Як вынікае са слоў начальніцы аддзелу гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іны Карабан рост пакуль нязначны. Паводле яе, беларуская медыцына падрыхтаваная да магчымай эпідэміі. Уздым захворванняў чакаецца ў верасні.
Вядома, што ў Беларусі ўжо выяўлены амікрон-ніндзя, адзін са штамаў каранавірусу. У інтэрв’ю тэлеканалу «СТВ» Іна Карабан не падала статыстыкі адносна цяперашняга стану па захворванням, але прызнала, што назіраецца невялікі рост. Яна адзначыла, што «ніндзя» больш распаўсюджваецца ў ЗША і Еўропе і працякае там у лёгкай і сярэдняй ступені цяжкасці.
«Мы бачым, што ўжо паціху выпадкі пачынаюць павялічвацца. І сітуацыя ў краінах вакол нас гэта паказвае. Каранавірус становіцца бліжэй да сезоннага. Чакаем, як і грып, але толькі ён будзе крыху раней, чым грып» даводзіць прадстаўніца Міністэрства аховы.
Паводле яе, за папярэднія 2,5 гады пандэміі беларуская медыцына напрацавала неабходны досвед барацьбы з каранавірусам. Падрыхтаваныя планы дзеянняў на выпадак эпідэміі і пры неабходнасці яны будуць карэктавацца ў залежнасці ад развіцця сітуацыі. Як зʼявіцца неабходнасць, будуць разгортвацца новыя ложкі ў больніцах.
Па словах Іны Карабан ратаваць беларусаў ад новых штамаў каранавірусу будуць расійскімі і кітайскімі вакцынамі, якія, паводле ўрадоўкі, засведчылі сваю эфектыўнасць. Як зʼявіцца неабходнасць, будуць выкарыстоўваць кубінскую вакцыну, якую нядаўна зарэгістравалі ў Беларусі.
Іна Карабан заклікае беларусаў тэрмінова вакцынавацца, каб пазбегнуць ускладненняў цяжкіх форм захворвання.
Пра тое, што наступная хваля каранавірусу надыдзе ў верасні, спрагназаваў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Ён запэўніваў, што апасацца эпідэміі не варта, бо «каранавірусная інфекцыя становіцца ўсё больш сезонным захворваннем», пісаўМагілёў.media.
1382 год. Забіты беларуска-літоўскі вяльможа Кейстут.
Сярод ягоных тытулаў згадваецца і князь Вялікалітоўскі. Гаспадарыў ён у Вялікім Княстве Літоўскім толькі год.
Кейстут быў адным з сыноў вялікага князя Гедзіміна. Ад бацькі ў спадчыну атрымаў Старыя Трокі, Горадню, Коўна, Упіту і Ліду.
За сваё жыццё Кейстут удзельнічаў у шматлікіх звадах, каб займець вышэйшую пасаду ў дзяржаве, хадзіў у рабаўніцкія паходы на суседнія землі.
Яго апісваюць, як «высокага, статнага чалавека», «кожнае слова якога шмат значыла», а калі ён каму пагражаў, то на ілбе набухалі вены і ўвесь выгляд яго будзіў страх.
Гістарычныя крыніцы падаюць, што яго задушыў пляменнік Ягайла Альгердавіч у Крэўскім замку.
1903 год. Нарадзіўся Пётр Ракіцкі.
Біёлаг-генэтык.
Займаўся даследаваннямі ў галіне генэтыкі і матэматычнай біялогіі. Вывучаў узаемадзеянне паміж спадчыннасцю і адборам. Сфармуляваў і эксперыментальна абгрунтаваў паняцце пра поле дзеяння гена.
У 1974 годзе ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй БССР за цыкл прац «Распрацоўка пытанняў статыстычнай генэтыкі і ўкараненне матэматыка-статыстычных метадаў у біялогію», апублікаваных у 1964–1974 гадах.
1927 год. Нарадзіўся Аляксандр Крывіцкі.
Мовазнаўца.
Выхаванец Магілёўскага педагагічнага інстытуту.
Даследаваў лексіку беларускіх народных гаворак. Вывучаў беларускую моўную культуру.
