У большасці раёнаў Магілёўшчыны забаронена заходзіць у лес

У 16 з 21 раёна Магілёўскай вобласці з-за засухі ўведзена поўная забарона на наведванне лясоў.

Большая частка раёнаў, дзе забаронена нават заходзіць у лес, знаходзяцца ў заходняй і ўсходняй частках рэгіёна. Пры гэтым у Шклоўкім, Чавускім і Мсціслаўскім раёнах дзейнічае абмежаванне – лясы наведваць можна, але заязджаць у іх на машынне нельга, як і распальваць вогнішчы.

Пры гэтым у Горацкім і Дрыбінскім раёнах ніякіх абмежаванняў на наведванне лясоў няма. 

Варта адзначыць, што сухая вясна працягвае пагражаць ляснымі пажарамі. Так, за мінулыя суткі з раніцы 3 красавіка па раніцу 4 красавіка 2026 года па вобласці адбыліся 25 пажараў у экасістэмах, прычым у Бабруйскім раёне быў зафіксаваны лясны пажар.

Фотаздымак: Мінлясгас

Суд у Горках прызнаў “экстрэмісцкім” Instagram сусветнай праваабарончай арганізацыі

Старонка сусветнай арганізацыі “FIDH – International Federation for Human Rights” ў Instagram у Горацкім райсудзе аб’яўлена экстрэмісцкай.

Прызнанне “экстрэмісцкімі матэрыяламі” сацсеткі FIDH адбылося 31 сакавіка 2026 года. На Instagram праваабарончай арагнізацыі падпісаныя больш за 12,5 тысяч чалавек.

“Міжнародная федэрацыя за правы чалавека” (FIDH) была заснаваная ў 1922 годзе. Яе лозунгі – “Усе правы чалавека – усім”, “Ведаць, каб дзейнічаць”. Віцэ-прэзідэнтам FIDH з’яўляецца Нобелеўскі лаўрэат, беларускі праваабаронца і былы палітвязень Алесь Бяляцкі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Пракуратура Магілёўшчыны знайшла праблемы з харчаваннем у дашкольнікаў

Сістэмныя парушэнні – ад праблем з харчаваннем да недахопаў у бяспецы і арганізацыі адукацыйнага працэсу – выявіла пракуратура ў дзіцячых садках Магілёўскай вобласці.

Парушэнні пры арганізацыі харчавання аказаліся аднымі з найбольш прыкметных. У некаторых дзіцячых садках зафіксаваны выпадкі выкарыстання прадуктаў з прыкметамі недабраякаснасці.

Праверка таксама паказала, што ў шэрагу ўстаноў дзяцей залічвалі без поўнага пакета неабходных дакументаў, а групы фарміраваліся з перавышэннем дапушчальнай напаўняльнасці. Так, у адной з дашкольных устаноў у Касцюковічах у дзвюх з чатырох груп колькасць выхаванцаў была перабольшаная.

Асобныя пытанні ўзніклі да арганізацыі працы з дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Не ва ўсіх садках была забяспечана іх інтэграцыя і неабходнае суправаджэнне. У Магілёве, напрыклад, у адной з устаноў праігнаравалі заключэнне карэкцыйнага цэнтра, і двое дзяцей засталіся без індывідуальнай апекі.

Не менш праблем выявілася ў сферы бяспекі. На тэрыторыі некаторых дзіцячых садкоў гульнявое абсталяванне знаходзілася ў няспраўным стане. У Клімавічах, напрыклад, на пляцоўцы былі ўсталяваны балансіры без амартызатараў і фіксатараў, што стварае рызыку траўмавання дзяцей.

Акрамя таго, у частцы ўстаноў не належным чынам выконваўся прапускны рэжым. Падчас праверак зафіксаваны выпадкі свабоднага доступу старонніх асоб на тэрыторыю дзіцячых садкоў.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

Дзень у гісторыі. 4 красавіка. Дзень інтэрнэту. Перамога Т. Касцюшкі пад Рацлавіцамі

Міжнародны дзень асветы па пытаннях міннай небяспекі і дапамогі ў дзейнасці, звязанай з размініраваннем (International Day for Mine Awareness and Assistance in Mine Action, з 2006 года).

Устаноўлены 8 снежня 2005 года Генеральнай Асамблеяй ААН.

У 2023 годзе Дзень праходзіць у межах кампаніі «Размініраванне не можа чакаць» і прыцягвае ўвагу да дзесяцігоддзяў забруджвання выбухованебяспечнымі боепрыпасамі тэрыторыі розных краін. Кампанія ясна дае зразумець, што знішчэнне ўсіх наземных мін не можа чакаць. Будзь то новае забруджванне ў Калумбіі, М’янме, Украіне ці Емене, або старое забруджванне ў Камбоджы, Лаосе, Іраку ці В’етнаме, расчыстка павінна быць завершана суб’ектамі супрацьміннай дзейнасці і дзяржавамі-ўдзельніцамі Канвенцыі аб забароне мін.

