Дзень у гісторыі: 14 верасня. Нарадзіліся: святар, прыхільнік беларусізацыі касцёлу Фабіян Абрантовіч і музыка Лявон Вольскі. Расстраляны паэт Сяргей Астрэйка. Памёр паэт Язэп Пушча. Пабачылі свет газеты «Наша Доля» і «Беларускія ведамасьці»

1408 год. Заключэнне «вечнага міру».

Дамова была заключаная паміж вялікім князям літоўскім Вітаўтам і вялікім князям маскоўскім Васілём I.

Ёю завяршылася вайна 1406-1408 гадоў за панаванне ва Усходняй Еўропе.

Масква прызнала дамінаванне Літвы у рэгіёне.

Жонка Васіля I – Соф’я Вітаўтаўна, па смерці мужа аддала маскоўскае княства ў васальную залежнасць Літве, а Вітаўт стаў апекуном дзевяцігадовага цара Васіля II.

Мірныя адносіны паміж Літвой і Масквой трывалі да 1492 году.

1884 год. Нарадзіўся Фабіян Абрантовіч.

Рэлігійны і грамадскі дзеяч, каталіцкі святар, прыхільнік беларусізацыі касцёлу.

Рэктар Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі.

Адзін з ідэолагаў і заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя, тэарэтык і практык беларускага ўніяцтва.

У 1939 году быў арыштаваны савецкімі органамі і больш за 5 гадоў утрымліваўся ў няволі. 

Памёр ад катаванняў у Бутырскай турме. Месца пахавання невядомае.

1906 год. Пабачыла свет газета «Наша доля”.

Першая легальная газета на беларускай мове.

Выдавалася ў Вільні. Свет пабачыла 6 нумароў, з іх 4 былі канфіскаваны, 7-ы быў знішчаны яшчэ ў наборы.

11 студзеня 1907 годзе выданне было забаронена.

Разавы наклад 1-га нумару склаў 10 тысяч асобнікаў. У рэдакцыю ўваходзілі Францішак Умястоўскі, Алаіза Пашкевіч, браты Луцкевічы.

1920 год. Пачаў дзейнасць Беларускі дзяржаўны тэатр.

Цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

На адкрыцці паказалі інсцэніроўку аповесці Элізы Ажэшкі «Рысь» (беларуская трупа), п’есу Шолам-Алейхема «Людзі» (яўрэйская трупа), Антона Чэхава «Вяселле» (руская трупа).

Усеагульнай славе тэатру спрыяла майстэрства і талент актораў: Стафаніі Станюты, Здзіслава Стомы, Галіны Макаравай, Генадзя Гарбук, Генадзя Аўсяннікаў і іншых.

Пасля выбараў 2020 года калектыў Купалаўскага тэатру запатрабаваў спыніць гвалт і выступіў за перападлік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў.

Павел Латушка, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін і яшчэ 58 супрацоўнікаў тэатру звольнілі.

100-гадовы юбілей галоўная сцэна Беларусі сустрэла пустой: усе спектаклі былі скасаваны.

1921 год. Выйшаў першы нумар тыднёвіка «Беларускія ведамасьці».

Рэдагаваў газету, якая выходзіла ў Вільні, Максім Гарэцкі.

Выданне асвятляла эканамічнае і палітычнае жыццё беларусаў Сярэдняй Літвы і Заходняй Беларусі, публікавала этнаграфічныя, фальклорныя матэрыялы, вершы і апавяданні.

Выйшла 19 нумароў.

Газета была закрыта ўладамі Сярэдняй Літвы 15 студзеня 1922 году, а рэдактар кінуты ў Лукішскую турму.

1937 год. Расстраляны савецкімі органамі Сяргей Астрэйка.

Паэт, перакладчык.

Працаваў у Інстытуце літаратуры і мастацтва, у Камісіі па складанні слоўнікаў.

Яго паэму «Бенгалія» ухваліў Янка Купала.

Паэму лічылі «антысавецкай», бо меркавалася, што, апісваючы змаганне бенгальцаў з брытанскімі каланізатарамі, аўтар меў на ўвазе Беларусь.

Паэтычны зборнік «Смарагды кроз» не быў надрукаваны, а паэма «Смарагды кроз» – роздум пра шляхі развіцця краіны – апублікавана толькі ў 1990 годзе.

Першы раз быў арыштаваны ў 1933 годзе па справе «Беларускай народнай Грамады» і высланы ў Свярдлоўскую вобласць Расіі.

Другі раз арыштавалі ў 1937 годзе і расстралялі.

Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

1938 год. Нарадзіўся Леанід Левановіч.

Пісьменнік.

Аўтар кніг з нарысамі, зборнікаў аповесцяў і апавяданняў, цыклу раманаў-хронік, п’ес, сцэнарыяў да фільмаў і радыёпастановак.

Родная вёска пісьменніка Клеявічы ў Касцюковіцкім раёне.

1964 год. Памёр Язэп Пушча (Іосіф Плашчынскі).

Паэт, настаўнік.

Адзін з заснавальнікаў літаратурнага абʼяднанняў «Маладняк», «Узвышша».

Аўтар паэтычных кніг, зборнікаў вершаў, паэм.

Асобныя творы Пушчы пакладзены на музыку.

У 1931 годзе асуджаны як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў пазбаўлення волі. 

Вызвалены ў 1935 годзе. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

Вярнуўся Беларусь у 1958-ым, жыў у Мінску.

1965 год. Нарадзіўся Лявон Вольскі.

