Крымінальныя хронікі – пагоня ў Горацкім раёне, гектар канопляў і фарбаванае паліва

На Магілёўшчыне міліцыя працягвае аперацыю «Мак». Праваахоўнікі вышукваюць плантацыі наркаўтрымліваючых раслінаў на прыватных участках, ці ў дзікай прыродзе.

Чарговыя зараслі канопляў выяўленыя ў Касцюковіцкім раёне. Плантацыя з гектар разраслася ў Зоне адчужэння – радыеактыўным участку Касцюковіцкага раёну, забароненым для наведвання чалавекам, паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

У паселішчы Горы Горацкага раёну міліцыі прыйшлося даганяць бяспраўніка. 50-гадовы мясцовы жыхар вырашыў уцякаць ад патрульнай машыны, але быў дагнаны ля свайго дому. Як выявілася, ён ужо пазбаўлены правоў за п’янае ваджэнне. Цяпер яго чакае штраф памерамі ад 640 да 1 600 рублёў, альбо арышт, апавядае прэсавая служба абласной міліцыі.

Міліцыя вобласці занятая выяўленнем крадзяжоў калгаснай маёмасці. Магілёў.media раней пісалі, што ў адсутнасці рэальнага гаспадара на зямлі такія рэйды – адзінае, што можа супрацьпаставіць дзяржава носьбітам постсавецкай ментальнасці на сяле. Гэтым разам амаль 70 літраў фарбаванага паліва былі знойдзеныя ў жыхара вёскі Глухі, 65 літраў – у жыхара вёскі Тайманава Быхаўскага раёну. Злодзеяў чакае штраф ад 10 да 50 базавых.