Дзень у гісторыі. 27 мая. Маскоўскае паўстанне. “Палянаўскі мір”. Нарадзіліся этнограф І. Сербаў, паэт У. Жылка, гісторыкі М. Біч, А. Латышонак

1606 год. У Маскве выбухнула паўстанне.

Яно было скіравана супраць цара (1605-1606) Дзмітрыя Самазванца I (кан. XVI ст.-1606) і шляхцянкі, царыцы Марыны Мнішак (1588-1614). У выніку паўстання былі забіты Дзмітрый і 524 выхадцы з Рэчы Паспалітай, галоўным чынам, з Беларусі.

Марына Мнішак – адзіная каранаваная жанчына ў Расіі да Кацярыны I. Яна пазней стала жонкай цара (1607-1610) Дзмітрыя Самазванца II. У выніку гэтай і наступных падзей, на маскоўскі трон быў абраны кароль і вялікі князь ВКЛ Уладзіслаў ІV Ваза. 

Карл Веніг. Апошнія хвіліны жыцця Ілжэдзмітрыя I, 1879 год.

1634 год. Пачатак перамоў між прадстаўнікамі Рэчы Паспалітай і Масковіяй аб заканчэнні Смаленскай вайны 1632-1634 гадоў.

Перамовы праходзілі ў с. Сямлёва на р. Палянаўцы.

“Палянаўскі мір” быў заключаны 4 (14) чэрвеня 1634 года. Рускія апетыты на Смаленск не спраўдзіліся. Да Масковіі адыйшоў толькі Сярпейск, Масальск, Ахтырка, Трубчэўск.

Па дамове кароль і вялікі князь ВКЛ Уладзіслаў IV Ваза (1595-1648) адмовіўся ад далейшых прэтэнзій на рускі трон. Ён быў маскоўскім царом у 1610-1634 гадах.

1780 год. Адбылася ўрачыстая імша ў магілёўскім касцёле Святога Станіслава для каранаваных асоб.

Прысутнічалі Кацярына II і аўстрыйскі імператар Іосіф ІІ, якія прыехалі ў Магілёў дамовіцца аб умовах Другога раздзелу Рэчы Паспалітай. У гэты ж дзень каранаваныя асобы наведалі і царкву Святога Спаса.

1871 год. У в. Кульшыцы (зараз – Слаўгарадскі раён) нарадзіўся Ісак Сербаў (1871-1943).

Этнограф, фалькларыст, археолаг, краязнавец, фатограф, Правадзейны член геаграфічнага таварыства і Інстытута беларускай культуры.

У Кульшыцах існавала традыцыя даваць немаўлятам біблейскія імёны, а не габрэйскія, як на першы погляд.

Настаўнічаў ў шматлікіх месцах, уключаючы Вільню, Мінск, Хоцімск. У 1910-1913 гадах арганізаваў этнаграфічную экспедыцыю геаграфічнага таварыства па вывучэнню творчасці і матэрыяльнай культуры беларусаў.

Узначальваў работы па збору і ахове помнікаў, кафедру этнаграфіі БДУ. Сабраў багатыя калекцыі народнага аддзення, мастацтва, на падставе якіх быў выдадзены альбом “Беларускае народнае мастацтва” (1951). Першым ў краіне сабраў вялізную фотатэку з фіксаваннем тыпаў адзення на Палессі, жытла, гаспадарчых пабудоў, рамесных вырабаў.

1895 год. Нарадзіўся Ігнат Дварчанін (1895-1937).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, скарыназнаўца, навуковец, паэт, пісьменнік, доктар філасофіі.

Удзельнік Першай Сусветнай вайны, падпаручнік, з’яўляўся членам Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, сакратаром культурна-асветніцкага аддзелу Белнацкаму ў Маскве, Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта, Цэнтральнай беларускай школьнай рады. З’яўляецца ўкладальнікам “Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры”. У 1930 годзе рэпрэсаваны польскімі ўладамі (8 год турмы), але ў 1932 годзе трапіў пад абмен палітвязнямі паміж СССР і Польшчай.

Працаваў у АН БССР у камісіі па вывучэньню Заходняй Беларусі, выконваў абавязкі дырэктара Інстытуту мовазнаўства. Арыштаваны ў 1933 г., высланы на Салаўкі, расстраляны 8 снежня 1937. Загінуў у лагерах і ягоны родны брат Іларыён Дварчанін, беларускі грамадзкі дзеяч.

