У крамах Магілёва і вобласці пратэрміноўка, а Лукашэнка лаецца матам

У крамах Магілёўшчыны гандлююць пратэрміноўкай і парушаюць забарону на павышэнне цэн.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці праверыў 13 крамаў ў Магілёве, Глускім, Крычаўскім, Касцюковіцкім і Хоцімскім раёнах.

Вось вынікі: 

  • у дзевяці крамах прадавалі тавары з пратэрмінаванымі тэрмінамі прыдатнасці;
  • у двух прыватных гандлёвых аб’ектах на рынку Магілёва завышалі цэны на садавіну і гародніну, а гандлёвыя надбаўкі на шэраг тавараў былі завышаныя ў 3,3 раза; 
  • выяўлены факт рэалізацыі больш як 360 адзінак адзення без цэннікаў і прадастаўлення пакупнікам неабходнай інфармацыі пра тавар;
  • у шасці правераных гандлёвых аб’ектах адсутнічалі пералікі тавараў, абавязковых да наяўнасці ў продажы.

Усё б нічога, але «завышэнне цэн» і «пералік тавараў, абавязковых да наяўнасці ў продажы» – гэта элементы сілавога кіравання эканомікай.

Менавіта гэты метад абраў Лукашэнка месяц таму, калі на нарадзе заявіў падначаленым: «Да похер твой макроуровень людям!»

Пытанне толькі ў тым, наколькі хутка выбар на карысць «спакою людзей» прывядзе да поўнага краху стратнай лукашэнкаўскай эканомікі.

Падкрэслім таксама, што выкарыстанне Лукашэнкам ненарматыўнай лексікі стала больш частым. 

Нядаўна ён хваліўся тым, што “паслаў нах” амерыканцаў.

Такая бескампрамісная блізкасць да народу можа сведчыць як пра ўзраставыя змены, так і пра набліжэнне фіналу кіравання Лукашэнкі.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Пасля 25 гадоў у Германіі расіяне пераехалі ў Магілёў і пазногці ў іх адразу сталі крапчэй

Пераезд сям’і з Германіі ў Магілёў адразу стаў нагодай для беларускіх прапагандыстаў асудзіць гнілы Захад і праславіць беларускую “стабільнасць”.

Гісторыя выглядае так: у 2000 годзе сям’я інжынераў Паспелавых з Омска пераехала на сталае месца жыхарства ў Германію і пражыла там чвэрць стагоддзя. Цяпер Паспелавы зноў вырашылі змяніць прапіску і пераехалі ў Магілёў.

Прычыны, з-за якіх было прынята такое рашэнне:

  • Паспелавы так і не сталі “сваімі” ў чужой краіне;
  • медыцынскае абслугоўванне: у Германіі бясплатны агляд давялося б чакаць месяцамі, у Беларусі – прайшлі за тыдзень;
  • высокая якасць прадуктаў: за тры месяцы беларускай дыеты пазногці сталі мацнейшымі;
  • хваляваліся за сваяка, які ваяваў у Чырвонай Арміі, трапіў у нямецкі палон і памёр у канцлагеры;
  • адмова аўстрыйскіх (не нямецкіх) уладаў у просьбе ўсталяваць фотаздымак сваяка на брацкай магіле: “сям’і адказалі катэгарычна і нават цынічна”.

Байкамі пра моцныя пазногці, перавагу беларускай медыцыны над нямецкай і высокую якасць беларускай прадукцыі ўжо нікога не здзівіш: яны прапісаны ў падлізлівай песні “Бацька”, разам з віламі і яжовымі рукавіцами.

А вось гісторыя з канцлагерам – іншы каленкор. Менавіта аўстрыйскія ўлады збераглі памяць пра сваяка Паспелавых, а ўсталяванне фотаздымка на брацкай магіле  гэта толькі жаданне, якое ідзе ўразрэз з аўстрыйскім разуменнем парадку на мемарыяльных комплексах. Незразумела таксама, ці ёсць на той магіле фотаздымкі іншых пахаваных.

