Пяцярых дзяцей забралі ў жыхаркі Магілёўскага раёна

Пасля накіравання сужыцеля ў лячэбна-працоўны прафілакторый, сямейныя справы ў жыхаркі Магілёўскага раёна пайшлі яшчэ горш.

Па патрабаванні пракуратуры Магілёўскага раёна пяцярых дзяцей забралі з шматдзетнай сям’і і змясцілі на дзяржаўнае забеспячэнне.

Прычынай сталі антысацыяльны лад жыцця маці, злоўжыванне алкаголем і неспрыяльныя ўмовы пражывання. Жанчына піла, не працавала, сям’я існавала на 300 рублёў у месяц. Дапамогай яна не карысталася, да ўрача не звярталася, даўгі па жыллёва-камунальных паслугах не пагашала. У час сваркі з дзецьмі яна зрабіла спробу самагубства на іх вачах.

Камісія па справах непаўналетніх прызнала дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і прыняла рашэнне пра іх адабранне. Праводзяцца мерапрыемствы па аднаўленні сямейных сувязяў.

Перадгісторыя пачалася ў 2024 годзе: дзяцей прызналі такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы – з-за незабяспечанасці асноўных патрэб і амаральнага ладу жыцця сужыцеля маці. Пасля яго накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый жанчына пачала піць адна.

Выходзіць, што ўсе прыгожыя словы пра абарону дзяцей урэшце зводзяцца да халодных фармулёвак «сацыяльна небяспечнае становішча» і «лячэбна-працоўны прафілакторый».

Пры гэтым мільёны бюджэтных грошай ідуць на камісіі, што знаходзяцца недзе паміж п’янымі бацькамі і рашэннем пракуратуры.

Яны штосьці там даследуюць, раздаюць «кітайскія» папярэджанні, а рэальнай карысці ад іх – нуль. Па сутнасці, вырашаецца толькі адна задача: стварэнне працоўных месцаў для чыноўнікаў.

Дык, можа, лепш адразу, не марнуючыся на красамоўных барацьбітоў за шчаслівае дзяцінства, перанакіроўваць сродкі ў дзіцячыя дамы?

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.