Лілеі пад два метры ростам і цыбуліна на паўкіло – асіповіцкія агароднікі дзеляцца рэкордамі

Памідор на 1,5 кг сёлета вырасціў на сваім лецішчы жыхар Асіповічаў Валерый Доўнар – піша “Асіповіцкі край”.

Гэты паказчык – блізкі да нацыянальнага рэкорда, але на Магілёўшчыне збіралі таматы і большай вагі – расказвалі mogilev.media. Так, жыхарка Чавус вырасціла памідор на кіло шэсцьсот. 

А вось дрэвападобныя лілеі ў агародзе Лідзіі Жырнікавай з Асіовічаў перасягнулі ўсе чаканні. Два метры ростам.

Добры ўраджай цыбулі атрымала Ірына Цішурова. Сёлета яна паспрабавала вырасціць гэту культуру з насення. Клопатаў з ёй было нямала, але вынік прыемна ўразіў: вялікія, залацістыя, амаль адна ў адну цыбуліны вагою ў паўкіло.

Кабачок даўжынёй 100 сантыметраў і вагой 3,5 кілаграмы вырасціла Вікторыя Дварэцкая. І гэта не гародніна-пераростак, якая доўга чакала свайго часу на градцы. Кабачок гатунку “кобра” насамрэч павінен быць вялікім. Цікава тое, што пры такіх памерах гародніна мае мяккую лупіну і мякіш амаль без зярнятак.

Фота: “Асіповіцкі край”

Пенсіянерам і дачнікам дазволілі падзарабіць. Нязвыкла шмат гандляроў свойскай прадукцыі сабралася ля цэнтральнага рынку Магілёва

Імправізаваныя гандлёвыя рады захапілі не толькі вуліцу Ціміразеўскую, на якой размешчаны рынак, але і суседнюю Першамайскую. Людзі прадаюць вырашчаную на сваіх палетках садавіну і гародніну, а таксама сабраная ў лесе грыбы ды ягады. Па колькасці тавару бачна, што ўсё гэта ўрадзіла.

Гараджане адзначаюць, што на прылеглай да рынку мясціне няма міліцэйскіх нарадаў, якія разганяюць у іншыя дні гандляроў. Расклееныя тут абвесткі папярэджваюць аб адміністрацыйнай адказнасці за гандаль у нявызначаным месцы.

Сярод гандляроў пераважаюць пенсіянеры. На прынесеных з сабою ўслончыках, ці сканструяваных на месцы лаўках, сядзяць і маладзейшыя іх калегі. Твары ўва ўсіх стомленыя, а ў вачах мальба да мінакоў, каб тыя чаго купілі.

Адзначыць Мядовы спас, асвяціўшы харчы, ля тутэйшай царквы сабралося багата праваслаўных вернікаў. Гандляры ля рынку і грамада ля бажніцы ажывілі цэнтр Магілёва ў выхадны дзень. Гараджане заўважаюць, што супрацоўнікі міліцыі назіраюць за абстаноўкай, але не ўмешваюцца ў гарадское дзейства, бо свята ж.