Галоўнай мэтай Дня стане распаўсюджванне ведаў аб тых раёнах свету, якія застаюцца забруджанымі праз шмат гадоў, і дзе пакаленні змянілі сваё жыццё, каб пазбегнуць пагрозы.

Забруджванне выбухованебяспечнымі боепрыпасамі пагражае жыццю людзей, абмяжоўвае свабоду перамяшчэння, пазбаўляе доступу да ворных земляў, усяляе страх, вядзе да адсутнасці бяспекі і тэрарызуе насельніцтва. Больш за ўсё ад яго пакутуюць самыя ўразлівыя жыхары абшчын.

пяхотныя

Міжнародны Дзень інтэрнэту. Дзень Святого Ісідара – апекуна Інтэрнэта.

Святы Ісідар – апякун вучняў і студэнтаў. У 2003 годзе папа Ян Павел II афіцыйна назваў святога Ісідара апекуном карыстальнікаў камп’ютараў і інтэрнэту, бо Сусветная сетка – гэта вялізная скарбніца практычных і тэарэтычных ведаў.

Ісідар Севільскі, біскуп Севільскі, атрымаў вядомасць не толькі дзякуючы сваёй набожнасці, але і дзякуючы любві да навук. Ён з’яўляецца аўтарам кнігі “Этымалогія”,  па сутнасці, першай ў свеце энцыклапедыі, першым прадставіў працы Арыстоцеля ў Іспаніі, быў рэфарматарам і чалавекам шырокіх поглядаў.

Ісідар Севільскі

1538 год. Памерла Алена Глінская (1508–1538).

Маці Івана Грознага, удава Васіля ІІІ, першая руская кіраўніца пасля княгіні Вольгі і Соф’і Вітаўны. Дачка князя Васіля Львовіча з літоўскага роду Глінскіх і яго жонкі Ганны Якшыч, якая была родам з Сербіі, дачкі сербскага ваяводы.

Дзядзька Алены, князь Міхаіл Львовіч, быў буйным дзяржаўным дзеячам ВКЛ. Пасля паражэння мецяжу Глінскіх збег разам са сваякамі і Аленай ў Маскву.

Па адной з легенд Глінскія вядуць паходжанне ад Мамая, па іншай – ад Вольгавічаў, адной з галін Рурыкавічаў.

У 1537 годзе заключыла з каралём Жыгімонтам I мір, які завяршыў руска-літоўскую вайну 1534–1537 гадоў (Старадубская вайна). Пры Алене была пабудавана Кітайгарадская сцяна, праведзена грашовая рэформа.

Пахавана ў Крамлі, ва Узнясенскім жаночым манастыры.

Алена Глінская

1557 год. Нарадзіўся Леў Сапега (1557–1633).

Адзін з найбольш уплывовых дзяржаўных дзеячаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Арганізатар стварэння Трыбунала ВКЛ, распрацоўшчык і фундатар выдання трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ (1588), канцлер ВКЛ на працягу 34 гадоў.

Сярод яго ўладанняў – Цяцерын і Круглае, староствы Свіслач, Магілёў. Багацці Л. Сапегі дазвалялі яму фінансаваць вайну са Швецыяй за Інфлянты.

Помнікі Л. Сапегу пастаўлены ў Лепелі, Слоніме.

Леў Сапега
Помнік у Лепелі

1794 год.  Войскі Тадэвуша Касцюшкі перамаглі расійскія войскі пад Рацлавіцамі каля Кракава.

Сілы Тадэвуша Касцюшкі складалі каля 2 400 жаўнераў, 2 000 сялян-касінераў і 12 гармат, а рускага генерала Тормасава – каля  3 000 – 5 000 жаўнераў і ад 12 да 30 гармат.

Бітва мела вялікае значэнне для падняцця баявога духа паўстання. Высокую баявую вартасць і вырашальную ролю ў бітве паказалі тады яшчэ невядомыя атрады сялян-касінераў.

Касцюшка, карыстаючыся ярамі, употай падвёў атрад з 320 касінераў да рускай батарэі і асабіста павёў яго ў атаку на гарматы. Нечаканая атака бегма мела поўны поспех, коштам 13 забітых, касінеры ўзялі ўсе 12 гармат. 

Адным з вядомых герояў гэтай атакі стаў селянін Войцех Бартас. Яшчэ адна атака касінераў зламіла супраціўленне рускіх акупантаў і вымусіла іх  да адступлення.

Бітва пад Рацлавіцамі
Бітва пад Рацлавіцамі, карціна Яна Матэйкі

1846 год. Памёр Лявон Бароўскі (1784–1846).

