Стала вядома, што адбываецца з кіраўніком рыцарскага клуба “Барысфен” пры Магілёўскім гарадскім доме культуры Паўлам Пастуховым (Станкевічам). Пасля адсідкі двух адміністрацыйных арыштаў запар, Павел быў ненадоўга выпушчаны на волю – паведамлялі mogilev.media.
Пазней з’явілася інфармацыя, што кіраўнік рыцарскага клуба зноўку затрыманы, але заставаўся няясным яго статус. Сярод абазнаных крыніц гаворка вялася пра адміністрацыйны суд над Паўлам Пастуховым пасля новага затрымання. Аднак, гэта выглядала дзіўна на фоне абвяшчэння сілавікамі Народнага калектыва “Рыцарскі клуб “Барысфен”” пры Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і адпачынку “экстрэмісцкім фарміраваннем”.
Цяпер жа дасведчаныя крыніцы mogilev.media паведамляюць, што супраць Паўла Пастухова (Станкевіча) заведзеная крымінальная справа. Выглядае, што невялікая перадышка паміж адміністрацыйнымі арыштамі, дадзеная Паўлу ў пачатку снежня, была спробай выціснуць выбітнага дзеяча і папулярызатара сярэдневяковай беларускай культуры ў эміграцыю.
Суровы міністр унутраных спраў Іван Кубракоў нечакана праявіў такую пяшчоту да магілёўскага ліцэіста, што на вочы практычна навяртаецца сляза. Навучэнец Магілёўскага ліцэя МУС убачыў у тэлеграм-канале сваёй навучальнай установы паведамленне пра конкурс, запісаў з дапамогай ШІ крэатыўны зварот да кіраўніка МУС і папрасіў у Кубракова сабаку. Міністр просьбу пачуў і прывёз у Магілёў шчанюка.
Няма чаго і казаць: усе былі шчаслівыя, а Іван Кубракоў у той дзень шмат казаў пра дзяцей і сваю любоў да іх.
Кубракоў, які непасрэдна адказвае за бязлітасна жорсткае падаўленне пратэстаў беларусаў і наступныя рэпрэсіі супраць уласнага народа, наўрад ці стане папулярнейшым сярод людзей праз падоранага ім сабачку.
Бо сотні тысяч беларускіх дзяцей, бацькоў якіх Кубракоў і яго паплечнікі выціснулі з краіны дзеля ўратавання дрыжачай галавы Лукашэнкі, сустракаюць Новы год далёка ад Радзімы.
Многія з іх ужо завуць Дзеда Мароза на мовах тых краін, што далі ім прытулак. І наўрад ці калі-небудзь даруюць гэта дзядзячку Івану.
Жарсці вакол стаматалагічнага абслугоўвання насельніцтва ў Касцюковічах улегліся ці чакаць новага вітка абурэння? У горадзе, дзе стаматалагічная паліклініка прымала запісы на прыём усімі магчымымі і немагчымымі спосабамі, але выдавала ўсяго 12 талонаў у дзень на ўвесь раён, нешта, здаецца, змянілася.
Прынамсі, так лічыць раённая газета, якая паведаміла, што з 1 студзеня:
запіс на тэрапеўтычны прыём «сёння на заўтра» ажыццяўляцца не будзе;
выдача талонаў да ўрача-стаматолага-тэрапеўта, зубнога фельчара будзе адбывацца па папярэднім запісе пры непасрэдным звароце ў рэгістратуру і па тэлефоне на працягу ўсяго працоўнага дня з 8.00 да 20.00. Запіс адкрыты на 3 месяцы наперад;
ёсць магчымасць запісацца праз інтэрнэт у медыцынскай інфармацыйнай сістэме «Лекар»;
хірургічны прыём стаматалагічных пацыентаў ажыццяўляе зубны фельчар, талоны выдаюцца «сёння на заўтра» ў 17.00 па тэлефоне;
пацыенты з вострым болем прымаюцца ў дзень звароту.
