Навіны пабрацімаў. У Мікалаеўскай вобласці расійскім абстрэлам забіла жанчыну. Кіраўнік рэгіёну запэўнівае, што абласному цэнтру не пагражае аблога

Мікалаеў з 10 на 11 жніўня пражыў без абстрэлаў, тым часам паселішчы вобласці атакоўваць расійскія войскі не пераставалі. У адным з паселішчаў загінула жанчына.

Ракетныя атакі трывалі і 12 жніўня. 


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Пра смерць жанчыны стала вядома з паведамлення кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі Віталія Кіма, апублікаваным 12 жніўня.

Паводле яго ў гэты дзень паселішчы рэгіёну пачалі абстрэльваць зранку. Гэтым разам абышлося без пацярпелых.

mykolaiv.news

За мінулы дзень у Мікалаеўскай вобласці ад ракетных атак пашкоджаныя 26 грамадзянскіх аб’ектаў. На 12 жніўня, за час поўнамаштабная вайны, часткова або цалкам разбураныя 9271 абʼектаў. Найбольш пацярпеў жылы фонд вобласці – 6002 будынкаў, піша выданне Inshe.tv

Віталь Кім запэўнівае жыхароў Мікалаева, што гораду не пагражае аблога. Па ягоных словах, «падставаў для турбот няма», бо «каб акружыць горад, расійскім войскам спатрэбіцца некалькі месяцаў».

«У цяперашні час лінія фронту знаходзіцца за 45 кіламетраў ад гораду, таму пагрозы акружэння няма», пераказвае словы кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі «Канал 24».

liga.net

Па словах мэра Аляксандра Сянкевіча 80 працэнтаў жыхароў Мікалаева беспрацоўныя. У горадзе не засталося буйных і сярэдніх прадпрыемстваў. Працуюць установы гандлю, крытычнай інфраструктуры і сферы паслуг. Кіраўнік гораду лічыць безадказным трымаць людзей на працы, калі горад могуць абстраляць у любы момант.

«Таму мы раім прадпрыемствам часова выяжджаць, па магчымасці працаваць на тэрыторыях, якія не вельмі блізкія да ваенных дзеянняў» – цытуе Аляксандра Сянкевіча выданне «Миколаївська правда».


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


 

У Ходасах радасць – адкрылі кавярню з караоке. Чырвоную стужку перарэзалі чыноўнікі

Гэта адзіная ядальня ў мястэчку, якое з дзясятак гадоў як лічыцца аграгарадком. Паводле закладзеных уладамі сацыяльных стандартаў у ім даўно мелася быць такая ўстанова харчавання.

Адкрыцця кавярні «Сустрэча» жыхары Ходасаў чакалі шэсць гадоў. Яны неаднаразова звярталіся з прапановаю да мясцовай улады і кіраўніцтва райспажыўтаварыства.

«І як толькі ў спажывецкага таварыства з’явіліся сродкі, мара сельскіх жыхароў спраўдзілася», – адзначае інтэрнэт-рэсурс мсціслаўскай раёнкі «MstLife».

mstlife.by

 На адкрыццё «сучаснага кафэ з караоке» наведаліся чыноўнікі і жыхары паселішча. Прыехаў нават кіраўнік райвыканкаму з Мсціслава Дзмітрый Пімашэнка.

«З адкрыццём кафэ вырашаецца адна з праблем па забеспячэнні месцамі грамадскага харчавання, аказанні паслуг спажывецкім таварыствам» – заявіў ён і выказаў меркаванне, што «абʼект будзе запатрабаваным».

На кавярню райспажыўтаварыства патраціла 40 тысяч рублёў. Працы трывалі чатыры месяцы. Кавярня гатовая прыняць адначасова 86 чалавек. Абяцаецца, што ў меню будуць пераважаць стравы беларускай кухні.

mstlife.by

У Ходасах пад 2 тысячы жыхароў. Паўз мястэчка праходзяць чыгунка з Воршы ў расійскую Ўнечу. Паселішча – адміністрацыйны цэнтр Ходаўскага сельсавету. Да Мсціслава – 15 кіламетраў. Да Магілёва 85-ць.