1931 год. У в. Раздзел-2 Мсціслаўскага раёна нарадзіўся Васіль Жураўлёў.

Беларускі літаратуразнаўца, крытык.

Скончыў Мінскі педінстытут. З 1956 года працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук.

Аўтар манаграфіі «Структура твора» (1978), сааўтар «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры», «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры», «История белорусской дооктябрьской литературы», «Праблемы сучаснай беларускай прозы», «Пытанні паэтыкі».

1896 год. Нарадзіўся Міхась Філіповіч (1896-1947).

Беларускі жывапісец, графік, этнограф, педагог, адзін з першых айчынных мастакоў, хто звярнуўся да нацыянальнай тэматыкі. Вялікую значнасьць маюць замалёўкі народнай вопраткі, зробленыя Філіповічам на Міншчыне, Случчыне, Магілёўшчыне, Палессі.

Творы М. Філіповіча вызначаюцца яркім нацыянальным каларытам, самабытнасцю.

1900 год. Нарадзіўся Уладзімір Жылка (1900-1933)

Беларускі паэт, перакладчык, крытык.

Працаваў у мінскай 21-й беларускай пачатковай школе, аграномам, наведваў клуб «Беларуская хатка», супрацоўнічаў з Ядвігіным Ш., Я. Купалам, З. Бядулем, М. Чаротам, Л. Родзевічам.

З 1920 года жыў у Заходняй Беларусі. Вёў падпольную, культурна-асветніцкую дзейнасць у Польшчы, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі. Працаваў у віленскай беларускай кнігарні, апекаваў  тэатральную майстроўню пры Віленскай беларускай гімназіі, супрацоўнічаў з газетамі «Наша будучыня» і «Новае жыццё», рэдагаваў пражскі часопіс «Прамень».

У 1926 годзе пасля ўдзелу ў мінскай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, застаўся ў БССР. Працаваў у Інбелкульце, газетах «Беларуская вёска», «Звязда», у Мінскім музычным тэхнікуме, на Белдзяржкіно. Член аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша».

Аўтар вершаў, паэм, зборнікаў вершаў, многіх артыкулаў, у тым ліку, «У справе ацэнкі беларускага адраджэння», артыкулаў пра месца беларускай культуры ў славянскім свеце, пра творчасць беларускіх паэтаў, рэцэнзій на творы сучаснікаў, гісторыка-філасофскага эцюда «Беларусь-Крыўя», перакладаў еўрапейскіх паэтаў.

19 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ, у 1931 прыгавораны да 5 гадоў ссылкі. Адбываў яе ва Уржуме Кіраўскай вобласці.

Памёр 1 сакавіка 1933 года ад туберкулёзу лёгкіх.

1937 год. Нарадзіўся Міхась Біч (1937-1999).

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Скончыў БДУ. Працаваў настаўнікам у  школах Пастаўскага і Мастоўскага раёнаў, у Інстытуце гісторыі НАНБ.

Даследчык гісторыі рабочага, народніцкага рухаў, перыядычнага друку Беларусі і праблем нацыянальнага Адраджэння. Пад яго кіраўніцтвам абаранілі кандыдацкія дысертацыі 6 даследчыкаў.

Аўтар каля 300 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, раздзелаў у 7 калектыўных кнігах, 4 вучэбных дапаможнікаў. Аўтар і суаўтар “Гісторыя БССР. Т. 2” (1972), “Гістарычныя карані сяброўства і яднання ўкраінскага і беларускага народаў” (1978), ”Гісторыя рабочага класа БССР” (у 4-х т), “Асвета і педагагічная думка ў Беларусі са старажытных часоў да 1917 г. (1985), “Полацк: гістарычны нарыс” (1987) і інш.

1957 год. Нарадзіўся Алег Латышонак.

Беларускі і польскі гісторык, доктар гістарычных навук.

Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, аўтар і суаўтар кніг і падручнікаў “Гісторыя Беларусі ад паловы XVIII да канца XX ст.”, “Ад белых русаў да беларусаў” (аб фарміраванні беларускай народнай тоеснасці), “Жаўнеры БНР”, “Нацыянальнасць – Беларус” (асвятляюцца пытанні этнагенэзу беларусаў).

