Навіны пабрацімаў. У славацкім Бардзеёве паболела турыстаў. У рэгіёне спадзяюцца на аднаўленне дакавіднай дынамікі

У паўночна-ўсходняй Славакіі ўсе антыкавіданыя абмежаванні скасавалі ў канцы сёлетняга сакавіка. Практычна адразу турысты сталі наведваць рэгіён. Найбольш прывабнымі для іх сталі імпрэзы, забароненыя падчас пандэміі. Паболела наведнікаў у аквапарках, аздараўленчых цэнтрах, музеях і рэстаранах.


Бардзеёў – горад партнёр Магілёва з 18 сакавіка 1996 году. Насельніцтва крыху больш за 32 тысячы чалавек. Упершыню згадваецца ў 1247 году. У сярэднявеччы меў статус свабоднага каралеўскага гораду. У 1986 годзе быў уганараваны Еўрапейскай прэміяй за рэстаўрацыю гістарычных помнікаў і ўнесены ў спіс культурнай спадчыны UNESCO. Большасць насельніцтва праваслаўныя і грэка-каталікі.


Аднаўленне турыстычнага сезону праходзіць добра, кажуць ва ўстановах, найбольш папулярных у замежнікаў. Яны прызнаюць, што наведвальнасць яшчэ не дасягнула дапандэмійнага ўзроўню 2019 года, але, найгоршае для тураператараў мінула.

Наведванне нашых выставаў у Бардзеёве і на Бардзеёўскім курорце ад пачатку лета пачалося шматабяцальна, кажа супрацоўніца мясцовага Музею Шарыша.

Паводле яе, у першым паўгоддзі 2022 года гэтыя ўстановы наведалі 13 779 чалавек, з іх 7 819 прыйшлі ў чэрвені, што склала 57%. У той жа час, за першую палову мінулага году, калі два месяцы яны былі зачыненыя, наведалася толькі 4 607 чалавек.

«Да пандэміі мы зафіксавалі 18 698 наведнікаў у першай палове 2019 года. Мы лічым, што тэндэнцыя росту апошніх тыдняў не будзе парушана далейшымі абмежаваннямі», – спадзяецца суразмоўніца рэсурсу Puchov.virtualne.skz.

Супрацоўнікі турапэратараў адзначаюць станоўчую дынаміку правядзенні масавых імпрэзаў: кірмашоў, канцэртаў, кангрэсаў, карпаратываў, вяселляў ды тых жа выставаў.

 

“Вырасла на 40 працэнтаў”. На Магілёўшчыне фіксуюць рост хворых на каранавірус

За апошнія тры дні лабараторна пацверджаныя 40 выпадкаў захворвання на COVID-19.

У рэгіёне назіраецца рост хваробаў на рэспіраторныя інфекцыі. Яна выяўленая ў амаль 3,7 тысяч чалавек. Гэта на 10 працэнтаў больш, чым было на мінулым тыдні. Актывізавалася і захворванне COVID-19. За мінулыя 7 дзён яна вырасла на 40 працэнтаў. Статыстычных звестак афіцыйныя крыніцы не называюць.

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці Святлана Нячай запэўнівае, што «гэта не тыя лічбы, якія былі ў разгар распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі: за апошнія тры дні лабараторнае пацвярджэнне атрымалі 40 выпадкаў».

Святлана Нячай настойвае: сітуацыя застаецца кіраванай, комплексны падыход у барацьбе з хваробамі дае добрыя вынікі. Паводле яе «высокі працэнт прышчэпленых ад COVID-19 спрыяе разрыву эпідэміялагічных ланцужкоў, мінімізуе распаўсюджванне заражэння і яго клінічныя праявы».

«На сёння пацыенты з пацверджанай інфекцыяй аднаўляюць здароўе дома, знаходзячыся на амбулаторным лячэнні, і значна радзей маюць патрэбу ў шпіталізацыі. Нашмат радзей хворыя адзначаюць страту смаку і нюху», адзначае Святлана Нячай, словы якой падае рэсурс mycity.by.

Па яе словах, у вобласці прышчэплены больш за 221 тысячу чалавек, або амаль 33 працэнты – гэты тыя, хто прайшоў поўны курс вакцынацыі. Штодзень прышчэпку атрымліваюць больш як 5 тысяч жыхароў рэгіёну.

Днямі рост хворых на каранавірус прызнала Міністэрства аховы здароўя і параіла экстранна вакцынавацца.

«Мы бачым, што ўжо паціху выпадкі пачынаюць павялічвацца. І сітуацыя ў краінах вакол нас гэта паказвае. Каранавірус становіцца бліжэй да сезоннага. Чакаем, што ён будзе як і грып, але толькі будзе праходзіць крыху раней, чым грып», казала начальніца аддзелу гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

Паводле яе, беларуская медыцына падрыхтаваная да магчымай эпідэміі. Уздым захворванняў чакаецца ў верасні.

Пасля інтэрв’ю прадстаўніцы Міністэрства аховы здароўя каліва рэгіянальнай статыстыкі агучыла Святлана Нячай. 

Падчас актыўнай фазы пандэміі ў 2020 годзе звесткі пра сітуацыю з каранавірусам на месцах перасталі публікаваць. Дазнацца пра лічбы хворых было немагчыма. Міністэрства аховы здароўя публікавала агульныя дадзеныя па краіне. З іх праблематычна было зрабіць высновы пра маштаб эпідэміі. Паводле афіцыйных звестак ад наступстваў каранавіруса памерла больш за 7 тысяч беларусаў.

