Калядную імшу магілёўскага касцёла пакажуць па БТ

Таксама на каталіцкае Раство будзе трансляцыя з Ватыкана.

24 снежня ў 21:45 пачнецца жывая трансляцыя святочнай імшы з касцёла Успення Прасвятой Багародзіцы ў Магілёве на тэлеканале “Беларусь-1” – паведамляе БелТА. Узначаліць яе дапаможны біскуп Магілёўскай дыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі. Адразу пасля гэтага, у 23:30, тэлеканал пакажа святочную імшу з Ватыкана з удзелам Папы Рымскага Францішка.

Раніцай 25 снежня ў 7:25 на «Беларусь-1» са Словам на Божае Нараджэнне да вернікаў звернецца кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, арцыбіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі.

У 15:30 у трансляцыі з Ватыкана пасланне і благаслаўленне Папы Францішка «Гораду і свету» пакажа тэлеканал «Беларусь 3».

Фота: catholic.by

Бабруйск першым у вобласці пачаў мантаж навагодняй ёлкі

За месяц да пачатку Калядаў на галоўнай плошчы горада распачаліся працы па мантажу галоўнай ёлкі горада і катка побач з ёй. Зялёная прыгажуня тут заззяе агнямі раней, чым у абласным Магілёве. 

Адметнасцю гэтага году стала размяшчэнне побач яшчэ і адкрытага катка. Яго змантавалі напярэдадні. Для чаго выкарысталі старыя агароджы з Бабруйск-Арэны.

Чакаецца, што плошча Леніна стане эпіцэнтрам навагодніх святаў у Бабруйску. Прынамсі, месца тут хопіць усім. 

Фота: bobr.by

Магілёўскія гандлёвыя сеткі пачалі ўпрыгожвацца да Калядаў – фота

Адной з першых крам, дзе пачаўся тэматычны продаж калядных цацак і гірляндаў да навагодніх святаў, аказалася “Ома” на вуліцы Маўчанскага. Таксама тут паставілі і ўжо пачалі ўпрыгожваць агромністую штучную ёлку на ўваходзе.

А калі ўспрымаць колеравую гаму выставачнай вітрыны як рэкамендацыйную, то адразу кідаецца ў вочы прыемнае спалучэнне белага і чырвонага на ёлцы, што выступае як узор.