Узнагароджаны Кавалерскім крыжам ордэна Адраджэння Польшчы. 

1997 год. Памерла Зінаіда Канапелька (1918-1997).

Беларуская актрыса. Народная артыстка, Ганаровы грамадзянін г. Віцебска.

На хутары Шыркі непадалёк ад Багушэўска жылі ўсяго тры сям’і, у тым ліку Канапелькі і Машэравы.  П. Машэраў і З. Канапелька –  аднагодкі. Іх сяброўства і павага адзін да аднаго працягваліся ўсё жыццё.

З 1934 года творчае жыццё звязана з тэатрам імя Якуба Коласа (Віцебск). Сярод асноўных тэатральных роляў – Паўлінка ў аднайменнай п’есе Янкі Купалы. Сябравала з Купалам з часоў гастроляў у Мінску: “Я вельмі хвалявалася, ідучы да Янкі Купалы.  Сустрэлі мяне на дзіва проста і гасцінна…. Цётка Уладзя глядзела на мяне вельмі ласкава, а Янка Купала сказаў: “Цудоўная дзяўчына, жадаю табе сыграць гэту ролю на сцэне”. Сустрэча з такім чалавекам, такім знакамітым паэтам стала для мяне сапраўднай падзеяй”.

У яе гонар у Віцебску па вул. Урыцкага, 19 усталявана мемарыяльная шыльда.

Дзень у гісторыі. 6 студзеня. Заканчэнне Інфлянцкай вайны. Тры каралі

Першая Посная куцця. Перадкалядная вячэра (праваслаўны каляндар). Які дзень, такі і год.

Гэта назва звязана са звычаем праваслаўных хрысціян ужываць у гэты дзень у ежу куццю – сушаныя хлебныя зерні, што размочаныя ў вадзе, папросту кажучы – кашу. Куццёй называлі не толькі кашу і ўсякую посную ежу, а таксама сок, ці, як казалі раней, “малако” рознага насення: макавае, канаплянае, сланечнікавае, гарчычнае, арэхавае, міндальнае і іншыя. Гэтым “малаком” запраўлялі кашы падчас 40-дзённага Піліпавага паста перад Калядамі і ў калядную куццю.

Ужо ў IV стагоддзі былі прыняты правілы як святкаваць вячэру перад Раством. У V стагоддзі Анатоль, Патрыярх Канстанцінопальскі, затым Анатоль і Сафроній Іерусалімскія (VI стагоддзе), Козма Маюмскі і Іаан Дамаскін (VIII стагоддзе) напісалі для свята Нараджэння Хрыстовага святыя спевы, якімі Царква і ў цяперашні час услаўляе свята.

Самая вясёлая частка перадкаляднай вячэры – раздача падарункаў. Сачэльнік (ад сочыва) – адзін з нямногіх выпадкаў, калі дзеці садзіліся за стол разам з дарослымі.

Куцця

Абрад «Тры каралі», Багаяўленне (каталіцкі каляндар).  

Узнік у першыя стагоддзі хрысціянства на Усходзе, у праваслаўнай царкве звязваецца з хрышчэннем Ісуса Хрыста Янам Хрысціцелям і сашэсцем на яго Духа Святога ў выглядзе голуба (19 студзеня). 

У каталіцызме Багаяўленне святкуецца з ІV стагоддзя, яго сімволіка звязваецца з паведамленнем евангелляў, як паганскія цары-варажбіты Каспар, Мельхіёр і Балтазар, папярэджаныя анёлам, прыйшлі пакланіцца немаўляці Ісусу і прынеслі дары. У памяць гэтага ў касцёлах служаць удзячныя малебны, Хрысту прыносяцца ў ахвяру як цару – золата, як Богу – ладан, як чалавеку – міра. 

Асвечанай у касцёле крэйдай на дзвярах дамоў пішуць першыя літары іменаў трох каралёў, перамяжаючы іх крыжыкамі, і нумар году, накшталт: +М+M+Х+Х+ІІІ (2023). «Шчодрым вечарам» напярэдадні гэтага свята заканчваюцца «святыя вечары», г.зн. вечары ад Божага Нараджэння да свята Трох каралёў. Дзецям і сваякам у  вечар напярэдадні свята, 5 студзеня, дараць падарункі, раздаюць пірагі. З самога свята пачынаюцца карнавальныя гульні і забавы, якія заканчваюцца на Папялец.