Беларускі рок-музыка, літаратар, мастак.

Сын пісьменніка Артура Вольскага, унук пісьменніка Віталя Вольскага-Зэйдэля.

Заснавальнік музычных гуртоў «Мроі», N.R.M і «Крамбамбулі», граў і спяваў у гуртах «Новае Неба» і «Zet».

Сумесныя праекты з яго ўдзелам – «Народны Альбом» і «Я нарадзіўся тут» – сталі ў Беларусі культавымі.

Уладальнік шматлікіх прызоў, прэміяў, у тым ліку FreeMuse Award-2016 і USMA-2019 у намінацыі «Лепшыя тэксты песень», лаўрэат фестываляў і конкурсаў.

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Дзень у гісторыі: 31 жніўня. Улады закрылі беларускамоўнае «Радыё 101,2». Пачаўся працэс аб’яднання Германіі. Нарадзіўся паўстанец Людвік Нарбут. «Вечны мір» з Масковіяй. Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім

1432 год. Грамадзянская вайна у Вялікім Княстве Літоўскім.

Двое ўплывовых дзеячаў Літвы Жыгімонт Кейстутавіч і Сямён Гальшанскі спрабавалі забіць лідэра краю Свідрыгайлу, якому пашчасціла збегчы ў Полацк.

Свідрыгайла, хоць і быў каталіком, але падтрымліваў праваслаўных вернікаў краіны. У яго былі складаныя адносіны з польскім каралём Ягайлам, якія прывялі да разрыву Літвы з Польшчай.

Па ўцёках Свідрыгайлы, уладу ў Літве захапіў Жыгімонт.

Грамадзянская вайна трывала пяць гадоў. У выніку адзінаўладным Князем стаў Жыгімонт.

Супраць яго таксама ўчынілі змову, за якой стаялі прыхільнікі Свідрыгайлы. Жыгімонта забілі ў Троцкім замку.

1449 год. Паміж Вялікім княствам Літоўскім і Вялікім княствам Маскоўскім падпісаны «дагавор пра вечны мір».

За Вялікім Княствам Літоўскім Масква прызнавала Смаленск і шэраг гарадоў на тэрыторыі цяперашняй Расіі, а таксама землі Украіны. Масковія ж завалодала Ноўгарадам, Ржэвам ды Псковам.

Аддаўшы гэтыя гарады Літва страціла на ўсходніх землях уплыў і саюзнікаў.

1832 год. Нарадзіўся Людвік Нарбут.

Вайсковец, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.

У 1850 годзе арыштаваны за спробу стварыць «общество патриотов с целью произвести восстание», а ў 1851 сасланы ў салдаты на Каўказ.

Адным з першых стварыў атрад з паўстанцаў у Беларусі, з якімі з лютага па красавік 1863 году змагаўся супраць расійскіх войск. Быў ваенным начальнікам Лідскага павета, палкоўнікам.

Загінуў у баі пад Дубічамі.

1885 год. Нарадзіўся Генадзь Багдановіч.

Грамадскі дзеяч.

Выдавец віленскай газеты «Незалежная думка», выкладаў у віленскай гімназіі, віцебскіх педагагічным тэхнікуме і ветэрынарным інстытуце.

15 ліпеня 1930 году арыштаваны савецкімі органамі па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызвалення Беларусі». У 1931-ым сасланы ў Кіраўскую вобласць Расіі. 

Паўторна арыштаваны 25 ліпеня 1937 году. Загінуў у зняволенні. Абставіны смерці невядомыя.

Рэабілітаваны 15 лістапада 1957.

1922 год. Нарадзіўся Ўладзімір Шыцік.

Журналіст, пісьменнік.

Працаваў на шклоўскай папяровай фабрыцы «Спартак», у шэрагу газет.

Аўтар фантастычных твораў і дэтэктываў.

1990 год. Пачаўся працэс аб’яднання Германіі.

У Берліне падпісаны Дагавор аб устанаўленні германскага адзінства паміж Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй і Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай.

Афіцыйнае абʼяднанне ФРГ і ГДР адбылося 3 кастрычніка 1990 года.

ГДР спыніла сваё існаванне як дзяржава, а Заходні Берлін перастаў быць самастойнай палітычнай адзінкай з асаблівым міжнародным статусам.

1996 год. Спыненае вяшчанне незалежнай беларускамоўнай радыёстанцыі «Радыё 101,2».

Была спадкаемніцай радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», якую зачынілі ў 1994 годзе незадоўга да першых прэзідэнцкіх выбараў. За тым рашэннем стаяў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч.

Фармальнай прычынай для закрыцця Радыё 101,2 стала тое, што, нібы, перадатчык радыёстанцыі стварае перашкоды міліцэйскім каналам «Алтай».

Частата 101,2 FM была перададзеная пазней для вяшчання іншым радыёстанцыям. З 2003 года на частаце 101,2 МГц працуе радыёстанцыя «Пілот ФМ», якая належыць Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі.

На «Радыё 101,2» аўтарскія перадачы і эфіры вяліся па-беларуску, была ўведзеная прынцыповая адмова ад рускамоўных песень.

Улетку 1996 года радыёстанцыя выйшла на самаакупнасць.

“Радыё 101,2” – першай распачало практыку выступленняў музычных гуртоў у жывым эфіры.

Па  закрыцці  радыёстанцыі ў яе студыі былі запісаныя супольныя музычныя праекты «Народны Альбом» і «Я нарадзіўся тут».

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў