Сенсацыя. Знойдзены артэфакт з асабістым гербам князя Ізяслава

Донца гаршка з гербам князя Ізяслава знойдзенае на раскопках мінскага гарадзішча. Пра сенсацыйную знаходкі паведаміў стваральнік музею Стары Менск» Глеб Лабадзенка.

У Фэйсбуку ён напісаў што аналагаў такому артэфакту няма.

“Сенсацыя на раскопках у Старым Менску – знойдзена донца гаршка з асабістым гербам князя Ізяслава – то бок, гэта канец Х – пачатак ХІ ст., аналагаў няма, гэта першая такая знаходка ў Беларусі!”

“Што яна можа значыць, трошку пазней у каментары археолага” – паведаміў Глеб Ладзенка і запрасіў – “тэрмінова ў музей Стары Менск – бліжэйшыя дні знаходка выстаўленая для агляду турыстаў!”

Ізяслаў – сын Рагнеды і Уладзіміра Святаславіча, дзед полацкага князя Усяслава Чарадзея, які кіраваў у Ізяслаўлі (цяпер Заслаўе), куды была адаслана Рагнеда. Трызуб Ізяслава стаў гербам Заслаўя.

Цяжкая інтэлектуальная праца без адпачынку можа забруджваць мозг таксінамі – даследаванне

Адпачынак і сон – класічныя сродкі лекавання ад стамлёнасці, якая вядзе да таксічнага атручвання мозгу.

Навукоўцы з Універсітэту шпіталя Піціе-Салпетрыеры ў Парыжы правялі эксперыменты, вынікі якіх вы абавязкова павінны паказаць свайму начальству.

Даследчыкі прыйшлі да высновы, што падчас інтэнсіўных кагнітыўных намаганняў (намаганні па спасціжэнні складаных для пазнання задач) мозг чалавека рызыкуе атрымаць таксічнае атручванне.

Карыстаючыся тэхнікай магнітна-рэзананснай спектраскапіі яны выявілі, што падчас працоўнага дня ў кары і падкорцы галаўнога мозга праяўляецца актыўнасць метабаліта глутамата, які выконвае функцыі ўзбуджальніка.

Функцыя гэтага рэчыва неабходная для забеспячэння жыццядзейнасці нервовай сістэмы, але яго ўздзеянне павінна жорстка кантралявацца. Калі ён у вялікіх колькасцях будзе прысутнічаць унутры нервовых клетак, то можа трапіць у міжклеткавую прастору. Тое прывядзе да парушэння тонкага балансу мазгавых сігналаў. Могуць запаволіцца працэсы перадачы інфармацыі, а ў цяжкіх выпадках гэта можа выклікаць таксічнасць.

Даследаванні паказалі, што глутамат мае тэндэнцыю накоплівацца ў адказ на цяжкую, альбо стрэсавую працу, а яго перавышэнне зробіць кагнітыўную функцыю занадта рэсурсазатратнай для мозга. У выніку мозг будзе схільны выбіраць найменш абцяжарвальныя рашэнні, што з’яўляецца адной з прыкмет разумовай стамлёнасці.

“Адпачынак і сон!” – менавіта такія класічныя рэцэпты названыя найбольш верагоднымі сродкамі лекавання гэтай стамлёнасці. Існуюць пераканаўчыя доказы, што глутамат выводзіцца з сінапсаў падчас сну.

фота: Kiyoshi Takahase Segundo / Alamy

«Дапамог бюджэту». Магілёвец цягнуў на радзіму 20 тон расійскай цыбулі і збіраўся на ёй абагаціцца

Кошт кантрабанднага тавару ацэнены ў 38,7 тысяч рублёў. Кантрабандыста аштрафавалі на 160 рублёў, а цыбулю канфіскавалі.

«Падатковая інспекцыя па Гомельскай вобласці і Гомельская мытня ўстанавілі жыхара Магілёва, які, не з’яўляючыся індывідуальным прадпрымальнікам, увёз з Расіі ў Беларусь 20,3 тон рэпчатай цыбулі», піша БелТА, спасылаючыся на прадстаўніцу падатковай інснэкцыі Таццяну Жылінскую.

Буйную партыю цыбулі на суму 38,7 тысяч рублёў магілёвец збіраўся прадаць.