Традыцыйна на вячэру самога свята ў Рэчы Паспалітай пяклі мігдалавы торт або пірог з запечаным у сярэдзіне вялікім мігдалам. Той, каму даставаўся кавалак з гэтым мігдалам, мусіў сваім коштам арганізаваць вечарыну на Папялец; дзяўчыне ў гэтым выпадку варажылі хуткае замужжа. У канцы ХІХ ст. звычай быў крыху зменены, і таго, хто даставаў мігдал, абвяшчалі «мігдаловым каралём», г.зн. ганаровым маршалкам банкету.

Тры каралі

1582 год. Заключаны Ям-Запольскі мір. Скончылася Інфлянцкая (Лівонская) вайна. 

Мірны дагавор паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай  заключаны на 10 год у в. Ківерава Гара, за 15 вёрст ад Запольскага Яма пасламі Івана Грознага і Стэфана Баторыя пры пасярэдніцтве папскага легата Антоніа Пасевіна. 

Вайну пачаў Іван Грозны з Вялікім княствам Літоўскім за валоданне Лівоніяй. Паводле ўмоў міру Іван Грозны адмовіўся ад Інфлянтаў і Полацка, Маскоўская дзяржава атрымала назад Вялікія Лукі і некаторыя іншыя землі.

Падчас Інфлянцкай вайны Магілёў быў адной з мэтаў маскоўскай агрэсіі. У 1581 годзе горад здолеў абараніцца ад 30 000-га войска Маскоўскай дзяржавы, дзякуючы самаабароне мяшчан і подзвігу гусар пад кіраўніцтвам Марціна Казаноўскага, якіх налічвалася ўсяго некалькі соцень.

Гусары крылатыя

1892 год. Нарадзіўся Адам Станкевіч. 

Беларускі каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч, асветнік, культуролаг, выдавец і публіцыст.

Святар з 1914 года. У Петраградзе ўзначальваў беларускі гурток, супрацоўнічаў з беларускімі газетамі «Светач», «Дзянніца», «Гоман».

Адзін з заснавальнікаў і лідараў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці, ініцыятараў правядзення з’езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску (1917).

Адным з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове пры правядзенні набажэнстваў.

Адстойваў нацыянальныя, сацыяльныя і рэлігійныя правы заходне-беларускага насельніцтва. За дабрачынную дзейнасць яго называлі «вялікім філантропам».

Аўтар літаратурных партрэтаў дзеячаў айчыннай гісторыі і культуры, кніг і брашур з распрацоўкай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі, кнігі «Доктар Францішак Скарына – першы друкар беларускі».

Адмаўляў палажэнне пра гвалтоўнае далучэнне заходне-рускіх зямель да ВКЛ. Пытанні гісторыі беларускага народа разглядаў у працах «Вітаўт Вялікі і беларусы», «Кастусь Каліноўскі: „Мужыцкая праўда“ і ідэя незалежнасці Беларусі», «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення». Даследчык нацыянальнай асветы, беларускага нацыянальнага адраджэння. Аўтар падручніка па айчыннай гісторыі для пачатковай школы.

У 1949 годзе (у другі раз) арыштаваны, асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі, сасланы ў лагер у Іркуцкую вобласць, дзе і памёр.

Адам Станкевіч

1906 год. У Магілёве нарадзіўся скульптар Пётр Яцына.

Савецкі скульптар, лаўрэат Дзяржаўнай і Сталінскай прэмій. Сын магілёўскага скульптара Пятра Рыгоравіча Яцыны. Аўтар першых помнікаў Леніну ў СССР. Удзельнік Другой Сусветнай вайны – на фронт пайшоў добраахвотнікам. У Магілёве ў яго гонар названа вуліца, вісіць мемарыяльная шыльда на доме №3.

Яцына Пётр

1912 год, стварэнне падмурка сучаснай геалогіі. 

