Мікалаеў: Смяротнасць перавысіла нараджальнасць амаль у 5 разоў. Закрасавалі пралескі

Смяротнасць толькі ў Карабельным раёне Мікалаева падчас вайны перавысіла нараджальнасць амаль у 5 разоў, паведамляе korabelov.info. Па астатніх раёнах горада статыстыка пакуль не апрацавана. 

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці. 

На працягу 2022 года ў раёне зарэгістравана 174 (у 2,3 разы менш, чым за 2021 год) нованароджаных і 852 (у 1,4 раза менш, чым за 2021 год) памерлых. Гэта азначае, што смяротнасць у 4,9 раза перавысіла нараджальнасць. Для параўнання: у 2021 годзе гэтыя суадносіны складалі 2,9, у 2020 годзе — 2,7.

Структура смяротнасці: хваробы сістэмы кровазвароту – 61,4%, злаякасныя новаўтварэнні –13,0%, траўмы, атручэнні і іншыя наступствы – 10,8%, хваробы органаў стрававання і інфекцыйныя хваробы  па 4,4%, хваробы органаў дыхання – 3,4%.

У Мікалаеве з-за анамальна цёплага надвор’я з 21 студзеня пачалі красаваць пралескі – пішуць мясцовыя СМІ.

Папярэдняе рэкордна ранняе красаванне было зафіксавана некалькі гадоў таму 29-30 студзеня. Сярэдняя тэмпература ў Мікалаеўскай вобласці ў студзені 2023 года на 5-6 градусаў перавышае абсалютны сярэдні максімум па шматгадовым назіранні.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».