Літаратуразнавец, педагог і публіцыст, адзін з вядомых прафесараў Віленскага ўніверсітэта 1820-х гадоў, калі Адам Міцкевіч і яго аднагодкі атрымлівалі ў Вільні адукацыю. Член таварыства шубраўцаў.

Скончыў гімназію ў Паставах, Віленскі ўніверсітэт.

Бліскучы лектар, першым пачаў вучыць на семінарах аналізу літаратуры. Аказаў значны ўплыў на А. Міцкевіча, быў адным з першых прыхільнікаў яго паэзіі і першы назваў геніям.

Яго лекцыямі захапляліся будучыя пісьменнікі С. Даўкантас, С. Станявічус, Ю.Славацкі і іншыя.

Адзін з заснавальнікаў рамантызму ў польскай літаратуры; спрабаваў узгадняць яго з класіцызмам.

Перакладаў з латыні, французскай, англійскай на польскую мову.

Лявон Бароўскі

1893 год. Нарадзіўся Мікалай Шчаглоў-Куліковіч (1893–1969)

Беларускі кампазітар, этнограф, паэт, музыколаг, дзеяч беларускага руху ў эміграцыі, аўтар музыкі гімна на словы М. Багдановіча “Пагоня”, адзін з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжор яго сімфанічнага аркестра, дырыжор сімфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту, музычны рэдактар Беларускага радыё.

У красавіку 1944 года ў Мінскім гарадскім тэатры паставіў оперу «Усяслаў Чарадзей» на вершы Н. Арсенневай.

Заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага. Пакінуў вялікую музычную спадчыну.

Мікалай Шчаглоў-Куліковіч
Тэатр оперы і балета

1896 год. Нарадзіўся Васіль Русак.

Беларускі нацыянальны дзеяч, удзельнік Слуцкага паўстання, фалькларыст, выдавец.

Удзельнік І Сусветнай вайны, Беларускага вайсковага з’езда ў Віцебску, Усебеларускага з’езда ў Мінску (1917).

Адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, арганізатараў «Саюза абароны краю».

Член прэзідыума Рады Случчыны. Прымаў удзел у Слуцкім паўстанні – камандзір Другога Грозаўскага палка. Інструктар Беларускай вайсковай камісіі, у 1922 годзе ў Коўне займаўся арганізацыяй партызанскіх аддзелаў супраць палякаў.

Жыў у Чэхаславакіі, удзельнічау у грамадска-палітычным жыцці беларускай эміграцыі, узначальваў Пражскі Беларускі нацыянальны камітэт, выдаў на беларускай лацінцы «Biełaruski śpieŭnik», на нямецкай мове брашуру «Bielarus – Weissruthenien» з этнаграфічнай картай Беларусі, паштоўкі з гербам Пагоня, які спалучаў беларускага вершніка і імянны знак Ф. Скарыны (сонца з маладзіком), фундаваў выданне часопіса «Iskry Skaryny».

У часе нацысцкай акупацыі Прагі хаваў у сябе дзве габрэйскія сям’і.

У 1945 годзе арыштаваны ў Празе савецкай контрвыведкай,  асуджаны на 10 гадоў лагераў. Памёр у лагеры 23 жніўня 1954 года.

Васіль Русак

1904 год. Нарадзіўся Юрый Кашыра.

Рыма-каталіцкі манах-марыянін (іераманах), прылічаны да ліка блажэнных. Уваходзіць у лік 108 блаславёных мучанікаў Другой сусветнай вайны, беатыфікаваных Папам Рымскім Янам Паўлам II у 1999 годзе.

У 1923 годзе ўступіў у Друйскі манастыр марыянаў. Пастрыжаны ў манахі ў 1926 годзе.

Працаваў у Вільні і Друйскай гімназіі. Пераследаваўся польскімі ўладамі за прабеларускую дзейнасць, вандраваў па розных манастырах Беларусі і Літвы.

У 1942 годзе разам з айцом Антоніем Ляшчэвічам выехаў у Росіцу Дрысенскага (зараз – Верхнядзвінскага) раёна, дзе распачаў місіянерскую дзейнасць сярод мясцовага насельніцтва. 18 лютага 1943 года адмовіўся пакінуць вернікаў і быў спалены разам з вялікай групай каталікоў і праваслаўных пад час нямецкай карнай аперацыі ў Росіцы.

Юрый Кашыра
Ікона блаславёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы

1949 год. Па ініцыятыве ЗША створаны ваенна-палітычны саюз  – блок NATO.

Блок пачаў сваю дзейнасць у разгар “халоднай вайны”, на аснове Паўночнаатлантычнай дамовы, падпісанай у Вашынгтоне 4 красавіка 1949 года прадстаўнікамі ўрадаў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Люксембурга, Канады, Італіі, Партугаліі, Нарвегіі, Даніі і Ісландыі. 

