Вада ідзе – Друць затапіла дарогу ў Магілёўскім раёне, яна зачынена

29 сакавіка апасля абеду выявілася, што пры пад’ёме вады на рацэ Друць адбылося падтапленне ўчастка ў 10 метраў дарогі каля аўтамабільнага моста каля в. Гарадзішча Магілёўскага раёна – паведамляе абласное упраўленне надзвычайных сітуацый.

Мост размешчаны на аўтамабільнай дарозе Семукачы–Гарадзішча.

Праезд па дарозе перакрыты. Пад’езд да в. Гарадзішча ажыццяўляецца па аб’язной дарозе праз Бялыніцкі раён па трасе М-4.

Амаль паўтара дзясяткі помнікаў археалогіі на Магілёўшчыне пазбаўлены аховы

14 помнікаў Асіповіцкага, Бабруйскага, Бялыніцкага і Мсціслаўскага раёнаў выключаны са Спісу помнікаў і фактычна прызнаны страчанымі.  

Пастановай Міністэрства культуры на падставе рашэння Навукова-метадычнай рады ў студзені 2023 года шэраг помнікаў археалогіі рэгіёна – найперш курганы ды курганныя могільнікі, а таксама адно гарадзішча – пазбаўлены ахоўнага статусу.

У Беларусі помнікі гісторыі і культуры, у тым ліку археалогіі, знаходзяцца на асаблівым палажэнні і могуць быць выключаны з Дзяржаўнага спісу пры наяўнасці заключэння аб іх поўным вывучэнні і толькі па рашэнні Міністэрства культуры. Такая высокая ступень аховы павінна забяспечваць захаванасць помнікаў ад знішчэння. 

І вось Міністэрства вырашыла вельмі спецыфічна ахоўваць археалагічную спадчыну вобласці – выключыць помнікі з ахоўнага спісу. У Асіповіцкім раёне выключана найбольшая колькасць помнікаў – 9, у Бабруйскім – 2, у Бялыніцкім – 1, у Мсціслаўскім – 2. 

Абвінавачванне ў знішчэнні гісторыка-культурнай спадчыны ў адрас Міністра культуры А. Маркевіча будуць па-чалавечы зразумелыя, але горкая праўда заключаецца ў тым, што дэ факта пастанова прызнае існуючы стан рэчаў. З-за нездавальняючай аховы амаль усе гэтыя курганы ўжо знішчаны ў ранейшыя або цяперашнія часы. Іх папросту няма. Часам спецыялісты  не могуць нават знайсці месца, дзе раней быў курган. 

У дадзенай сітуацыі археолагаў і краязнаўцаў заўсёды найбольш бянтэжыць выключэнне гарадзішчаў, бо той жа вал ці роў – гэта элементы фартыфікацыйнага дойлідства. І таму пры поўным вывучэнні археалагічнага пласта яны працягваюць мець гісторыка-архітэктурную вартасць, і было б лагічна захоўваць іх як помнікі гісторыі, а не проста выкідаць са Спісу. 

Адзінае ліквідаванае ў пастанове гарадзішча І тыс. г. нашай эры знаходзіцца каля вёскі Лютня на 0,3 км на захад ад вёскі на беразе ракі Суточка.  Як можна было непрыкметна знішчыць цэлае гарадзішча – незразумела. 

На вялікі жаль, адсутнасць рэальнай сістэмы аховы помнікаў археалогіі пры іх фармальнай юрыдычнай абароне дазваляе думаць, што гэтая пастанова Савета Міністраў будзе не апошняй. І яшчэ шмат археалагічных помнікаў будзе выведзена са спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Палымяныя абяцанні некаторых магілёўскіх парламентарыяў пра тое, што распрацоўка сістэмы абароны помнікаў, найперш археалогіі – іх галоўнае перадвыбарчае абяцанне народу, так і застаецца пустым гукам. 

Фота з адкрытых крыніц.

“Знаходка здзівіла” – дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі пра артэфакт з княскім знакам Ізяслава

Донца гаршчка з гербам князя Ізяслава было знойдзенае 13 жніўня на раскопках мінскага гарадзішча. Пра сенсацыйны артэфакт паведаміў стваральнік музею “Стары Менск” Глеб Лабадзенка.

“Сенсацыя на раскопках у Старым Менску – знойдзена донца гаршка з асабістым гербам князя Ізяслава – то бок, гэта канец Х – пачатак ХІ ст., аналагаў няма, гэта першая такая знаходка ў Беларусі!” – напісаў Лабадзенка ў Фэйсбуку. Ягоны допіс падаваў Магілёў.media.

Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза прызнаецца “знаходка нас здзівіла, таму што гэты сімвал – трызубец, які ўдалося інтэрпрэтаваць як асабісты княскі знак Ізяслава – сына Рагнеды і князя Уладзіміра Святаслававіча”. 

“Вядомы факт, што пасля канфлікту Уладзімір выслаў Рагнеду з сынам на радзіму, але невядома, куды менавіта. Лічылася, што ў Заслаўе. Дарэчы, герб гэтага горада паўтарае знойдзены сімвал. Але ў Заслаўі не знаходзілі падобных знакаў. Знаходка можа сведчыць аб тым, што гэтыя тэрыторыі маглі быць аддадзены Кіевам князю Ізяславу і ўвайшлі ў Полацкае княства ў канцы 10 – пачатку 11 стагоддзя”, цытуе Вадзіма Лакізу выданьне “СБ. Беларусь сегодня”.

Раскопкі гарадзішча на рацэ Менка пачалі з пачатку лета. Паводле Вадзімы Лакізы гэтая мясціна – ўнікальны гісторыка-культурны комплекс ды археалагічны аб’ект для краіны. 

“Найважнейшы для разумення гісторыі беларускай дзяржаўнасці” – адзначае ён. 

Рагвалод, Рагнеда, яе сын Ізяслаў – летапісныя легенды беларускай гісторыі. Кіеўскі князь Уладзімір забіў Рагвалода, бацьку Рагнеды, і гвалтам зрабіў яе жонкай. Яна спрабавала яго забіць, калі дазналася, што ён хоча ажаніцца з іншай. 

Ейнага сына Ізяслава, які за матчыны крыўды кінуўся быў на бацьку з кінжалам, Полацк прызнаў за свайго валадара і так аднавілася полацкая дынастыя Рагвалодавічаў. Другі яе сын Яраслаў, вядомы як Мудры, княжыў у Кіеве.

Сенсацыя. Знойдзены артэфакт з асабістым гербам князя Ізяслава

Донца гаршка з гербам князя Ізяслава знойдзенае на раскопках мінскага гарадзішча. Пра сенсацыйную знаходкі паведаміў стваральнік музею Стары Менск» Глеб Лабадзенка.

У Фэйсбуку ён напісаў што аналагаў такому артэфакту няма.

“Сенсацыя на раскопках у Старым Менску – знойдзена донца гаршка з асабістым гербам князя Ізяслава – то бок, гэта канец Х – пачатак ХІ ст., аналагаў няма, гэта першая такая знаходка ў Беларусі!”

“Што яна можа значыць, трошку пазней у каментары археолага” – паведаміў Глеб Ладзенка і запрасіў – “тэрмінова ў музей Стары Менск – бліжэйшыя дні знаходка выстаўленая для агляду турыстаў!”

Ізяслаў – сын Рагнеды і Уладзіміра Святаславіча, дзед полацкага князя Усяслава Чарадзея, які кіраваў у Ізяслаўлі (цяпер Заслаўе), куды была адаслана Рагнеда. Трызуб Ізяслава стаў гербам Заслаўя.