Пасольства Германіі набыло для соцработнікаў Магілёўскага раёна новыя ровары

48 новых веласіпедаў перадало пасольства Германіі Магілёўскаму раённаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Агульная сума гуманітарнай дапамогі склала 16 тысяч рублёў. Акрама ровараў, немцы набылі для сацыяльнага цэнтра прылады для заняткаў скандынаўскай хадзьбой – піша “Прыдняпроўская ніва”.

– На тэрыторыі Магілёўскага раёна сёння працуюць 97 сацыяльных работнікаў, якія абслугоўваюць 520 непрацаздольных грамадзян. – расказала загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі Таццяна Сталярова – Сацыяльныя паслугі дома аказваюцца ў 96 населеных пунктах раёна, што складае 40% ад агульнай колькасці нашых вёсак і аграгарадкоў. Несумненна, купля новых сродкаў перамяшчэння дасць магчымасць павялічыць ахоп сацабслугоўваннем большай тэрыторыі раёна. Менш часу будзе патрачана на дарогу, больш – на дапамогу.

Цікава, што на ўручэнні сертыфікатаў на ровары і палкі для хадзьбы адсутнічалі прадстаўнікі пасольства Германіі. Дакументы сацыяльным работнікам уручыла намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Ірына Курашова.

Фота: “Прыдняпроўская ніва”

Расія без Tchibo. Найбуйнейшы вытворца кавы развітаўся з расійскім рынкам праз вайну ва Ўкраіне

Tchibo прадала сваю даччыную кампанію ў Расіі і спыніла сваю дзейнасць у гэтай краіне.

Адразу пасля пачатку вайны ва Ўкраіне пастаўкі ў Расію гэтай кампаніяй кавы былі спынены. Тое ж было зроблена з абсмажваннем кавы Tchibo у кантрактнага расійскага вытворцы. Кампанія заблакавала маркетынгавую дзейнасць і прысутнасць у расійскім сегменце інтэрнэту.

«Мы агаломшаныя і ўзрушаныя вайной супраць Украіны і той трагедыяй, якую яна выклікала. Нашы думкі з усімі ахвярамі ў рэгіёне і мільёнамі людзей, якія былі вымушаныя пакінуць свае дамы ў выніку вайны» – адзначана на сайце кампаніі.

Там жа гаворыцца, што «з самага пачатку вайны мы падтрымлівалі арганізацыі дапамогі, такія як Чырвоны Крыж, грашыма і натуральнымі ахвяраваннямі з нашай штаб-кватэры ў Германіі».

У паведамленні адзначаецца: філіялы кампаніі ў суседніх краінах таксама робяць тое ж, што ў галаўны офіс.

У Расіі рэкламным слоганам кампаніі быў выраз «Даваць найлепшае».

Tchibo – чацвёрты вытворца кавы ў свеце і найбуйнейшы пастаўшчык абсмаленай кавы ў шэраг краінаў Еўропы. Апроч продажу кавы, галаўная кампанія распаўсюджвае нехарчовыя тавары, прадае турыстычныя паслугі і інш. Абарот Tchibo у 2020 году склаў 3,13 мільярдаў еўра.

фота: wikimedia.org