У Ходасах з апломбам адзначылі 100-годдзе, прамахнуўшыся на чатыры месяцы

Стагоддзе стварэння Ходасаўскага сельскага савета з размахам адзначылі ў аграгарадку на Мсціслаўшчыне. Было шмат афіцыйных прамоваў, шашлыкі, феерверк і адкрыццё даволі трапнага арт-аб’екта – зварной канструкцыі, падобнай на Беларусь, складзенай з металічных кратаў. Як можна пабачыць на памятнай шыльдзе, усталяванай побач, сваё стагоддзе Ходасаўскі сельсавет сапраўды адзначае сёлета, праўда, амаль праз чатыры месяцы – 26 верасня. Прычыну такой незвычайнай спешкі не патлумачылі нічым. А вось загадку стварэння арт-аб’екта з турэмнымі асацыяцыямі расшыфравала старшыня раённай Рады дэпутатаў Алена Клеянкова:
– Гэты арт-аб’ект – адзін з праектаў, створаных дэпутатамі, прадстаўнікамі выканаўчай улады.
Ходасы
У гэтым спалучэнні красамоўным выглядае ўсё запар – і тое, што творчую задачу тут вырашаюць чыноўнікі замест мастакоў, і тая прамата, з якой яны рэпрэзентуюць нашу краіну.

Фота: “Святло Кастрычніка”

Мары здзейсніліся: дамамі па 42 рублі ўжо гандлююць на Магілёўшчыне

Чарговы этап адраджэння вёскі на Магілёўшчыне: продаж раней закінутых дамоў.

За трыццаць гадоў дзеяння праграмы па адраджэнні вёскі закінутых дамоў на той самай вёсцы стала столькі, што чыноўнікі ўжо не ведаюць, што з імі рабіць. Прынята рашэнне прадаваць дамы па 42 рублі.

Народ спакушаюць тым, што разам з дамамі ідуць зямельныя ўчасткі і ёсць магчымасць вырашыць – жыць у развалюхах, ці будаваць новае жыллё.

Бяда ў тым, што дамы закінутыя не выпадкова, а па вельмі важкіх прычынах: адсутнасць дарог, крамаў, школ і нармальных прадпрыемстваў паблізу.

Варта таксама ўлічваць, што, купіўшы такі бясплатны сыр у мышалоўцы, вы апыняецеся ў поўнай уладзе сельвыканкамаў, якія адразу прыйдуць замяраць вышыню травы, правяраць, ці не паліце вы лісце на агародзе, і абавязкова прыцягнуць вас да добраўпарадкавання чагосьці.

Таму прывабная цана – не больш чым пастка для дурняў, кім сваіх грамадзян і лічаць беларускія ўлады.

Фота: дом у вёсцы Гарадзішча Магілёўскай вобласці.