У Горках для хлопчыка з інваліднасцю зрабілі пандус… Праз пяць гадоў просьбаў. Фотафакт

Умяшанне журналістаў дапамагло развязаць праблему. Цяпер у доме, дзе жыве сям’я Артура, хлопчыка з дыягназам ДЦП, ёсць парэнчы, адкідны шчыт для выхаду на вуліцу і зручны спуск да ходніка.

Маці Артура ўпершыню звярнулася ў мясцовыя камунальныя службы яшчэ ў 2018 годзе, як толькі стала вядома пра хваробу малечы.

У 2019 годзе старшыня райвыканкаму даручыў адпаведным службам зрабіць на ўваходзе ў пад’езд пандус. Але і тады камунальнікі не выканалі даручэння.

Замест пандуса яны зрабілі парэнчы, і толькі ўнутры пад’езда. Дзесяць прыступак ад кватэры да вуліцы маці Артура адольваць, несучы спачатку сына, дваццаці кілаграмовую каляску і торбы з прадуктамі.

Сітуацыю змагла скрануць з мёртвай кропкі публікацыя ў мясцовай газеце «Узгорак». Як паведамляла Магілёў.media , пасля асвятлення праблемы, камунальнікі правялі апытанне жыхароў пад’езда і ўзвялі пандус.

фота: horki.info