Галоўны ідэолаг Магілёўшчыны занепакоена, што нага яе калег не ступала на прыватныя прадпрыемствы

Ідэолагі Магілёўскай вобласці вырашылі не навязваць свае думкі людзям, а пераконваць народ. Гэта будзе проста – у вобласці засталося 15 працэнтаў тых, каго яшчэ не “пераканалі”.

Выступаючы з дакладам перад буйнымі прапагандыстамі і раённай ідэалагічнай чэляддзю начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Кацярына Музычэнка заявіла, што ў мінулым годзе яе калегі дасягнулі ўсяго, чаго хацелі.

Выглядае гэта так:

  • праведзена больш за 27 тысяч сустрэч у працоўных калектывах;
  • 85% жыхароў задаволены якасцю жыцця;
  • 61% станоўча ацэньваюць эканамічную сітуацыю;
  • падпісны тыраж на друкаваныя выданні павялічыўся на 26 працэнтаў;
  • колькасць унікальных наведвальнікаў сайтаў вырасла на 40 працэнтаў;
  • рост колькасці крытычных матэрыялаў у СМІ вырас на 12 працэнтаў – іх апублікавалі 1567 штук.

Увогуле, махавік хлусні раскручаны ў Магілёўскай вобласці так, што не спыніш. Занепакоена Музычэнка толькі прыватнымі прадпрыемствамі, да якіх шчупальцы прапаганды яшчэ не дацягнуліся.

Ну і, канешне, тыя самыя пятнаццаць працэнтаў жыхароў Магілёўшчыны, якія не згодны з лухтой, якую нясе Музычэнка і яе падначаленые, таксама выклікаюць у ўладаў смутнае занепакоенне.

Фота: “Могилевские ведомости“

КДК: у Магілёўскай вобласці не хапае каля 330 механізатараў

Магілёўская вобласць сустракае пасяўную кампанію 2026 года з шэрагам вострых праблем: недахопам кадраў, дэфіцытам угнаенняў і нізкай гатоўнасцю тэхнікі. 

Як вынікае з маніторынгу Камітэта дзяржаўнага кантролю, найбольш прыкметная праблема – кадравы дэфіцыт. Па стане на другую палову сакавіка ў рэгіёне не хапала каля 330 механізатараў, што складае прыкладна 10% ад патрэбы. Гэта значыць, што кожнае дзясятае рабочае месца, неабходнае для правядзення палявых работ, застаецца вакантным.

Сур’ёзныя пытанні выклікае і тэхнічная гатоўнасць. У шэрагу раёнаў, у тым ліку Быхаўскім, Шклоўскім, Глускам і Асіповіцкім, значная частка трактароў і сельгасмашын дагэтуль не падрыхтаваная да выхаду ў поле. Пры гэтым у некаторых гаспадарках рэальныя паказчыкі спрабавалі схаваць: кантралёры зафіксавалі выпадкі, калі ў справаздачах гатоўнасць тэхнікі завышалася.

Не лепшая сітуацыя і з матэрыяльным забеспячэннем. Узровень забяспечанасці мінеральнымі ўгнаеннямі ў сярэднім па вобласці не дасягае нават 70% ад неабходнага. У Круглянскім, Мсціслаўскім і Асіповіцкім фосфарныя ўгнаенні ўвогуле не былі пастаўлены.

Праблемы назіраюцца і з насеннем. Нягледзячы на агульны паказчык забяспечанасці, у гаспадарках не стае каля 460 тон насення зернебабовых культур. У асобных раёнах сітуацыя крытычная: у Быхаўскім забяспечанасць складае толькі 19%, у Мсціслаўскім – 20%, у Глускім – 29%, у Чавускім – 38%. Аналагічныя цяжкасці ўзнікаюць і з насеннем лёну і шматгадовых траў.

Прычыны праблем носяць сістэмны характар. КДК указвае на недахоп запасных частак, запазычанасці за іх закупку і нізкую выканальніцкую дысцыпліну, што тармозіць рамонт тэхнікі і падрыхтоўку да сезона.

Фотаздымак: sb.by

Дзень у гісторыі. 30 сакавіка. Сусанін і беларусы. Пакараны К. Лышчынскі. Пачатак метрычнай сістэмы

Дзень абароны Зямлі (Earth Protection Day, з 1976 года). 

Упершыню святкаваўся ў Іарданіі 30 сакавіка 1976 года.