Фота ілюстрацыйнае

Навіны пабрацімаў. На Днепрапятроўшчыне пад расійскімі абстрэламі намалочана 2 мільёны тон збожжа. Што кажуць украінскія аграрыі пра сельскагаспадарчыя перспектывы

Эксперты адзначаюць, што сёлета ва Ўкраіне выспеў неблагі ўраджай. Нягледзячы на вайну, аграрыі, пераадольваючы цяжкасці, спраўляюцца са жнівом. Яны ўскладаюць усе свае спадзяванні на разблакаванне партоў. Гэта пытанне выжывання іхнага бізнесу, як сродку іх асабістага выжывання. Яны наракаюць, што сёлета даводзіцца за бесцань прадаваць збожжа.

storage.agravery.com

22 ліпеня ў Стамбуле было падпісана пагадненне аб разблакаванні ўкраінскіх партоў для экспарту збожжа і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі. На 11 жніўня праз гуманітарныя марскія калідоры з Украіны было вывезена каля 375 тысяч тон збожжа. Гэтага пакуль замала, каб аграрыі ўгледзелі хоць нейкія перспектывы для сябе, але сам факт абнадзейвае.

 


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


 

На Днепрапятроўшчыне горад Каменскае пабрацім Бабруйску. Нягледзячы на тое, што сельская гаспадарка гэта не горад Магілёў.media наважыўся напісаць пра жніво пад абстрэламі.

Пра тое, што на Днепрапятроўшчыне ўжо намалот зерневых сягнуў больш за два мільёны тон паведаміў старшыня абласной рады Мікола Лукашук. Паводле яго ў рэгіёне, які знаходзіцца пад пастаянным абстрэлам расійскіх войск запланавана сабраць 3 мільёнаў. Цяпер жніво выходзіць на фінішную прамую, адзначае чыноўнік.

sobitie.com.ua

«Нават ва ўмовах вайны нашы аграрыі працуюць па графіку. Іх можна лічыць сапраўднымі героямі», – піша Мікола Лукашук у сваім тэлеграм-канале.

Ва Ўкраіне сёлета плануюць намалаціць 65 мільёнаў тон збожжавых і алейных. Гэта на 30% менш, чым леташні ўраджай, але вышэйшы за сярэднестатыстычны за апошнія пяць гадоў.

Тым не менш, з-за блакіравання партоў і занізкіх коштаў на прадукцыю ўнутры краіны фермеры вымушаныя прадаваць збожжа практычна за бясцэнак – у некалькі разоў танней сусветных цэн на такую прадукцыю.

s.mind.ua

Эксперты мяркуюць: калі парты не разблакуюць для экспарту збожжа, многія аграрныя прадпрыемствы проста знікнуць, а наступная пасяўная будзе пад вялікім пытаннем, піша выданне «Vesti.ua».

«Цяпер з-за ваенных дзеянняў, страты часткова акупаваных тэрыторый і замініраваных палёў, мы не змаглі зрабіць паўнавартасную працу па яравых. Але вынікі аказаліся нават лепшымі, чым мы чакалі, таму ў цэлым прагноз па збожжавых – у раёне 65 млн тон. Гэта добры паказчык, улічваючы цяперашнюю сітуацыю», – кажа намеснік кіраўніка Усеўкраінскага аграрнага савету Дзяніс Марчук.

Ён падкрэслівае, што Ўкраіна галадаць сапраўды не будзе.

Паводле яго, «ключавое пытанне – нарасціць экспарт у кантэксце тых лагістычных маршрутаў, якія ёсць: гэта чыгуначны, аўтамабільны і рачны транспарт. І, вядома ж, вялікія надзеі аграрыі ўскладаюць на дэблакаду партоў».

«Закрытыя парты робяць немагчымым экспарт і ціснуць на кошты ўнутры краіны, – гэта вялікая праблема», – адзначае адзін з фермераў.

Яшчэ адзін фермер кажа, што збожжа купляюць у сельгасвытворцаў па цэнах 5-6 гадоў даўнасці.

s.mind.ua

«Зразумела, што вайна, але чаму выраслі кошты на паліва, аліву, угнаенні ў 5-6 разоў», — дзівіцца ён.

Па словах фермераў, у многіх аграрнікаў скончыліся абаротныя сродкі і яны вымушаныя прадаваць за бясцэнак ураджаі.