У 1952 годзе да дамовы далучыліся Грэцыя і Турцыя, у 1955 годзе – ФРГ, 1982 – Іспанія, у 1999 – Чэхія, Венгрыя і Польшча, 2004 – Балгарыя, Латвія, Літва, Румынія, Славакія, Славенія і Эстонія, у 2009 – Албанія, Харватыя, у 2017 – Чарнагорыя, у 2020 годзе – Паўночная Македонія, у 2023 – Фінляндыя. Імкнуцца далучыцца да блока Швецыя і Украіна.

Артыкул 5 – найважнейшы артыкул Паўночнаатлантычнага дагавора – устанаўлівае, што ў выпадку “ўзброенага нападу” на аднаго або некалькіх яго ўдзельнікаў іншыя члены НАТА неадкладна акажуць дапамогу краіне або краінам, якія падвергліся нападу, шляхам ажыццяўлення такога дзеяння, якое яны “лічаць неабходным, уключаючы прымяненне ўзброенай сілы”.

блок NATO

1952 год. Памёр Язэп Варонка (1891–1952).

Беларускі дзяржаўны і палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. Першы старшыня Народнага сакратарыята БНР.

Да снежня 1917 года ўзначальваў камітэт Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Дэлегат Усебеларускага з’езда.

У лютым – ліпені 1918 года старшыня Народнага сакратарыята Беларусі і народны сакратар замежных спраў, адзін з ініцыятараў абвяшчэння БНР.

У снежні 1918 – красавіку 1920 года міністр беларускіх спраў і сябра кабінета міністраў Літоўскай Рэспублікі, старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, старшыня таварыства «Беларуская грамада ў Коўне».

З 1923 года жыў на эміграцыі ў ЗША. Узначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, выдаваў газету «Белорусская трибуна», вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё.

Аўтар брашур «Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции. Историко-политический очерк», «Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд».

Прытрымліваўся канцэпцыі «двух ворагаў» беларускага адраджэння – Расіі і Польшчы. Ухваляў абвяшчэнне БНР, а ўтварэнне БССР разглядаў як палітычны манеўр, з дапамогай якога бальшавікі імкнуліся «авалодаць розумамі элементаў, што нацыянальна адрадзіліся».

Пахаваны на могілках Элмвуд у Рывер-Гроўв каля Чыкага.

Язэп Варонка

1967 год. Нарадзіўся Алег Хаменка.

Беларускі музыка, лідар гурта «Палац», радыёвядучы, выкладчык, кампазітар, прадзюсар, стваральнік фолк-мадэрну – новага кірунку ў сучаснай музыцы.

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Працаваў метадыстам-інспектарам па Мінску і Мінскай вобласці Міжсаюзнага дома самадзейнай творчасці Аблсаўпрафа.

У 1992 годзе стварыў гурт «Палац». Неаднаразова ўдзельнічаў у фестывалях «Басовішча», «Рок-каранацыя», «Славянскі базар», фальклорных фестывалях Еўропы.

Быў аўтарам і вядучым праграмы «Настаўніцкая» на тэлеканале «Лад», радыёвядучым радыёверсіі хіт-параду «Тузін Гітоў», вядучы фестывалю «Камяніца», стваральнік фестываля «Bela music».

У 2008 годзе пры падтрымцы дзіцячага фонду ЮНІСЕФ, сумесна з Т.Лісіцкай і Л. Рыжковай выпусціў для дзяцей серыю аўдыёказак «Беларускія народныя казкі».

У складзе гурта «Палац» здымаўся ў мастацкім фільме «Анастасія Слуцкая», эпізадычнай ролі «самога сябе» ў серыяле «Вышэй неба».

Алег Хаменка

1973 год. У Нью-Йорку адбылося ўрачыстае адкрыццё дзелавога і адміністрацыйнага комплексу Сусветнага гандлёвага цэнтра (World Trade Centre).

Сусветны гандлёвы цэнтр (СГЦ) – так называўся комплекс з сямі будынкаў, спраектаваных Мінору Ямасакі, амерыканскім архітэктарам японскага паходжання.

Архітэктурнай дамінантай комплексу былі дзве вежы, кожная па 110 паверхаў – Паўночная (417 м, з улікам устаноўленай антэны – 526,3 м) і Паўднёвая (415 м). 

11 верасня 2001 года комплекс СГЦ быў разбураны ў выніку тэрарыстычных нападаў. Некаторы час пасля заканчэння будаўніцтва вежы былі найвышэйшымі хмарачосамі ў свеце.

World Trade Centre

2016 год. Памёр Уладзімір Казбярук (1923-2016).

Беларускі літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук.