Галоўная мэта – прыцягненне ўвагі людзей да глабальных экалагічных праблем. У гэты дзень усе жыхары планеты робяць добрыя справы: чысцяць ад смецця свой двор, вуліцу, горад, ствараюць газоны, садзяць дрэвы ў скверах і парках. Гэтыя вельмі простыя дзеянні дораць Зямлі многія тысячы гадоў здаровага жыцця.

Лепшым падарункам нашай планеце, роднаму краю будзе жыццё пад дэвізам: “Кожны дзень – дзень абароны Зямлі!”.

Дзень абароны Зямлі

Дзень шпацыру па парку (Walking day in the park).

Актуальнае свята для людзей, якія жывуць у мегаполісах.

На думку ўрачоў, знаходжанне на прыродзе аказвае на арганізм чалавека ўзнаўляльнае дзеянне, якое немагчыма параўнаць з шопінгам або паходам у кіно. Шпацыры ў парку, удалечыні ад пылу і шумных магістраляў, могуць палепшыць настрой і знізіць стрэс. Даследаванні паказалі, што людзі, якія ходзяць пешшу або гуляюць у зялёных зонах, як правіла, больш шчаслівыя.

Walking day in the park

1613 год. Іван Сусанін завёў беларусаў у багну.

Прыгонны кастрамскі селянін Іван Сусанін, сын нейкай Сусанны – народны рускі герой, сімвал “мужыцкай” адданасці цару.

У сакавіку 1613 года ён быў узяты ў якасці правадніка атрадам шляхты з Рэчы Паспалітай да вёскі Домніна – вотчыны Раманавых, дзе хаваўся са сваёй маці толькі што абраны на пасад цар Міхаіл Фёдаравіч. Сусанін наўмысна завёў атрад у непраходны багністы лес, за што і быў забіты.

Подзвіг Сусаніна адлюстраваны ў мастацкай літаратуры і ў оперы беларуса М. Глінкі “Жыццё за цара” (“Іван Сусанін”).

У рускіх крыніцах сцвярджаецца, што Сусанін завеў у багну палякаў-каталікоў. Але  ў той час каля Кастрамы былі два палкі праваслаўных літвінаў-беларусаў з Віцебска і Полацка, вайскоўцаў на службе караля польскага, вялікага князя літоўскага, маскоўскага цара Уладзіслава IV Вазы.

Іван Сусанін

1689 год. На плошчы Старога Мяста ў Варшаве абезгалоўлены і спалены на вогнішчы за атэізм Казімір Лышчынскі (1634–1689).

Вялікалітоўскі філосаф, мысліцель-атэіст, педагог і грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай. Упершыню ўжыў тэрмін «атэіст».

Скончыў Віленскую акадэмію. Прымаў удзел у маскоўскай, шведскай, турэцкай ваенных кампаніях. Выкладаў у Львове, Берасці. Працаваў настаўнікам, меў юрыдычную практыку.

У 1666 годзе выйшаў з ордэна езуітаў, ажаніўся, пераехаў у свой родавы маёнтак Лышчыцы на Берасцейшчыне. Карыстаўся аўтарытэтам сярод шляхты. Шмат судовых спраў правёў на карысць мяшчан і шляхты, якія судзіліся з езуітамі за захопленыя землі, даўгі. Меў сваю школу, вучыў дзяцей шляхты і сялян.

Напісаў трактат «Аб неіснаванні Бога». Рукапіс кнігі выкраў агент езуітаў Ян Бжоска.

У 1687 годзе царкоўны суд за цяжкае злачынства – атэізм – пастанавіў спаліць яго жывога на вогнішчы. Па ўласнай просьбе асуджанага кара была заменена на адсячэнне галавы.

Казімір Лышчынскі

1791 год. Нацыянальны сход Францыі ўвёў азначэнне метра: адна саракамільённая частка даўжыні парыжскага мерыдыяна. Пачатак метрычнай сістэмы.

Метрычная сістэма – агульная назва міжнароднай дзесятковай сістэмы адзінак, заснаванай на выкарыстанні метра і кілаграма. На працягу двух апошніх стагоддзяў існавалі розныя варыянты метрычнай сістэмы, якія адрозніваюцца выбарам асноўных адзінак. Цяпер паўсюдна прызнанай з’яўляецца Міжнародная сістэма адзінак (СІ). Пры некаторых адрозненнях у дэталях, элементы сістэмы аднолькавыя ва ўсім свеце. Метрычныя адзінкі шырока выкарыстоўваюцца па ўсім свеце як у навуковых мэтах, так і ў паўсядзённым жыцці. Цяпер метрычная сістэма афіцыйна прынята ва ўсіх дзяржавах свету, акрамя ЗША, Ліберыі і М’янмы.

