Былы палітвязень горацкай калоніі Алесь Бяляцкі вярнуўся ў Facebook

Былы палітвязень калоніі №9 у Горках, Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі аднавіў сваю старонку ў Facebook.

Першы допіс пасля аднаўлення старонкі Бяляцкі зрабіў увечары 2 сакавіка 2026 года.

“Не мінула і пяці гадоў… Некалькі дзён, як аднавілі мне доступ да Фэйсбуку, а я ўсё прыглядаўся, не наважваўся вярнуцца туды, адкуль мяне выдасталі ў ліпені 21-га. 

Урэшце сёньня адважыўся. І напачатку хачу падзякаваць усім знаёмым і незнаёмым сяброўкам і сябрам, якія хваляваліся і перажывалі за мяне, рабілі што маглі, каб дзень волі для мяне настаў параней. Вялізная мая падзяка!” – напісаў беларускі Нобелеўскі лаўрэат.

Паводле яго, ён заўсёды ледзь не фізічна адчуваў магутную хвалю салідарнасьці з волі як з ім, так і з іншымі палітвязьнямі. “З такой падтрымкаю псіхалагічна сядзець было камфортна, хоць і спалі “на бетоне”, і хадзілі абы ў чым, і елі, што дадуць. Ніводнага дня ў турме ня быў я расчараваны, не пачуваўся пакінутым, не шкадаваў за зробленае. Перакананы, што разам мы – моц, разам мы не прападзем, разам мы пераможам!” – упэўнены Алесь Бяляцкі.

Нагадаем, Алесь Бяляцкі – кіраўнік і заснавальнік Праваабарончага цэнтру “Вясна”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) з 2007 па 2016 гг. Быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года ў межах крымінальнай справы. 3 сакавіка 2023 г. у судзе Ленінскага раёна Мінску яму было прызначана 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

13 снежня 2025 года Алесь Бяляцкі выйшаў на волю па памілаванні пасля перамоваў з амерыканскай дэлегацыяй на чале з Джонам Коўлам, якія цягнуліся два дні. Вынікам стала памілаванне  і гвалтоўнае перамяшчэнне за мяжу 123 чалавек. Алеся і яшчэ некалькіх замежных грамадзян прывезлі ў Літву.

Фотаздымак: Facebook Алеся Бяляцкага

Facebook забаніў вядомага магілёўскага фатографа Аляксандра Ліціна: змагацца бессэнсоўна

Аляксандр Ліцін – адзін з самых вядомых і аўтарытэтных фатографаў Магілёўскай вобласці і ўсёй краіны. Дзясяткі выстаў у Беларусі і іншых краінах, дыпломы і прызнанне сярод майстроў і аматараў мастацкай фатаграфіі. 

Два дзесяцігоддзя свайго жыцця Аляксандр Ліцін прысвяціў вывучэнню гісторыі яўрэйскай супольнасці ў Магілёве. Дзякуючы яму і яго паплечнікам яўрэйская грамада горада здолела падарыць Магілёву 4 тамы сваёй гісторыі. 

Вядомы Аляксандр і сваім удзелам у грамадскім жыцці горада і вобласці. Уваходзячы ў шматлікія арганізацыйныя камітэты розных культурніцкіх імпрэз ён заўжды ўмеў знаходзіць агульную мову з самымі рознымі людзьмі. Усе, хто ведае спадара Ліціна, адзначаюць яго тактоўны, памяркоўны, ураўнаважаны ў адзнаках, талерантны характар. 

Тым больш нечаканымі сталі паведамленні пра блакіроўку яго акаўнта кампаніяй Facebook. Паверыць, што Аляксандр кагосьці абразіў, парушыў нейкія правілы надзвычай цяжка, а дабіцца ад кампаніі хаця б якога тлумачэння ці аднаўлення акаўнта аказалася немагчымым. Хтосьці вельмі намагаўся прыпыніць яго актыўнасць у інтэрнэце. 

Прыклады блакіроўкі акаўнта ў сацыяльных сетках не адзінкавыя. Гэтая праблема актуальная як для звычайных карыстальнікаў, якія адкрываюць уліковы запіс для зносін у сацыяльных сетках, так і для бізнес- ці палітычных акаўнтаў. У прыватнасці, гэта тычыцца Instagram, які належыць Facebook. Пад санкцыі патраплялі самыя знакамітыя асобы. 

Напрыклад, Дональд Трамп быў заблакаваны ў Facebook і Instagram на нявызначаны перыяд пасля беспарадкаў на Капітоліі 6 студзеня 2021 года. Такім чынам, Facebook адказаў на станоўчыя водгукі Трампа пра сваіх прыхільнікаў, якія штурмавалі парламент ЗША.

