Дзень у гісторыі. 13 чэрвеня. Вяртанне Смаленска. Тбіліская трагедыя. Памёр Аляксандр Македонскі.

323 да нашай эры. У Вавілоне памёр Аляксандр III Вялікі, Македонскі.

Найбуйны палкаводзец старажытнага свету, цар. Памёр на 33-м годзе жыцця ад малярыі (а быць можа, і ад атруты) ў росквіце сіл і ў разгар падрыхтоўкі да новага вайсковага паходу.

Трэці па ліку Аляксандр на пасадзе цара Македоніі, воін “ад бога”, які атрымаў бліскучую адукацыю пад кіраўніцтвам Арыстоцеля.

У 338 годзе да н.э. разам з бацькам падпарадкаваў сабе ўсю Эладу, а за 13 наступных гадоў стварыў велізарную імперыю, якая распасціралася ад Істра (Дуная) да Ганга. Але спадчынніка Аляксандр не пакінуў, і з яго сыходам з жыцця дзяржава распалася на шэраг варожых адзін аднаму ўтварэнняў.

Па іншых дадзеных, вялікі палкаводзец памёр 10 чэрвеня.

1508 год. З Ліды выйшла Паспалітае рушэнне ВКЛ для дзеянняў супраць маскоўскіх войскаў.

Паспалітае рушэнне – мабілізацыя ўсіх ваеннаабавязаных краіны або аднаго ці некалькіх ваяводстваў ці паветаў, апалчэнне, агульны паход у Польшчы і ВКЛ.

Да сярэдзіны ХVІ стагоддзя паспалітае рушэнне складала аснову ўзброеных сіл ВКЛ.

Шляхецкае апалчэнне на карціне Юзафа Бранта, 1880.

1611 год. Войскі Рэчы Паспалітай пасля працяглай аблогі і генеральнага штурма вярнулі Смаленск – важны стратэгічны горад па шляху на Маскву.

Горад быў у аблозе 20 месяцаў, з 26 верасня 1609 года. Голад і эпідэміі выкасілі большую частку 80-тысячнага горада. У Смаленску засталося 8 000 чалавек, у гарнізоне – 200 ваяроў. 

Горад удалося ўзяць пры дапамозе аднаго са смаленскіх баярскіх сыноў, які паказаў слабое месца ў абароне. Насупраць слабага месца ў крэпасной сцяне былі пастаўлены некалькі батарэй. Пасля некалькіх дзён абстрэлу сцяна павалілася. 

У ноч на 3 чэрвеня 1611 года нашы войскі пайшлі на штурм з чатырох напрамкаў.

Смаленск гарэў. Апошнія абаронцы замкнуліся ў саборнай царкве Багародзіцы. Калі ў сабор ўварваліся вялікалітоўскія войскі, то пасадскі чалавек А. Беляніцын узяў свечку і залез у склеп, дзе захоўваўся запас пораху. Выбух быў магутным, шмат людзей загінула. 

Параненага маскоўскага ваяводу Шэіна ўзялі ў палон. Пад Смаленскам нашы ваяры згубілі каля 30 000 жаўнераў – 2/3 войска.

1702 год. Нарадзіўся Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька» (1702-1762).

Дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Найбольш уплывовы прадстаўнік роду Радзівілаў XVIII стагоддзя, адзін з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай.

Пры звяртанні да кагосьці ўжываў ласкавае слова “рыбанька”.

Аднавіў замак ў Нясвіжы, разбураны шведамі ў 1706 годзе, дзейнасць Нясвіжскай друкарні, адкрыў Нясвіжскі кадэцкі корпус, заснаваў першыя ў ВКЛ мануфактуры, у тым ліку Слуцкую персіярню па вырабе шаўковых паясоў.

Памёр 15 мая 1762 года.

1746 год. Прадстаўленне камедыі «Дасціпнае каханне» Францішкі Уршулі Радзівіл (1705-1753).

Адбылося ў нясвіжскай летняй рэзідэнцыі Радзівілаў Альба. 

Уршуля – першая ў ВКЛ жанчына-драматург, паэтэса і мастачка.

1834 год. Нарадзіўся Канстанцін Вераніцын (1834-1903).

Беларускі аграном, педагог, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры.

Удзельнік літаратурнага жыцця сярэдзіны ХІХ стагоддзя, аўтар сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе».

Памёр 26 жніўня 1903 года.

У 2001 годзе на радзіме К. Вераніцына ў Астраўлянах і Гарадку пастаўлены мемарыяльныя знакі ў гонар паэмы «Тарас на Парнасе» і яе аўтара.

1888 год. Нарадзіўся Антон Аўсянік (1888-пасля 1933).

Беларускі палітык і дыпламат, дзеяч БНР, сакратар Рады БНР.

Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, пасол сейма Польшчы, сябра Беларускага пасольскага клуба. У пачатку 1930-х гадоў выехаў у БССР, быў арыштаваны ў 1933 годзе. Далейшы лёс невядомы.

На фота дзеячоў БНР – 2-гі справа стоячы – Антон Аўсянік

1889 год. Нарадзіўся Павел Жаўрыд (1889-1939).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання, журналіст.

Скончыў Слуцкую гімназію (у ёй з Фабіянам Шантырам ужо з 4 класа збіраў нелегальныя сходы, распаўсюджваў літаратуру), вучыўся ў Варшаўскім універсітэце, скончыў Віленскую вайсковую вучэльню.

Удзельнік І Сусветнай вайны, служыў у Палтаве, Туркестане, на Румынскім фронце. Быў старшынёй палкавога камітэта. Ад амаль 100 000 беларусаў-вайскоўцаў дэлегаваны на Усебеларускі з’езд 1917 года ў Менску.

Працаваў юрысконсультам Слуцкага павятовага зямельнага аддзела. У 1918 годзе ў складзе камісіі правяраў дзейнасць Слуцкай ЧК і выкрыў шматлікія злоўжыванні. У адплату за гэта быў арыштаваны ЧК, сядзеў у Слуцкай, Бабруйскай, Смаленскай турмах.

У 1920 годзе Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у склад Беларускай рады Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання.

Арыштоўваўся ДПУ БССР у 1930 і 1937 гадах, асуджаны да лагераў.

Памёр у ГУЛАГу.

1943 год. Польскімі падпольшчыкамі забіты Юльян Саковіч (1906-1943).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, адзін з кіраўнікоў канспірацыйнай Беларускай незалежніцкай партыі і кіраўнік Беларускай Народнай Грамады.

Падчас вучобы ў Віленскім універсітэце быў членам Беларускага студэнцкага саюза, КПЗБ, Таварыства беларускай школы. Актывіст Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, выдаваў разам з Г. Вялецкім у Вільні часопіс «Вольная думка» – орган беларускага студэнцтва.

Вязень Бяроза-Картузскага канцлагеру, савецкіх турмаў.

У перыяд нацысцкай акупацыі Беларусі займаў пасады ў Беларускай народнай самапомачы.

1956 год. Нарадзіўся Леанід Тараненка.

Беларускі цяжкаатлет, двухразовы чэмпіён свету.

Уладальнік 19 сусветных рэкордаў, прычым два з іх – 266 кг у штуршку і 475 кг у дваябор’і – застаюцца неперасягнутымі і сёння.

2015 год. У Тбілісі адбылася трагедыя.

У грузінскай сталіцы Тбілісі пайшоў звычайны дождж. 

Тбілісцы раскрылі парасоны і працягнулі займацца сваімі штодзённымі справамі. У той момант яшчэ ніхто не ведаў, што 14 чэрвеня горад чакае самы цяжкі світанак за апошнія дзясяткі гадоў.

Экстраннае паведамленне аб паводцы прагучала толькі ў 23:00. Паводка адбылася з-за сходу апоўзня ў раку Веры, якую звычайна пераплюнуць можна, яна працякае вышэй за Тбілісі. 

На горад рушылі масы вады, уперамешку з зямлёй і выдранымі з каранямі дрэвамі. Раз’юшаная Веры, накіраваўшыся да ракі Кура, зносіла ўсё на сваім шляху… 

Горад ахоплівала паніка – на вуліцах на волі аказаліся львы, тыгры, ваўкі і гіены, бегемот з заапаркаў. Адзін з супрацоўнікаў заапарка быў загрызены насмерць белым тыграм.

Да гэтага часу невядомы лёс трох жыхароў горада. Ахвярамі апоўзня лічацца 19 чалавек.

2019 год. У Магілёве пабіты тэмпературны рэкорд +30,7°С.

Рэкорднай да гэтага лічылася тэмпература 30,5°С 13 чэрвеня 1959 года.

Дзень у гісторыі. 9 чэрвеня. Наданне герба Магілёву. Масква згарэла ад капейкавай свечкі. Нарадзіліся Уладзіслаў IV Ваза, Іван Луцкевіч.

Міжнародны дзень архіваў (International Archives Day, з 2007 года). 

Заснаваны Міжнародным саветам архіваў у 1948 годзе рашэннем ЮНЕСКА.

Для жыцця грамадства ролю архіваў цяжка пераацаніць. Як своеасаблівыя інфармацыйныя цэнтры, яны забяспечваюць доступ да рэтраспектыўнай дакументнай інфармацыі, садзейнічаюць у вырашэнні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краін, эфектыўнага дзяржаўнага кіравання, а таксама забяспечваюць навуковае пазнанне мінулага.

Архівы – не толькі сур’ёзны інфармацыйны рэсурс культурнай і гістарычнай спадчыны. У жыцці кожнага асобнага чалавека архівы часам адыгрываюць не меншую ролю. Бо там захоўваюцца індывідуальныя звесткі аб кожным з нас. Разнастайнасць архіўных крыніц і фарматаў вялізная. Таму архіўныя даныя з’яўляюцца каштоўным сведчаннем эканамічнага, палітычнага і сацыяльнага развіцця чалавецтва.

Захаваць дакументальную спадчыну, даць магчымасць людзям знаёміцца з унікальнымі дакументамі – галоўная задача архівістаў.

Міжнародны дзень сяброў (International Friends Day)

Створаны для таго, каб усе мы, незалежна ад жыццёвых абставін і розных перыпетый, нагадалі сваім сябрам аб тым, як яны важныя для нас і парадавалі іх сваёй увагай, тэлефонным віншаваннем, сустрэчай з імі. 

Усе народы ва ўсе часы лічылі сяброўства найвялікшай каштоўнасцю, і пры гэтым нязменна лічылі “сапраўднае сяброўства” вельмі рэдкай з’явай. 

У кожнага з нас сапраўдных сяброў можа быць 3-5, 5-7. Не болей, як правіла. Чаму б у гэты дзень не сабрацца разам тым, хто даўно не бачыўся, не ручкаўся, не стэлефаноўваўся. Успомніць добрыя старыя часы, падзяліцца добрымі навінамі, дасягненнямі. На самай справе, калі ў сяброў здараецца нешта добрае, то гэта добрае здараецца і ў цябе.

1246 год. Італьянскі падарожнік, францысканскі манах Джавані ды Плана Карпіні вярнуўся ў Кіеў пасля наведвання Каракарума.

Першы з еўрапейцаў дасягнуў сталіцы мангольскай імперыі Каракарума, правёў перамовы з Батыем.

Падарожжа адкрыла спіс вялікіх падарожжаў еўрапейцаў у Азію, а справаздача Карпіні ўпершыню пазнаёміла Еўропу са светам Усходу. 

1595 год. Нарадзіўся Уладзіслаў IV Ваза (1595-1648).

Кароль польскі і вялікі князь ВКЛ (1632-1648), тытулярны цар маскоўскі (1610-1634) і кароль шведскі (1632-1648).  

Пераняў сталец у цяжкі для краіны час, калі была ўжо страчаная Лівонія, праваслаўная грамадскасць расколатая Берасцейскай уніяй. Ён перамог Расію ў Смаленскай вайне і паводле Палянаўскага міру 1634 адваяваў Смаленск і прымусіў маскавітаў адмовіцца ад прэтэнзій на землі Рэчы Паспалітай.

Для міру і спакою, Уладзіслаў адмовіўся ад тытулу маскоўскага цара і прэтэнзій на маскоўскі сталец, пазней – на шведскі сталец.

1661 год. Магілёву нададзены герб.

З пачаткам Трынаццацігадовай вайны ў 1654 года гараджане здалі горад маскоўскім захопнікам. Аднак 1 лютага 1661 года ў выніку народнага паўстання гараджане знішчылі акупацыйны гарнізон.

За выяўленую ў час паўстання мужнасць кароль і вялікі князь Ян Казімір ураўнаваў у правах Магілёў з Вільняй, надаў новы герб «у блакітным полі тры сярэбраныя гарадскія вежы, у адчыненай сярэдняй браме – рыцар з узнятым мячом, а над ім герб – “Пагоня”

Магдебургскаму Магілёву бракавала мураванай ратушы – і 4 верасня 1679 года гараджане прыступілі да будаўніцтва каменнай ратушы, асноўны корпус якой быў узведзены да 1681 года, а поўнасцю будаўніцтва завяршылі ў 1698 годзе.

1737 год. На святую Троіцу ў Маскве выгарэлі цэнтр горада і Крэмль.

Каля 23:00 гадзін успыхнуў Траецкі пажар – адзін з самых буйных за ўсю расійскую гісторыю гарадскіх пажараў XVIII стагоддзя.

Першым загарэўся дом Міласлаўскіх за Баравіцкім мостам, ад свечкі, якую паставіла перад абразом салдацкая ўдава. Адсюль пайшоў выраз: “Масква згарэла ад капейкавай свечкі”.

Вецер быў моцны, а час сухі. Было знішчана больш за 2 500 двароў, 486 крам і шмат цэркваў.