Мастак, скульптар, этнограф, краязнавец, астраном, археолаг, педагог, паэт, пісьменнік.
Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Аўтар прац з апісаннем падзей VI – XX стагоддзяў. Яго графічнымі малюнкамі ўпрыгожаны першы беларускі падручнік геаграфіі Аркадзя Смоліча.
У гонар мастака названы вуліцы ў Мінску і яшчэ 6 гарадах, Германавіцкі музей мастацтва і этнаграфіі. Яму стаяць помнікі ў Мінску і Глыбокім.
1960 год. Нарадзіўся Ігар Варашкевіч.
Рок-музыка, мастак. Лідар гурта «Крама».
Калектыў трымаецца класічнага року, узорам якога выступаюць англійскія гурты Rolling Stones, Deep Purple, The Beatles.
У сваім рэпертуары мае багата хітоў, адзін з іх – «Будзь разам з намі». Запісаную ў 1993 годзе песню музыкі граюць амаль на ўсіх сваіх выступах.
Варашкевіч – удзельнік маладзёвага аб’яднання «Беларуская Майстроўня», выставаў мастацкіх працаў.
За сваю музычную кар’еру пабываў у лідарах гуртоў «Бонда», «Рокіс».
1963 год. Нарадзіўся Валеры Леванеўскі.
Палітык, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік, палітычны зняволены.
З 1996 года ўзначальваў страйкавы камітэт прадпрымальнікаў. Арганізатар масавых акцый пратэсту прадпрымальнікаў. Заснавальнік і галоўны рэдактар рэспубліканскага бюлетэню «Прадпрымальнік».
У 2001 году вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.
Быўшы зняволеным паводле крымінальнай справы, трымаў галадоўку пратэсту.
Быў асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, за абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вызваліўся 15-га мая 2006 года.
1972 год. Забіты Лявон Баразна.
Мастак дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва.
Даследчык культуры, актывіст захавання гісторыка-культурнай спадчыны.
Разам з Зянонам Пазняком стварыў суполку «Аматары беларускага мастацтва», ладзіў экскурсіі па старым Мінску, этнаграфічныя экспедыцыі, выступаў у абарону вуліцы Няміга.
Блізкі сябар Уладзімера Караткевіча.
2002 год. Галіна Раковіч зрабіла 10000-ны скачок з парашутам.
Яна майстар спорту міжнароднага класа, двухразовая чэмпіёнка свету.
Для параўнання: украінка Валянціна Закарэцкая з 11500 скачкамі занесена ў Кнігу рэкордаў Гінэса.
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і адкрытых у інтэрнэце крыніцаў
Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч
13 месяцаў праваабаронцаў утрымліваюць за кратамі. Усе трое праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі.
Іх зняволілі 14 ліпеня 2021 году і выставілі абвінавачванне ў «нясплаце падаткаў у буйным памеры».
Днямі Алесь Бяляцкі даслаў вестку з няволі.
«У мяне ўсё з большага нармальна. Здароўе – больш-менш. Цяпер – лета, шчабечуць стрыжы, іх тут, аказваецца, у горадзе, багата. Гагочуць чайкі, бо Свіслач недалёка. Так што і тут адчуваецца жыццё прыроды. Лета сёлета было негарачае, дый мабыць ужо і не будзе спёкі. Вось такія ў мяне навіны», напісаў ён.
Пра тое стала вядома з допісу жонцы Марыне Адамовіч. Паводле яе за паўтара месяца ад мужа атрымала адразу два лісты.
Яна кажа, што яго кінулі ў адзіночку 5 жніўня у якасці пакарання.
Мікалая Статкевіча арыштавалі 30 траўня 2020 года і асудзілі па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў асаблівага рэжыму. У чэрвені 2022 году яго перавялі з гомельскага СІЗА ў Глыбоцкую калонію.
Яўген Кіслейка.
Паводле праваабаронцаў, пераводзяць з «хіміі» у папраўчую калонію.
Да этапавання туды яго будуць утрымліваць у мінскім СІЗА №1.
35-гадовы Кіслейка адбываў пакаранне ў сталічнай папраўчай установе адкрытага тыпу № 36, куды прыбыў 9 верасня 2021 года.