На з’ездзе Германскага Геалагічнага таварыства ў Франкфурце нямецкі метэаролаг, геафізік і палярны даследчык Альфрэд Вегенер у гэты дзень выступіў з дакладам, азагалоўленым “Утварэнне буйных форм рэльефу зямной кары кантынентаў і акіянаў”. 

У ім на падставе комплексу навуковых дадзеных вучоны ўпершыню публічна выклаў сваю канцэпцыю дрэйфу кантынентаў, якая стала падмуркам сучаснай геалогіі. 

У пачатку лістапада 1930 года Вегенер трагічна загінуў у льдах Грэнландыі.

Альфрэд Вегенер

1942 год. У в. Сушчаўская Слабодка Чавускага раёна нарадзіўся Мікалай Кірэеў. 

Беларускі мастак і педагог.

Працуе ў галіне тэматычнай карціны, партрэта, пейзажаў. Галоўнае ў творчасці – паэтычнае спасціжэнне народнага жыцця. Рэальнай паэтыкай народных вобразаў вылучаецца работа «Кветкі маёй Радзімы». Рамантыкай дыхае палатно «У купальскую ноч». Мастак фарбамі здолеў перадаць цеплыню чалавечых адносін.

Чавуская прырода для мастака – музыка душы, крыніца натхнення.

Загадчык кафедры «Рысунак, жывапіс і скульптура» Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Мікалай Кірэеў
????????????????????????????????????

 

1942 год. Памёр ураджэнец в. Паддуб’е Магілёўскага раёна  Герасім Якушка.  

Беларускі архітэктар. Дзядзька вядомага географа, доктара геаграфічных навук Вольгі Якушкі.

Скончыў Магілёўскае рэальнае вучылішча, Петраградскі інстытут грамадзянскіх інжынераў.

У 1936-1941 гадах працаваў галоўным архітэктарам Мінска.

Па яго пректах у Мінску, Магілёве, Барысаве і іншых гарадах БССР было пабудавана каля двух дзясяткаў арыгінальных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў.

У Магілёве захаваўся яго праекта 5-павярховы 96-кватэрны жылы дом (“Дом МУСаўцаў, Дом ля фантана, 1940 год) па вуліцы Ленінская, 68.

Якушко

1943 год. У СССР уведзены наплечныя пагоны для асабовага складу Савецкай Арміі. 

Першапачаткова пагоны насілі практычны сэнс. З іх дапамогай трымаўся рамень патроннай торбы. Таму і пагон спачатку меўся толькі адзін, на левым плячы, бо патронная торба насілася на правым баку.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ў Расіі дэкрэтам Саўнаркама РСФСР былі адменены пагоны ў арміі і нашыўкі ў флоце, як сімвал няроўнасці. Адменены былі і воінскія званні.

У студзені 1919 года былі заснаваны знакі адрознення па родах войскаў і знакі адрознення каманднага складу вайскоўцаў Чырвонай Арміі. У верасні 1921 года былі ўведзены першыя знакі адрознення і ў флоце.

Погоны СССР

1945 год. Памерла Магдалена Радзівіл. 

Беларуская мецэнатка з роду Завіша, арыстакратка, дзяячка беларускага культурнага руху.

Дзяцінства правяла ў родавых маёнтках Жорнаўка (зараз Асіповіцкі раён) і Кухцічы.

Фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газету «Беларус», таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш.

Адкрыла беларускамоўныя школы ў сваіх уладаннях. Яе маёнтак у Кухцічах (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага раёна) наведвалі В. Іваноўскі, I. Луцкевіч, А. Луцкевіч, Р. Скірмунт і іншыя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг М. Багдановіча, К. Буйло. У знак удзячнасці ёй В. Іваноўскі і І. Луцкевіч змясцілі герб Завішаў «Лебедзь» на тытульным аркушы зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок».

Дапамагала беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі, літоўскаму і яўрэйскаму культурным рухам.

У ліпені 2017 года яе прах быў вернуты ў Мінск і перададзены касцёлу Святых  Сымона і Алены, 17 лютага 2018 года перапахаваны ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску.

Радзівіл Магда

1963 год. Памёр Андрэй Александровіч. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык, публіцыст, літаратурны крытык.

У гады Першай сусветнай вайны быў удзельнікам хору У. Тэраўскага, наведваў «Беларускую хатку».

