Магілёўшчына – лідар па захворванню на сухоты

Да Сусветнага дня барацьбы з сухотамі 24 сакавіка, Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, апублікаваў дадзеныя па гэтаму захворванню. 

Спецыялісты Цэнтра канстатуюць, што найбольш высокі ўзровень захворвання на сухоты  адзначаецца ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Ён перавышае сярэднерэспубліканскі паказчык. Пры гэтым, канкрэтных актуалізаваных дадзеных па захворваемасці Цэнтр не прыводзіць. 

Вядома, што ў дакавідны перыяд, паводле дадзеных за 2018 год паказчык захворваемасці складаў 24 чалавекі на 100 000 насельніцтва, тады было выяўлена 259 новых хворых (гэта дадаткова 2,4, або 10%, на 100 000), з якіх трое – дзеці. Найбольш праблемнымі ў той год былі Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі і Касцюковіцкі раёны. 

Па стану на 2023 год смяротнасць ад сухотаў у Магілёўскай вобласці за апошнія 10 гадоў знізілася на 84% і склала 1,2 на 100 000 жыхароў (у 2018 годзе – 2,9 на 100 тыс. жыхароў). 

Сухоты, якія вядомы са старажытнасці, застаюцца адной з вядучых прычын смяротнасці ад інфекцыйных хвароб у свеце. 

Нягледзячы на вялікія поспехі медыцыны ў дыягностыцы і лячэнні, хвароба займае 1-е месца па смяротнасці сярод інфекцыйных захворванняў. 

Прагназуецца, што ў выніку пандэміі COVID-19 істотна вырасце захворванне і смяротнасць ад сухотаў. Смяротнасць можа павялічыцца на 13%, што можа даць у свеце дадатковыя 1 400 000 ахвяр у 2022-2025 гадах.

Фота  з адкрытых крыніц.

Колькасць хворых на COVID-19 у Беларусі, верагодна, сягнула за мільён

Такую лічбу даюць матэматычныя мадэлі дынамікі захворвання ў краіне на каранавірус.

Хвароба нікуды не падзелася – штодня ў свеце рэгіструюцца дзясяткі тысяч новых хворых, сотні памерлых. Так, па стане на раніцу 7 лютага 2023 года у свеце колькасць захварэўшых склала 676 416 246 (за суткі +92 978). Памерлых 6 773 425 (+700 за суткі).

Нажаль, актуальнай статыстыкі па COVID-19 на Беларусі мы не ведаем. Яна не публікуецца. Недахоп інфармацыі заўсёды нараджае чуткі, плёткі і пэўны недавер да арганізацый, якія абавязаны даваць справаздачу перад выбаршчыкамі і жыхарамі краіны.

Апошняя статыстыка была абнародавана 5 ліпеня: 994 037 выпадкаў.  Гэтая ж лічба адлюстроўваецца і па стане на 8 лютага 2023 года. А 5 снежня 2022 года, міністр аховы здароўя Дз. Піневіч заявіў, што “колькасць хворых з COVID-19 не перавышае 3% ад пікавых лічбаў асенне-зімовага максімуму перыяду 2021-2022 года”. І больш ніякіх лічбаў, тым больш абсалютных.

Матэматычныя мадэлі з улікам 3% ад “пікавых лічбаў”, пра якія казаў Піневіч, даюць прырост хворых за перыяд з 5 ліпеня 2022 па 8 лютага 2023 года ад 8 720 да 17 794 хворых. Гэта азначае, што агульная лічба хворых можа скласці на сённышні момант ад 1 002 757 да 1 011 831 хворых.

Любая мадэль можа моцна адрознівацца ад рэальных лічбаў або ў адзін, або ў другі бок, тым больш пры недахопе ведаў пра апошнія трэнды.

Фотаздымак мае ілюстрацыйны характар

Мікалаеў: Смяротнасць перавысіла нараджальнасць амаль у 5 разоў. Закрасавалі пралескі

Смяротнасць толькі ў Карабельным раёне Мікалаева падчас вайны перавысіла нараджальнасць амаль у 5 разоў, паведамляе korabelov.info. Па астатніх раёнах горада статыстыка пакуль не апрацавана. 

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці. 

На працягу 2022 года ў раёне зарэгістравана 174 (у 2,3 разы менш, чым за 2021 год) нованароджаных і 852 (у 1,4 раза менш, чым за 2021 год) памерлых. Гэта азначае, што смяротнасць у 4,9 раза перавысіла нараджальнасць. Для параўнання: у 2021 годзе гэтыя суадносіны складалі 2,9, у 2020 годзе — 2,7.