Яму прысудзілі паўтары гады абмежавання волі за крытычны каментар на адрас кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Івана Кубракова. У допісе ўгледзелі «гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».
Імправізаваныя гандлёвыя рады захапілі не толькі вуліцу Ціміразеўскую, на якой размешчаны рынак, але і суседнюю Першамайскую. Людзі прадаюць вырашчаную на сваіх палетках садавіну і гародніну, а таксама сабраная ў лесе грыбы ды ягады. Па колькасці тавару бачна, што ўсё гэта ўрадзіла.
Гараджане адзначаюць, што на прылеглай да рынку мясціне няма міліцэйскіх нарадаў, якія разганяюць у іншыя дні гандляроў. Расклееныя тут абвесткі папярэджваюць аб адміністрацыйнай адказнасці за гандаль у нявызначаным месцы.
Сярод гандляроў пераважаюць пенсіянеры. На прынесеных з сабою ўслончыках, ці сканструяваных на месцы лаўках, сядзяць і маладзейшыя іх калегі. Твары ўва ўсіх стомленыя, а ў вачах мальба да мінакоў, каб тыя чаго купілі.
Адзначыць Мядовы спас, асвяціўшы харчы, ля тутэйшай царквы сабралося багата праваслаўных вернікаў. Гандляры ля рынку і грамада ля бажніцы ажывілі цэнтр Магілёва ў выхадны дзень. Гараджане заўважаюць, што супрацоўнікі міліцыі назіраюць за абстаноўкай, але не ўмешваюцца ў гарадское дзейства, бо свята ж.
Чыгуначнікі выпытваюць, на якой мове мэтазгодна размяшчаць інфармацыю на квітках і агучваць абвесткі ў цягніках, што курсуюць па Беларусі. Гэтыя пытанні пазначаныя, як абавязковыя для тых, хто вырашыць удзельнічаць у анкетаванні.
Анкетаванне прымеркаванае да Адзінага дня пасажыраў, які адзначаецца 30 чэрвеня, але яно даступнае на сайце арганізацыі дагэтуль. Акрамя мовы чыгуначнікаў цікавіць, чаму жыхары краіны аддаюць перавагу чыгунцы.
Пытанне пра пашырэнне беларускай мовы на чыгунцы – даўняя тэма грамадскага інтарэсу. Летам 2020 года петыцыя аб мове на квітках сабрала амаль паўтары тысячы падпісантаў, аднак кіраўніцтва Беларускай чыгункі не падтрымала ініцыятывы, спаслаўшыся на тэхнічныя праблемы.
«Афармленне квіткоў у рэгіянальным бізнес-класе, міжрэгіянальным і міжнародным спалучэннях на беларускай мове дазволена, але ў цяперашні час тэхнічна немагчыма» – гаварылася ў адказе Беларускай чыгункі.
У 2021 годзе дзейнае тады яшчэ Таварыства беларускай мовы адзначыла, тым не менш, што нацыянальнай мовы беларусаў на чыгунцы паболела.
Паводле няўрадавай арганізацыі чыгуначнікі ўвялі новыя тыпавыя тэксты інфармавання пасажыраў на вакзалах і прыпыначных пунктах. Кіраўнікі аддзяленняў чыгункі меліся забяспечыць з 1 красавіка 2021 года трансляцыю абвестак на ўсіх станцыях і прыпынках па-беларуску: як на рэгіянальных, так і на міжрэгіянальных лініях.
Цяпер жа, як бачна з тэксту актуальнай анкеты – на якую вы можаце патрапіць, клікнуўшы па спасылцы – Беларуская чыгунка гатовая прыслухацца да меркавання пасажыраў што да моўнага пытання.
Лічыцца, што чалавек, які тройчы перайшоў Блакітную крыніцу, надоўга засцеражэ сябе ад хворасці, а жыццё будзе доўгім і здаровым.
Штогод пад Слаўгарад на Мядовы спас крыніца, якую яшчэ называюць Сінім калодзежам, збірае немалую грамаду людзей. Да мясцовага прыроднага феномену прыязджаюць здалёк. Іхная мэта – прайсці праз крыніцу і запасціся вадою з яе. Лічыцца, што 14 жніўня яна мае асаблівую гаючую моц.