Пасля гэтага ў Паспелавых узнік цэлы шквал прэтэнзій да Германіі, якая іх прыняла. Яны раптам зразумелі, што:

  • вайна не скончылася;
  • на Захадзе ствараюць грамадства спажыўцоў;
  • Германія стала актыўна прымаць мігрантаў пасля падзей ва Украіне;
  • прыезджыя (такія самыя, як яны)  лічаць сябе поўнапраўнымі гаспадарамі;
  • яны жылі ў пастаянным страху за сябе і сваіх блізкіх;
  • у Беларусі на вуліцах бяспечна, усё пад кантролем.

Зразумела, уся гэтая гісторыя старанна адрэдагаваная беларускімі ідэолагамі – і выразна бачная іх тапорная работа. 

Сапраўдную прычыну пераезду Паспелавых мы не даведаемся. 

Застаецца толькі статыстыка: з Германіі з’ехала адна сям’я, а жывуць там тысячы беларускіх сем’яў. Яшчэ дзясяткі тысяч мараць з’ехаць туды, нягледзячы на тое, што іх пазногці могуць згубіць беларускую трываласць.

Фота: “Беларусь Сегодня”.

Магілёўскія ліфты ў “Мінск-Свеце”: б’юць людзей і пастаянна ламаюцца

Гісторыю пра тры ліфты магілёўскага “Ліфтмаша” і адну суцэльную пакуту жыхароў высоткі “Румба” ў “Мінск-Свеце” расказаў “Анлайнер”. Па словах жыхароў, усе тры ліфта там рэгулярна выходзяць з ладу і доўга прастойваюць на рамонце, а калі і пачынаюць зноў хадзіць, то з нюансамі: захрасаюць паміж паверхамі, едуць не туды і б’юць створкамі пасажыраў.

Дзверы, якія б’юць людзей

У доме №27 па вуліцы Брылёўскай праблемы з ліфтамі назіраюцца ўжо больш за год. Паводле жыхароў, ніводнага месяца не было без паломак. Асноўныя скаргі пастаянныя збоі праграмнага забеспячэння і непрадказальныя паводзіны ліфтаў.

“Грузавы ліфт стаіць ужо некалькі тыдняў. Да гэтага больш за месяц не функцыянаваў панарамны. А той, што застаўся, малы, трасецца і выдае страшны скрыгат здаецца, вось-вось спыніцца паміж паверхамі. Ва ўсіх прылад некарэктна працуе праграмнае забеспячэнне: папрацуюць некалькі гадзін і сыходзяць у аварыйны рэжым. Асабліва непрадказальна паводзіць сябе панарамны ліфт даязджае да 15-га паверха і “завісае”, бо дзверы не зачыняюцца” распавёў жыхар Дзяніс.

На сайце абслугоўваючай арганізацыі можна знайсці дзясяткі падобных скаргаў:

  • «У пасажырскім ліфце не працуе аптычны датчык перашкод. Дзвер б’е людзей».

  • «Грузавы ліфт не рэагуе на кнопкі. Дзіця ехала спалохалася. Святло тухне, выклік дыспетчара не працуе».

  • «Просьба адрамантаваць тры ліфты яны спыняюцца падчас руху, дзверы можна адкрыць рукамі».

  • «З 20:00 да 21:30 знаходзіўся ў ліфце, які зламаўся. Дыспетчар па экстранай кнопцы выкліку не адгукнуўся. Кнопка прымусовага адкрывання дзвярэй не спрацавала. Датэлефанаваўся да дыспетчара дзякуючы выпадкова пачуўшым мой стук суседзям. Тэлефона з сабой не аказалася. Быў у хатнім адзенні. Змёрз. Толькі цягам гадзіны да мяне прыйшлі на дапамогу».

Хто вінаваты?