Эталон
Эталон меры вагі у 1 кг.

1843 год. Нарадзіўся Канстанцін Станюковіч.

Пісьменнік на тэмы з жыцця ваенна-марскога флота. Выхадзец з беларуска-літоўскага роду Станьковічаў. Марскі афіцэр, сын адмірала, каменданта порта і губернатара Севастопаля Міхаіла Станюковіча.

У рускай літаратуры гэта імя непарыўна звязана з жанрам марыністыкі. Стала амаль банальнасцю сцвярджэнне, што ў рускім мастацтве ёсць два непераўзыдзеных спевака марской стыхіі, роўных па таленце: у жывапісе – Айвазоўскі, у літаратуры – Станюковіч.

Бібліяграфія налічвае больш за 100 апавяданняў, аповесцей, некаторыя з іх экранізаваны – “У далёкім плаванні”, “Максімка”, “Матрос Чыжык”, “Пасажырка”. Яго творы выданы Зборамі ў 6, 10 і 12 тамах.

Памёр у Неапалі 20 мая 1903 года.

У яго гонар устаноўлены Мемарыяльная дошка ў Севастопалі, названы вуліцы ва Уладзівастоку, Крандштаце, шэраг бібліятэк.

Канстанцін Станюковіч

1856 год. Скончылася Крымская вайна (1853–1856).

Вайна скончылася падпісаннем мірнай дамовы на Парыжскім кангрэсе, які адкрыўся 25 лютага 1856 года ў сталіцы Францыі прадстаўнікамі Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Турцыі, Сардзініі, Аўстрыі і Прусіі.

Расія страціла ўмацаванні Аландскіх астравоў, кантроль над суднаходствам па Дунаі, адмаўлялася ад пратэктарата над Валахіяй, Малдавіяй і Сербіяй і ад часткі паўднёвай Бесарабіі; саступала Малдавіі свае ўладанні ў вусцях Дуная і частку Паўднёвай Бесарабіі, вяртала заняты ў Турцыі Карс, але захоўвала Севастопаль, Балаклаву, Камыш, Керч-Енікале, Кінбурн.

За імперскія расійскія інтарэсы ў гэтай вайне, толькі ў Крыме загінула больш за 6 000 беларусаў з Мінскага, Брэсцкага. Беластоцкага, Магілёўскага пяхотных, Віцебскага і Полацкага егерскіх палкоў.

Крымская вайна

1890 год. У Іркуцку памёр Іасафат Агрызка (1826–1890).

Беларускі выдавец, журналіст, грамадска-палітычны дзеяч.

Скончыў Лепельскае павятовае вучылішча, Мінскую гімназію, Пецярбургскі  ўніверсітэт. У Пецярбургу заснаваў друкарню і выдаваў на польскай мове газету «Słowo» і альманах «Pismo zbiorowe», выдаў першы збор твораў М. Дабралюбава, перавыдаў старажытныя законы ВКЛ і Польшчы «Volumina Legum».

Падчас паўстання 1863–1864 гадоў быў галоўным прадстаўніком паўстанцкага варшаўскага ўрада у Пецярбургу.

Арыштаваны ў лістападзе 1864 года, прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 20 гадоў катаргі, якую адбываў у Сібіры. У 1877 годзе вызвалены з забаронаю вяртацца на тэрыторыю Беларусі, Літвы, Польшчы.

Іасафат Агрызка

1893 год. Нарадзіўся Ілья Гітгарц.

Беларускі дырыжор і педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыў Петраградскую кансерваторыю. Працаваў у Палтаўскім оперным тэатры, Народным доме ў Петраградзе, загадчыкам музычнай часткай Другога Беларускага тэатра ў Віцебску, быў адным з арганізатараў і дырыжораў Беларускай студыі оперы і балета, дырыжорам Беларускага тэатра оперы і балета. Выкладаў у Беларускай кансерваторыі. 

Ажыццявіў пастаноўку оперы «Кастусь Каліноўскі» Лукаса, балета «Князь-возера» Залатарова і іншых твораў.

Аўтар музыкі да драматычных пастановак тэатра імя Я. Коласа «Каля тэрасы» М. Грамыкі, «Калі спяваюць пеўні» Ю. Юр’іна, «Качагары» І. Гурскага.

Памёр 3 лютага 1966 года ў Мінску.