Раней з крыніцы неслі і гліну. Цяпер тое катэгарычна забаронена рабіць. Навукоўцы даказалі, што яна хвароб не лечыць.
Штогод ля крыніцы гандляры разгортваюць кірмаш, а праваслаўныя святары ладзяць набажэнствы. Сёлетні Мядовы спас не стаў выключэннем.
Блакітная крыніца для Ўсходне-Еўрапейскай раўніны – ўнікальная прыродная з’ява. Вада ў ёй блакітна-бірузовага колеру з высокім утрыманнем фтору і крэмнію, з 180,6 мг/л раствораных рэчываў.
Лічыцца, што гэта мясціна была сакральнай для радзімічаў – тут, нібыта, было іхнае капішча. Паводле легенды, у крынічнай вадзе ў 988 годзе прадстаўнікі гэтага племяннога аб’яднання прынялі хрышчэнне.
З прыходам хрысціянства крыніцу асвяцілі, а побач з ёю ўзвялі царкву. 14 жніўня, на праваслаўны Макавей, тут ладзяцца малебны. На свята збіраюцца тысячы паломнікаў.
Больш пра Блакітную крыніцу чытайце ў матэрыяле Магілёў.media, клікнуўшы па спасылцы.
Галоўная традыцыя фэсту – абсыпаць адзін аднаго рознакаляровымі яркімі і лёгка змыўнымі фарбамі. Штогадовая імпрэза праходзіла ў мясцовым Парку атракцыёнаў і традыцыйна сабрала шмат дзяцей і моладзі. Фарбы для мурзання ўдзельнікі куплялі на месцы. Яны бяспечныя, але і каштуюць не танна.
Упершыню Colorfest правялі ў Магілёве ў 2017 годзе. Ён адбыўся на стадыёне існуючага на той момант заводу штучнага валакла. Гэта аддаленая ад людных вуліц мясціна, куды адпраўлялі апазіцыянераў пратэставаць. Апошнія гады фэст праводзяць у Парку атракцыёнаў.
Ідэю правядзення фестываляў фарбы еўрапейцы падгледзелі ў індуісцкай культуры. Свята Holi (Пяшчоты) – адно з найбольш маляўнічых у Індыі і Непале. Бенгальцы з фарбамі адзначаюць сваё навагоддзе і свята вясны.
Упершыню ў Еўропе свята Holi правялі 29 чэрвеня 2012 года ў Берліне. У тым жа годзе, убачыўшы, наколькі спадабалася імпрэза людзям, адбылося яшчэ тры падобныя фэсты. Самы масавы адбыўся ў Мюнхене. На яго прыйшло 10 тысяч ахвотнікаў пабыць мурзатымі ад фарбаў.
Ад 2014 году Colorfest становіцца адным з улюблёных дзействаў еўрапейцаў. Яго сталі праводзяць не толькі на старым кантыненце, але ў Новай Зеландыі і нават Паўночнай Афрыцы.
У Беларусі таксама ўзяліся папулярызаваць свята з індуісцкімі каранямі. Да такога наватарства ў Магілёве мясцовая ўлада паставілася з недаверам, таму і адправіла ахвотнікаў абсыпацца фарбамі на аддалены ад гарадскога цэнтру стадыён, што на вуліцы Чалюскінцаў.
Адаптаваная пад Colorfest свята Holi падаецца як фестываль, дзе ўсе роўныя, незалежна ад колеру скуры, нацыянальнасці, узросту і полу. На ім няма месца курэнню і алкаголю – толькі здаровы розум, чыстыя эмоцыі, светлыя пачуцці і жывыя зносіны.
Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.
Аляксандр Марушкевіч
Асуджаны на два гады «хатняй хіміі».
Паводле праваабаронцаў, падставай для крымінальнага пераследу стаўся рэпост, які абвінавачванне расцаніла, як «абразу прэзідэнта».
Аляксандр Васільеў
Паводле праваабаронцаў, падставай для затрымання дырэктара студыі дызайну стала друкаванне ім налепак з арнаментам і Пагоняю.
