Дзень у гісторыі. 4 чэрвеня. Снег у Магілёве. “Беларуская граматыка”. Бой магілёўскага бронеатрада. Дзень памяці С. Манюшкі, К. Буйло, Я. Варонкі

1695 год. У Магілёве выпаў вялікі снег.

Ён ляжаў некалькі дзён і “быў вялікі холад” – паведамляе Магілёўская хроніка.

Магілёўская Богаяўленская царква і званіца манастыра.

1872 год. Пайшоў у лепшы свет Станіслаў Манюшка  (1819-1872).

Беларускі і польскі кампазітар, дырыжор, адзін з пачынальнікаў беларускай музычнай культуры, стваральнік польскай нацыянальнай оперы.

Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у Д. Стэфановіча ў Мінску, вучыўся ў Мінскай губернскай гімназіі, Берліне.

Працаваў у Вільні, Варашаве. Даваў урокі музыкі мастаку В. Сляндзінскаму, працаваў дырыжорам і дырэктарам варшаўскга опернага тэатру, прафесарам Музычнага інстытуту ў Варшаве. У творчасці выкарыстоўваў беларускі фальклор. Папулярнасць атрымаў дзякуючы операм “Галька”, “Страшны двор”. Аўтар  20 опер і аперэт, 3 балетаў, 5 месаў, 2 рэквіемаў і болей за 300 песень, у тым ліку “Паходнай песні літвінаў” на словы У. Сыракомлі.

1897 год. Нарадзіўся Юлій Іргер (1897-1941).

Беларускі вучоны-хірург, доктар медыцынскіх навук, прафесар, Заслужаны дзеяч навукі, брат нейрахірурга Іосіфа Іргера, кіраўнік НДІ пералівання крыві.

Пасля абвяшчэння БНР удзельнічаў у справе пераводу студэнтаў-беларусаў з расійскіх універсітэтаў ва Украіну і ў Вобласць Войска Данскога.

Памёр 26 мая 1941 года. Пахаваны на Ваенных могілках у Мінску.

1907 год. У в. Гарадок Глускага раёна нарадзіўся Васіль Зубец (1907-1991).

Беларускі гаспадарчы, дзяржаўны дзеяч, доктар тэхнічных навук, прафесар, Заслужаны дзеяч навукі.

Выхаванец Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, начальнік вытворчага аддзялення аддзела аэрадромнага будаўніцтва 1-й паветранай арміі. Пасля вайны – 1-ы намеснік міністра, міністр меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР, дырэктар Беларускага НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі.

Памёр 26 студзеня 1991 года.

1918 год. Апублікавана “Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча (1892-1938).

Першая жыццяздольная граматыка сучаснай беларускай мовы, аснова ўсіх далейшых ліній развіцця беларускай граматыкі. Выдадзена ў Вільні, у паралельных кірыліцкім і лацінскім варыянтах.

Граматыка некалькі разоў перавыдавалася ў Заходняй Беларусі ляжала ў аснове праграм выкладання беларускай мовы ў БССР. У аснове граматыкі ляжалі фанетыка-граматычныя асаблівасці тагачаснага сярэднебеларускага дыялекту, найперш «цвёрдае р» і «моцнае аканне». У правілах граматыкі выкарыстоўваліся як марфалагічны, так і фанетычны прынцыпы.

Словы іншамоўнага паходжання выдзяляліся ў асобную групу. Тарашкевічам было прапанавана пісаць галосныя і зычныя ў іншамоўнай лексіцы так, як яны вымаўляліся ў мове, з якой былі запазычаны, фактычна было прынятае пераважнае іх напісанне як у польскай мове. Так, на гэтыя словы не былі распаўсюджаны правілы акання, дзекання і цекання, часта не змякчаліся зычныя перад галоснымі, перад ётаванымі галоснымі перадаваўся мяккі [л’].

Зважаючы на недахопы граматыкі Тарашкевіча, браты Лёсікі распрацавалі праект яе рэформы, які быў прадметам разгляду Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926).

1920 год. Прыняў бой з палякамі савецкі 35-ты бранявы атрад.

Бой адбыўся каля в. Стоўпішчы пад Магілёвам. Загінуўшых чырвонаармейцаў пахавалі на сённяшняй плошчы Славы ў Магілёве.