Ілья Гітгарц

 

1907 год. Нарадзілася Надзея Абрамава.

Беларуская пісьменніца, журналістка, адна з кіраўнікоў беларускага маладзёжнага руху ў 1943–1944 гадах.

Скончыла Беларускі вышэйшы педагагічны і Мінскі медыцынскі інстытуты. Падчас акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі працавала ўрачом-псіхіятрам у Мінскай інфекцыйнай бальніцы, з 1942 года ўзначальвала дзіцячы сектар Беларускай народнай самапомачы, з 1943 – службу юначак Саюза беларускай моладзі. Супрацоўнік  часопіса «Жыве Беларусь!», член Беларускай цэнтральнай рады. Удзельніца 2-га Усебеларускага кангрэса (1944, Мінск).

Яе высілкамі было выратавана шмат яўрэйскіх дзяцей, адну дзяўчынку яна ўдачарыла.

У 1944 годзе эмігравала ў Германію, працавала ў адноўленым Кіраўнічым штабе Саюза Беларускай моладзі ў Чэхіі, выдавала бюлетэнь «Вучэбны лісток», працавала ў Інстытуце вывучэння СССР (Мюнхен), займалася пытаннямі рэлігіі і атэізму.

Памерла 18 лютага 1978 года.

Надзея Абрамава

1956 год. Нарадзілася Хрысціна Лялько.

Беларуская пісьменніца, перакладчыца і журналістка.

Працавала ў Літаратурным музеі Янкі Купалы, штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Беларусь». Галоўны рэдактар каталіцкіх часопісаў «Наша Вера» і «Ave Maria».

Аўтар вершаў, кніг прозы, паэзіі, зборніка казак «Хітрэй свету не будзеш».

Пераклала на беларускую мову нарыс У. Сыракомлі «Мінск», шэраг кніг, энцыклікаў Папы Яна Паўла II, творы Я. Твардоўскага і іншыя тэалагічныя творы.

Хрысціна Лялько

1970 год. На экраны выйшаў фільм ураджэнца Лепеля Уладзіміра Матыля (1927–2010) “Белае сонца пустыні”.

У пракат фільм выпусцілі дастаткова вялікім тыражом – 1 410 копій. Нараўне з камедыямі Леаніда Гайдая і серыялам “Семнаццаць імгненняў вясны”, “Белае сонца пустыні” стаў чэмпіёнам па колькасці паказаў на тэлебачанні.

Па традыцыі фільм “Белае сонца пустыні” перад стартам глядзелі савецкія касманаўты.

Белае сонца пустыні

1973 год. Нарадзіўся Северын Квяткоўскі.

Беларускі пісьменнік,  журналіст, грамадскі дзеяч, аўтар кнігі «Каларадская пушча» (2019).

Працаваў журналістам на «Radio 101,2 FM», у газетах «Имя» і «Наша Ніва», у беларускай рэдакцыі «Польскага радыё», на «Радыё Рацыя» і Радыё «Свабода». Быў рэдактарам грамадзкага блогу budzma.org. Уваходзіў у склад Партыі аматараў піва.

Аўтар імпрэсій, апавяданняў, эсэ, мініяцюр, нарысаў, фрашкаў.

Напачатку 2022 года затрымліваўся сілавікамі пасля вяртання з-за мяжы.

Северын Квяткоўскі

2017 год. Памёр Мікола Рыжы (1953–2017).

Беларускі ілюстратар і мастак філатэлістычнай прадукцыі.

Афарміцель больш за 60 кніг, сярод якіх «Блікі сонца» Максіма Танка, «Рэпартаж з пятлей на шыі» Ю. Фучыка, «Маўглі» Кіплінга, «Вужовы кароль» Ул. Ягоўдзіка, «Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі» Ул. Бутрамеева, казак, дзіцячых падручнікаў.

Працаваў у галіне кніжнай графікі, нацюрморта, станковай графікі малых форм і экслібрыса. Мастак падараваў мінскаму Музею сучаснага выяўленчага мастацтва 40 сваіх экслібрысаў.

Сапраўдны майстар паштовай мініяцюры. Распрацаваў больш за 200 арыгінал-макетаў паштовых марак, мастацкіх капэрт і картак.

Аўтар серый марак, якія прысвечаны паўстанню 1794 года, 480-годдзю Беларускага друку, 120 і 125-годдзю з дня нараджэння Янкi Купалы i Якуба Коласа.

