У цэнтры Бабруйска знеслі стогадовы будынак дзіцячага дома. На яго месцы пабудуюць офісны цэнтр

Аднапавярховы цагляны дом на скрыжаванні вуліц Пушкіна і Чырвонаармейскай, дзе да канца 1980-х гадоў працаваў дзіцячы дом, разабралі за пятнаццаць хвілін. Сцены склаліся пад ударам каўша экскаватара, як картачны домік. Ад пабудовы канца XIX – пачатку XX стагоддзя засталіся груда смецця і некалькі ацалелых цаглін з фірмовым кляймом.

Будынак пуставаў амаль чатыры дзесяцігоддзі. Напрыканцы 1980-х дзіцячы дом пераехаў у суседні двухпавярховы будынак на той жа вуліцы Пушкіна – больш новы і зручны. Старая аднапавярхоўка засталася без выкарыстання і паступова разбуралася. За апошнюю чвэрць стагоддзя ў яе змянілася не менш за трох уласнікаў. Адзін з іх яшчэ ў сярэдзіне 2010-х абяцаў адкрыць тут медыцынскі цэнтр, але так і не адкрыў. Да моманту зносу дом ужо страціў дах і вокны, а яго сцены зараслі дрэвамі і хмызняком.

Апошні ўласнік сцвярджае, што да апошняга спрабаваў захаваць будынак. Паводле яго слоў, паўнавартаснага падмурка ў будынка фактычна не было: цэгла ляжала проста на пяску, і калі пясок размыла, сцены пачалі нахіляцца. Гэта і стала прычынай рашэння пра знос.

Сярод абломкаў удалося адшукаць толькі некалькі цэлых цаглін – на іх захавалася фірмовае кляймо цагельнага завода братоў Лазінскіх, Гірша і Эвеля. Нароўні з Пружынінымі і Разенбергамі Лазінскія належалі да трох галоўных «цагельных» дынастый дарэвалюцыйнага Бабруйска.

Цікава, што радавы асабняк Лазінскіх таксама стаяў на Пушкінскай. Гэты матэрыял дазваляе датаваць знесеную аднапавярхоўку канцом XIX – пачаткам XX стагоддзя. Тым не менш статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці будынак не меў – ды і размяшчаўся ўбаку ад звыклай гістарычнай забудовы горада.

На месцы знесенага будынка прадпрымальнік плануе пабудаваць двухпавярховы офісны цэнтр. Паводле яго слоў, праект ужо ўзгоднены, дапрацоўваюцца толькі тэхнічныя дэталі. Гандлёвых плошчаў у новым будынку не прадугледжана – толькі офісы, магчыма, з ухілам у IT. Праектам таксама прадугледжаны актавая зала і стаянка на прылеглым участку плошчай 0,09 гектара. Будаўніцтва павінна пачацца найбліжэйшым часам.

Фота magilev.by.

Пяцярых дзяцей забралі ў жыхаркі Магілёўскага раёна

Пасля накіравання сужыцеля ў лячэбна-працоўны прафілакторый, сямейныя справы ў жыхаркі Магілёўскага раёна пайшлі яшчэ горш.

Па патрабаванні пракуратуры Магілёўскага раёна пяцярых дзяцей забралі з шматдзетнай сям’і і змясцілі на дзяржаўнае забеспячэнне.

Прычынай сталі антысацыяльны лад жыцця маці, злоўжыванне алкаголем і неспрыяльныя ўмовы пражывання. Жанчына піла, не працавала, сям’я існавала на 300 рублёў у месяц. Дапамогай яна не карысталася, да ўрача не звярталася, даўгі па жыллёва-камунальных паслугах не пагашала. У час сваркі з дзецьмі яна зрабіла спробу самагубства на іх вачах.

Камісія па справах непаўналетніх прызнала дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і прыняла рашэнне пра іх адабранне. Праводзяцца мерапрыемствы па аднаўленні сямейных сувязяў.

Перадгісторыя пачалася ў 2024 годзе: дзяцей прызналі такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы – з-за незабяспечанасці асноўных патрэб і амаральнага ладу жыцця сужыцеля маці. Пасля яго накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый жанчына пачала піць адна.

Выходзіць, што ўсе прыгожыя словы пра абарону дзяцей урэшце зводзяцца да халодных фармулёвак «сацыяльна небяспечнае становішча» і «лячэбна-працоўны прафілакторый».

Пры гэтым мільёны бюджэтных грошай ідуць на камісіі, што знаходзяцца недзе паміж п’янымі бацькамі і рашэннем пракуратуры.

Яны штосьці там даследуюць, раздаюць «кітайскія» папярэджанні, а рэальнай карысці ад іх – нуль. Па сутнасці, вырашаецца толькі адна задача: стварэнне працоўных месцаў для чыноўнікаў.

Дык, можа, лепш адразу, не марнуючыся на красамоўных барацьбітоў за шчаслівае дзяцінства, перанакіроўваць сродкі ў дзіцячыя дамы?

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.