Структура смяротнасці: хваробы сістэмы кровазвароту – 61,4%, злаякасныя новаўтварэнні –13,0%, траўмы, атручэнні і іншыя наступствы – 10,8%, хваробы органаў стрававання і інфекцыйныя хваробы  па 4,4%, хваробы органаў дыхання – 3,4%.

У Мікалаеве з-за анамальна цёплага надвор’я з 21 студзеня пачалі красаваць пралескі – пішуць мясцовыя СМІ.

Папярэдняе рэкордна ранняе красаванне было зафіксавана некалькі гадоў таму 29-30 студзеня. Сярэдняя тэмпература ў Мікалаеўскай вобласці ў студзені 2023 года на 5-6 градусаў перавышае абсалютны сярэдні максімум па шматгадовым назіранні.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Бітва паразітаў – свіны грып перамагае каранавірус у Беларусі і свеце

“Канкурэнцыя” інфекцый зменшыла для чалавецтва небяспеку кавіднага захворвання, але павялічыла магчымасць захварэць на грып.

У 2022 годзе Ўсходняя Еўропа, у тым ліку Беларусь, перажыла дзве хвалі каранавірусу – зімой і летам.  Выкліканы яны былі новым штамам – “амікронам”. Кожны раз рэгіянальныя ўлады абвяшчалі ўмацаванне масачнага рэжыму і рыхтавалі “чырвоныя зоны” у шпіталях. І раптам у снежні распачалася беспрэцэдэнтная за апошнія гады эпідэмія свінога грыпу. Эксперты на старонках forbes.ru разважаюць аб прычынах затухання пандэміі Covid-19 і адраджэння грыпу. 

Пачатак 2022 года быў вельмі цяжкім. Частата захворвання Covid-19 расла штодня. Новы штам віруса, які называўся “амікрон” аказаўся больш заразным за ранейшыя. Праўда, часцей за ўсё развіццё хваробы было прасцейшым, а смяротнасць ад яго стала ніжэйшай.

У ліпені-жніўні распачалася новая хваля каранавіруса. Да сярэдзіны жніўня колькасць выпадкаў была амаль такой жа, як і ў час самай высокай лістападаўскай хвалі 2021 года. Тым не менш, павелічэнне колькасці захворванняў ішло павольней і было не такім моцным.

А вось у канцы лістапада свіны грып і ВРВІ пачалі актыўна распаўсюджвацца.

Яны відавочна перамагаюць. На сёння сітуацыя нетыповая. За выключэннем кавідных гадоў такой высокай смяротнасці не было з 2012 года. Вучоныя не могуць растлумачыць яе нічым, акрамя грыпу. Умовы смяротнасці ад грыпу выглядаюць тым больш шакавальнымі, калі ўлічваць тое, што, паводле афіцыйных дадзеных, у сезоне 2020-2021 грыпу папросту не было.

Прычыны рэваншу грыпу і адступлення кавіду.

Навуковы дарадца Дзяржаўнага навукова-даследчага інстытута вакцын і сыроваткаў імя Мечнікава, акадэмік Віталь Звераў лічыць, што “нельга сказаць, што [у час Covid] зусім не было грыпу… Іншая справа, што яго было вельмі мала. Грып нікуды не падзеўся, ён будзе з чалавецтвам усё жыццё. Гэта звязана з тым, што, у адрозненне ад каранавірусу, вірус грыпу зараджае шырокі спектр жывёл”.

Малюнак, на думку экспертаў, вымалёўваецца наступны: калі каранавірус моцны, то грып слабы, і наадварот. Расійская статыстыка паказала, што калі прыйшоў Covid, у першы 2020-й год ён задушыў грып, у другім 2021 годзе грып вярнуўся да звычайных памераў, а зараз ходзіць незвычайны грып – самы моцны за шмат гадоў .

Усе гэтыя вірусы: ковід, грып і ВРВІ – антаганісты і паразіты. Іх паразітызм прадугледжвае існаванне ў хворым, але жывым арганізме. Інфекцыя, будучы паразітам, не імкнецца знішчыць арганізм, які яе, так бы мовіць, корміць. Смерць арганізма ад заражэння стратная для іх. Памерлы ад грыпу перастане чхаць і кашляць, а вірус, які яго забіў, застанецца ў трупе і таксама загіне.

У выпадку адначасовага заражэння некалькімі вірусамі верагоднасць смяротнага выніку павялічваецца. Таму прырода прадугледжвае такую ​​хітрасць: два вірусы не могуць заразіць адну клетку. Як толькі клетка заражана адным, то ўваход для іншых адразу закрываецца. Гэта робіцца з выкарыстаннем сістэмы інтэрферонаў – спецыяльных бялкоў, якія вырабляюцца ў адказ на ўварванне віруса, і якія блакуюць яго размнажэнне.