І вось мары замстаршыні спраўдзіліся. Толькі вось як гэта палепшыць сітуацыю ў паліклініцы, якая выдае 12 талонаў у дзень, незразумела. Праблема “дванаццаці”, звязаная перш за ўсё з недахопам кадраў, нікуды не знікне.
Падаецца, што аналітычныя здольнасці Манушэнкі даюць збой, і даводзіцца пераходзіць да больш простых прыкладаў. Накшталт таго, што са скуры аднаго зайца можна пашыць і сем шапак, але зусім маленькіх.
Раство Хрыстова (у цэрквах, якія карыстаюцца грыгарыянскім календаром).
Адно з найгалоўнейшых хрысціянскіх святаў, калі адзначаецца нараджэнне Ісуса Хрыста ад Дзевы Марыі.
У хрысціянскай царкве з канца II і да IV стагоддзя падзеі Нараджэння Хрыстова ўспаміналіся ў дзень Багаяўлення, 6 студзеня. Каля 200 года Клімент Александрыйскі згадвае пра такую практыку.
Першыя хрысціяне былі яўрэямі і гэтае свята ўвогуле не адзначалі. Магчыма, выбар 25 снежня звязаны з паганскім салярным святам “Нараджэння Сонца Непераможнага”, якое прыходзілася на гэты дзень і якое пасля прыняцця ў Рыме хрысціянства напоўнілася новым зместам.
Дата 25 снежня, як дзень нараджэння Ісуса, упершыню згадана ў летапісах у 221 годзе новай эры. Упершыню Раство адсвяткавалі ў Рыме ў 336 годзе. Верагодна, усё гэта было абумоўлена імкненнем хрысціянскай царквы выцесніць шырокараспаўсюджаны ў Рымскай імперыі культ Непераможнага Сонца.
У ХІІІ стагоддзі, у часы святога Францішка Асізскага, з’явіўся звычай выстаўляць у храмах для пакланення яслі з фігуркай Дзіцяткі Езуса.
1741 год. Цэльсій вынайшаў шкалу вымярэння тэмпературы.
Шведскі астраном Андэрс Цэльсій выкарыстаў ртутны тэрмометр Фарэнгейта з уласнай шкалой, дзе тэмпература кіпення вады была прынята за 100 градусаў, а раставання лёду – за 0 градусаў.
Калі яго спыталі аб гэтых дзівацтвах яго шкалы, Цэльсій з усмешкай парыраваў: “У нас у Швецыі даволі халаднавата, і для пазбягання адмоўных тэмператур я і вынайшаў дадзеную шкалу”.
1772 год. Стварэнне каталіцкай Беларускай дыяцэзіі з цэнтрам у Магілёве.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Кацярына ІІ абвясціла пра стварэнне ў межах Расійскай імперыі асобнай Беларускай дыяцэзіі (лацінскага абраду) з кафедрай у Магілёве. Гэта адбылося 25 снежня 1772 года. Пазней яна была ператворана ў Магілёўскую архідыяцэзію, якой падпарадкоўваліся ўсе каталіцкія прыходы Расійскай імперыі, у тым ліку ў Маскве і Пецярбургу. Касцёл кармелітаў у Магілёве стаў кафедральным саборам гэтай архідыяцэзіі — сёння ён вядомы як сабор св. Станіслава.
1795 год. Расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ прынята рашэнне аб створэнні Слонімскай губерні на землях, якія адышлі да Расійскай імперыі па ІІІ падзеле Рэчы Паспалітай.
Але рашэнне не было рэалізавана.
У другі раз утворана 8 жніўня 1796 года як намесніцтва і складалася з частак Берасцейскага, Віленскага, Гарадзенскага і Навагрудскага ваяводстваў былога Вялікага Княства Літоўскага.
Падзялялася на 8 паветаў: Брэсцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Слонімскі. Насельніцтва ў 1796 годзе складала больш за 300 тыс. чалавек.
У 1797 годзе ў выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльных рэформаў Паўла I Слонімская і Віленская губерні былі аб’яднаныя ў Літоўскую губерню з цэнтрам у Вільні.