“Ахвярай” бедства таксама стаў 200-тонны Цар-звон. Ён быў адліты 2 гадамі раней, але яшчэ знаходзіўся ў спецыяльнай ліцейнай яме пад бярвеністым падстрэшкам. Ад яго адкалоўся кавалак вагой 700 пудоў (11,5 тоны).

Згарэў у пажары і гадзіннік на Спаскай вежы.

Імператрыца Ганна Іаанаўна сваім указам распарадзілася аднавіць палацавыя і саборныя цэрквы за кошт казны, але нават праз некалькі гадоў, ужо ў валадаранне Лізаветы Пятроўны, сляды пажару ў Крамлі былі па-ранейшаму вельмі прыкметныя.

1868 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Вярыга (1868-1916).

Беларускі філосаф, этнограф, фалькларыст. Доктар філасофіі.

Вучыўся ва ўніверсітэтах Варшавы, Берліна, Прагі і Берна. Займаўся збіральніцтвам беларускага фальклору. Друкаваўся ў часопісе «Вісла». У 1889 годзе ў часопісе «Збор звестак па айчыннай антрапалогіі» апублікаваў працу «Беларускія думкі з вёскі Глыбокае Лідскага павету Віленскай губерні, запісаныя ў 1885 годзе», якая змяшчае 45 беларускіх народных песень.

Выдаў кнігу «Беларускія паданні» (1889), якая змяшчае 32 беларускія казкі з Лідскага павета.

Памёр 27 жніўня 1916 года.

Варшаўскі ўніверсітэт.

1873 год. Памёр Венцаслаў Пелікан (1790-1873).

Беларускі медык, грамадскі і палітычны дзеяч, прафесар.

Рэктар Віленскага ўніверсітэта, Прэзідэнт і Ганаровы член-карэспандэнт Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, член Віленскага і Варшаўскага медыцынскіх таварыстваў, таварыства кіеўскіх дактароў і Харкаўскага ўніверсітэта, доктар медыцыны і хірургіі.

Працаваў дырэктарам медыцынскага дэпартамента ваеннага міністэрства.

З’яўляецца рэфарматарам расійскай медыцыны і ветэрынарыі.

1881 год. Нарадзіўся Іван Луцкевіч (1881-1919).

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, краязнавец, археолаг, збіральнік старажытнасцяў. Брат беларускага дзеяча Антона Луцкевіча.

Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады і газеты “Наша ніва”. Сябра Віленскай беларускай рады і Рады БНР. Распрацоўваючы ідэю беларускага самавызначэння ад ідэй краёвасці прыйшоў да ідэі поўнай незалежнасці Беларусі.

Арганізатар беларускага культурнага жыцця ў Вільні.

Аўтар прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Увёў у навуковы ўжытак помнікі старабеларускай літаратуры XVI стагоддзя, пісаныя арабскай графікай «Аль-Кітаб».

У 1921-1944 гадах працаваў Беларускі музей імя Івана Луцкевіча (зачынены савецкімі ўладамі), з 2001 працуе аб’яднанне “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча”. У Мінску,  у парку імя Янкі Купалы ўсталяваны памятны знак у гонар братоў Луцкевічаў.

Памёр 20 жніўня 1919 года.

Іван і Антон Луцкевічы, Аляксандр Уласаў у час выхаду «Нашай Нівы».

1958 год. Нарадзіўся Алесь Камоцкі.

Беларускі паэт, бард.

Удзельнік гуртоў “Близнецы”, “Zartipo”. Аўтар 9 альбомаў, у тым ліку “З бацькоўскай кружэлкі” – пераклады папулярных песен савецкіх часоў на беларускую мову.

Удзельнік многіх супольных праектаў, у тым ліку “Віно дажджоў” на творы У. Караткевіча, “Бывайце здаровы! Bella Ciao” – італьянскія песні па-беларуску, беларускія – па-італьянску, “Тузін. Перазагрузка”(2009, 2011).

1960 год. Гарадскі пасёлак Шацілкі стаў цэнтрам Парыцкага раёна Гомельскай вобласці.

29 ліпеня 1961 года Шацілкі пераменаваны ў г. Светлагорск, Парыцкі раён стаў Светлагорскім. Новая назва, як палічыла камуністычнае кіраўніцтва, сімвалізуе светлае жыццё савецкага Палесся. 

1970 год. Забіты невядомымі ў сваёй кватэры ў Нью-Ёрку Уладзімір Тамашчык (1900-1970). 

Беларускі грамадскі і рэлігійны дзеяч, архібіскуп Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Актывіст беларускага руху ў Заходняй Беларусі, належаў да КПЗБ.

Пасля трох гадоў адбывання тэрміну ў польскай турме, з 1930 года жыў у Чэхаславакіі. Скончыў Пражскі політэхнічны ўніверсітэт.

Працаваў у Пражскім інстытуце заалогіі, браў удзел у грамадскім беларускім жыцці, быў сакратаром старшыні Рады БНР Васіля Захаркі.

З пачаткам Другой сусветнай вайны працаваў у беластоцкай газеце «Новая дарога», у Беларускім камітэце. Удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе.

З 1944 года у эміграцыі ў Германіі. Быў старшынём Беларускага цэнтральнага камітэта. У 1949 прыняў манаства пад імем Васiль і стаў епіскапам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

У 1951 годзе пераехаў у Нью-Ёрк. Стаў архіепіскапам Канадска-Амерыканскім. Браў актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці ў ЗША.

2011 год. Памёр Павел Місько (1931-2011).

Беларускі пісьменнік, празаік, паэт, публіцыст.

Працаваў у многіх газетах, узначальваў аддзелы рэдакцый штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, часопіса “Полымя”, намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”. 

Аўтар шматлікіх кніг, зборнікаў апавяданняў і аповесцей, раманаў, сатыры і гумару, кніг твораў для дзяцей.

Яго творчасці ўласцівыя ўвага да бытавой стыхіі народнага жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае народнае слова.

Пераклаў на беларускую мову паэму М. Гогаля “Мёртвыя душы”, казку П. Яршова “Канёк-гарбунок”, творы Я. Носава, К. Чукоўскага і іншых, перакладаў таксама з украінскай, польскай і балгарскай моў.

Фота з адкрытых крыніц.

Атака беспілотнікамі Масквы і Падмаскоўя – цэліліся ў асабнякі набліжаных да Пуціна на Рублёўцы?

Сёння ноччу адбылася ўзаемная атака украінскім і расійскім бакамі. Unian паведамляе, што сталіца Украіны была атакаваная 31 дронам-камікадзэ “Shahed”, у выніку чаго адна жанчына загінула. 29 з іх былі збітыя. 

Таксама ноччу 30 мая адбылася атака на Маскву. Тэлеграм-канал Shot са спасылкай на сваю крыніцу пісаў, што Маскву атакавалі 32 беспілотнікі: 19 былі збітыя ў Падмаскоўі, каля дзесяці ўпалі ў межах горада, зачапіўшыся за дрэвы, яшчэ тры – патрапілі ў жылыя дамы на Ленінскім праспекце, Прафсаюзнай вуліцы і вуліцы Атласава у Новай Маскве.

Паведамляецца, што эпіцэнтр удару беспілотнікаў прыйшоўся на раён Барвіхі, Рублеўскай шашы, Адзінцова і Краснагорска. Дэпутат Хінштэйн таксама паведаміў, што адзін з дронаў упаў у элітным пасёлку “Грынфілд” пад Масквой. Па дадзеных СМІ, асабліва актыўна СПА працавала якраз на захадзе і паўднёвым захадзе ад Масквы, дзе шмат загарадных дамоў расійскіх топ-мэнэджараў і чыноўнікаў.

Тэлеграм-канал “Можем объяснить” растлумачыў выбар цэлі ў Падмаскоўі элітным жытлом чыноўнікаў, набліжаных да Пуціна. Недалёка ад месца падзення дронаў праходзіць Рублёўская шаша і яе ваколіцы, дзе жывуць набліжаныя да Пуціна алігархі і чыноўнікі. Адзін з дронаў упаў у пасёлку Ільінскае, а гэта ўсяго за 3 кіламетры ад рэзідэнцыі Уладзіміра Пуціна ў Нова-Агарова. У пасёлку Знаменскае месціцца маёнтак у пуцінскага сябра Генадзя Цімчанкі.

Побач з аднаго боку — рэзідэнцыя прэмʼер-міністра Міхаіла Мішусціна «Горкі-9» і былы зяць прэзідэнта Расіі Кірыл Шамалаў, з другога – бацька губернатара Маскоўскай вобласці, сенатар Юрый Варабʼёў і міністр абароны Сяргей Шайгу.

Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк пракаментаваў атаку беспілотнікаў на Маскву. Ён адпрэчыў прамое дачыненне Кіева да ўдараў БПЛА і назваў гэта “малацікавай падзеяй”. Але зазначыў, што, “магчыма, не ўсе дроны гатовы атакаваць Украіну і хочуць вярнуцца да сваіх стваральнікаў”.

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 27 мая. Маскоўскае паўстанне. “Палянаўскі мір”. Нарадзіліся этнограф І. Сербаў, паэт У. Жылка, гісторыкі М. Біч, А. Латышонак.

1606 год. У Маскве выбухнула паўстанне.

Яно было скіравана супраць цара (1605-1606) Дзмітрыя Самазванца I (кан. XVI ст.-1606) і шляхцянкі, царыцы Марыны Мнішак (1588-1614). У выніку паўстання былі забіты Дзмітрый і 524 выхадцы з Рэчы Паспалітай, галоўным чынам, з Беларусі.

Марына Мнішак – адзіная каранаваная жанчына ў Расіі да Кацярыны I. Яна пазней стала жонкай цара (1607-1610) Дзмітрыя Самазванца II. У выніку гэтай і наступных падзей, на маскоўскі трон быў абраны кароль і вялікі князь ВКЛ Уладзіслаў ІV Ваза. 

Карл Веніг. Апошнія хвіліны жыцця Ілжэдзмітрыя I, 1879 год.

1634 год. Пачатак перамоў між прадстаўнікамі Рэчы Паспалітай і Масковіяй аб заканчэнні Смаленскай вайны 1632-1634 гадоў.

Перамовы праходзілі ў с. Сямлёва на р. Палянаўцы.

“Палянаўскі мір” быў заключаны 4 (14) чэрвеня 1634 года. Рускія апетыты на Смаленск не спраўдзіліся. Да Масковіі адыйшоў толькі Сярпейск, Масальск, Ахтырка, Трубчэўск. 

Па дамове кароль і вялікі князь ВКЛ Уладзіслаў IV Ваза (1595-1648) адмовіўся ад далейшых прэтэнзій на рускі трон. Ён быў маскоўскім царом у 1610-1634 гадах.

1780 год. Адбылася ўрачыстая імша ў магілёўскім касцёле Святога Станіслава для каранаваных асоб.

Прысутнічалі Кацярына II і аўстрыйскі імператар Іосіф ІІ, якія прыехалі ў Магілёў дамовіцца аб умовах Другога раздзелу Рэчы Паспалітай. У гэты ж дзень каранаваныя асобы наведалі і царкву Святога Спаса.  

1871 год. У в. Кульшыцы (зараз – Слаўгарадскі раён) нарадзіўся Ісак Сербаў (1871-1943).

Этнограф, фалькларыст, археолаг, краязнавец, фатограф, Правадзейны член геаграфічнага таварыства і Інстытута беларускай культуры. 

У Кульшыцах існавала традыцыя даваць немаўлятам біблейскія імёны, а не габрэйскія, як на першы погляд. 

Настаўнічаў ў шматлікіх месцах, уключаючы Вільню, Мінск, Хоцімск. У 1910-1913 гадах арганізаваў этнаграфічную экспедыцыю геаграфічнага таварыства па вывучэнню творчасці і матэрыяльнай культуры беларусаў. 

Узначальваў работы па збору і ахове помнікаў, кафедру этнаграфіі БДУ. Сабраў багатыя калекцыі народнага аддзення, мастацтва, на падставе якіх быў выдадзены альбом “Беларускае народнае мастацтва” (1951). Першым ў краіне сабраў вялізную фотатэку з фіксаваннем тыпаў адзення на Палессі, жытла, гаспадарчых пабудоў, рамесных вырабаў.

1895 год. Нарадзіўся Ігнат Дварчанін (1895-1937).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, скарыназнаўца, навуковец, паэт, пісьменнік, доктар філасофіі.

Удзельнік Першай Сусветнай вайны, падпаручнік, з’яўляўся членам Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, сакратаром культурна-асветніцкага аддзелу Белнацкаму ў Маскве, Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта, Цэнтральнай беларускай школьнай рады. З’яўляецца ўкладальнікам “Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры”. У 1930 годзе рэпрэсаваны польскімі ўладамі (8 год турмы), але ў 1932 годзе трапіў пад абмен палітвязнямі паміж СССР і Польшчай.

Працаваў у АН БССР у камісіі па вывучэньню Заходняй Беларусі, выконваў абавязкі дырэктара Інстытуту мовазнаўства. Арыштаваны ў 1933 г., высланы на Салаўкі, расстраляны 8 снежня 1937. Загінуў у лагерах і ягоны родны брат Іларыён Дварчанін, беларускі грамадзкі дзеяч.

1931 год. У в. Раздзел-2 Мсціслаўскага раёна нарадзіўся Васіль Жураўлёў.

Беларускі літаратуразнаўца, крытык.

Скончыў Мінскі педінстытут. З 1956 года працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук.

Аўтар манаграфіі «Структура твора» (1978), сааўтар «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры», «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры», «История белорусской дооктябрьской литературы», «Праблемы сучаснай беларускай прозы», «Пытанні паэтыкі».

1896 год. Нарадзіўся Міхась Філіповіч (1896-1947).