«У каго ёсць магчымасць захоўваць і хто мае адпаведныя сістэмы, – магчыма, прытрымаюць яго, – мяркуе яшчэ адзін фермер. – Але насамрэч такіх прадпрыемстваў не так і шмат. Што да захоўвання, тут таксама ёсць праблемы. Яны звязаны з тым, што значная колькасць элеватараў знаходзяцца або на акупаваных тэрыторыях, або там, дзе ідуць баявыя дзеянні, многія з іх ужо фізічна знішчаныя».

У Горках для хлопчыка з інваліднасцю зрабілі пандус… Праз пяць гадоў просьбаў. Фотафакт

Умяшанне журналістаў дапамагло развязаць праблему. Цяпер у доме, дзе жыве сям’я Артура, хлопчыка з дыягназам ДЦП, ёсць парэнчы, адкідны шчыт для выхаду на вуліцу і зручны спуск да ходніка.

Маці Артура ўпершыню звярнулася ў мясцовыя камунальныя службы яшчэ ў 2018 годзе, як толькі стала вядома пра хваробу малечы.

У 2019 годзе старшыня райвыканкаму даручыў адпаведным службам зрабіць на ўваходзе ў пад’езд пандус. Але і тады камунальнікі не выканалі даручэння.

Замест пандуса яны зрабілі парэнчы, і толькі ўнутры пад’езда. Дзесяць прыступак ад кватэры да вуліцы маці Артура адольваць, несучы спачатку сына, дваццаці кілаграмовую каляску і торбы з прадуктамі.

Сітуацыю змагла скрануць з мёртвай кропкі публікацыя ў мясцовай газеце «Узгорак». Як паведамляла Магілёў.media , пасля асвятлення праблемы, камунальнікі правялі апытанне жыхароў пад’езда і ўзвялі пандус.

фота: horki.info

Дзівосны свет, народжаны памерлай драўнінай. Прыгожыя фота з Белавежскай пушчы

Эколагі ведаюць, што насамрэч мёртвая драўніна – жывая. Гэта спажыўнае асяроддзе для казурак, грыбоў, міксаміцэтаў, імхоў, лішайнікаў. Гэтыя стварэнні абавязаныя свайму нараджэнню аджылым век дрэвам.

Прыродаахоўная ўстанова «Нацыянальны парк «Белавежская пушча» апублікавала серыю фотаздымкаў з «фантастычнымі» насельнікамі «аджылага лесу».

«Сярод насельнікаў загінулых дрэваў сустракаюцца сапраўды дзіўныя істоты. Трэба толькі ўважліва прыгледзецца да навакольнай дзікай прыроды – і тады адкрыецца проста дзіўнай прыгажосці свет», – адзначана на сайце ўстановы.

У лесе памерлыя дрэвы знаходзяцца на розных стадыях раскладання – ад тых, што толькі заваліліся да амаль ператвораных у пацяруху, цалкам паглынутых пластом імхоў і лішайнікаў.

фота: hnpbp.by

Спёка. Жоўты ўзровень небяспекі – прагноз сіноптыкаў на суботу

Белгідрамет піша аб неспрыяльнай гідраметэаралагічнай з’яве. Абвешчаны жоўты ўзровень небяспекі. 13 жніўня ў многіх мясцінах краіны максімальная тэмпература паветра дасягне +30 +31°С.

У Магілёве спёка сягне 31 градусу. Сіноптыкі прагназуюць  пераменную воблачнасць. Верагоднасць ападкаў 5-10 працэнтаў. Вецер паўночна-ўсходні, 4-9 м/с.

На ўсялякі выпадак – парады, што трэба рабіць у спякотнае надвор’е. Лішнім не будзе, як прачытаеце. Клікніце па спасылцы. Беражыце сябе.

Дзень у гісторыі: 13 жніўня. Памёр Якуб Колас. У Магілёве нацысты стварылі гета – пачатак трагічнай гісторыі мясцовых габрэяў. Нарадзіліся: Ларыса Фінкельштэйн, даследніца габрэйскай спадчыны ў Беларусі і Яўген Колчаў, скульптар, аўтар рэльефаў Чырвонага касцёл

Міжнародны дзень леўшуноў

Адзначаецца ад 1992 году з ініцыятывы брытанскага Клуба леўшуноў, каб прыцягнуць увагу да неабходнасці ўлічваць інтарэсы леварукіх. Сцвярджаецца, што іх каля 10%.