Але ў 2023 годзе кампанія Meta вырашыла, што акаўнты Трампа больш не ўяўляюць сур’ёзнай пагрозы для грамадства. Кампанія абвясціла, што неўзабаве дазволіць былому прэзідэнту ЗША Дональду Трампу вярнуцца ў Facebook і Instagram з высылкі, якая доўжыла 20 месяцаў. 

Блакіроўка ў Facebook – гэта праблема, з якой давялося сутыкнуцца многім і па самых розных прычынах. Праблема заключаецца ў тым, што прычыны блакавання незразумелыя. І немагчыма звязацца з тэхнічнай падтрымкай. А ў выніку карыстальнік часцяком цалкам губляе свой акаўнт. Новыя акаўнты таксама блакуюцца. Карыстальнік нават не паспявае завесці сваю новую старонку, як яго інфармуюць пра парушаныя правілы.

Трэба канстатаваць, што правілы карыстання сацыяльнымі сеткамі досыць строгія і карыстальнікі фактычна маюць надзвычай малыя магчымасці ўплываць на прыняцце рашэннеў у выпадку скаргаў на іх публікацыі з боку іншых карыстальнікаў, або рашэнняў, якія прымае алгарытм. 

Фота з адкрытых крыніц

 

Амбасада Ізраілю загаварыла па-беларуску і штотыдзень на мове беларусаў публікуе цытаты ізраільскіх пісьменнікаў

Беларускамоўны праект анансаваў Часовы павераны ў справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Цві Міркін.

 

Паводле яго, на працягу палутара месяцаў, што засталіся да габрэйскага навагоддзя, два разы на тыдзень будуць публікавацца абраныя цытаты з твораў найбуйнейшых ізраільскіх пісьменнікаў.

«Публікаваць толькі навіны даволі нецікава, таму мы вырашылі іх разнастаіць цытатамі з ізраільскай літаратуры», патлумачыў дыпламат у звароце, апублікаваным на старонцы ізраільскай амбасады ў Фэйсбук.

На сайце дыпламатычнага прадстаўніцтва таксама з’явілася беларуская мова. Цяпер пасады яго супрацоўнікаў падаюцца па-беларуску. У стужцы навінаў таксама асобныя публікацыі беларускамоўныя.

 

Маці 4-гадовай украінкі Лізы Дзмітрыевай, якую забіла расійская ракета, падзякавала свету за падтрымку і запыталася – «чаму яна засталася жыць на гэтай зямлі?»

4-гадовая Ліза Дзмітрыева загінула падчас абстрэлу расійскімі войскамі ўкраінскай Вінніцы 14 ліпеня. Яны з маці ішлі да лагапеда. Дзяўчынка была з сіндромам Дауна, у паўгода перанесла цяжкую аперацыю на сэрцы.

Паводле экспертаў, дзяўчынка загінула адразу. Маці з цяжкімі раненнямі шпіталізавалі. Родныя не казалі ёй, што дачкі ў яе больш няма, бо непакоіліся, ці перанясе яна такую трагедыю. Дзяўчынку пахавалі  17 ліпеня.

«Любоў мая, любімая дзяўчынка, ты была такой вясёлай і навучыла мяне кахаць безумоўна, нягледзячы ні на што! Нажаль, так мала я была тваёй мамай, так мала… Мы абавязкова цябе сустрэнем. Маё сэрца назаўжды з табой, мая душа плача» – напісала ў Фэйсбуку Ірына Дзмітрыева.

У допісе яна адзначыла, што расіянам няма даравання за іхныя злачынствы, учыненыя ва Ўкраіне.

«Я не ведаю, чаму засталася жыць на гэтай зямлі, я не разумею, чаму. – адзначае ў допісе жанчына. – Проста патрэбны час. Але пакуль не хочацца верыць, як у страшны даўні сон».

«Я дзякую ўсім за падтрымку – родным, сваякам, сябрам, знаёмым, людзям, якіх я нават не ведаю, – гаворыцца ў допісе Ірыны Дзмітрыевай. – Вы з Лізуняй шмат зрабілі для нас, падтрымалі. Дзякую ўсяму свету».

Падчас атакі расіян на Вінніцу загінулі яшчэ двое хлопчыкаў сямі і васьмі гадоў.

Адзін з іх знаходзіўся на абследаванні ў лякарні і памёр разам з маці. Другі чакаў дзядзьку ў прыпаркаванай машыне.

14 ліпеня ў 10.45 Расія нанесла ракетны ўдар па Вінніцы ракетамі тыпу «Калібр» з падводнай лодкі з акваторыі Чорнага мора.

Загінулі 24 чалавекі. Медычная дапамога была аказана 202 пацярпелым.