Беларускі жывапісец, графік, этнограф, педагог, адзін з першых айчынных мастакоў, хто звярнуўся да нацыянальнай тэматыкі. Вялікую значнасьць маюць замалёўкі народнай вопраткі, зробленыя Філіповічам на Міншчыне, Случчыне, Магілёўшчыне, Палессі.

Творы М. Філіповіча вызначаюцца яркім нацыянальным каларытам, самабытнасцю.

1900 год. Нарадзіўся Уладзімір Жылка (1900-1933)

Беларускі паэт, перакладчык, крытык.

Працаваў у мінскай 21-й беларускай пачатковай школе, аграномам, наведваў клуб «Беларуская хатка», супрацоўнічаў з Ядвігіным Ш., Я. Купалам, З. Бядулем, М. Чаротам, Л. Родзевічам.

З 1920 года жыў у Заходняй Беларусі. Вёў падпольную, культурна-асветніцкую дзейнасць у Польшчы, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі. Працаваў у віленскай беларускай кнігарні, апекаваў  тэатральную майстроўню пры Віленскай беларускай гімназіі, супрацоўнічаў з газетамі «Наша будучыня» і «Новае жыццё», рэдагаваў пражскі часопіс «Прамень».

У 1926 годзе пасля ўдзелу ў мінскай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, застаўся ў БССР. Працаваў у Інбелкульце, газетах «Беларуская вёска», «Звязда», у Мінскім музычным тэхнікуме, на Белдзяржкіно. Член аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша».

Аўтар вершаў, паэм, зборнікаў вершаў, многіх артыкулаў, у тым ліку, «У справе ацэнкі беларускага адраджэння», артыкулаў пра месца беларускай культуры ў славянскім свеце, пра творчасць беларускіх паэтаў, рэцэнзій на творы сучаснікаў, гісторыка-філасофскага эцюда «Беларусь-Крыўя», перакладаў еўрапейскіх паэтаў.

19 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ, у 1931 прыгавораны да 5 гадоў ссылкі. Адбываў яе ва Уржуме Кіраўскай вобласці.

Памёр 1 сакавіка 1933 года ад туберкулёзу лёгкіх. 

1937 год. Нарадзіўся Міхась Біч (1937-1999).

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Скончыў БДУ. Працаваў настаўнікам у  школах Пастаўскага і Мастоўскага раёнаў, у Інстытуце гісторыі НАНБ.

Даследчык гісторыі рабочага, народніцкага рухаў, перыядычнага друку Беларусі і праблем нацыянальнага Адраджэння. Пад яго кіраўніцтвам абаранілі кандыдацкія дысертацыі 6 даследчыкаў.

Аўтар каля 300 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, раздзелаў у 7 калектыўных кнігах, 4 вучэбных дапаможнікаў. Аўтар і суаўтар “Гісторыя БССР. Т. 2” (1972), “Гістарычныя карані сяброўства і яднання ўкраінскага і беларускага народаў” (1978), ”Гісторыя рабочага класа БССР” (у 4-х т), “Асвета і педагагічная думка ў Беларусі са старажытных часоў да 1917 г. (1985), “Полацк: гістарычны нарыс” (1987) і інш.

1957 год. Нарадзіўся Алег Латышонак.

Беларускі і польскі гісторык, доктар гістарычных навук.

Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, аўтар і суаўтар кніг і падручнікаў “Гісторыя Беларусі ад паловы XVIII да канца XX ст.”, “Ад белых русаў да беларусаў” (аб фарміраванні беларускай народнай тоеснасці), “Жаўнеры БНР”, “Нацыянальнасць – Беларус” (асвятляюцца пытанні этнагенэзу беларусаў).

Узнагароджаны Кавалерскім крыжам ордэна Адраджэння Польшчы. 

1997 год. Памерла Зінаіда Канапелька (1918-1997).

Беларуская актрыса. Народная артыстка, Ганаровы грамадзянін г. Віцебска.

На хутары Шыркі непадалёк ад Багушэўска жылі ўсяго тры сям’і, у тым ліку Канапелькі і Машэравы.  П. Машэраў і З. Канапелька –  аднагодкі. Іх сяброўства і павага адзін да аднаго працягваліся ўсё жыццё.

З 1934 года творчае жыццё звязана з тэатрам імя Якуба Коласа (Віцебск). Сярод асноўных тэатральных роляў – Паўлінка ў аднайменнай п’есе Янкі Купалы. Сябравала з Купалам з часоў гастроляў у Мінску: “Я вельмі хвалявалася, ідучы да Янкі Купалы.  Сустрэлі мяне на дзіва проста і гасцінна…. Цётка Уладзя глядзела на мяне вельмі ласкава, а Янка Купала сказаў: “Цудоўная дзяўчына, жадаю табе сыграць гэту ролю на сцэне”. Сустрэча з такім чалавекам, такім знакамітым паэтам стала для мяне сапраўднай падзеяй”.

У яе гонар у Віцебску па вул. Урыцкага, 19 усталявана мемарыяльная шыльда.

Дзень ў гісторыі. 19 мая. Ганна Французская. Ордэн Ганаровага легіёна. Конкурс “Міс СССР”. Асуджэнне М. Чыгіра. Катастрофа Як-130. Нарадзіўся пілот-ас Д. Макіёнак.

Міжнародны дзень дыназаўраў (International Dinosaur Day)

Дыназаўры ўзніклі ў трыасавым перыядзе 243 мільёны гадоў таму і сталі дамінантнымі наземнымі пазваночнымі.

Палеантолагі выявілі больш за 900 розных родаў і 1000 відаў дыназаўраў. Дыназаўры занялі шматлікія экалагічныя нішы і асвоілі разнастайныя тыпы харчавання. Усе дыназаўры – яйкакладучыя.

Першыя скамянелыя косці дыназаўраў былі апазнаны і прызнаны ў пачатку XIX стагоддзя, іх выкапнёвыя шкілеты сталі галоўнымі славутасцямі музеяў па ўсім свеце, а дыназаўры ператварыліся ў неад’емную частку папулярнай культуры.

Цікавыя факты.

Самымі вялікімі дыназаўрамі былі заураподы, якія дасягалі даўжыні 30 метраў – гэта вышыня дзевяціпавярховага дома. Гэта былі раслінаедныя жывёлы з доўгай шыяй і нагамі як у сланоў.

Дыназаўры жылі на Зямлі на працягу 160 мільёнаў гадоў. Вымерлі ў канцы мелавога перыяду каля 65 мільёнаў гадоў таму.

Слова “дыназаўр” у перакладзе з грэчаскай мовы азначае “страшны, жудасны”, “яшчар”.

Дыназаўры з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Паўднёвай Амерыкі і затым распаўсюдзіліся па ўсёй сушы.

Продкамі дыназаўраў былі архазаўры. У нашы дні прадстаўнікамі архазаўра з’яўляюцца кракадзілы.

1051 год. Кароль Францыі Генрых І ажаніўся з Ганнай Кіеўскай (1030-1075).

Ганна – дачка Вялікага князя Кіеўскага Яраслава I Мудрага і яго другой жонкі Інгігерды – дачкі караля Шатландыі і Швецыі, унучка па маці Олава III Шатконунга, унучка полацкай княжны Рагнеды Рагвалодаўны (960-1000). Каралева Францыі, маці караля Філіпа I, прабабуля 30 французскіх каралёў.

Ганна прывезла ў Францыю каштоўны пасаг і высокую культуру, за што яе паважалі і шанавалі. Папы Мікалай II і Грыгорый VII пісалі ёй лісты, у якіх выказвалі павагу. Папа Мікалай II адзначаў дабрыню, дабрачыннасць, пабожнасць Ганны, прасіў яе ўплываць на Генрыха I.

1125 год. памёр Уладзімір Манамах (1053-1125).

Вялікі князь Кіеўскі, унук полацкай княжны Рагнеды Рагвалодаўны (960-1000), дзяржаўны дзеяч, военачальнік, пісьменнік, мысляр.

Сын князя Усевалада Яраславіча. Празваны Манамахам па назве роду маці – дачцэ візантыйскага імператара Канстанціна IX Манамаха.

1782 год. Нарадзіўся Іван Паскевіч (1782-1856).

Рускі палкаводзец, дзяржаўны дзеяч. Сваяк А. Грыбаедава. З палтаўскіх казакаў.

У ліку войск М. Раеўскага ўдзельнічаў у бітве пры Салтанаўцы пад  Магілёвам.

Душыцель горцаў, паўстанняў у Польшчы і Беларусі 1831, у Венгрыі 1849 гадоў. 

З 1834 года ўладальнік гомельскага палаца Магілёўскай губерні. У 1917 годзе палац (Палац Румянцавых-Паскевічаў) канфіскаваны, калекцыі яго сталі асновай для краязнаўчага музея (1919).

1802 год. Напалеон Банапарт зацвердзіў ордэн Ганаровага легіёна.

Арганізацыя па прыкладзе рыцарскіх ордэнаў. Згодна з кодэксам Ганаровага легіёна і воінскага медалю, гэтая ганаровая арганізацыя валодае статусам і правамі юрыдычнай асобы. Прыналежнасць да ордэна з’яўляецца найвышэйшым знакам адрознення, пашаны і афіцыйнага прызнання асаблівых заслуг у Францыі. Па сцвярджэнні генерала Дэ Голя, «Ганаровы легіён – гэта супольнасць эліты жывых».

Сярод беларусаў, якія былі ўдастоены залічэння ў ордэн: міністр абороны БНР генерал Кіпрыян Кандратовіч, начальнік Генштабу СССР падчас Вялікай Айчыннай вайны генерал Аляксей Антонаў, Нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў.

1890 год. У Дрысенскім павеце (зараз – Верхнядзвінскі раён) нарадзіўся Данат Макіёнак (1890-1941).

Ас авіяцыі Першай Сусветнай вайны, георгіеўскі кавалер.

Падчас вайны збіў 8 варожых самалётаў. Адзіны ас, які належыць польскаму этнасу і змагаўся супраць блока Цэнтральных дзяржаў. За час службы ў Расійскім імператарскім ваенна-паветраным флоце здзейсніў каля 600 баявых вылетаў і ўдзельнічаў у больш за 30 паветраных бітвах.

Пасля вайны ўступіў у Паветраныя сілы Польшчы і ўдзельнічаў у стварэнні Польскай вайсковай авіяцыі.

Падчас Савецка-польскай вайны камандаваў 3-й польскай эскадрылляй. Пасля вайны быў камендантам авіяцыйнага парку лётнай школы ў Быдгашчы.

У 1941 годзе арыштаваны немцамі, трапіў у лагер смерці Аўшвіц-Біркенаў, дзе праз месяц загінуў.

1929 год. Нарадзіўся Раман (Рувім) Шацаў.

Беларускі педагог, музыка, Заслужаны работнік культуры.

Выпускнік геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута. 

Працаваў ў школах географам, педагогам па вакалу ў музвучылішчы імя М. Рымскага-Корсакава, у Палацы піянераў. Стварыў дзіцячы ансамбль песні і танца, які стаў чатырохразовым дыпламантам ВДНГ СССР, лаўрэатам шматлікіх конкурсаў. Ансамбль гастраляваў па СССР, 20 краінах свету.

З 1990-х гадоў жыве на эміграцыі ў ЗША.

1969 год. Памёр Георгі Пех (1897-1969).

Беларускі краязнавец, археолаг, заснавальнік Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея, калекцыянер і мастак.

Чыгуначнік-самавучка, прымаў удзел у археалагічных раскопках Ваўкавыска, Мінска, Слоніма, Турыйска.

У міжваенны перыяд на працягу 16 гадоў збіраў краязнаўчы матэрыял – аддаваў палову са свайго беднага заробку, часам пакідаючы на паўгалодным існаванні жонку і дзяцей. У 1940 годзе яго прыватная калекцыя стала асновай для стварэння дзяржаўнага Ваўкавыскага краязнаўчага музея, а збіральнік стаў першым яго дырэктарам.

Пасля вайны ў разбураным горадзе прыкмеціў ацалелы будынак – Дом  Баграціёна, куды пераехаў музей у 1948 годзе пасля судовых цяжбаў з райвыканкамам і пагрозы сыходу Пеха ў адстаўку. У 1946 годзе па даручэнні Якуба Коласа, віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР, Пеху былі выдзелены першыя сродкі ў памеры 500 рублёў на аднаўленне музея.

Г. Пех (у цэнтры) з юнымі краязнаўцамі.

1989 год. У Маскве распачаўся першы конкурс “Міс СССР” (19-21 мая).

Пераможцай стала Ю. Суханава.

На другім конкурсе, 1990 года, перамагла прадстаўніца Беларусі – студэнтка Віцебскага тэхналагічнага інстытута Марыя Кежа.

На апошнім, трэцім конкурсе ў 1991 годзе, тытул “Міс фота СССР” атрымала мінчанка Ліка Ялінская (Агурбаш).

Марыя Кежа.

2000 год. Асуджаны да пазбаўлення волі экс-прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір.

Другі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь (1994-1996), першы – у прэзідэнцкай Беларусі, сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, палітвязень і вязень сумлення паводле Amnesty International.

У 1995 годзе прадстаўляў краіну на сусветным эканамічным форуме ў Давосе.

У лістападзе 1996 года гучна сышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць абвешчанага А. Лукашэнкам рэферэндуму.

У 1999 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, спадзяючыся такім шляхам вярнуць краіну на дэмакратычны шлях развіцця. Гэтым выклікаў рэпрэсіі з боку ўладаў супраць сябе і членаў сям’і.

