Палітзняволены гісторык Ігар Мельнікаў, родам з Бабруйска, выйшаў на волю

Асуджаны на чатыры гады гісторык Ігар Мельнікаў, выйшаў на волю раней тэрміна, магчыма, па памілаванні.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Мельнікаў выйшаў з калоніі 2 ліпеня. Асуджаны ён быў у верасні 2024 года.

Ігара Мельнікава затрымалі ў студзені 2024 года ў той жа час, калі адбылася аблава на салідарных з палітвязнямі.

Суд над ім пачаўся 10 верасня 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе. Як паведамляла пракуратура, Ігар Мельнікаў 26 студзеня 2022 года, знаходзячыся ў Польшчы, даў інтэрв’ю “Еўрарадыё”, якое раней было прызнанае “экстрэмісцкім фармаваннем”. 

Такім чынам яго абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле складала шэсць гадоў калоніі, мінімальнае – “хімія”. Пэўны час палітвязень утрымліваўся ў магілёўскай турме №4. 22 лістапада 2024 года быў унесены МУС у “спіс экстрэмістаў”.

Ігару Мельнікаву 44 гады. Родам ён з Бабруйска. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (2002) і Варшаўскі ўніверсітэт (2005). У 2011 годзе атрымаў ступень кандыдата гістарычных навук.

Як раней пісала «Наша ніва», Мельнікаў спецыялізаваўся на гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ды ваеннай гісторыі, выдаў паўтара дзясятка кніг па тэме.

У гісторыка была неадназначная рэпутацыя ў прафесійных колах. Ён пачынаў з заходнерусізму, адтуль пераскочыў у паланафільства, але ўрэшце прыйшоў у падкрэсленую беларускасць.

Фотаздымак: інстаграм І.Мельнікава

Кнігі бабруйскага гісторыка Ігара Мельнікава прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі”

Сам аўтар ужо шэсць месяцаў сядзіць у СІЗА. У час затрымання ён працаваў над кнігай пра міліцыянераў і чэкістаў.

Гісторык з Бабруйска Ігар Мельнікаў быў затрыманы ў студзені 2024 года. Доўгі час прычына яго затрымання не была вядомая, а нядаўна з’явілася інфармацыя, што 10 верасня яго пачнуць судзіць у Мінскім гарадскім судзе па ч. 1 арт. 361-4 КК – “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”.

23 жніўня суд Цэнтральнага раёна горада Мінска прыняў рашэнне аб уключэнні некалькіх кніг гісторыка ў спіс “экстрэмісцкіх” – піша Reform.news. Гэта наступныя выданні:

  • Нічыпарук П.К., Мельнікаў I. B. Адысея палешука / Павел Нічыпарук, Ігар Мельнікаў. — Мінск: «Альфа-кніга», 2017. — 328 с.;
  • Мельнікаў, I. B. Забыты корпус: гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919-1920 гадах / Ігар Мельнікаў — Мінск: «Альфа-кніга», 2018. — 224 с.;
  • Мельнiкаў, I.B. На «мяжы цывілізацый». Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардона ў Беларусі / Ігар Мельнiкаў. — Мінск: «Альфа-кніга», 2020. — 352 с.

Ігар Мельнікаў займаецца вывучэннем гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ў міжваенны час, а таксама ваеннай гісторыяй. У той час, калі адбылося яго затрыманне, ён працаваў над кнігай «Прыступіць да ліквідацыі». 

Па словах гісторыка, яна мусіла распавядаць пра «гісторыю барацьбы савецкіх міліцыянераў і чэкістаў супраць былых нацысцкіх памагатых і калабарацыяністаў… [і ўтрымліваць] унікальныя факты пра здраднікаў з батальёна «Дальвіц», паліцыяў і іншых памагатых нацыстаў, якія не давалі вярнуць мірнае жыццё ў БССР».

Фота з сацыяльных сетак Ігара Мельнікава.