Намаляваў графічную серыю партрэтаў землякоў-адраджэнцаў 1920–1930-х гадоў: К. Езавітаў, А. Бярозка, А. Калубовіч, А. Смоліч, В. Захарка, В. Ластоўскі, Р. Астроўскі, Я. Кіпель.

Мікола Рыжы

2021 год. Памёр Канстанцін Красоўскі (1958–2021).

Беларускі географ, дэмограф. Доктар геаграфічных навук, прафесар.

Скончыў Брэсцкі педінстытут. Усё жыццё аддаў прыцы ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. Пушкіна: прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара, дэкана геаграфічнага факультэта (1995–2000), загадчыка кафедры, прарэктара па навуковай рабоце, першага прарэктара (2009–2011).

Займаўся пытаннямі дэмаграфіі, рассялення насельніцтва і яго структур, міграцый.

Аўтар і сааўтар больш за 160 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфій. Пад яго кіраўніцтвам абаронены 3 кандыдацкія дысертацыі.

Канстанцін Красоўскі

Навошта пану расол?

Забаўны выпадак з магілёўцам у Польшчы. Як мне ў бары падавалі расол.

Бар у Польшчы – гэта не тое месца, дзе п’юць. Гэта сталоўка. Самая звычайная сталоўка, часта танная і смачная. Палякі ходзяць туды абедаць – рабочыя, студэнты, пенсіянеры. Чарга, касір, паднос, пластыкавыя крэслы.

Зайшоў неяк з сябрам паабедаць. Стаў у чаргу, дайшоў да касы, сяк-так па-польску заказаў: суп, другое, кампот. Заплаціў. Адышоў з падносам. Ужо амаль сеў.

І тут дзяўчына з касы крычыць услед:

– Пан! Пан не ўзяў расол!

Я спыняюся. Гляджу на яе. Мы з сябрам учора сапраўды выпівалі. Адкуль ёй ведаць? Пры чым тут каса? Адкуль у іх расол? І чаму яна пра гэта кажа ўголас, на ўсю залу?

Стаю. Маўчу. Сябар глядзіць на мяне. Я гляджу на дзяўчыну.

Яна працягвае талерку з супам.

Расол – гэта курыны булён па-польску. Rosół. Суп, які я заказаў і забыўся забраць на раздачы. Уся зала, здаецца, усё зразумела. Я – не. Прынамсі не адразу.

Вось так працуе польская мова для тых, хто прыехаў з усходу Беларусі. Чуеш знаёмае слова – і мозг адразу знаходзіць яму тлумачэнне. Толькі тлумачэнне гэта цалкам няправільнае.

З таго часу расол – мой любімы суп. І слова, якое я ўжо дакладна не забуду.

Ёсць свая гісторыя з эміграцыі? Пішыце на [email protected]. Імя не публікуем.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Жыхара Чавус будуць судзіць за паклёп на бездакорнага Лукашэнку

Жыхара Чавус судзяць за відэа – на фоне санкцый і міжнароднага расследавання супраць героя гэтага відэа.

У Чавусах 45-гадовага мясцовага жыхара будуць судзіць за «паклёп» у дачыненні да Лукашэнкі. Паводле версіі пракуратуры, ён размясціў у «ВКонтакте» відэаролік, у якім утрымліваліся абвінавачанні ў яго адрас. Крымінальная справа ўжо накіравана ў суд (дарэчы ў той самы, які нядаўна хлусіў пра экстрэмізм у гербе «Пагоня»), мужчына пакінуты пад вартай. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле – да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Пра прысуд на дадзены момант не паведамляецца.

І вось тут узнікае пытанне, якое ў самой Беларусі фактычна забаронена: а чаму сумненню падлягае толькі чалавек, які апублікаваў відэа – але не той, пра каго ў гэтым відэа ідзе гаворка?

Таму што ў рэальнасці Лукашэнка – не проста «абаронены законам прэзідэнт». Ён і яго атачэнне знаходзяцца пад санкцыямі за сістэматычныя рэпрэсіі, падрыў дэмакратыі і парушэнні правоў чалавека. І гэта – афіцыйныя рашэнні, а не ацэнкі з сацыяльных сетак.

Больш за тое, сітуацыя па Беларусі перададзена ў Міжнародны крымінальны суд. Гаворка ідзе пра расследаванне магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці – уключаючы палітычны пераслед. То бок абвінавачанні ў адрас беларускіх уладаў ужо разглядаюцца на міжнародным узроўні.

