Вырасце доля дзяржавы ў цэментных прадпрыемствах Магілёўшчыны

Дзяржава будзе валодаць большай колькасцю акцый “Беларускага цэментнага завода” і “Крычаўцэментнашыфера”.

Згодна рашэнню ўрада Беларусі, якое апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўжо ўступіла ў сілу, гэтыя прадпрыемствы, а таксама тры з іншых рэгіёнаў, перададуць свае акцыі наўзамен сумы, выдзеленай на іх падтрымку ў 2025 годзе.

За мінулы год “Беларускі цэментны завод” атрымаў 2,5 млн рублёў дапамогі, а “Крычаўцэментнашыфер” – 9 млн рублёў. У першага акцыя каштуе пяць рублёў, а ў другога – дзве капейкі. Адпаведна, “Беларускі цэментны завод” перадасць 500 824 свае акцыі, а “Крычаўцэментнашыфер” – 453 315 591 акцыю.

Пры гэтым на 2019 год 98,63% акцый ААТ “Беларускага цэментнага завода” знаходзілася ў рэспубліканскай уласнасці, 0,39% – у камунальнай. Акцыямі “Крычаўцэментнашыфера” валодае кіруючая кампанія холдынгу “Беларуская цэментная кампанія”.

У дакуменце сказана, што акцыі перададуць да 1 верасня 2026 года.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Крычаўскаму аўтапарку не дазволяць сядзець на бюджэтнай іголцы

Прэзідыум раённага савета “дэпутатаў” пад кіраўніцтвам Ірыны Пруднікавай разгледзеў пытанне работы пасажырскага транспарту.

Якасцю работы мясцовага аўтапарка крычаўскія “дэпутаты” не задаволеныя: пасажырапаток расце, а разам з ім не прыбытак Аўтапарка №3, а датацыя яму з бюджэту. Аўтобусы абнаўляюцца, набываюцца новыя, а выніку няма.

“Патрэбны новыя маршруты і формы работы. Проста сядзець на бюджэтнай іголцы нікому не дазволена” – заявіла Пруднікава.

Прэзідыум рэкамендаваў аўтапарку адкрыць:

  • маршрут Крычаў – Мінск;
  • маршрут у Расію;
  • рэйс на Раслаўль, альбо працягнуць яго да Смаленска.

Увогуле, бюджэтных ін’екцый у Крычаве хопіць не на ўсіх. Яны патрэбны і прызначанаму “дэпутацкаму” корпусу, і сыну Пруднікавай, якая, карыстаючыся службовым становішчам, лабіруе інтарэсы сваяка – кіраўніка раённай службы пазаведамаснай аховы.

Фота раённай газеты.

Страляніны ў Крычаве не адбылася, затое адбыўся суд

Пенсіянер з Крычаўскага раёна знайшоў ружжо, захоўваў яго 20 гадоў, а потым вырашыў пастраляць і зарабіў два гады пазбаўлення волі.

Гэтая гісторыя пачалася яшчэ ў 2005 годзе. Жыхар Крычаўскага раёна падчас уборкі ў сябе дома натрапіў на ружжо і патроны.

Знаходку ён не здаў у міліцыю, хаця выдатна разумеў, што абавязаны гэта зрабіць. Замест гэтага пакінуў зброю – нібыта для таго, каб адпужваць ваўкоў.

Доўгі час ружжо ляжала без справы. Але летам мінулага года мужчына вырашыў ім скарыстацца. Прыняўшы на грудзі, ён прапанаваў сябру павесяліцца і пастраляць.

Да стральбы справа не дайшла, затое дайшла да суда.

Сяброў затрымалі супрацоўнікі дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Экспертыза паказала, што зброя была цалкам сур’ёзнай: спартыўна-паляўнічая вінтоўка з наразным ствалом і патроны да яе.

Пасяджэнне суда правялі ў будынку сельсавета ў прысутнасці аднавяскоўцаў правапарушальніка.

У выніку пенсіянеру прызначылі два гады пазбаўлення волі. Праўда, з адтэрміноўкай выканання прысуду на такі ж тэрмін.