30 сакавіка быў арыштаваны і змешчаны на 8 месяцаў ў мінскі СІЗА. Пасля прысуду 2000 года, быў асуджаны судом Фрунзенскага раёна Мінска ў 2002 годзе на 3 гады пазбаўлення волі.

Прымаў удзел у парламенцкіх выбарах у Палату прадстаўнікоў Народнага сходу (кастрычнік 2000), у кампаніі па выбарах прэзідэнта 2001, на выбарах у 2010 годзе быў даверанай асобай Я. Раманчука.

2021 год. Катастрофа самалёта Як-130 у Баранавічах.

У выніку трагедыі загінулі лётчыкі 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы ў Лідзе маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка, адзін з мясцовых жыхароў атрымаў раненні.

На аэрадроме «Баранавічы» выконваліся вучэбна-трэніровачныя палёты на вучэбных самалётах Як-130. З прычыны тэхнічнай няспраўнасці, машына загінуўшых рэзка пайшла ўніз, і яе пачало круціць. Дыспетчар не менш за 10 разоў падаў каманду катапультавацца, але лётчыкі разумелі, што гэта небяспечна – пад імі жылыя кварталы. Самалёт упаў каля двухпавярховак у раёне вуліцы Розы Люксембург, пашкодзіўшы тры дамы (на загалоўным фота – момант крушэння, засняты відэарэгістратарам).

У гонар загінулых летчыкаў названы вуліцы ў Баранавічах. Пілотам пасмяротна прысвоена званне «Герой Беларусі». 20 мая 2022 года ў Баранавічах адкрылі мемарыял у гонар загінулых лётчыкаў.

Дзень у гісторыі. 6 мая. “Вечны мір” з Масквой. Адкрыццё Еўратунэля. Нарадзіліся навукоўцы С. Юндзіл, М. Ратабыльскі, літаратар П. Трус.

Дзень Святога Георгія Пераможцы (праваслаўны каляндар). Юр’е – свята жывёлы.

Георгій нарадзіўся ў III стагоддзі ў Бейруце ў хрысціянскай сям’і. У рымскім войску ён стаў старэйшым ваеначальнікам.

Георгій здзейсніў нямала ратных подзвігаў і цудаў, за што быў названы Пераможным. Аднак, калі імператар Дыёклетыян пачаў ганенні на хрысціян, воін раздаў сваю маёмасць жабракам, з’явіўся да імператара і абвясціў сябе паслядоўнікам Хрыста. У засценцы ён быў падвергнуты жорсткім пакутам – яго білі дубінкамі і пугамі, прывязвалі да кола з вострымі нажамі, абувалі яму на ногі распаленыя жалезныя боты і шмат іншага, чаму сведчаць шматлікія абразы. 

Ні ўгаворы, ні пакуты не змаглі схіліць яго да паганства – і па загадзе імператара Георгій быў абезгалоўлены. Пакаранне смерцю здзейснілася 6 мая (па новым стылі) 303 года. З таго часу Георгій лічыцца самым дасканалым прыкладам доблесці і адвагі.

З даўніх жа часоў святы Георгій зрабіўся “народным”, і імя яго перараблялася: Ёргу ў сярэднявечных немцаў, Жорж у французаў, Ягор або Юры ва ўсходніх славян, Гергі ў балгараў, Hophe у сербаў, Jerzy у палякаў, Jiry у чэхаў, Джэрджыс у арабаў і гэтак далей.

На Беларусь культ святога Георгія прыйшоў з Візантыі ў X-XI стагоддзях. Ён адлюстроўваўся на абразах у выглядзе стаячага ваяра з дзідай і шчытом або з мячом і дзідай. Паступова стаячага воіна замяняе вершнік-змеяборац, якому прысвячаўся сказ “Цуд Георгія аб Зміі”.

У ім апавядалася аб тым, як святы воін Георгій выратаваў царскую дачку ад жахлівага змея-людаеда, уціхамірыўшы яго пры дапамозе крыжа і малітвы, а затым працяў змея дзідай. З таго часу падобная выява Св. Георгія сімвалізуе перамогу дабра над злом.

Адмысловае шанаванне святога на Русі ўвёў Яраслаў Мудры, у хрышчэнні Георгій. Ён першым садзейнічаў яго шанаванню сярод праваслаўных. У 1030 годзе пасля перамогі над чуддзю, ён зладзіў Юр’еў храм пад Ноўгарадам, у 1036 пасля перамогі над печанегамі, заснаваў у Кіеве манастыр Св. Георгія.

Сімвалічна, што поўны разгром фашысцкай Германіі прыйшоўся на свята Георгія Перамаганосца і што яе капітуляцыю 8 мая 1945 года прыняў маршал Георгій Жукаў, які кіраваў пераможнымі бітвамі Вялікай Айчыннай.

Георгій – заступнік усіх вайскоўцаў, а таксама Бабруйска, у Бабруйску ёсць мост і праспект у гонар Георгія, Георгіеўская царква і капліца.

1686 год. Падпісаны “Вечны мір” паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай.

Пасля доўгіх і цяжкіх перамоваў з боку Рэчы Паспалітай ваявода Пазнанскі, дыпламат К. Гжымултоўскі, з расійскай – канцлер і начальнік Пасольскага загада князь В. Галіцын падпісалі ў Маскве “Вечны мір”. 

Расія пагадзілася далучыцца да антытурэцкай кааліцыі Рэчы Паспалітай, Аўстрыі, Венецыі і Рыма і здзейсніць паход супраць Крымскага ханства, што цалкам адпавядала яе ўласным інтарэсам. Па дамове Кіеў назаўжды прызнаецца рускім горадам з выплатай 146 000 рублёў кампенсацыі Рэчы Паспалітай. Кіеў Масква купіла са зніжкай 27% ад першапачатковага кошту.

1761 год. Нарадзіўся Станіслаў Юндзіл (1761–1847).

Прыродазнавец, адзін з першых даследчыкаў расліннага і жывёльнага свету Беларусі, доктар філасофіі і тэалогіі, прафесар Віленскага ўніверсітэта, загадчык кафедры гісторыі прыроды.

Атрымаўшы пасвячэнне на ксяндза, настаўнічаў у піярскіх школах.

Пасля сканчэння Віленскай акадэміі, кіраваў шчучынскай школай піяраў, рэфармаваў у ёй выкладанне ў адпаведнасці з новым статутам Адукацыйнай камісіі, пачаў ствараць навуковы гербарый мясцовай флоры. Пры ім школа стала адной з лепшых піярскіх школ.

Працаваў у піярскай школе Вільні, калекцыянаваў насякомых, птушак, гербарныя ўзоры ў наваколлях Вільні, Ліды і Шчучына, складаў настаўленні-дапаможнікі са звесткамі пра лекавыя расліны Беларусі, Літвы і Польшчы і іх выкарыстання, напісаў навуковы трактат па батаніцы, бібліяграфічны нарыс, працы «Апісанне лiтоўскіх раслін паводле сістэмы Лінея», «Аб саляных радовішчах і солі ў Стоклішках».

Пад псеўданімам Ваўрынец Кастрыца выдаваў сатырычны часопіс «Бібліяфобія».

Беарускі батанік, заолаг і прыродазнавец, адзін з першых даследчыкаў расліннага і жывёльнага свету Беларусі, доктар філасофіі і тэалогіі, прафесар Віленскага ўніверсітэта.

1802 год. Нарадзіўся Станіслаў Горскі (1802–1864).

Беларускі прыродазнавец, медык, педагог, зрабіў першае апісанне расліннага свету Белавежскай пушчы.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт. Працаваў загадчыкам батанічнага сада Віленскага ўніверсітэта, прафесарам Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў у Паставах, Берліне, у маёнтку А. Кубліцкага ў Свянцянскім павеце.

За спачуванні нацыянальна-вызваленчаму руху высланы ў Сібір, дзе скончыў жыццё самагубствам.

Адзін з першых даследчыкаў Белавежскай пушчы. Аўтар прац па батаніцы і энтамалогіі. Публікаваў нататкі з падарожжаў па батанічных садах Еўропы. Арганізаваў шырокі абмен гербарыямі паміж вучонымі Еўропы. Многія адкрытыя ім віды раслін названы яго імем.

Фота. Белавежская пушча.

1914 год. Нарадзіўся Паўлю́к Трус (1904–1929).

Беларускі паэт, публіцыст. Сябра літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Скончыў Беларускі педтэхнікум, у якім наведваў лекцыі Якуба Коласа, М. Грамыкі, У. Ігнатоўскага, сустракаўся з Янкам Купалам, Цішкам Гартным і іншымі. Быў пастаянным удзельнікам студэнцкага хору. Наладжваў пастаноўкі п’ес, быў акцёрам, маляваў дэкарацыі. займаўся апрацоўкай фальклорна-паэтычных матэрыялаў для кампазітараў У. Тэраўскага, Н. Сакалоўскага, Р. Пукста, І. Любана.

Выдаў два зборнікі паэзіі, апублікаваў больш за 60 сваіх твораў у перыёдыцы, суаўтар серыі літаратурных пародый. Пасмяротна выйшлі «Творы» (1935), кніг Выбраных твораў (10 выданняў, у 1931-1979), «Новай квадры настаў маладзік». Для дзяцей была выдадзеная кніга паэзіі «Падаюць сняжынкі».

У яго гонар названыя вуліцы ў Мінску і Уздзе.

1905 год. Нарадзіўся Юрка Гаўрук (1905–1979).

Беларускі рэжысёр, паэт, літаратурны крытык, патрыярх беларускага нацыянальнага перакладу, Выкладчык Горацкай акадэміі і Магілёўскага педінстытута.

Скончыў Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава ў Маскве. Запісваў на Случчыне беларускі фальклор. Член «Маладняка». Працаваў дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры БСГА у Горках (1925–1931), кафедры літаратуры Магілёўскага педінстытута (1931–1935).

Арыштаваны 8 лютага 1935 года ў Магілёве, асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі, высланы з БССР. Больш за 20 гадоў працаваў у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР.

У 1957–1967 гадах працаваў у купалаўскім, коласаўскім тэатрах, рабіў для пастановак пераклады п’ес з сусветнай класікі.

Перакладчык з французскай, англійскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай моў.

Аўтар баек, жартаў, песень, апрацовак расказаў сялян, фальклорнага матэрыяла, першага на Беларусі зборніка паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў», кніг арыгінальных вершаў і перакладаў, зборніка выбраных перакладаў паэзіі, артыкулаў па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, эсэ, якія ўвайшлі ў кнігу «Ступень адказнасці».

1914 год. У в. Сакольнічы (зараз – Крычаўскі раён) нарадзіўся Мікалай Ратабыльскі (1914–1985).

Беларускі географ, ландшафтазнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай медыцынскай геаграфіі, прафесар МДПІ імя А. Куляшова.

У корпусе №3 МДУ імя А. Куляшова ў яго гонар усталявана шыльда (2019) на сродкі геаграфічнага таварыства. У СШ в. Сакольнічы адчынены мемарыяльны куток.

1926 год. Памёр Казімір Сваяк (Стаповіч, 1890–1926).

Беларускі каталіцкі святар, грамадска-нацыянальны дзеяч, паэт.

Удзельнік беларускага нацыянальнага руху. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. Служыў у касцёлах у Камаях, Клюшчанах, іншых у мястэчках Заходня Беларусі. З 1915 года вёў казанні на беларускай мове. Часта выязджаў на лячэнне ў Закапанэ.

Аўтар вершаў, зборніка вершаў, вершаванага апавядання. Выступаў як публіцыст, пісаў драматычныя творы. Асобнымі выданнямі выйшлі «Янка Канцавы», «Купалле». Напісаў філасофскі дзённік «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі» з «Аўтабіяграфіяй».

У 1990 годзе А. Мальдзіс падчас візіту ў Ватыкан пры размове з Папам унёс прапанову прылічыць К. Стаповіча да ліку блаславёных.

У Вільні ўсталявана мемарыяльная дошка ў яго гонар.

1933 год. Нарадзіўся Юрась Свірка.

Беларускі паэт.

Скончыў БДУ. Працаваў у газетах «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», на Беларускім радыё.

Аўтар вершаў, зборнікаў вершаў. Малюнкі прыроды, жыццё і праца людзей, гераічныя і мужныя старонкі барацьбы з ворагам у перыяд Вялікай Айчыннай вайны складаюць змест яго паэтычных кніг.

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, М. Лермантава, А. Фета, Ф. Цютчава, Б. Пастарнака, С. Ясеніна, А. Твардоўскага, М. Ціханава, М. Браўна і іншых, вершы ўкраінскіх, літоўскіх, малдаўскіх, грузінскіх, азербайджанскіх, армянскіх, узбекскіх, татарскіх, асецінскіх, чувашскіх паэтаў.

Многія яго творы перакладзены на рускую, украінскую, літоўскую, грузінскую, таджыкскую, польскую, англійскую мовы.

Песні на яго вершы напісалі М. Аладаў, Э. Зарыцкі, В. Кандрасюк, М. Наско, Ю. Семяняка і іншыя.

Памёр 31 жніўня 2010 года.

На Першамайскай дэманстраціі. Я.Сіпакоў, І. Навуменка, Н. Маеўская, Б. Сачанка, Ю. Свірка. 1958 год.

1934 год. Памёр Мікола Вяршынін (1886–1934).

Беларускі грамадзкі і палітычны дзеяч. Консул БНР пры ўрадзе Чэхаславакіі. Узначальваў Беларускую грамаду ў Празе. Заснавальнік і кіраўнік Беларускага Замежнага Архіву, упаўнаважаны БНР у справах ваеннапалонных беларусаў у Чэхаславакіі. Прафесар.

Удзельнік рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, сасланы ў Сібір.

Актыўна ўдзельнічаў у жыцці беларускай эміграцыі ў Чэхаславакіі.

