Больш за два дзясяткі кустоў канопляў знайшлі ў жыхара Быхаўскага раёна

На заднім двары за гаспадарчымі пабудовамі рос 21 куст забароненай расліны. Акрамя таго, каля 40 г марыхуаны супрацоўнікі наркакантролю знайшлі ў доме – паведамляе УУС.

Затрыманы 65-гадовы мясцовы жыхар, раней неаднаразова судзімы за рабаванне і разбой. Мужчына патлумачыў, што вырошчваў каноплі для ўласнага спажывання.

Фота: УУС

Гектар канопляў знішчылі ў Касцюковіцкім раёне

У Касцюковіцкім раёне падчас спецаперацыі супрацоўнікаў міліцыі “Мак” была знішчана плантацыя дзікарослых канопляў, якая вырасла на плошчы каля аднаго гектара.

Расліна так разраслася, што ўручную было не справіцца. Для ліквідацыі канопляў прыйшлося нават прыцягнуць сельскагаспадарчую тэхніку. 

У выніку ачаг вырастання расліны быў знішчаны праз рыхленне глебы трактарам – паведамляе раённая газета “Голас Касцюкоўшчыны”.

Паводле слоў старшага оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку Аляксандра Гракава, дзікарослыя каноплі няпроста вывесці з тых зямель, якія належным чынам не апрацоўваюцца. Таксама ён адзначыў, што каноплі і мак у перыяд іх паспявання з’яўляюцца наркатычным сродкам. Значыць, крымінальная адказнасць за захоўванне, перавозку і збыт у летні перыяд надыходзіць у поўнай меры.

Фота: “Голас Касцюкоўшчыны”.

Жыхар Быхава збіраў і ўжываў дзікую марыхуану

Сушылку дзікарослай каноплі ён абсталяваў ва ўласным гаражы. Як паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС, падчас аператыўных мерапрыемстваў быў затрыманы 26-гадовы жыхар Быхава. Падчас вобшуку ў яго былі знойдзеныя кусты марыхуаны, якія малады хлопец трымаў ва ўласным гаражы, а таксама яшчэ 850 грамаў ужо гатовай прадукцыі. 

Наркатычныя рэчывы жыхар Быхава ўжываў сам, а дзікарослую каноплю збіраў у сваім раёне. Узбуджаная крымінальная справа.

 

Крымінальныя хронікі – пагоня ў Горацкім раёне, гектар канопляў і фарбаванае паліва

На Магілёўшчыне міліцыя працягвае аперацыю «Мак». Праваахоўнікі вышукваюць плантацыі наркаўтрымліваючых раслінаў на прыватных участках, ці ў дзікай прыродзе.

Чарговыя зараслі канопляў выяўленыя ў Касцюковіцкім раёне. Плантацыя з гектар разраслася ў Зоне адчужэння – радыеактыўным участку Касцюковіцкага раёну, забароненым для наведвання чалавекам, паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

У паселішчы Горы Горацкага раёну міліцыі прыйшлося даганяць бяспраўніка. 50-гадовы мясцовы жыхар вырашыў уцякаць ад патрульнай машыны, але быў дагнаны ля свайго дому. Як выявілася, ён ужо пазбаўлены правоў за п’янае ваджэнне. Цяпер яго чакае штраф памерамі ад 640 да 1 600 рублёў, альбо арышт, апавядае прэсавая служба абласной міліцыі.

Міліцыя вобласці занятая выяўленнем крадзяжоў калгаснай маёмасці. Магілёў.media раней пісалі, што ў адсутнасці рэальнага гаспадара на зямлі такія рэйды – адзінае, што можа супрацьпаставіць дзяржава носьбітам постсавецкай ментальнасці на сяле. Гэтым разам амаль 70 літраў фарбаванага паліва былі знойдзеныя ў жыхара вёскі Глухі, 65 літраў – у жыхара вёскі Тайманава Быхаўскага раёну. Злодзеяў чакае штраф ад 10 да 50 базавых.

Міліцыянты знішчаюць на Магілёўшчыне палі каноплі – вось дзе яна найбольш разраслася

Зараслі канопляў (канабісу) плошчай у 0,7 гектара каля вёскі Балашкевічы Глускага раёну былі знішчаныя супрацоўнікамі аддзелу наркакантролю, паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Пад Бабруйскам, на левым беразе Бярэзіны, імі было выяўленае поле з каноплямі агульнай вагой блізу 1 100 кілаграмаў.

На Магілёўшчыне ў чэрвені ўжо знішчылі  былі больш за паўтары тоны пасеваў канабісу і маку на плошчы больш за 2 гектары. Плантацыі канопляў выяўляліся ў Быхаўскім і Клічаўскім раёнах.

Прэс-служба УУС не паведамляе пра асобаў, падазраваных у вырошчванні наркаўтрымліваючых раслін. Магчыма, плантацыі – дзікарослыя.

Пачынаючы з 1 чэрвеня ў Беларусі праходзіць спецыяльная праграма «Мак», накіраваная на пошук месцаў, дзе растуць мак і каноплі. У выніку аперацыі на Магілёўшчыне знойдзена і знішчана 3,3 тоны наркаўтрымліваючых раслін.