У 1850 годзе разам з С. Убрыем і Ю. Шчытам распрацаваў праект скасавання паншчыны і правёў яго на сходзе дваран Віцебскай губерні.
З’яўляўся дрысенскім павятовым і віцебскім губернскім маршалкам. Правадзейны член Віцебскага губернскага апякунства дзіцячых прытулкаў, член статыстычнага камітэта, старшыня Віцебскага таварыства сельскай гаспадаркі.
Аўтар працы «Погляд на паэзію беларускага народа» з дадаткам назіранняў над асаблівасцямі беларускай мовы на матэрыяле гаворкі Віцебшчыны – першай гісторыка-параўнальнай характарыстыкі беларускай фальклорнай спадчыны.
Аўтар вершаў, перакладчык на польскую мову беларускіх народных песень, некаторых гістарычных дакументаў. Рыхтаваў да выдання працу «Поўны беларускі песнязбор».
У 2017 г. ў гонар 200-годдзя з дня нараджэння Ігната Храпавіцкага ў Верхнядзвінску і Каханавічах прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя.
1895 год. У в. Байлюкі Глускага раёна нарадзіўся Яўхім Кіпель.
Беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, педагог, публіцыст.
Член Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР, сакратар аддзелу прыроды і народнай гаспадаркі Інстытуту беларускай культуры.
Двойчы (1930, 1935 гады) арыштоўваўся НКУС. Быў фігурантам сфальсіфікаванай крымінальна-палітычнай справы «Саюзу вызвалення Беларусі». Вязень ГУЛАГу.
Аўтар кнігі ўспамінаў пра савецкія лагеры «З іхняга раю».
З 1950 года ў ЗША. Стваральнік Аб’яднання беларускіх вязняў савецкіх лагераў.
Член Беларускага кангрэсавага камітэту Амерыкі. Публікаваўся ў беларускай эмігранцкай прэсе. Успаміны Яўхіма Кіпеля захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
Памёр 27 ліпеня 1969 года.
1918 год. Выйшаў першы выпуск газеты «Известия Быховского ревкома».
Затым яна называлася “Маяк камуны”, “Сацыялістычная перамога”, “Сцяг працы”. Цяперашнюю назву – “Маяк Прыдняпроўя” – газета атрымала ў красавіку 1963 года.
Беларуская актрыса. Народная артыстка БССР. Ганаровы грамадзянін г. Віцебска.
На хутары Шыркі непадалёк ад Багушэўска жылі ўсяго тры сям’і, у тым ліку Канапелькі і Машэравы. П. Машэраў і З. Канапелька – аднагодкі. Іх сяброўства і павага адзін да аднаго працягваліся ўсё жыццё.
З 1934 года творчае жыццё Канапелькі звязана з Беларускім тэатрам імя Якуба Коласа (Віцебск). Сярод асноўных тэатральных роляў – Паўлінка ў аднайменнай п’есе Янкі Купалы. Сябравала з Купалам з часоў гастроляў у Мінску: “Я вельмі хвалявалася, ідучы да Янкі Купалы. Сустрэлі мяне на дзіва проста і гасцінна…. Цётка Уладзя глядзела на мяне вельмі ласкава, а Янка Купала сказаў: “Цудоўная дзяўчына, жадаю табе сыграць гэту ролю на сцэне”. Сустрэча з такім чалавекам, такім знакамітым паэтам стала для мяне сапраўднай падзеяй”.
Памерла 27 мая 1997 годзе. У яе гонар у Віцебску па вул. Урыцкага, 19 усталявана мемарыяльная шыльда.
У ноч на 25 снежня 1942 года падпольшчыкі вызвалілі вязняў з нацысцкай турмы ў Магілёве
У гады нацысцкай акупацыі ў Магілёве дзейнічала шырокая сетка падпольных груп і «Камітэт садзейнічання Чырвонай Арміі». Яны збіралі разведзвесткі, перадавалі зброю і лекі партызанам, ладзілі дыверсіі, распаўсюджвалі лістоўкі. У ноч на 25 снежня 1942 года магілёўскія падпольшчыкі правялі смелую аперацыю і вызвалілі вязняў з фашысцкай турмы ў горадзе.