У Міністэрстве аховы здароўя прызнаюць рост хворых на каранавірус і раяць экстрэнна вакцынавацца

Як вынікае са слоў начальніцы аддзелу гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іны Карабан рост пакуль нязначны. Паводле яе, беларуская медыцына падрыхтаваная да магчымай эпідэміі. Уздым захворванняў чакаецца ў верасні.

Вядома, што ў Беларусі ўжо выяўлены амікрон-ніндзя, адзін са штамаў каранавірусу. У інтэрв’ю тэлеканалу «СТВ» Іна Карабан не падала статыстыкі адносна цяперашняга стану па захворванням, але прызнала, што назіраецца невялікі рост. Яна адзначыла, што «ніндзя» больш распаўсюджваецца ў ЗША і Еўропе і працякае там у лёгкай і сярэдняй ступені цяжкасці.

«Мы бачым, што ўжо паціху выпадкі пачынаюць павялічвацца. І сітуацыя ў краінах вакол нас гэта паказвае. Каранавірус становіцца бліжэй да сезоннага. Чакаем, як і грып, але толькі ён будзе крыху раней, чым грып» даводзіць  прадстаўніца Міністэрства аховы.

Паводле яе, за папярэднія 2,5 гады пандэміі беларуская медыцына напрацавала неабходны досвед барацьбы з каранавірусам. Падрыхтаваныя планы дзеянняў на выпадак эпідэміі і пры неабходнасці яны будуць карэктавацца ў залежнасці ад развіцця сітуацыі. Як зʼявіцца неабходнасць, будуць разгортвацца новыя ложкі ў больніцах.

Па словах Іны Карабан ратаваць беларусаў ад новых штамаў каранавірусу будуць расійскімі і кітайскімі вакцынамі, якія, паводле ўрадоўкі, засведчылі сваю эфектыўнасць. Як зʼявіцца неабходнасць, будуць выкарыстоўваць кубінскую вакцыну, якую нядаўна зарэгістравалі ў Беларусі.

Іна Карабан заклікае беларусаў тэрмінова вакцынавацца, каб пазбегнуць ускладненняў цяжкіх форм захворвання.

Пра тое, што наступная хваля каранавірусу надыдзе ў верасні, спрагназаваў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Ён запэўніваў, што апасацца эпідэміі не варта, бо «каранавірусная інфекцыя становіцца ўсё больш сезонным захворваннем», пісаў Магілёў.media.

фота з рэсурсу: bbc.com

У Магілёве ўзводзяць інфекцыйную больніцу. Калі ўлазіны – невядома

На пашпарце аб’екту радок з пазначэннем тэрміну завяршэння будаўніцтва новага інфекцыйнага корпусу Магілёўскай больніцы №1 не запоўнены. Адусутнічае на ім і дата пачатку будаўніцтва. Між тым, згодна з дзяржаўнымі стандартамі, на інфармацыйных стэндах павінны быць пазначаныя такія звесткі ў поўным аб’ёме. У адваротным выпадку, гэта парушэнне.

Узводзіць новы інфекцыйны корпус узяліся ў 2021 годзе. Тады праўладныя мас-мэдыі паведамлялі пра важнасць лякарні для гораду. Аднак, у сваіх публікацыях і яны пазбягалі адзначаць, калі ж будоўля завершыцца. 

Сёлета напярэдадні Дня гораду старшыня гарвыканкаму Ўладзімір Цумараў абмовіўся, што тое мае адбыцца ў 2022 годзе.

«У гэтым годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю інфекцыйны корпус Магілёўскай больніцы №1 і новы корпус Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера», – даклаў чыноўнік у інтэрвʼю «БелТА», якое перадрукаваў сайт Магілёўскага аблвыканкаму.

Варта заўважыць, што Цумараў ужыў слова «плануецца», абачліва пакінуўшы сабе шлях да адступлення.

Рашэнне пра будаўніцтва новага корпусу было прынята, калі пачалася пандэмія каронавірусу. Яна выявіла непадрыхтаванасць гарадской сістэмы аховы здароўя да маштабных інфекцыйных захворванняў. У 2020-2021 гадах уладам даводзілася перапрафіляваць лякарні і нават адмаўляцца ад планавага лячэння хворых.

Да таго ж, гарадская інфекцыйная больніца, пабудаваная ў 1960-х гадах, даўно маральна і фізічна састарэла. Паводле чыноўнікаў, гэтай лякарні адведзенае месца ў корпусе, які ўзводзіцца. 

Ён будзе разлічаны на 192 месцы. Абяцаюць, што якасць лячэння ў ім  значна ўзрасце. У корпусе падчас праектавання прадугледжаныя захады лячэння пацыентаў ва ўмовах маштабных эпідэміяў.

Пытанне, аднак – калі лякарню ўзвядуць. Будаўнікі толькі завяршылі мантажныя працы і пачалі аддзелку. Сумнеўна, каб да верасня, калі чакаюць уздым захворваньня на каранавірус, у корпусе адзначылі ўлазіны.

Пра тое, што наступная хваля каранавірусу надыдзе ў верасні, спрагназаваў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.  Ён запэўнівае, што апасацца эпідэміі не варта, бо «каранавірусная інфекцыя становіцца ўсё больш сезонным захворваннем», піша БелТА.

Пра адсутнасць небяспекі ад COVID-19 беларускія чыноўнікі гаварылі і ў 2020 годзе, калі свет, сутыкнуўшыся з гэтай інфекцыяй, не ведаў, як ёй даць рады. Да маштабнай эпідэміі Беларусь аказаліся не падрыхтванай, што абышлося ёй, паводле афіцыйнай інфармацыі,  у больш за 7 тысяч жыццяў беларусаў.