Скончыў БДУ. Настаўнік у Навагрудскім раёне, выкладаў у Полацкім педінстытуце, працаваў у Інстытуце літаратуры АН Беларусі.

Вывучаў беларуска-польскія літаратурныя сувязі, беларускі рамантызм ХІХ – пачатка ХХ стагоддзяў.  Аўтар даследаванняў па гісторыі Беларусі і беларускай культуры: ліквідацыя беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнай свядомасці ў XVII – XVIII стагоддзях, беларускае нацыянальнае адраджэнне ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, утварэнне БНР, жыццё і літаратурная дзейнасць Ф. Скарыны, Г. Пельгрымоўскага, С. Тшашчкоўскай, К. Каліноўскага, А. Гаруна і іншых.

Уладзімір Казбярук

Гультаям у Польшчы рабіць няма чаго. Няхай застаюцца дома

Магіляўчанка Кацярына В. з’ехала працаваць у Польшчу пасля таго, як каранавірус знішчыў яе бізнес. Сваё поўнае імя, польскі горад і месца працы яна не называе, часам прыязджае дадому і не хоча праблем з уладамі. Гэта яе гісторыя.

Калі абрынулася тое, што будавала гадамі

Кацярына не з тых, хто лёгка зрываецца з месца. Магілёў – яе горад. Тут вырасла, тут выйшла замуж, тут гадавала сына, тут будавала сваю справу. Невялікі бізнес, не буйная карпарацыя, але сваё, тое, што падабалася і карміла, давала адчуванне сэнсу. Яна ўкладвала ў яго сілы, час, нервы. Потым прыйшоў кавід.

Я не адразу зразумела, што гэта канец. Спачатку здавалася: часовыя цяжкасці, перажывём, выкараскаемся. Але калі стала зразумела, што гэта канец, я некалькі тыдняў проста не ведала, што рабіць далей.

Развод да таго часу ўжо быў ззаду. Сын – дарослы, са сваім жыццём. Якароў, якія трымалі б любой цаной, амаль не было. І тады, на скрыжаванні страты і разгубленасці, яна пачала сур’ёзна думаць пра ад’езд.

Польшча. Без ілюзій

Выбар упаў на Польшчу не выпадкова. Мова падобная, мяжа недалёка, знаёмыя ўжо з’ехалі, расказвалі, што і як. Кацярына сабралася і паехала. З самага пачатку без ружовых акуляраў. Першае, што яна хутка зразумела: тут не чакаюць.

Польшча – гэта праца. Шмат працы. Хто едзе сюды па лёгкія грошы, разварочвайцеся проста на мяжы. Тут такіх не любяць і такім не рады. Гультаям рабіць няма чаго. Няхай лепш застаюцца дома, там хоць нешта атрымаюць. Тут не атрымаюць нічога.

Сама яна ўладкавалася ў краму. Праца не з лёгкіх, змены, стомленасць да вечара. Паралельна пачала аднаўляць тое, што не атрымалася ў Магілёве, той самы бізнес, які каранавірус знішчыў на ўзлёце. У новых умовах, у новай краіне, але з ранейшай упартасцю.

Я працую шмат. Напэўна, больш, чым працавала дома. Але розніца ў тым, што тут гэта мае сэнс. Атрымліваю ў тры разы больш, чым атрымлівала б за тую ж працу ў Магілёве. Тры разы – гэта не перабольшанне.

Што значыць “у тры разы больш” на практыцы

Кацярына не хваліцца лічбамі, яна тлумачыць логіку. Справа не толькі ў суме на рукі. Справа ў тым, што грошы працуюць інакш. Можна планаваць. Можна адкладаць. Можна дазволіць сабе тое, што дома было б раскошай, а тут – проста нормай.

Я не багацею. Але я жыву нармальна. Без пастаяннага адчування, што грошай не хапае і не хопіць. Гэта іншая якасць жыцця, нават пры той жа фізічнай нагрузцы.

Сын застаўся ў Магілёве. Яны маюць зносіны. Яна прыязджае, калі ёсць магчымасць і калі дазваляе ўнутранае адчуванне бяспекі. Менавіта таму яна і не называе свайго поўнага імя, не кажа, у якім горадзе жыве і дзе працуе.

Я не рабіла нічога дрэннага. Але цяпер у Беларусі гэтага мала. Лепш лішні раз не рызыкаваць.

Дваццаты год. Дзіця, якому схлусілі

Пра палітыку Кацярына кажа асцярожна і ўсё ж кажа, старанна падбіраючы словы. У пратэстах 2020 года яна не ўдзельнічала. Але бачыла іх у Магілёве на ўласныя вочы.