1962 год. Горад Дрыса Віцебскай вобласці атрымаў недарэчную назву Верхнядзвінск.
Горад згадваецца ў 1386 годзе, калі замак быў спалены полацкім князем Андрэем Альгердавічам.
Горад месціцца ў сутоку рэк Дрыса і Дзвіна. Недарэчнасць новай назвы ў тым, што на тэрыторыю Беларусі прыходзіцца сярэдняе цячэнне Дзвіны, а верхняе знаходзіцца ў Расіі.
Сёння ў цэнтры Верхнядзвінскага раёна жыве 7 000 жыхароў, працуюць адзін з першых савецкіх ільнозаводаў (1929-1932), масласырзавод, хлебазавод, завод сталярных вырабаў, фабрыка мастацкіх вырабаў, Цэнтр традыцыйнага мастацкага ткацтва.
Самы вядомы ў свеце беларускі палітолаг. Першы дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.
Доктар паліталогіі Ратгерскага ўніверсітэта (ЗША), распрацоўшчык канцэпцый «прэвентыўнага аўтарытарызму» і «аўтарытарнага інтэрнацыяналу», грамадскі дзеяч і блогер.
Быў сярод першых, хто ўключыў аўтарытарныя рэжымы ў міжнародны кантэкст. Многія навукоўцы ў 1990-х і напачатку 2000-х пісалі пра распаўсюджанне дэмакратыі, а Сіліцкі распачаў дыскусію аб супрацьлеглым працэсе. У пэўным сэнсе ён сфармуляваў новую праблематыку ў сферы распаўсюду аўтарытарызму. Сярод іншага, Віталь акрэсліў канцэпцыю «прэвентыўнага аўтарытарызму» – па сутнасці, гэта імкненне рэагаваць на кожны выклік звонку ўзмацненнем каардынацыі дзеянняў паміж недэмакратычнымі дзяржавамі.
Ён жадаў бачыць Беларусь дэмакратычнай і еўрапейскай краінай, дзе паважаюцца беларуская мова і нацыянальная культура.
У яго гонар заснаваны стыпендыі ў Цэнтральна-Еўрапейскім універсітэце (г. Вена), у Інстытуце еўрапейскіх даследванняў і міжнародных адносін (Славакія), Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў.
Афганская вайна працягвалася з 25 снежня 1979 да 15 лютага 1989 года – 2 238 дзён.
Праз вайну прайшло 620 000 вайскоўцаў, з якіх сваім жыццём заплацілі 14 453 чалавекі. Прапалі без вестак ці патрапілі ў палон 417 чалавек, сталі інвалідамі 10 751 чалавек. Звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены 86 чалавек, з іх 28 – пасмяротна.
У Аўганістане ваявала каля 30 000 белорусаў, з іх больш за 1 500 былі паранены, кантужаны, 702 – сталі інвалідамі, 723 – загінулі, 12 зніклі бяз вестак. Сярод загінулых і Герой Савецкацкага Саюза, магілёвец Андрэй Мельнікаў (1968-1988) – прататып галоўнага героя фільма Ф. Бандарчука “9 рота”.
Афганская вайна паскорыла развал СССР.
Дакладная колькасць загінуўшых у вайне афганцаў невядомая – верагодна каля 2 млн. чалавек.
1989 год. У Румыніі ў 14:50 расстраляны былы лідар краіны Нікалае Чаўшэску і яго жонка Алена.
За такую меру пакарання прагаласаваў Надзвычайны ваенны трыбунал, які абвінаваціў Чаўшэску ў злачынствах супраць дзяржавы, генацыдзе ўласнага народа (60 000 загінулых), адкрыцці таемных рахункаў у замежных банках на суму больш за 1 мільярд даляраў і падрыве нацыянальнай эканомікі. Усё гэта адбылося праз 3 дні, як быў скінуты камуністычны рэжым пад час антыўрадавых хваляванняў.