Паводле жыхароў, кампанія “Хэпі Планет”, якая абслугоўвае мікрараён “Мінск-Свет”, тлумачыць праблемы тым, што запчасткі нібыта трэба замаўляць за мяжой. Але ліфты ж зроблены на магілёўскім “Ліфтмашы” таму такі аргумент выглядае дзіўна.

Калі людзі звярталіся непасрэдна на “Ліфтмаш”, там адказалі, што віна — на абслугоўваючай арганізацыі. А прадстаўнікі “Хэпі Планет”, у сваю чаргу, абвінавачваюць саміх жыхароў, якія “пашкоджваюць” абсталяванне, перавозячы будаўнічыя матэрыялы.

У кампаніі таксама паведамілі, што за год атрымалі 176 заявак на рамонт і што адзін з ліфтаў стаіць з 2 верасня з-за рамонту платы кіравання.

“Пасля двух гадоў усё нармалізуецца”

Прадстаўнікі “Хэпі Планет” запэўніваюць, што сітуацыя часовая і звязаная з перыядам актыўнага засялення дамоў.

“Зыходзячы з аналізу працы ліфтаў у дамах комплексу “Мінск-Мір”, пасля заканчэння перавозак грузаў (прыкладна праз два гады пасля засялення) колькасць паломак зніжаецца да трох-пяці у месяц” сцвярджаюць у кампаніі.

А пакуль жыхарам застаецца толькі чакаць, калі іх ліфты перастануць быць крыніцай страху і стрэсу.

Фота: з адкрытых крыніц

Праз запах і ДНК у Магілёве раскрылі серыю гаражных крадзяжоў

Запахавы след і сліна на недакурку сталі доказамі датчнасці 37-гадовага магілёўца да трох крадзяжоў, якія былі здзейсненыя цягам месяца з гаражоў у горадзе.

Уладальнікі абрабаваных гаражоў паведамілі ў міліцыю пра знікненне электраінструментаў, акумулятарных батарэй, набораў інструментаў і іншай маёмасці на агульную суму каля чатырох тысяч рублёў.

Як высветлілася, у двух выпадках зламыснік пракраўся ў гаражы, праламваючы дах, а ў трэцім выпадку скарыстаў тое, што дах увогуле адсутнічаў.

Падчас агляду месцаў здарэння эксперты заўважылі недакурак і куртку, якія зламыснік, магчыма, выпадкова, пакінуў у адным з гаражоў. Праз ДНК са слядоў сліны, якая засталася на недакурку, і запаху курткі ўдалося выявіць, што яны належаць адной і той жа асобе – 37-гадоваму раней судзімаму магілёўцу.

У далейшым у яго сапраўды знайшлі частку скрадзеных рэчаў і вярнулі іх уладальнікам.

Фотаздымак: Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз

У цэнтры Магілёва на продаж выстаўлена памяшканне салона “Дольчэ Віта”

Памяшканне ў гістарычным будынку ў цэнтры Магілёва, дзе 20 гадоў быў салон прыгажосці “Дольчэ Віта”, шукае новага ўладальніка.

Як адзначаецца ў Інстаграме салона, які перастаў працаваць з верасня 2025 года, плошча памяшкання ў будынку па вуліцы Першамайскай 13 каля 111 м.кв. 

“Аб’ект цікавы не толькі сваёй лакацыяй і архітэктурай, але і магчымасцю пашырэння да цэлага будынка з унутраным дваром” – гаворыцца ў абвестцы. Пад “пашырэннем да цэлага будынка” маецца на ўвазе выкуп другога паверха і ўнутраных прыбудоў.

Прадавец лічыць, што памяшканне ідэальна пасуе пад салон, клініку, прадстаўніцтва, медыцынскі цэнтр, гастранамічны праект, буцік, аб’ект пад здачу ў арэнду.

Цяперашнія ўладальнікі памяшкання спадзяюцца, што “гэта месца з багатай гісторыяй трапіць ў прыстойныя рукі і атрымае новае жыццё”.

Прычыны, па якіх закрыўся салон, не паведамляюцца.

