Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго

Дзяніс Бычкоў

Асуджаны на тры гады абмежавання волі ў калоніі адкрытага тыпу («хіміі»).

Паводле праваабаронцаў, суд Маскоўскага раёну Мінску прызнаў яго вінаватым у «хуліганстве» за пашкоджанне банераў з выявамі вайскоўцаў. 

Справу разглядаў суддзя Юрый Машкетаў.

Паводле следства абвінавачаны сваімі ўчынкамі нанёс матэрыяльную шкоду на агульную суму 1260 рублёў і 6 капеек. Сцвярджаецца, што ён кідаў у банеры з сацыяльнай рэкламай Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ёмістасць з фарбай.

Валерый Кліменчанка

Асуджаны на тры гады калоніі за каментар па «справе Зельцара».

Паводле выраку Мінскага абласнога суду прызнаны вінаватым у «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, ці іншай сацыяльнай варожасці, або варажнечы» за каментары па «справе Зельцара».

Следства настойвае: жыхар Маладзечна 29 верасня 2021 года размясціў у «Instagram» выказванні, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў супраць супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прадстаўнікоў улады.

Справу разглядала суддзя Вікторыя Палешчук.

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры. Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцара, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Аляксандр Іваноў

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 60-гадовы мужчына, які працаваў HR у IBA-Gomel, затрыманы за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Ён, нібыта, даслаў «экстрэмісцкім каналам» фота і відэа вайсковай тэхнікі, паведамляюць праваабаронцы.

Вікторыя Ждановіч

Паводле праваабаронцаў 23-гадовую дзяўчыну забралі супрацоўнікі ГУБАЗіК.

Яна робіць інжынерам-праграмістам у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

У праўладных тэлеграм-каналах з’явіўся відэазапіс, на якім схопленая сілавікамі кажа, што ўдзельнічала ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе, «перакрывала рух транспарту», а таксама была падпісаная на «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы».

Алесь Рамановіч

Пінскага праваабаронцу пазбавілі апякунства над хворым братам.

Па ягоных словах, камісія, якая прымала такое рашэнне, калі ён утрымліваўся ў няволі наведалася да брата. Апекуна не заспела разам з ім, што і стала падставай для пазбаўлення апякунства. Пра тое яму паведамілі ў лісце.

Рамановіч быў затрыманы напачатку жніўня. Да суду, які аштрафаваў яго на 960 рублёў, утрымліваўся ў ізалятары.