Я была там. Я глядзела. І я хачу, каб людзі, якія не былі, зразумелі адну рэч: у пратэстоўцаў не было ні арматуры, ні бомб, ні агрэсіі. Нічога гэтага не было. Усё гэта было ў сілавікоў. Толькі ў іх.

Уявіце дзіця. Яму схлусілі бацькі. Ён гэта зразумеў. Што ён робіць? Ён не кідаецца з кулакамі. Ён крыўдуе. Ён можа заплакаць. Яму балюча і незразумела, як так можна паступаць.

Менавіта так паводзілі сябе людзі ў Магілёве ў дваццатым годзе. Яны выйшлі не з нянавісцю, а з болем і неразуменнем. І вось пытанне: ці б’юць рамянём дзіця пасля таго, як яму схлусілі?

Мне вельмі шкада маіх землякоў

Кацярына сумуе па Магілёве. Гэта адчуваецца нават праз адлегласць і асцярожнасць у словах. Горад, дзе прайшла большая частка жыцця, дзе застаўся сын, дзе ўсё знаёма да апошняй вуліцы, ён назаўсёды.

Я магу прыязджаць. У мяне пакуль ёсць такая магчымасць, і я ёю карыстаюся. Але многія мае землякі не могуць. Людзі, якія выраслі ў Магілёве, любяць гэты горад, але не могуць у яго вярнуцца. Вось гэта мне вельмі шкада. Гэта няправільна, калі чалавек не можа прыехаць у горад свайго дзяцінства.

З’язджаць назаўсёды Кацярына не планавала. Жыццё склалася інакш. Цяпер яна жыве на два светы, польскі, дзе праца і перспектыва, і магілёўскі, дзе карані і сын.

Я не ведаю, як будзе далей. Ніхто не ведае. Але я дакладна ведаю адно: калі ты гатовы працаваць, тут ёсць сэнс. Калі не гатовы, едзь назад. Польшча не для тых, хто шукае лёгкага хлеба.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Клімавіцкі райсуд не даў унучцы падмануць бабку

Састарэлая жыхарка Клімавіцкага раёна падаравала сваёй унучцы кватэру, спадзяючыся на догляд за сабой, аднак рэчаіснасць аказалася іншай.

У Клімавіцкім раённым судзе разгледзелі грамадзянскую справу па іску 76-гадовай мясцовай жыхаркі, якая паспрабавала вярнуць кватэру, перададзеную ўнучцы па дамове дарэння.

У студзені 2023 года жанчына аформіла дарчую на кватэру на карысць унучкі. Дакумент быў завераны натарыяльна. Аднак, паводле пазоўніцы, за гэтым рашэннем стаяла вусная дамоўленасць: унучка павінна была даглядаць яе і дапамагаць да канца жыцця.

Менавіта на гэтыя ўмовы і разлічвала пенсіянерка, калі перапісвала жыллё на сваячку. Але ўжо праз кароткі час пасля заключэння дамовы сітуацыя змянілася. Паводле матэрыялаў справы, унучка спыніла зносіны і перастала аказваць хоць якую-небудзь дапамогу. Больш за тое, яна заявіла пра сваё права распараджацца кватэрай, у тым ліку не выключала магчымасці выселення бабкі.

У выніку жанчына звярнулася ў суд. Яна настойвала, што дамова дарэння фактычна была фіктыўнай.

Суд прыйшоў да высновы, што гаворка сапраўды ідзе пра так званую прытворную здзелку. Паводле грамадзянскага заканадаўства, такія дамовы лічацца нікчэмнымі.

Рашэннем Клімавіцкага раённага суда дамова дарэння кватэры была прызнана несапраўднай. Такім чынам, суд стаў на бок пенсіянеркі. Рашэнне ўступіла ў законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Клічаве на фоне падрыхтоўкі да вайны адкрылі “Школу міру”

Клічаўскую школу №1 абвясцілі “Школай міру” ў атмасферы мілітарысцкага ўгару і на фоне размяшчэння расейскай вайсковай інфраструктуры.

“Ніякага мірнага часу быць не можа. Мы рыхтуемся да вайны” – заявіў 1 красавіка 2026 года Аляксандр Лукашэнка. У прынцыпе, пра гэта ён мог і не казаць, паколькі і так бачна, што Беларусь увайшла ў перыяд падрыхтоўкі да вайны, улічваючы разгортванне пад Асіповічамі і Крычавам расійскай вайсковай інфраструктуры. А калі ўспомніць, што з тэрыторыі Беларусі, насуперак Канстытуцыі, ва Украіну ўрываліся расійскія войскі, то афіцыйны Мінск ужо даўно на расійска-ўкраінскай вайне. Менавіта таму Беларусь справядліва называецца краінай-суагрэсарам.

І вось на фоне такой рэальнасці, у Клічаве ў лепшых традыцыях савецкага ашуканства і хлусні адкрываюць так званую “Школу міру”. Дакладней, такі статус быў прысвоены мясцовай школе №1.