Пяць чалавек 35-га атрада былі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга РСФСР. Гэта Леў Альбаў і Іван Філатаў, вадзіцелі бронемашын, Васіль Усаў, камандзір бронемашыны, Пётр Кулагін і Аляксандр Міхайлаў, кулямётчыкі.

1926 год. Прэзідэнтам Польшчы абраны Ігнацы Масціцкі (1867-1946).

Дзяржаўны дзеяч, вучоны-хімік, акадэмік Акадэміі навук Польшы ў Кракаве, арганізатар хімічнай прамысловасці ў Польшчы.

Распрацаваў прамысловы метад атрымання азотнай кіслаты з паветра.

Меў падтрымку часткі беларускіх грамадскіх колаў у Заходняй Беларусі.

У яго гонар названы канал у Брэсцкім раёне і ў Валынскай вобласці Украіны.

1952 год. Памёр Язэп Варонка (1891-1952).

Беларускі палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. Першы старшыня Народнага сакратарыята БНР.

Быў супрацоўнікам пецярбургскіх газет «Воскресная вечерняя газета», «Столичные вести», часопісаў «Зритель», «Театральное обозрение».

Член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады, Часовага савета Расійскай рэспублікі, узначальваў камітэт Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, быў камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады, старшынёй Народнага сакратарыята Беларусі і народным сакратаром замежных спраў, адзін з ініцыятараў абвяшчэння БНР.

Міністр беларускіх спраў і сябра кабінета міністраў Літоўскай Рэспублікі (1918-1920), старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, таварыства «Беларуская грамада ў Коўне».

У 1923 годзе з’ехаў у Чыкага. Узначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, быў адным з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, выдаваў газету “Беларуская трыбуна”, вёў праграмы на чыкагскім радыё.

Займаўся выдавецкай і публіцыстычнай дзейнасцю. Аўтар брашур “Беларускае пытанне на момант Версальскай мірнай канферэнцыі. Гістарычна-палітычны нарыс”, “Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд”.

Прытрымліваўся канцэпцыі «двух ворагаў» беларускага адраджэння — Расіі і Польшчы. Вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё.

Памёр 4 чэрвеня 1952 года.

1986 год. Памерла Канстанцыя Буйло (сапраўднае імя Канстанцыя Калечыц, 1893-1986).

Беларуская паэтэса, Заслужаны дзеяч культуры БССР. Яе дэбютны зборнік вершаў “Курганная кветка” (1914) рэдагаваў Янка Купала, афармляў Язэп Драздовіч. Аўтар шэрагу п’ес, зборнікаў вершаў, кніг для дзяцей.

Многія вершы паэтэсы пакладзены на музыку, песня “Люблю” стала народнай. Максім Гарэцкі ў сваёй “Гісторыі беларускай літаратуры” лічыў яе “найбольш выдатнай пасля Цёткі жаноцкай сілай ў нашай поэзіі”.

1989 год. У Польшчы адбыліся першыя часткова дэмакратычныя парламенцкія выбары.

У іх удзельнічалі і беларускія кандыдаты пісьменнік Сакрат Яновіч (1936-2013), гісторык Яўген Мірановіч (н.1955).

Я. Мірановіч.

2013 год. Памёр  Юрый Бушлякоў (1973-2013).

Беларускі мовазнавец, кандыдат філалагчных навук, журналіст і перакладчык, выкладчык Карлава ўніверсітэта ў Празе.

Працаваў у штотыднёвіку “Наша Ніва”, на Польскім радыё, “Радыё Свабода”, дзе вёў аўтарскую перадачу “Жывая мова”. Суаўтар кнігі “Беларускі клясычны правапіс”.

Дзень у гісторыі: 15 жніўня. Нарадзіўся рок-музыка Ігар Варашкевіч. Беларуска Галіна Раковіч зрабіла 10-ці тысячны скачок з парашутам. Забілі мастака Лявона Баразну. Памёр Язэп Драздовіч, пачынальнік нацыянальнага гістарычнага жывапісу

1382 год. Забіты беларуска-літоўскі вяльможа Кейстут.

Сярод ягоных тытулаў згадваецца і князь Вялікалітоўскі. Гаспадарыў ён у Вялікім Княстве Літоўскім толькі год.

Кейстут быў адным з сыноў вялікага князя Гедзіміна. Ад бацькі ў спадчыну атрымаў Старыя Трокі, Горадню, Коўна, Упіту і Ліду.

