Дзень у гісторыі: 15 жніўня. Нарадзіўся рок-музыка Ігар Варашкевіч. Беларуска Галіна Раковіч зрабіла 10-ці тысячны скачок з парашутам. Забілі мастака Лявона Баразну. Памёр Язэп Драздовіч, пачынальнік нацыянальнага гістарычнага жывапісу

1382 год. Забіты беларуска-літоўскі вяльможа Кейстут.

Сярод ягоных тытулаў згадваецца і князь Вялікалітоўскі. Гаспадарыў ён у Вялікім Княстве Літоўскім толькі год.

Кейстут быў адным з сыноў вялікага князя Гедзіміна. Ад бацькі ў спадчыну атрымаў Старыя Трокі, Горадню, Коўна, Упіту і Ліду.

За сваё жыццё Кейстут удзельнічаў у шматлікіх звадах, каб займець вышэйшую пасаду ў дзяржаве, хадзіў у рабаўніцкія паходы на суседнія землі.

Яго апісваюць, як «высокага, статнага чалавека», «кожнае слова якога шмат значыла», а калі ён каму пагражаў, то на ілбе набухалі вены і ўвесь выгляд яго будзіў страх.

Гістарычныя крыніцы падаюць, што яго задушыў пляменнік Ягайла Альгердавіч у Крэўскім замку.

1903 год. Нарадзіўся Пётр Ракіцкі.

Біёлаг-генэтык.

Займаўся даследаваннямі ў галіне генэтыкі і матэматычнай біялогіі. Вывучаў узаемадзеянне паміж спадчыннасцю і адборам. Сфармуляваў і эксперыментальна абгрунтаваў паняцце пра поле дзеяння гена.

У 1974 годзе ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй БССР за цыкл прац «Распрацоўка пытанняў статыстычнай генэтыкі і ўкараненне матэматыка-статыстычных метадаў у біялогію», апублікаваных у 1964–1974 гадах.

1927 год. Нарадзіўся Аляксандр Крывіцкі.

Мовазнаўца.

Выхаванец Магілёўскага педагагічнага інстытуту.

Даследаваў лексіку беларускіх народных гаворак. Вывучаў беларускую моўную культуру.

Аўтар «Тураўскага слоўніка», даведнікаў дыялектнай лексікі «Жывёльны свет. Тэматычны слоўнік», «Раслінны свет. Тэматычны слоўнік», «Чалавек. Тэматычны слоўнік».

1954 год. Памёр Язэп Драздовіч.

Мастак, скульптар, этнограф, краязнавец, астраном, археолаг, педагог, паэт, пісьменнік.

Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Аўтар прац з апісаннем падзей VI – XX стагоддзяў. Яго графічнымі малюнкамі ўпрыгожаны першы беларускі падручнік геаграфіі Аркадзя Смоліча.

У гонар мастака названы вуліцы ў Мінску і яшчэ 6 гарадах, Германавіцкі музей мастацтва і этнаграфіі. Яму стаяць помнікі ў Мінску і Глыбокім.

1960 год. Нарадзіўся Ігар Варашкевіч.

Рок-музыка, мастак. Лідар гурта «Крама».

Калектыў трымаецца класічнага року, узорам якога выступаюць англійскія гурты Rolling Stones, Deep Purple, The Beatles.

У сваім рэпертуары мае багата хітоў, адзін з іх – «Будзь разам з намі». Запісаную ў 1993 годзе песню музыкі граюць амаль на ўсіх сваіх выступах.

Варашкевіч – удзельнік маладзёвага аб’яднання «Беларуская Майстроўня», выставаў мастацкіх працаў.

За сваю музычную кар’еру пабываў у лідарах гуртоў «Бонда», «Рокіс».

1963 год. Нарадзіўся Валеры Леванеўскі.

Палітык, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік, палітычны зняволены.

З 1996 года ўзначальваў страйкавы камітэт прадпрымальнікаў. Арганізатар масавых акцый пратэсту прадпрымальнікаў. Заснавальнік і галоўны рэдактар рэспубліканскага бюлетэню «Прадпрымальнік».

У 2001 году вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.

Быўшы зняволеным паводле крымінальнай справы, трымаў галадоўку пратэсту.

Быў асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, за абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вызваліўся 15-га мая 2006 года.

1972 год. Забіты Лявон Баразна.

Мастак дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва.

Даследчык культуры, актывіст захавання гісторыка-культурнай спадчыны.

Разам з Зянонам Пазняком стварыў суполку «Аматары беларускага мастацтва», ладзіў экскурсіі па старым Мінску, этнаграфічныя экспедыцыі, выступаў у абарону вуліцы Няміга.

Блізкі сябар Уладзімера Караткевіча.

2002 год. Галіна Раковіч зрабіла 10000-ны скачок з парашутам.