 

Расія без Tchibo. Найбуйнейшы вытворца кавы развітаўся з расійскім рынкам праз вайну ва Ўкраіне

Tchibo прадала сваю даччыную кампанію ў Расіі і спыніла сваю дзейнасць у гэтай краіне.

Адразу пасля пачатку вайны ва Ўкраіне пастаўкі ў Расію гэтай кампаніяй кавы былі спынены. Тое ж было зроблена з абсмажваннем кавы Tchibo у кантрактнага расійскага вытворцы. Кампанія заблакавала маркетынгавую дзейнасць і прысутнасць у расійскім сегменце інтэрнэту.

«Мы агаломшаныя і ўзрушаныя вайной супраць Украіны і той трагедыяй, якую яна выклікала. Нашы думкі з усімі ахвярамі ў рэгіёне і мільёнамі людзей, якія былі вымушаныя пакінуць свае дамы ў выніку вайны» – адзначана на сайце кампаніі.

Там жа гаворыцца, што «з самага пачатку вайны мы падтрымлівалі арганізацыі дапамогі, такія як Чырвоны Крыж, грашыма і натуральнымі ахвяраваннямі з нашай штаб-кватэры ў Германіі».

У паведамленні адзначаецца: філіялы кампаніі ў суседніх краінах таксама робяць тое ж, што ў галаўны офіс.

У Расіі рэкламным слоганам кампаніі быў выраз «Даваць найлепшае».

Tchibo – чацвёрты вытворца кавы ў свеце і найбуйнейшы пастаўшчык абсмаленай кавы ў шэраг краінаў Еўропы. Апроч продажу кавы, галаўная кампанія распаўсюджвае нехарчовыя тавары, прадае турыстычныя паслугі і інш. Абарот Tchibo у 2020 году склаў 3,13 мільярдаў еўра.

фота: wikimedia.org

Амбасада Ізраілю загаварыла па-беларуску і штотыдзень на мове беларусаў публікуе цытаты ізраільскіх пісьменнікаў

Беларускамоўны праект анансаваў Часовы павераны ў справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Цві Міркін.

 

Паводле яго, на працягу палутара месяцаў, што засталіся да габрэйскага навагоддзя, два разы на тыдзень будуць публікавацца абраныя цытаты з твораў найбуйнейшых ізраільскіх пісьменнікаў.

«Публікаваць толькі навіны даволі нецікава, таму мы вырашылі іх разнастаіць цытатамі з ізраільскай літаратуры», патлумачыў дыпламат у звароце, апублікаваным на старонцы ізраільскай амбасады ў Фэйсбук.

На сайце дыпламатычнага прадстаўніцтва таксама з’явілася беларуская мова. Цяпер пасады яго супрацоўнікаў падаюцца па-беларуску. У стужцы навінаў таксама асобныя публікацыі беларускамоўныя.

 

Пачынаецца сезон палявання. На мушцы самая папулярная дзічына – вадаплаўная птушка

Гэтая катэгорыя дзічыны, а ў першую чаргу качкі, лічыцца самай масавай здабычай, дасяжнай усім катэгорыям паляўнічых. Страляць яе дазволілі з 13 жніўня і да 11 снежня.

Акрамя качак, дазваляецца здабываць слонка, вялікага і шызага галубоў, а таксама перапёлку, бажана, шэрую варону ды сароку.

Паляваць дазваляецца як з дапамогай агняпальнай зброі, так і без яе – напрыклад, з дапамогай лоўчых птушак. Забараняецца, аднак, здабыча дзічыны ў цёмны час сутак, а таксама дазвол не распаўсюджваецца на гуся.

Сэзон палявання на гусей пачнецца з 20 верасня. З 3 верасня дазволяць страляць арабка і курапатку. 

На сайце Таварыства паляўнічых і рыбаловаў адзначаецца, што здабываць птушак можна любога полу і ўзросту за выключэннем маладых асобін, якія не лётаюць, ці ліняюць.

 

У легенды магілёўскага рока Akute выйшаў першы трэк за тры гады

Новую кампазіцыю музыкі выклалі ў інтэрнэт уначы з 11 на 12 жніўня. Адмысловых заяваў гурткоўцы не рабілі. Медыі і прыхільнікі музыкі Akute дазналіся пра гэта з сваіх стрымінгавых каналаў – трэк з’явіўся на стрымінгавых платформах Spotify, Apple Music, Яндэкс.