Такая прадукцыя расцэненая сілавікамі, пішуць праваабаронцы, як «пратэстная сімволіка».
Васільева затрымлівалі падчас пратэсту 8 лістапада 2020 году і прысудзілі дзесяць дзён арышту. Адбываў яго ў Жодзіне.
Дзяніс Янцэвіч
Праваабаронцы даведаліся пра яго затрыманне з праўладных тэлеграм-каналаў.
На «пакаяльным відэа», пішуць яны, Янцэвіч «прызнаецца» ва ўдзеле ў паслявыбарчых пратэстах, абразах супрацоўнікаў міліцыі ў Telegram-каналах і рэгістрацыі ў плане «Перамога».
Святлана Герасімовіч
Яна маці спявачкі Рыты Дакоты, якая ў 2020 годзе падтрымала пратэсты і адрасавала Лукашэнку песню «Уходи».
Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што Герасімовіч была «удзельніцай масавых беспарадкаў, падтрымлівала “нацысцкі ўкраінскі рэжым”, займалася кібербулінгам».
Донца гаршка з гербам князя Ізяслава знойдзенае на раскопках мінскага гарадзішча. Пра сенсацыйную знаходкі паведаміў стваральнік музею Стары Менск» Глеб Лабадзенка.
У Фэйсбуку ён напісаў што аналагаў такому артэфакту няма.
“Сенсацыя на раскопках у Старым Менску – знойдзена донца гаршка з асабістым гербам князя Ізяслава – то бок, гэта канец Х – пачатак ХІ ст., аналагаў няма, гэта першая такая знаходка ў Беларусі!”
“Што яна можа значыць, трошку пазней у каментары археолага” – паведаміў Глеб Ладзенка і запрасіў – “тэрмінова ў музей Стары Менск – бліжэйшыя дні знаходка выстаўленая для агляду турыстаў!”
Ізяслаў – сын Рагнеды і Уладзіміра Святаславіча, дзед полацкага князя Усяслава Чарадзея, які кіраваў у Ізяслаўлі (цяпер Заслаўе), куды была адаслана Рагнеда. Трызуб Ізяслава стаў гербам Заслаўя.
Адпачынак і сон – класічныя сродкі лекавання ад стамлёнасці, якая вядзе да таксічнага атручвання мозгу.
Навукоўцы з Універсітэту шпіталя Піціе-Салпетрыеры ў Парыжы правялі эксперыменты, вынікі якіх вы абавязкова павінны паказаць свайму начальству.
Даследчыкі прыйшлі да высновы, што падчас інтэнсіўных кагнітыўных намаганняў (намаганні па спасціжэнні складаных для пазнання задач) мозг чалавека рызыкуе атрымаць таксічнае атручванне.
Карыстаючыся тэхнікай магнітна-рэзананснай спектраскапіі яны выявілі, што падчас працоўнага дня ў кары і падкорцы галаўнога мозга праяўляецца актыўнасць метабаліта глутамата, які выконвае функцыі ўзбуджальніка.
Функцыя гэтага рэчыва неабходная для забеспячэння жыццядзейнасці нервовай сістэмы, але яго ўздзеянне павінна жорстка кантралявацца. Калі ён у вялікіх колькасцях будзе прысутнічаць унутры нервовых клетак, то можа трапіць у міжклеткавую прастору. Тое прывядзе да парушэння тонкага балансу мазгавых сігналаў. Могуць запаволіцца працэсы перадачы інфармацыі, а ў цяжкіх выпадках гэта можа выклікаць таксічнасць.
Даследаванні паказалі, што глутамат мае тэндэнцыю накоплівацца ў адказ на цяжкую, альбо стрэсавую працу, а яго перавышэнне зробіць кагнітыўную функцыю занадта рэсурсазатратнай для мозга. У выніку мозг будзе схільны выбіраць найменш абцяжарвальныя рашэнні, што з’яўляецца адной з прыкмет разумовай стамлёнасці.
“Адпачынак і сон!” – менавіта такія класічныя рэцэпты названыя найбольш верагоднымі сродкамі лекавання гэтай стамлёнасці. Існуюць пераканаўчыя доказы, што глутамат выводзіцца з сінапсаў падчас сну.