Фота раённай газеты.

Канфлікт інтарэсаў: ад крычаўскага калгаса да сям’і Лукашэнкі

Чаму заатэхнік з Крычава не ўзяла самаадводу і чаму не бярэ самаадводу галоўны ахоўнік справядлівасці ў Беларусі?

Пракуратура Крычаўскага раёна запатрабавала ліквідаваць парушэнне антыкарупцыйнага заканадаўства на адным з мясцовых сельгаспрадпрыемстваў, дзе назіраўся “канфлікт інтарэсаў”.

Галоўны заатэхнік прадпрыемства самастойна ўзгадняла дадатковыя выплаты сваёй дачцэ, якая працуе там жа аператарам. Пры гэтым жанчына не паведаміла кіраўніцтву пра канфлікт інтарэсаў і не заявіла пра самаадвод. Наймальнік, у сваю чаргу, таксама ніяк не адрэагаваў, хоць быў абавязаны зрабіць гэта неадкладна. Пракурор раёна вынес прадпісанне кіраўніку прадпрыемства. Па яго выніках канфлікт урэгуляваны: паўнамоцтвы па налічэнні выплат дачцэ чыноўніцы перададзены іншаму работніку.

Пры гэтым самы маштабны канфлікт інтарэсаў у Беларусі пракуратуру асабліва не турбуе. Аляксандр Лукашэнка рэгулярна прызначае свайму сыну Мікалаю “прэзідэнцкую” стыпендыю для «адораных студэнтаў» з фонду, які сам жа і фарміруе.

Коля атрымлівае яе з першага курса БДУ, і паводле падлікаў выдання «Зеркало», сумарныя выплаты за час навучання ўжо перавысілі 6500 рублёў, не лічачы звычайнай стыпендыі.

Меркаваная маці Мікалая, Ірына Абельская, узначальвае Рэспубліканскі медыцынскі цэнтр Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, прывілеяваную клініку для беларускай наменклатуры.

У 2024 годзе яна таксама стала членам Савета Рэспублікі.

Нявестка Лукашэнкі Ганна, якая выступае пад псеўданімам Ганна Сялук, выбудавала цэлую медыяімперыю: музычны прадакшн, тры радыёстанцыі, рэкламны холдынг. Лукашэнка асабіста прысудзіў ёй прэмію «За духоўнае адраджэнне», ужо другую па ліку.

Крычаўскі заатэхнік трапілася на ўзгадненні даплат уласнай дачцэ. Гэта парушэнне, і пракуратура правільна адрэагавала. Іншае пытанне: хто і калі вынесе прадпісанне Лукашэнку? Няўжо разлічваць давядзецца толькі на Міжнародны крымінальны суд?

Фота з адкрытых крыніц.

У Крычаўскім раёне брыгадзір фермы прысабечыла 8 тысяч заробку падначаленага

“Хатнюю хімію” атрымала брыгадзір у Крычаўскім раёне, якая некалькі месяцаў атрымлівала заробак і адпускныя непрацуючага работніка.

Крычаўскі райсуд вынес прысуд брыгадзіру малочна-таварнай фермы, якую прызналі вінаватай у сістэматычным прысваенні сродкаў прадпрыемства.

Паводле матэрыялаў справы, жанчына на працягу некалькіх месяцаў у 2024-2025 гадах арганізоўвала афармленне табеляў уліку працоўнага часу на імя жывёлавода, які фактычна не працаваў. Работнік у гэты перыяд знаходзіўся ў Расіі і не выконваў сваіх абавязкаў, аднак яго звальненне не ініцыявалася.

Больш за тое, брыгадзір аформіла ад імя падначаленага заяву на працоўны адпачынак. На падставе гэтага дакумента на банкаўскі рахунак работніка былі пералічаны адпускныя.

Далей жанчына здымала грошы з карты і выкарыстоўвала іх на ўласныя патрэбы. Такім чынам яна незаконна завалодала як заработнай платай, так і адпускнымі супрацоўніка.

Агульная сума шкоды, нанесенай сельскагаспадарчаму прадпрыемству, перавысіла 8 тыс. рублёў. Да суда абвінавачаная цалкам кампенсавала нанесены ўрон.

