Смяротны сінтэз – жыхарка Магілёва памерла ад атручэння незамярзайкай

Канцэнтрацыя этыленгліколю ў арганізме аказалася ў два разы вышэйшай за смяротную дозу. 

Пра гібель 50-гадовай жыхаркі Магілёва паведамляе прэс-служба Камітэта судовых экспертыз. Жанчына адчула сябе дрэнна на вуліцы, хуткая даставіла яе ў лякарню, дзе быў пастаўлены дыягназ вострага атручэння невядомым рэчывам. Нягледзячы на медыцынскую дапамогу, назаўтра жанчына памёрла. Як высветлілі эксперты, атрутным рэчывам з’яўляўся этыленгліколь, які ўваходзіць у склад незамярзаек, тармазных вадкасцяў і антыфрызаў. Канцэнтрацыя этыленгліколю ў арганізме жыхаркі Магілёва склала 4 грамы на літр, што ў два разы вышэй за смяротную дозу. Акрамя таго, у крыві быў знойдзены таксама этылавы спірт у канцэнтрацыі менш за 1 праміле.

Спецыялісты судовых экспертыз адзначаюць, што дыяпазон доз этыленгліколю, якія выклікаюць цяжкія атручванні чалавека, досыць шырокі, у большасці выпадкаў смяротнымі дозамі з’яўляліся 100-150 мілілітраў. Чыннікам высокай таксічнасці этыленгліколя з’яўляецца так званы смяротны сінтэз, калі ў выніку ўздзеяння арганізма на рэчыва ўтворыцца больш таксічны прадукт, чым зыходны.

Фота: Камітэт судовых экспертыз

У Беларусі забаранілі дзесяць марак шклоамывальнікаў – усе з Расіі

Адразу дзесяць расійскіх марак незамярзаек патрапілі пад забарону Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. У некаторых выпадках колькасць метанола ў вадкасці перавышала норму ў 680 разоў.

Continue reading “У Беларусі забаранілі дзесяць марак шклоамывальнікаў – усе з Расіі”

Вось гэтая незамярзайка, выяўленая на Магілёўшчыне, аказалася небяспечнай

Магілёўская абласная санстанцыя выявіла няякасны шклоамывальнік, які масава прадаваўся ў розных гандлёвых кропках Магілёўскай вобласці. Гэта незамярзайка Snow Track -30 ад расійскага вытворцы “Тэх Лайн”. 

Як паказалі вынікі лабараторных даследаванняў, канцэнтрацыя метанолу ў гэтай прадукцыі перавышала 13% пры гігіенічным нарматыве не больш за 0,05 аб’ёмнага працэнта.

Зараз ідзе канфіскацыя гэтага шклоамывальніка з усіх гандлёвых сетак па Беларусі

Фота з адкрытых крыніц

Выпіў невядома што, хуткую выклікаць не дазволіў – пад Мсціславам атруціўся мужчына

51-гадовы жыхар вёскі каля Мсціслава загінуў ад атручэння невядомай вадкасцю. Па словах яго жонкі, якія прыводзяць “Магілёўскія ведамасці”, мужчына быў частым госцем на палігоне побытавых адыходаў. Там ён пабачыў пяцілітровую бутыль з нейкай вадкасцю. Пераліўшы вадкасць у дзве меншыя бутэлькі, жыхар Мсціслаўскага раёна прыйшоў дахаты і выпіў з паўлітра сваёй здабычы.

Калі праз пару гадзін яму стала дрэнна, жонка прапанавала выклікаць хуткую, але муж забараніў гэта рабіць. Нараніцу медыкі канстатавалі смерць мужчыны. Як высветлілі супрацоўнікі судовай экспертызы, у склад вадкасці ўваходзіў этыленгліколь – таксічнае рэчыва, якое і стала прычынай смерці. У большасці выпадкаў смяротная доза – усяго 100-150 мл вадкасці, якая змяшчае этыленгліколь. У выпадку своечасовага аказання медыцынскай дапамогі магчымы спрыяльны зыход.

Фота ілюстрацыйнае