На гэтым фоне крымінальная справа супраць жыхара Чавус выглядае не як абарона гонару і годнасці, а як інструмент. У Беларусі чалавека судзяць за «паклёп» на Лукашэнку – у сістэме, дзе ён сам фарміруе судовую вертыкаль праз прызначэнне суддзяў.

У выніку маем цікавую канструкцыю:

  • адзін чалавек сядзіць у СІЗА за відэа ў інтэрнэце;
  • другі, знаходзячыся пад санкцыямі і ў полі міжнароднага расследавання, вызначае, хто будзе яго судзіць.

У такой сістэме пытанне «А Лукашэнка нічога не здзяйсняў?» – гэта ўжо не меркаванне. Гэта падстава для крымінальнай справы. Дагадайцеся з трох разоў: хто насамрэч павінен сядзець на лаве падсудных?

Фота БелТА.

Маці асуджанага ў Магілёве расійскага наёмніка просіць памілаваць яго

Грамадзянка Беларусі Ала Рысевец запісала відэа з просьбай да Лукашэнкі аб памілаванні яе сына, якога Магілёўскі аблсуд асудзіў за “здраду дзяржаве”.

Жанчына апублікавала ў ТікТок відэазварот з просьбай даць яе сыну Максіму Зязюльчыку магчымасць падаць хадайніцтва аб памілаванні. Паводле яе, цяпер зрабіць гэта практычна немагчыма. Яна сцвярджае, што ў калоніі Зязюльчыка наўмысна прызналі «злосным парушальнікам рэжыму», пазбавілі часткі прадугледжаных умоў утрымання, а за спробы накіраваць зварот на імя Лукашэнкі яго змяшчалі ў штрафны ізалятар. Жанчына выказвае асцярогу, што і сам відэазварот можа негатыўна паўплываць на ўмовы ўтрымання яе сына.

Упершыню публічна агучваючы прысуд, Рысевец паведаміла, што Максіма Зязюльчыка асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса Беларусі – «здрада дзяржаве». Яна таксама адзначыла, што яе сын ваяваў на баку Расіі, быў узнагароджаны медалём «За адвагу» і прадстаўлены да ордэна Мужнасці. Пры гэтым, паводле праваабаронцаў, Зязюльчыка судзілі на тым жа працэсе ў Магілёве яшчэ і за наёмніцтва.

Паводле сцвярджэнняў маці, у палоне ва Украіне Зязюльчык правёў каля паўтара года. Яна кажа, што там ён падвяргаўся катаванням, збіццю, галадоўцы і не атрымліваў належнай медыцынскай дапамогі. Пры гэтым, як сцвярджае Рысевец, у Беларусі яму ў той час не аказалі падтрымкі.

Максім Зязюльчык – грамадзянін Беларусі і расійскі наёмнік, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у складзе расійскай прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут». У 2022 годзе ён трапіў у палон, а пасля абмену ў лютым 2024-га быў перададзены Расіі. Пазней, восенню таго ж года, яго затрымалі пры перасячэнні расійска-беларускай мяжы. Суд над ім адбыўся 8 жніўня 2025 года ў Магілёўскім абласным судзе ў закрытым рэжыме.

Паводле Правабарончага цэнтру “Вясна”, Зязюльчык зараз адбывае пакаранне ў калоніі №17 у Шклове. 

У лютым 2023 года СБУ паведаміла, што Зязюльчык з’яўляецца супрацоўнікам КДБ, які збіраў разведвальную інфармацыю для Мінска і спрабаваў высветліць магчымыя планы расіян па адхіленні Лукашэнкі ад улады. У тым жа годзе ён распавёў пра сваю працу на КДБ Беларусі ў інтэрв’ю блогеру Уладзіміру Золкіну і Максіму Шабуцкаму.

Зязюльчык быў узяты ў палон украінскімі абаронцамі 19 верасня 2022 года. Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева ў студзені 2023 года прысудзіў яго да 10 гадоў пазбаўлення волі за наёмніцтва (ч. 4 арт. 447 КК Украіны).

Фотаздымак: Правабарончы цэнтр “Вясна”

Вязням магілёўскіх калоній забаранілі фатахромныя акуляры

Для зняволенных у магілёўскіх папраўчых установах увялі новую забарону: ім больш нельга карыстацца фатахромнымі акулярамі. 

Як стала вядома Mayday ад сваякоў асуджаных, на мінулым тыдні ўсіх вязняў, якія насілі такія акуляры, папярэдзілі аб неабходнасці замяніць іх на іншыя. Ад родных патрабуюць звяртацца да афтальмолагаў, каб падабраць новыя сродкі карэкцыі зроку.