У ходзе разгляду справы яна прызнала віну і раскаялася. Суд, улічыўшы прадстаўленыя доказы, прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на два гады і шэсць месяцаў без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама штраф і пяцігадовую забарону займаць пасады, звязаныя з матэрыяльнай адказнасцю. Прысуд ужо ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Крычаве пачалі выпускаць цэмент для мастоў

Пакуль у Бабруйску спрабуюць прадухіліць абвал моста, у Крычаве выпусцілі новы від цэменту – якраз для мастоў.

Новы від цэменту запусціла ў вытворчасць ААТ «Крычаўцэментнашыфер».

Ён прызначаны спецыяльна для вырабу канструкцый, якія працуюць ва ўмовах павышаных нагрузак: апор мастоў, пралётных будынкаў і іншых элементаў транспартных збудаванняў.

Спецыялісты завода заяўляюць, што “гэта падзея адкрывае перад нашым прадпрыемствам новыя гарызонты для экспарту і ўдзелу беларускіх будаўнічых матэрыялаў у праектах расійскага федэральнага значэння па развіцці транспартных калідораў”.

Пакуль на Магілёўшчыне спрабуюць вырашыць праблему транспартных калідораў Расіі, айчынныя транспартныя калідоры перажываюць не найлепшыя часы.

Непадалёк, у Бабруйску, улады спрабуюць прадухіліць абвал моста 1972 года пабудовы.

Тут ужо нічога не зробіш: лукашэнкаўскія ўлады любяць даваць мудрыя парады ўсяму свету і настолькі занятыя асветай іншых, што зусім забываюць пра тое, што адбываецца ў іх пад носам.

Фота крычаўскай раённай газеты.

Што адбываецца на тэрыторыі аэрадрома «Крычаў-6»?

Новы спадарожнікавы здымак зафіксаваў змены на былым ваенным аэрадроме пад Крычавам.

Здымак кампаніі Planet Labs ад 9 лютага 2026 года, атрыманы «Радыё Свабода», сведчыць пра працяг работ на тэрыторыі былога ваеннага аэрадрома «Крычаў-6».

За апошнія месяцы аб’ект прыкметна змяніўся: з’явіліся новыя будынкі і тэхніка.

Упершыню на спадарожнікавай фатаграфіі можна разгледзець машыны, якія, меркавана, маюць дачыненне да ракетнага комплексу «Арэшнік».

Акрамя магчымых элементаў ракетнага комплексу, на тэрыторыі зафіксаваныя дадатковыя пабудовы і змены ў інфраструктуры. Гэта можа сведчыць пра працяг стварэння ваеннай базы і падрыхтоўку пляцоўкі для размяшчэння спецыялізаванай тэхнікі.

Пакуль гаворка ідзе толькі пра візуальныя прыкметы, выяўленыя на падставе спадарожнікавых дадзеных.

Фота “Радые “Свабода“.

Тэмпы росту вытворчасці зафіксаваны ў крычаўскага УКПП «Камунальнік»

Сумна вядомы крычаўскі «Камунальнік» нечакана аказаўся перадавым прадпрыемствам – прадпрыемства нарасціла тэмпы росту вытворчасці.

Яшчэ зусім нядаўна пралікі УКПП «Камунальнік» разглядала нават раённая газета. Прадпрыемства не крытыкаваў толькі лянівы – за праблемы з ацяпленнем, уборкай снегу і вывазам смецця. 

Аказалася, што пры ўсім гэтым «Камунальніку» ўдалося павысіць тэмпы росту вытворчасці – да 105,2 працэнта ў параўнанні з 2024 годам.

Разам з тым у 2025 годзе «Камунальнік» незаконна атрымаў больш за 600 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў і спрабаваў правесці закупку на 2,4 мільёна рублёў, якую КДК прызнаў незаконнай.

Тым не менш у каментарыях крычаўскіх карыстальнікаў «Тік-тока» прыкметная цікавая тэндэнцыя – людзі абараняюць дырэктара прадпрыемства Мікіту Іноземцава.