“Многія дзесяцігоддзі наш народ рабіў усё, каб ствараць, развіваць родную краіну, рабіць яе прыгажэйшай і багацейшай. І ў такіх умовах свет як унутры Беларусі, так і вакол яе для нас асабліва каштоўны. Таму мы робім усё, каб падтрымліваць сяброўскія адносіны з усімі суседзямі, хоць не ўсе яны падзяляюць наша імкненне. У любым выпадку, наш народ будзе працягваць імкнуцца да міру, і стварэнне падобных школ пад эгідай Беларускага Фонду міру служыць сімвалам нашых імкненняў”, – заявіла на ўрачыстай лінейцы перад дзецьмі старшыня Клічаўскага раённага Савета дэпутатаў Наталля Грашылава.

Паколькі ў Беларусі няма абраных дэпутатаў, а ёсць толькі прызначэнцы, зацверджаныя ў выканаўчай уладзе, то прылюдна і голасна хлусіць гэтую дамачку вучыць не трэба. Сама каго хочаш навучыць. Менавіта такі ўрок хлусні і цынізму адбыўся 2 красавіка ў Клічаўскай школе №1. Застаецца спадзявацца, што вынік яго будзе, як і ў падобных урокаў у познесавецкі час, калі на фоне размоў пра мір у школах, адпраўлялі маладых хлопцаў на бессэнсоўную вайну ў Афганістан аддаваць прыдуманы ўладамі “інтэрнацыянальны доўг”.

“Па ўсёй краіне створана ўсяго 300 падобных школ і дзве з іх зараз афіцыйна знаходзяцца ў нашым раёне, першай такой была Дзмітрыеўская сярэдняя школа. 10 навучэнцаў школы ўступілі ў шэрагі міратворцаў” – паведамляе клічаўская раёнка.

Фотаздымак: ТГ “Кличев TODAY”

Дроны і выбухі ў Магілёве на бульвары Непакораных і вуліцы Вавілава: што вядома?

У Магілёве чулі моцныя выбухі ўчора позна вечарам і сёння раніцай – так заяўляюць некаторыя гараджане ў соцсетках. Але іншыя ім супярэчаць. Таксама з’явілася відэа, знятае нібыта ў Магілёве ў цёмны час сутак, на якім выразна чуваць гук пралёту дрона.

Найбольш настойліва пра выбухі ў горадзе пад публікацыямі гарадскога Тэлеграм-пабліка “Магілёў – мой горад!” у каментарыях піша карыстальніца Ірына. Яна сцвярджае, што ўчора каля 23.00 – 23.30 ў раёне дзіцячай стаматалогіі на бульвары Непакораных яна і яе дзеці пачулі магутны выбух. Потым былі яшчэ два – каля 6.00 і 8.30 сёння, 3 красавіка.
Выбухі ў Магілёве

Словы гэтай карыстальніцы падтрымлівае таксама чытачка з нікам Tabiba.

бабахСцвярджэнні карыстальніцы, аднак, супярэчаць заявам іншых падпісчыкаў пабліка – яны паведамляюць, што жывуць непадалёк і ніякіх выбухаў не чулі. Прапагандысцкі інфармацыйны рэсурс нават паспяшаўся выпусціць запіс з супрацоўнікам МНС, каб абвергнуць інфармацыю пра выбухі. Не пацвярджаецца гэта і крыніцамі mogilev.media.

хлоп
Адначасова, блогер Ігар Лосік сцвярджае, што яго крыніцы ў Магілёве заяўляюць пра два выбухі ў горадзе ўчора ноччу, а таксама, што яны чулі гук дрона. Лосік выклаў у сябе на канале таксама відэазапіс, на якім выразна чуваць гук пралёту дрона. «Падпісчыкі з Магілёва пішуць, што ўначы чулі два выбухі, а перад гэтым гул у небе, нібы дрон праляцеў» – напісаў Ігар Лосік. Паводле яго слоў, відэа запісана на вуліцы Вавілава.

Фота ілюстрацыйнае 

Старшыня Клімавічаў вучыў моладзь будаваць кар’еру. Яго ўласны шлях пачаўся з мамінага кабінета

Старшыня Клімавіцкага райвыканкама Віктар Пугач правёў у сярэдняй школе № 4 дзве сустрэчы, са старшакласнікамі і з маладымі педагогамі раёна. Мерапрыемства атрымалася натхняльным. Чыноўнік раздаваў настаўленні шчодра.

Адзінаццацікласнікам ён параіў не баяцца ставіць амбіцыйныя мэты, дакладна планаваць дзень, дапамагаць бацькам і вучыцца працаваць у камандзе.