Фотаздымак: Інстаграм “Дольчэ Віта”

Бібліятэкар з Магілёва стварыла найбуйнейшы фонд беларускамоўных кніг у Польшчы

Калі Алеся Тарасенка прыехала з Беларусі ва Уроцлаў, у мясцовай ваяводскай бібліятэцы было ўсяго чатыры кнігі па-беларуску. Сёння – каля 600.

З Магілёва ва Уроцлаў

У Магілёве Алеся працавала ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы. У Беларусі яна была бібліятэкарам 22 гады. Як яна распавяла выданню MOST, у Польшчу пераехала ў 2020-м і вырашыла вярнуцца да прафесіі. Спачатку яе ў бібліятэку не ўзялі, бо не хапала польскай мовы. Алеся ўладкавалася прыбіральшчыцай і паралельна вучыла мову. Праз некалькі месяцаў прайшла сумоўе і атрымала працу, але сутыкнулася з бюракратыяй: скончылася віза, і працадаўцы вагаліся. Толькі пасля атрымання адзнакі аб відзе на жыхарства яна атрымала шанец.

«Я прыбегла, як з сцягам: вось мой пашпарт, вось пячатка! Але мне сказалі, што вакансіі ўжо няма» – успамінае Алеся. Пазней з’явілася новая і яна вырашыла: «Або пан, або прапаў».

Працоўчы час у аддзеле раманскіх моў паказаў, што чытачы цікавяцца ўсходнеславянскай літаратурай. Так у 2023 годзе адкрыўся аддзел славянскіх моў і беларускі куточак. Спачатку кніг было чатыры, але за два тыдні збору атрымалася сабраць пяць тысяч злотых і набыць новыя. Цяпер фонд налічвае каля 600 выданняў.

«Дзякуй кожнаму чытачу за падараваныя кнігі – пачатак быў пакладзены дзякуючы ім», – кажа яна.

Каб працаваць па спецыяльнасці, Алесі давялося прызнаць беларускі дыплом. «Падобна, я была першай, хто гэта зрабіў тут» – усміхаецца яна. Працэдура каштавала амаль 3 700 злотых і ўключала экзамен. «Мне было важна даказаць, што бібліятэкар – гэта прафесія, а не проста любоў да чытання».

Алеся адзначае, што польскія бібліятэкі значна апярэдзілі беларускія ў лічбавізацыі:

«У Беларусі да гэтага часу карыстаюцца папяровымі фармулярамі. Тут папяровых фармуляраў ужо гадоў пятнаццаць няма».

Ва Уроцлаве кнігі можна вярнуць нават уначы праз спецыяльную скрыню пры ўваходзе. А пазыкі фіксуюцца аўтаматычна: «Калі доўг вялікі, бібліятэка перадае даныя ў падатковую. Тады чалавек нават крэдыт не зможа атрымаць».

Кнігі як шлях інтэграцыі

Беларускі аддзел стаў культурнай пляцоўкай. Тут праходзяць сустрэчы з аўтарамі, лекцыі і дні культуры. «Мы стараемся быць бліжэй да чытачоў розных краін і культур» – кажа Алеся.

Пры бібліятэцы працуе клуб, дзе беларусы і палякі разам абмяркоўваюць кнігі, вучаць мову і проста маюць зносіны.

У 2024 годзе Алеся стала пераможцай конкурсу бібліятэкараў імя Вольгі Рок, а пасля ўвайшла ў склад журы. «Пасля дваццаці гадоў працы ў Беларусі я ўпершыню адчула, што маю працу заўважылі» – прызнаецца яна.

«Я прыцягваю людзей сюды, каб у іх было месца, дзе можна проста пасядзець і пачытаць на роднай мове» – кажа Алеся Тарасенка.

Фотаздымак: MOST

Палітзняволены расказаў пра калгасную паказушнасць з прыкметамі карупцыі ў магілёўскай калоніі

На святкаванне 80-годдзя Перамогі адміністрацыя калоніі №15 у Магілёве загадала зняволеным пабудаваць фанерны танк і самалёт. Пайшлі дажджы і ўсё абвісла – руля ў танка, крыло самалёта, а можа быць і фанабэрыя ў адмінстрацыі вязніцы.