За сваё жыццё Кейстут удзельнічаў у шматлікіх звадах, каб займець вышэйшую пасаду ў дзяржаве, хадзіў у рабаўніцкія паходы на суседнія землі.

Яго апісваюць, як «высокага, статнага чалавека», «кожнае слова якога шмат значыла», а калі ён каму пагражаў, то на ілбе набухалі вены і ўвесь выгляд яго будзіў страх.

Гістарычныя крыніцы падаюць, што яго задушыў пляменнік Ягайла Альгердавіч у Крэўскім замку.

1903 год. Нарадзіўся Пётр Ракіцкі.

Біёлаг-генэтык.

Займаўся даследаваннямі ў галіне генэтыкі і матэматычнай біялогіі. Вывучаў узаемадзеянне паміж спадчыннасцю і адборам. Сфармуляваў і эксперыментальна абгрунтаваў паняцце пра поле дзеяння гена.

У 1974 годзе ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй БССР за цыкл прац «Распрацоўка пытанняў статыстычнай генэтыкі і ўкараненне матэматыка-статыстычных метадаў у біялогію», апублікаваных у 1964–1974 гадах.

1927 год. Нарадзіўся Аляксандр Крывіцкі.

Мовазнаўца.

Выхаванец Магілёўскага педагагічнага інстытуту.

Даследаваў лексіку беларускіх народных гаворак. Вывучаў беларускую моўную культуру.

Аўтар «Тураўскага слоўніка», даведнікаў дыялектнай лексікі «Жывёльны свет. Тэматычны слоўнік», «Раслінны свет. Тэматычны слоўнік», «Чалавек. Тэматычны слоўнік».

1954 год. Памёр Язэп Драздовіч.

Мастак, скульптар, этнограф, краязнавец, астраном, археолаг, педагог, паэт, пісьменнік.

Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Аўтар прац з апісаннем падзей VI – XX стагоддзяў. Яго графічнымі малюнкамі ўпрыгожаны першы беларускі падручнік геаграфіі Аркадзя Смоліча.

У гонар мастака названы вуліцы ў Мінску і яшчэ 6 гарадах, Германавіцкі музей мастацтва і этнаграфіі. Яму стаяць помнікі ў Мінску і Глыбокім.

1960 год. Нарадзіўся Ігар Варашкевіч.

Рок-музыка, мастак. Лідар гурта «Крама».

Калектыў трымаецца класічнага року, узорам якога выступаюць англійскія гурты Rolling Stones, Deep Purple, The Beatles.

У сваім рэпертуары мае багата хітоў, адзін з іх – «Будзь разам з намі». Запісаную ў 1993 годзе песню музыкі граюць амаль на ўсіх сваіх выступах.

Варашкевіч – удзельнік маладзёвага аб’яднання «Беларуская Майстроўня», выставаў мастацкіх працаў.

За сваю музычную кар’еру пабываў у лідарах гуртоў «Бонда», «Рокіс».

1963 год. Нарадзіўся Валеры Леванеўскі.

Палітык, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік, палітычны зняволены.

З 1996 года ўзначальваў страйкавы камітэт прадпрымальнікаў. Арганізатар масавых акцый пратэсту прадпрымальнікаў. Заснавальнік і галоўны рэдактар рэспубліканскага бюлетэню «Прадпрымальнік».

У 2001 году вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.

Быўшы зняволеным паводле крымінальнай справы, трымаў галадоўку пратэсту.

Быў асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, за абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вызваліўся 15-га мая 2006 года.

1972 год. Забіты Лявон Баразна.

Мастак дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва.

Даследчык культуры, актывіст захавання гісторыка-культурнай спадчыны.

Разам з Зянонам Пазняком стварыў суполку «Аматары беларускага мастацтва», ладзіў экскурсіі па старым Мінску, этнаграфічныя экспедыцыі, выступаў у абарону вуліцы Няміга.

Блізкі сябар Уладзімера Караткевіча.

2002 год. Галіна Раковіч зрабіла 10000-ны скачок з парашутам.

Яна майстар спорту міжнароднага класа, двухразовая чэмпіёнка свету.

Для параўнання: украінка Валянціна Закарэцкая з 11500 скачкамі занесена ў Кнігу рэкордаў Гінэса.

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і адкрытых у інтэрнэце крыніцаў