Чаушэску (1918-1989) з 1965 года быў генеральным сакратаром ЦК Румынскай камуністычнай партыі, у 1974-1989 гадах быў Прэзідэнтам Сацыялістычнай Рэспублікі Румынія.
Дзеці Чаўшэску Валянцін (прыёмны), Ніку і Зоя патрапілі ў турму. Яны былі абвінавачаны ў саўдзеле ў злачынствах іх бацькі. Праз 8 месяцаў вызвалілі з турмы навукоўцаў Валянціна і Зою (памерла ў 2006 годзе ва ўзросце 57 гадоў).
Ніку Чаўшэску, які меў дачыненне да органаў улады, атрымаў 20 гадоў турмы, але ўжо ў 1992 годзе быў вызвалены з прычыны хваробы. Ён памёр у 1996 годзе.
Фота: Расстрэл Мікалае і Алены Чаушэску.
1991 год. Міхаіл Гарбачоў пайшоў у адстаўку з пасады прэзідэнта СССР.
Аб гэтым ён давёў а 19:00 у телевізійным звароце ў прамым эфіры Цэнтральнага тэлебачання.
Ён сказаў, што з-за сітуацыі, якая склалася з утварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў, спыняе сваю дзейнасць на пасадзе Прэзідэнта СССР.
Пасля заявы Гарбачова аб адстаўцы і падпісанні ім Указа аб перадачы кіравання стратэгічнай ядзернай зброяй Прэзідэнту Расіі Барысу Ельцыну, першы і апошні Прэзідэнт СССР назаўжды пакінуў Крэмль.
У Крамлі быў спушчаны чырвоны дзяржаўны сцяг СССР. Спыніў сваё існаванне Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, які існаваў з 30 снежня 1922 да 25 снежня 1991 года.
Прычынай сталі антысацыяльны лад жыцця маці, злоўжыванне алкаголем і неспрыяльныя ўмовы пражывання. Жанчына піла, не працавала, сям’я існавала на 300 рублёў у месяц. Дапамогай яна не карысталася, да ўрача не звярталася, даўгі па жыллёва-камунальных паслугах не пагашала. У час сваркі з дзецьмі яна зрабіла спробу самагубства на іх вачах.
Камісія па справах непаўналетніх прызнала дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і прыняла рашэнне пра іх адабранне. Праводзяцца мерапрыемствы па аднаўленні сямейных сувязяў.
Перадгісторыя пачалася ў 2024 годзе: дзяцей прызналі такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы – з-за незабяспечанасці асноўных патрэб і амаральнага ладу жыцця сужыцеля маці. Пасля яго накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый жанчына пачала піць адна.
Выходзіць, што ўсе прыгожыя словы пра абарону дзяцей урэшце зводзяцца да халодных фармулёвак «сацыяльна небяспечнае становішча» і «лячэбна-працоўны прафілакторый».
Пры гэтым мільёны бюджэтных грошай ідуць на камісіі, што знаходзяцца недзе паміж п’янымі бацькамі і рашэннем пракуратуры.
Яны штосьці там даследуюць, раздаюць «кітайскія» папярэджанні, а рэальнай карысці ад іх – нуль. Па сутнасці, вырашаецца толькі адна задача: стварэнне працоўных месцаў для чыноўнікаў.
Дык, можа, лепш адразу, не марнуючыся на красамоўных барацьбітоў за шчаслівае дзяцінства, перанакіроўваць сродкі ў дзіцячыя дамы?
Санстанцыя выявіла расійскую “незамерзайку” FREEDOM -30°С, у якой перавышана ўтрыманне метанолу.
Небяспечную вадкасць для амывання аўтамабільнага шкла ў марознае надвор’е выявілі ў гандлёвым аб’екце па вуліцы Лазарэнка 73Б каля ўвахода ў магазін “Еўраопт”.
Паводле Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, па выніках даследаванняў устаноўлена неадпаведнасць адзіным санітарна-эпідэміялагічным і гігіенічным патрабаванням да тавараў, якія, паводле норм Мытнага саюза, падлягаюць санітарна-эпідэміялагічнаму нагляду.
