Кажуць вада гаючая. Праўда і міфы аб Блакітнай крыніцы

Пішам пра адметныя мясціны Магілёўшчыны. Наведаемся на Слаўгарадчыну. За 2,5 кіламетры ад райцэнтру ёсць мясціна, якая збірае тысячы паломнікаў. Гаворка пра Блакітную крыніцу. Мы сабралі праўдзівае і выдуманае пра яе.

Старажытнае капішча радзімічаў

– Акрамя агульна прынятай назвы «Блакітная крыніца». Яе называюць яшчэ «Сіні калодзеж», «Сіняя студня».

– Блакітная крыніца, унікальны для Ўсходне-Еўрапейскай раўніны прыродны феномен. Вада ў крыніцы блакітна-бірузовага колеру з высокім утрыманнем фтору і крэмнію, з 180,6 мг/л раствораных рэчываў.

– Сакральнае месца радзімічаў, тут было старажытнае капішча. Паводле легенды, у крыніцы ў 988 годзе прынялі хрышчэнне радзімічы.

– З прыходам хрысціянства яе асвяцілі. Побач з ёю ўзведзеная царква. 14 жніўня, на праваслаўны Макавей, тут ладзяцца малебны. На свята збіраецца тысячы паломнікаў.

Крынічная вада валодае высокімі пітнымі якасцямі

– Крыніца ўяўляе сабой натуральную студню – вертыкальную шахту 150-200 м глыбінёй, з якой штосекундна з крэйдавай тоўшчы выліваецца 60 літраў вады. У старажытныя часы вада тут біла слупам вышынёй з чалавека.

– Вада ў крыніцы лічыцца гаючай і валодае высокімі пітнымі якасцямі. Існуе павер’е: калі акунуцца ў яе і перайсці тройчы ручай, які выцякае з яе, то хваробы адступяць на год. Вада круглы год мае тэмпературу каля 4 C.

– Гліну з дна крыніцы выносіць катэгарычна забаронена. Навукоўцы даказалі, што яна хвароб не лечыць.

Мясціна, дзе крыніца, зведала радыяцыйнае забруджванне

– У 1985 годзе крыніца абвешчаная гідралагічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. На Магілёўшчыне 14 помнікаў прыроды і толькі два – гідралагічныя. Акрамя Блакітнай, яшчэ ў Магілёве Палыкавіцкая.

– У 1986 годзе мясціны, дзе крыніца, як і 37% Магілёўшчыны, былі забруджаныя радыенуклідамі. Цяпер тут зона забруджвання 5-15 кюры па цэзію 137. Навуковыя даследаванні цвердзяць, што радыеактыўнае забруджванне мясціны не адбілася на якасці, чысціні, хімічным складзе, крынічнай вады.

Сонечныя батарэі і гандаль сувенірамі

– Блакітная крыніца ўключана ў склад агратурыстычных кластараў «Сырная краіна», «Край жыватворных крыніц».

– З крыніцы выцякае ручай Галуба, які праз некалькі кіламетраў упадае ў раку Сож.

– Ля крыніцы на працягу турыстычнага сезону гандлююць сувенірамі, мёдам, сырам, ласункамі, іншай прадукцыяй мясцовай саматужнай вытворчасці.

– Тут усталяваныя сонечныя батарэі для патрэб адпачываючых і гандлёвых кропак.