У 1976 годзе ў ЗША правялі Міжнародную канфедэрацыю леўшуноў, якая ўклала «Біль аб леўшунах». Паводле яго:

– кожнаму чалавеку павінна быць забяспечана свабода выбару ў выкарыстанні зручнай для яго рукі;

– тавары для леўшуноў павіны быць у свабодным доступе і па канкурэнтаздольных коштах;

– ніхто не можа ўціскаць леўшуноў;

– свет павінен быць адаптаваны так, каб леўшунам не даводзілася прасіць прабачэння за тое, якая ў іх дзеючая рука.

– абвясціць 13 жніўня Міжнародным днём леўшуноў для адстойвання правоў і годнасці леўшуноў ува ўсім свеце.

1913 год. Нарадзіўся Анатоль Багатыроў.

Кампазітар, педагог і грамадскі дзеяч.

Заснавальнік нацыянальнай беларускай оперы і беларускай нацыянальнай кампазітарскай школы.

Выхаваў плойму беларускіх кампазітараў.

Аўтар опер, створаных паводле твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

1941 год. Акупацыйная ўлада гітлераўцаў у Магілёве загадала мясцовым габрэям пакінуць свае жытло і перасяліцца ў гета ў Падніколле.

У верасні гета было створана паміж Быхаўскім рынкам і вуліцай Віленскай. 

Да лістападу 1941 году нацысты знішчылі габрэяў з гета.

Там, дзе была ўваходная брама у гета, цяпер на вуліцы Лазарэнкі стаіць памятны знак: камень з высечанымі на ім далонямі.

1950 год. Нарадзілася Ларыса Фінкельштэйн

Мастацтвазнаўца, арт-крытык.

Заснавальніца першай беларускай галерэі «Брама», упершыню ў Беларусі пачала цыкл выставаў, прысвечаных мастакам-габрэям Беларусі і габрэйскай тэматыцы ў творчасці беларускіх аўтараў.

Увяла ў лексікон мастацтвазнаўства паняцце «філасофская кераміка».

Аўтар шматлікіх арт-пректаў.

1956 год. Памёр Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч).

Найадметнейшая постаць у беларускай культуры. Празаік, паэт, педагог, навуковец, грамадскі дзеяч.

Яго творы ўключаныя ў школьную праграму і перакладзеныя на 50 моваў свету.

Кожны беларус ведае класічныя коласаўскія творы: «Новая зямля», «Сымон музыка». У іх увасобленыя спрадвечныя беларускія чаканні: мець сваю зямлю і права распараджацца сваім жыццём без прынукі.

Імем Якуба Коласа ўганараваныя многія ўстановы культуры, названыя вуліцы. У Магілёве такой вуліцы няма.

1959 год. Нарадзіўся Яўген Колчаў.

Скульптар і фатограф.

Стварае станкавыя скульптуры ў рэалістычным стылі, захапляецца анімалістычным жанрам.

Удзельнічаў у аднаўленні складаных архітэктурных і скульптурных элементаў помнікаў готыкі і барока ў Германіі і Польшчы. 

Працы скульптара ўпрыгожваюць вуліцы і будынкі Мінска, знаходзяцца ў калекцыі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, а таксама ў прыватных калекцыях.

Ён аўтар рэльефаў Чырвонага касцёлу ў Мінску, а таксама ў гонар Кастуся Каліноўскага.

 

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Сяргей Франчук

Асуджаны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Праваабаронцы паведамляюць, што жыхар Бабруйску на «пакаяльным відэа» «прызнаецца» ва ўдзеле ў акцыях пратэсту пасля выбараў, а таксама ў тым, што пісаў негатыўныя каментары пра міліцыянтаў.

На відэа ён кажа таксама, што з’яўляецца стрыечным братам намесніка камандзіра ў Палку Каліноўскага Вадзіма Кабанчука.

Напярэдадні Франчуку прызначылі 15 сутак арышту за «непадпарадкаванне».

Праваабаронцы звяртаюць увагу, што падчас затрымання супраць Франчукава быў ужыты гвалт – на «пакаяльным відэа» ён з залепленым ілбом.

Ігар Банцэр

Асуджаны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Праваабаронцы дазналіся пра зняволенне Банцэра ад сукамерніка, які выйшаў на волю. Паводле яго на Банцэра, нібыта, складзена 15 адміністрацыйных пратаколаў.

Банцэр адседзеў 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі ў калоніі адкрытага тыпу («хіміі») за хуліганства, бо ў верасні 2020 году станчыў без штаноў перад міліцэйскай машынай.

