перахода на яго: Балгарыя,  Венгрыя, Данія, Польшча, Румынія, Чэхія, Швецыя.

Незавершаная паэма Віталя Еўмянькова

У нядзелю і на святы паміраюць праведнікі – лічылі нашы продкі. Сёння нас назаўжды пакінуў выдатны Чалавек, вельмі аўтарытэтны спецыяліст, навуковец, журналіст, літаратуразнаўца ад Бога, плённы пісьменнік, які да апошняга часу працаваў над сваімі новымі творамі.   

Арганізм чулага, неардынарнага, вельмі добрага чалавека не вытрымаў выпрабаванняў лёсу апошніх гадоў. Стрэс пасля звальнення з універсітэта імя Куляшова, цяжкая хвароба памножаная на кавідную інфекцыю (або грып) прывялі да маркотнага фіналу. 

Нарадзіўся Віталь 5 чэрвеня 1976 года ў Магілёве. Скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура. Беларуская мова і літаратура”. Надалей ён вучыўся ў аспірантуры па спецыяльнасці “Беларуская літаратура”, “Літаратура народаў краін замежжа (польская літаратура)”. Ягоныя навуковыя інтарэсы – славянскія літаратуры (польская, украінская, беларуская).

Віталь Іванавіч быў кандыдатам філалагічных навук, доўгія гады працаваў дацэнтам кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова. 

Як педагог, Віталь найперш займаўся навучаннем магілёўскіх журналістаў. вучыў іх праектным метадам, даючыся раскрыцца іх індывідуальнасці. Выдаў дзясяткі метадычных дапаможнікаў для сваіх гадаванцаў. Да сваіх студэнтаў ён адносіўся не проста як да студэнтаў, а як да сваіх дзетак. Увогуле праца была ягоным другім домам. Ён літаральна бесперапынна працаваў з імі.  

Менавіта падтрымка студэнтаў у 2020 годзе, у тым  ліку ў вершаванай форме, рэзка пагоршыла яго адносіны з кіраўніцтвам універсітэта, зламала прафесійную кар’еру і прывяла да звальнення ў наступным годзе. Для спадара Еўмянькова гэта стала надзвычай моцным псіхалагічным ударам. Ен нібыта згубіў матывацыю да жыцця.

Выратавала яго літаратура. Ён стаў нашмат болей пісаць… На жаль, бальшасць твораў так і засталіся незавершанымі і неапублікаванымі. Таму Віталь пакінуў нам не такую вялікую па аб’ёме, але вельмі нацыянальна арыентаваную і пранікнёную, напісаную на нерве літаратурную спадчыну. 

Найбольш значным раманам напісаным у 2008 годзе сталі “Успаміны Ваяводы або Пялёсткі белай ружы. Шляхецкая гавэнда.” У кнізе адлюстраваны падзеі, якія адбыліся на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай. Аўтар асэнсоўвае шляхецкую гісторыю, пададзеную Адамам Міцкевічам у паэме «Пан Тадэвуш», нібыта запрашае чытача ў эпоху рыцараў-сарматаў, якія жылі і паміралі ў імя Айчыны, Веры і Кахання. 

Апошняя ягоная незавершаная паэма “Філаматы” прысвечана 1820-м гадам. Але ў ёй лёгка пазнаць сучасных палітычных герояў. Яна была часткова прагаворана ім для ютуба і апублікавана на ўласным канале. Прапануем паслухаць яе і вам.