Андрэй Войніч, які адсядзеў пяць гадоў па палітычных артыкулах, у сваім Facebook падзяліўся камічнай гісторыяй з магілёўскай калоніі. “Да святкавання 80-годдзя перамогі ў Другой сусветнай вайне кіраўніцтва ПК-15 вырашыла зрабіць пару інсталяцый: адзін савецкі самалёт і нейкі савецкі танк таго перыяду. Судзячы па ўсім, гэта былі Як і Т-34, прычым у арыгінальным памеры” – распавёў палітвязень.

Паказуха з фанеры і кардону

“Рабілася ўсё з фанеры, усё гэта фарбавалася: кожная гусенічка, колца, прапелер – усё цалкам. Кардон, фанера – усё размалёўвалася, і выдаткавана на гэта было велізарная колькасць рэсурсаў і часу. І стаяла гэта на стадыёне, проста на пяску, амаль так, як на малюнку. І калі ўсё гэта было зроблена, пайшлі дажджы – усё размокла, выглядала як калгас, асабліва абвіслая руля танка і крыло самалёціка.

І ўсё гэта было зроблена ўсяго толькі, як я зразумеў, для таго, каб прыехала нейкая камісія ці госці: паглядзелі на гэта, парадаваліся псеўдаэстэтыцы і з’ехалі. Што можна сказаць на гэты конт? У дадзеным выпадку, як мне здаецца, эстэтыка прыкрываецца звычайнымі пантамі. А дакладней – панты, дастаткова дарагія, але не самыя якасныя, выдаюцца за эстэтыку.

У прынцыпе, на дзвюх мадэлях ваеннай тэхнікі лёгка разгледзець мадэль развіцця і ладу Беларусі.”

“Праз фірму-пракладку і з прэміямі”

У каментарыях да гэтага паста іншыя карыстальнікі соцсеткі падзяліліся сваімі заўвагамі і разважаннямі. Так, карыстальнік з нікам Alexei Kireev узгадаў, што “Там было ж яшчэ шмат чаго. І кулямётны дзот і уселякія дробныя цацкі. А руля ў танка абвісала штотыдзень”. Ён таксама не пагадзіўся, што ўся інсталяцыя атрымалася дарагой – маўляў, грошы былі патрачаны толькі на будаўнічыя матэрыялы, а ўзялі гэтыя грошы ў зняволеных-карупцыянераў. Праца зэкаў, нібыта, пры гэтым была бясплатнай. З ім у сваю чаргу не пагадзілася карыстальніца з нікам Veronika Mishchanka: “Чаму бясплатна? Яны ж справаздачу па працаднях робяць. Там яшчэ сабе і прэміі павыпісвалі, а матэрыялы купілі праз сваю фірму-пракладку і бабкі таксама падзялілі. Мне яшчэ годзе так у 2004 г. расказваў знаёмы, як бізнэс рабіў з магілёўскай і бабруйскай калоніяй. Тамака такія схемы!”

Фота: сімвалічная ілюстрацыя з старонкі Андрэя Войніча на Facebook.

Жыллё ў Магілёве на другім месцы па цане сярод абласных цэнтраў

Магілёўскі квадратны метр жылля – адзін з найбольш дарагіх сярод абласных гарадоў Беларусі.

Нацыянальнае кадастравае агенцтва прывяло статыстыку па здзелках з нерухомасцю за трэці квартал па абласных гарадах. Згодна яму, у абласных цэнтрах здзейснена 2,9 тысяч здзелак, што супастаўна з папярэднім кварталам бягучага года. Найбольшую колькасць кватэр набылі ў Гародні (758 здзелак), а менш, чым у іншых гарадах – у Магілёве (435 здзелак).

