Набыццё новых машын хуткай дапамогі паказала бядотны стан аўтапарка медыцынскіх устаноў Магілёўшчыны

У пятніцу ў Магілёве ўрачыста перадалі ключы ад новых 44-ох аўтамабіляў установам аховы здароўя вобласці. Пампезная імпрэза паказала рэальны жахлівы стан машыннага парку сістэмы.

Кожны раён вобласці атрымаў па адной новай машыне хуткай дапамогі. І гэта выдатны паказчык, бо, як сведчаць афіцыйныя дзяржаўныя рэсурсы, у папярэднія гады закуплялася толькі па 18 аўтамабіляў на ўсю вобласць, а спісваць было неабходна 10% – а гэта 60 машын штогод.

У Магілёве застанецца 20 адзінак новых аўтамабіляў, якія і тут крайне неабходныя, бо працуюць для дапамогі не толькі жыхарам горада але і ўсёй вобласці. Машыны працуюць у тры змены і праз 5 гадоў эксплуатацыі ўжо маюць 100% знос.

Па словах галоўнага ўрача Абласной дзіцячай бальніцы Магілёва Ігара Каско, перадача двух рэанімабіляў ва ўстанову стала велізарнай падзеяй для лекараў:

– Гэтыя машыны дазволяць нам замяніць існуючыя. Сёння гэта надзвычай неабходна, важна і своечасова, таму што старое абсталяванне мае 700-800 тысяч кіламетраў прабегу.

Варта сказаць, што аўтапарк рэгіёна складае каля 600 аўтамабіляў, якія маюцца ў кожнай медыцынскай амбулаторнай клініцы. Паколькі транспарт пастаянна зношваецца (да 10% штогод), заўжды маецца вострая патрэба набыцця падобнай тэхнікі. Пры падобнай нагрузцы штогод павінна набывацца 60 аўтамашын, а ў сёлетнім рэкордным годзе плануецца набыць толькі 50. Гэта больш за леташнія 18, але ўсё роўна замала.

Кіраўнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў падзякаваў за тое, што ў 2023 будзе набыта больш за 50 адзінак транспарту, ключы ад першых 44-х з якіх былі перададзены сёння. З іх 38 аўтамабіляў медыцынскай дапамогі, 5 машын хуткай медыцынскай дапамогі (2 з іх рэанімабілі) і адзін мабільны медыцынскі комплекс.

Выступенні медыкаў на імперэзе перадачы новай тэхнікі былі поўныя падзяк абласному кіраўніцтву і прыхаваных просьбаў. Яны не крытыкавалі напрасткі, але апісвалі рэальныя патрэбы сістэмы хуткай дапамогі.

Так, медыкі з аднаго боку адзначылі, што ніколі не было такога вялікага абнаўлення аўтамабільнага парку ў рэгіёне, што нарэшце абласны выканаўчы камітэт пачаў вяртаць даўгі медыцыне. Але з іншага, яны ж паказвалі, што нават для простага аднаўлення аўтапарку медычных устаноў вобласці гэтага ўсё роўна недастаткова. З улікам недапаставак мінулых гадоў, машын павінна набывацца нават не па 60 у год, а яшчэ болей.

Фота з адкрытых крыніц

У Магілёве ўзводзяць інфекцыйную больніцу. Калі ўлазіны – невядома

На пашпарце аб’екту радок з пазначэннем тэрміну завяршэння будаўніцтва новага інфекцыйнага корпусу Магілёўскай больніцы №1 не запоўнены. Адусутнічае на ім і дата пачатку будаўніцтва. Між тым, згодна з дзяржаўнымі стандартамі, на інфармацыйных стэндах павінны быць пазначаныя такія звесткі ў поўным аб’ёме. У адваротным выпадку, гэта парушэнне.

Узводзіць новы інфекцыйны корпус узяліся ў 2021 годзе. Тады праўладныя мас-мэдыі паведамлялі пра важнасць лякарні для гораду. Аднак, у сваіх публікацыях і яны пазбягалі адзначаць, калі ж будоўля завершыцца. 

Сёлета напярэдадні Дня гораду старшыня гарвыканкаму Ўладзімір Цумараў абмовіўся, што тое мае адбыцца ў 2022 годзе.

«У гэтым годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю інфекцыйны корпус Магілёўскай больніцы №1 і новы корпус Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера», – даклаў чыноўнік у інтэрвʼю «БелТА», якое перадрукаваў сайт Магілёўскага аблвыканкаму.

Варта заўважыць, што Цумараў ужыў слова «плануецца», абачліва пакінуўшы сабе шлях да адступлення.

Рашэнне пра будаўніцтва новага корпусу было прынята, калі пачалася пандэмія каронавірусу. Яна выявіла непадрыхтаванасць гарадской сістэмы аховы здароўя да маштабных інфекцыйных захворванняў. У 2020-2021 гадах уладам даводзілася перапрафіляваць лякарні і нават адмаўляцца ад планавага лячэння хворых.

Да таго ж, гарадская інфекцыйная больніца, пабудаваная ў 1960-х гадах, даўно маральна і фізічна састарэла. Паводле чыноўнікаў, гэтай лякарні адведзенае месца ў корпусе, які ўзводзіцца. 

Ён будзе разлічаны на 192 месцы. Абяцаюць, што якасць лячэння ў ім  значна ўзрасце. У корпусе падчас праектавання прадугледжаныя захады лячэння пацыентаў ва ўмовах маштабных эпідэміяў.

Пытанне, аднак – калі лякарню ўзвядуць. Будаўнікі толькі завяршылі мантажныя працы і пачалі аддзелку. Сумнеўна, каб да верасня, калі чакаюць уздым захворваньня на каранавірус, у корпусе адзначылі ўлазіны.

Пра тое, што наступная хваля каранавірусу надыдзе ў верасні, спрагназаваў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.  Ён запэўнівае, што апасацца эпідэміі не варта, бо «каранавірусная інфекцыя становіцца ўсё больш сезонным захворваннем», піша БелТА.

Пра адсутнасць небяспекі ад COVID-19 беларускія чыноўнікі гаварылі і ў 2020 годзе, калі свет, сутыкнуўшыся з гэтай інфекцыяй, не ведаў, як ёй даць рады. Да маштабнай эпідэміі Беларусь аказаліся не падрыхтванай, што абышлося ёй, паводле афіцыйнай інфармацыі,  у больш за 7 тысяч жыццяў беларусаў.