Маці асуджанага ў Магілёве расійскага наёмніка просіць памілаваць яго

Грамадзянка Беларусі Ала Рысевец запісала відэа з просьбай да Лукашэнкі аб памілаванні яе сына, якога Магілёўскі аблсуд асудзіў за “здраду дзяржаве”.

Жанчына апублікавала ў ТікТок відэазварот з просьбай даць яе сыну Максіму Зязюльчыку магчымасць падаць хадайніцтва аб памілаванні. Паводле яе, цяпер зрабіць гэта практычна немагчыма. Яна сцвярджае, што ў калоніі Зязюльчыка наўмысна прызналі «злосным парушальнікам рэжыму», пазбавілі часткі прадугледжаных умоў утрымання, а за спробы накіраваць зварот на імя Лукашэнкі яго змяшчалі ў штрафны ізалятар. Жанчына выказвае асцярогу, што і сам відэазварот можа негатыўна паўплываць на ўмовы ўтрымання яе сына.

Упершыню публічна агучваючы прысуд, Рысевец паведаміла, што Максіма Зязюльчыка асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса Беларусі – «здрада дзяржаве». Яна таксама адзначыла, што яе сын ваяваў на баку Расіі, быў узнагароджаны медалём «За адвагу» і прадстаўлены да ордэна Мужнасці. Пры гэтым, паводле праваабаронцаў, Зязюльчыка судзілі на тым жа працэсе ў Магілёве яшчэ і за наёмніцтва.

Паводле сцвярджэнняў маці, у палоне ва Украіне Зязюльчык правёў каля паўтара года. Яна кажа, што там ён падвяргаўся катаванням, збіццю, галадоўцы і не атрымліваў належнай медыцынскай дапамогі. Пры гэтым, як сцвярджае Рысевец, у Беларусі яму ў той час не аказалі падтрымкі.

Максім Зязюльчык – грамадзянін Беларусі і расійскі наёмнік, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у складзе расійскай прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут». У 2022 годзе ён трапіў у палон, а пасля абмену ў лютым 2024-га быў перададзены Расіі. Пазней, восенню таго ж года, яго затрымалі пры перасячэнні расійска-беларускай мяжы. Суд над ім адбыўся 8 жніўня 2025 года ў Магілёўскім абласным судзе ў закрытым рэжыме.

Паводле Правабарончага цэнтру “Вясна”, Зязюльчык зараз адбывае пакаранне ў калоніі №17 у Шклове. 

У лютым 2023 года СБУ паведаміла, што Зязюльчык з’яўляецца супрацоўнікам КДБ, які збіраў разведвальную інфармацыю для Мінска і спрабаваў высветліць магчымыя планы расіян па адхіленні Лукашэнкі ад улады. У тым жа годзе ён распавёў пра сваю працу на КДБ Беларусі ў інтэрв’ю блогеру Уладзіміру Золкіну і Максіму Шабуцкаму.

Зязюльчык быў узяты ў палон украінскімі абаронцамі 19 верасня 2022 года. Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева ў студзені 2023 года прысудзіў яго да 10 гадоў пазбаўлення волі за наёмніцтва (ч. 4 арт. 447 КК Украіны).

Фотаздымак: Правабарончы цэнтр “Вясна”

Палітзняволены гісторык Ігар Мельнікаў, родам з Бабруйска, выйшаў на волю

Асуджаны на чатыры гады гісторык Ігар Мельнікаў, выйшаў на волю раней тэрміна, магчыма, па памілаванні.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Мельнікаў выйшаў з калоніі 2 ліпеня. Асуджаны ён быў у верасні 2024 года.

Ігара Мельнікава затрымалі ў студзені 2024 года ў той жа час, калі адбылася аблава на салідарных з палітвязнямі.

Суд над ім пачаўся 10 верасня 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе. Як паведамляла пракуратура, Ігар Мельнікаў 26 студзеня 2022 года, знаходзячыся ў Польшчы, даў інтэрв’ю “Еўрарадыё”, якое раней было прызнанае “экстрэмісцкім фармаваннем”. 

Такім чынам яго абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле складала шэсць гадоў калоніі, мінімальнае – “хімія”. Пэўны час палітвязень утрымліваўся ў магілёўскай турме №4. 22 лістапада 2024 года быў унесены МУС у “спіс экстрэмістаў”.

Ігару Мельнікаву 44 гады. Родам ён з Бабруйска. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (2002) і Варшаўскі ўніверсітэт (2005). У 2011 годзе атрымаў ступень кандыдата гістарычных навук.

Як раней пісала «Наша ніва», Мельнікаў спецыялізаваўся на гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ды ваеннай гісторыі, выдаў паўтара дзясятка кніг па тэме.

У гісторыка была неадназначная рэпутацыя ў прафесійных колах. Ён пачынаў з заходнерусізму, адтуль пераскочыў у паланафільства, але ўрэшце прыйшоў у падкрэсленую беларускасць.

Фотаздымак: інстаграм І.Мельнікава