Закон эпідэмій

Прырода паклапацілася, каб пазбегнуць падвойнай інфекцыі. Згодна з законам эпідэміялогіі, калі нараджаецца інфекцыя, яна напачатку не ведае сваіх магчымасцяў, як і арганізм, дзе яна пасяляецца, таксама гэтага не ведае. Таму спачатку могуць узнікнуць цяжкія формы хваробы і смерці, а калі мы адаптуемся, адбіраецца менш агрэсіўны вірус. У выніку атрымліваецца зніжэнне як патагеннасці, так і смяротнасці, – лічаць навукоўцы.

Як кажуць эксперты, цяпер распаўсюджаны не той свіны грып, які быў выяўлены ў 2009 годзе і які выклікаў пандэмію. З ім здарылася тое ж самае, што і з Covid: напачатку ён быў агрэсіўным і смяротным, але ў канчатковым выніку таксама аслаб да звычайнага сезоннага грыпу.

Менавіта з гэтай прычыны эксперты лічаць, што ўсплёск захворванняў на каранавірус і грып у Кітае не паўплывае на сітуацыю ў Еўропе.

Сёння па планеце разгульваюцць адразу тры групы патагенных мікраарганізмаў: дзве монаінфекцыі, грып і кавід, якога ніхто не адмяніў, і каля двухсот розных рэспіраторных вірусаў, якія называюцца агульным тэрмінам “ВРВІ”.

Фота з адкрытых крыніц. 

На Магілёўшчыне новая ўспышка COVID-19 і грыпу H1N1?

У паліклініках горада велізарныя чэргі – паведамляюць нашы чытачы.

А вось афіцыйныя крыніцы сцвярджаюць пра зніжэнне захворваемасці. Так, намеснік галоўнага ўрача Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Булай паведаміла:  

– У Магілёўскай вобласці працягваюць рэгістраваццца лабараторна пацверджаныя выпадкі COVID-19 і грыпу H1N1. Сезонны рост захворваемасці на вострарэспіраторныя вірусныя інфекцыі назіраецца ў вобласці, але за апошні тыдзень адзначана зніжэнне тэмпаў прыросту захворваемасці. 

Вірус грыпу H1N1 мае некаторыя асаблівасці – адзначае Ала Булай. Яна звяртае ўвагу на такую характарыстыку, як здольнасць хуткага распаўсюджвання, акрамя таго, ёсць кантынгенты, якія найбольш схільныя да захворвання – гэта дзеці розных узроставых груп, але асабліва малодшага ўзросту; асобы 60 гадоў і старэйшыя, людзі з хранічнымі захворваннямі. 

Што да вакцыны супраць грыпа, то ў гэтым сезоне даступны ў магілёўскіх паліклініках прэпарат уключае ў сябе штам H1N1 і вірус грыпу А і В.

Наш каментар. На жаль Ала Булай не прывяла статыстыку па каронавірусу і грыпу ў Магілёўскай вобласці.  Нам вядома толькі бягучая статыстыка па каранавірусе па краіне ў цэлым на 24 снежня 2022 года. 

Па колькасці заражэнняў 994037 (10,5% насельніцтва) каронавірусам Беларусь займае 74-75 радкі ў сусветным рэйтынгу захворваемасці. У свеце ахоп хворымі крыху ніжэйшы за нацыянальны паказчык – каля 9% зямлян. У Беларусі смяротных  выпадкаў па каронавірусу 7118 (0,7%), у свеце – 8,6% 

Трэба прызнаць, што беларускія лічбы вельмі прыкладныя, бо ў цяперашні час, на працягу паўгода, урадавыя арганізацыі не падаюць афіцыйную інфармацыю аб колькасці асоб, якія захварэлі, выздаравелі, памерлі ад COVID-19 на працягу сутак.

Наша даведка. Тым часам, у свеце агульная колькасць пацверджаных выпадкаў захворвання каранавірусам расце: 17 снежня яна склала лічбу 647,9 мільёнаў чалавек, пра што паведамляла Сусветная арганізацыі аховы здароўя, у суткі назіраўся прырост амаль на 800 000 чалавек. Але за тыдзень сітуацыя крыху палепшылася і на 24 снежня сутачны прырост знізіўся да 750 000. Зараз на планеце хворых на COVID-19 661 мільён.  На сёння  ад інфекцыі памерла ўжо каля 6,7 мільёнаў чалавек.