Фатахромныя акуляры, вядомыя таксама як «акуляры-хамелеоны», аўтаматычна змяняюць ступень зацямнення ў залежнасці ад асвятлення. На вуліцы яны цямнеюць, а ў памяшканні становяцца празрыстымі. Гэта дазваляе людзям з парушэннямі зроку не насіць з сабой дзве пары акуляраў асобна для вуліцы і для памяшкання.

Такія акуляры шырока выкарыстоўваюцца людзьмі з блізарукасцю, дальназоркасцю і астыгматызмам, бо спалучаюць у сабе функцыі звычайных і сонцаахоўных лінзаў. Аднак цяпер у папраўчых установах ад гэтай практычнай альтэрнатывы давядзецца адмовіцца.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Усё больш замежных турыстаў імкнецца да Трафімавай крыніцы

Улады Магілёўскай вобласці разлічваюць амаль удвая павялічыць экспарт турыстычных паслуг. Аднак у цяперашніх умовах відавочна, што асноўную дынаміку забяспечваюць самі беларусы і замежнікі-расіяне.

Перад Магілёўшчынай у бягучай пяцігодцы пастаўлена задача развіваць турыстычную інфраструктуру і павышаць якасць сэрвісу. Пра гэта заявіў старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

Паводле яго слоў, у вобласці плануюць рэалізаваць дзясяткі праектаў, звязаных з будаўніцтвам новых аб’ектаў і развіццём ужо існуючых пляцовак.

Сярод ключавых турыстычных кропак рэгіёна Ісачанка назваў:

  • Падміколле і драмтэатр у Магілёве;
  • Бабруйскую крэпасць і сінагогу ў Бабруйску;
  • Блакітную крыніцу ў Слаўгарадзе;
  • Замкавую гару ў Мсціслаўлі;
  • Трафімаву крыніцу ў Шклове;
  • Музей Славы Магілёўшчыны;
  • палацава-паркавы ансамбль у Жылічах.

Быхаўскі замак і касцёл у Княжыцах ужо выпалі з кола інтарэсаў “губернатара”. Гэта цалкам зразумела. Першы ўсё часцей фігуруе як сімвал зацягнутай гісторыі з аднаўленнем і разбурэннем спадчыны, другі як аб’ект, на кансервацыю якога ўжо збіраюць сродкі ўсім светам і, як паказвае досвед, ніколі не збяруць.

Ісачанка аперуе статыстыкай, якая дэманструе рост тургаліны за пяцігодку:

  • валютная выручка ад замежных турыстаў вырасла ў 2,7 разы;
  • загрузка гасцініц павялічылася на 10 працэнтных пунктаў;
  • колькасць арганізаваных турыстаў вырасла ў 2,5 разы;
  • сярэдняя працягласць знаходжання павялічылася амаль удвая;
  • экспарт турыстычных паслуг у 2025 годзе склаў каля 7,5 мільёнаў долараў.

Аднак на фоне санкцый і абмежаванай знешняй мабільнасці лагічна меркаваць, што значную частку гэтага росту забяспечваюць унутраныя паездкі, арганізаваныя ўладамі, і “замежнікі” з Расіі.

Асаблівае замілаванне выклікае згадка Анатоля Ісачанкі пра Трафімаву крыніцу ў Шклоўскім раёне як пра турыстычны аб’ект і параўнанне яе з буйнымі гісторыка-архітэктурнымі аб’ектамі кшталту замкаў ці касцёлаў.

Магчыма, што пасля наведвання Лукашэнкам у Пхеньяне Кымсусанскага палаца Сонца так і будзе. Памяць продкаў – рэч сур’ёзная.

Фота з адкрытых крыніц.

DDoS-атака на сайт mogilev.media

Некалькі апошніх дзён адбываецца DDoS-атака на наш сайт. Першыя прыкметы знешняга ўмяшальніцтва былі заўважныя 25 сакавіка, на Дзень Волі. Адначасова з падобнымі праблемамі сутыкнуліся і іншыя беларускія незалежныя інфармацыйныя рэсурсы. Сайт mogilev.media на кароткі час станавіўся недасягальным для чытачоў, але ў хуткім часе сітуацыя была выпраўлена нашымі тэхнічнымі спецыялістамі.