Створаны ў Магілёве ў 2008 годзе з музыкантаў колішняга гурта «Глюкі» калектыў стаў безумоўнай зоркай на беларускай музычнай сцэне ў пачатку 2010-х. «Прарыў года», «гурт года» па версіі шматлікіх аглядальнікаў, пераможцы «Басовішча» і кіеўскага «Верціфэсту», свой апошні альбом «V» яны запісалі ў 2019 годзе. Усяго ў Akute выйшла 7 кружэлак, пачынаючы з 2011 года.

Ад самага заснавання і дагэтуль Akute пішуць свае песні па-беларуску, а каларытнае і арыгінальнае гучанне прываблівае самых запатрабавальных слухачоў. У 2012 годзе магілёўскі гурт быў адабраны сусветнымі зоркамі Placebo для выступу на адной сцэне падчас мінскага канцэрту брытанскай групы.

Крымінальныя хронікі – пагоня ў Горацкім раёне, гектар канопляў і фарбаванае паліва

На Магілёўшчыне міліцыя працягвае аперацыю «Мак». Праваахоўнікі вышукваюць плантацыі наркаўтрымліваючых раслінаў на прыватных участках, ці ў дзікай прыродзе.

Чарговыя зараслі канопляў выяўленыя ў Касцюковіцкім раёне. Плантацыя з гектар разраслася ў Зоне адчужэння – радыеактыўным участку Касцюковіцкага раёну, забароненым для наведвання чалавекам, паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

У паселішчы Горы Горацкага раёну міліцыі прыйшлося даганяць бяспраўніка. 50-гадовы мясцовы жыхар вырашыў уцякаць ад патрульнай машыны, але быў дагнаны ля свайго дому. Як выявілася, ён ужо пазбаўлены правоў за п’янае ваджэнне. Цяпер яго чакае штраф памерамі ад 640 да 1 600 рублёў, альбо арышт, апавядае прэсавая служба абласной міліцыі.

Міліцыя вобласці занятая выяўленнем крадзяжоў калгаснай маёмасці. Магілёў.media раней пісалі, што ў адсутнасці рэальнага гаспадара на зямлі такія рэйды – адзінае, што можа супрацьпаставіць дзяржава носьбітам постсавецкай ментальнасці на сяле. Гэтым разам амаль 70 літраў фарбаванага паліва былі знойдзеныя ў жыхара вёскі Глухі, 65 літраў – у жыхара вёскі Тайманава Быхаўскага раёну. Злодзеяў чакае штраф ад 10 да 50 базавых.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Алена Несцяровіч

Асуджана да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, яна стала чарговай абвінавачанай па «справе Зельцара».

Суддзя Вера Галаўкова з Мінскага гарадскога суда прызнала Алену “вінаватай” у «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы» і «абразе прадстаўніка ўлады».

Несцяровіч затрымалі ў межах крымінальнай справы, узбуджанай за каментары ў сацсетках аб гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зельцара.

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры. Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зэльцара, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Вера Валністая.

Асуджаная да «хатняй хіміі» на 2 гады, але застаецца заняволенай, бо яе чакае другі суд – паведамляюць праваабаронцы.

Суддзя Дзмітрый Карсюк з суда Цэнтральнага раёну Мінска пакараў 31-гадовую палітзняволеную абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову «за абразу прадстаўніка ўлады». Згодна з судовым рашэннем, яна мусіць кампенсаваць пацярпеламу маральную шкоду ў памеры 1000 рублёў.

Паводле праваабаронцаў Валністую чакае яшчэ адзін суд паводле абвінавачвання ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Яўген Стральчэня

Адміністратар Instagram-старонкі «Гродна для жыцця» затрыманы.

Праваабаронцы пішуць, што паводле праўладных тэлеграм-каналаў, 36-гадовы жыхар Гродна распаўсюдзіў экстрэмісцкія матэрыялы і асабістыя дадзеныя больш за 2000 супрацоўнікаў міліцыі.