Ёсць верагоднасць, што малады і энергічны кіраўнік аказаўся не да спадобы старой крычаўскай гвардыі – «дэпутатам-кандыдатам» усіх магчымых скліканняў.

Фота раённай газеты.

У некаторых раёнах Магілёўшчыны расце колькасць зваротаў па-беларуску

Нягледзячы на мізэрную колькасць зваротаў у органы ўлады на беларускай мове, там-сям на Магілёўшчыне расце іх доля.

Як высветліў “моўны інспектар” Ігар Случак, звяртаючыся па статыстыку ў розныя раёны Магілёўскай вобласці, сітуацыя з беларускай мовай дзіўным чынам мае тэндэнцыю да паляпшэння. Праўда, наколькі трывалай будзе такая тэндэнцыя, прадказаць немагчыма.

Згодна адказам Случаку з розных райвыканкамаў, вымалёўваецца наступная карціна. У 2025 годзе ў Асіповіцкі райвыканкам было пададзена 1,34% зваротаў па-беларуску. У 2024 годзе іх было 0,67%, а ў 2023 – 0,3%. Рост даволі заўважны.

Нешта падобнае адбылося і ў Крычаўскім раёне. Там, у 2025 годзе ў мясцовы райвыканакам па-беларуску былі напісаныя 1,94% зваротаў. Годам раней – 1,13%, а ў 2023 годзе 0,55%. Пры тым што ў 2011 годзе на беларускай мове было пададзена 0,39% зваротаў.

Сярод Асіповіцкага, Крычаўскага і Дрыбінскага раёнаў у сітуацыі са зваротамі па-беларуску найлепшым выглядае апошні. Там летась іх было 7,37%. Аднак не ўсё так гладка, бо ў 2024 годзе беларускамоўнымі было 7,46%, то бок заўважана невялікае змяншэнне. Радуе толькі тое, што ў параўнанні з 2023 годам рост быў шматкротны, бо тады па-беларуску было напісана толькі 1,05% ад усіх зваротаў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Крычаве ўлада актыўна сустракаецца з народам

Старшыня Крычаўскага райвыканкама сустракаецца з насельніцтвам. «TikTok» жыве і перамагае.

Улады Крычава правялі сустрэчы з насельніцтвам. Яны адказвалі не толькі на пытанні, зададзеныя ім праз сацыяльныя сеткі, але і паспрабавалі загадзя знізіць пільную ўвагу да крычаўскіх праблем у «TikTok».
Старшыня райвыканкама Аляксей Шарай працаваў у пары з дырэктарам УКПП «Камунальнік» Мікітам Інaзeмцавым, да прадпрыемства якога апошнім часам узнікла мноства прэтэнзій.
На сустрэчы з жыхарамі мікразоны «Сожавая» Мікіта Сяргеевіч паведаміў, што праблемы з ацяпленнем кватэр узніклі з-за паломкі чацвёртага катла кацельні, і паабяцаў забяспечыць людзей цяплом.
Інaзeмцаў таксама патлумачыў, чаму так складана датэлефанавацца ў дыспетчарскую службу яго прадпрыемства.
Давялося тлумачыць людзям і чарговасць капітальнага рамонту дамоў. Аказалася, што ўсё залежыць не ад года пабудовы будынка, а ад яго стану на дадзены момант.
Прагучала шмат іншых пытанняў, адказы на якія крычаўляне атрымалі дзякуючы сваёй актыўнасці ў «TikTok».
Дзіўна, але менавіта гэтая сацыяльная платформа сёння робіць значна больш, чым усе аддзелы па зваротах грамадзян разам узятыя. Зрэшты, чаму тут здзіўляцца? Улады Беларусі, якія ператварылі краіну ў канцэнтрацыйны лагер, не могуць кантраляваць «TikTok».
Прапагандысцкія ролікі тут не здольныя канкурыраваць з допісамі незалежных СМІ. Да ўсеагульнага задавальнення супраць гэтага лома прыёму ў лукашэнкаўскіх ідэолагаў няма і не прадбачыцца.

Фота раённай газеты.