Паўторная DDoS-атака абрынула сайт mogilev.media ўчора. Цяпер мы аднавілі доступ да яго і працуем над павышэннем устойлівасці. Незалежная журналістыка і вольнае слова працавалі і будуць працаваць на карысць Магілёўскага рэгіёна нягледзячы на ўсе падобныя перашкоды. Жыве Беларусь!

атака на сайт

“Айсберг” у Магілёве. На другі лядовы палац выдаткуюць 335 мільёнаў рублёў

У Магілёве ідзе рэалізацыя аднаго з найбуйнейшых будаўнічых праектаў апошніх гадоў. У пойме Дняпра плануюць узвесці шматфункцыянальны спартыўны комплекс «Айсберг», у які ўвойдуць новая лядовая арэна і першы ў горадзе паўнавартасны аквапарк.

Тэлеканал “Магілёў-4” распавёў пра маштабную будоўлю, якая разгорнецца ў Ленінскім раёне – у прыватным сектары ўздоўж набярэжнай, у раёне вуліц Падгорнай, Бетховена і Ламаносава. Тут ужо пачаліся работы: будаўніцтва лядовай арэны стартавала ў снежні 2025 года.

Комплекс размесціцца на ўчастку плошчай больш за шэсць гектараў. Зараз гэта забалочаная тэрыторыя, якую перыядычна затапляе. Каб узвесці тут буйныя будынкі, праекціроўшчыкам давядзецца падняць узровень зямлі амаль на два метры і ўмацаваць адхоны.

Праект ацэньваецца больш чым у 335 мільёнаў рублёў. Асноўная частка сродкаў пойдзе на два аб’екты:

  • каля 123 мільёнаў – на лядовую арэну;
  • больш за 200 мільёнаў – на аквапарк.

Заказчыкам выступае Магілёўскае абласное ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, а генеральным праекціроўшчыкам – інстытут «Магілёўграмадзянпраект».

Другая лядовая арэна

Новая арэна стане найбуйнейшай у горадзе. Яна разлічана прыкладна на 5300 гледачоў і пераўзыдзе дзеючы лядовы палац, адкрыты ў 2000 годзе, які ўмяшчае крыху больш за 3000 чалавек.

Будынак будзе трохпавярховым і шматфункцыянальным. Акрамя хакея, тут можна будзе праводзіць спаборніцтвы па фігурным катанні, шорт-трэку, кёрлінгу, а таксама масавыя катанні. Унутры прадугледжаны распранальні для каманд, трэніровачныя і харэаграфічныя залы, медыцынскія памяшканні і тэхнічныя службы.

Глядацкая зона размесціцца на другім узроўні, а трэці паверх аддадуць пад VIP-ложы, прэс-цэнтр і дадатковыя трыбуны.

Першы аквапарк у Магілёве

У складзе комплексу з’явіцца і першы ў Магілёве аквапарк. Ён зможа адначасова прымаць да 1100 наведвальнікаў.

Праект прадугледжвае басейны, водныя горкі, лазнева-тэрмальную зону, СПА, дзіцячыя гульнявыя прасторы і фуд-корт. Будзе аэрадынамічная труба і глыбакаводны басейн для апусканняў.

Лядовую арэну і аквапарк аб’яднае агульны ўваход праз вялікі шкляны атрыум.

Інфраструктура і транспарт

Для комплексу запраектаваны буйны наземны паркінг на 1350 машынамесцаў. Да аб’екта таксама падвядуць новую чатырохпалосную дарогу, якая злучыць яго з вуліцай Каралёва.

Тэрыторыю вакол добраўпарадкуюць: з’явяцца тратуары, веладарожкі, азеляненне і грамадскія прасторы.

Дзеля будоўлі змянілі ахоўныя зоны

Будаўніцтва запатрабавала карэкціроўкі горадабудаўнічых абмежаванняў. Новая магістраль павінна прайсці побач са Свята-Мікольскім манастыром XVII стагоддзя – помнікам архітэктуры, вакол якога раней дзейнічалі строгія ахоўныя зоны.

Каб рэалізаваць праект, у сакавіку 2026 года Міністэрства культуры змяніла рэгламенты. Цяпер у зоне аховы ландшафту дапускаецца пракладка транспартнай інфраструктуры – гэта зняло абмежаванні для будаўніцтва дарогі да комплексу.

Завяршыць будаўніцтва лядовай арэны плануюць да 2027 года, тэрміны ўводу аквапарка пакуль афіцыйна не абазначаны.

Фота: скрыншоты відэа тэлеканала “Могилев-4”.