1940 год. Нарадзіўся Уладзімір Ліпскі.

Беларускі пісьменнік ініцыятар і старшыня фестывалю народнага гумару ў Аўцюках.

Працаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе, у нясвіжскай газеце «Чырвоны сцяг», першым сакратаром Нясвіжскага райкама камсамола, у ЦК ЛКСМБ, адказным сакратаром праўлення Саюза пісменнікаў БССР, галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка», старшынём, прэзідэнтам праўлення Беларускага аддзялення Савецкага дзіцячага фонду.

Аўтар кніг публіцыстыкі, нарысаў, аповесцей, зборнікаў прозы, апавяданняў, казак для дзяцей. Творы для дзяцей адметныя веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю, жывой народнай мовай, дасціпнасцю. Паводле аповесці «Вясёлая азбука» ў Дзяржаўным музычным тэатры пастаўлены мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» (1996).

1994 год. Адбылося ўрачыстае адкрыццё Еўратунэлю пад Ла-Маншам.

Адкрыты каралевай Вялікабрытаніі Лізаветай II і прэзідэнтам Францыі Ф. Мітэранам.

Упершыню ідэя звязаць Вялікабрытанію з кантынентам з’явілася яшчэ ў пачатку ХІХ стагоддзя, калі французскі інжынер А. Мацье прадставіў праект падводнага тунэля. На працягу двух стагоддзяў вучоныя распрацоўвалі розныя спосабы пераадолення праліва Ла-Манш, вылучаючы ўсё больш фантастычныя праекты. Але практычных вынікаў прыйшлося чакаць амаль 100 гадоў.

У 1984 годзе ўрады Вялікабрытаніі і Францыі прыйшлі да высновы, што без прыцягнення прыватных сродкаў будаўніцтва немагчыма, і аб’явілі конкурс на лепшы праект тунэля. У 1986 годзе такі праект быў абраны, і краіны падпісалі дамову на будаўніцтва. Галоўным падрадчыкам стаў англа-французскі кансорцыум, які складаўся з 10 кампаній і 5 інвестыцыйных банкаў.

Работы пачаліся на англійскім беразе ў снежні 1987 года, а на французскай – на тры месяцы пазней. Велізарныя машыны праходзілі па 1 км тунэля у месяц.

У вызначаным пункце бакі сустрэліся ў снежні 1990 года, апошнія метры свідроўшчыкі прарабілі ўручную. Скончыўшы збойку службовага тунэля, будаўнікі працягнулі збудаванне двух асноўных, затым пачалася кладка рэек, пракладка камунікацый, тэхнічнае абсталяванне чыгуначных тэрміналаў у Фолькстаўне (Брытанія) і ў наваколлях Кале (Францыя).

Рэгулярныя транспартныя зносіны Брытаніі з кантынентам былі адкрыты ў канцы 1994 года. У рэальнасці Еўратунэль складаецца з двух асноўных тунэляў, якія маюць рэйкавы шлях для цягнікоў, і аднаго службовага, які выконвае эксплуатацыйныя функцыі. Спецыяльныя цягнікі з платформамі для аўтамабіляў і вагонамі для пасажыраў адпраўляюцца кожную гадзіну. Сёння падарожжа ад Лондана да Парыжа займае менш як 3 гадзіны.

Тунэль пад Ла-Маншам стаў помнікам XX стагоддзя. Яго агульная працягласць складае 51 км, з іх 38 км – непасрэдна пад дном мора.

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 26 красавіка. Аварыя на ЧАЭС, “Чарнобыльскі шлях”. Дзень варкі бульбы. Фамаіда. Магілёўскае брацтва. Нарадзіўся палітык М. Чартарыйскі. Дзень памяці Н. Орды.

Сусветны дзень інтэлектуальнай уласнасці (World Intellectual Property Day, з 1999 года).

Генеральная асамблея Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці на пасяджэнні ў кастрычніку 1999 года прыняла рашэнне аб заснаванні гэтага свята. 

Пры гэтым яна сыходзіла з таго, што 26 красавіка адзначаецца дзень заснавання WIPO (World Intellectual Property Organization) – арганізацыі, закліканай садзейнічаць ахове і развіццю інтэлектуальнай уласнасці ва ўсім свеце. 

Прапанову адзначаць Дзень вынесла дэлегацыя Кітая 9 жніўня 1999 года. 

Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці дае магчымасць падкрэсліць значэнне інавацый у паўсядзённым жыцці чалавека і ўдасканаленні грамадства. 

Патэнты, таварныя знакі, аўтарскае права і сумежныя правы як вынікі творчасці і ведаў з’яўляюцца магутнымі інструментамі садзейнічання эканамічнаму і культурнаму развіццю.

Міжнародны дзень варкі бульбы (International Potato Cooking Day). Амаль беларускае нацыянальнае свята.

Гісторыя распаўсюджвання бульбы ў нашых краях часта звязваецца з імем Пятра І, але гэта праўдзіва толькі для Расіі, на беларускіх землях бульба з’явілася значна раней. У Расіі пры Пётры I  заморскую расліну сустрэлі ў штыкі. Яе называлі «д’ябальскай садавінай» і прадказвалі мукі пекла ўсім, хто паспрабуе.

Распаўсюджванне бульбы прыпісваецца і Кацярыне ІІ. 26 жніўня 1770 года ў «Працах Вольнага Эканамічнага Таварыства» з’явіўся першы навуковы артыкул на тэму бульбы «Примечания о картофеле». Там тлумачылася, як яе саджаць і што менавіта есці – не бацвінне, а клубень, і не сырой, а варанай…

Упершыню назву бульбы ўвёў у рускую мову ад нямецкага «картофель» вучоны-аграном Андрэй  Болатаў у 1760-я гады. 

Украінскі тэрмін – картопля – таксама кажа, што ва Ўкраіну назва гародніны прыйшла ад немцаў.

А вось беларусы называюць яе сваім старажытным словам «бульба», што здаўна азначала «клубень» (на латыні «бульбус» – цыбуля) – гэта сведчанне, што тут была свая гісторыя бульбы.

На Беларусі бульба з’явілася ў канцы XVII – пачатку XVIII стагоддзя.

Цікавыя факты. 

У  беларусаў любоў да бульбы не ведае межаў. З бульбы гатуецца не менш за 1 500 страў.

Самымі вялікімі аматарамі бульбы былі і застаюцца беларусы, якія з’ядаюць за год па 180 кг, што амаль ў 5 разоў больш, чым у сярэднім па свеце (33 кг).

Бульбу збіраюць на працягу года ў двух паўшар’ях.

У 1995 годзе на амерыканскім касмічным караблі “Калумбія” былі вырашчаны першыя пазаземныя карняплоды.

Самай дарагой разнавіднасцю бульбы лічыцца гатунак La bonnotte з вострава Нуармуцье па 500 еўра за кілаграм.

Дзень памяці ахвяраў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Аварыя на ЧАЭС адбылася 26 красавіка 1986 года, у 01:23:40 падчас планавага выключэння рэактара, якое доўжылася 20 секунд.

Аднак праз некалькі секунд у выніку рэзкага скачка напружання адбыўся хімічны выбух, у выніку якога ў атмасферу было выкінута каля 520 небяспечных радыенуклідаў.

У выніку яго была поўнасцю разбурана актыўная зона і ўся верхняя частка будынка рэактара, моцна пацярпелі і іншыя збудаванні.

Былі знішчаны бар’еры і сістэмы бяспекі, якія баранілі навакольнае асяроддзе ад радыенуклідаў, напрацаваных у апрамененым паліве.

Выкід прадуктаў дзялення ядзернага паліва з пашкоджанага рэактара на ўзроўні мільёнаў кюры за суткі працягваўся на працягу 10 дзён з 26 красавіка па 6 мая 1986 года, пасля чаго рэзка ўпаў (у тысячы разоў) і ў далейшым працягваў змяншацца.

Паводле ацэнак, агульная магутнасць выбуху больш як у 100 разоў перавышала магутнасць ядзернай зброі, прымененай падчас другой сусветнай вайны. Выбух быў настолькі магутным, што радыеактыўнаму забруджванню падвергліся тэрыторыі 17 краін Еўропы.

Для Беларусі наступствы аварыі аказаліся найбольш цяжкімі. На яе тэрыторыю прыпала 70% усяго радыёактыўнага забруджвання. На землях з узроўнем забруджання цэзіем-137 апынулася каля 2 млн. 100 тыс. чалавек (25 % насельніцтва рэспублікі). У Магілёўскай вобласці было забруджана 37% тэрыторыі.

Страты Беларусі ад аварыі склалі паводле прыблізных падлікаў 235 мільярдаў  долараў ЗША. 

На сёння больш за 12% тэрыторыі краіны застаецца забруджанай. На ёй пражывае больш за 1 мільён насельніцтва.

Праваслаўныя ўшаноўваюць пакутніцу Фамаіду.

Ёй належыць маліцца для збавення ад блуднага запалу.

У гэты дзень забараняецца падлашчвацца, какетнічаць, фліртаваць.

1589 год. У Магілёве ўтварылася праваслаўнае брацтва.

Адно з першых у ВКЛ пасля Львоўскага (1572), Віленскага, Луцкага, Кіеўскага.

Брацтва заснавана Канстанцінопальскім патрыярхам Ераміяй II падчас яго візіту ў ВКЛ. Першапачаткова яно насіла назву Спаскага (ад Спаскага манастыра). 

У 1618 годзе манастырскія будынкі былі заняты адміністрацыяй Полацкага уніяцкага арцыбіскупа І. Кунцэвіча. Пасля працяглых перамоваў з прадстаўнікамі каралеўскай улады ў 1633 годзе членамі брацтва дазволілі пабудову новага манастыра – Богаяўленскага. З гэтага моманту брацтва атрымала новую назву.

Дзейнасць брацтва перарывалася з 1828 па 1866 і з 1877 па 1883 гады.

Першапачаткова брацтва мела статус стаўрапігіі – непасрэднага падпарадкавання Канстанцінопальскаму патрыярху ў абыход улады біскупа. З часу падпарадкавання Магілёўскай епархіі Маскоўскаму патрыярхату брацтва стала падпарадкоўвацца мясцовым біскупам.

Пры брацтве дзейнічала бібліятэка з бясплатнай чытальнай залай і абанементам.

У распараджэнні брацтва знаходзіўся Магілёўскі царкоўна-археалагічны музей, заснаваны ў 1897 годзе Е. Раманавым. Ён размяшчаўся ў будынку скасаванага бернардынскага манастыра св. Антонія.

Магілёўскае царкоўнае Богаяўленскае брацтва спыніла сваё існаванне ў 1919 годзе.

1696 год. Нарадзіўся  Міхал Чартарыйскі (1696–1775).

Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай і ВКЛ, вялікі канцлер літоўскі. 

Намагаўся правесці рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, абапіраючыся на падтрымку Расіі і Аўстрыі. Да антырасійскай Барскай канфедэрацыі не далучыўся, але выступаў супраць выкарыстання расійскіх войск для яе падаўлення. 

Удзельнічаў у дэлегацыі, якая падпісала трактат аб прызнанні Першага падзелу Рэчы Паспалітай (выступілі супраць толькі 3 дэлегаты).

1883 год. Памёр Напалеон Орда (1807–1883).

Беларускі і пoльскі мастак, кампазітар, піяніст і педагог.

Скончыў Свіслацкую гімназію. За ўдзел у тайным студэнцкім таварыстве быў арыштаваны і выключаны з Віленскага універсітэта. 

Удзельнік паўстання 1830–1831 гадоў. 

Жыў на эміграцыі ў Францыі. Браў урокі музыкі ў Ф. Шапена. Аўтар твораў для фартэпіяна – рамансаў, паланэзаў, серэнад, мазурак. Працаваў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы.

Наведаў шмат мясцін Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы. Замалёўваў пейзажы і будынкі, звязаныя з жыццём вядомых людзей. Даў абяцанне намаляваць усе замкі Беларусі, пакуль яны не разбурыліся.

Яго выявы Мірскага і Нясвіжскага замкаў былі выкарыстаны дзеля афармлення беларускіх грашовых купюраў (узор 2000 года). 

Вядомы яго выявы Магілёва, Бялынічаў, палаца Булгакаў у Жылічах і іншыя.

Памёр 26 красавіка 1883 года.

Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Брэсце і Гродне, Пінская мастацкая школа. Працуе раённы музейны комплекс Н. Орды ў в. Варацэвічы Іванаўскага раёна, у Іванава пастаўлены помнік. Адноўлена сядзіба, у якой нарадзіўся мастак.

1919 год. Магілёў перастаў быць губернскім цэнтрам.

Паводле рашэння пастановы НКУС Магілёўскай губернія скасавана і ўтворана Гомельская ў складзе РСФСР з цэнтрам у г. Гомелі.

1926 год. Памёр ураджэнец в. Свадкавічы (зараз – Крычаўскі раён) Сяргей Кавалік (1846–1926).

Рэвалюцыянер-народнік. Даследчык Сібіры.

Навучаўся ў Аляксандраўскім Брэсцкім корпусе, Паўлаўскім ваенным вучылішчы. Скончыў Кіеўскі ўніверсітэт. Кандыдат матэматыкі. Адзін з арганізатараў «хаджэння ў народ» рэвалюцыйных народнікаў.

Арыштаваны ў 1874 годзе і асуджаны да пазбаўлення ўсіх правоў стану і катаржным працам у крэпасцях на 10 гадоў.

15 студзеня 1885 года зафіксаваў самую нізкую тэмпературу ў Верхаянску −67,8 °C.

Па даручэнні Усходне-Сібірскага аддзела Рускага геаграфічнага таварыства, як знаўца якуцкай мовы, даследаваў побыт якутаў.

