На Магілёўшчыне сітуацыя з рэспіраторнымі і кавід-інфекцыямі «дастаткова напружаная». Медыкі ў чаканні росту захворванняў

Штотыдзень фіксуецца павелічэнне колькасці хворых з рэспіраторнымі інфекцыямі да 10-15 працэнтаў, а з кавід-інфекцыямі да 40-50 працэнтаў.

«Сітуацыя застаецца дастаткова напружаная і мы ў чаканні чарговага ўздыму рэспіраторных інфекцыяў, у тым ліку і кавід-інфекцыяў» – кажа галоўны санітарны ўрач Магілёўскай вобласці Святлана Нячай у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 4 Магілёў».

Яна лічыць, што заўчасна, на дадзены момант, казаць пра кавід-інфекцыю, як сезоннае захворванне.

Па яе словах, захворвальнасць рэспіраторнымі інфекцыямі, у тым ліку кавід-інфекцыямі, нарастае.

«Па рэспіратарным гэта блізу 10-15 працэнтаў штотыднёва, па кавід-інфекцыі, па статыстыцы дыягностыкі, гэта лічба нават вышэй. Яна даходзіць да 40-50 працэнтаў за тыдзень. Але пры гэтым захворвальнасць у абсалютных лічбах даволі невялікая. Усё гэта гаворыць пра неабходнасць ужывання прафілактычных захадаў, аналагічна тым, якія выкарыстоўваліся і раней», – тлумачыць сітуацыю Святлана Нячай.

Яна адзначае, што актуальнай застаецца асабістая гігіена, а ў месцах, дзе немагчыма вытрымліваць сацыяльную дыстанцыю, трэба бараніць органы дыхання. Што да масачнага рэжыму, то, на погляд галоўнага санітарнага ўрача, яго будуць выкарыстоўваць кропкава.

Па словах Нячай, з канца верасня ў паліклініках будзе даступная вакцына супраць грыпу і вакцынацыя ад яго ў цяперашніх умовах дужа актуальная.

фота: belinstitute.com

“Вырасла на 40 працэнтаў”. На Магілёўшчыне фіксуюць рост хворых на каранавірус

За апошнія тры дні лабараторна пацверджаныя 40 выпадкаў захворвання на COVID-19.

У рэгіёне назіраецца рост хваробаў на рэспіраторныя інфекцыі. Яна выяўленая ў амаль 3,7 тысяч чалавек. Гэта на 10 працэнтаў больш, чым было на мінулым тыдні. Актывізавалася і захворванне COVID-19. За мінулыя 7 дзён яна вырасла на 40 працэнтаў. Статыстычных звестак афіцыйныя крыніцы не называюць.

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці Святлана Нячай запэўнівае, што «гэта не тыя лічбы, якія былі ў разгар распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі: за апошнія тры дні лабараторнае пацвярджэнне атрымалі 40 выпадкаў».

Святлана Нячай настойвае: сітуацыя застаецца кіраванай, комплексны падыход у барацьбе з хваробамі дае добрыя вынікі. Паводле яе «высокі працэнт прышчэпленых ад COVID-19 спрыяе разрыву эпідэміялагічных ланцужкоў, мінімізуе распаўсюджванне заражэння і яго клінічныя праявы».

«На сёння пацыенты з пацверджанай інфекцыяй аднаўляюць здароўе дома, знаходзячыся на амбулаторным лячэнні, і значна радзей маюць патрэбу ў шпіталізацыі. Нашмат радзей хворыя адзначаюць страту смаку і нюху», адзначае Святлана Нячай, словы якой падае рэсурс mycity.by.

Па яе словах, у вобласці прышчэплены больш за 221 тысячу чалавек, або амаль 33 працэнты – гэты тыя, хто прайшоў поўны курс вакцынацыі. Штодзень прышчэпку атрымліваюць больш як 5 тысяч жыхароў рэгіёну.

Днямі рост хворых на каранавірус прызнала Міністэрства аховы здароўя і параіла экстранна вакцынавацца.

«Мы бачым, што ўжо паціху выпадкі пачынаюць павялічвацца. І сітуацыя ў краінах вакол нас гэта паказвае. Каранавірус становіцца бліжэй да сезоннага. Чакаем, што ён будзе як і грып, але толькі будзе праходзіць крыху раней, чым грып», казала начальніца аддзелу гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

Паводле яе, беларуская медыцына падрыхтаваная да магчымай эпідэміі. Уздым захворванняў чакаецца ў верасні.

Пасля інтэрв’ю прадстаўніцы Міністэрства аховы здароўя каліва рэгіянальнай статыстыкі агучыла Святлана Нячай. 

Падчас актыўнай фазы пандэміі ў 2020 годзе звесткі пра сітуацыю з каранавірусам на месцах перасталі публікаваць. Дазнацца пра лічбы хворых было немагчыма. Міністэрства аховы здароўя публікавала агульныя дадзеныя па краіне. З іх праблематычна было зрабіць высновы пра маштаб эпідэміі. Паводле афіцыйных звестак ад наступстваў каранавіруса памерла больш за 7 тысяч беларусаў.