Таксама ён, нібыта, удзельнічаў у акцыях пратэсту 2020 году і адміністраваў Instagram-старонку «Гродна для жыцця», якая цяпер выдаленая.

Аляксандр Лаўрэнцьеў.

Асуджаны да 3 гадоў і 4 месяцаў калоніяў ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.

Яны пішуць, што Лаўрэнцьева асудзілі яшчэ 2 жніўня. Яго вінавацілі ў “абразе Лукашэнкі” і “абразе прадстаўніка ўлады”. Працэс праходзіў у судзе Ленінскага раёну Гродна.

 

Навіны пабрацімаў. За час вайны Мікалаеў толькі 22 дні пражыў без абстрэлаў. У вобласці праз вайну павялічылася колькасць хворых на сухоты ды інфекцыйных захворванняў

Гэта тлумачыцца падзеннем узроўню і пагаршэннем умоў жыцця, а таксама стрэсавымі сітуацыямі, імунадэфіцытам. За час поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны горад пражыў без абстрэлаў толькі 22 дні. Расійскія войскі атакавалі Ўкраіну 24 лютага.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Назіраецца тэндэнцыя да росту хворых на сухоты, якія вымагаюць шпіталізацыі.

Ва ўпраўленні аховы здароўя Мікалаеўскай абласной адміністрацыі адзначаюць, што ў параўнанні з пачаткам году колькасць хворых на туберкулёз, якія знаходзяцца на лячэнні ў стацыянары Мікалаеўскага абласнога фтызіяпульманалагічнага цэнтру, павялічылася амаль на 25 працэнтаў.

Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да росту зарэгістраваных на працягу месяца выяўленых сухотнікаў, у тым ліку тых, што патрабуюць шпіталізацыі.

Як адзначана на сайце газеты «Миколаївська правда» цяпер на амбулаторным лячэнні перабывае больш за 350 хворых на сухоты, якім праводзяцца неабходныя кансультацыі ўрачоў – фтызіятраў з мясцовага абласнога фтызіяпульманалагічнага медычнага цэнтру.

Выданне піша, што нягледзячы на ​​складаную ваенна-сацыяльную абстаноўку ў Мікалаеве, большасць супрацоўнікаў установы аховы здароўя засталіся адданымі сваёй прафесіі, працягваюць аказваць дапамогу хворым.

Удзень 10 і ноччу 11 жніўня ў Мікалаеве не зафіксавана абстрэлаў.

Паводле мэра Аляксандра Сянкевіча, апошні абстрэл гораду быў зафіксаваны ў ноч на 10 жніўня ў 01:40.

«У цэлым дзень прайшоў спакойна. Учора мікалаеўцы чулі абстрэл, але за межамі гораду. Можна сказаць, што за ўсю вайну гэта 22-і дзень, калі нас не абстралялі », – адзначыў Аляксандр Сяньковіч, словы якога падае  «Миколаївська правда».

Паводле старшыні Мікалаеўскага абласнога савету Ганны Замазеевай на раніцу 11 жніўня ў мясцовых больніцах перабывалі 288 параненых ад расійскіх абстрэлаў. Яшчэ 26 пацярпелых атрымліваюць дапамогу амбулаторна, паведамляюць «Николаевские новости».

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


 

Мыцца стане даражэй. Кошты ў лазнях могуць падвысіцца на рубель

Магілёўскі аблвыканкам пастанавіў прызначыць новы «паталок» цэнаў на наведванне лазняў і душавых кабінак у Магілёве, Бабруйску і іншых гарадах вобласці.

Калі раней двухгадзіннае наведванне лазні ў Магілёве каштуе 7 рублёў 50 капеек, то цяпер дазволена падняць максімальны кошт такога візіту да 8 рублёў 50 капеек – паведамляе партал MyCity.by.

Наведванне лазні ў Бабруйску можа абыходзіцца на 50 капеек танней – у 8 рублёў. У іншых паселішчах Магілёўшчыны у 6 рублёў.

Гэтаксама растуць і кошты на выкарыстанне душавымі кабінамі. Цяпер кошт за 45 хвілін асалоды складае 6,5 рублі ў Магілёве і Бабруйску, а ва ўсіх астатніх паселішчах вобласці – 5 рублёў.