У 1898 годзе вярнуўся з выгнання ў Беларусь. Быў членам Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, служыў у «Земскім Саюзе», старшынёй Мінскага губернскага зямельнага камітэта, у Камісарыяце забеспячэння, выкладаў матэматыку ў Мінскім політэхнічным інстытуце, быў старастам Мінскага аддзялення Усесаюзнага таварыства былых паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў.

1989 год. У Мінску ўпершыню прайшоў “Чарнобыльскі шлях”.

«Чарнобыльскі шлях» адпачатку быў апазіцыйны да камуністычнай улады, якая хавала праўду пра катастрофу, ігнаравала праблемы людзей.

У першыя некалькі год незалежнасці шэсце ладзілася як акцыя памяці. Калі ж да ўлады прыйшоў А. Лукашэнка, акцыя набыла характар пратэсту супраць ягонага кіравання.

У 2019 годзе замест «Чарнобыльскага шляху» арганізатары прапанавалі ўзяць удзел у «Чарнобыльскім тыдні» – у іншых мерапрыемствах, лекцыях і прэзентацыях.

1996 год. У Мінску, Магілёве і іншых гарадах прайшлі самыя буйныя акцыі “Чарнобыльскага шляху”.

У Мінску ўдзельнічала 50 000 чалавек. Сілавікі правакавалі бойкі з міліцыяй, былі арыштаваны актывісты, у тым ліку Юрый Хадыка, Лявон Баршчэўскі, Вячаслаў Сіўчык, Вінцук Вячорка. Лідар БНФ Зянон Пазняк пасля акцыі выехаў з краіны.

Быў прымеркаваны да 10-годдзя катастрофы. Стаўся найбольш напружаным пунктам «Мінскай вясны – 96».

Тады ж частка супрацоўнікаў музею Максіма Багдановіча, дзе дырэктарам працаваў Алесь Бяляцкі, пачала дапамагаць арыштаваным і іх сваякам. Так узнік праваабарончы цэнтр «Вясна».

А. Бяляцкі – Нобелеўскі лаўрэат.

1996 год. У Магілёве адкрыты памятны знак ў памяць аб ліквідатарах наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У Магілёўскай вобласці было забруджана радыеактыўным забруджваннем 37% тэрыторыі, 14 з 20 раёнаў (што існавалі на час аварыі): Бялыніцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Чавускі, Чэрыкаўскі.

У склад найбольш забруджаных у краіне ўваходзяць 5 раёнаў Прыдняпроўскага краю – Быхаўскі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі.

2000 год. Футбольная зборная Андоры дабілася першай у сваёй гісторыі перамогі (з 1942 года).

Перайграла зборную Беларусі – 2:0.

У 2004 годзе абыграла зборную Македоніі – 1:0.

2002 год. Загінуў Міхаіл Пташук (1943–2002).

Беларускі кінарэжысёр, акцёр, прадзюсар. Народны артыст Беларусі.

Працаваў рэжысёрам у тэатрах Масквы і Казані, на кінастудыі «Беларусьфільм».  

Атрымалі шырокую вядомасць яго экранізацыі вядомых літаратурных твораў беларускіх пісьменнікаў – «Вазьму твой боль» (паводле І. Шамякіна), «Чорны замак Альшанскі» (У. Караткевіч), «Знак бяды» (паводле В. Быкава). 

Сярод фільмаў 1980-1990-х – гісторыка-палітычныя стужкі «Наш браняпоезд», “Кааператыў «Палітбюро»”, «У жніўні 44-га…».

Лаўрэат шматлікіх прэмій, узнагарод на прэстыжных кінафестывалях.

Загінуў у аўтакатастрофе ў Маскве, па шляху на прысуджэнне прэміі «Ніка».

2022 год. Абараняючы Украіну ад расійскіх агрэсараў загінуў ураджэнец Магілёва Канстанцін Дзюбайла, “Дранік”, “Фенікс”, “Беларус”, “Калі” (1987–2022).

Быў магілёўскім прадпрымальнікам. У 2014 годзе выехаў ва Украіну. Жыў у Крывым Рогу. Член групоўкі „Правы сектар”, служыў у 54-й брыгадзе ўкраінскай арміі, удзельнічаў у баях на Светладарскай дузе ў снежні 2016 года. З лютага 2022 года ваяваў у складзе 46-га асобнага батальёна спецыяльнага прызначэння „Данбас – Украіна”.

Загінуў падчас бою ў раёне паміж Мар’інкай і Дакучаеўскам. Пахаваны ў Крывым Розе.

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 20 красавіка. Выгнанне С. Собаля з Масквы. Музей старажытнасцяў. Разгон “афганцамі” Гукання вясны. Загінуў літаратар С. Палуян.

Акуліна (народны каляндар). 

Усходнія славяне лічылі, што ў гэты дзень прачынаюцца русалкі, з вады яны паднімаюцца зірнуць на белае святло і просяць у людзей палатна – атуліць голае цела. Яшчэ да зары некаторыя сялянкі прыносілі паношаную чыстую кашулю, ручнік ці кавалак палатніны, бо верылі, што гэты клопат адгукнецца дабром: русалкі засцерагуць ад глыбокай вады і іх, і мужа, і дзяцей.

Дзень кітайскай мовы ў ААН.

Кітайская мова была прызнана афіцыйнай мовай ААН у 1946 годзе, у 1973 годзе яна была ўключана ў лік шасці працоўных моў ААН. У свеце, паводле статыстыкі, на кітайскай гавораць 1,3 мільярды чалавек.

Дата святкавання абрана не выпадкова. Па легендзе, стваральнікам кітайскага пісьменства лічыцца прыдворны гістарыёграф Цан Цзэ і менавіта ў гэты дзень, які супадае з пачаткам сезона “гуюй” (“дождж проса”), нябесныя сілы аддзячылі Цан Цзэ за стварэнне кітайскага пісьменства, паслаўшы жыхарам Паднябеснай дождж з хлебных зерняў, які выратаваў многіх людзей ад голаду.

Пісьмовая кітайская мова лічыцца адной з самых складаных у свеце, у ёй выкарыстоўваецца каля 80 000 іерогліфаў. Пры гэтым у паўсядзённым жыцці кітайцы звычайна карыстаюцца 2000–5000 іерогліфаў.

1626 год. Вечарам загарэўся Магілёў.

Згарэлі цэнтр разам з недабудаванай ратушай, умацаванні Бліжняга Вала.

1639 год. Магілёўскі друкар Спірыдон Собаль быў выгнаны з Маскоўскай дзяржавы.

У 1637–1639 гадах Собаль займаўся асветніцкай дзейнасцю, прадаў маскоўскаму выдаўцу Бурцаву-Пратапопаву шрыфты, планаваў адкрыццё друкарні і школы друкароў.

1660 год. Нарадзіўся Крыштоф Завіша (1660–1721).

Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст. Ваявода менскі, староста менскі і чачэрскі.

Навучаўся ў Віленскай акадэміі, потым у Кракаве.

Браў актыўны ўдзел у палітычным жыцці: некалькі разоў абіраўся дэпутатам на соймы, маршалак.

Адзін з асноўных фундатараў капліцы Святога Феліцыяна ў касцёле Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі пры калегіуме езуітаў у Мінску.

Аўтар пераробкі італьянскага раману «Любасць бяз зменаў», шэрагу прамоваў на соймах, сабраных ягонай дачкой Барбарай Радзівіл у кнізе «Водгук прыемных мелодыяў» і іншых.

Найбольш значнае з літаратурнай спадчыны К. С. Завішы – яго мемуары, у якіх апісваюцца палітычныя падзеі і шляхецкі побыт Рэчы Паспалітай XVII–XVIII стагоддзяў.

1855 год. Яўстах Тышкевіч заклаў Музей старажытнасцяў у будынку бібліятэкі Віленскага ўніверсітэту.

Музейныя прадметы былі сістэматызаваны паводле калекцыйнага прынцыпу, што адпавядала дасягненням экспазіцыйнай практыкі тагачаснай Еўропы. На момант адкрыцця экспазіцыя выглядала наступным чынам: калекцыя манет і медалёў, гравюр, геаграфічных карт і атласаў, карцін, партрэтаў і скульптур, дыпломаў, рукапісаў, аўтографаў гістарычных дзеячаў; мемарыяльная калекцыя, у складзе якой меліся скарбы мясцовых шляхецкіх родаў; археалагічная калекцыя; бібліятэка.

1895 год. Нарадзіўся Ежы Петэрбурскі (1895–1979).

Польскі, беларускі дырыжор і кампазітар. Вядомы як аўтар музыкі танга “Стомленае сонца” і вальса “Сіняя хустачка”.

Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі, Венскай акадэміі музыкі. Імрэ Кальман высока цаніў яго талент. Працаваў у аркестры варшаўскага тэатра-кабарэ «Qui Pro Quo».

Аўтар аперэт, музыкі да многіх польскіх кінафільмаў 1930-х гадоў, песень. Найбольшую вядомасць Петэрбурскаму прынеслі яго танга. Сярод самых знакамітых танга «Апошняя нядзеля».

У верасні 1939 года атрымаў савецкае грамадзянства і ўзначаліў Дзяржаўны джаз-аркестр БССР. Для свайго калектыву напісаў вальс «Сіняя хустачка». У 1942 годзе ўступіў у польскую армію Андэрса.

Пасля вайны з’ехаў у Лацінскую Амерыку, з 1949 па 1967 жыў у Аргентыне і працаваў у Teatro El Nacional у Буэнас-Айрэсе капельмайстрам. Разам з паэтам А. Шэвахам напісаў вядомую калыханку на ідышы, якая ўваходзіла ў рэпертуар Сары Горбі. У 1967 годзе вярнуўся ў Польшчу.

Памёр 7 кастрычніка 1979 года. Пахаваны на варшаўскіх могілках Старыя Павонзкі.

1906 год. Адна з першых сцэнічных пастановак на беларускай мове адбылася ў маёнтку Пятроўшчына (цяпер у межах Мінска).

Арганізатары А. Бурбіс, А. Уласаў, С. Кукель і іншыя. Была пастаўлена камедыя М. Крапіўніцкага «Па рэвізіі». 

“Па рэвізіі” – аднаактавая п’еса-вадэвіль, напісаная Маркам Крапіўніцкім у 1882 годзе, апублікаваная ў 1885, папулярная ў беларускіх тэатрах пачатку XX стагоддзя. 

Сцэну абсталявалі на падворку. Прысутнічала больш за 300 гледачоў. Прадстаўленне ішло ў музычным суправаджэнні цымбалаў, скрыпак і бубнаў. Прагучалі таксама вершы Янкі Купалы ў выкананні Бурбіса.

Марк Крапіўніцкі

1910 год. Загінуў Сяргей Палуян (1890–1910).

Беларускі публіцыст, празаік, літаратуразнавец, адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады.

Аўтар апавяданняў, вершаваных і драматычных твораў, рэцэнзій, першага ў беларускай крытыцы агляднага артыкула «Беларуская літаратура ў 1909 г.», першага гістарычнага нарыса новай беларускай літаратуры «Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках».

Даследаваў украінскую культуру і літаратуру, беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі.

Адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры.

Сябраваў з Янкам Купалам, Якубам Коласам, М. Багдановічам, Цішкам Гартным, Ядвігіным Ш. і іншымі.

Скончыў жыццё самагубствам у 1910 годзе, у 20 гадовым узросце.

Памяці Сяргея Палуяна Янка Купала прысвяціў паэму «Курган» і верш, Максім Багдановіч —зборнік  «Вянок»  і верш, Ядвігін Ш. — верш у прозе «Раны».

1918 год. “Менскае беларускае прадстаўніцтва” дамаглося згоды германскага камандавання на стварэнне груп беларускіх саветнікаў пры акупацыйнай адміністрацыі – губернскіх і павятовых камендантаў.

Раман Скірмунт – лідар прадстаўніцтва.

1939 год. На другі дзень пасля ўхвалення ЦК ВКП(б) і Саўнаркамам СССР пераноса сталіцы з Мінска,  ЦК КП(б)Б вызначыла тэрмін пераноса сталіцы ў Магілёў –  лістапад 1939 года.

Мары магілёўцаў не ажыццявіліся. Планы пераносу былі скасаваны пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года. 

1957 год. Нарадзілася Людка Сільнова.

Беларуская паэтэса. Скончыла БДУ.

Працавала на Маладзечанскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, БДУ, ва ўстановах асветы Уздзенскага раёна і Мінска, у Нацыянальнай бібліятэцы.

Вершы паэтэсы перакладзены на польскую, украінскую, славацкую мовы. Аўтар 6 кніг і зборнікаў паэзіі.

1960 год. Створана першае ў БССР Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з Пятром Шасцярыкавым.

1986 год. У Мінску на Траецкім прадмесці некалькі дзясяткаў удзельнікаў Афганскай вайны, нацкаваных камсамолам і КДБ, напалі на падлеткаў, што святкавалі Гуканне вясны.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 18 красавіка. Дзень помнікаў. Аблога Мсціслава. Стварэнне БДУ. Нарадзіліся друкар І. Фёдараў, археолаг Я. Тышкевіч, скульптар В. Магучы

Сусветны дзень радыёаматара (World radio amateur day).

Устаноўлены ў гонар заснавання 18 красавіка 1925 года ў Парыжы Міжнароднага саюза радыёаматараў. Менавіта ў гэты дзень, у сталіцы Францыі энтузіястамі радыёсправы быў створаны «Міжнародны радыёаматарскі саюз», закліканы аб’яднаць усіх людзей, якія займаюцца радыёаматарскай сувяззю, якая ў той час лічылася чымсьці фантастычным.