Падчас суду трымаў сухую галадоўку 16 дзён, на той момант гэта быў беларускі рэкорд.

Міхаіл Лістападаў

Асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі за намер удзельнічаць у вайне на баку Украіны, паведамляюць праваабаронцы.

Яму інкрымінаваліся «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх», «падрыхтоўка да злачынства», «удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вербаванне або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу».

Паводле праваабаронцаў працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Праўладныя крыніцы сцвярджаюць, што асуджаны ўступіў у ваенізаванае падраздзяленне.

Александр Курганскі

Асуджаны на 1,5 гады калоніі.

Крымінальную справу супраць яго разглядалі ў Гродзенскім абласным судзе. Суддзя Аляксандр Козел прызнаў Курганскага вінаватым у «абразе прадстаўніка ўлады», ды «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варожасці».

Паводле праваабаронцаў Курганскі быў затрыманы ў межах крымінальнай справы, узбуджанай за каментары ў сацсетках аб гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зельцара. 

Курганскага вінавацілі ў тым, што ён паставіў «лайк» пад пастом аб інцыдэнце.

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры. Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зэльцара, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Аляксей Багдзей

Асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Яго прызналі вінаватым у “арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або узброеным супрацівам прадстаўнікам улады”.

Справу разглядаў суддзя Максім Галубовіч з суду Ленінскага раёна Гродна.

Паводле праваабаронцаў вядома, што Багдзей у жніўні 2020 года ў тэлеграм-канале «Гродна для жыцця» размяшчаў тэкставыя паведамленні, якія змяшчалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў, пісаў пра выраб кактэйляў «Молатава», заклікаў да звяржэння дзеючай улады, прымянення гвалту, блакіроўкі праездаў, аказання супраціву прадстаўнікам улады.

Андрэй Гіль

Асуджаны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Праваабаронцы дазналіся пра зняволеньне жыхара Баранічаў з праўладных тэлеграм-каналаў. Паводле іх паведамлянняў, ён асуджаны за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Акрамя таго супраць мужчыны распачатая крымінальная справа за «абразу прадстаўніка ўлады».

Навіны пабрацімаў. У Мікалаеўскай вобласці расійскім абстрэлам забіла жанчыну. Кіраўнік рэгіёну запэўнівае, што абласному цэнтру не пагражае аблога

Мікалаеў з 10 на 11 жніўня пражыў без абстрэлаў, тым часам паселішчы вобласці атакоўваць расійскія войскі не пераставалі. У адным з паселішчаў загінула жанчына.

Ракетныя атакі трывалі і 12 жніўня. 


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Пра смерць жанчыны стала вядома з паведамлення кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі Віталія Кіма, апублікаваным 12 жніўня.

Паводле яго ў гэты дзень паселішчы рэгіёну пачалі абстрэльваць зранку. Гэтым разам абышлося без пацярпелых.

mykolaiv.news

За мінулы дзень у Мікалаеўскай вобласці ад ракетных атак пашкоджаныя 26 грамадзянскіх аб’ектаў. На 12 жніўня, за час поўнамаштабная вайны, часткова або цалкам разбураныя 9271 абʼектаў. Найбольш пацярпеў жылы фонд вобласці – 6002 будынкаў, піша выданне Inshe.tv

Віталь Кім запэўнівае жыхароў Мікалаева, што гораду не пагражае аблога. Па ягоных словах, «падставаў для турбот няма», бо «каб акружыць горад, расійскім войскам спатрэбіцца некалькі месяцаў».

«У цяперашні час лінія фронту знаходзіцца за 45 кіламетраў ад гораду, таму пагрозы акружэння няма», пераказвае словы кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі «Канал 24».

liga.net

Па словах мэра Аляксандра Сянкевіча 80 працэнтаў жыхароў Мікалаева беспрацоўныя. У горадзе не засталося буйных і сярэдніх прадпрыемстваў. Працуюць установы гандлю, крытычнай інфраструктуры і сферы паслуг. Кіраўнік гораду лічыць безадказным трымаць людзей на працы, калі горад могуць абстраляць у любы момант.

«Таму мы раім прадпрыемствам часова выяжджаць, па магчымасці працаваць на тэрыторыях, якія не вельмі блізкія да ваенных дзеянняў» – цытуе Аляксандра Сянкевіча выданне «Миколаївська правда».


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».