Яна майстар спорту міжнароднага класа, двухразовая чэмпіёнка свету.

Для параўнання: украінка Валянціна Закарэцкая з 11500 скачкамі занесена ў Кнігу рэкордаў Гінэса.

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

Дзень у гісторыі: 27 ліпеня. Прыняцце Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. ВКЛ перамагло крыжакоў пад Меднікамі. Памерлі Яўхім Кіпель, аўтар кнігі успамінаў аб ГУЛАГу і Уладзіслаў Дыбоўскі, збіральнік беларускага фальклору

1320 год. Войска Вялікага княства Літоўскага перамагло ў бітве пад Меднікамі рыцараў Тэўтонскага ордэна.

Крыжакі страцілі ўсіх 40 братоў-рыцараў і іх дапаможны кантынгент. І гэта адбылося за 90 гадоў да Грунвальдскай бітвы, пасля якой ордэн перастаў існаваць.


1900 год. Дзень нараджэння гамбургера. 

27 ліпеня амерыканскі гастраном Луі Лесінг прадаў першы гамбургер.

Страва займела шырокую вядомасць у 1904 годзе на Сусветнай выставе ў Сэнт-Луісе. Пачала ж імкліва распаўсюджвацца па свеце з 1948 году з заснаваннем сеткі McDonald’s.

Гамбургер нароўні з джынсамі застаецца сімвалам амерыканскай культуры і самай дэмакратычнай ежай.


1910 год. Памёр Уладзіслаў Дыбоўскі.

Прыродазнавец, палеантолаг, фалькларыст.

Збіраў беларускі фальклор. У штогодніку «Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej» апублікаваў «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета», «Беларускія загадкі з Мінскай губерні».

Даследаваў выкапнёвыя рэшткі Усходняй Прыбалтыкі, Сібіры, флору i фаўну Навагрудчыны i іншых мясцін Расійскай імперыі.

За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў адседзеў у турме.


1922 год. У Бруселі заснаваны Міжнародны геаграфічны саюз.

Міжнароднае навуковае аб’яднанне географаў. Месца размяшчэння Сакратарыята – Дэлі, Індыя. Першы Міжнародны геаграфічны кангрэс прайшоў у 1871 годзе ў Антверпене.

Геаграфічны саюз аб’ядноўвае больш 88 краін.

7 сакавіка 2022 году прыпынена членства Рускага геаграфічнага таварыства з прычыны расійскай агрэсіі ва Украіну. Беларускае геаграфічнае таварыства – член Міжнароднага геаграфічнага саюзу з 1991 году.


1955 год. Нарадзіўся Барыс Лазука.

Мастацтвазнавец, педагог.

Даследчык беларускага мастацтва XVII–XVIII стагоддзяў, барока.

За­гад­чык ад­дзе­лу ста­ра­жыт­най бе­ларускай куль­ту­ры Ін­сты­ту­та мас­тацт­ва­знаў­ства, эт­на­гра­фіі і фальк­ло­ру НАН Беларусі, дырэктар Музею старажытнабеларускай культуры.

zviazda.by


1969 год. Памёр Яўхім Кіпель.

Педагог, дзеяч беларускай эміграцыі.

Член Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР, сакратар аддзелу прыроды і народнай гаспадаркі Інстытуту беларускай культуры.

Двойчы арыштоўваўся савецкімі органамі ўнутраных спраў. Быў фігурантам сфальсіфікаванай крымінальна-палітычнай справы «Саюзу вызвалення Беларусі». Рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988.

Аўтар кнігі ўспамінаў пра савецкія лагеры «З іхняга раю».

Стваральнік Аб’яднання беларускіх вязняў савецкіх лагераў.

Член Беларускага кангрэсавага камітэту Амерыкі. Публікаваўся ў беларускай эмігранцкай прэсе. Успаміны Яўхіма Кіпеля захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.


1990 год. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР.

Ініцыятыва належала Сойму Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне». За прыняцце Дэкларацыі прагаласавала 229 дэпутатаў.

25 жніўня 1991 году пасля спробы дзяржаўнага перавароту ў Савецкім Саюзе Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце набыла статус канстытуцыйнага закона і захоўвала юрыдычную сілу да 15 сакавіка 1994 году.

Ад 1991 да 1996 году галоўнае нацыянальнае свята – Дзень незалежнасці, быў прымеркаваны да даты прыняцця «Дэкларацыі». 

У 1996 году з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі быў праведзены рэферэндум, у выніку якога Дзень незалежнасці быў перанесены на 3 ліпеня.


2008 год. Памёр Валерый Міронаў.

Артыст, Народны артыст Беларусі.

Вядучы саліст Дзяржаўнага тэатру оперы і балета Беларусі, выканаўца роляў у шматлікіх пастаноўках «Князь-возера», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня».


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых інтэрнэт-рэсурсаў.