Свята таксама з’яўляецца нагодай падзякаваць і адзначыць працу радыёаматараў падчас стыхійных бедстваў – яны падтрымліваюць сувязь, калі іншыя «прафесійныя» сістэмы выходзяць з ладу.

Міжнародны дзень помнікаў і мясцін (International Day of Monuments and Places, з 1984 года).

Гэты дзень устаноўлены ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і славутых мясцін, створанай пры ЮНЕСКА.

Свята – нагода яшчэ раз прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці і прадстаўнікоў улады да пытанняў абароны і захавання розных мясцовых помнікаў і гістарычных мясцін і аб’ектаў сусветнай культурнай спадчыны.

На Беларусі ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА уваходзяць Нацыянальны парк “Белавежская пушча” (з 1992 года), замкавыя комплексы ў Міры, Нясвіжы, пункты геадэзічнай Дугі Струвэ. 

У папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА уключаны Аўгустоўскі канал, Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне, культавыя збудаванні абароннага тыпу, драўляныя цэрквы Палесся.

Архітэктурны ансамбль праспекта Незалежнасці ў Мінску прэтэндуе на статус аб’екта Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў складзе транснацыянальнай намінацыі з папярэдняй назвай “Сацыялістычная пасляваенная архітэктура ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы”.

У спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі ўваходзяць: абрады “Калядныя цары”, “Юр’еўскі карагод”, Будслаўскі фэст, культура бортніцтва Беларусі і Польшчы, саломапляценне Беларусі.

1386 год. Вялікі князь смаленскі Святаслаў ўзяў у аблогу горад Мсціслаў.

Святаслаў лічыў Мсціслаў сваёй вотчынай на той падставе, што горад быў заснаваны ў 1135 годзе смаленскім князем Расціславам Мсціслававічам. У 1180 годзе смаленскі князь Раман Расціслававіч адпісаў паселішча ў валоданне свайму сыну Мсціславу, які пераўтварыў яго ў сталіцу ўдзельнага княства.

Ва ўмовах унутрыпалітычнай барацьбы ў ВКЛ вялікі князь смаленскі Святаслаў Іванавіч падтрымаў полацкага князя Андрэя Альгердавіча, спадзяючыся вярнуць страчаны раней Мсціслаў, аблажыў горад, аднак узяць яго не здолеў.

29 красавіка падышло вялікалітоўскае войска на чале з Свідрыгайлам, Карыбутам, Лугвенам і Вітаўтам. Бітва адбылася на рацэ Віхры, вялікалітоўскае войска перамагло, Святаслаў Іванавіч загінуў у бітве.

1510 год(?). Нарадзіўся Іван Фёдараў (Федаровіч, 1510–1583).

Усходнееўрапейскі друкар, пачынальнік друкарскай справы ва Украіне і ў Маскоўскай дзяржаве.

Месца яго нараджэння невядома, але, зыходзячы з геральдычнай трактоўкі друкарскага знака Фёдарава, некаторыя навукоўцы лічаць, што ён паходзіць дробнай заходнебеларускай ці палеска-падляшскай шляхты, падпісваўся радавым гербам Рагозаў «Шранява».

Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце.

Працаваў друкаром ў Маскве. У 1564 годзе разам з Пятром Мсціслаўцам выдаў у Маскве першую дакладна датаваную расійскую друкаваную кнігу «Апостал», у 1565 – 2 выданні «Часоўніка».

У 1566 годзе з-за ганенняў Фёдараў і Мсціславец пакінулі Маскву і накіраваліся ў Беларусь. Заснавалі друкарню ў Заблудаве каля Беластока, надрукавалі «Евангелле вучыцельнае».

У канцы 1572 – пачатку 1573 года пераехаў у Львоў і заснаваў там першую ва Украіне друкарню, дзе ў 1574 выдаў першую ўкраінскую дакладна датаваную друкаваную кнігу «Апостал», потым надрукаваў у Львове «Азбуку».

Фёдараў у Астрожскай друкарні, у 1578 годзе надрукаваў новае выданне «Азбукі» з дапаўненнямі, пазней – Псалтыр і Новы Запавет, «Храналогію» Андрэя Рымшы – першы беларускі друкаваны каляндар і першы асобна выдадзены твор беларускай паэзіі, «Астрожскую Біблію».

Памёр 16 снежня 1583 года ў Львове.

1518 год. Вялікі князь і кароль польскі Жыгімонт Стары ажаніўся з Бонай Сфорцай.

Жыгімонт Стары (1467–1548), сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы. Бона Сфорца (1494–1557) – міланская прынцэса, вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта.

Бона Сфорца адыгрывала пры сваім мужы значную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы, намагалася забяспечыць стальцы Польшчы і ВКЛ сыну Жыгімонту Аўгусту.

Разам займаліся мецэнацтвам, мелі значную бібліятэку, запрашалі да свайго двара вядомых скульптараў, архітэктараў, жывапісцаў, падтрымалі першадрукара Ф. Скарыну. Імкнулася ўзмацніць палітычную ўладу і эканамічную моц манархіі, абараняла дзяржаўныя землі ад незаконнага прысваення феадаламі.

Бона Сфорца правяла эканамічную рэформу – Валочная памера (1557) на прынцыпах інтэнсіўнага вядзення гаспадаркі, з выкарыстаннем меліярацыі, палепшанага севазварота, з унармаваным падаткаабкладаннем.

Паспрыяла пашырэнню найноўшых заходнееўрапейскіх кулінарных, культурных, тэхнічных дасягненняў, спажывецкіх прыхільнасцяў эпохі Рэнесансу ў Польшчы і ВКЛ. З яе дзейнасцю звязваюць з’яўленне або пашырэнне ў меню арыстакратыі экзатычнай усходняй садавіны – апельсінаў, лімонаў, гранатаў, фігаў, прыпраў – шафрану, фенхелю, імбіру, цынамону, цукру, а таксама аліўкаў,  разынак, мігдалаў, марцыпанаў, рысу і іншых. 

Найбольш яскравым новаўвядзеннем эпохі Боны лічыцца салата і іншая агародніна, а таксама ўвядзенне ў карыстанне відэльцаў.

Імем Боны Сфорцы была названа цэнтральная плошча мястэчка Моталь (зараз – плошча Леніна).

1563 год. Іван Фёдараў (1510–1583) і Пётр Мсціславец (?-1577) скончылі падрыхтоўку да друкавання ў Маскве першай кнігі «Апостал».

Кніга друкавалася з 19 красавіка 1563 да 1 сакавіка 1564 года. Гэта першая дакладна датаваная руская друкаваная кніга. Захаваўся 61 асобнік. Рыхтуючы яе да выдання, першадрукары правялі вялікую тэксталагічную і рэдактарскую работу, аб чым сведчыць Сымон Будны ў прадмове да Новага Запавету (Лоск, 1574).

48 заставак гэтай кнігі, надрукаваных з 20 дошак, 22 буквіцы і іншыя друкарскія аздабленні вызначаюцца высокім мастацкім майстэрствам.

Фёдараў (Федаровіч) і Мсціславец стварылі старадрукарскі стыль, які потым атрымаў вялікае пашырэнне ў мастацкім аздабленні друкаваных і рукапісных кніг. Шрыфт «Апостала» Фёдараў выкарыстоўваў і ў іншых сваіх выданнях.

1814 год. Нарадзіўся Яўстафій Тышкевіч (1814–1873).

Беларускі археолаг, гісторык, этнограф і краязнавец, граф.

Служыў у розных установах, у тым ліку ў канцылярыях віленскага генерал-губернатара, Чарнігаўскага, Палтаўскага і Харкаўскага генерал-губернатара, быў Барысаўскім павятовым маршалкам, ганаровым папячыцелем мінскай губернскай гімназіі.

На беларускіх землях вывучаў курганы, гарадзішчы і замчышчы. З’яўляўся членам Дацкага каралеўскага таварыства аматараў старажытнасцей, Стакгольмскай каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва, гісторыі і старажытнасцей.

Заснаваў Віленскую археалагічную камісію і Віленскі музей старажытнасцей.

Аўтар прац археалагічнага і краязнаўчага характару.

Памёр 25 жніўня 1873 года ў Вільні.

У 2022 годзе пастаўлены помнік каля Акадэміі Навук у Мінску (фота).

1838 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Дыбоўскі.

Беларускі, расійскі, польскі заолаг, батанік, палеантолаг, мінеролаг і фалькларыст. Доктар мінералагічных навук. Брат Бенедыкта Дыбоўскага.

Скончыў Дэрпцкі ўніверсітэт.

За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў прыгавораны да турэмнага зняволення.

Працаваў у Дэрпцкім універсітэце. Даследаваў выкапнёвыя рэшткі Усходняй Прыбалтыкі, Сібіры, флору i фаўну Навагрудчыны i іншых частак Расійскай імперыі.

Збіраў беларускі фальклор. Апублікаваў «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета» (768 тэкстаў), «Беларускія загадкі з Мінскай губерні» (112 тэкстаў).

Памёр 27 ліпеня 1910 года.

1850 год. Памерла Ганна Цюндзявіцкая (Прушынская, 1803–1850).

Аўтарка папулярных гаспадарчых дапаможнікаў, папулярнай кулінарнай кнігі «Літоўская гаспадыня» (1848).

Збірала народныя кулінарныя і лекавыя рэцэпты, правярала іх на практыцы.

Некаторыя даследчыкі лічылі аўтарам «Літоўскай гаспадыні» В. Завадскую. Аўтарства Г. Цюндзявіцкай атрыбутавана прафесарам А. Мальдзісам.

Таксама Цюндзявіцкая падрыхтавала да друку дапаможнік “Гаспадарчы штогоднік”, які выйшаў ужо пасля яе смерці. Пакінула рукапіс працы пра сялянскія лекавыя рэцэпты.

1921 год. Пастанова Прэзідыума ЦВК ССРБ аб адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

Першыя рэальныя крокі да яго стварэння зрабіў Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі ў сакавіку 1918 года. Працу над праектам універсітэта ўзначальвалі М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі. Намаганнямі Беларускага нацыянальнага камісарыята ў Маскве і Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Коўне былі створаны правобразы класічнага ўніверсітэта – Беларускі народны ўніверсітэт.

11 ліпеня 1921 года ў гарадскім тэатры абнародаваны тэкст Дэкрэта аб адкрыцці БДУ. Афіцыйна адкрыўся 30 кастрычніка 1921 года.  

Першым рэктарам стаў гісторык Уладзімір Пічэта.

1 лістапада 1921г. на трох факультэтах – рабочым, медыцынскім і грамадскіх навук – пачаліся заняткі для 1390 студэнтаў. Працавалі 14 прафесараў, 59 выкладчыкаў і 10 асістэнтаў.

Зараз у БДУ 26 факультэтаў, інстытутаў, 191 кафедра, 16 корпусаў, 8000 супрацоўнікаў,  25 500 студэнтаў.

1956 год. У в. Свенск Слаўгарадскага раёна нарадзіўся Віктар Несцяроўскі.

Украінскі географ, геолаг, доктар геалагічных навук, прафесар, дырэктар Геалагічнага музея Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта.

Скончыў Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Т. Шаўчэнкі. Працаваў у Інстытуце геалагічных навук НАН Украіны, у Кіеўскім ўніверсітэце імя Т. Шаўчэнкі.

Аўтар больш за 200 навуковых прац. Першаадкрывальнік Уладзімірэцкай бурштынавай зоны ў Ровенскай вобласці. Кіраўнік універсітэцкага аддзялення Мінералагічнага таварыства Украіны. Падрыхтаваў 5 кандыдатаў навук.

1959 год. Нарадзіўся Валерый Магучы.

Беларускі скульптар.

Скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў.

Удзельнік выставак у Мінску, Санкт-Пецярбургу, Германіі.

Працаваў у Віцебску. З 2018 года жыве ў г. Віфлеем, штат Нью-Гэмпшыр, ЗША.

Працуе ў манументальнай і станкавай скульптуры. Аўтар помнікаў паэтэсе Е. Лось, М. Шагалу, І. Салерцінскаму, герба  Віцебска, дыптыха скульптур «Асклепій» і «Гіпакрат», мемарыяльных дошак З. Азгуру, В. Быкаву, шэрагу медалёў.

2019 год. Зацверджаны герб і сцяг Магілёўскага раёна.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 14 красавіка. Памёр Усяслаў Чарадзей. Валадарства Жыгімонта. Катастрофа “Тытаніка”. Нарадзіліся літаратары Я. Дыла, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Карпюк

Мар’я Егіпецкая і Прабуджэнне хатніка (народны каляндар).

Прыкметы.

На Мар’ю – разводдзі.

Калі разліў на Марыю Егіпецкую – травы будзе шмат, а калі паводкі яшчэ няма, то лета будзе халодным і дажджлівым.

Калі ноч ясная і цячэ цёплая вада, то лета будзе цёплае і сухое.

На Марыю Егіпецкую снег і пад кустом растаў.

Лёд на беразе ракі застанецца – год будзе цяжкі.

1101 год. Памёр Усяслаў Брачыслававіч Чарадзей (1029–1101).

Князь полацкі (1044–1068, 1071–1101), вялікі князь кіеўскі (1068–1069), пры ім быў пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор.

Адзін з герояў «Слова пра паход Ігараў» і ўсходнеславянскага фальклору. Княжыў 54 гады – самы працяглы перыяд кіравання дзяржавай у гісторыі Беларусі.

Я. Драздовіч. Пярсцёнак Усяслава Чарадзея

1432 год. Пачаў валадарыць Жыгімонт Кейстутавіч (1365–1440).

Вялікі князь літоўскі, брат Вітаўта.

Доўгі час не ўсімі часткамі Вялікага Княства Літоўскага прызнаваўся за законнага валадара.

