Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Аляксандр Марушкевіч

Асуджаны на два гады «хатняй хіміі».

Паводле праваабаронцаў, падставай для крымінальнага пераследу стаўся рэпост, які абвінавачванне расцаніла, як «абразу прэзідэнта».

Аляксандр Васільеў

Паводле праваабаронцаў, падставай для затрымання дырэктара студыі дызайну стала друкаванне ім налепак з арнаментам і Пагоняю.

Такая прадукцыя расцэненая сілавікамі, пішуць праваабаронцы, як «пратэстная сімволіка».

Васільева затрымлівалі падчас пратэсту 8 лістапада 2020 году і прысудзілі дзесяць дзён арышту. Адбываў яго ў Жодзіне.

Дзяніс Янцэвіч

Праваабаронцы даведаліся пра яго затрыманне з праўладных тэлеграм-каналаў.

На «пакаяльным відэа», пішуць яны, Янцэвіч «прызнаецца» ва ўдзеле ў паслявыбарчых пратэстах, абразах супрацоўнікаў міліцыі ў Telegram-каналах і рэгістрацыі ў плане «Перамога».

Святлана Герасімовіч

Яна маці спявачкі Рыты Дакоты, якая ў 2020 годзе падтрымала пратэсты і адрасавала Лукашэнку песню «Уходи».

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што Герасімовіч была «удзельніцай масавых беспарадкаў, падтрымлівала “нацысцкі ўкраінскі рэжым”, займалася кібербулінгам».

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго

Дзяніс Бычкоў

Асуджаны на тры гады абмежавання волі ў калоніі адкрытага тыпу («хіміі»).

Паводле праваабаронцаў, суд Маскоўскага раёну Мінску прызнаў яго вінаватым у «хуліганстве» за пашкоджанне банераў з выявамі вайскоўцаў. 

Справу разглядаў суддзя Юрый Машкетаў.

Паводле следства абвінавачаны сваімі ўчынкамі нанёс матэрыяльную шкоду на агульную суму 1260 рублёў і 6 капеек. Сцвярджаецца, што ён кідаў у банеры з сацыяльнай рэкламай Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ёмістасць з фарбай.

Валерый Кліменчанка

Асуджаны на тры гады калоніі за каментар па «справе Зельцара».

Паводле выраку Мінскага абласнога суду прызнаны вінаватым у «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, ці іншай сацыяльнай варожасці, або варажнечы» за каментары па «справе Зельцара».

Следства настойвае: жыхар Маладзечна 29 верасня 2021 года размясціў у «Instagram» выказванні, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў супраць супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прадстаўнікоў улады.

Справу разглядала суддзя Вікторыя Палешчук.

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры. Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцара, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Аляксандр Іваноў

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 60-гадовы мужчына, які працаваў HR у IBA-Gomel, затрыманы за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Ён, нібыта, даслаў «экстрэмісцкім каналам» фота і відэа вайсковай тэхнікі, паведамляюць праваабаронцы.

Вікторыя Ждановіч

Паводле праваабаронцаў 23-гадовую дзяўчыну забралі супрацоўнікі ГУБАЗіК.

Яна робіць інжынерам-праграмістам у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

У праўладных тэлеграм-каналах з’явіўся відэазапіс, на якім схопленая сілавікамі кажа, што ўдзельнічала ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе, «перакрывала рух транспарту», а таксама была падпісаная на «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы».

Алесь Рамановіч

Пінскага праваабаронцу пазбавілі апякунства над хворым братам.

Па ягоных словах, камісія, якая прымала такое рашэнне, калі ён утрымліваўся ў няволі наведалася да брата. Апекуна не заспела разам з ім, што і стала падставай для пазбаўлення апякунства. Пра тое яму паведамілі ў лісце.

Рамановіч быў затрыманы напачатку жніўня. Да суду, які аштрафаваў яго на 960 рублёў, утрымліваўся ў ізалятары.