Гэтая “незамерзайка” выраблена расійскім ТАА “Мегаполіс” і пастаўлена ў продаж у Магілёве мінскім ТАА “СтроимПостроим”.
Можна зарэгістраваць асабісты кабінет – так у Клімавічах патлумачылі перавагі ўдзелу ў БРСМ.
У клімавіцкім аграрным каледжы 23 першакурснікі атрымалі новенькія смарт-білеты ад першага сакратара райкама БРСМ Наталлі Судзілоўскай.
Судзілоўская расказала пра «бліскучыя перспектывы», якія дасць пластыкавая картка:
рэгістрацыя асабістага кабінета з магчымасцю рэдагавання даных, дадання фота і дакументаў;
сістэма балаў за ўдзел у мерапрыемствах;
апавяшчэнні пра апошнія навіны і карысную інфармацыю;
рэгістрацыя на мерапрыемствы праз дадатак у смартфоне;
інтэграцыя з сацыяльнымі сеткамі;
рэйтынг актыўнасці карыстальніка.
Навошта ўся гэтая мітусня, сакратар не патлумачыла. Бо і тлумачыць асабліва няма чаго – апісаныя функцыі даступныя кожнаму непартыйнаму карыстальніку любой сацсеткі.
Затое партал CityDog правёў апытанне сярод чальцоў БРСМ і высветліў, што білет арганізацыі не дае зусім нічога – ні розуму, ні сэрцу.
І галоўнае – у секту БРСМ прасцей уступіць, чым выйсці з яе:
заявы на выхад з арганізацыі не прымаюцца;
неаплата членскіх узносаў не дапамагае;
нават з’ехаўшы з Беларусі, усё адно лічышся чальцом БРСМ.
Чым не сапраўдная злачынная групоўка – пакінуць яе можна толькі паводле рашэння «талкавішча».
Дарэчы, для Беларусі тут няма нічога новага – большасць дзяржаўных структур працуе не паводле закона, а паводле крымінальных паняццяў.
У Бабруйскім гандлёва-эканамічным каледжы прыдумалі конкурс, які насамрэч ёсць зборам металалома і ўдзел у ім абавязковы.
Згодна з ўмовамі “конкурсу”, якія апублікаваў Mayday, ён праходзіць з 15 па 30 снежня 2025 года і тычыцца як навучэнцаў, так і работнікаў гэтай навучальнай установы. Праводзіцца ён пад эгідай праўладнай маладзёжнай арганізацыі БРСМ і такога ж праўладнага навучэнскага прафсаюза.
Узважваць металалом будзе камендант. Пры неабходнасці сабранае могуць дапамагчы прывезці. Цікава, што удзельнікі “конкурсу” абавязанныя яшчэ ачысціць метал ад бруду, пластыка і неметалічных элементаў.
Пераможцам арганізатары абяцаюць: у камандным заліку (пры ўмове сабраных па 10 кг на кожнага ўдзельніка) за першае месца – экскурсійная паездка па РБ; за другое – гульня ў боўлінг; трэцяе – салодкія прызы. У індывідуальным заліку тры першыя месцы атрымаюць граматы і дробныя прызы накшталт флэшак.
Мэтай правядзення сбору металалома абвешчана фармаванне ў навучэнцаў экалагічнай культуры, беражлівага стаўлення да рэсурсаў, разумення прынцыпаў прыродакарыстання і раздзельнага збору адыходаў.
Падаецца, што ў пагоні за адраджэннем савецкіх практык арганізатары гэтага “конкурсу” ўвогуле забыліся аб рэчаіснасці, у якой жывуць. Калі падчас СССР метал сапраўды валяўся пад нагамі з-за паўсюднай безгаспадарчасці і мізэрных коштаў на яго, то цяпер сітуацыя абсалютна іншая. У цяперашнія часы, калі металалом каштуе адносна дорага і многія людзі нават жывуць з яго збору і здачы, знайсці яго проста на вуліцы ці нават на нейкай звалцы амаль немагчыма. Больш таго, пастаяннымі сталі і крадзяжы металічных прадметаў, напрыклад, з могілак ці прыватных уладанняў. Таму не выключана, што вынікам такой абавязалаўкі будзе не фармаванне экалагічнай культуры і беражлівага стаўлення да рэсурсаў, а з’яўленне ў міліцэйскіх зводках паведамленняў аб крадзяжы металу навучэнцамі гандлёва-эканамічнага каледжа.
