Маці асуджанага ў Магілёве расійскага наёмніка просіць памілаваць яго

Грамадзянка Беларусі Ала Рысевец запісала відэа з просьбай да Лукашэнкі аб памілаванні яе сына, якога Магілёўскі аблсуд асудзіў за “здраду дзяржаве”.

Жанчына апублікавала ў ТікТок відэазварот з просьбай даць яе сыну Максіму Зязюльчыку магчымасць падаць хадайніцтва аб памілаванні. Паводле яе, цяпер зрабіць гэта практычна немагчыма. Яна сцвярджае, што ў калоніі Зязюльчыка наўмысна прызналі «злосным парушальнікам рэжыму», пазбавілі часткі прадугледжаных умоў утрымання, а за спробы накіраваць зварот на імя Лукашэнкі яго змяшчалі ў штрафны ізалятар. Жанчына выказвае асцярогу, што і сам відэазварот можа негатыўна паўплываць на ўмовы ўтрымання яе сына.

Упершыню публічна агучваючы прысуд, Рысевец паведаміла, што Максіма Зязюльчыка асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса Беларусі – «здрада дзяржаве». Яна таксама адзначыла, што яе сын ваяваў на баку Расіі, быў узнагароджаны медалём «За адвагу» і прадстаўлены да ордэна Мужнасці. Пры гэтым, паводле праваабаронцаў, Зязюльчыка судзілі на тым жа працэсе ў Магілёве яшчэ і за наёмніцтва.

Паводле сцвярджэнняў маці, у палоне ва Украіне Зязюльчык правёў каля паўтара года. Яна кажа, што там ён падвяргаўся катаванням, збіццю, галадоўцы і не атрымліваў належнай медыцынскай дапамогі. Пры гэтым, як сцвярджае Рысевец, у Беларусі яму ў той час не аказалі падтрымкі.

Максім Зязюльчык – грамадзянін Беларусі і расійскі наёмнік, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у складзе расійскай прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут». У 2022 годзе ён трапіў у палон, а пасля абмену ў лютым 2024-га быў перададзены Расіі. Пазней, восенню таго ж года, яго затрымалі пры перасячэнні расійска-беларускай мяжы. Суд над ім адбыўся 8 жніўня 2025 года ў Магілёўскім абласным судзе ў закрытым рэжыме.

Паводле Правабарончага цэнтру “Вясна”, Зязюльчык зараз адбывае пакаранне ў калоніі №17 у Шклове. 

У лютым 2023 года СБУ паведаміла, што Зязюльчык з’яўляецца супрацоўнікам КДБ, які збіраў разведвальную інфармацыю для Мінска і спрабаваў высветліць магчымыя планы расіян па адхіленні Лукашэнкі ад улады. У тым жа годзе ён распавёў пра сваю працу на КДБ Беларусі ў інтэрв’ю блогеру Уладзіміру Золкіну і Максіму Шабуцкаму.

Зязюльчык быў узяты ў палон украінскімі абаронцамі 19 верасня 2022 года. Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева ў студзені 2023 года прысудзіў яго да 10 гадоў пазбаўлення волі за наёмніцтва (ч. 4 арт. 447 КК Украіны).

Фотаздымак: Правабарончы цэнтр “Вясна”

У Шклоўскую калонію змясцілі беларуса-найміта, што ваяваў супраць Украіны

Вызвалены ў межах абмену з украінскага палону беларускі грамадзянін Максім Зязюльчык асуджаны ў Беларусі за найміцтва.

Як піша праваабарончая арганізацыя dissidentby, Украіна ў межах абмену ў 2024 годзе перадала Расіі грамадзяніна Беларусі Максіма Зязюльчыка, які ваяваў на баку РФ у складзе прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут». У палоне ён знаходзіўся з верасня 2022 года. Раней ва Украіне Зязюльчыка асудзілі як найміта да 10 гадоў пазбаўлення волі. 

У спіс для абмену з Расіяй палоннымі Максім Зязюльчык трапіў яшчэ вясной 2023-га. Зянон Пазняк прапаноўваў абмяняць яго на беларускіх палітвязняў. “Мне вельмі прыемна, што мяне не пакінулі на варагуючай тэрыторыі” – сказаў Зязюльчык пасля перадачы расіянам.

Пасля вяртання з палону і пры перасячэнні мяжы Беларусі ўвосень 2024 года Зязюльчыка затрымалі. У Беларусі ён быў асуджаны паводле арт. 356 (здрада дзяржаве) і 133 (найміцтва) Крымінальнага кодэксу. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, а сама крымінальная справа засакрэчаная. Правааабронцам вядома, што прысуд склаў не менш за 10 гадоў пазбаўлення волі. Яго накіравалі адбываць пакаранне ў папраўчую калоні №17 у Шклоў.

Максім Зязюльчык – ураджэнец Рудзенска, што ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. На пачатак поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны ён служыў у Беларусі ў войску па кантракце. Пра ЧВК «Рэдут» даведаўся ад камандзіра сваёй часткі і ў ліпені 2022 года паехаў у Тамбоў, дзе завербаваўся. Пасля трохдзённай падрыхтоўкі яго накіравалі ва Украіну. 19 верасня 2022 года Зезюльчык атрымаў раненне ў нагу і трапіў у палон. Украінскі бок заяўляў, што ён можа быць агентам КДБ.

Расійскі рух «Ветэраны Расіі» звярнуўся да беларускага дыктатара з просьбай аб памілаванні Зязюльчыка, называючы яго «добраахвотнікам СВА» і падкрэсліваючы, што ён нібыта выконваў абавязкі інструктара па медыцынскай падрыхтоўцы і быў узнагароджаны расійскім медалём «За адвагу». Амбасада РФ у Беларусі заявіла, што магчымасці “абароны” абмежаваныя яго грамадзянствам РБ, але яно будзе дамагацца зняцця абвінавачання па артыкуле «найміцтва».

Фотаздымак: Тэлеграм-канал СБУ