Адзначаецца запаволенне актыўнасці ў верасні ва ўсіх абласных цэнтрах, пры гэтым у Берасці, Гомелі і Магілёве верасень стаў самым малаактыўным месяцам пасля студзеня. У Гародні найбольшая доля здзелак на першасным рынку.

Пры гэтым у Берасці цікавасць пакупнікоў паступова зрушылася да двухпакаёвых кватэр. У Віцебску прыкметна павялічылася доля трохпакаёвых кватэр у здзелках. А ў Магілёве процілеглая дынаміка – часцей за ўсё куплялі аднапакаёвыя кватэры.

Сярэдняя цана здзелак па выніках трэцяга квартала адносна другога павялічылася ва ўсіх абласных цэнтрах на 30-50 долараў ЗША за кв. м:

  • у Берасці – 1 090 долараў (+3%),
  • у Магілёве – 930 долараў (+4%),
  • у Гародні – 910 долараў (+6%),
  • у Гомелі – 900 долараў (+3%),
  • у Віцебску – 840 долараў (+6%).

За гэты перыяд самая дарагая кватэра сярод абласных цэнтраў была прададзеная ў Гародні. Трохпакаёвая кватэра ў доме 2018 года пабудовы абышлася пакупніку ў 151,4 тыс. долараў ЗША.

Фотаздымак: mogilev.in

У Магілёве дадаткова судзілі палітвязня, у якога ўжо 12 гадоў турмы

Асуджанаму на 12 гадоў калоніі палітвязню з Берасця, анархісту Аляксею Галаўко дадалі яшчэ паўгода зняволення.

Разляд новай крымінальнай справы ў Магілёве ў дачыненні да Аляксея прайшоў яшчэ 5 верасня 2025 года, але вядома пра яго стала толькі на днях. Палітвязня прызналі вінаватым паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Па звестках @belarus_abc, Аляксею дадалі яшчэ паўгода зняволення.

Як піша Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Аляксей родам з Берасця. Яго затрымалі 5 сакавіка 2021 года па крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху. Пазней яму прызначылі 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў.

У сярэдзіне сакавіка 2023 года стала вядома, што палітзняволенага этапавалі ў магілёўскую калонію №15. Напрыканцы ліпеня стала вядома, што палітвязень утрымліваецца ў ПКТ.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Экс-палітвязень: у магілёўскай калоніі бачыў, як бензапіла рэзала твар людзям

Відэааператар і журналіст Вячаслаў Лазараў, які быў рэпрэсаваны ў 2023 годзе, распавёў пра здзекі ў магілёўскай калоніі №15 і жудасныя ўмовы працы зняволеных.

Вячаслава Лазарава затрымалі ў лютым 2023 года. Праз восем месяцаў яго асудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі, а яго жонку Таццяну Пыцько – да трох гадоў калоніі (пасля апеляцыі жанчыну адпусцілі на волю). Падставай для пераследу стала іх супрацоўніцтва з “Белсатам”. Увесь гэты час іх дачка, якой на той момант быў адзін год, знаходзілася спачатку ў органах апекі, а затым – у бабулі.

Холад, знявагі і здзек

Напрыканцы лістапада 2023 года Вячаслаў Лазараў трапіў у магілёўскую папраўчую калонію №15. Ён прызнаецца, што чакаў хоць нейкай палёгкі пасля СІЗА – магчымасці ўбачыць неба, крыху адчуць паветра. Але рэальнасць аказалася куды страшнейшай.

“Калі мяне прывялі да начальніка калоніі, я пачаў размаўляць на беларускай мове, але мяне выгналі. Так адбывалася пяць разоў запар. Потым начальнік калоніі сказаў: “Ты супрацоўнічаеш з “Белсатам”? – Яны пра мяне кепскія рэчы пісалі. Ты ведаеш, што калі табе на вочы патрапіць вадкасць для апрацоўкі дрэваў – ты застанешся сляпым? Ага, у цябе задраны каўнерык – значыць, 15 сутак”. Так я ўпершыню трапіў у ШІЗА, з якога не вылазіў: за першыя паўгода я правёў там 80 дзён” – распавёў Вячаслаў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”.

