Цяперашні Магілёў – горад, дзе беларускую мову практычна немагчыма пачуць. Аднак і сярод магілёўцаў ёсць людзі, якія свядома выбіраюць яе для штодзённай камунікацыі.
У Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, выданне “МагілёўАнлайн” размясціла ў сваім Instagram чатыры гісторыі розных пакаленняў магілёўцаў, якія пастаянна карыстаюцца беларускай мовай.
Раман Бяцень: «Я проста зразумеў — трэба быць сабой»
Раману 35 гадоў. Ён працуе начным вартаўніком і дапаможным рабочым у бальніцы, перакладае з англійскай і свядома размаўляе па-беларуску. Асобнага “пераходу” не было — мова заўсёды была побач.
«Я з вёскі. Тут беларуская заўсёды побач, нават калі гэта трасянка. У 31 год проста зразумеў: размаўляць па-свойму — гэта натуральна», – кажа мужчына. Агрэсіі праз мову ён не сустракаў. Калі суразмоўца не разумее слова, то Раман проста тлумачыць або паўтарае па-руску. У доме ён адчувае падтрымку, а ў хаце няма “картошкі”, за тое ёсць бульба, цыбуля і бурак.
Юрась Ягораў: пакаленне, якое не баіцца
Юрасю амаль 18. Ён студэнт філфака БДУ і будучы настаўнік беларускай мовы. Свядома пачаў гаварыць раней за ўніверсітэт, прычым без аглядкі на асяроддзе.
«Зараз думаю пераважна па-беларуску. Калі трэба гаварыць па-руску, лаўлю сябе на тым, што пачынаю забываць словы», – распавядае маладзён. У Магілёве яго разумеюць. Часам здзіўляюцца, часам усміхаюцца, але часта падтрымліваюць. У ліцэі размаўляць на беларускай мове заахвочвалі, гісторыю Беларусі ён здаваў на ЦЭ па-беларуску, прычым адзін сярод выпускнікоў.
Юрась слухае беларускую музыку, чытае пераважна па-беларуску і раіць пачынаць паступова: з «дзякуй» у краме або наладаў тэлефона.
А ўвогуле Юрасю падабаецца рэакцыя навакольных, калі чуюць ад яго беларускае слова. «Але самае цікавае – рэакцыя людзей. Размаўляю па тэлефоне у грамадскім месцы i чую шэпат: “Ого, ён размауляе па-беларуску!” Мне гэта падабаецца. Няхай бачаць, што мова жывая», – кажа магілёвец
Кастусь Пражэеў: «Адказ адразу вымалёўваецца па-беларуску»
Кастусю амаль 55. Ён працуе ў службе аховы і прыйшоў да беларускай мовы ўжо дарослым чалавекам. «Паступова, пакрысе пачаў размаўляць. Цяпер думаю амаль толькі па-беларуску. Натуральна, без намаганняў», – сцвярджае мужчына. Паводле яго, адмоўных рэакцый было літаральна некалькі.
Кастусь цвярджае, што ў беларусаў ёсць асаблівы запыт на мову: «Калі пачаў размаўляць, здзівіўся, наколькі людзі прагнуць яе чуць. У аўтобусе, у крамах, на працы,
на вуліцы. Здзівяцца, усміхаюцца, імкнуцца падтрымаць. І ўсё гэта з такой цеплынёй,
па-добраму».
Дар’я Стагначова: летуценніца, якая не чакае 21 лютага
Дар’і 24. Яна рэпетытар англійскай мовы, піша вершы і вядзе TikTok. Год таму канчаткова перайшла на беларускую. «Лепш позна, чым ніколі. Беларуская была са мной заўсёды – проста чакала свайго часу», – кажа дзяўчына. Яна думае па-беларуску, бачыць сны на мове і адчувае падтрымку сям’і. Любімае слова – «летуценне». Яна марыць пра беларускамоўную Беларусь, і не толькі ў свята, а штодня: на шыльдах, у рэкламе, на вуліцах.
Па яе назіраннях, людзі 30+ лепш разумеюць беларускую, але адказваць на ёй імкнуцца не ўсе. Але для сябе ў гэтым яна праблемы даўно не бачыць. Цяпер магілёўчанка працуе на сябе, але і падчас таго, як працавала ў каледжы, беларуская
мова ні ў кога пытанняў не выклікала. Хіба што дакументы і арганізацыйныя пытанні часам вымушалі пераходзіць на рускую. Дома ў дзяўчыны – поўная падтрымка.
Дар’я сцвярджае, што моладзь не згубіла інтарэс да беларускай мовы. “Гэта відавочна. Але хочацца, каб мова была не толькі 21 лютага. Каб на вуліцах, на шыльдах, у рэкламе. Каб людзі працавалі і любілі родную мову заўсёды. Вось МАРГ нядаўна зрабіла акцыю “Кожная пятніца – роднае слова”. Гэта ж цудоўна! Яшчэ б так усюды», – кажа дзяўчына.
Тым, хто хоча пачаць, раіць малыя крокі: пераключыць мову ў тэлефоне, глядзець фільмы ў дубляжы, стварыць беларускамоўнае асяроддзе.






