Жадаў выкупіць жыллё, але краў дызельнае паліва – Ісачанка адмовіў

На прыём да Анатолія Ісачанкі прыйшоў жыхар Бабруйскага раёна. Ён хацеў выкупіць службовае жыллё, але быў злоўлены на крадзяжы дызельнага паліва.

На асабістым прыёме грамадзян старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатолію Ісачанку давялося разбірацца з выкупам службовага жылля.

З гэтым пытаннем звярнулася да «губернатара» сям’я з аграгарадка Гарбацэвічы Бабруйскага раёна.

Глава сям’і больш за 10 гадоў працаваў на адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Бабруйскага раёна, сям’я пражывала ў службовым жыллі і планавала яго выкупіць, атрымаўшы папярэднюю згоду ад кіраўніцтва гаспадаркі.

Аднак Ісачанку далажылі, што ўсё не так проста. Мужчына ўжо не працуе на сельгаспрадпрыемстве, а падчас працы быў злоўлены на крадзяжы дызельнага паліва. Акрамя таго, сям’я была прызнана такой, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы пасля побытавага канфлікта.

А паводле калектыўнага дагавора права на выкуп службовага жылля мае работнік, які добрасумленна, без парушэнняў працоўнага заканадаўства і іншых спагнанняў адпрацаваў у гаспадарцы 10 гадоў.

Анатолій Ісачанка вырашыў, што за сям’ёй неабходна захаваць жыллё да канца навучальнага года, каб даць дзецям магчымасць давучыцца. 

Мужчыне прапанавалі вярнуцца на ранейшае сельгаспрадпрыемства, дзе з ім заключаць кантракт, і калі ён будзе працаваць без парушэння працоўнай дысцыпліны, сям’я ў бліжэйшы час атрымае права выкупу жылога памяшкання.

У гэтым эпізодзе, як у люстэрку, адлюстроўваецца жыццё ў беларускай вёсцы. Тут і прыгоннае права ў выглядзе калектыўнага дагавора, і бытавыя канфлікты, і службы, якія прызнаюць, што нехта знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і крадзёж паліва.

Зразумела, на падставе такіх бедных звестак нельга судзіць, што было, а чаго не было.

Аднак тое, што на вёсцы п’юць, крадуць і канфліктуюць ад безграшоўя і безнадзейнасці – факт бясспрэчны. І Ісачанку лепш за іншых вядома, што вобласць, якой ён кіруе, самая пітушчая і самая бедная ў краіне. А крадзёж сярод шараговых работнікаў, як, дарэчы, і службовыя злачынствы кіраўнікоў – у нас звычайная справа.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».