Беларускі бізнэсовец Аляксей Саўчук, які валодае сеткай Mak.by, скупляе акцыі прадпрыемстваў Горацкага раёна.
У Горацкім раёне сканцэнтраваны галоўныя актывы Саўчука – “Малочныя горкі” і Горацкі харчовы камбінат. Яны займаюцца не толькі тварагом і кефірам, але і даволі рэдкім для нашага рынку скірам – гэта высокабялковы малочны прадукт. Частка прадукцыі вядомая пад брэндам Exponenta, піша Orsha.eu.
Як даведаўся партал “Беларусы і рынак”, у гэтым месяцы «Малочныя горкі» набылі 8,93% акцый прадпрыемства «Горацкае». Яно з’яўляецца адным з найбуйнейшых у раёне сельгасвытворцаў, чыя агульная зямельная плошча складае каля 12,9 тыс.гектараў, і вырошчвае збожжавыя і зернебабовыя, бульбу, гародніну адкрытага грунту, рапс, цукровыя буракі, плады семечкавых і ягад, займаецца вытворчасцю малака і мяса буйной рагатай жывёлы.
У мінулым месяцы Аляксей Саўчук (уваходзіць у топ-100 беларускіх бізнэсоўцаў) праз «Малочныя горкі» стаў уладальнікам звыш 9% іншага сельскагаспадарчага прадпрыемства раёна – «Маслакі». Плошча яго ўгоддзяў – больш за 7,3 тыс.гектараў.
Расійскія ваенныя ў Клімавіцкім і Крычаўскім раёнах займаюцца аднаўленнем былых вайсковых аб’ектаў.
Як распавяла mogilev.media дасведчаная крыніца, у цяперашні час на тэрыторыі Клімавіцкага раёна каля вёскі Барсукі ідзе аднаўленне былога вайсковага аэрадрома і ваеннага гарадка пры ім. Пасля развалу Савецкага саюза гэты аэрадром, прызначаны менавіта для вайсковай авіяцыі, был закінуты, занядбаны і нават часткова раскрадзены.
Цэны на кватэры ў ваенным гарадку істотна знізіліся, і тыя, хто хацеў іх прадаць, па сутнасці, аддавалі за бесцань. Цяпер жа, паколькі аэрадром пачалі рамантаваць і аднаўляць, цэны на жыллё ў Барсуках пайшлі ўгору. У сваю чаргу, на аэрадроме ўжо базуюцца верталёты, усталяваны лакатары.
Па сцвярджэннях мясцовых жыхароў, аднаўленчымі працамі займаюцца расійскія ваенныя. Сярод іх афіцэры і салдаты, а тэхніка – з 21-га расійскага рэгіёна, гэта значыць, з Чувашскай рэспублікі. Мясцовыя жыхары адзначаюць, што расійскія вайскоўцы – славянскай знешнасці. Беларусы робяць вывад, што такіх прыслалі ў магілёўскую глыбінку для таго, каб якая-небудзь азіяцкая ці каўказская знешнасць не кідалася ў вочы мясцоваму люду.
Акрамя таго, пад Крычавам пачалося аднаўленне месца, дзе раней таксама дыслакавалася вайсковая частка. Гэтае месца мае назву Крычаў-2. У аднаўленні гэтай ваеннай базы таксама прымаюць актыўны ўдзел расійскія вайскоўцы.
Мясцовыя назіральнікі мяркуюць, што актыўнасць расіян ў тых мясцінах, магчыма, звязана з заявамі аб размяшчэнні ў Беларусі ракетнага комплекса “Арэшнік”. Агулам жа з’яўленне і актыўнасць расійскіх вайскоўцаў выклікае трывогу ў насельніцтва Клімавіцкага і Крычаўскага раёнаў.