Ён апісвае ШІЗА як месца, дзе чалавека ламалі маральна і фізічна. Там – лёд на сценах, ложак на ланцугу без матраца, адзін халодны камплект адзення з надпісам «ШІЗА». Спаць можна толькі па паўгадзіны, бо прачынаешся ад холаду.

“Міску з ежай спецыяльна акунулі ў кашу, каб яна з яе сцякала, працягнулі яе ў акенца і смяяліся. І яшчэ казалі, што нешта дадалі туды. Я адразу зразумеў, што гэта здзек і не дакрануўся да ежы. Калі аддаваў назад, яшчэ засунуў туды кубак з гарбатай – каб так паказаць свой пратэст. На здзіўленне, кантралёр паглядзеў і нічога не сказаў” – кажа былы палітвязень.

Паводле Вячаслава, хоць фізічнага гвалту да палітвязняў ён не назіраў, маральны ціск быў паўсюль. Іх спрабавалі прымусіць да прыніжальнай працы, напрыклад, падбіраць недакуркі.

“Калі б я пагадзіўся праз няведанне, мяне б таксама перавялі ў нізкі статус. Але калі я паспрабаваў адмовіцца, мяне тут жа паспрабавалі выкрыць у тым, што я прытрымліваюся зладзейскіх паняццяў, а гэта фармальна забаронена. Тады я тлумачыў, што я не палю, таму для мяне гэта зневажальна, але я не адмаўляюся ад іншай працы. Але акрамя таго, яны могуць даць табе заданне перанесці ў адзіночку цяжкія рэчы – а гэта немагчыма. І калі ты просіш дапамогі, то гэта расцэньваюць як адмову ад працы. Вядома, у абодвух выпадках табе даюць парушэнні і закідваюць у ШІЗА. Я ўжо прыняў, што хутка ў мяне будзе 411-ы артыкул і змірыўся, але потым ціск прайшоў і пра мяне неяк забыліся” – распавёў Вячаслаў.

Умовы працы пагражаюць жыццю

Праца ў калоніі – цяжкая і небяспечная. Хоць афіцыйна працоўны дзень доўжыцца з 8 да 16, зняволеныя часта застаюцца да позняга вечара. Найбольшая частка працуе на дрэваапрацоўцы.

“На прамзоне я бачыў больш здарэнняў, чым за ўсё жыццё. Праз умовы працы выляталі бярвёны, ударалі па руках і нагах. Я бачыў, як адлятала бензапіла і рэзала твар людзям. Станкі настолькі старажытныя, што адна з дэталяў стрэліла ў столь і адрыкашэціла зусім побач з адным палітвязнем – а важыла яна кілаграм 20. Проста цуд, што яна не забіла яго” – адзначае былы палітвязень.

За сваю працу вязні атрымліваюць толькі сімвалічны заробак – каля сямі рублёў. Пры гэтым частку могуць вылічваць у якасці “кампенсацыі шкоды”. Асабліва цынічным, паводле Вячаслава, было тое, што частка вытворчасці працуе на вайсковыя патрэбы.

“Гэта тычылася і дэталяў, і адзення на швейнай вытворчасц. Адмовіцца было немагчыма, галоўная задача там – захаваць здароўе. Бальнічны там, дарэчы, давалі толькі з тэмпературай за 38. Я двойчы ляжаў у лякарні з пнеўманіяй пасля ШІЗА. Часцей людзі ідуць па дапамогу не да медыкаў, а адзін да аднаго: там жа сядзяць розныя людзі – ад дактароў да псіхолагаў. Таму ўсе імкнуліся дапамагаць адзін аднаму і абменьвацца інфармацыяй пра тыя ж памілаванні”.

У верасні 2025 года, праз два з паловай гады зняволення Вячаслаў стаў адным з тых, каго прымусова перамясцілі на тэрыторыю Літвы.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”