Кіраваў распрацоўкай нарматыўнага руска-беларускага слоўніка, Інстытутам мовы, з’яўляўся член-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР.

Адзін з арганізатараў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Рэдактар часопіса «Малады араты»), працаваў у рэдакцыях розных рэгіянальных і мінскіх выданняў.

Аўтар паэтычных зборнікаў, паэм, кніг для дзяцей.

Падчас рэпрэсій 1929-1931 гадоў выступіў супраць «нацдэмаў», але сам патрапіў пад рэпрэсіі: арыштаваны НКУС у ліпені 1938 года, асуджаны на 15 гадоў лагераў, паўторна арыштаваны ў лютым 1949 года і сасланы ў Краснаярскі край.

Андрэй Александровіч

1975 год. Памёр Юрка Віцьбіч (Серафім Шчарбакоў). 

Беларускі пісьменнік, дзеяч беларускай эміграцыі.

У студзені 1941 года быў арыштаваны органамі савецкай бяспекі. Пад час вайны – член Цэнтральнага ўрада Беларускага культурнага згуртавання, у 1944 г.одзе выдаў зборнікі публіцыстыкі “Вяліскія паўстанцы. Гэньдзікаўскія змагары”, “Нацыянальныя Сьвятыні”, быў рэдактарам часопіса “Узвышша”. 

У 1943 годзе перавёз з Віцебска ў Полацк рэшткі Еўфрасінні Полацкай, якія там знаходзяцца і сёння, спрыяў аднаўленню Полацкай праваслаўнай епархіі. З 1944 года знаходзіўся на эміграцыі.

У 1946 годзе разам з Н. Арсенневай стварыў літаратурнае аб’яднанне “Шыпшына”. Рэдагаваў шэраг беларускіх газет, у тым ліку “Беларускае слова”, выступаў на Радыё “Свабода”. Аўтар цікавых гістарычных нарысаў “Плыве з-пад Святой гары Нёман”.

Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.

1988 год. Памёр Рэм Салавухін. 

Беларускі савецкі фізік, прафесар БДУ. Акадэмік АН БССР, член-карэспандэнт АН СССР і Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Лаўрэат Ленінскай прэміі.

Узначальваў Інстытут цепла- і масаабмену імя А. Лыкава Акадэміі навук БССР, працаваў прафесарам і загадчыкам кафедры БДУ.

Працаваў у галіне фізікі ўдарных хваляў, фізікі плазмы, квантавай электронікі, высокатэмпературнай газадынамікі.

Прапанаваў метады вымярэння ціску, шчыльнасці, тэмпературы і іншых параметраў працэсаў ва ўдарных хвалях.

Аўтар больш за 140 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій.

Рэм Салавухін

1998 год. У Капенгагене варвары адрэзалі галаву помніку Русалачцы. 

Ханс Крысціян Андэрсан пісаў прыгожыя, але сумныя казкі. І яго казкі сталі знакамітымі на ўвесь свет, таму што нясуць у сабе дзіўную дабрыню. А ў рэальным жыцці знаходзіцца велізарная колькасць маральных вырадкаў, якія нясуць толькі зло і разбурэнні.

Помнік у гонар Русалачкі, гераіні казкі Андэрсана, быў узведзены ў 1913 годзе і стаў адной з галоўных славутасцяў сталіцы Даніі. З таго часу ён неаднаразова падвяргаўся апаганьванню.

У пачатку вандалы абмяжоўваліся толькі размалёўкай скульптуры, але ўжо ў 1964 яна ўпершыню пазбавілася галавы, праз 20 гадоў ёй адрэзалі правую руку, у 1990 годзе зноў была здзейснена чарговая спроба абезгаловіць няшчасную, на шыі помніка знойдзены надрэз 18 сантыметровай глыбіні.

11 верасня 2003 года, у гадавіну тэракту ў Нью-Ёрку, пад статую была падкладзена ўзрыўчатка, статую выбухам знесла з пастамента.

У 2007 годзе ўлады Капенгагена аб’явілі, што статуя будзе перанесена далей у гавань, каб пазбегнуць далейшых выпадкаў вандалізму і для прадухілення пастаянных спроб турыстаў узлезці на яе.

Капенгаген