На Магілёўшчыне за мінулы год у нядбайных бацькоў адабралі больш за 230 дзяцей

У 2025 годзе па патрабаванні пракуратуры ў Магілёўскай вобласці больш за 230 дзяцей былі адабраны ў бацькоў.

Па дадзеных нагляднага ведамства, усяго ў вобласці пражываюць 1 840 дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. 

Пракуроры вывучылі больш за 1,5 тыс. матэрыялаў сацыяльных расследаванняў, і многія незаконныя рашэнні саветаў прафілактыкі ўстаноў адукацыі былі апратэставаныя.

Так, савет прафілактыкі адной з устаноў адукацыі Магілёва ў дачыненні да сям’і, у якой выхоўваюцца двое малалетніх, прыняў рашэнне аб адсутнасці крытэрыяў і паказчыкаў сацыяльна небяспечнага становішча. Пракуроры пры вывучэнні матэрыялаў выявілі, што ў кватэры, дзе пражывалі маці з дзецьмі і іх трое сваякоў, адсутнічала падлогавае пакрыццё, спальнае месца для малалетняй дзяўчынкі не абсталявана, прадукты харчавання меліся ў мінімальнай колькасці.

Пры паўторным наведванні гэтай сям’і пракурорамі па-ранейшаму прадуктаў харчавання не мелася, а з-за бязладзіцы і антысанітарыі ў кватэры завяліся прусакі. Таксама аказалася, што ў дачыненні да бацькі дзяцей распачата крымінальная справа за гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да заведама малалетняй.

Пракурор Магілёва апратэставаў рашэнне савета прафілактыкі, і дзеці былі прызнаныя ў сацыяльна небяспечным становішчы.

У сваю чаргу ў Бабруйску айчым сістэматычна наносіў непаўналетняму пасынку ўдары рукамі і качалкай па розных частках цела, прычыняючы яму цялесныя пашкоджанні. Па загадзе пракурора горада дзеці з сям’і адабраны. У дачыненні да айчыма ўзбуджаная крымінальная справа.

Фотаздымак: Shutterstock.com

Пяцярых дзяцей забралі ў жыхаркі Магілёўскага раёна

Пасля накіравання сужыцеля ў лячэбна-працоўны прафілакторый, сямейныя справы ў жыхаркі Магілёўскага раёна пайшлі яшчэ горш.

Па патрабаванні пракуратуры Магілёўскага раёна пяцярых дзяцей забралі з шматдзетнай сям’і і змясцілі на дзяржаўнае забеспячэнне.

Прычынай сталі антысацыяльны лад жыцця маці, злоўжыванне алкаголем і неспрыяльныя ўмовы пражывання. Жанчына піла, не працавала, сям’я існавала на 300 рублёў у месяц. Дапамогай яна не карысталася, да ўрача не звярталася, даўгі па жыллёва-камунальных паслугах не пагашала. У час сваркі з дзецьмі яна зрабіла спробу самагубства на іх вачах.

Камісія па справах непаўналетніх прызнала дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і прыняла рашэнне пра іх адабранне. Праводзяцца мерапрыемствы па аднаўленні сямейных сувязяў.

Перадгісторыя пачалася ў 2024 годзе: дзяцей прызналі такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы – з-за незабяспечанасці асноўных патрэб і амаральнага ладу жыцця сужыцеля маці. Пасля яго накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый жанчына пачала піць адна.

Выходзіць, што ўсе прыгожыя словы пра абарону дзяцей урэшце зводзяцца да халодных фармулёвак «сацыяльна небяспечнае становішча» і «лячэбна-працоўны прафілакторый».

Пры гэтым мільёны бюджэтных грошай ідуць на камісіі, што знаходзяцца недзе паміж п’янымі бацькамі і рашэннем пракуратуры.

Яны штосьці там даследуюць, раздаюць «кітайскія» папярэджанні, а рэальнай карысці ад іх – нуль. Па сутнасці, вырашаецца толькі адна задача: стварэнне працоўных месцаў для чыноўнікаў.

Дык, можа, лепш адразу, не марнуючыся на красамоўных барацьбітоў за шчаслівае дзяцінства, перанакіроўваць сродкі ў дзіцячыя дамы?

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Жадаў выкупіць жыллё, але краў дызельнае паліва – Ісачанка адмовіў

На прыём да Анатолія Ісачанкі прыйшоў жыхар Бабруйскага раёна. Ён хацеў выкупіць службовае жыллё, але быў злоўлены на крадзяжы дызельнага паліва.

На асабістым прыёме грамадзян старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатолію Ісачанку давялося разбірацца з выкупам службовага жылля.

З гэтым пытаннем звярнулася да «губернатара» сям’я з аграгарадка Гарбацэвічы Бабруйскага раёна.

Глава сям’і больш за 10 гадоў працаваў на адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Бабруйскага раёна, сям’я пражывала ў службовым жыллі і планавала яго выкупіць, атрымаўшы папярэднюю згоду ад кіраўніцтва гаспадаркі.

Аднак Ісачанку далажылі, што ўсё не так проста. Мужчына ўжо не працуе на сельгаспрадпрыемстве, а падчас працы быў злоўлены на крадзяжы дызельнага паліва. Акрамя таго, сям’я была прызнана такой, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы пасля побытавага канфлікта.

А паводле калектыўнага дагавора права на выкуп службовага жылля мае работнік, які добрасумленна, без парушэнняў працоўнага заканадаўства і іншых спагнанняў адпрацаваў у гаспадарцы 10 гадоў.

Анатолій Ісачанка вырашыў, што за сям’ёй неабходна захаваць жыллё да канца навучальнага года, каб даць дзецям магчымасць давучыцца. 

Мужчыне прапанавалі вярнуцца на ранейшае сельгаспрадпрыемства, дзе з ім заключаць кантракт, і калі ён будзе працаваць без парушэння працоўнай дысцыпліны, сям’я ў бліжэйшы час атрымае права выкупу жылога памяшкання.

У гэтым эпізодзе, як у люстэрку, адлюстроўваецца жыццё ў беларускай вёсцы. Тут і прыгоннае права ў выглядзе калектыўнага дагавора, і бытавыя канфлікты, і службы, якія прызнаюць, што нехта знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і крадзёж паліва.

Зразумела, на падставе такіх бедных звестак нельга судзіць, што было, а чаго не было.

Аднак тое, што на вёсцы п’юць, крадуць і канфліктуюць ад безграшоўя і безнадзейнасці – факт бясспрэчны. І Ісачанку лепш за іншых вядома, што вобласць, якой ён кіруе, самая пітушчая і самая бедная ў краіне. А крадзёж сярод шараговых работнікаў, як, дарэчы, і службовыя злачынствы кіраўнікоў – у нас звычайная справа.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».