Падчас барацьбы за ўладу паміж Вітаўтам і Ягайлам быў зняволены апошнім (1382–1384). У 1384 годзе ў Прусіі разам з Вітаўтам заключыў дагавор з Тэўтонскім ордэнам супраць Ягайлы, але ў 1386 прысягнуў яму. 

Прымаў удзел у перамовах і заключэнні пагадненняў з Тэўтонскім ордэнам у 1398, 1411, 1422, 1431 гадах, уній з Польшчай. Удзельнічаў у бітве на Ворскле (1399), Грунвальдскай бітве (1410). Пры панаванні Вітаўта не меў палітычнага ўплыву, падтрымліваў брата.

У выніку змовы Жыгімонт быў забіты ў Троцкім замку 20 сакавіка 1440 года.

1669 год. Згодна з Андрусаўскім замірэннем (1667) Масква мусіла вярнуць Кіеў Рэчы Паспалітай, але маскавіты адмовіліся прытрымлівацца дамовы.

Масковіі па дамове 1667 года давалася два гады для вываду свайго гарнізона з Кіева і яго перадачы Рэчы Паспалітай. Масква адмовілася і пазней прапанала за Кіеў выкуп у 146 000 рублёў у рамках “Вечнага міру” 1686 года.

1853 год. Нарадзіўся Уладзімір Завітневіч (1853–1927).

Беларускі археолаг і гісторык, прафесар (1904).

Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію.

Працаваў настаўнікам у Варшаве і Кіеўскай духоўнай акадэміі.

Вывучаў старажытнарускую гісторыю. Даследаваў каля 700 пахаванняў дрыгавічоў у 82 курганных могільніках.

Вызначыў межы рассялення дрыгавічоў. Яго высновы выкарыстоўвалі ў сваіх працах А. Грушэўскі, Я. Карскі, А. Спіцын і іншыя гісторыкі і археолагі.

У 1890-я гады супрацоўнічаў з газетай «Минский листок».

1880 год. Нарадзіўся Язэп (Восіп) Дыла.

Беларускі пісьменнік і культурны дзеяч.

Вучыўся у Слуцкай гімназіі, сябраваў з Альгердам Абуховічам. Выключаны з Юр’еўскага ветінстытута за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.

Працаваў у газеце «Северо-Западный край» (Мінск), у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы. У снежні 1917 удзельнічаў у І Усебеларускім з’ездзе.

Быў камісарам працы ў Часовым урадзе БССР, на розных кіраўнічых пасадах у Мінску, членам ЦВК БССР, дырэктарам Інстытута па вывучэнні мастацтва, дырэктарам Беларускага тэатра імя Янкі Купалы, намеснікам загадчыка Белдзяржкіно, інспектарам наркамата асветы. Правадзейны член Інбелкульта. Разам з прафесарам У. Пічэтам, акадэмікам Я. Карскім распрацаваў статут Інбелкульта.

Арыштоўваўся ДПУ у 1930, 1938 гадах, высылаўся на Урал, на Волгу.

Памёр 7 красавіка 1973 года ў Саратаве.

Аўтар апавяданняў, гістарычнага рамана «На шляху з варагаў у грэкі», аповесцей,  п’ес, публіцыстычных артыкулаў, мемуараў, успамінаў пра Цішку Гартнага, Я. Райніса.

Даследваў узнікненне беларускага тэатра, вступаў у якасці навуковага кансультанта аднаго з першых беларускіх фільмаў – «Кастусь Каліноўскі» (1928).

1885 год. Нарадзіўся Сымон Рак-Міхайлоўскі (1885–1938).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, педагог, сябра Рады БНР, пасол сейма Польшчы. Аўтар музыкі на словы М. Багдановіча «Зорка Венера».

Дзеяч Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Публікаваўся ў газетах “Наша Ніва”, “Беларусь”, “Звон” і іншых.

Працаваў у сектары навукі Наркамасветы, дырэктарам Беларускага дзяржаўнага сацыяльна-гістарычнага музея. У 1931–1932 гадах быў сябрам ЦВК БССР.

Арыштаваны ДПУ ў 1933 годзе, у 1934 прыгавораны да расстрэлу. Прысуд заменены на 10 гадоў лагераў. Вязень Салавецкіх лагераў. У  верасні 1937 этапаваны ў Мінск, 14 лістапада 1938 года НКУС прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны 27 лістапада 1937 года ў Мінску.

У яго гонар усталяваны мемарыяльныя дошкі на колішнім будынку манастыра базыльян у Барунах, у якім у 1920–1922 гадах дзейнічала беларуская настаўніцкая семінарыя, дырэктарам якой ён быў, у в. Максімаўка Маладзечанскага раёна.

1900 год. У Парыжы пачалася Сусветная выстава. 

Як і раней, на ёй былі прадстаўлены беларускія дасягненні. Графіня Патоцкая за калекцыю якаснага насення атрымала Гран-пры. Начальнік Палескіх чыгунак С. Міхін прадставіў палепшаныя вагоны, асабістую дрэзіну, пнеўмапад’ёмнікі, пнеўмабур. Гран-пры атрымаў начальнік тэлеграфа Палескіх чыгунак Андэрс за свой электрычны семафорапаўтарыцель. Натоўпы стаялі каля пудзіла белавежскага зубра. 

Залатую медаль прывёз у Горкі мясцовы аптэкар Казімір Паздзерскі за вынайдзены ім цуда-крэм ад вяснушак, за якім утвараліся чэргі ў аптэках не толькі Магілёўшчыны, але і па ўсёй Еўропе.

1905 год. У г. Горкі нарадзіўся Ізраіль Разгон. 

Савецкі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар. Лаўрэат Сталінскай прэміі.

Скончыў Горацкую школу, Другі Маскоўскі ўніверсітэт. Працаваў у горацкай райлесканторы, у сакратарыяце Галоўнай рэдакцыі “Истории гражданской войны в СССР”, прафесарам гістарычнага факультэта МДУ, у Камісіі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Прэзідыума АН СССР.

У перыяд “барацьбы з касмапалітызмам” звольнены з навуковых устаноў Масквы і ў 1949–1986 гадах узначальваў кафедру гісторыі СССР Томскага ўніверсітэта.

Складальнік і рэдактар кніг па гісторыі кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, член рэдкалегіі, адзін з аўтараў 4-га і 5-га тамоў “Истории Сибири с древнейших времен до наших дней”.

На адным з карпусоў Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта ўстаноўлена мемарыяльная дошка. 

Памёр 16 лютага 1987 года.

1910 год. У в. Стары Дзедзін (зараз Клімавіцкі раён) нарадзіўся Алесь Пруднікаў (1910–1941).

Беларускі паэт, стрыечны брат пісьменніка Паўла Пруднікава.

Актыўны ўдзельнік працэса беларусізацыі, разам з братам быў пазаштатным карэспандэнтам некаторых газет. Так, у прыватнасці, калі быў знойдзены скарб старажытных манет каля в. Стары Дзедзін, ён з Паўлам напісаў пра гэта рэпартаж.

Аўтар вершаў, паэмы «Зямныя зоры».

Працаваў на будаўніцтве чыгункі Асіповічы – Магілёў – Рослаў (1930), на новабудоўлях Мінска, у Дзяржвыдавецтве, у БелТА.

У 1933 годзе быў арыштаваны НКУС. Пасля вызвалення з турмы быў прызваны ў Чырвоную Армію. Быў супрацоўнікам Клімавіцкай раённай газеты «Камуна».

Пасля сканчэння Ленінградскага настаўніцкага інстытута (1938), працаваў настаўнікам, інспектарам у Карэльскай АССР.

Загінуў на фронце 5 жніўня 1941 года.

1912 год. Катастрофа на лайнеры “Тытанік”.

У ноч з 14 на 15 красавіка адбылося сутыкненне «Тытаніка» з айсбергам. Перад гэтым радыёстанцыя карабля прыняла сем лядовых папярэджанняў, аднак лайнер працягваў рухацца.

У 23:39 капітану паступіў даклад, што айсберг рухаеца прама па курсе. Менш як праз хвіліну адбылося сутыкненне. Атрымаўшы некалькі прабоін, параход пачаў тануць. У шлюпкі саджалі ў першую чаргу жанчын і дзяцей.

У 2:20 15 красавіка, разламаўшыся на дзве часткі, “Тытанік” затануў разам з 1495 пасажырамі (ёсць таксама падлікі, што ад 1995 да 1635). 712 чалавек, якія выратаваліся, падабраў параход “Карпат”. Сігнал “SOS”, пададзены з карабля, быў прыняты на адлегласці 58 міль (107 км). Судна падышло да месца катастрофы праз 3,5 гадзіны.

Сярод загінулых былі і жыхары Беларусі: Сымон Літман, Зельман Злакоўскі, Гары Корн, Сымон Вайсман, Якоб Кук, Лезлі Гелінскі, Насан Гольдшміт, Іосіф Мурдлін, Вульф Спектар, Абрам Гермед, Самсон Абельсон, Самуіл Грынберг, Зяліна Кантар, Польнер Ушер, Абе Віллер і Іосіф Антвіла. 

1918 год. На з’ездзе Саветаў заходніх губерняў Расіі прынята рашэнне аб стварэнні Заходняй вобласці з цэнтрам у Смаленску. 

З’езд адмовіўся прызнаць права беларускага народа на самавызначэнне.

У сувязі з заняццем беларускіх зямель германскімі войскамі ў ходзе Першай сусветнай вайны, замацаваным Брэсцкім мірам, Заходняя вобласць была рэарганізавана, у яе склад увайшлі беларускія землі ў складзе Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў, а адміністрацыйны цэнтр перамясціўся з Мінска ў Смаленск.

Расійскія бальшавікі лічылі, што ўтварэнне нацыянальных дзяржаў, межаў з’яўляюцца перашкодай для сусветнай рэвалюцыі, што беларусы не з’яўляюцца самастойнай нацыяй, і таму прынцып самавызначэньня ім не падыходзіць.

Смаленск. Багаяўленскі сабор, 1919.

1920 год. Нарадзіўся Аляксей Карпюк.

Беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч Гродненскай вобласці. Заслужаны работнік культуры БССР, Лаўрэат Літаратурнай прэміі.

Удзельнік вайны: падпольшчык, вязень канцлагера Штутгоф (з яго уцёк), камандзір партызанскага атрада імя К. Каліноўскага. Працаваў на кіраўнічых пасадаў ва ўстановах адукацыі, культуры, турызму, у газетах.

Аўтар раманаў, аповесцей, шэрагу кніг аповесцей і апавяданняў. Вакол яго ў Гродне ў 1960-1970-х узнік своеасаблівы клуб вольнадумнай інтэлігенцыі, з якім кантактавалі В. Быкаў, Д. Бічэль-Загнетава, В. Іпатава, Б. Ржэўскі. Карпюк падтрымліваў кантакты з пісьменнікамі-дысідэнтамі ў СССР, ліставаўся з А. Салжаніцыным.

Актывіст БНФ, адзін з заснавальнікаў ЗБС «Бацькаўшчына». За сувязь з дысідэнтамі пераследваўся КДБ, быў зволены з працы (аднавілі па загаду П. Машэрава). У яго абарону пісаў В. Быкаў.

Памёр 14 ліпеня 1992 года.

Iмя А. Карпюка носiць адна з вулiц Гродна, усталявана Мемарыяльная шыльда па вуліцы Э. Ажэшкі ў Гродне.

1941 год. У г. Лідзе нарадзілася Поля Ракса.

Польская актрыса, Маруся-“Аганёк” у серыяле (1966–1970) “Чатыры танкісты і сабака”.

Скончыла Вроцлаўскі ўніверсітэт, Вышэйшую школу тэатра і кіно ў Лодзі.

Здымалася ў шматлікіх польскіх і савецкіх кінафільмах, працавала ў тэатрах «Повшэхны» ў Лодзі, «Вспулчэсны» ў Варшаве.

Вялікую вядомасць ёй прынесла роля Гелены дэ Віт у фільме «Попел» (1965), выключную вядомасць прынесла актрысе роля Марусі-«Аганёк» у фільме «Чатыры танкісты і сабака».

Фактычна кінакар’ера Раксы доўжылася ўсяго 10 гадоў: з 1960 па 1970. Пасля стала здымацца на тэлебачанні, у тым ліку ў тэлевізійных спектаклях.

2021 год. Памёр Анатоль Клышка (1935–2021).

Беларускі пісьменнік і педагог, аўтар “Буквара” (1969, перапрацоўка 1997), які выкарыстоўваўся ў школах да 2021/2022 навучальнага года.

Скончыў Навагрудскае педвучылішча, БДУ.

Працаваў у навагрудскай газеце «Звязда», рэспубліканскіх «Фізкультурнік Беларусі», «Літаратура і мастацтва», у ЦК ЛКСМБ, часопісе «Полымя», на кінастудыі «Беларусьфільм», у Інстытуце педагогікі Міністэрства асветы БССР, выдавецтве «Юнацтва». Адзін з арганізатараў Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, дзе ўзначальваў камісію па культуры мовы.

Аўтар вершаў, кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў, «Буквара» (23 выданні), “Пропісаў да «Буквара», «Пропісаў для 1 класа», дапаможніка для 1 класа «Верасок», «Чабарок» (чытанка для 4 класа), «Беларуска-польскага размоўніка», шматлікіх кніг для дзяцей, у тым ліку  «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга».

Пераклаў на беларускую мову «Новы запавет», раман старажытна-грэчаскага пісьменніка Лонга «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою», творы з польскай, нямецкай, лацінскай, украінскай і іншых моў.

Даследчык праблем развіцця беларускай паэзіі, вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання літаратуры ў школе.