Дзень у гісторыі: 15 жніўня. Нарадзіўся рок-музыка Ігар Варашкевіч. Беларуска Галіна Раковіч зрабіла 10-ці тысячны скачок з парашутам. Забілі мастака Лявона Баразну. Памёр Язэп Драздовіч, пачынальнік нацыянальнага гістарычнага жывапісу

1382 год. Забіты беларуска-літоўскі вяльможа Кейстут.

Сярод ягоных тытулаў згадваецца і князь Вялікалітоўскі. Гаспадарыў ён у Вялікім Княстве Літоўскім толькі год.

Кейстут быў адным з сыноў вялікага князя Гедзіміна. Ад бацькі ў спадчыну атрымаў Старыя Трокі, Горадню, Коўна, Упіту і Ліду.

За сваё жыццё Кейстут удзельнічаў у шматлікіх звадах, каб займець вышэйшую пасаду ў дзяржаве, хадзіў у рабаўніцкія паходы на суседнія землі.

Яго апісваюць, як «высокага, статнага чалавека», «кожнае слова якога шмат значыла», а калі ён каму пагражаў, то на ілбе набухалі вены і ўвесь выгляд яго будзіў страх.

Гістарычныя крыніцы падаюць, што яго задушыў пляменнік Ягайла Альгердавіч у Крэўскім замку.

1903 год. Нарадзіўся Пётр Ракіцкі.

Біёлаг-генэтык.

Займаўся даследаваннямі ў галіне генэтыкі і матэматычнай біялогіі. Вывучаў узаемадзеянне паміж спадчыннасцю і адборам. Сфармуляваў і эксперыментальна абгрунтаваў паняцце пра поле дзеяння гена.

У 1974 годзе ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй БССР за цыкл прац «Распрацоўка пытанняў статыстычнай генэтыкі і ўкараненне матэматыка-статыстычных метадаў у біялогію», апублікаваных у 1964–1974 гадах.

1927 год. Нарадзіўся Аляксандр Крывіцкі.

Мовазнаўца.

Выхаванец Магілёўскага педагагічнага інстытуту.

Даследаваў лексіку беларускіх народных гаворак. Вывучаў беларускую моўную культуру.

Аўтар «Тураўскага слоўніка», даведнікаў дыялектнай лексікі «Жывёльны свет. Тэматычны слоўнік», «Раслінны свет. Тэматычны слоўнік», «Чалавек. Тэматычны слоўнік».

1954 год. Памёр Язэп Драздовіч.

Мастак, скульптар, этнограф, краязнавец, астраном, археолаг, педагог, паэт, пісьменнік.

Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Аўтар прац з апісаннем падзей VI – XX стагоддзяў. Яго графічнымі малюнкамі ўпрыгожаны першы беларускі падручнік геаграфіі Аркадзя Смоліча.

У гонар мастака названы вуліцы ў Мінску і яшчэ 6 гарадах, Германавіцкі музей мастацтва і этнаграфіі. Яму стаяць помнікі ў Мінску і Глыбокім.

1960 год. Нарадзіўся Ігар Варашкевіч.

Рок-музыка, мастак. Лідар гурта «Крама».

Калектыў трымаецца класічнага року, узорам якога выступаюць англійскія гурты Rolling Stones, Deep Purple, The Beatles.

У сваім рэпертуары мае багата хітоў, адзін з іх – «Будзь разам з намі». Запісаную ў 1993 годзе песню музыкі граюць амаль на ўсіх сваіх выступах.

Варашкевіч – удзельнік маладзёвага аб’яднання «Беларуская Майстроўня», выставаў мастацкіх працаў.

За сваю музычную кар’еру пабываў у лідарах гуртоў «Бонда», «Рокіс».

1963 год. Нарадзіўся Валеры Леванеўскі.

Палітык, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік, палітычны зняволены.

З 1996 года ўзначальваў страйкавы камітэт прадпрымальнікаў. Арганізатар масавых акцый пратэсту прадпрымальнікаў. Заснавальнік і галоўны рэдактар рэспубліканскага бюлетэню «Прадпрымальнік».

У 2001 году вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.

Быўшы зняволеным паводле крымінальнай справы, трымаў галадоўку пратэсту.

Быў асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, за абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вызваліўся 15-га мая 2006 года.

1972 год. Забіты Лявон Баразна.

Мастак дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва.

Даследчык культуры, актывіст захавання гісторыка-культурнай спадчыны.

Разам з Зянонам Пазняком стварыў суполку «Аматары беларускага мастацтва», ладзіў экскурсіі па старым Мінску, этнаграфічныя экспедыцыі, выступаў у абарону вуліцы Няміга.

Блізкі сябар Уладзімера Караткевіча.

2002 год. Галіна Раковіч зрабіла 10000-ны скачок з парашутам.

Яна майстар спорту міжнароднага класа, двухразовая чэмпіёнка свету.

Для параўнання: украінка Валянціна Закарэцкая з 11500 скачкамі занесена ў Кнігу рэкордаў Гінэса.

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і адкрытых у інтэрнэце крыніцаў