У легенды магілёўскага рока Akute выйшаў першы трэк за тры гады

Новую кампазіцыю музыкі выклалі ў інтэрнэт уначы з 11 на 12 жніўня. Адмысловых заяваў гурткоўцы не рабілі. Медыі і прыхільнікі музыкі Akute дазналіся пра гэта з сваіх стрымінгавых каналаў – трэк з’явіўся на стрымінгавых платформах Spotify, Apple Music, Яндэкс.

Створаны ў Магілёве ў 2008 годзе з музыкантаў колішняга гурта «Глюкі» калектыў стаў безумоўнай зоркай на беларускай музычнай сцэне ў пачатку 2010-х. «Прарыў года», «гурт года» па версіі шматлікіх аглядальнікаў, пераможцы «Басовішча» і кіеўскага «Верціфэсту», свой апошні альбом «V» яны запісалі ў 2019 годзе. Усяго ў Akute выйшла 7 кружэлак, пачынаючы з 2011 года.

Ад самага заснавання і дагэтуль Akute пішуць свае песні па-беларуску, а каларытнае і арыгінальнае гучанне прываблівае самых запатрабавальных слухачоў. У 2012 годзе магілёўскі гурт быў адабраны сусветнымі зоркамі Placebo для выступу на адной сцэне падчас мінскага канцэрту брытанскай групы.