Пугач таксама паведаміў, што ў невялікіх рэгіёнах перад маладымі спецыялістамі «адкрываюцца вялікія перспектывы для кар’ернага росту» і заклікаў вяртацца на малую радзіму пасля ВНУ.

Маладым педагогам кіраўнік раёна казаў пра новыя падыходы ў выкладанні, цікавіўся ўмовамі побыту і працай інстытута настаўніцтва. Пытаў, ці ездзяць настаўнікі на экскурсіі па памятных месцах Беларусі.

Прыгожыя словы. Але куды цікавей гісторыя самога Віктара Пугача, якую ён, мяркуючы па ўсім, таксама распавядаў прысутным.

Паводле афіцыйнай біяграфіі, працоўны шлях Пугача, узор паслядоўнага ўзыходжання:

  • калгас «Рэвалюцыя» ў Быхаўскім раёне;
  • армія;
  • бальнічная бухгалтэрыя;
  • аддзел эканомікі Быхаўскага райвыканкама.

Там ён спачатку стаў спецыялістам у 2003 годзе, а да 2008-га ўжо ўзначаліў аддзел. Далей намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама, і ў 2024 годзе старшыня ўжо суседняга, Клімавіцкага.

Шлях прамы, як страла. Толькі глядзець на яго трэба крыху ўважлівей.

Усю сваю кар’еру, без малога два дзесяцігоддзі, Віктар Пугач правёў у сценах адной установы, Быхаўскага райвыканкама. Там жа, у тым жа будынку на вуліцы Леніна, 31, працавала і яго маці, Віслава Вацлаваўна Пугач, якая займала пасаду начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай працы. То бок менавіта таго аддзела, які вядае кадравымі прызначэннямі і прасоўваннем супрацоўнікаў.

Супадзенне? Магчыма. Але паказальнае.

Калі Віктар Мікалаевіч раіць школьнікам вяртацца дадому і будаваць кар’еру ў родным раёне, ён, у цэлым, кажа пра правераны метад. Проста не ўсім дастаецца такі ж надзейны стартавы арыенцір у кадравым калідоры.

Фота “Могилевские ведомости”.

Канфлікт інтарэсаў: ад крычаўскага калгаса да сям’і Лукашэнкі

Чаму заатэхнік з Крычава не ўзяла самаадводу і чаму не бярэ самаадводу галоўны ахоўнік справядлівасці ў Беларусі?

Пракуратура Крычаўскага раёна запатрабавала ліквідаваць парушэнне антыкарупцыйнага заканадаўства на адным з мясцовых сельгаспрадпрыемстваў, дзе назіраўся “канфлікт інтарэсаў”.

Галоўны заатэхнік прадпрыемства самастойна ўзгадняла дадатковыя выплаты сваёй дачцэ, якая працуе там жа аператарам. Пры гэтым жанчына не паведаміла кіраўніцтву пра канфлікт інтарэсаў і не заявіла пра самаадвод. Наймальнік, у сваю чаргу, таксама ніяк не адрэагаваў, хоць быў абавязаны зрабіць гэта неадкладна. Пракурор раёна вынес прадпісанне кіраўніку прадпрыемства. Па яго выніках канфлікт урэгуляваны: паўнамоцтвы па налічэнні выплат дачцэ чыноўніцы перададзены іншаму работніку.

Пры гэтым самы маштабны канфлікт інтарэсаў у Беларусі пракуратуру асабліва не турбуе. Аляксандр Лукашэнка рэгулярна прызначае свайму сыну Мікалаю “прэзідэнцкую” стыпендыю для «адораных студэнтаў» з фонду, які сам жа і фарміруе.

Коля атрымлівае яе з першага курса БДУ, і паводле падлікаў выдання «Зеркало», сумарныя выплаты за час навучання ўжо перавысілі 6500 рублёў, не лічачы звычайнай стыпендыі.

Меркаваная маці Мікалая, Ірына Абельская, узначальвае Рэспубліканскі медыцынскі цэнтр Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, прывілеяваную клініку для беларускай наменклатуры.

У 2024 годзе яна таксама стала членам Савета Рэспублікі.

Нявестка Лукашэнкі Ганна, якая выступае пад псеўданімам Ганна Сялук, выбудавала цэлую медыяімперыю: музычны прадакшн, тры радыёстанцыі, рэкламны холдынг. Лукашэнка асабіста прысудзіў ёй прэмію «За духоўнае адраджэнне», ужо другую па ліку.

Крычаўскі заатэхнік трапілася на ўзгадненні даплат уласнай дачцэ. Гэта парушэнне, і пракуратура правільна адрэагавала. Іншае пытанне: хто і калі вынесе прадпісанне Лукашэнку? Няўжо разлічваць давядзецца толькі на Міжнародны крымінальны суд?

Фота з адкрытых крыніц.